Пінскводбуд
«Пінскводбуд» — дзяржаўнае будаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 1972 годзе ў Пінску (Брэсцкая вобласць) ў якасці спецыялізаванага трэсту «Пінскводбудмеханізацыя». Галоўнае прадпрыемства размяшчаецца па вуліцы Пушкіна, д. 5. Адыграла істотную ролю ў меліярацыі ў Брэсцкай вобласці.
«Пінскводбуд» | |
---|---|
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 3 студзеня 1972 |
Заснавальнікі | Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР |
Размяшчэнне | Пінск (Брэсцкая вобласць, Беларусь) |
Адрас | |
Ключавыя постаці | Валерый Богнат, Леанід Гордзіч, Аляксандр Кузьміч |
Галіна | будаўніцтва |
Прадукцыя | вадасховішча, дамба, мост, плаціна, шлюз |
Абарот | ▼9,932 млн рублёў (2016 г.; $4,967 млн) |
Аперацыйны прыбытак | ▼-0,339 млн руб (2016 г.; $-169,5 тыс.) |
Чысты прыбытак | ▲-0,282 млн руб (2016 г.; $-141 тыс.)[1] |
Аўдытар | Л.Т. Лялюк (Пінск)[2] |
Матчына кампанія | ДА «Белводгас» (Мінск) |
Даччыныя кампаніі | рыбгасп «Лахва» (Лунінецкі раён) |
Сайт | pinskvodstr.by |
Гісторыя
правіцьУ студзені 1972 года Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР заснавала спецыялізаваны трэст «Пінскводбудмеханізацыя», у склад якога перадалі трэст «Брэстводбуд», 6 будаўніча-мантажных кіраўніцтваў (БМК; Ганцавіцкае, Лунінецкае, Пінскае, Столінскае, Целяханскае, Іванаўскае) і Гарадзішчанскую перасоўную механізаваную калону № 5 (ПМК-5; Баранавіцкі раён). Пазней далучылі яшчэ 4 ПМК: Лагішынскую № 34 (Пінскі раён), Ляхавіцкую № 24, Мікашэвіцкую № 22 (Лунінецкі раён) і Давыд-Гарадоцкую № 111 (Столінскі раён). У якасці дапаможных пусцілі Пінскі завод жалезабетонных вырабаў, цэнтральную рамонтную майстэрню (вёска Пінкавічы, Пінскі раён) і аўтатранспартны ўчастак. На пачатак 1977 года трэст налічваў звыш 4800 супрацоўнікаў, з іх 1500 механізатараў і 450 інжынераў. Прадпрыемства мела 435 аўтамабіляў, 320 вусеневых і колавых трактароў, 225 адна- і 73 шматкаўшовых экскаватараў, 165 бульдозераў, 152 карчавальнікі і 24 скрэперы. 28 снежня 1979 года пасля 7-гадовага будаўніцтва ў Ганцавіцкім раёне здалі вадасховішча Лактышы плошчай 1520 га і аб’ёмам вады ў 50,2 млн м³. Агульная плошча рыбаводчых сажалак склала 2549 га. Звыш 200 км² у вадазборы ракі Лань атрымалі пастаянную крыніцу ўвільгатнення[3].
У 1978 годзе ў Пінскім раёне скончылі 3-гадовае будаўніцтва вадасховішча Пагост і рыбнай гаспадаркі «Палессе» (вёска Вяз), якая ўключала нераставыя, матачныя і выгульныя сажаркі-рыбнікі. Ваду ў іх падавалі помпавыя станцыя з вадасховішча Пагост праз магістральныя і падальныя каналы, аснашчаныя дамбамі, шлюзамі і плацінамі. Упершыню пры будаўніцтве давялося выселіць і затапіць вёску Грушка, што налічвала 76 дамоў і каля 200 жыхароў. У 1970-я гады меліярацыя ў асноўным праводзілася з выкарыстаннем балотаходных бульдозераў Т-130, якія выпускаў Чалябінскі трактарны завод (РСФСР). 26 мая 1985 года ў вёсцы Селішча (Пінскі раён) заклалі найбольшую ў Еўропе плантацыю (на 2012 год ААТ «Беларускія журавіны» з сажалкай-адстойнікам на 6 гектараў) з тэрмінам службы на 30 гадоў і да 50 гадоў пры належным доглядзе). Журавінавая плантацыя ўключала чэкі, каналы, дамбы і трубы для пастаяннага арашэння, якое таксама дзейнічала на палях для вырошвання буякоў[3].
З 1 красавіка 1988 года трэст атрымаў сучасную назву «Пінскводбуд». Да 1990 года прадпрыемства ўвяло ў дзеянне звыш 3000 км² асушаных і 350 км² арашальных зямель, пабудавала звыш 5000 гідратэхнічных збудаванняў (насосных станцыяў, мастоў, шлюзаў, дамбаў, плацін і вадасховішчаў агульным аб’ёмам каля 200 млн м³ вады) і каля 3000 кватэр агульнай плошчай звыш 109 000 м². Для будаўніцтва асфальтаваных дарог між паселішчамі дзейнічалі 6 асфальтабетонных заводаў. На меліяраваных землях заснавалі звыш 200 савецкіх гаспадарак (саўгас), з іх найбольшыя: у Пінскім раёне — «Парахонскі» (на 2012 г. ААТ з 10-ю жывёлагадоўчымі комплексамі па 10 000 галоваў жывёлы кожны), «Маладзельчыцы» і «24-ы з’езд КПСС» (в. Жыдча); у Ганцавіцкім — «Адраджэнне» (аг. Раздзялавічы) і «Ясенева» (в. Яловая); у Лунінецкім — імя Леніна і «25-ы з’езд КПСС» (в. Міжлессе); у Іванаўскім раёне — імя Івана Паліўкі (в. Тышкавічы); у Івацэвіцкім — «Перамога» (в. Вулька Аброўская); у Ляхавіцкім — «Востраў»[3].
У пачатку 1990-х гадоў «Пінскводбуд» пераважна будаваў пасёлкі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях для перасяленцаў у рамках пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У 1995 годзе трэст «Пінскводбуд» перайшоў у падпарадкаванне дзяржаўнага канцэрна «Белмеліяводгас» (Мінск, Беларусь), які стаў асноўным замоўнікам будаўніцтва і перабудовы меліярацыйных збудаванняў і водных гаспадарак. У другой палове 1990-х гадоў істотнымі заказамі былі будаўніцтва і рэканструкцыя ахоўных і вадаправодных збудаванняў на трасе нафтаправода Мазыр-Брэст для «Гомельтранснафта Сяброўства», добраўпарадкаванне беларуска-літоўскай граніцы для Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў Рэспублікі Беларусь. У жніўні 1999 г. канцэрн «Белмеліяводгас» сваім Загадам перадаў прадпрыемствам, якім належалі меліярацыйныя збудаванні, 3 адпаведныя перасоўныя механізаваныя калоны (ПМК): Мікашэвіцкую № 22, Лагішынскую № 34 і Давыд-Гарадоцкую № 111. 15 сакавіка 2001 г. Выканаўчы камітэт Брэсцкай вобласці паставіў на ўлік «Пінскводбуд» у якасці ўнітарнага прадпрыемства. У кастрычніку 2001 года прадпрыемствам-уласнікам меліярацыйных збудаванняў перадалі Ганцавіцкую і Ляхавіцкую ПМК. У выніку ў складзе УП «Пінскводбуд» засталіся цэнтральная рамонтная майстэрня, у якую ўключылі аўтапарк і завод жалезабетонных вырабаў, і 5 ПМК у Івацэвіцкім, Лунінецкім, Пінскім, Столінскім і Іванаўскім раёнах на аснове былых будаўніча-мантажных кіраўніцтваў (БМК)[3]. У 2001 г. аб’ём меліяратыўнага будаўніцтва ў Брэсцкай вобласці 50-кратна скараціўся параўнальна з 1991 годам.
З пачатку 2000-х гадоў дзейнасць пераважна складалася з выканання захадаў абароны і перасцярогі ад паводак, у тым ліку ўзвядзення збудаванняў у Давыд-Гарадку (Столінскі раён) і пракладкі новага рэчышча ракі Гарынь вакол яго, агароджанага асфальтавымі дамбамі. За 2005—2011 гады «Пінскводбуд» набыў 49 экскаватараў, з іх каля 40 у Коханаўскага экскаватарнага завода (Талачынскі раён, Віцебская вобласць), таксама 11 трактароў і каля 50 перасоўных насосных станцыяў. На пачатак 2011 года прадпрыемства налічвала 1053 супрацоўнікі. За 2011 год меліярацыя склала 40 % працы прадпрыемства. Да ААТ «Пінскводбуд» далучылі рыбную гаспадарку «Лахва» (Лунінецкі раён)[3]. На 31 снежня 2016 года 99,5 % акцый прадпрыемства належала дзяржаўнаму аб’яднанню «Белводгас» (Мінск).
Структура
правіцьНа 2017 год ААТ «Пінскводбуд» уключала цэнтральную рамонтную майстэрню (ЦРМ; в. Пінкавічы, Пінскі раён), доследную рыбную гаспадарку «Лахва» (Лунінецкі раён) і 5 перасоўных механізаваных калон: 58-я (Пінкавічы), 59-я (Лунінец), 60-я (пас. Целяханы, Івацэвіцкі раён), 61-я (Іванава) і 62-я (Столін).
ЦРМ уключала завод жалезабетонных вырабаў і аўтапарк на 30 самазвалаў. Праектаванне ажыццяўлялася ў супрацы з ААТ «Палесседзіправодгас» (Пінск). Ажыццяўляла асушэнне зямель для гаспадарчага выкарыстання. Закрыты дрэнаж рабілі з дапамогай поліэтыленавых гафрыраваных трубаў, якія пракладалі на глыбіні каля 4-х метраў для ўтварэння падземных водных каналаў (д’юкераў). У якасці таннейшага варыянту ўзводзілі адкрытыя асушальныя сеткі з 5-гадовым тэрмінам гарантыі на работы, пасля чаго тыя вымагалі рэгулярнага абкосу травы на каналах для прадухілення выветрывання ўрадлівага слою глебы[3].
Кіраўнікі
правіць- Іван Адзінец (1972—1977)
- Георгій Даніловіч (1977 — студзень 1997)
- Леанід Даўбнюк (студзень 1997 — 26 жніўня 2011)
- Леанід Кароль (26 жніўня 2011 — 16 красавіка 2016)
- Валерый Богнат (з 16 красавіка 2016 года)
Зноскі
- ↑ "Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2016 год (1,9998 за долар)". Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. 2017. Праверана 12 кастрычніка 2017.
- ↑ "Раскрыццё звестак аб дзейнасці за 2016 год"(руск.). ААТ «Пінскводбуд». 14 красавіка 2017. Праверана 12 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д е Уладзімір Хількевіч, Вольга Гецэвіч. «Меліяраваны гектар — нацыянальнае багацце» // Звязда : газета. — 2 чэрвеня 2012. — № 104 (27219). — С. 6. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)