Мы, беларусы

Гімн Беларусі
(Пасля перасылкі з Дзяржаўны гімн Беларусі)

Гімн Беларусі — адзін з сімвалаў Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы. Музыку гімна Беларусі напісаў Несцер Сакалоўскі. У 1955 годзе яго музычная кампазіцыя была зацверджана для гімна Беларускай ССР. Тэкст, напісаны Міхасём Клімковічам, пачынаўся са слоў Мы, беларусы, як і цяперашні. У 2002 годзе Уладзімір Карызна перапрацаваў верш Клімковіча: прыбраў спасылкі на Расію, Леніна і камуністычную партыю.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Першая старонка нот гімна Беларусі.
Першая старонка нот гімна Беларусі.
Аўтар слоў М. М. Клімковіч, 1955
Уладзімір Карызна, 2002
Кампазітар Нестар Сакалоўскі, 1944
Краіна Сцяг Беларусі Рэспубліка Беларусь
Зацверджаны 24 верасня 1955 (музыка)
2 ліпеня 2002 (словы)

Гісторыя

правіць

Неафіцыйныя гімны

правіць

У пачатку ХХ стагоддзя неафіцыйным гімнам — сімвалам адраджэння Беларусі — быў Беларускі гімн. Гэта быў верш А хто там ідзе? Янкі Купалы, да якога Людамір Міхал Рагоўскі напісаў музыку. У дваццатыя гады гімнам лічылася песня з 1919 году Мы выйдзем шчыльнымі радамі паэта Макара Краўцова і кампазітара Уладзіміра Тэраўскага. Гімн быў шырока распаўсюджаны ў Заходняй Беларусі. Спявалі яго таксама падчас нямецкай акупацыі. Па сённяшні дзень застаецца гімнам беларусаў — прыхільнікаў урада Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. У 1943 годзе Наталля Арсеннева напісала ўзвышаны верш-малітву Магутны Божа, чатыры гады пазней Мікола Равенскі стварыў для яго музыку. Песня стала рэлігійным і патрыятычным гімнам, які спяваецца на заканчэнне нацыянальна-культурных мерапрыемстваў[1].

Гімн БССР

правіць

У міжваенны перыяд, з 1922 года, афіцыйным гімнам Беларусі быў Інтэрнацыянал, перакладзены на рускую мову і абавязковы ва ўсім Савецкім Саюзе. У 1943 годзе, калі міжнародная абстаноўка прымусіла Іосіфа Сталіна да зменаў ідэалагічнай асновы з мэтай умацавання супрацоўніцтва з саюзнікамі супраць нацысцкай Германіі, было прынята рашэнне стварыць новы гімн Савецкага Саюзу, які быў зацверджаны 15 сакавіка 1944 года[2].

У красавіку 1944 года ў Маскве пачаліся працы над стварэннем гімнаў рэспублік Савецкага Саюза, у тым ліку і БССР. 9 красавіка 1945 года ў Мінску быў праведзены конкурс, у якім удзельнічала адзінаццаць паэтаў і чатырнаццаць кампазітараў[3]. Перамагла песня Шуміць наша слава кампазітара Анатоля Багатырова і паэтаў Кандрата Крапівы і Пятруся Броўкі[4]. Нягледзячы на перамогу, песня не атрымала статус нацыянальнага гімна БССР[5].

Першая версія песні Мы — беларусы ў кампазіцыі Несцера Сакалоўскага на словы Міхаіла Клімковіча, напісаная ў 1944 годзе, таксама была прадстаўлена на разгляд журы, аднак не прайшла ў фінал спаборніцтваў, імаверна, з дзвюх прычын: Міхаіл Клімковіч афіцыйна не ўдзельнічаў у працах над стварэннем нацыянальнага гімну, таму што знаходзіўся на акупаванай немцамі тэрыторыі, а Несцер Сакалоўскі — хоць быў таленавітым кампазітарам — ня меў вышэйшай музычнай адукацыі. У 1949 годзе кампазітар стварыў другі варыянт мелодыі песні.

Праца над устанаўленнем гімна БССР трывала амаль дзесяцігоддзе. 24 верасня 1955 года Прэзідыум Вярхоўнага Савету БССР зацвердзіў тэкст і музыку гімна рэспублікі. У 1956 годзе спецыяльная камісія цалкам перарабіла тэкст, прыбраўшы з яго згадкі пра Сталіна.

Гімн Рэспублікі Беларусь

правіць

Пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1991 годзе беларускі ўрад не адразу зацвердзіў новы дзяржаўны гімн, хоць у 1991—1992 гадах аўтар гімнаў некалькіх гарадоў і арганізацый Беларусі, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, Ігар Лучанок, прапанаваў на гімн песню Радзіма Беларусь, якую напісаў з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком[6]. Улада тлумачыла, што патрэбны час, неабходны для нармалізацыі новага парадку і вызначэння кірунку развіцця дзяржавы[7]. У гэтым перыядзе выкарыстоўваўся нацыянальны гімн савецкай эпохі ў выкананні інструментальным[8].

Конкурс на новы гімн Беларусі быў абвешчаны 3 студзеня 2002 года. Да журы ўвайшлі міністры культуры і інфармацыі, прадстаўнікі парламента, навукоўцы, дзяржаўныя служачыя, музыканты і кампазітары. Старшынёй журы быў віцэ-прэм’ер-міністр Уладзімір Дражын. Падчас нарадаў прэзідэнт Саюза беларускіх пісьменнікаў, Вольга Іпатава, выказала меркаванне, што пераважыць музыка гімна БССР, а словы папярэдняга гімна будуць «пераніцованыя»[9]. Першапачаткова з прапановамі перарабіць тэкст гімна БССР звярнуліся да сваякоў Міхася Клімковіча, але яны выступілі катэгарычна супраць[10].

7-9 чэрвеня 2002 года дзяржаўныя СМІ трансліравалі па некалькі разоў у дзень пяць патэнцыйных гімнаў Беларусі[9]: Радзіма мая дарагая паэта Алеся Бачылы і кампазітара Уладзіміра Алоўнікава, Гімн Жыве Беларусь! (Красуй, Беларусь!) паэта Леаніда Пранчака і кампазітара Васіля Раінчыка і тры ўтворы паэтаў Дзмітрыя Марозава, Івана Карэнды і Уладзіміра Карызны. Апошні перапісаў текст гімна БССР, пакінуўшы з яго ў сваёй працы некалькі радкоў.

Падчас трансляцыі ў СМІ пяці выбраных утвораў праводзілася інтэрактыўнае апытанне[11]. На працягу трох дзён прагаласавала больш за 118 тысяч чалавек, з якіх больш за 50 тысяч выбрала Мы — беларусы[12]. 10 чэрвеня 2002 года камісія абвясціла пераможцу конкурсу[11]. Камісія прыйшла да высновы, што музыка да гімна, напісаная Несцерам Сакалоўскім у 1955 годзе, лепш за ўсё адлюстроўвае гістарычную пераемнасць беларускага народа[12], карыстаецца папулярнасцю і павагай некалькіх пакаленняў беларусаў[13]. Лепшым быў прызнаны тэкст, прадстаўлены У. Карызнам, які перапрацаваў верш да гімна БССР, але яго тэкст адлюстроўваў новыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя аспекты развіцця Беларусі, падкрэсліваў патрыятызм і працавітасць яе грамадзян і дружбу паміж народамі[3].

2 ліпеня 2002 года гімн быў ухвалены прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля зацвярджэння дзяржаўнага гімна Беларусі Міністэрства адукацыі пераслала да школ і ўніверсітэтаў рэкамендацыі, як перадаваць веды пра дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Вучні і студэнты на пазакласных занятках павінны асвоіць афіцыйныя веды аб нацыянальным гімне, які музыкай і словамі прадстаўлае дзяржаўную ідэалогію, адносіцца да гісторыі і палітычнай сістэмы, адлюстроўвае мэты рэспублікі, асноўныя характарыстыкі нацыі і яе вартасці[14].

Прававая аснова

правіць

Канстытуцыя Беларусі

правіць

У адпаведнасці з 19 артыкулам I раздзела Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн[15].

Указ ад 2 ліпеня 2002 года

правіць

2 ліпеня 2002 года ўказам «Аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка падпісаў «Палажэнне аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь». Згодна з дакументам гімн з’яўляецца музычна-паэтычным творам, які выконваецца ў наступных варыянтах: аркестровым, харавым, аркестровым і харавым, ці іншым вакальным ці інструментальным. Гімн можна прайграваць з відэа- і аўдыё-носьбітаў, па радыё і тэлебачанні. У кожным выпадку гімн павінен выконвацца ў адпаведнасці з зацверджанымі тэкстам і музычнай рэдакцыяй.

Гімн Беларусі выконваецца ў наступных выпадках: падчас цырымоніі ўступлення на пасаду прэзідэнта — пасля прысягі, на адкрыцці і закрыцці сесій Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падчас ўзняцця сцяга і іншых мерапрыемстваў дзяржаўнага ўзроўню. Згодна з дыпламатычным пратаколам гімн выконваецца падчас прывітання і развітання кіраўнікоў дзяржаў, якія наведваюць краіну з афіцыйным візітам, афіцыйных прадстаўнікоў замежжа, кіраўнікоў міждзяржаўных і міжурадавых арганізацый. Згодна з агульнавайсковымі і статутамі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь гімн выконваецца пры правядзенні вайсковых рытуалаў. Можна прайграць гімн падчас цырымоніі адкрыцця помнікаў і мемарыяльных дошак, прысвечаных важным падзеям у гісторыі Беларусі, а таксама ў гонар вядомых дзяржаўных, палітычных, сацыяльных і ваенных, нацыянальных герояў, актывістаў, дзеячаў навукі і культуры; падчас адкрыцця і закрыцця ўрачыстых сходаў, прысвечаных дзяржаўным святам, пасяджэння дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання і іншых арганізацый. Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь трансліруецца кожны дзень у шэсць раніцы і апоўначы на дзяржаўным радыё і тэлебачанні. Падчас удзелу Рэспублікі Беларусь у афіцыйных мерапрыемствах за мяжой гімн Беларусі выконваецца ў адпаведнасці з правіламі, усталяванымі — з улікам традыцый дзяржавы — беларускім Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе праходзіць цырымонія. Падчас міжнародных спартыўных спаборніцтваў, арганізаваных у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой, гімн выконваецца ў адпаведнасці з правіламі, усталяванымі спартыўнымі арганізацыямі. Падчас афіцыйных выкананняў гімна прысутныя павінны слухаюць яго стоячы, а мужчыны — без галаўных убораў. Невыкананне Палажэння з’яўляецца абразай нацыянальнага гімна і караецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь[16].

Закон ад 17 мая 2011 года

правіць

У адпаведнасці з 1 параграфам 7 артыкула Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» гімн не з’яўляецца аб’ектамі аўтарскага права[17].

Гімн Беларусі

правіць

У першай страфе гімна калектыўны суб’ект — беларусы — прадстаўляецца мірнай супольнасцю, адданай радзіме, прыязнай, настойлівай, працавітай і вольнай. Другая страфа адносіцца да мінулага краіны: успамінаюцца выйграныя бітвы за свабоду і мірнае жыццё беларусаў. Апошняя страфа — гэта імператыў — дружба народаў, якая дае сілу. Гімн заканчваецца апастрофай да пераможнага штандара радасці, які павінен з гонарам узвіцца ў высі. Строфы раздзяляе прыпеў. Гэта зварот да Радзімы, які праслаўляе яе імя, братэрскі саюз народаў і жадае ёй росквіту і вечнай трываласці.

Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя…

Дружба народаў — сіла народаў —
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны — радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя…

Крытычня водгукі

правіць

Ігар Лучанок знайшоў чатыры памылкі ў тэксце гімна: моўную, дзве арфаграфічныя і паэтычную. Лінгвістычная памылка заключаецца ў выкарыстанні ў беларускім тэксце рускага слова «імя» з націскам на першы склад. Па-беларуску націск павінен падаць на апошні склад. Арфаграфічныя памылкі — гэта няправільнае прымяненне літары Ўў: Ў бітвах за волю, ў бітвах за долю. У адпаведнасці з беларускай арфаграфіяй Ўў не можна пісаць пасля зычных, косак і на пачатку сказу. У абодвух выпадках перад Ўў знаходзіцца коска. Гэтыя памылкі былі выпраўлены перад зацвярджэннем гімна Рэспублікі Беларусь: У бітвах за волю, бітвах за долю. Апошняя памылка датычыцца правілаў вершаскладання. Кожны другі радок трох строф верша мае па дзевяць складоў за выключэннем радка Сэр-цам ад-да-ны-я род-най зям-лі, які складаецца з дзесяці складоў[6].

Паводле музыказнаўцы Кірыла Насаева гімн Беларусі састарэлы. Абраны ў конкурсе тэкставы варыянт несумяшчальны з мелодыяй, словы цяжка вывучыць. Беларускі гімн пазбаўлены энергіі і гонару быцця беларусам, няма ў ім важнага спалучэння паэзіі з барацьбой. Як сімвал дзяржавы і нацыі не дасягнуў мэты — не стаўся эмацыянальным слупам ідэі. Краіна падзелена, і ў выпадку небяспекі гімн не аб’яднае беларускае грамадства. Сярод кандыдатаў на гімн лепшым рашэннем быў бы Гімн Жыве Беларусь !, прапанаваны Леанідам Пранчаком і Васілём Раінчыкам. Ментальна, з пункту гледжання мелодыі і слоў, беларусам бліжэйшая песня Радзіма мая дарагая Алеся Бачылы і Уладзіміра Алоўнікава[18][19].

Кампазітар Андрэй Фралоў лічыць, што абраны тэкст новага гімна складаецца з камбінацыі вядомых словаў, гэта нейкія загаворы пра свабоду і іншыя, нібыта агульначалавечыя, каштоўнасці. На яго думку, няшчырая і напышлівыя музыка Сакалоўскага нагадвае савецкі перыяд у гісторыі Беларусі. Разам са сцягам і гербам дзяржавы гімн становіць адно цэлае, якое непасрэдна адносіцца да камуністычнага мінулага Беларусі[11]. Амерыканская арганізацыя Freedom House, у сваім дакладзе 2003 года таксама негатыўна адняслася да зацвяржэння гімна, як да часткі працэсу аднаўлення савецкай сімволікі і барацьбы з сімволікай незалежнай[20].

Унук аўтара словаў гімна БССР Максім Клімковіч выказаў меркаванне, што было нельга перапісваць тэкст за нябожчыка Міхася Клімковіча. Таму назваў новы, перароблены Уладзімірам Карызнам тэкст, — «некарэктным», сам гімн — «пераходным», ды выказаўся за прыняцце іншага Дзяржаўнага гімна[10].

Крыніцы

правіць
  1. З. Пазняк, Беларускія гімны, «Старонкі гісторыі» 23 (2005) nr 3.
  2. И. И. Кондрашин, В. Н. Пономарёв, О Государственном гимне России, у: Памятка гражданина России.
  3. а б В. Скалабан, С. Крапивин, Гимн, раскрывшиися в оттепель, «Советская Белоруссия» 13.09.2005.
  4. В. Скалабан, Когда авторы будут вскрыты…, «Советская Белоруссия» 06.01.2001.
  5. Почему создание и утверждение Государственного гимна БССР растянулось на 11 лет Архівавана 26 ліпеня 2019. // TUT.BY 24 октября 2015.
  6. а б И. Лученок, В Государственном гимне Беларуси четыре ошибки!, news.21.by.
  7. Некоторые аспекты гражданско-патриотического воспитания в условиях сельского социума, ред. С. А. Хвалько, Жуховичи 2010, с. 40-46.
  8. P. Kasaty, The National Anthem of Belarus Архівавана 12 кастрычніка 2008., A Belarus Miscellany.
  9. а б Е. Данейко, Перелицовка, «Известия» 07.06.2002.
  10. а б Максім Клімковіч: Павінен быць іншы гімн(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 сакавіка 2017. Праверана 9 мая 2016.
  11. а б в А. Фролов, Старая мелодия Государственного гимна с новыми словами вполне соответствуют переживаемому страной трагическому периоду отечественной истории, «Ньюс-Релиз» 11.06.2002.
  12. а б Л. Маслюкова, Конкурс гимна: решающее мнение, «Советская Белоруссия» 12.06.2002.
  13. Государственные символы Архівавана 29 сакавіка 2014., Belarus.by.
  14. Рекомендации по использованию государственной символики в учреждениях образования 15 июля 2013 г.(недаступная спасылка), Национальный Институт Образования.
  15. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 27 лістапада 1996 г., Раздзел I, Асновы канстытуцыйнага ладу, Артыкул 19.
  16. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 02.07.2002 № 350 «Аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь».
  17. Закон Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах» Архівавана 5 мая 2014..
  18. К. Насаеў, А. Воршыч, У гэтым гімне няма крыві, «Наша Ніва» 05.07.2002.
  19. К. Насаеў, П. Касцюкевіч, «Мы, беларусы» — занадта памяркоўная мелодыя, «Наша Ніва», 17.02.2010.
  20. Country Report of Belarus Архівавана 3 сакавіка 2016., Freedom House, с. 125.

Літаратура

правіць
Прававыя крыніцы
Даследаванні