Сар’я
Са́р’я (трансліт.: Sarja) — аграгарадок у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, за 20 км на поўнач ад Верхнядзвінска, на правым беразе ракі Сар’янкі. З’яўляецца цэнтрам Сар’янскага сельсавета.
Аграгарадок
Сар’я
| ||||||||||||||||||||||||
Насельніцтва вёскі складае 514 чалавек (2010). Праз паселішча праходзіць дарога абласнога падпарадкавання Верхнядзвінск — Асвея.
Назва
правіцьНазва паселішча паходзіць ад назвы ракі Сар’янкі (раней Сар’і), на якой паселішча ўзнікла.
Назва ракі Сар’я старабалцкага паходжання, адпачатная форма назвы — *Sarija.
Гідранімічныя аналагі — літоўская рачная назва Saria, пруская Sar-ape[2]. Яны звязаныя з індаеўрапейскім коранем *ser- / *sor- «цячы», вытворныя якога з цягам часу зніклі з балцкай лексікі, саступіўшы месца сінонімам[3][4].
Корань пашыраны з дапамогай балцкага гідранімічнага пашыральніка -ij-, як у балцкіх рачных назвах тыпу Vilkijà, Juodijà, *Īlijā (> Ілія). У сучаснай літоўскай мове ў гэтага пашыральніка, раней шматфункцыйнага, захавалася функцыя ўтвараць зборныя назоўнікі (vyras «муж; мужчына» — vyrijà «мужчыны; мужы, мужжо»)[5]. Блізкі яму пашыральнік -ej- у рачных назвах тыпу Бабруя, Мярэя.
Значэнне назвы Сар’я можна прыблізна перадаць як «Цякучая, плыткая (рака)».
Гісторыя
правіцьСар’я належала магнацкаму роду Сапегаў, у адным пісьме якіх і было першае згадванне горада ў 1506 годзе. У 1753 годзе яна была выкуплена Лапацінскімі.
Перад вайной, у вёсцы жыло 193 чалавекі ў 34 дварах[6].
У 1772 годзе Росіцу ўключыла ў свой склад Расійская імперыя, знаходзілася ў Дрысенскім павеце Віцебскай губерні. У 1850 годзе (па іншых сведчаннях — у 1852 годзе) Ігнат Дамінік Лапацінскі пачаў будаўніцтва ў Сар’і каменнай рыма-каталіцкай царквы, якая, па некаторых звестках, была асвечана ў 1857 годзе. У 1865 годзе, пасля паўстання 1863—1864 гадоў, царква была канфіскавана ўладамі «за хараство» («за великолепие») і перададзена РПЦ.
У жніўні 1941 — чэрвені 1942 гадоў у ваколіцах вёскі дзейнічала камуністычнае падполле, члены якога ў сувязі з пагрозай выкрыцця, пайшлі ў лес[7]. У лютым 1943 года вермахтам войскамі былі спалены 34 дамы, забіта 69 чалавек[6].
У 1924—1954 гадах і з 1973 года цэнтр сельсавета[8].
У 1989 годзе храм вярнулі рыма-каталікам, але ў 1990 годзе храм быў зноў перададзены РПЦ, а парафія была перайменованна на Успення Прасвятой Багародзіцы (на 2009 год налічваў усяго 600 чалавек). Праз год у касцёле аднавіліся набажэнствы.
Па прадстаўленні Віцебскага абласнога савета народных дэпутатаў пастановай Савета Міністраў СССР ад 27.09.1990 г. храм быў вернуты ў бясплатнае карыстанне зарэгістраванай каталіцкай суполцы. Але з кастрычніка 1990 года касцёл выкарыстоўваецца суполкай РПЦ у вёске Сар’я.
У 2008 годзе Сар’я атрымала афіцыйны статус аграгарадка.
Насельніцтва
правіць- 1863 год — 379 чалавек;
- 1999 год — 564 чалавекі;
- 2009 год — 514 чалавек.
Прадпрыемствы і арганізацыі
правіцьНа тэрыторыі аграгарадка размешчаны КУВСХП «Дрысенскі», у якім працуе 178 чалавек. Гаспадарка спецыялізуецца на малочна-раслінаводчым кірунку. У Сар’і знаходзяцца Дом культуры, філіял Асвейскай музычнай школы, філіял ААТ «Беларусбанк».
Дзейнічае рэгулярнае аўтобусная паведамленне з Верхнядзвінскам і па мясцовым напрамках.
Славутасці
правіць- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1852—1857) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000253.
- За 2 км у напрамку на поўдзень ад аграгарадка ў 1982 годзе насыпаны курган з абеліскам на ім на месцы вёскі Абразеева, спаленай разам з 36 жыхарамі ў лютым 1943 года ў час карнай аперацыі нямецкіх акупацыйных улад «Зімовае чараўніцтва»[9].
- Сар’янскі парк (у ім знаходзіцца рэдкая, характэрная толькі для Паўночнай Амерыкі — хвоя веймутава).
- Помнік ахвярам вайны (1974).
- Братэрская могілка камуністычных салдат і партызан (1962).
- Мемарыяльная дошка ў гонар камуністычных падпольшчыкаў.
- Мемарыяльная дошка ў гонар большавіка Пятра Барэвіча.
Славутыя ўраджэнцы
правіць- Ян Лапацінскі (1747—1810) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
- Віктар Шадурскі (нар. 1961) — беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар.
- Ігнат Дамінік Лапацінскі (1822—1882) — памешчык, фундатар касцёла, удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў.
- Станіслаў Лапацінскі (1851—1923) — юрыст, сын Ігнація Лапацінскага, член Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі.
- Эдуард Самуйлёнак (1907—1939) — беларускі празаік, драматург.
Зноскі
- ↑ Белпошта Архівавана 4 жніўня 2012.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1958. — P. 512.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. P. 291.
- ↑ H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 40-41.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T.1. Vilnius, 1996. С. 80-83.
- ↑ а б Сарья (руск.)
- ↑ Шымук, Б. Сар’янскае патрыятычнае падполле / Барыс Шымук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 231.
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 26 сакавіка 1973 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1973, № 12 (1386).
- ↑ Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 22. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
Літаратура
правіць- Сар’я // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 188. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
правіць- Сар’я на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сар’я на сайце Radzima.org