Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр

(Пасля перасылкі з Бельчыцкі манастыр)

Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр — колішні мужчынскі манастыр ў Бельчыцах (цяпер у межах Полацка). Храмы Барысаглебскага Бельчыцкага манастыра з’яўляліся выдатнымі ўзорамі старажытнарускай архітэктуры, у якіх увасобіліся першыя характэрныя рысы полацкай школы дойлідства. Пятніцкая і Барысаглебская цэрквы, паводле меркавання Л. В. Аляксеева, з’яўляліся творамі дойліда Іаана, манаха Барысаглебскага манастыра[1]. Тэрыторыя былога манастыра ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Манастыр
Барысаглебскі Бельчыцкі манастыр
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр на малюнку Івана Трутнева (1866). Злева Барысаглебская, справа - Пятніцкая царква, на пярэднім плане бачны падмуркі Вялікага сабора
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр на малюнку Івана Трутнева (1866). Злева Барысаглебская, справа - Пятніцкая царква, на пярэднім плане бачны падмуркі Вялікага сабора
55°28′31″ пн. ш. 28°47′03″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Полацк
Канфесія Праваслаўе
Епархія Полацкая
Тып мужчынскі
Архітэктурны стыль Полацкая школа дойлідства
Дата заснавання XII стагоддзе
Будынкі
Вялікі сабор • Пятніцкая царква • Барысаглебская царква • Храм-трыконх
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000639шыфр 213Г000639
Стан разбураны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Бельчыцы ўпершыню згадваюцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 годам у сувязі з канфліктам паміж полацкімі мяшчанамі і князем Расціславам Глебавічам. Паводле меркавання М. М. Вароніна, Бельчыцы першапачаткова былі прыгараднай умацаванай княжацкай рэзідэнцыяй. Яны адыгрывалі тую ж ролю, што Рурыкава Гарадзішча ў Ноўгарадзе, Смядынь у Смаленску, Багалюбава — пад Уладзімірам[2].

Падчас Лівонскай вайны ў лютым 1563 года ў Бельчыцкім манастыры размяшчаўся Іван Грозны. Пасля Берасцейскай царкоўнай уніі манастыр перайшоў да уніятаў (1596—1600). Пасля 1600 года праваслаўнае насельніцтва Полацка вярнула манастыр пад свой кантроль. У 1618 годзе манастыр быў узяты штурмам па распараджэнні ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. Уніятам манастыр належаў да 1839 года. У 1878 годзе ён атрымаў статус жаночага і быў падпарадкаваны праваслаўнаму Спаса-Ефрасіннеўскаму манастыру.

Пасля Першай сусветнай вайны на манастырскім двары размяшчаліся ваенныя склады. У гэты час Пятніцкая і Барысаглебская цэрквы пачалі трухлець. Сцены храмаў мясцовае насельніцтва разбірала на будматэрыялы. Дзве іншыя царквы Барысаглебскага манастыра былі зруйнаваны яшчэ ў XVIII стагоддзі.

У 1928 годзе вывучэнне Барысаглебскай і Пятніцкай цэркваў Барысаглебскага манастыра праводзіў І. М. Хозераў. Ён замаляваў фрагменты фрэскавага роспісу помнікаў[3].

Сучаснаць

правіць

У савецкі час у памяць пра святыню, якая існавала калісьці ў Бельчыцах, усталяваны мемарыяльны камень. Тэрыторыя былога Барысаглебскага манастыра ў наш час займаюць аднапавярховыя драўляныя хаты, а таксама пяціпавярховая «хрушчоўка» і цагляны дарэвалюцыйны дом (1910 год). Тэрыторыю манастыра перасякае дарога, якая праходзіць праз месца, дзе размяшчаўся Вялікі сабор.

У пачатку 2015 года пры пракладцы газаправода ў Юбілейным завулку быў пашкоджаны падмурак будынкаў Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра. Экскаватарам была пракапана траншэя шырынёй 40 сантыметраў і глыбінёй 180. Коўш экскаватара зачапіў частку падмурка меркаванага вялікага сабора храма манастыра. Разбурэнне археалагічнага помніка гісторыкам удалося спыніць толькі праз тыдзень. Падчас працы гісторыкаў на месцы раскопа было знойдзена мноства кавалкаў старажытнай плінфы[4].

Архітэктура

правіць

Пасля заканчэння будаўніцтва Сафійскага сабора ў сярэдзіне XI ст. гадах манументальнае будаўніцтва ўзнаўляецца на мяжы XIXII стст. з будаўніцтвам Вялікага храма Бельчыцкага манастыра пад Полацкам[5][6]. Іншыя схіляюцца да больш позняй даты — 20-я, а то і 30-я гады XII ст[7].

Хроніка Стрыйкоўскага сведчыць, што Барысаглебскі манастыр у старажытнасці быў абнесены каменнай сцяной з вежамі і байніцамі, што надавала яму выгляд і значэнне крэпасці. Тым часам полацкія князі саступілі Верхні замак епіскапам і перасяліліся на Бельчыцу[2]. Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр быў заснаваны менавіта як новая рэзідэнцыя полацкіх князёў на левым беразе Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе р. Бяльчанкі. У розныя часы XII ст. тут было ўзведзена некалькі храмаў. Але дакладна вядома пра чатыры: Вялікі сабор, Пятніцкую, Барысаглебскую цэрквы, храм-трыконх[8].

Вялікі сабор

правіць

Вялікі сабор[заўв 1] пабудаваны ў 1120-1130-я гг. вылучаўся сярод астатніх значнымі памерамі, якія мала саступалі Сафійскаму сабору і складалі ў даўжыю без прытвора 22,5 м, а ў шырыню — 16,5 м. Верагодна, гэта быў галоўны храм манастыра. Яго разбурылі ўжо ў XVI ст., і ў пачатку XX ст., калі пачалося вывучэнне Бельчыцкага манастырскага комплексу, меліся толькі падмуркі ды сціплыя апісанні ў літаратурных крыніцах. Таму рэканструкцыя першапачатковага выгляду Вялікага сабора, яго архітэктурнай пластыкі дастаткова прыблізная. Разам з тым супастаўленне выяўленых матэрыялаў — памераў і канструкцыі падмуркаў, кавалкаў кладкі, элементаў дэкору — дазваляюць канстатаваць, што гэта быў шасціслуповы, трохнефавы сабор з трыма апсідамі. Да яго паўднёвага, паўночнага і заходняга фасадаў прымыкалі амаль квадратныя ў плане прытворы, надаючы царкве крыжовасць[10].

Сцены Вялікага сабора выкладзены таксама ў тэхніцы візантыйскай кладкі «са схаваным радам» з устаўкамі вялікіх апрацаваных камянёў. Але ў адрозненне ад Полацкай Сафіі Бельчыцкі храм упрыгожвалі знадворку і ўнутры плоскія лапаткі. Іх памеры і размяшчэнне адпавядалі ўнутранаму чляненню царквы шасцю крыжовымі ў плане слупамі. Новым у будынку было таксама месца размяшчэнне купала. Ён абапіраўся не на ўсходнія, а на заходнія пары слупоў і, такім чынам, быў крыху ссунуты ад цэнтра да ўвахода. Наяўнасць у Бельчыцкім саборы прытвораў, ніжэйшых за асноўны аб’ём, ссунутасць купала ў заходні бок надавалі яго знешняму выгляду выцягнутыя ўверх прапорцыі. Гэта адметнасць стане ў далейшым характэрнай рысай большасці храмаў Полацкага княства. Вялікі сабор у Бельчьшкім манастыры быў упрыгожаны фрэскавымі роспісамі, а яго падлога ў алтары выкладзена ўзорамі з паліваных керамічных плітак[11].

Пятніцкая царква

правіць
 
Пятніцкая царква, 1890

Яшчэ адзін храм манастыра, Пятніцкая царква, пабудаваны ў XII ст., яе аўтарства звязваюць з імем полацкага дойліда Іаана. Царква была разбурана пасля 1920 г. Храм уяўляў сабой бесслуповы аднанефавы будынак невялікіх памераў з бакамі плана ў 5,1—5,8 м, мела адну прамавугольную ў плане апсіду, прытвор з захаду, а таксама склеп, які размяшчаўся пад усім будынкам, акрамя алтарнай часткі, і быў, верагодна, усыпальніцай князя Барыса Усяславіча. Аб характары перакрыццяў і завяршэння царквы існуе некалькі версій. Паводле першай, зыходзячы з планіроўкі і адсутнасці апсід, храм меў корабавыя скляпенні і быў бяскупальным, паводле іншай — яго вянчаў купал на барабане. Сістэма кладкі сцен царквы з чырвонай плінфы на ружовым растворы цамянкі засноўвалася на чаргаванні ўтопленых і выступаючых радоў, што было традыцыйным для культавых будынкаў Полацкага княства таго часу. Нават пры невялікіх знешніх памерах храм меў манументальны выгляд, ясна выказаную слуповасць сілуэта, якую яму надавалі ніжэйшыя за асноўны аб’ём, апсіда і прытвор, падкрэслівалі плоскія вонкавыя лапаткі, вертыкалі аконных праёмаў, размешчаных у два ярусы[12].

Барысаглебская царква

правіць
 
Барысаглебская царква, 1890

Трэцім значным будынкам Бельчыцкага манастыра з’яўлялася Барысаглебская царква, узведзеная ў сярэдзіне XII ст. Архітэктарам Барысаглебскага храма, як і Пятніцкай царквы, лічыцца майстар Іаан. Такое меркаванне грунтуецца на тым, што ў названых будынках выкарыстаны шэраг прыёмаў, якія знайшлі потым найбольш поўнае і завершанае ўвасабленне ў Спаса-Праабражэнскім саборы, аўтарам якога, што пацверджана летапіснымі крыніцамі, ён быў. Аднакупальны храм меў тры паўкруглыя апсіды, яго ўнутраная прастора падзялялася на тры нефы шасцю слупамі, што ішлі ў два рады, прычым цэнтральны неф вылучаўся большымі памерамі за бакавыя. У заходняй частцы будынка слупы злучаліся прасценкамі з паўднёвай і паўночнай сценамі, утвараючы аб’ём прытвора з корабавымі скляпеннямі. На ім знаходзіліся хоры. Па бакавых фасадах ішлі плоскія пілястры, паміж якімі ў два рады размяшчаліся вокны — большыя па вышыні зверху і меншыя — знізу. Сцены царквы выкладзены з плінфы на вапнавай рошчыне з цамянкай у тэхніцы «са схаваным радам» — традыцыйны спосаб муроўкі полацкіх будынкаў. Але ў адрозненне ад іншых храмаў у гэтым маляўнічы выгляд быў узмоцнены дадатковай афарбоўкай радоў цэглы ў чырвоны колер і спецыяльнай апрацоўкай светлых палос кладкі, якая, за кошт выкарыстаных спецыяльных штампаў, імітавала мур з пясчаніку[13].

Храм-трыконх

правіць

Чацвёртую з вядомых цэркваў Бельчыцкага манастыра, так званы храм-трыконх, падмуркі якога былі знойдзены падчас земляных работ у канцы XVIII ст. Храм быў узведзены, верагодна, у першай палове ці сярэдзіне XII ст. Звестак пра яго захавалася вельмі мала, паколькі будынак быў разбураны яшчэ задоўга да адкрыцця, пра што сведчыць складзеныя ў той час невядомым аўтарам запіска і план. На іх падставе можна меркаваць, што храм быў чатырохслуповы, меў адну апсіду з усходу і па адной з паўночнага і паўднёвага бакоў, тры ўваходы і крыпту. Такім чынам, не толькі ўнутраны аб’ём царквы меў крыжападобнае чляненне, яно прачытвалася і ў знешніх формах. Аналагічны тып культавага будынка, вядомы як храм-трыконх  (ням.), рэдкі для старажытнабеларускіх земляў і больш вядомы ў архітэктуры Балгарыі, Сербіі, Грэцыі (Афонскі манастыр), можа разглядацца і як архітэктурнае запазычанне, і як прыклад культурных, канфесійных сувязей Полацкага княства з іншымі праваслаўнымі краінамі Еўропы.1 (ст.38)Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том І. Мінск, «Беларусь», 2007

Заўвагі

правіць
  1. Яго сапраўдная назва невядома, Л. В. Аляксееў называе яго Успенскім саборам[9].

Крыніцы

правіць
  1. Памяць : Гіст.-дакум. хроніка Полацка / Пад рэд. Г. П. Пашкова. — Мн.: БелЭн, 2002. — С. 72—73.
  2. а б Борисоглебский Бельчицкий мужской монастырь (начало) Архівавана 5 сакавіка 2016. // Zodchestvo-info.ru
  3. Штыхов, Г. В. София Ивана Хозерова // Родина
  4. У Полацку пры земляных працах пашкодзілі рэшткі манастыра ХII стагоддзя // АНТ
  5. Хозеров ИМ. Белорусское и Смоленское зодчество XI—XIII вв. Мн., 1994. С. И;
  6. Воронин Н. Н. Бельчицкие руины // Архитектурное наследство. М., 1956. Т. 6. С. 16.
  7. Раппопорт ПА. Древнерусская архитектура. СПб., 1993. С. 268.
  8. Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том І. Мінск, «Беларусь», 2007, ст.36
  9. Л. В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 2. Москва: «Наука», 2006 ст.81
  10. Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том І. Мінск, «Беларусь», 2007, ст.36-37
  11. Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том І. Мінск, «Беларусь», 2007, ст.37
  12. Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том І. Мінск, «Беларусь», 2007, ст.37-38
  13. Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том І. Мінск, «Беларусь», 2007, ст.38

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць