Валянцін Паўлавіч Таўлай
Валянцін Паўлавіч Таўла́й[2][3] (псеўд.: Усяслаў Барвінец, Янка Бунтар, Васіль, Ілюк Прышчэпа (з Я. Брылём), Паўлюк Сірата, В. Тарскі і інш.; 8 лютага (26 студзеня) 1914, Баранавічы — 27 красавіка 1947, Мінск) — беларускі паэт, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч.
Валянцін Паўлавіч Таўлай | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 8 лютага 1914[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 красавіка 1947[1] (33 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Галіна Валянцінаўна Таўлай |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | літаратуразнавец, перакладчык, паэт, журналіст, літаратурны крытык, літаратар |
Гады творчасці | з 1928 |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфічныя звесткі
правіцьНарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. Вучыўся ў польскай школе ў Лідзе, у той перыяд ён напісаў свой першы верш — «Верабейкі» («Wrobelki», на польскай мове)[4].
Навучаўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, у 1925 годзе выключаны за адмову запісацца палякам. У 1927—1929 гадах вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, у лютым 1928 года за ўдзел у арганізацыі вучнёўскай забастоўкі выключаны, пад паліцэйскім канвоем адпраўлены да бацькоў. За падпольную камсамольскую дзейнасць арыштаваны 28.8.1929, знаходзіўся ў зняволенні ў Слонімскай і Гродзенскай турмах (1929—1930).
З кастрычніка 1930 года ў БССР. У 1930—1932 гадах працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся на газетным аддзяленні літаратурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У снежні 1932 года В. П. Таўлай накіраваны на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Член Цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ ў Варшаве, адзін з фактычных рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку «Літаратурная старонка» — легальных неафіцыйных органаў КПЗБ у Вільні. Прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. У снежні 1933 адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. Арыштаваны 4 студзеня 1934 года пры спробе пераходу польска-савецкай мяжы. Змешчаны ў турму ў Вілейцы[5]. Асуджаны на 8 гадоў турмы; змешчаны ў Гродзенскі астрог.
У верасні 1939 года вызвалены з турмы Чырвонай Арміяй. У 1939—1941 гадах працаваў у лідскай раённай газеце «Уперад». Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1941 года.
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р. Катоўскага брыгады імя Ф. Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння (1942—1944), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік» (студзень — ліпень 1944). У верасні 1943 года арыштаваны СД у Лідзе, вызвалены з дапамогай беларускіх паэтаў, палітычных і ваенных дзеячаў[6].
З канца лета 1944 года — адказны сакратар навагрудскай раённай газеты «Звязда». У 1945—1947 гадах — старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы.
Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.
Творчасць
правіцьДрукавацца пачаў у 1928 годзе (газета «Сіла працы», Вільня). Як паэт-рэвалюцыянер фарміраваўся ў камуністычным падполлі (паэма «Непераможная» выдадзена на шапірографе, Вільня, 1928). У першым пасмяротным зборніку «Выбранае» (1947) змешчаны палымяныя паэтычныя цыклы астрожных вершаў («Лукішскія вершы», «Таварышу маёй вясны», «Бацьку») і паэм («Таварыш», «Песня пра сухар»). Раскрыў мужнае аблічча рэвалюцыянера 1930-х гадоў, характэрныя рысы якога — глыбокае лірычнае перажыванне і ўнутраная гатоўнасць высокага ахвяравання, асэнсаванне сутнасці пройдзеных змагарных шляхоў і барацьбы як усечалавечай праблемы разняволення свету, абнаўлення жыцця. Над паглыбленнем зместу вершаў і паэм працаваў усё творчае жьшцё, даводзячы іх да гранічнай мастацкай дасканаласці. Эстэтычны набытак В. Таўлая ўзнімаецца на ўзровень рэвалюцыйнай паэзіі свету[2].
Аўтар публіцыстычных нарысаў пра рэвалюцыйна-вызваленчую і антыфашысцкую барацьбу. Пісаў літаратурна-крытычныя (пра творчасць Я. Купалы, П. Пестрака, Я. Брыля). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Міцкевіча, І. Крылова і інш.
Ушанаванне памяці
правіцьЯго імем названы вуліцы ў Баранавічах, Гродне, Лідзе і ў Маладзечне[7], бібліятэка ў горадзе Баранавічы[8].
У 1965 годзе ў Лідзе на доме, у якім у 1939—1941 гадах жыў Валянцін Таўлай, усталявана мемарыяльная дошка[9] У гонар Валянціна Таўлая на будынку рэдакцыі «Лідскай газеты» ў 2014 годзе ўрачыста адкрыта памятная дошка, зробленая па праекце мясцовага скульптара Рычарда Грушы[4].
У 2014 годзе беларускай поштай выпушчаны канверт, прысвечаны Валянціну Таўлаю.
Сям’я
правіцьДачка Галіна Валянцінаўна Таўлай (нар. 1946), этнамузыколаг.
Выбраная бібліяграфія
правіць- Вершы і паэмы. — Мн., 1955.
- Выбраныя творы. — Мн., 1958.
- Творы. — Мн., 1961.
- Аўтабіяграфія // Пра час і пра сябе. — Мн., 1966.
- Выбр. вершы і паэмы. — Мн., 1967.
- Пілую вершам краты. — Мн., 1984.
Крыніцы
правіць- ↑ а б Library of Congress Authorities — Library of Congress. Праверана 13 жніўня 2024.
- ↑ а б БелЭн 2002.
- ↑ ЭГБ 2001.
- ↑ а б lidanews.by
- ↑ Тайны муроў Вілейскай турмы Архівавана 11 лістапада 2013.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Маракоў 2003
- ↑ [1] Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 сакавіка 2024. Праверана 11 сакавіка 2024.
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць /АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1986.
Літаратура
правіць- Арочка М. М. Таўла́й Валянцін Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 459. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Калеснік У. Аповесць пра Таўлая // Полымя. 1964, № 10; 1965, № 8—9.
- Арочка М. Валянцін Таўлай. — Мн., 1969.
- Валянцін Таўлай: Дакументы, успаміны, артыкулы. — Мн., 1984.
- Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. — Мн., 1995. — Т. 6.
- Валянцін Таўлай // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 538—539. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Таўла́й Валянцін Паўлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 513. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал. В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004.
Спасылкі
правіцьВалянцін Паўлавіч Таўлай у Вікікрыніцах | |
Валянцін Паўлавіч Таўлай на Вікісховішчы |