Алесь Гарун

беларускі дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, паэт, пісьменнік (1887—1920)
(Пасля перасылкі з А. Гарун)

Алесь Гарун, сапраўднае імя Аляксандр Уладзіміравіч Прушынскі (11 сакавіка 1887, ф. Новы Двор, цяпер Мінскі раён — 28 ліпеня 1920, Кракаў) — беларускі дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, паэт, пісьменнік.

Алесь Гарун
Алесь Гарун у форме Беларускай вайсковай камісіі, 1920 г.
Алесь Гарун у форме Беларускай вайсковай камісіі, 1920 г.
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Аляксандр Уладзіміравіч Прушынскі
Псеўданімы Алесь Гарун, І. Жывіца, А. Навадворскі, Сальвэсь, А. Сумны, А. Г., А. Н. і А. Н-і
Дата нараджэння 27 лютага (11 сакавіка) 1887
Месца нараджэння
Дата смерці 28 ліпеня 1920(1920-07-28)[1] (33 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, публіцыст, пісьменнік, паэт, перакладчык, палітык, ваенны
Гады творчасці 19071920
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Раннія гады

правіць

Нарадзіўся ў фальварку Новы Двор пад Мінскам. Ахрышчаны ў кальварыйскім касцёле Мінска[2]. Бацька Уладзімір Прушынскі і маці Зоф’я (у дзявоцтве Жывіца). У пяцігадовым ўзросце навучыўся чытаць па-польску і па-руску[3]. У 1897 годзе скончыў мінскае 3-е гарадское прыходскае вучылішча на Белацаркоўнай вуліцы[3]. У 1902 годзе скончыў рамеснае вучылішча. Працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Мінску, працягваў самаадукацыю[3].

З 1904 года далучыўся да партыі эсэраў-максімалістаў[ru][4]. З 1905 года вёў прапаганду ў гуртках вучнёўскай моладзі, сярод рабочых, сялян Сеніцкай воласці Мінскага павета (да яе адносіцца родны фальварак Новы Двор). Друкаваў і распаўсюджваў рэвалюцыйную літаратуру, газету «Наша Ніва». З 1907 года пачаў публікавацца ў газеце «Наша Ніва».

Арышт і ссылка

правіць
 
Аляксандр Прушынскі, фота з судовай справы.

Арыштаваны за антыўрадавую дзейнасць 4 сакавіка 1907 года ў падпольнай друкарні на вуліцы Шырокай у Мінску, дзе ў той момант друкавалася адозва «Да ўсіх працоўных». Вязень Пішчалаўскага замка, сядзеў разам з Алесем Бурбісам і Міколам Шылам, адтуль этапаваны ў віленскія Лукішкі[2].

У лютым 1908 года Віленскай судовай палатай асуджаны на 2 гады і 8 месяцаў турмы, але Сенатам Расійскай імперыі прысуд быў скасаваны. У ліпені 1908 года Віленскай судовай палатай Алесь Гарун быў асуджаны на ссылку з пазбаўленнем усіх правоў і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры[4]. У снежні 1908 — красавіку 1909 года ў цэнтральнай перасыльнай турме пры Аляксандраўскім катаржным цэнтрале Іркуцкага губернскага жандарскага ўпраўлення. Ссылку адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні, займаўся там сталярнымі і цяслярнымі работамі[3]. З ссылкі адсылаў вершы ў газеты «Наша Ніва» і «Беларус». З жніўня 1909 года на ўліку ў Макараўскай воласці, жыў у сяле Макараўскім, пазней — у сяле Крывая Лука. З 1911 года часова працаваў у параходным таварыстве «Н. Н. К. Глютавых». У 1912 годзе разам з Язэпам Лёсікам асталяваўся ў Мельнічным выселку непадалёк ад Кіранска[4]. Летам 1911—1913 гадоў ганяў плыты па Лене. Змайстраваўшы скрыпку, паклаў на ноты для Антона Грыневіча і Вацлава Ластоўскага некалькі беларускіх народных песень і мелодый.

 
Язэп Лёсік і Алесь Гарун. Бадайбо, 1914 г.

Увесну 1914 года дастаўшы права запісацца селянінам атрымаў права жыць ва ўсёй Сібіры. У тым жа годзе пачаў працаваць на рацэ Лене вадалівам (старшы рабочы) на бары рэк Лена і Віцім, у час працы падрыхтаваў паэтычны зборнік «Матчын дар» і пераслаў яго ў Вільню (апублікаваны ў 1918). Узімку 1915 года на залатых капальнях Пракоп’еўскага ўпраўлення Ленскай золатапрамысловай акругі, з ліпеня 1915 года служачы Феадосьеўскага ўпраўлення, памочнік наглядчыка горных рабочых[4].

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года абраны членам выканаўчага камітэта Савета Ленска-Віцімскай золатапрамысловай акругі. У траўні — чэрвені 1917 года пакінуў Сібір, спыніўся ў Маскве, дзе стаў членам Цэнтральнага бюро Беларускай народнай грамады[4]. Дэлегат 2-га беларускага бежанскага з’езда ў Маскве і з’езда народаў Расіі ў Кіеве (верасень 1917).

Беларуская Народная Рэспубліка. Апошнія гады

правіць

Хворы на сухоты, вярнуўся ў Мінск у верасні 1917 года, жыў разам з маці і малодшым братам у Беларускай хатцы[2]. На 3-м з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады ў кастрычніку 1917 года быў абраны членам ЦК. На 2-й сесіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый і партый у кастрычніку—лістападзе 1917 года ў Менску выступіў з прамовай, у якой акрэсліў праграму і задачы далейшай палітычнай дзейнасці, выказаўся за неадкладнае стварэнне «моцнай Рады», таму што на Беларусь «глядзяць як на кавалак зямлі, каторы можна разабраць». На той жа сэсіі Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый і партый была рэарганізавана ў Вялікую беларускую раду, у якой Аляксандр Прушынскі быў абраны намеснікам старшыні выканаўчага камітэта (разам з Аркадзем Смолічам)[5].

Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917 года ў Менску. Быў абраны ў склад Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда, 18 сакавіка 1918 года пераўтворанага ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Пэўны час быў загадчыкам Беларускай кнігарні ў Менску[2]. З другога да апошняга нумару рэдактар газеты «Беларускі шлях». Летам 1918 года па распадзе Беларускай сацыялістычнай грамады стаў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У пачатку жніўня 1918 года ўзначаліў утвораную тады ж культурна-асветніцкую камісію Рады БНР[6]. Увосень 1918 года таксама працаваў ува «Упраўленні Беларускай апекі», загадваў дзіцячымі прытулкамі і багадзельнямі[7].

З прыходам бальшавікоў у Менск (10 снежня 1918) нейкі час кіраваў аддзелам грамадскай апекі і сацыяльнага забеспячэння Камісарыята сацыяльнай апекі, пазней з’ехаў у правінцыю праз небяспеку ад бальшавіцкіх уладаў[8]. Таксама ўвесну 1919 года, хворы на сухоты, Алесь Гарун таксама захварэў на тыф.

10 жніўня 1919 года, на другі дзень па заняцці Менска палякамі, беларускімі дзеячамі ўва ўмовах немагчымасці дзейнасці структур БНР быў утвораны Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК), Аляксандр Прушынскі быў абраны старшынёй камітэта (займаў пасаду да 17 кастрычніка 1919). Адначасова ў жніўні — кастрычніку 1919 года выконваў абавязкі загадчыка аддзела прытулкаў пры секцыі асвета і грамадскай апекі Менскага магістрата.

19 верасня 1919 года ў Менск прыбыў Юзаф Пілсудскі, на сустрэчы ў Шляхецкім доме Аляксандр Прушынскі вітаў начальніка польскай дзяржавы ад імя беларускай дэлегацыі:

  От-жа, вітаючы Вас, як Начальніка гэтага героічнага войска і як чалавека, шмат і сваей сілы і добрай ахвоты палажыушага у гэтую справу, ад імені нашых беларускіх дэлегацыяу, прадстауляючых тутака беларускае насяленьне, выслауляю гарачую падзяку за звальненьне Менску і Меншчыны ад новага цяжкага нападу маскоўскага імпэрыялізму, каторы на гэты раз прыубрауся у бальшавіцкую вопратку...
Яшчэ хачу сказаць Вам, Пане Комэнданце: мы верым і спадзяемся, што разам з вольнымі Менскам, Вільняй і сівым Гораднам вольнымі і шчасьлівымі будуць у вольнай і незалежнай Беларускай Рэспубліцы нашые адвечные астрогі на рубяжох Масквы,—Віцебск і Магілеў, і стары Смаленск. Гэтага мы спадзяемся, у гэта мы верым, а гэтымі верай і надзеяй абдаравау нас братні народ, каторага Слаунаму Прадстауніку гатовы мы сказаць на Меншчыне нашае сягоньняшняе „дзякуй“, але і зауседы: Здароў будзь, прыходзь да нас госьцю мілы, суседзе дарагі“[9]
 
 
Група беларускіх пісьменнікаў: злева направа стаяць: Альберт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка. Менск, травень — чэрвень 1920 г.
 
Удзельнікі святкавання 15-годдзя творчай працы Янкі Купалы на ганку Беларускага (Юбілейнага) дома ў Менску, 24 чэрвеня 1920 г. Алесь Гарун стаіць першы злева.

Таксама сустракаўся з Пілсудскім у той жа дзень у складзе сеньёр-канвента Рады БНР. 10—15 кастрычніка 1919 года наладжваў кантакты па каардынацыі палітычных і культурных арганізацый Віленшчыны і Гродзеншчыны. 24 кастрычніка 1919 года ўвайшоў у склад Беларускай вайсковай камісіі (БВК), органа па фарміраванні беларускіх часцей у войску Польскай Рэспублікі, абраны намеснікам старшыні арганізацыі. Праз частую адсутнасць у Менску Паўла Алексюка, які быў старшынёй арганізацыі, Прушынскі фактычна кіраваў БВК[10], таксама ўзначальваў статутную камісію. Праз занятасць у БВК Аляксандр Прушынскі адмовіўся ад старшынства ў ЧБНК. Перакладаў на беларускую мову падручнікі па вайсковай справе, працаваў над стварэннем беларускага вайсковага статута, выкладаў на курсах вербункова-агітацыйнай падкамісіі. Разам з Змітраком Бядулем, Янкам Купалам і Макарам Косцевічам складаў беларускія жаўнерскія песні. У пачатку 1920 года арганізаваў выдавецтва БВК, прымаў удзел у выданні часопіса «Рунь». У траўні 1920 года выязджаў у Варшаву па справах далейшай дзейнасці БВК. 9 ліпеня 1920 года пакінуў Менск разам з польскімі войскамі праз наступ бальшавікоў[7].

 
Магіла Алеся Гаруна на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.

У час адступлення ў Ваўкавыску захварэў на дызентэрыю, на санітарным цягніку адвезены ў Кракаў, дзе памёр 28 ліпеня[11]. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках. Яго магіла была нанова адшуканая ў 1988 годзе.

Творчасць

правіць
 
Алесь Гарун — Матчын дар, 1918.

Пісаць вершы Гарун пачаў змалку, спачатку, як сведчыць Максім Гарэцкі, на рускай мове, затым — на беларускай. Раннія яго творы да нас не дайшлі. 1905 годам датуецца паэма «Мае коляды», апублікаваная ў Вільні ў 1920 годзе пад псеўданімам А. Сумны. Гэта — гісторыя нечаканага абуджэння нацыянальнай свядомасці ў беларускага вясковага хлопчыка[12].

Першы друкаваны верш «Маці-Беларусі» пабачыў свет у 1907 годзе ў нумары газеты «Наша Ніва» (№ 23). У 1908 годзе з’явіліся два вершы: «Януку Купале» (паэтычны водгук на зборнік «Жалейка») і «Начныя думкі» — лірычны ўсхваляны ўспамін аб родных мясцінах, ад якіх аўтар быў адарваны, знаходзячыся ў астрогу. Заслугоўвае ўвагу вобразная асаблівасць твора: тут ява ўвесь час пераплятаецца са сном, а рэальная рэчаіснасць — з казкай.

У 1912—1915 гадах дэбютаваў як празаік апавяданнямі «Маладое», «Пан Шабуневіч», «Чалавек без крыві». Падрыхтаваў зборнік вершаў «Матчын дар», у які ўвайшлі вершы, напісаныя ім у 1907—1914 гадах (выдадзены летам 1918 года за кошт Народнага Сакратарыята Беларусі). Асноўныя сэнсавыя дамінанты зборніка — тэма роднага краю, адраджэння і разняволення беларускага народа, гістарычнае мінулае Беларусі, сацыяльна-філасофская праблематыка. Другі паэтычны зборнік «Новая песня» незакончаны.

У шэрагу палітычных памфлетаў, фельетонаў і эпіграм, выкрываючы бальшавікоў, паказаў сутнасць марксісцка-ленінскай нацыянальнай палітыкі, якая называла нацыянальнае вызваленне народаў Расійскай імперыі «сабатажам» («Сабатажнік», «Увагі да нацыянальнага руху»). Намаляваў сатырычны партрэт бальшавіцкага лідара, асудзіў палітыку і метады бальшавіцкіх улад у справах зямельнай рэформы («Мы, Вялікі Ленін I і II Ульянаў...»). Выступаў супраць «крэсавай» палітыкі Польшчы ў адносінах да беларусаў («Рэдактарскі сон», «Мана на 47-е апрэля», «Баданне аб спосабах»). Перспектывы палітычнага, эканамічнага і духоўнага росквіту беларускага народа звязаў з пабудовай уласнабеларускага дзяржаўнага жыцця[7].

Памяць

правіць

У 1991 годзе пра Алеся Гаруна зняты дакументальна-публіцыстычны фільм «Праз сваю хату ўбачыць бацькаву».

У 2007 годзе ў Мінску (жылы раён Дамброўка) у гонар Алеся Гаруна была названа вуліца.

Бібліяграфія

правіць

Зноскі

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць