Загародскія гаворкі

Загаро́дскія гаво́ркі, заходнепалеская група гаворак Беларусі (таксама брэсцка-пінскія гаворкі, палескія гаворкі, палеская група гаворак, заходнепалескія гаворкі Беларусі; укр.: Загородські говірки) — тэрмін, якім акрэсліваюць берасцейска-пінскія гаворкі заходнепалескіх гаворак (у паўднёва-заходніх раёнах Брэсцкай вобласці Беларусі). Супрацьпастаўляецца асноўнаму масіву дыялектаў беларускай мовы.

Тэрмін «загаро́дскія гаво́ркі» ўведзены ў навуковы зварот дыялектолагам Фёдарам Клімчуком у 1970-х гг. і ўтвораны ад назвы Загароддзе — гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і Загародскай раўніны.

Шэраг дыялектолагаў разглядае заходнепалескія гаворкі Беларусі як гаворкі ўкраінскай мовы, альбо як гаворкі, пераходныя ад беларускай да ўкраінскай мовы (на падставе вялікай колькасці фанетычных і граматычных рыс, падобных з рысамі паўночна-ўкраінскай гаворкі).

Ад асноўных беларускіх дыялектаў (паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга), а таксама ад сярэднебеларускіх гаворак заходнепалескія гаворкі Беларусі адрозніваюцца адсутнасцю акання; наяўнасцю цвёрдых зычных перад [е], [i]; пераходам /ê/ > [i] ва ўдарнай пазіцыі; наяўнасцю [i] на месцы /о/ і /е/ у закрытым складзе пад націскам; адсутнасцю дзекання і цекання і г.д.

На аснове заходнепалескіх гаворак Беларусі з канца 1980-х гг. адзначаліся спробы стварэння літаратурнай нормы (т. зв. заходнепалескай літаратурнай мікрамовы) з пісьменнасцю на кірыліцы. На аснове заходнепалескіх гаворак Польшчы (падляшскіх гаворак) сіламі энтузіястаў, пачынаючы з 2000-х гг., фармуецца адмысловая падляшская мікрамова (так званая «падляшская мова», або «свая мова») з пісьменнасцю на лацініцы.

Тэрыторыя правіць

 
Арэал пашырэння загародскіх (палескіх, заходнепалескіх) гаворак на Беларусі выдзелены жоўтым колерам

Заходнепалескія гаворкі на Беларусі лакалізуюцца ў Брэсцка-Пінскім Палессі. Арэал іх пашырэння на поўначы і ўсходзе абмяжоўваецца лініяй: на поўдзень ад Шарашова, Пружанаў, Бярозы, на поўнач ад Белаазёрска, на поўдзень ад Целяхан, на паўночны ўсход ад Лагішына і Пагоста Загародскага, на паўднёвы захад ад Лунінца, на ўсход ад Дубая, на паўночны ўсход ад Століна і Стругі.

Сучасная зона пашырэння заходнепалескіх гаворак у Беларусі займае паўднёвую частку сучаснай Брэсцкай вобласці ўздоўж граніцы з Украінаю, акрамя паўднёвага ўсходу вобласці, прыкладна да Лунінца на ўсход і да Пружан на поўнач. На «Этнаграфічнай карце беларускага племені», складзенай праф. Я. Ф. Карскім у 1903 р., гаворкі на гэтай тэрыторыі не аднесеныя да беларускіх.

Паўднёвая частка арэалу заходнепалескіх гаворак закранае паўночны захад Украіны. Паўднёвая мяжа заходнепалескіх гаворак украінскай мовы — гэта ўмоўная лінія паміж гарадамі Устылуг — Уладзімір — Луцк — Роўна (за 50 км на поўнач і поўдзень ад гэтай лініі знаходзяцца пераходныя гаворкі).

Гісторыя правіць

На фарміраванне дыялектнага ландшафту Заходняга Палесся аказалі ўплыў розныя фактары. На думку некаторых даследчыкаў, Заходняе Палессе з’яўлялася часткай славянскай прарадзімы або адной з зон старажытнай міграцыі праславян. Старажытнае славянскае насельніцтва гэтай вобласці было, відаць, цясней звязана з паўднёва-заходнімі славянскімі групамі, чым з усходнімі, паколькі старадаўняя мяжа ў зоне рассялення праславян праходзіла па рацэ Гарынь. Пазней гэта мяжа перамясцілася на Заходні Буг. У 2-й палове I тысячагоддзя н.э. археалагічныя комплексы Брэсцка-Пінскага і Валынскага Палесся не былі ні тыпова дрыгавіцкімі, ні тыпова валынянскімі, ні тыпова драўлянскімі. Не выключана, што тут знаходзілася асобнае ўсходнеславянскае племя.

Напэўна, на рубяжы VII—VIII стст. асноўныя групы мясцовага насельніцтва Заходняга Палесся ўвайшлі ў валынянскі саюз. 3 канца X ст. узмацняецца дрыгавіцкі ўплыў, асабліва ў паўночна-заходняй частцы рэгіёна. 3 X ст. мелі месца перасяленні асобных груп ятвягаў з паўночнага захаду. Відаць, быў прыліў насельніцтва з Валыні ў XIII—XV стст.

 
Родная мова насельніцтва Беларусі і Літвы («Паўночна-Заходняга края» Расійскай імперыі) паводле ўсеагульнага перапісу ад 1897 г. (колер павета азначае дамінуючую (у працэнтных адносінах) родную мову насельніцтва ў павеце)

Сучасныя дыялектныя тыпы заходнепалескіх гаворак, магчыма, адлюстроўваюць пэўныя моўныя асаблівасці старых міграцыйных рухаў. Наклалі адбітак на дыялектны ландшафт Заходняга Палесся і пазнейшыя дзяржаўныя і адміністрацыйныя межы.

Верагодна, не выпадкова мяжа паміж заходне- і ўсходнезагародскай дыялектнымі зонамі супадае з мяжой паміж сярэдневяковымі Берасцейскай і Пінскай землямі, мяжа радастаўскай мікразоны — з участкам літоўска-польскай граніцы ў XIV—XVIII ст., мяжа сярэднепагарынскіх гаворак — з мяжой Дубровіцкага княства ў XII—XV ст.

Асаблівасці загародскіх гаворак правіць

 
«Этнографическая карта белорусского племени» (праф. Я. Ф. Карскі, 1903)

Гаворкі паўднёва-заходняй Беларусі па фанетычных і лексічных характарыстыках набліжаюцца да суседніх валынска-палескіх гаворак украінскай мовы. На беларускіх дыялектных картах іх у асноўным вылучаюць у асобную «палескую групу гаворак» беларускай мовы[1], у той час як ва ўкраінскіх крыніцах іх часта называюць берасцейска-пінскімі гаворкамі ўкраінскай мовы (а іх носьбітаў адпаведна залічваюць да «ўкраінцаў Берасцейшчыны»[2]). Пры правядзенні перапісаў насельніцтва ў XIX—XX стагоддзях у Расійскай імперыі, міжваеннай Польшчы і СССР кожным разам выкарыстоўваліся іншыя падыходы да ідэнтыфікацыі заходніх палешукоў: у матэрыялах розных перапісаў яны фігуруюць як «малорусы», «белорусы», «русские», «тутэйшыя» і іншыя. Пад час перапісаў, якія праводзіліся ў другой палавіне XX ст., заходнія палешукі Берасцейшчыны ідэнтыфікаваліся пераважна як беларусы[3].

У палескіх гаворках зберагліся пэўныя архаічныя элементы. Вядомы ўкраінскі славіст Юрый Шавялёў  (укр.) так акрэсліў характар фарміравання палескай дыялектнай зоны: «Уласна з прычыны паступовага пашырэння „літоўскіх“, па сутнасці протабеларускіх рысаў і іннавацый, з аднаго боку, і кіева-падольска-галіцкіх, з другога, тэрыторыя Кіева-Палескага рэгіёна звужалася, і з поўдня і з поўначы адбывалася размыванне палескага ядра. Калі факт уваходжання ў протабеларускую мову на поўначы і ў протаўкраінскую мову на поўдні стаў відавочным, у асяродку палескіх гаворак узнік тэрмін-самаазначэнне „тутэйшыя“, гэта значыць тыя, што „тут“ спрадвеку і супраціўляюцца абодвум экспансіям — з поўначы і з поўдня»[4].

Характэрнае адрозненне вымаўлення ў заходнепалескіх гаворках ад астатніх рэгіёнаў Беларусі — «д» і «т» на месцы «дзь» і «ць»: «дэнь», «будэ (будыть)», «зять (зеть)», «ходыты» замест «дзень», «будзе», «зяць», «хадзіць».

Галоўныя асаблівасці заходнепалескіх гаворак:

  • оканне (молоко, голова, здоровый),
  • вымаўленне на меcцы е пад націскам галоснага і (б’ілый, с’іно, на ноз’і, л’іс),
  • цвёрдасць губных і пярэднеязычных перад этымалагічнымі е, і (вэчор, бэрог, дэн', тэплый, нысэ, еызэ, мыска, быты, ходыты, зыма),
  • цвёрдасць заднеязычных у спалучэннях гы, кы, хы (ногы, кынуты, хытрый),
  • наяўнасць мяккіх этымалагічных шыпячых (нож’і. ш’апка, ж’аба), [р'] (р’ічка, гор’іх, пор’адок), [ц'] (жнэц', хлопэц', на конц’і),
  • губна-зубны або губна-губны [в] на месцы [ў] у літаратурнай мове (правда, сказав),
  • адсутнасць цекання (т’ін' , т’іло, т’агнуты), дзекання (д’ід, д’івчына, д’акуваты),
  • канчатак -ый у назоўным склоне прыметнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку (новый, сыный, молодый, крутый),
  • указальныя займеннікі гэтой, гэтый, гэта, гэтэ, гэты, гэто, займеннікавыя формы мн’і, йёю,
  • пашырэнне лексем: клуня (гумно), прач (пранік), пацыят (франтон), шіпка (павець), быяк (біч), шытык (папруга), судосыты (сустрэць), волочыты (баранаваць), лататы (лапіць), быцю-быцю (падзыўныя для кароў), путь-путь (падзыўныя для курэй).

Тыпы загародскіх гаворак правіць

Адрозніваюць 4 дыялектныя тыпы загародскіх гаворак (заходнепалескіх гаворак Беларусі): сярэднезагародскі, паўднёвазагародскі, паўночназагародскі і тараканскі.

Выдзяляецца шэраг спецыфічных рыс перыферыйных заходнепалескіх гаворак, якія адрозніваюць гэтыя гаворкі ад асноўнага заходнепалескага дыялектнага масіву. Дыялектныя мікразоны заходнепалескага арэала:

  • брэсцка-кобрынская,
  • камянецка-высокаўская, або паўночна-заходняя,
  • маларыцка-дамачоўская, або паўднёва-заходняя,
  • драгічынска-янаўская, або цэнтральназагародская,
  • заходнястолінская, або паўднёва-ўсходняя,
  • лагішынская, або паўночна-ўсходняя,
  • лагішынска-заходнястолінская,
  • радастаўская,
  • заходнія ўскраіны Брэстчыны,
  • паўднёвыя ўскраіны Загароддзя,
  • раён горада Кобрына,
  • раён горада Пінска.

Тэрытарыяльны падзел характэрнага вымаўлення ў Брэсцкай вобласці правіць

 
Дыялекты беларускай мовы. Жоўтым колерам пазначаныя заходнепалескія гаворкі, чырвонай рысай — мяжа беларускіх гаворак паводле Я. Карскага

Паводле звестак беларускага філолага Ф. Клімчука[3] характэрныя асаблівасці вымаўлення падзеленыя прыблізна такім чынам.

Берасцюкі (сінонімы: пінчукі, загародцы, заходнія палешукі) насяляюць паўднёвую частку Брэсцкай вобласці, акрамя паўднёвага ўсходу. Гарады і пасёлкі гарадскага тыпу на гэтай тэрыторыі: Брэст, Пінск, Кобрын, Белаазёрск, Высокае, Драгічын, Жабінка, Янаў, Камянец, Столін, Антопаль, Дамачава, Лагішын, Рэчыца. Па адметнасцях гаворак сярод берасцейцаў вылучаюць асноўныя і перыферыйныя падгрупы. Асноўныя падгрупы — сярэднезагародцы, паўднёвазагародцы, паўночназагародцы і тараканцы. Перыферыйныя падгрупы — малечцы (Малецкі і Сігневіцкі сельсаветы Бярозаўскага раёна), паўночналагішынцы (некалькі вёсак на поўдні Івацэвіцкага і на поўначы Пінскага раёнаў), аброўцы (в. Аброва Івацэвіцкага раёна), сярэднепагарынцы (Столін і вакольныя вёскі), паўднёвацеляханцы (некалькі вёсак на поўдні Івацэвіцкага і на поўначы Пінскага раёнаў).

Прыклады характерных асаблівасцей мясцовых гаворак. Сярэднезагародскія гаворкі: «він (вын) будэ (будэть) ходыты (худыты) в ліс, дэнь, нэбо, вэсна, высна, камынь, сын, зеть». Паўднёвазагародскія гаворкі: «він будыть (будэ) ходыты (худыты) в ліс; дэнь, небо, весна, высна, камынь, сын, зеть». Паўночназагародскія гаворкі: «вун будэ ходыты в ліс; дэнь, нэбо, высна, вэсна, камень, сын, зять». Тараканскія гаворкі: «він будыть (будэ) ходэтэ в ліс; дань, набо, высна, камынь, сэн, зеть». Малецкія гаворкі: «вуон будэ ходыты в ліес; дэнь, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять». Паўночналагішынскія гаворкі: «вон будэ ходыты в лес; дзень, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять». Аброўская гаворка: «вон будэ ходіты в лес; день, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять». Сярэднепагарынскія гаворкі: «вон (вун) будэ ходіті в лес (ліс); дэнь, нэбо, камень, вэсна, сын, зять». Паўднёвацеляханскія гаворкі: «вэн будэ ходіті в лес; дэнь, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять».

Носьбітамі пераходных гаворак між берасцейска-пінскімі, з аднаго боку, і паўночнаберасцейскімі і ўсходнепалескімі з іншага боку, з’яўляюцца верхнеясельдцы, лунінцы, беражноўцы, бобрыкаўцы. Верхнеясельдцы насяляюць вярхоўі Ясельды каля гарадоў Бяроза і Пружаны. Характэрная гаворка: «вуон будэ ходзіці у ліес; дэнь, нэбо, камэнь, вэсна, сын, зять». Лунінцы насяляюць некалькі вёсак Лунінецкага сельсавета Лунінецкага раёна. Характэрная гаворка: «вын буде ходіті в ліс; день, небо, камэнь, вэсна, сын, зять». Беражноўцы жывуць у некалькіх вёсках Столінскага раёна (Беражное, Альпень і інш.). Характэрная гаворка: «вон буде ходіті в лес; день, небо, камэнь, вэсна, сын, зять». Бобрыкаўцы жывуць у некалькіх вёсках Бобрыкаўскага сельсавета Пінскага раёна. Характэрная гаворка: «вон буде хадіті ў лес: день, небо, камэнь, вэсна, сын, зять». Носьбіты паўночнаберасцейскіх і ўсходнепалескіх гаворак насяляюць тэрыторыі, размешчаныя на поўнач і на ўсход ад арэала берасцюкоў-пінчукоў. Месты і мястэчкі: Лунінец, Давыд-Гарадок, Мікашэвічы, Целяханы, Шарашова. Характэрныя гаворкі: «вон (вэн) будзе ходзіці (ходзіць, хадзіці) у лес; дзень, небо, вэсна (васна, весна), камэнь (камень), сын, зяць».

Даследаванні правіць

Сучасныя даследчыкі загародскіх гаворак — Фёдар Клімчук, Рыгор Аркушын, Юрый Громік, Лена Леванцэвіч і іншыя. Асаблівасці, а таксама культура носьбітаў вывучаецца Заходнепалескім навукова-краязнаўчым таварыствам «Загароддзе».

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі. Аўтар А. А. Крывіцкі. (Карта)
  2. Тарас Марусик. Українці Берестейщини: минуле і сучасне. «Радіо Свобода», 15 кастрычніка 2003 р. Архівавана 4 ліпеня 2007.
  3. а б Фёдор Климчук. Этническая структура населения Брестской области Архівавана 2 лістапада 2008.
  4. Шевельов Ю. Чому общерусский язык, а не вібчоруська мова? З проблем східнослов’янської глотогонії // Другий Міжнародний конгрес україністів: Доповіді і повідомлення. Мовознавство. Львів, 1993. С. 60. (цит. за [Г. А. Цыхун])

Літаратура правіць

  • Клiмчук Ф. Д. Гаворкі Заходняга Палесся. — Мн., 1983.
  • Клiмчук Ф. Д. Заходнепалескія гаворкі // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994.
  • Клiмчук Ф. Д. Некаторыя асаблiвасьцi этнанацыянальнай самасьвядомасьцi заходнiх палешукоў // Форум, 1996, № 2.
  • Клiмчук Ф. Д. Некаторыя моўныя праблемы Палесся // Jiтвjежа (полiська) штудijно-прахтыцька конфырэнция: Тэзы проказэj (13-14 априля 1990 р.). Пынськ, 1990.
  • Михальчук К. П. Наречия, поднаречия и говоры Южной России в связи c наречиями Галичины. В кн.: Труды этногр.-стат. экспедиции в Западнорус. край. Юго-Зап. отдел, т. 7, в. 2. СПб., 1877.
  • Шимановский В. Звуковые и форм. особенности нар. говоров Холмской Руси. Варшава, 1897.
  • Назарова Т. В. Інтерферентні ареали як об'єкт дослідження істор. діалектології. В кн.: Праці XIII Респ. діалектол. наради. К., 1970; ОЛА МИ. 1971. М., 1974.
  • Бевзенко С. П. Укр. діалектологія. К., 1980; АУМ, т. 2. К., 1988.
  • Матвіяс І. Г. Українська мова і її говори. К., 1990.

Спасылкі правіць