Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Воўчын)
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — дзейны каталіцкі храм у вёсцы Воўчыне Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі. Помнік архітэктуры позняга барока міжнароднага значэння. Месца пахавання апошняга вялікага князя літоўскага і караля польскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы | |
---|---|
52°17′08″ пн. ш. 23°18′37″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Воўчын |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія | Пінская дыяцэзія |
Дэканат | Брэсцкі |
Архітэктурны стыль | барока |
Архітэктар | Ян Зыгмунт Дэйбель |
Заснавальнік | Станіслаў Панятоўскі |
Дата заснавання | 18 ліпеня 1729 |
Будаўніцтва | 1729—1733 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 111Г000334 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПершы камень новага касцёла закладзены 18 ліпеня 1729 года брэсцкім архідыяканам і намеснікам суддзі Янаўскай генеральнай кансісторыі Уладзіславам Суткоўскім. Будаўніцтва вялося на сродкі падскарбія вялікага літоўскага Станіслава Панятоўскага, у 1729—1731 гадах і завяршылася ў 1733 годзе.
Храм спраектаваны ў ватыканскай манеры рымскай архітэктуры Ёганам Зыгмундам Дэйблам. Неўзабаве пасля заканчэння будаўніцтва святыні ў Станіслава Панятоўскага нарадзіўся сын Станіслаў Аўгуст, будучы польскі кароль, які быў у ёй ахрышчаны.
У 1738 годзе Станіслаў Панятоўскі перадаў Воўчын свайму сваяку Міхалу Фрыдэрыку Чартарыйскаму. Пры ім адбылося асвячэнне воўчынскага касцёла пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, біскупа і мучаніка, якое здзейсніў 21 ліпеня 1743 года біскуп Луцкі і Брэсцкі Францішак Антоній Кабельскі.
Працы па аздабленні інтэр’ераў працягваліся і ў наступныя гады. Сярод архіўных матэрыялаў выяўлена таксама інфармацыя, што ў 1755 годзе ў Воўчыне працаваў архітэктар Крэйц, які быў адным з лепшых вучняў Пёпельмана, Яўха, Дэйбля. У канцы XVIII стагоддзя Адамам Чартарыйскім праведзены рамонт воўчынскага палаца і адначасова касцёла.
Пасля паўстання 1863—1864 гадоў, у 1866 годзе царскія ўлады адабралі касцёл у мясцовай каталіцкай парафіі, часткова яго разбурылі і пераабсталявалі. Перабудова касцёла ў царкву распачалася ў 1873 годзе. 30 жніўня 1876 года адбылося асвячэнне царквы ў імя Прасвятой Тройцы. Свята-Троіцкая царква была прыпісана да воўчынскай царквы Святога Мікалая Цудатворца. За перыяд існавання царквы буйных рамонтаў і пераробак будынка не праводзілася.
У 1918 годзе будынак вярнулі каталікам. У 1925 годзе ў касцёле адрамантавана тынкоўка, зроблена печка, умацавана канструкцыя вежы, устаўлены новыя дзверы, аконныя рамы, адрамантаваны дах. У 1924 годзе каля касцёла была пабудаваная плябанія ў неабарочным стылі для пражывання святара.
У 1930-я гады сярод польскага насельніцтва рэгіёну пачалася кампанія па адраджэнні Свята-Троіцкага касцёла. У касцёле захоўвалася метрыка Станіслава Аўгуста Панятоўскага — апошняга караля Рэчы Паспалітай. А ў ліпені 1938 года ў Воўчын з Санкт-Пецярбурга была перавезена труна з парэшткамі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Перапахаванне праводзілася таемна ад грамадскасці, без выканання неабходнага ў такім выпадку рытуалу.
Другая сусветная вайна прыпыніла пачаты рамонт касцёла. У 1945 годзе ён зноў перажыў частковае разбурэнне.
Пасля вайны касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў закрыты мясцовымі ўладамі і перададзены калгасу пад сховішча. Мясцовы пробашч пакінуў мястэчка, забраўшы касцёльны архіў. На пачатку 1990-х гадоў адрадзілася мясцовая парафія і вернікі пачалі падрыхтоўку да аднаўлення святыні.
У 2007 годзе было прынята рашэнне пра перадачу Пінскай дыяцэзіі будынка паўразбуранага касцёла[1]. Грунтоўныя працы па адраджэнні касцёла распачаліся ў 2009 годзе. 22 лістапада 2020 года біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка здзейсніў асвячэнне адбудаванага храма, пасля чаго адслужыў першую Святую Імшу ў ім[2].
Архітэктура
правіцьКасцёл — твор архітэктуры позняга барока з рысамі ракако. Уяўляе сабой цэнтрычны васьмігранны ў плане мураваны будынак накрыты гранёным шатровым дахам. У яго завяршэнні бельведэр з гадзіннікам-курантамі (знішчаны ў 1939 годзе, адноўлены ў 2010-х гадах). Уваход вылучаны нізкім прытворам, які не парушае цэнтрычнасці агульнай кампазіцыі. Шырокія грані фасадаў крапаваныя падвойнымі пілястрамі карынфскага ордара, завершаныя лучковымі франтонамі, увянчанымі скульптурнымі выявамі евангелістаў, ракайльнымі вазамі.
Аконныя праёмы размешчаныя ў тры ярусы: лучковыя ўнізе і на другім ярусе вузкіх граней; высокія арачныя на шырокіх гранях, круглыя і авальныя люкарны ў верхнім ярусе. Ліштвы акон насычаныя прафіліроўкай, арнаментальнай лепкай, дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі.
Інтэр’ер
правіцьЗала храма мае форму грэчаскага крыжа, перакрытая плоскай столлю. Вуглы зрэзаныя чатырма авальнымі ў плане памяшканнямі з лоджыямі на другім ярусе, на якія вядуць вітыя ўсходы. Два ярусы абмежаваны шырокім антаблементам з прафіляваным карнізам і арнаментальным фрызам. Першы ярус сцен раскрапаваны карынфскімі канеліраванымі пілястрамі, другі — тонкімі лапаткамі з гірляндамі ў прасценках. У дэкоры шырока выкарыстана стукавая лепка: картушы, гірлянды, букеты кветак, акантавы арнамент, гарэльефы пуцці і херувімаў. Асноўнымі пластыка-дэкаратыўнымі акцэнтамі інтэр’ера з’яўляюцца тры алтары — галоўны і две бакавыя.
Плябанія
правіцьПобач з касцёлам (з усходняга боку) захаваўся будынак плябаніі — аднапавярховы прамавугольны ў плане аб’ём пад вальмавым дахам з мансардай.
Зноскі
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 135.
- Валерый Пазднякоў. Воўчынскі Троіцкі касцёл // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 467—468. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X. — С. 227—228.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 223—224.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Воўчын)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Воўчын) на сайце Catholic.by (бел.)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Воўчын) на сайце Radzima.org
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Воўчын) на сайце Глобус Беларусі (руск.)