Філарэт (Вахрамееў)
Філарэ́т (свецкае імя Кіры́л Варфаламе́евіч Вахраме́еў; 21 сакавіка 1935, Масква — 12 студзеня 2021, Мінск) — праваслаўны царкоўны дзеяч Беларусі, іерарх Рускай праваслаўнай царквы, прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы (1978—2013), мітрапаліт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі (1989—2013). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1990—1995).
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Царкоўнае служэнне пачаў у 1954 годзе іпадыяканам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія.
У 1957 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю, потым у 1961 годзе — Маскоўскую духоўную акадэмію.
У 1959 годзе ў Троіца-Сергіевай лаўры прыняў манаства з імем у гонар святога Філарэта Літасцівага і ў 1961 годзе быў пасвячоны ў іераманаха. Дата хіратоніі: 24 кастрычніка 1965 года.
З 1965 года — епіскап Ціхвінскі, у 1966—73 гадах — епіскап Дзмітраўскі, рэктар МДА і семінарыі. У 1971 годзе ўзведзены ў сан архіепіскапа, з 15 красавіка 1975 — мітрапаліта. Мітрапаліт Берлінскі і Сярэднееўрапейскі да 1978 года.
У 1978 годзе Філарэт быў назначаны Мітрапалітам Мінскім і Беларускім, адначасова да 1984 займаў пасаду Патрыяршага Экзарха Заходняй Еўропы. Старшыня Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхата з 1981 да 1989 год. З 1989 года — Мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, пастаянны член Свяшчэннага Сінода.
З 1990 па 1995 — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, затым Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Са студзеня па снежань 1991 года — народны дэпутат СССР. У Вярхоўным Савеце быў старшынёй камісіі дэпутацкай этыкі. Апекаваўся праграмамі дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.
У 1992—2013 гадах быў Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, свяшчэнна-архімандрытам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Займаўся стварэннем і разбудовай Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая атрымала сваю разгалінаваную структуру, але захавала падпарадкаванне Маскоўскагу Патрыярхату. У Беларусі былі адроджаны ўсе гістарычна існаваўшыя епархіі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы, аднавіла дзейнасць Мінская духоўная семінарыя, былі заснаваны Мінская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў. Прыхільна ставіўся да прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, а калі той прайграў на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, пачаў падтрымліваць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку (бадай, адзінае, у чым не супадаў з ім поглядамі, дык гэта ў пытанні смяротнага пакарання)[1].
Па благаславенні Патрыяршага Экзарха была адноўлена святыня Беларусі — Крыж Еўфрасінні Полацкай, пачаў функцыянаваць сацыяльны праект Беларускай праваслаўнай царквы — Дом міласэрнасці. Па ініцыятыве Мітрапаліта Філарэта ў царкоўны каляндар унесена новае свята «Сабор Беларускіх святых» і ўстаноўлены агульнацаркоўныя святы ўсіх беларускіх святых, сярод якіх імёны прападобнай Еўфрасінні Полацкай, свяціцеляў Кірылы Тураўскага, Георгія Каніскага і іншых. Мітрапаліт Філарэт арганізаваў пераклад кніг Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову.
Дзякуючы намаганням мітрапаліта створаны Міжнародны хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, а таксама Інстытут рэлігійнага дыялогу і міжканфесійных камунікацый. Пры яго дзейсным удзеле было распрацавана і заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
У сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту залічаны на адпачынак, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
16 снежня 2020 года Мітрапаліт Філарэт быў шпіталізаваны з прыкметамі захворвання, якое выклікае каранавірусная інфекцыя. Ён памёр у бальніцы ў Мінску 12 студзеня 2021 года. Пахаваны ў Жыровіцкім манастыры[2].
Узнагароды
правіць- Герой Беларусі
- Ордэн Францыска Скарыны
- Ордэн Айчыны
- Ордэн Пашаны
- Ордэн Дружбы народаў
- Медаль Францыска Скарыны
- ордэн За заслугі перад Айчынай IV ступені (Расія)
- шэраг царкоўных узнагарод
Ушанаванне памяці
правіць- 3 мая 2022 года ў Мінску каля Кафедральнага сабора быў устаноўлены помнік мітрапаліту Філарэту[3][4]
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16). — С. 385.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 35.
- Митрополит Филарет (Вахромеев): биобиблиографический справочник: к 60-летию [со дня рождения / составители: Т. А. Самойлюк и др.]. Минск : [б. и.], 1997. — 292 с.
- Нефедов В. В. Беседы с митрополитом Филаретом. — Минск : Полымя, 1992. — 91 с.