Касцёл Святога Іосіфа (Валожын)

Касцёл Святога Іосіфа — каталіцкі храм у горадзе Валожыне Мінскай вобласці, помнік архітэктуры класіцызму. Размешчаны на плошчы Свабоды ў цэнтры горада.

Славутасць
Касцёл Святога Іосіфа
Касьцёл Сьв. Юзафа з брамай-званіцай.JPG
Касцёл Св. Іосіфа з брамай-званіцай
54°05′22″ пн. ш. 26°31′41″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Валожын
Канфесія Каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Благачынне Валожынскі дэканат 
Архітэктурны стыль класіцызм
Архітэктар Аўгуст Касакоўскі, або Лаўрын Гуцэвіч
Заснавальнік Іосіф Тышкевіч
Будаўніцтва 18061815 гады
Стан дзейнічае

ГісторыяПравіць

Вялікае Княства ЛітоўскаеПравіць

 
Касцёл, 2-я пал. XIX ст.
 
Касцёл, пач. XX ст.

Першы, яшчэ драўляны і невялікі па памерах, касцёл у Валожыне быў пабудаваны ўласнікам мястэчка Альбрэхтам Гаштольдам каля 1500 года. Касцёл быў прысвечаны Святому Іосіфу Абручніку. На той момант гэта была філія парафіяльнага касцёла ў Забрэззі.

Пасля 1614 года, калі Валожын перайшоў да Слушкаў, пры касцёле паўстала пастаянная супольнасць братоў-бернардзінцаў. У 1683 (па іншых звестках — 1681) годзе тагачасны ўласнік Валожына Юзаф Багуслаў Слушка заснаваў бернардзінскі кляштар з 16-цю братамі, якому ён прыпісаў штогадовыя адлічэнні для ўтрымання. Паводле падання, матывам заснавання кляштара стала тое, што перад гэтым Слушка здзейсніў страшнае злачынства: у публічнай сутычцы забіў аднаго з мінскіх братоў-бернардзінцаў. У кляштары мелася вялікая на той час бібліятэка, якая налічвала некалькі соцень кніг. У 1730 годзе будынкі касцёла і кляштара былі знішчаны пажарам.

У 1690 годзе Марыя Дэнгаф, удава полацкага ваяводы, фундавала поўную перабудову касцёла, большага памеру, але таксама з дрэва. Новы касцёл таксама быў прысвечаны святому Іосіфу. У гэтым жа 1690 годзе валожынскі касцёл стаў цэнтрам асобнай парафіі. У такім стане касцёл трымаўся да 3 мая 1815 года, калі праз неасцярожнасць касцёльных служкаў цалкам згарэў, пры гэтым ніякіх каштоўнасцей і рэліквій уратаваць не атрымалася. Агнём быў знішчаны стары драўляны касцёл, большая частка кляштара з яго архівамі і бібліятэкай, а таксама будынкі школы і багадзельні.

Расійская імперыяПравіць

У 1806 годзе побач быў закладзены падмурак для новага мураванага касцёла, фундатарам якога стаў Іосіф Ігнат Тышкевіч. Будаўніцтва мураванага касцёла было завершана ў жніўні 1815 года, тры месяцы службы ішлі ў трапезнай кляштара. Новы касцёл быў часова кансэкраваны 2 жніўня 1815 года.

Паводле адной з версій архітэктарам касцёла быў Аўгуст Касакоўскі, які таксама пабудаваў валожынскі палац Тышкевічаў[1]. Па іншай версіі, касцёл быў узведзены паводле праекта архітэктара Лаўрына Гуцэвіча (1797)[2], але хутчэй за ўсё, пры ўзвядзенні касцёла ў Валожыне ў спрошчанай форме быў скапіраваны класіцысцкі ордэр віленскага кафедральнага сабора.

У 1829 г. пабудавана мураваная брама-званіца. У гэтым жа годзе на сродкі графа Тышкевіча на валожынскіх могілках  узведзена капліца, прыпісаная да касцёла Святога Іосіфа.

У 1856 годзе была праведзена ўрачыстая кансэкрацыя касцёла віленскім біскупам Вацлавам Жылінскім. Захавалася апісанне касцёла на той момант:

  Касцёл мае форму падоўжанага чатырохвугольніка. Даўжыня — 80 аршынаў, шырыня — 36, вышыня — 50 аршынаў. Пакрыты бляхай амарантавага колеру, якая была накрыта ў 1852 годзе і каштавала 1961 срэбраны рубль, сабраных з ахвяраванняў графоў Тышкевічаў (Бенедыкта, Яна, Міхала і Іосіфа) і часткова з ашчаджэнняў кляштара. Прыгожы касцёльны фасад абапіраецца на шэсць калонаў, паміж якімі знаходзяцца чатыры гіпсавыя статуі Святых Евангелістаў. Уваход у касцёл праз крухту (ці бабінец), над якім знаходзіцца арган 27 галасоў напрыйгажэйшай гармоніі, працы П. Пятровіча. Высокае скляпенне абапіраецца на шэсць філяраў. У касцёле дзевяць алтароў, усе мураваныя, з калоннамі і гіпсавым аздабленнем, працы славутага ў той час у правінцыі скульптара П. Пульмана. Вялікі алтар прысвечаны Найсвяцейшай Дзеве Марыі. Абапал знаходзяцца чатыры алтары: з левага боку — Святога Іосіфа Абручэнца і Святой Ганны, і насупраць з правага боку — Святога Антонія Падуанскага і Францыска Асізскага. Патрыярхі ордэна маюць падвойныя абразы. Далейшыя чатыры алтары (Святой Іяаны-удавы, Святога каралевіча Казіміра, Святой пакутніцы Варвары і Святога Міхаіла Арханёла) месцяцца каля філяраў. Усе алтарныя абразы, пэндзля П. Вайткевіча, апраўленыя ў пазалочаныя рамы. Кожны алтар мае шэсць вялікіх ліхтароў, з англійскага цынку, усталяваных у апошнія гады коштам уласніка Валожына Яна Тышкевіча, з васковымі свечкамі ў адпаведнай колькасці. Каля першага філяра з правага боку ад вялікага алтара месціцца прыгожы амбон з гіпсавымі аздабленнямі. Насупраць назіральнік звяртае ўвагу на літы з жалеза надгробны помнік фундатара касцёла графа Іосіфа Тышкевіча, які напаўляжыць, абапёршыся на локаць, у рымскім узбраенні, аточаны зброяй і гярбамі графоў Тышкевічаў. Над помнікам у руках анёла знаходзіцца мармуровая шыльда (два аршыны ў даўжыню, паўтары ў вышыню) з апісаннем заслугаў памерлага. Не ў малой ступені касцёл аздабляюць 14 вобразаў Пакут Хрыстовых, кожны з якіх мае ў шырыню дзве траціны аршыну, а ў вышыню — два аршыны. Дапаўняюць аздабленне лаўкі, спавядальні, дзверы, хары за вялікімі алтаром для ордэнскіх братоў і іншая рухомая маёмасць, пераважна з дубовага дрэва, пакрытая лакам. Такой самай працы і гатунку шафы, камоды, рукамыйнік і сталы ў рызніцы, размаляванай фрэскамі і ацепліваемай узімку. Злева ад уваходу ў касцёл, непадалёк ад хрысцільні, да мура прыробленая гранітавая шыльда, на якой распавядаецца пра гісторыю касцёла і яго кансэкрацыю»[3]  
 
Касцёл Святога Іосіфа

Пры касцёле ўтрымліваўся невялікая багадзельня, дзе на грошы кляштара і парафільяныя ўнёскі атрымлівалі прытулак бедныя людзі. У зімнюю пару пры касцёле працавала школа для сялянскіх дзяцей, дзе іх вучылі катэхізісу і пацерам, чытанню і пісьму, пачаткам арыфметыкі.

У 1860 годзе кляштар бернардзінцаў быў ліквідаваны, а сам будынак кляштара разбураны.

У 1861 годзе Уладзіслаў Сыракомля так апісваў касцёл святога Іосіфа ў Валожыне:

Над прыземленым мястэчкам, якое, здаецца, кленчыць перад яго веліччу, свецяцца ягоныя цудоўныя муры. Не ўздымаюцца, не ўзлятаюць у неба ягоныя вежы, бо гэтая святыня ў духу васямнаццатага стагодзьдзя, калі алоўкам архітэктара кіравала не набожнасць, а захапленне грэцкім хараством. Нагадвае ён віленскую катэдру, толькі што няма бакавых капліц[4].

 
Касцёл і званіца, пач. XX ст.

Сыракомля згадвае мармуровую табліцу над дзвярыма, на якой напісана залатымі літарамі: «offerimus praeclareae Majestati Tude, de Tuis donis ac datis. Anno Dui 1813 septembris 17» («Ахвяруем Тваёй Найяснейшай Вялікасці з Тваіх дароў і дарункаў. 17 верасьня 1813 г.»). Табліца захавалася да нашага часу.

У 1864 годзе касцёл быў зачынены царскімі ўладамі і аддадзены пад праваслаўную царкву. Каштоўныя рэчы былі перададзены Віленскай кафедры, частка маёмасці — Вішнеўскаму касцёлу, а многія іконы, мэбля, метрычныя кнігі і іншыя дакументы пакінуты праваслаўнай царкве. У гэтым жа годзе капліцу на валожынскіх могілках  перадалі Свята-Іосіфаўскаму праваслаўнаму прыходу, а намеснік Віленскага Свята-Духава манастыра айцец Варсанофій пераасвяціў яе ў гонар Праабражэння Гасподня[5].

Паводле сведчання Чэслава Янкоўскага (1897), будынак не перараблялі, толькі пафарбавалі статуі чатырох евангелістаў у нішах фасада. Але надмагілле Іосіфа Тышкевіча было разбуранае, а труны былі выцягнутыя са склепа і кінутыя ля сценаў царквы[6].

У пачатку ХХ ст. прыхаджане-католікі актывізавалі свае дзеянні па адкрыцці касцёла ў Валожыне. Разглядалася нават пытанне аб будаўніцтве новага касцёла пры дапамозе сродкаў графа Тышкевіча. Да 1914 г. вернікамі была сабрана вялікая сума грошай на будаўніцтва, аднак дазволу ад улад не атрымалі.

Найноўшы часПравіць

У ліпені 1919 года касцёл быў вернуты католікам. На жаль, гэта падзея была азмрочана пажарам, у выніку якога згарэлі дах і трэцяя частка скляпення. Агульнымі намаганнямі парафіян праведзены рамонтныя работы.

У 1921 годзе польскія ўлады сталі праводзіць рэвідыкцыю царкоўных храмаў і зямель. У выніку яе Спаса-Праабражэнскую капліцу на валожынскіх могілках зноў прыпісалі да касцёла Св. Юзафа.

Увесь міжваенны час у Валожыне святаром быў ксёндз Антоні Удальскі. У верасні 1941 года ён быў пераведзены ў Вялікія Салечнікі, але быў там арыштаваны літоўскай паліцыяй, утрымліваўся ў віленскай турме, пазней пераведзены ў валожынскую турму. У 1943 годзе ксёндз Антоні Удальскі быў расстраляны нацыстамі. Існуе версія, што ён быў патаемна пахаваны побач са сваімі бацькамі каля валожынскага касцёла. Лічыцца, што ксёндз Удальскі быў арыштаваны і расстраляны за дапамогу габрэям[7].

8 кастрычніка 1960 г.  уладамі касцёл быў закрыты. Яго настаяцель ксёндз Ян Германовіч пакінуў парафію і выехаў у Польшчу. Касцельная маёмасць падверглася разбурэнню. Быў знішчаны арган, разбураны ў алтары і амбон, дэкаратыўныя ўпрыгожванні, разбіты фігуры евангелістаў, якія стаялі ў нішах фасада[5].

У будынку знаходзіліся склады адной з гандлёвых арганізацый, пасля там знаходзіўся цэх будаўнічай арганізацыі «Міжкалгасстрой», філіял мінскага завода «Тэрмапласт». Вернуты каталікам у 1991 годзе, пасля чаго некалькі год праводзілася рэстаўрацыя[8].

У 2007 годзе каля касцёла быў пастаўлены помнік Яну Паўлу ІІ.

АрхітэктураПравіць

 
Інтэр’ер касцёла

Касцёл уяўляе сабой манументальны цагляны прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Трохнефавы, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі. На галоўным фасадзе — порцік дарычнага ордара з шасцю пастаўленымі на кубічныя цокалі калонамі і трохвугольным франтонам. У нішах некалі стаялі велічныя скульптуры евангелістаў. Бакавыя плоскасныя сцены рытмічна расчлянёны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з трохвугольнымі сандрыкамі. Будынак акаймоўвае антаблемент з трыгліфным фрызам і карнізам на дэнтыкулах.

Унутраная прастора падзелена магутнымі аркадамі на тры падоўжныя нефы, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках і распалубках. У тарцах бакавых нефаў вылучаны сакрысціі, якія абмяжоўваюць прастору прамавугольнай апсіды. Над скляпеністым, з шырокімі аркамі нартэксам на шырыню залы створана галерэя хораў[2].

Галоўны алтар асвячоны ў імя Святога Іосіфа, маюцца яшчэ чатыры алтары паменш, захаваўся арган.

Побач з касцёлам асобна размешчана брама-званіца. Масіўная трохпралётная аркада з фігурнымі контрфорсамі па баках. У арках брамы навешаны тры бронзавыя званы.

Пад хорамі касцёла знаходзілася магільная капліца фундатараў графаў Тышкевічаў. У капліцы, аздобленай фрэскамі, з адным алтаром, знаходзіліся магілы:

  • графа Іосіфа Тышкевіча (пам. 1815);
  • яго сына графа Міхала Тышкевіча (пам. 1839);
  • жонкі Міхала графіні Іяанны Тышкевіч (пам. 1816) і іх двух сыноў Казіміра (пам. 1830) і Міхала (пам. 1815);
  • Міхаліны Тышкевіч, дочкі Іосіфа і Ганны Забелаў-Тышкевічаў (пам. 1835)[9].

Зноскі

  1. Мастацтва. Архітэктура і горадабудаўніцтва. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — 760 с. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2), ISBN 985-11-0310-1.. — С. 642
  2. 2,0 2,1 Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. —С. 50.
  3. Akt konsekracji kościoła wołożyńskiego, spełniony przez JW biskupa wileńskiego Wacława·Żylińskiego 1856 roku 24 czerwca. Wilno. drukiem Józefa Zawadzkiego, 1857. — C. 54—56.
  4. Уладзіслаў Сыракомля. Валожын — мястэчка ў Ашмянскім павеце // Выбраныя творы. Мінск: Беларуская навука, 2011. Стар. 553.
  5. 5,0 5,1 Наталля Лоўчая. 200-гадовы юбiлей Валожынскай святынi. Працоўная слава. 19.03.2016.[1]
  6. Jankowski Czesław. Powiat oszmiański : materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 2. Wilno, 1897. Стар. 92-93.
  7. https://opoka.org.pl/biblioteka/T/TH/THO/antoni_udalski.html
  8. Сапоцька П. М. Касцёлы ў Лагойску і Валожыне як вынік мецэнацкай дзейнасці Тышкевічаў.
  9. Tysykiewicz Eustachy. Groby rodziny Tyszkiewiczów. Warszawa, 1873. Стар. 61-63.

КрыніцыПравіць

СпасылкіПравіць