Дзівін
Дзі́він, сустракаюцца таксама варыянты Ды́він, Дывы́н, Дывэ́н[1] (трансліт.: Dzivin, руск.: Дивин) — аграгарадок у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, каля возера Любань. Адміністрацыйны цэнтр Дзівінскага сельсавета. Насельніцтва 3532 чал. (2005).
Аграгарадок
Дзівін
| ||||||||||||||||||||||||||
Знаходзіцца за 33 км на паўднёвы ўсход ад Кобрына, за 78 км ад Брэста. Аўтамабільныя дарогі на Брэст і Драгічын.
НазваПравіць
На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Дзівін» утварыўся ад асноваў «дзівіцца», «дзіва» ў значэнні цуд[2]. Цяперашняя афіцыйная назва паселішча — Дзі́він[3], аднак мясцовыя жыхары ўжываюць традыцыйнаую назву Дывы́н.
ГісторыяПравіць
Вялікае Княства ЛітоўскаеПравіць
Першы пісьмовы ўспамін пра Дзівін датуецца 1466 годам. Пад 1546 ён згадваецца як мястэчка, цэнтр воласці Берасцейскага павета. З 1566 — цэнтр Дзівінскага войтаўства і Палескай воласці. Паводле рэестра ў гэты час у мястэчку было 184 двары, рынак (квадратны ў плане) і 5 вуліц: Павіцкая (на в. Павіцце), Кобрынская, Берасцейская, Ратненская, Крывая[4]. На Кобрынскай вуліцы існавала Пятніцкая царква.
У 1642 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Дзівіну Магдэбургскае права. Станам на 1682 у мястэчку існавалі 2 грэка-каталіцкія царквы, касцёл, ратуша, 2 млыны, карчма. У 1776 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі скасаваў самакіраванне (у межах рэформ у Рэчы Паспалітай). Пад 1789 Дзівін згадваецца як горад, цэнтр ключа ў складзе Берасцейскай эканоміі. У гэты час існавала рыначная плошча, 4 вуліцы, 194 гаспадаркі (з іх 173 хрысціянскія).
Пад уладай Расійскай імперыіПравіць
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Дзівін апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні (з 1801). У 1797 царскія ўлады падаравалі мястэчка разам з яго жыхарамі П. Румянцаву-Задунайскаму.
Жыхары мястэчка, патрабуючы свайго пераводу ў мяшчане, звярталі ўвагу, што падчас правядзення валочнай памеры ў 1566 годзе гэтаму мястэчку было выдзелена 53 валокі зямлі (каля 1060 дзесяцін) і прадставілі прывілеі 1629, 1649, 1677, 1761 гадоў, паводле якіх жыхары Дзівіна лічыліся мяшчанамі, а зямля была аддадзена ім у вечнае валоданне. Расійскія ўлады рабілі захады, каб забраць арыгіналы прывілеяў у местачкоўцаў. Жыхары мястэчка скардзіліся, што кобрынская паліцыя «затрымала ў сябе арыгінал прывілея і іншыя дакументы дывінскіх мяшчан»[5]. У 1819 сяляне і местачкоўцы (больш за 200 двароў, 1000 жыхароў) адмовіліся выконваць павіннасці на карысць уладальніка да канчатковага разгляду справы аб іх вольнасці. 20 жніўня 1819 у Дзівін прыбыло 300 узброеных расійскіх салдат. Жыхары мястэчка вызвалілі арыштаваных. Улад вымусілі дазволіць местачкоўцам выбраць 10 прадстаўнікоў для перамоў. Асэсар Гродзенскага губернскага кіравання і кобрынскі земскі аканом у прысутнасці салдат зачыталі сялянам Указ губернскага кіравання, у якім яны прасілі ваеннай дапамогі ў губернатара і адзначалі, што духавенства падтрымлівае сялянскі пратэст. У 1862 годзе ў Дзівіне было адкрыта народнае вучылішча. Станам на 1878 тут існавалі 2 царквы, сінагога, праводзіліся 2 кірмашы. На 1886 — валасная ўправа, 3 царквы, сінагога, школа, 5 крам, заезны двор, 2 карчмы, праводзіліся 3 кірмашы. Каля мястэчка знаходзіўся маёнтак пана А. Ягміна, вятрак. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 3 цэрквы, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, народнае вучылішча, бальніца, валасная ўправа, пошта, 2 хлебазапасныя магазіны, 15 крам, алейня, 14 млыноў, карчма; 6 аднадзённых кірмашоў на год.
Найноўшы часПравіць
4 сакавіка 1918 урад Украінскай Народнай Рэспублікі абвясціў Дзівін сваёй часткай, адначасна ад 25 сакавіка мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесся зрабілася прадметам перагавораў паміж БНР і УНР[6]. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі Дзівін увайшоў у склад Беларускай ССР, у Кобрынскі павет («падраён») Брэсцкага раёна[7]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. Па стане на 1931 дзейнічалі яўрэйская бібліятэка, тэатральны і харавы гурткі.
У 1939 Дзівін увайшоў у БССР, дзе з 15 студзеня 1940 да 8 жніўня 1959 быў цэнтрам раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 працавалі пошта, 7-гадовая школа (400 вучняў), аптэка, бальніца з амбулаторыяй, ветэрынарны пункт, народны дом, 20 прыватных крам, хлебная крама і кнігарня, 2 маторныя млыны, 3 пякарні, бойня, рэстарацыя, шавецкая і кавальская арцелі, завод ахаладжальных напояў, маслазавод. У Другую сусветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 21 ліпеня 1944 Дзівін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1942 годзе ў гэтай вёсцы ўзнік першы атрад УПА[8]. Па стане на 1971 у вёсцы было 1407 будынкаў, на 2005 — 1460 двароў.
- Мястэчка на старых здымках
НасельніцтваПравіць

- 1789 — 872 чал.
- 1886 — 1644 чал.
- 1878 — 2490 чал. (1201 мужчына і 1289 жанчын), у тым ліку 998 яўрэяў[9]
- 1888 — 2516 чал.
- 1897 — 3796 чал.
- 1905 — 3967 чал.
- 1921 — 2299 чал.
- 1940 — 4187 чал.
- 1959 — 3489 чал.
- 1970 — 4677 чал.
- 1999 — 4293 чал.
- 2005 — 3532 чал.
ІнфраструктураПравіць
У Дзівіне дзейнічаюць дом культуры, клуб, 3 бібліятэкі, школа-інтэрнат, музычная, спартыўная і сярэдняя школы, 2 дзіцячыя сады, камбінат побытавага абслугоўвання, кавярня, 11 крам, бальніца, аптэка, ветэрынарная лячэбніца, пошта.
ЭканомікаПравіць
У вёсцы працуюць маслазавод, пякарня, філіял Кобрынскай мэблевай фабрыкі, аддзяленне «Сельгастэхнікі», 2 лясніцтвы
Турыстычная інфармацыяПравіць
СлавутасціПравіць
- Былая ўніяцкая, цяпер праваслаўная царква Св. Параскевы Пятніцы (1728—1740)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1902)
- Сувораўскі дуб, за 3 кіламетры на паўночны захад ад аграгарадка — батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Страчаная спадчынаПравіць
- Сінагога (XIX ст.)
Вядомыя ўраджэнцыПравіць
- Віталь Курашык (нар. 1939) — беларускі дыпламат.
- Уладзімір Вікенцьевіч Свідуновіч (нар. 1952) — беларускі архітэктар.
- Сяргей Феадосавіч Любчук (нар. 1940) — беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, кампазітар, Заслужаны работнік культуры БССР (1978)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ды́він, Дывы́н, Дывэ́н
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 99.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Дзівін // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна // рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с. ISBN 985-6302-44-7
- ↑ Соркіна, І. Мястэчкі Беларускага Палесся ў XIX — першай трэці XX стст. / Іна Соркіна // ARCHE Пачатак. — 2013. — № 4 (121). — С. 62. Са спасылкай на Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў Гродне. — Ф. 1. — Воп. 1. — Спр. 1355. — Арк. 5, 6, 8, 11, 12, 14, 69 адв.
- ↑ Валянціна Лебедзева. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) Архівавана 19 лістапада 2008. // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15.
- ↑ У якіх межах былі абвешчаны Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? Архівавана 12 снежня 2007. // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Ці заслугоўваюць помніка тыя, хто змагаўся супраць савецкай улады?(недаступная спасылка)
- ↑ Dywin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 258—259
ЛітаратураПравіць
- Дзівін // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна // рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с. ISBN 985-6302-44-7
- Dywin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 258—259
- Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VIII — Województwo Poleskie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1924
СпасылкіПравіць
Дзівін на Вікісховішчы |