Язэп Аляксандравіч Адамовіч

беларускі савецкі палітычны дзеяч
(Пасля перасылкі з Я. А. Адамовіч)

Язэ́п Алякса́ндравіч Адамо́віч (7 студзеня 1897, Барысаў22 красавіка 1937) — беларускі савецкі палітычны дзеяч. 2-і старшыня СНК БССР (1924—1927). Адзін з актыўных дзеячаў палітыкі беларусізацыі ў БССР, прыняў удзел у першым і другім узбуйненнях БССР.

Язэп Аляксандравіч Адамовіч
2-і Старшыня СНК БССР
17 сакавіка 1924 года — 7 мая 1927 года
Папярэднік Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў
Пераемнік Мікалай Мацвеевіч Галадзед
Нараджэнне 26 снежня 1896 (7 студзеня 1897)[1]
Смерць 22 красавіка 1937(1937-04-22)[1] (40 гадоў)
Партыя
Член у
Адукацыя
Месца працы
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 7 студзеня 1897 года (ст. ст. 26 снежня 1896) у Барысаве ў сям'і рабочых[2]. Бацька — рабочы высокай кваліфікацыі, працаваў на найме мадэльшчыкам на кафельных заводах, удзельнік рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гадоў, жыў у Барысаве пад паліцэйскім наглядам[3]. Язэп Адамовіч меў старэйшага брата Уладзміра Аляксандравіча, які пазней стаў камандзірам дывізіі Чырвонай Арміі, генерал-маёрам. Памёр у 1961 годзе[3].

З 1906 года Язэп Адамовіч працаваў на фабрыках у Барысаве, Мінску, Крупках, Тыфлісе. Працаваў улетку, а зімой вучыўся, такім чынам скончыўшы двухкласную царкоўнапрыходскую школу.

У пачатку Першай сусветнай вайны Язэп Адамовіч быў мабілізаваны і адпраўлены на перадавую, ваяваў на Паўднёва-Заходнім і Румынскім франтах (старшы унтэр-афіцэр; узнагароджаны ордэнамі Святога Георгія чацвёртай, трэцяй і другой ступені). У часе службы ўцягнуўся ў дзейнасць рэвалюцыйных гурткоў і ў 1916 годзе ўступіў у РСДРП інтэрнацыяналістаў. У канцы таго ж года быў паранены і адпраўлены на лячэнне ў Харкаў, дзе і сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года[3].

Падчас рэвалюцыйных падзей вёў рэвалюцыйна-прапагандысцкую дзейнасць сярод салдат, выбіраўся сябрам палкавога камітэта, Харкаўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Паля лячэння быў пасланы на Румынскі фронт як «нядобранадзейны», дзе таксама выбіраўся ў салдацкі камітэт і іншыя салдацкія арганізацыі[2]. Пасля ліпеньскай дэманстрацыі ў 1917 годзе ў Петраградзе Адамовіч вяртаецца на радзіму і ўступае ў 121-ы пяхотны полк[4]. У гэтым палку знаёміцца і хутка збліжаецца з Аляксандрам Мяснікянам і іншым рэвалюцыянерамі, выбіраецца ў гарадскі савет і працуе там з бальшавікамі[4].

З верасня 1917 года Адамовіч пераведзены ў каманду разведчыкаў 3-й батарэі 105-й артылерыйскай брыгады 11-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. У снежні 1917 года прыехаў у Барысаў, працаваў сакратаром Барысаўскага павятовага савета. У студзені 1918 года становіцца сябрам РКП(б)[4].

З наступленнем нямецкіх войск у 1918 годзе арганізаваў рабочы ўзброены атрад. У сакавіку 1918 года ў Смаленску ў штабе Чырвонай гвардыі (пазней Чырвонай Арміі), фармаваў палкі дзеля спынення пад Смаленскам нямецкіх войск. На чале Жлобінскага атрада чырвонаармейцаў прымаў удзел у падаўленні Стракапытаўскага паўстання. Улетку 1918 года прызначаны памочнікам старшыні гарнізона і каменданта Смаленска, пазней — старшынёй гарнізона і ваенным камісарам Смаленскай губерні. З верасня 1918 года камісар Магілёўскага і Лепельскага ваенных Саветаў. Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся падаўленні антысавецкіх выступленняў у Гомельскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў.

Уваходзіў у склад губпарттройкі (Вільгельм Кнорын, Адамовіч, Алесь Чарвякоў) па арганізацыі савецкай улады пасля заняцця Чырвонай арміяй Менска 11 ліпеня 1920 года[2]. У 1920 годзе абраны сябрам ЦК КП(б)Б. У Менску знаёміцца з Соф’яй Шамардзіной, з якой жыве да канца жыцця. У 1920—1927 гадах сябра ЦВК БССР і прэзідыума ЦВК БССР у 1920—1922 гадах. Сябра Менскага губернскага ВРК, ваенны камісар Менскай губерні, сябра Белрэўкама, старшыня Менскага гарнізона. З верасня 1920 года народны камісар па вайсковых справах БССР, адначасова з 1921 года народны камісар унутраных спраў БССР і намеснік старшыні ЦВК і СНК БССР. У студзені 1921 года па даручэнні ЦБ КП(б)Б і ўрада БССР удзельнічаў у перамовах з урадам РСФСР і падпісаў дамову аб гаспадарчых і вайсковых узаемаадносінах рэспублік.

У 1922 годзе слухач Маскоўскай вайсковай акадэміі[5]. Браў удзел у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР, уваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на X Усерасійскім з’ездзе Саветаў, удзельнічаў у рабоце 1 з’езда Саветаў СССР (1922). У лютым 1924 года ўваходзіў у склад Часовага Беларускага Бюро ЦК РКП(б) па ўзбуйненні тэрыторыі БССР, з’яўляўся ўпаўнаважаным СНК БССР па далучэнні Віцебскай губерні да БССР.

З 17 сакавіка 1924 па 7 мая 1927 — старшыня Савета народных камісараў БССР. У 1924 годзе пад яго кіраўніцтвам адбылося вяртанне ў склад БССР Віцебскай губерні, перададзенай РСФСР амаль адразу па абвяшчэнні БССР[6]. У 1924—1925 гадах сябра РВС СССР. У 1924—1929 гадах сябра ЦВК СССР.

Стаяў ля вытокаў палітыкі беларусізацыі ў БССР[7]. 25 ліпеня 1924 года разам з Аляксандрам Чарвяковым і Усеваладам Ігнатоўскім падпісаў «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры». 12 лютага 1926 года разам з Аляксандрам Чарвяковым падпісаў пастанову «Аб рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры», паводле якой Інбелкульт стаў самастойнай установай непасрэдна пры СНК БССР[8]. Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы статута Інбелкульта. Паводле слоў Язэпа Пушчы, у Адамовіча знаходзілі падтрымку нацыянальна арыентаваныя літаратары.

Прыняў актыўны ўдзел у другім узбуйненні БССР у 1926 годзе. Працаваў у адмысловай тройцы ў складзе першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Аляксандра Крыніцкага, старшыні СНК БССР Язэпа Адамовіча і Старшыні Дзяржплана БССР Сяргея Карпа. Узбуйненне граніц БССР мела моцны супраціў з боку ЦК УКП(б)[9]. 12 лістапада 1926 года бюро ЦК КП(б)Б пастанавіла: «Прасіць ЦК КП(б)Б паставіць у Палітбюро 18 лістапада пытанне аб мяжы БССР. Далей адкладваць... немагчыма. Прасіць тав. Сталіна прыняць дэлегацыю ЦК КП(б)Б у складзе таварышаў Крыніцкага, Галадзеда, Чарвякова, Адамовіча, Бейліна і Карпа ў Палітбюро, пажадана 17 лістапада». 6 снежня 1926 года Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаныя да БССР[10].

У сувязі з канфліктам з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б Аляксадрам Крыніцкім быў пераведзены на працу ў Маскву. З траўня 1927 года сябра Прэзідыума ВСНГ СССР і старшыня праўлення Цукратрэста СССР.

З 1932 года на Далёкім Усходзе, старшыня Камчацкага акцыянернага таварыства, кіраўнік цукровых і рыбакансервавых прадпрыемстваў.

У атмасферы масавых рэпрэсій і цкаванняў скончыў жыццё самагубствам. 22 красавіка 1937 года Язэп Аляксандравіч Адамовіч застрэліўся ў цягніку Уладзівасток—Масква[11].

Памяць

правіць

У гонар Язэпа Адамовіча названая вуліца ў Барысаве[12].

Зноскі

правіць
  1. а б Энцыклапедыя гісторыі БеларусіБеларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі.
  2. а б в Угаров Н. Адамович, Иосиф Александрович // Большая биографическая энциклопедия.
  3. а б в Іофэ Э. 2017, с. 132.
  4. а б в Іофэ Э. 2017, с. 133.
  5. Іофэ Э. 2017, с. 134.
  6. Імёны Свабоды: Язэп Адамовіч
  7. Іофэ Э. 2017, с. 135.
  8. Іофэ Э. 2017, с. 137.
  9. Іофэ Э. 2017, с. 138.
  10. Іофэ Э. 2017, с. 139.
  11. Іофэ Э. 2017, с. 142.
  12. т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць