Камуністычная партыя Савецкага Саюза

палітычная партыя
(Пасля перасылкі з РКП(б))

Камуністычная партыя Савецкага Саюза (КПСС) (руск.: Коммунистическая партия Советского союза КПСС) — палітычная арганізацыя, якая з кастрычніка 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да лістапада 1991 — у СССР. Яе тэарэтычная аснова — марксізм-ленінізм. На працягу большай часткі гісторыі СССР — адзіная партыя, вядучая палітычная сіла савецкага грамадства.

Камуністычная партыя Савецкага Саюза (КПСС)
Коммунистическая партия Советского союза
Выява лагатыпа
Лідар Іосіф Вісарыёнавіч Сталін, Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, Леанід Ільіч Брэжнеў, Юрый Уладзіміравіч Андропаў, Канстанцін Усцінавіч Чарненка, Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў і Уладзімір Антонавіч Івашка[d]
Заснавальнік Уладзімір Ільіч Ленін
Дата заснавання
Дата роспуску 29 жніўня 1991
Штаб-кватэра СССР, горад Масква
Краіна
Ідэалогія Марксізм-ленінізм
Саюзнікі і блокі
Маладзёжная арганізацыя Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі
Колькасць членаў 19 468 786, 19 487 822, 19 228 217[1] і 16 516 066[2]
Дэвіз Пралетарыі ўсіх краін яднайцеся
Гімн Інтэрнацыянал
Партыйны друк Праўда
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
РСДРП — РСДРП(б) — РКП(б) —
УКП(б) — КПСС

Гісторыя партыі
Кастрычніцкая рэвалюцыя
Ваенны камунізм
Новая эканамічная палітыка
Ленінскі заклік
Сталінізм
Хрушчоўская адліга
Перыяд застою
Перабудова

Партыйная арганізацыя
Палітбюро
Сакратарыят
Аргбюро
Цэнтральны Камітэт
Абкам
Акругкам
Гаркам
Райкам
Парткам

Кіраўнікі партыі
Уладзімір Ленін
Іосіф Сталін
Мікіта Хрушчоў
Леанід Брэжнеў
Юрый Андропаў
Канстанцін Чарненка
Міхаіл Гарбачоў

Статут
З’езды партыі
Канферэнцыі партыі
ВЛКСМ
Праўда
Ленінская гвардыя
Апазіцыі ў УКП(б)
Вялікі тэрор
Антыпартыйная група
Генеральная лінія партыі

Руская партыя
Еўсекцыя

Партыйны білет чальца КПСС. 1989 год

На працягу сваёй шматгадовай дзейнасці у Расійскай імперыі и Савецкім Саюзе партыя мела розные назвы:

Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя РСДРП 18981917
Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (бальшавікоў) РСДРП(б) 19171918
Расійская камуністычная партыя (бальшавікоў) РКП(б) 19181925
Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў) УКП(б) 19251952
  Камуністычная партыя Савецкага Саюза КПСС 19521991

Бальшавікі ў РСДРП

правіць

Фармальна КПСС бярэ пачатак з I з'езда РСДРП (1-3(13-15).3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з'ездзе (17(30).7 — 10(23).8.1893, Брусель — Лондан). Арганізатар і тэарэтык партыі У. Ленін слова «бальшавік» лічыў недарэчным, бяссэнсавым, якое выпадкова склалася на II з'ездзе РСДРП пры галасаванні за склад ЦК. Аднак у гэтым слове сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. Ён стаў асаблівай якасцю, нормай мыслення, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла крайнюю цэнтралізацыю, радыкальныя формы рэвалюцыйнай барацьбы.[3] Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерасійскай канферэнцыі РСДРП (5-17(18-30).1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арганізацый РСДРП напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917.

Першая Праграма партыі, прынятая на II з'ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначалі буржуазна-дэмакратычны і сацыялістычны этапы рэвалюцыйнай барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную пабудова сацыялістычнага грамадства — першай ступені камуністычнай сацыяльна-эканамічнай фармацыі.

У перыяд рэвалюцыі 1905—07 бальшавікі выступалі за гегемонію ў ёй пралетарыяту, за ўзброенае паўстанне і ўзбраенне народа. III з'езд РСДРП (1905, Лондан) ахарактарызаваў гэту рэвалюцыю як буржуазна-дэмакратычную, у якой галоўнай рэвалюцыйнай сілай і гегемонам з'яўляецца рабочы клас, а яго саюзнікам — сялянства. Мэта рэвалюцыі — барацьба за дэмакратычную рэспубліку з магчымым перарастаннем буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную шляхам узброенага паўстання. Кіруючым органам паўстання павінен быў стаць часовы рэвалюцыйны ўрад, здольны склікаць Устаноўчы сход. Ранейшыя раўнапраўныя і незалежныя цэнтры кіраўніцтва партыі — Цэнтральны камітэт (ЦК) і Цэнтральны орган (ЦО, напачатку газета «Искра»), а таксама Савет партыі, які ўзгадняў іх работу, — былі скасаваны. Паводле новага Статута выбраны адзін кіруючы цэнтр — ЦК партыі, які дзейнічаў за мяжой. Меншавікі не ўдзельнічалі ў з'ездзе, правялі ў гэты час у Жэневе сваю канферэнцыю і выбралі кіруючы орган — арганізацыйны камітэт. На тэрыторыі Расіі партыйную работу арганізоўвала Рускае бюро ЦК РСДРП. У Самары дзейнічала Усходняе бюро ЦК РСДРП. Цэнтральным органам партыі стала газета «Пролетарий». Бальшавікі актыўна падтрымлівалі створаныя ў ходзе рэвалюцыі 1905—07 Саветы рабочых і Саветы салдацкіх дэпутатаў, выступалі за ператварэнне іх у органы ўзброенага паўстання, зародак новай рэвалюцыйнай улады. Калі ўзброенае паўстанне ў снежні 1905 пацярпела паражэнне, многія бальшавіцкія арганізацыі былі разгромлены. Як і ў 1-ю Дзяржаўную думу, бальшавікі ў пач. 1906 байкатавалі выбары ў т.зв. Булыгінскую думу, што пазней прызналі памылкай.

IV (Аб'яднаўчы) з'езд РСДРП (1906, Стакгольм) прыняў меншавіцкую аграрную праграму муніцыпалізацыі (захаванне прыватнай уласнасці на надзельныя землі сялян і перадача памешчыцкіх зямель ва ўласнасць муніцыпалітэтаў — органаў мясцовага самакіравання ці земстваў). З'езд адмовіўся ад байкоту чарговых выбараў у Дзяржаўную думу, зацвердзіў новы Статут партыі, у аснову якога пакладзены прынцып дэмакратычнага цэнтралізму. У ЦК былі выбраны 3 бальшавікі і 7 меншавікоў. Фармальнае аб'яднанне на з'ездзе меншавікоў і бальшавікоў не спыніла паміж імі вострай ідэйнай і палітычнай барацьбы. Восенню 1906 бальшавікі стварылі Часовае бюро ваенных і баявых арганізацый для ўзбраення і абучэння баявых дружын партыі.

У 1-й Дзяржаўнай думе была ўтворана сацыяльна-дэмакратычная фракцыя з 18 чалавек, якая дзейнічала пад кіраўніцтвам і кантролем партыі. У 2-й Дзяржаўнай думе сацыял-дэмакратычная фракцыя налічвала 65 дэпутатаў.

V з'езд РСДРП (1907, Лондан) прыняў бальшавіцкую рэзалюцыю аб Дзяржаўнай думе, чым асудзіў думскую тактыку меншавікоў, якія выступалі за парламенцкія формы барацьбы ў саюзе з іншыі партыямі. Свой удзел у Думе бальшавікі разумелі як адну з формаў работы па выхаванні рэвалюцыйнай самасвядомасці народа, прапаганды рэвалюцыйных лозунгаў партыі, выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Парламенцкія выбары бальшавікі расцэньвалі як праяўленне буржуазнага парламентарызму, скіраванае супраць працоўных, і не лічылі іх спосабам фарміравання дзяржаўнай улады. Па-задумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На з'ездзе канчаткова былі ліквідаваны 2 цэнтры — ЦК і ЦО. Новы Статут партыі прадугледжваў выбары на з'ездзе толькі ЦК; рэдакцыя ЦО перадавалася ў падпарадкаванне ЦК. 3 12 членаў ЦК было 5 бальшавікоў. Пасля з'езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У. Леніным. Ролю кіруючага цэнтра РСДРП у Расіі працягвала выконваць Рускае бюро ЦК РСДРП, праз якое бальшавіцкі цэнтр шляхам канспіратыўнай перапіскі наладжваў сувязі з партыйнымі арганізацыямі, кіраваў іх работай. Бальшавіцкі цэнтр выпускаў газету «Пролетарий» (1906-09).

У 1907-10 у РСДРП існавалі 2 плыні — ліквідатарства і адзавізм. Ліквідатары патрабавалі толькі легальнай работы сацыял-дэмакратаў у асноўным у Думе, адзавісты выступалі за байкот Думы, адмову ад выкарыстання легальных сродкаў, за перанос усёй работы ў нелегальную сферу. Бальшавікі вялі барацьбу з абедзвюма плынямі.

У жніўні 1908 у Жэневе пленум ЦК паралельна з Рускім бюро ЦК РСДРП зацвердзіў Загранічнае бюро ЦК. У 3-ю Дзяржаўную думу былі выбраны 4 бальшавікі і 15 меншавікоў. У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газеты «Звезда». У 1911 бальшавікі пачалі выдаваць легальныя марксісцкія часопісы «Просвещение» (Пецярбург), «Современная жизнь» (Баку) і інш. Вясной 1911 у мяст. Ланжумо пад Парыжам была створана партыйная школа, ідэйным кіраўніком і вядучым лектарам якой быў У. Ленін. У студзені 1910 была створана калегія з членаў ЦК у Расіі, якая карысталася ўсімі правамі ЦК РСДРП. Паколькі большасць у ЗБЦК была за ліквідатарамі і трацкістамі і гэта актыўна выкарыстоўвалася імі ў сваіх інтарэсах, прадстаўнік бальшавікоў у ЗБЦК М. Сямашка 14(17).5.1911 афіцыйна заявіў аб сваім выхадзе з гэтага бюро. У маі 1911 яно практычна распалася.

На VI Усерасійскай канферэнцыі РСДРП (1912, Прага) У. Ленін зрабіў вывад, што «дзве партыі ў нас — факт, наяўнасць іх выцякае з усёй сукупнасці рускай рэчаіснасці». Канферэнцыя давяла да канца разрыў з меншавікамі. Выказалася за ўдзел у выбарчых кампаніях, вылучэнне самастойных кандыдатаў і ўтварэнне ў Думе самастойнай сацыял-дэмакратычнай фракцыі. Агульная тактычная лінія партыі на выбарах была вызначана ў рэзалюцыі як бязлітасная барацьба супраць царскай манархіі і буржуазна-памешчыцкіх партый, якія яе падтрымлівалі, няўхільнае выкрыццё буржуазных лібералаў на чале з партыяй кадэтаў. Галоўная ўвага аддавалася задачы аднаўлення нелегальных арганізацый, а таксама іх нелегальных кіруючых рэгіянальных цэнтраў. У рэзалюцыі «Аб характары і арганізацыйных формах партыйнай работы» адзначалася, што ліквідатары і адзавісты канчаткова паставілі сябе па-за партыяй; такім чынам, было адноўлена адзінства партыі. Канферэнцыя аб'явіла афіцыйным органам ЦК «Рабочую газету». Выбраны ЦК (працаваў за мяжой), Рускае бюро ЦК, рэдкалегія Цэнтральнага органа партыі газеты «Социал-демократ» на чале з У. Леніным. Ён разам з Г. Пляханавым быў зноў выбраны прадстаўніком РСДРП у Міжнародным сацыялістычным бюро. Ліквідатары, трацкісты, бундаўцы выступілі супраць рашэнняў канферэнцыі і абвінавацілі бальшавікоў ва ўзурпацыі, перавароце ў партыі, заклікалі мясцовыя партыйныя арганізацыі не падпарадкоўвацца рашэнням канферэнцыі. Да мая 1912 амаль усіх работнікаў Рускага бюро ЦК РСДРП царскія ўлады арыштавалі. 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газеты «Правда». Восенню 1912 на выбарах у 4-ю Дзяржаўную думу выбрана 5 бальшавікоў.

Кракаўская і Паронінская (1913, Польшча) нарады РСДРП вызначылі тактыку партыі ў існуючых умовах. На думку бальшавікоў, Расія ўступіла ў паласу нарастання новай рэвалюцыі. Умацоўвалася сувязь ЦК з дэпутатамі-бальшавікамі ў Дзяржаўнай думе, рос уплыў бальшавіцкага друку. У перадваенныя часы пракацілася хваля арыштаў бальшавікоў, закрыта газета «Правда». Гэта было адказам царскага ўрада на актыўную дзейнасць бальшавікоў у ходзе новага рэвалюцыйнага ўздыму летам 1914.

3 пачаткам І сусветнай вайны (19.7(1.8).1914) у тэзісах аб вайне, апублікаваных у лістападзе 1914, бальшавікі заявілі пра неабходнасць дамагацца ўсімі мерамі спынення вайны і затым ажыццяўлення сацыялістычнай рэвалюцыі шляхам узброенай барацьбы супраць уласнага ўрада. Яны выказаліся за разрыў з партыямі II Сацыялістычнага Інтэрнацыянала, якія галасавалі за ваенныя крэдыты сваім урадам. Сусветная вайна была ахарактарызавана як імперыялістычная, як барацьба паміж германа-аўстрыйскім блокам і Антантай за падзел калоній, як імкненне царызму і правячых класаў Расіі да захопу Персіі, Манголіі, Турцыі, Галіцыі і інш. Бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую, да дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расіі. 3 закліку ператварэння вайны імперыялістычнай у грамадзянскую вынікаў іншы тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жніўні 1915 замест марксісцкага палажэння аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталістычных краін У. Ленін высунуў новае палажэнне, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай, капіталістычнай краіне». Да пач. 1916 склаліся 3 кірункі рускай сацыялістычнай думкі: «яўныя паражэнцы» (сацыял-дэмакраты ленінцы) выступалі за паражэнне Расіі ў гэтай вайне і ператварэнне яе ў грамадзянскую вайну супраць існуючага ў Расіі ўрада; «скрытыя паражэнцы» (бальшавікі і меншавікі-інтэрнацыяналісты), якія патрабавалі заключэння міру без анексій і кантрыбуцый; «абаронцы — пляханаўцы» (частка меншавікоў і бальшавікоў), якія прызнавалі неабходнасць абароны сваёй айчыны ад нападу знешніх ворагаў і садзеянне перамозе Расіі над імі.

У рэвалюцыйны час

правіць
 
Рэвалюцыйныя салдаты, Петраград, сакавік 1917

У пач. 1917 ў Расіі склалася рэвалюцыйная сітуацыя (ваенныя няўдачы, разруха, голад, хуткі рост цэн на тавары, хваля забастовак і дэманстрацый і інш.). У гэты час у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Найбольш буйныя арганізацыі былі ў Петраградзе (каля 2 тыс. чл.), Маскве (каля 600 чл.), Екацярынаславе (каля 400 чл.), на Урале (500 чл.). Бальшавікі мелі свае арганізацыі ва ўсерасійскім маштабе і адзіны цэнтр — Рускае бюро ЦК. Апошняе разам з Пецярбургскім камітэтам дало дырэктыву максімальна развіваць забастовачны рух, які пачаўся ў 2-й палове лютага 1917. Пецярбургскі камітэт 25 лютага (10 сакавіка) выпусціў лістоўку да «братоў-салдатаў» з заклікам далучыцца да рабочых у барацьбе супраць самадзяржаўя. 27 лютага (12 сакавіка) бальшавікі распаўсюдзілі ў выглядзе лістоўкі Маніфест ЦК РСДРП «Да ўсіх грамадзян Расіі», які абвясціў патрабаванні дэмакратычнай рэспублікі (8-гадзінны рабочы дзень, канфіскацыя памешчыцкіх зямель, неадкладнае спыненне вайны), заклікаў рабочых і салдат «тэрмінова выбраць сваіх прадстаўнікоў у Часовы рэвалюцыйны ўрад, які павінен быць створаны пад аховай паўстаўшага рэвалюцыйнага народа і арміі». Адначасова петраградскія бальшавікі выпусцілі лістоўку з залікам ствараць Саветы рабочых і Саветы салдацкіх дэпутатаў. Да канца дня 27 лютага (12 сакавіка) Лютаўская рэвалюцыя ў Расіі перамагла.

Петраградскі Савет пачаў дзейнічаць як орган рэвалюцыйнай улады. Дэлегаты Петраградскага Савета большасцю галасоў ухвалілі прапанову выканкома аб перадачы дзяржаўнай улады буржуазіі, з прадстаўнікоў якой у асноўным і быў створаны Часовы ўрад. Узніклі 2 ўлады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць складалі меншавікі. Бальшавікі выйшлі з падполля, аднавілі дзейнасць больш як 150 сваіх арганізацый і груп, узнавілі выданне «Правды». Аднак у большасці Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў бальшавікі ў той час былі ў меншасці, працягвалі існаваць агульныя з меншавікамі арганізацыі РСДРП (аб'яднанні). Да канца красавіка 1917 у краіне ўжо налічвалася больш за 400 самастойных арганізацый РСДРП бальшавікоў. Вярнуўшыся з-за мяжы, У. Ленін на красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах, якая пазней атрымала назву «Красавіцкія тэзісы»: пераход ад буржуазна-дэмакратычнага да сацыялістычнага этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне, перадача іх у поўнае распараджэнне мясцовых Саветаў батрацкіх і сялянскіх дэпутатаў, кантроль за грамадскай вытворчасцю і размеркаваннем прадуктаў, перайменаванне партыі і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Некаторыя ўспрынялі іх як заклік да грамадзянскай вайны і выступілі супраць (Л. Каменеў, А. Рыкаў).

Ва ўмовах крызісу ўлады ў сувязі з нотай міністра замежных спраў Часовага ўрада П. Мілюкова ад 18 красавіка (1 мая) аб удзеле Расіі ў вайне да пераможнага канца бальшавікі запатрабавалі пераходу ўсёй улады да Саветаў. 24-29.4(7-12.5).1917 у Петраградзе адбылася VII (Красавіцкая) Усерасійская канферэнцыя РСДРП(б) — першая легальная. Колькасць членаў партыі дасягнула 100 тыс. Канферэнцыя прызнала неабходным разрыў з палітыкай даверу Часоваму ўраду, арганізацыю і ўзбраенне пралетарыяту, забеспячэнне мірнага пераходу ўлады да Саветаў. Знаходжанне ва ўрадзе было кваліфікавана як саўдзел у імперыялістычнай палітыцы капіталістаў. Быў прыняты курс на сацыялістычную рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзяржаўнай улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. На канферэнцыі ў процівагу У. Леніну выказваўся пункт погляду, што Расія знаходзіцца на стадыі прадаўжэння буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі і не можа перайсці да сацыялістычнай стадыі рэвалюцыі без падтрымкі рэвалюцыйных сіл высокаразвітых капіталістычных краін Захаду (Л. Каменеў, А. Рыкаў, С. Смідовіч, А. Багданаў і інш.).

Бальшавікі атрымалі большасць месцаў у Цэнтральным Савеце фабрычна-заводскіх камітэтаў Петраграда, амаль палову ў Часовым усерасійскім цэнтры савета прафсаюзаў. За імі ішлі буйнейшыя прафсаюзы металістаў і тэкстыльшчыкаў. Пры Саветах бальшавікі стварылі Чырвоную гвардыю. За спіс петраградскіх бальшавікоў на выбарах у гарадскую і раённыя думы ў маі 1917 прагаласавала каля 20% выбаршчыкаў. Для работы ў арміі была створана Ваенная арганізацыя пры ЦК РСДРП(б). На I Усерасійскім з'ездзе Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (3(16) — 24.6(7.7).1917) пры выбарах ЦВК бальшавікі атрымалі 13% месцаў.

Пасля трэцячэрвеньскага перавароту Часовага ўрада бальшавікі з-за пераследаванняў перайшлі ў падполле. Яны зрабілі вывад, што мірны пераход улады да Саветаў стаў немагчымы, і ўзялі курс на ўзброенае паўстанне. Але ў партыі не ўсе былі згодныя з новай ленінскай устаноўкай. 26.7-3.8(8-16.8)1917 у Петраградзе адбыўся VI з'езд РСДРП(б). Партыя бальшавікоў налічвала 240 тыс. чал. З'езд пацвердзіў курс на сацыялістычную рэвалюцыю ў краіне праз узброенае паўстанне шляхам яго падрыхтоўкі, а не тэрміновага дзеяння са зброяй у руках.

Да кастрычніка завяршылася размежаванне аб’яднаных з меншавікамі арганізацый. Бальшавікі выдавалі газеты «Рабочий путь», «Солдат», «Деревенская беднота», «Звезда», часопісы «Работница», «Просвещение» і інш. Чырвоная гвардыя налічвала каля 200 тыс. чал. Фактычным цэнтрам аб'яднання ўсіх рэвалюцыйных Саветаў краіны стаў Петраградскі Савет, якім кіраваў бальшавік Л. Каменеў. Уплыў бальшавікоў у Саветах рос. Патрабаванне падрыхтоўкі паўстання У. Ленін звязваў са скліканнем 2-га з'езда Саветаў і ўзяццем ім улады. 10(23) кастрычніку ў Петраградзе ЦК дзесяццю галасамі супраць 2 (Л. Каменеў, Р. Зіноўеў) прыняў рашэнне аб практычнай падрыхтоўцы ўзброенага паўстання. 16(29) кастрычніка створаны Ваенна-рэвалюцыйны цэнтр з членаў ЦК — партыйны орган кіраўніцтва паўстаннем, пры Петраградскім Савеце — ВРК. 24 кастрычніка (6 лістапада) Пецярбургскі камітэт прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастрычніка (7 лістапада) Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя 1917 перамагла.

 
Зварот «Да грамадзян Расіі!»

У звароце «Да грамадзян Расіі!» У. Ленін выклаў праграму: дэмакратычны мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Савецкага ўрада. 25 кастрычніка (7 лістапада) у Смольным адкрыўся II Усерасійскі з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бальшавікамі былі 390 дэлегатаў з 649. З'езд выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з У. Леніным, прыняў Дэкрэт аб міры, Дэкрэт аб зямлі. У ВЦВК былі выбраны 62 бальшавікі з 101 членаў Выканкома. Узначаліў ВЦВК Л. Каменеў, а 8(21) лістапада за падтрымку стварэння ўрада з прадстаўнікоў усіх сацыялістычных партый па рашэнні ЦК РСДРП(б) яго змяніў Я. Свярдлоў. Апазіцыя ўнутры ЦК (Л. Каменеў, Р. Зіноўеў, А. Рыкаў, В. Нагін, У. Мілюцін) настойвала на ўключэнні ва ўрад меншавікоў і эсэраў. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды.

На чале Савецкай дзяржавы

правіць

6—8.3.1918 у Петраградзе адбыўся VII Экстранны партыйны з’езд, які ўхваліў падпісанне Брэсцкага міру, выбраў камісію на чале з У. Леніным для распрацоўкі новай партыйнай праграмы, перайменаваў РСДРП(б) у Расійскую камуністычную партыю (бальшавікоў) — РКП(б). У другой палове 1918 г. былі створаны камуністычныя партыі (бальшавікоў) Украіны, Туркестана, Эстоніі, Беларусі (гл. Камуністычная партыя Беларусі), Камуністычная партыя Літвы і Заходняй Беларусі. VIII з’езд РКП(б) (18-23.3.1919; гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыялістычнай вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуністычная рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прамысловасці і сельскагаспадарчай вытворчасці, усямернае развіццё пралетарскай дэмакратыі ў форме савецкай улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». 3 нязгодай па пытаннях ваеннага будаўніцтва на з’ездзе выступіла «ваенная апазіцыя» (В. Смірноў, Г. Сафараў, Г. Пятакоў, К. Варашылаў і інш.). З’езд утварыў Палітбюро, Аргбюро і Сакратарыят ЦК. VIII Усерасійская канферэнцыя РКП(б) (2—4.12.1919) увяла інстытут кандыдатаў у члены партыі. Прыняты ёй новы Статут абвясціў дэмакратычны цэнтралізм прынцыпам арганізацыйная будовы і дзейнасці партыі. З 29 сакавіка по 5 красавік 1920 г. у Маскве адбыўся IX з’езд РКП(б). Цэнтральным пунктам парадку дня было пытанне пра гаспадарчае будаўніцтва, барацьбу з разрухай. На з’ездзе выступіла апазіцыйная група «дэмакратычнага цэнтралізму», якая была супраць цэнтралізацыі дзяржаўнага кіравання (М. Томскі, А. Рыкаў і інш.).

X з’езд РКП(б) (8-16.3.1921) па ініцыятыве У. Леніна прыняў рашэнні аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. Па шэрагу пытанняў з іншымі пунктамі погляду выступілі Л. Троцкі, «Рабочая апазіцыя» (А. Шляпнікаў, С. Мядзведзеў, А. Калантай) і група «дэмакратычнага цэнтралізму». З’езд вырашыў правесці чыстку партыі, прыняў спецыяльную рэзалюцыю «Аб адзінстве партыі», паводле якой фракцыі ў РКП(б) былі забаронены. Прынята палажэнне аб Кантрольных камісіях, якое прадугледжвала стварэнне Цэнтральнай кантрольнай камісіі (ЦКК) і кантрольных камісій абласных і губернскіх партыйных арганізацый.

XI з’езд РКП(б) (27.3-2.4.1922) падвёў вынікі першага года НЭПа, указаў на неабходнасць перагрупоўкі сіл для наступлення на капіталістычныя элементы, выключыў з партыі лідараў «рабочай апазіцыі». Вясной 1921 і летам 1922 аформіліся апазіцыі «Рабочая праўда» (Ф. Шуцкевер, Е. Шульман і інш.) і «Рабочая група» (Г. Мяснікоў, Н. Кузняцоў). Пасля з’езда ў красавіку 1922 пленум ЦК выбраў Генеральным сакратаром ЦК партыі І. Сталіна.

 
Агітацыйны цягнік, 1923

У палітычнай справаздачы ЦК XII з’езду РКП(б) (17—25.4.1923) Р. Зіноўеў прапанаваў палажэнне аб дыктатуры партыі, якое прыняў з’езд. І. Сталін у арганізацыйнай справаздачы рэкамендаваў узмацніць правы і дзейнасць Улікова-размеркавальнага аддзела ЦК, на які ўскладаўся ўлік асноўных кіруючых работнікаў партыі і дзяржавы ў цэнтры і на месцах. З’езд прыняў гэтыя прапановы, выказаўся за яднанне ўсёй партыйнай і савецкай урадавай работы. Рашэнні з’езда былі скіраваны на далейшае падпарадкаванне дзяржаўнага апарату партыйным органам. У 1923-24 нарматыўная база новай кадравай сістэмы ў СССР — наменклатура ўліку і размеркавання пасад і кадраў — была распрацавана, зацверджана і да 1929 склалася арганізацыйна. Яна стала ключавым звяном вяршэнства паргыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. Яе непасрэднымі арганізатарамі былі І. Сталін, Л. Кагановіч і В. Молатаў, якія з’яўляліся выразнікамі думак большасці ў партыі.

Перыяд 1923-24 гг. характарызаваўся нарастаючымі апазіцыйнымі выступленнямі Л. Троцкага. 3 мэтай умацавання кантролю партыі над дзяржаўным апаратам XII з’езд прыняў рашэнне аб зліцці ЦКК і Рабоча-сялянскай інспекцыі ў адзіны орган кантролю ЦКК—РСІ. XIII з’езд РКП(б) (23—31.5.1924) заклікаў да паскоранага развіцця металургіі — асновы прамысловай вытворчасці, да пашырэння дзяржаўнага гандлю і выцяснення прыватніка, да кааперавання сялянства; асудзіў трацкізм як дробна буржуазны ўхіл і рэвізію ленінізму. На з’ездзе па дэлегацыях было зачытана «Пісьмо да з’езда» У. Леніна, у якім ён даў характарыстыкі вядомым членам партыі Каменеву, Л. Зіноўеву, Л. Троцкаму, І. Сталіну, Г. Пятакову, М. Бухарыну, прапанаваў знайсці спосаб перамяшчэння Сталіна з пасады генсека, паколькі ён сканцэнтраваў у сваіх руках вялікую ўладу і наўрад ці зможа карыстацца ёй з асцярожнасцю. У адкрытым друку ўсе 3 часткі «Пісьма да з’езда» разам з дапаўненнямі апублікаваны толькі ў 1956 (час. «Коммунист», № 9). З’езд пакінуў І. Сталіна на пасадзе генсека, фармальна прыняўшы некаторыя прапановы Леніна па арганізацыйнай будове кіруючых органаў партыі.

XIV з’езд партыі (18—31.12.1925) паставіў задачу сацыялістычнай індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканамічнай самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. Была разгромлена «новая апазіцыя» (Р. Зіноўеў, Л. Каменеў, Н. Крупская, Р. Сакольнікаў і інш.), РКП(б) была перайменавана ва Усесаюзную камуністычную партыю (бальшавікоў) — УКП(б). Аб’яднаны пленум ЦК і ЦКК УКП(б) (21—23.10.1927) выключыў Л. Троцкага і Р. Зіноўева «за падпольную фракцыйную работу» з ЦК УКП(б), а 14.11.1927 — з партыі.

ХV з’езд УКП(б) (2—19.12.1927, Масква) зацвердзіў дырэктывы па складанні плана развіцця народнай гаспадаркі на 1928/29—1932/33. У рэзалюцыі «Па справаздачы Цэнтральнага Камітэта» з’езд адзначыў, што «неабходна паставіць у якасці першачарговай задачы на аснове далейшага кааперавання сялянства паступовы пераход распыленых сялянскіх гаспадарак на рэйкі буйной вытворчасці (калектыўная апрацоўка зямлі на аснове інтэнсіфікацыі і машынізацыі земляробства), усямерна падтрымліваць і заахвочваць парасткі грамадскай сельскагаспадарчай працы». З’езд прыняў рашэнне аб пераходзе да палітыкі наступлення на кулацтва шляхам паслядоўнага абмежавання эксплуататарскіх магчымасцей кулацкіх гаспадарак. У гэты час у партыі сфарміраваліся апазіцыйныя групы: «платформа 83-х», «платформа 3-га верасня», «платформа 15-ці», якія былі нязгодныя з узмацненнем у партыі аўтарытарных метадаў кіраўніцтва, патрабавалі вяртання да ленінскіх нормаў партыйнага жыцця. З’езд выключыў з партыі 75 актыўных членаў апазіцыі, зацвердзіў выключэнне Троцкага і Зіноўева, групы Сапронава (23 чал.), абвясціў прыналежнасць да трацкізму несумяшчальнай са знаходжаннем у УКП(б).

На ліпеньскім (1928) пленуме ЦК УКП(б) І. Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Тэзіс стаў тэарэтычным абгрунтаваннем масавых палітычных рэпрэсій, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У 1928—30 з нязгодай па пытаннях тэмпаў індустрыялізацыі і калектывізацыі выступалі М. Бухарын, А. Рыкаў, М. Томскі, прылічаныя да г. зв. правага ўхілу.

XVI канферэнцыя УКП(б) (23-29.4.1929) прыняла дырэктывы 1-га пяцігадовага плана на 1928/29—1932/33, асудзіла правы ўхіл у партыі, прыняла рашэнне аб генеральнай чыстцы ў партыі, дзяржаўным кааператыўным і гаспадарчым апараце. На лістападаўскім (1929) пленуме ЦК УКП(б) група Бухарына адхілена ад палітычнага кіраўніцтва. Былі перагледжаны ў бок павелічэння тэмпы калектывізацыі, правядзення суцэльнай калектывізацыі ў збожжавых раёнах краіны за год. 5.1.1930 Палітбюро ЦК разгледзела пытанне «Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву», дзе зноў былі рэзка скарочаны тэрміны завяршэння калектывізацыі — «восенню 1931 года ці ва ўсякім выпадку вясной 1932 года». Аб’яднаны пленум ЦК і ЦКК УКП(б) (снежань 1930) аб’явіў 1932 «годам завяршэння суцэльнай калектывізацыі». 27 снежня 1929 г. у прамове на навуковай канферэнцыі аграрнікаў-марксістаў І. Сталін абвясціў аб пераходзе да палітыкі ліквідацыі кулацтва як класа.

XVI з’езд УКП(б) (26.6—13.7.1930) паставіў задачы: паскарэнне тэмпаў сацыялістычнага будаўніцтва і выкананне пяцігодкі за 4 гады, ліквідацыя кулацтва як класа на аснове суцэльнай калектывізацыі, гаспадарчага ўмацаванне калгасаў; аб’явіў г. зв. правы ўхіл несумяшчальным з прыналежнасцю да УКП(б), указаў на неабходнасць барацьбы з ухіламі ў нацыянальным пытанні. Партыйныя органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалагічны дыктат камуністычнай дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР былі ліквідаваны іншыя палітычныя партыі. Крайні цэнтралізм улады і кіравання прывёў да разрастання апарата і росту яго бюракратызацыі. Кампартыя з рэвалюцыйнай арганізацыі ператварылася ў ядро дзяржаўнай адміністрацыйнай машыны. Абсалютызацыя ўладных функцый партыі вяла да пашырэння рэпрэсій супраць апазіцыі, усякага іншадумства. Вышэйшыя партыйныя органы ў канцы 1920-30-х г. ініцыіравалі судовыя працэсы, надаўшы ім палітычны характар. 18.5—6.7.1928 у Маскве судзілі інжынераў і тэхнікаў, кіраўнікоў вугальнай прамысловасці Данбаса за шкодніцтва і шпіянаж; некалькі чалавек прыгавораны да пакарання смерцю. Паводле звестак АДПУ, у 1929-30 гг. былі раскрыты так званыя контррэвалюцыйныя арганізацыі на чыгуначным транспарце, у золата-плацінавай прамысловасці — практычна ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. У жніўні 1936 адбыўся працэс па справе г. зв. «антысавецкага аб’яднанага трацкісцка-зіноўеўскага цэнтра» (Р. Зіноўеў, Л. Каменеў, Р. Еўдакімаў і інш.), у студзені 1937 — па справе г. зв. «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтра» (Г. Пятакоў, К. Радэк і інш.), у чэрвені — закрыты суд па «справе ваенных», военачальнікаў Чырвонай Арміі М. Тухачэўскага, І. Э. Якіра, І. Убарэвіча і інш. У сакавіку 1938 арганізаваны судовы працэс па справе г. зв. «антысавецкага праватрацкісцкага блока» (Бухарын, Рыкаў, М. Красніцкі, Х. Ракоўскі і інш.). Большасць асуджаных прыгавораны да расстрэлу, працяглых тэрмінаў у папраўча-працоўных лагерах. Да вясны 1935 г. была праведзена масавая чыстка партыі. У студзені 1933 г. па рашэнні ЦК створаны палітаддзелы машынна-трактарных станцый і саўгасаў.

XVII з’езд УКП(б) (26.1—10.2.1934) падвёў вынікі 1-й пяцігодкі, зацвердзіў кантрольныя лічбы 2-й пяцігодкі на 1933—37; канстатаваў, што СССР ператварыўся ў індустрыяльна-калгасную дзяржаву, пабудаваны фундамент сацыялістычнай эканомікі, ліквідаваны апошні капіталістычны клас — кулацтва. З’езд пераўтварыў ЦКК — РСІ ў Камісію партыйнага кантролю пры ЦК УКП(б) і Камісію савецкага кантролю пры СНК СССР; прыняў новы Статут партыі (павышэнне патрабаванняў да тых, хто ўступае ў партыю, пераўтварэнне партыйных ячэек у пярвічныя партарганізацыі, стварэнне пры іх груп спачуваючых і інш.). У Канстытуцыю СССР 1936 было ўключана палажэнне аб тым, што Камуністычная партыя — «кіруючае ядро ўсіх арганізацый працоўных, як грамадскіх, так і дзяржаўных». Гэтым афіцыйна была замацавана кіруючая роля Кампартыі ў Савецкай дзяржаве.

Па выніках 2-й пяцігодкі XVIII з’езд УКП(б) (10-21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыялістычнага грамадства. Ён зацвердзіў 3-і пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі на 1938—1942 гг., заклікаў узмацніць барацьбу за прадухіленне сусветнай вайны, супраць фашысцкай агрэсіі; у новай рэдакцыі Статута пашырыў унутрыпартыйную дэмакратыю ў сувязі са змяненнямі класавай структуры савецкага грамадства; выбраў камісію па змяненні Праграмы УКП(б).

У чэрвені 1940 г. пасля далучэння да СССР Літвы, Латвіі і Эстоніі і ўтварэння Малдаўскай ССР кампартыі гэтых рэспублік увайшлі ў склад УКП(б). У абставінах усё большай пагрозы вайны партыйныя органы засяродзілі ўвагу на ўмацаванні абараназдольнасці, удасканаленні кіраўніцтва прамысловасцю і транспартам. У маі 1941 І. Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНК СССР. У той жа час неабгрунтаваныя рэпрэсіі, у тым ліку і супраць ваенных кадраў, значна аслабілі правядзенне мерапрыемстваў па ўмацаванні баяздольнасці арміі.

3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны партыйныя і дзяржаўныя органы прымалі меры па арганізацыі адпору фашысцкай агрэсіі. 29.6.1941 прынята Дырэктыва СНК СССР і ЦК УКП(б) партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей. 18.7.1941 ЦК УКП(б) прыняў пастанову «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск». Сакратар ЦК УКП(б) І. Сталін прызначаны і старшынёй Дзяржаўнага камітэта абароны і Вярхоўным Галоўнакамандуючым. Ужо да канца 1941 г. у дзеючую армію было накіравана каля паловы ўсіх членаў партыі. У краіне пачала дзейнічаць скаардынаваная сістэма аб’яднанага партыйнага, дзяржаўнага, гаспадарчага і ваеннага кіраўніцтва. На 1 студзеня 1945 г. у ваенных партыйных арганізацыях знаходзілася 3324 тыс. камуністаў, ці 57,7% агульнай колькасці членаў і кандыдатаў у члены УКП(б). Усяго з 1.7.1941 да 1.7.1945 кандыдатамі ў члены УКП(б) сталі 3788 тыс., членамі — 2376 тыс. байцоў. За час вайны партыйныя арганізацыі арміі павялічыліся ў 5 разоў, флоту — амаль у 3 разы. У ліпені 1941 г. былі створаны палітаддзелы і палітупраўленні, уведзены інстытут ваенных камісараў і палітрукоў (апошні восенню 1942 скасаваны). Галоўныя палітычныя ўпраўленні Чырвонай Арміі, Ваенна-Марскога флоту і палітычныя ўпраўленне Наркамата шляхоў зносін працавалі на правах аддзелаў ЦК. ЦК УКП(б) пашырыў інстытут галіновых сакратароў тэрытарыяльных партыйных органаў па важнейшых відах ваеннай вытворчасці і галоўных галінах цяжкай прамысловасці, умацаваны інстытут парторгаў ЦК УКП(б) на вядучых прамысловых прадпрыемствах. У акупіраваных раёнах СССР з фашызмам змагаліся 140 тыс. камуністаў, у тым ліку ва Украіне — каля 70 тыс., Беларусі — 35 тыс., у краях і абласцях РСФСР — больш за 30 тыс. Асабліва высокай была партыйная праслойка сярод партызан. На акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі 90 падпольных абкомаў, абласных партыйных цэнтраў, акругкомаў, міжрайпартцэнтраў, 620 гаркомаў, райкомаў, райпартцэнтраў, райпартгруп, павятовых і валасных камітэтаў партыі. Для кіраўніцтва барацьбой у тыле ворага ЦК УКП(б) накіраваў 565 сакратароў абкомаў, гаркомаў і райкомаў партыі.

Пасляваенны перыяд характарызаваўся ўтварэннем двух сусветных лагераў: імперыялістычнага і сацыялістычнага. XIX з’езд УКП(б) (5-14.10.1952) зацвердзіў дырэктывы па 5-й пяцігодцы на 1951-55, перайменаваў УКП(б) у КПСС.

На вераснёўскім (1953) пленуме ЦК КПСС Першым сакратаром ЦК быў выбраны М. Хрушчоў; створана Бюро ЦК КПСС па РСФСР. XX з’езд КПСС (14—25.2.1956, Масква) вызначыў галоўнай рысай эпохі ператварэнне сацыялізму ў сусветную сістэму, сфармуляваў прынцып мірнага суіснавання краін з розным грамадскім ладам, абгрунтаваў магчымасць прадухілення сусветнай вайны, развіў палажэнне аб разнастайнасці формаў пераходу краін да сацыялізму. З’езд зацвердзіў дырэктывы па 6-й пяцігодцы на 1956—61. Паводле прынятага з’ездам Статута Палітбюро пераўтворана ў Прэзідыум ЦК; бягучая арганізацыйная работа сканцэнтроўвалася ў Сакратарыяце ЦК, таму Арганізацыйнае бюро ЦК было скасавана. На закрытым пасяджэнні дэлегатам з’езда быў зачытаны даклад М. Хрушчова «Аб кульце асобы і яго выніках». 30.6.1956 ЦК КПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». 18.6.1957 В. Молатаў і Г. Малянкоў нечакана паставілі пытанне аб зняцці М. Хрушчова з пасады Першага сакратара ЦК. На яго месца меркавалася выбраць Молатава. Прэзідыум ЦК вынес рашэнне аб зняцці Хрушчова. Аднак большасць удзельнікаў экстранна сабранага ў чэрвені Пленума ЦК падтрымалі Хрушчова. «Антыпартыйная група Малянкова, Кагановіча, Молатава і Шапілаў, які прымкнуў да іх», пацярпелі паражэнне.

XXI з’езд КПСС (нечарговы, 27.1—5.2.1959) падвёў вынікі дзейнасці партыі з кастрычніка 1917, зрабіў вывад пра поўную і канчатковую перамогу сацыялізму ў СССР і ўступленне краіны ў перыяд разгорнутага будаўніцтва камунізму; зацвердзіў дырэктывы па сямігадовым плане развіцця народнай гаспадаркі на 1959—65. XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) канстатаваў поўнае выкананне Праграмы партыі, прынятай у 1919; прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. У ёй давалася характарыстыка шляхоў вырашэння 3 карэнных задач камуністычнага будаўніцтва: стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізму, перарастанне сацыялістычных грамадскіх адносін у камуністычныя, выхаванне чалавека камуністычнага грамадства; адзначалася, што пачаўся працэс перарастання дзяржавы дыктатуры пралетарыяту ў агульнанародную сацыялістычную дзяржаву.

У адпаведнасці з рашэннямі лістападаўскага (1962) пленума ЦК КПСС структура партыйных і савецкіх органаў на месцах перабудоўвалася паводле вытворчага прынцыпу: абкомы і райкомы партыі, аблвыканкомы і райвыканкомы падзяляліся на сельскія і прамысловыя. Адначасова з пасадай Першага сакратара ЦК КПСС М. Хрушчоў займаў і пасаду Старшыні СМ СССР.

На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦК КПСС М. Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, прынята рашэнне ў далейшым не дапускаць сумяшчэння ў адной асобе пасады Першага сакратара ЦК КПСС і Старшыні СМ СССР. Першым сакратаром ЦК КПСС пленум выбраў Л. Брэжнева.

На вераснёўскім (1965) пленуме ЦК прынята эканамічная рэформа, скіраваная на эфектыўнае выкарыстанне эканамічных законаў сацыялізму, інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) падвёў вынікі сямігодкі, зацвердзіў дырэктывы па 8-м пяцігадовым плане развіцця народнай гаспадаркі на 1966-70, указаў на неабходнасць пашырэння гаспадарчай самастойнасці і павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці прадпрыемстваў у выніках сваёй дзейнасці; адноўлена пасада Генеральнага сакратара ЦК КЛСС.

XXIV з’езд КПСС (30.3-9.4.1971) адзначыў, што ў СССР пабудавана развітое сацыялістычнае грамадства. У гэты перыяд узяла верх кансервацыя форм партыйнай работы, фармалізавалася дзейнасць партыйных камітэтаў, аслаблялася крытычная накіраванасць аналізу становішча спраў; многія прынятыя ЦК пастановы агульнапартыйнага значэння не выконваліся; адбывалася зніжэнне паўнаўладдзя Саветаў, ролі і адказнасці дэпутатаў, узмацнялася практыка падмены партыйнымі органамі Саветаў, параднасць і ўсхваленні. «Брэжнеўскі стыль кіраўніцтва» і «брэжнеўскія адносіны да кадраў» выдаваліся за ўзор працы.

 
Паштовая марка да XXVI з’езда КПСС, 1981

XXV з’езд КПСС (24.2-5.3.1976) зацвердзіў асноўныя кірункі развіцця народнай гаспадаркі СССР у 10-й пяцігодцы на 1976-80 — «пяцігодцы эфектыўнасці і якасці»; абвясціў праграму далейшай барацьбы за мір і міжнароднае супрацоўніцтва, спыненне гонкі ўзбраенняў. У чэрвені 1977 Генеральны сакратар ЦК КПСС Л. Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума ВС СССР. Паводле шостага артыкула Канстытуцыі СССР 1977 г., з’яўлялася «кіраўнічай і накіравальнай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый». XXVI з’езд КПСС (23.2—3.3.1981) прыняў «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гг. і на перыяд да 1990 г.», даручыў ЦК КПСС унесці неабходныя дапаўненні і змяненні ў Праграму партыі і падрыхтаваць яе новую рэдакцыю.

У лістападзе 1982 г. Генеральным сакратаром ЦК КПСС выбраны Ю. Андропаў, у лютым 1984 г. — К. Чарненка (з красавіка ён быў Старшынёй Прэзідыума ВС СССР).

У сакавіку 1985 Генеральным сакратаром ЦК КПСС выбраны М. Гарбачоў. На красавіцкім (1985) пленуме ЦК КПСС прынята стратэгія паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, абнаўлення форм і метадаў дзейнасці партыі. Па ініцыятыве М. Гарбачова КПСС пачала перабудову партыйнага, сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2-6.3.1986) прадстаўляў 19 млн членаў і кандыдатаў у члены партыі. За 15 гадоў паміж XXIV і XXVII з’ездамі КПСС у партыю было прынята больш за 9 млн чал., з партыі выключана 1 млн. 100 тыс., выбылі па іншых прычынах яшчэ 600 тыс. Ужо за 2 гады пасля XXVII з’езда з партыі выключаны і выбылі 327 тыс. чал., што ў 1,8 раза больш, чым за папярэднія 2 гады. З’езд канстатаваў, што рэальная дыялектыка сусветнага развіцця — спалучэнне спаборніцтва, гістарычнае проціборства дзвюх сістэм і нарастанне тэндэнцыі да ўзаемазалежнасці дзяржаў сусветнай супольнасці, што праз барацьбу процілегласцей складваецца супярэчлівы, але ўзаемазалежны, у многім цэласны свет. Гэта быў першы крок адыходу ад канфрантацыйнага мыслення і палітыкі з боку СССР. З’езд пацвердзіў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця, перабудову гаспадарчага механізма, стварэнне цэласнай, эфектыўнай і гібкай сістэмы кіравання, якая дазваляла б больш поўна рэалізаваць магчымасці сацыялізму; прыняў новую рэдакцыю Праграмы КПСС — праграмы планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. З’езд прыняў пастанову "Аб асноўных напрамках эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1986—1990 г. і на перыяд да 2000 г. ". У новым Статуце КПСС было адноўлена скліканне паміж з’ездамі партыі ўсесаюзных партыйных канферэнцый.

17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканамічныя метады кіраўніцтва на ўсіх узроўнях, шырокую дэмакратызацыю кіравання, усямерную актывізацыю чалавечага фактару. Мэта рэформы — у бліжэйшыя 2-3 гады забяспечыць пераход ад празмерна цэнтралізаванай каманднай сістэмы кіравання да дэмакратычнай, заснаванай на прынцыпах дэмакратычнага спалучэння цэнтралізму і самакіравання. Пленум прыняў рашэнне склікаць XIX Усесаюзную канферэнцыю КПСС.

Падрыхтоўка да канферэнцыі праходзіла ва ўмовах нарастання крытыкі КПСС, патрабаванняў палітычнага плюралізму ў краіне. Канферэнцыя (28.6—1.7.1988) разгледзела пытанні аб ходзе рэалізацыі рашэнняў XXVII з’езда КПСС, задачах партыйных арганізацый па паглыбленні працэсу перабудовы, аб мерах па далейшай дэмакратызацыі жыцця партыі і грамадства. Прыняла рэзалюцыі «Аб барацьбе з бюракратызмам», «Аб міжнацыянальных адносінах», «Аб галоснасці», «Аб прававой рэформе» і інш. Рэзалюцыя «Аб некаторых неадкладных мерах па практычнаму ажыццяўленню рэформы палітычнай сістэмы краіны» абавязвала ажыццявіць да канца 1988 рэарганізацыю партыйнага апарату, унесці змены ў яго структуру з улікам прынятых рашэнняў аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. Было рэкамендавана сумяшчэнне пасад першых сакратароў райкомаў, гаркомаў, абкомаў са старшынямі адпаведных выканкомаў Саветаў. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з М. Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе палітычнай сістэмы савецкага грамадства. 30.9.1988 Пленум ЦК прыняў пастанову «Аб утварэнні камісій ЦК КПСС і рэарганізацыі апарату ЦК КПСС у святле рашэнняў XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі», 28.11.1988 — «Аб мерах па ажыццяўленні палітычнай рэформы ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва». 25.4.1989 пленум ЦК па асабістых заявах вывеў са складу ЦК 99 членаў і кандыдатаў у члены ЦК і 12 членаў Рэвізійнай камісіі (у асноўным пенсіянераў), увёў у ЦК 25 новых членаў.

25.5.1989 з’езд народных дэпутатаў СССР выбраў Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. Гарбачова Старшынёй ВС СССР. 9.12.1989 пленум ЦК утварыў Расійскае бюро ЦК КПСС. У снежні 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай палітычнай арганізацыяй са сваімі Праграмай і Статутам. У сувязі з падрыхтоўкай да XXVIII з’езда КПСС былі апублікаваны ў лютым-сакавіку 1990 платформа ЦК КПСС да XXVIII з’езда «Да гуманнага, дэмакратычнага сацыялізму» і альтэрнатыўная платформа групы камуністаў «Дэмакратычная платформа да XXVIII з’езда КПСС». 15.3.1990 Генеральны сакратар ЦК КПСС М. Гарбачоў выбраны Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд народных дэпутатаў СССР выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро палітычнай сістэмы СССР.

Выбары дэлегатаў на XXVIII з’езд КПСС упершыню праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. У красавіку 1990 г. адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прадстаўляў 20 млн. членаў і кандыдатаў у члены партыі. Прыняў праграмную заяву «Да гуманнага, дэмакратычнага сацыялізму», новы Статут партыі, шэраг рэзалюцый, у тым ліку «Аб бюджэце і маёмасці КПСС», «Аб палітыцы КПСС у правядзенні эканамічнай рэформы і пераходзе да рыначных адносін», «Аб становішчы сялянства і рэалізацыі аграрнай палітыкі КПСС», «Дэмакратычная нацыянальная палітыка — шлях да добраахвотнага саюза міру і згоды паміж народамі», «Аб сродках масавай інфармацыі», «Аб палітычнай ацэнцы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і ходу работ па ліквідацыі яе наступстваў», «Аб асноўных напрамках ваеннай палітыкі партыі на сучасным этапе». Прынята пастанова аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. Асноўныя вывады дакументаў з’езда абвяшчалі: КПСС з’яўляецца партыяй сацыялістычнага выбару і камуністычнай перспектывы, партыяй гуманнага, дэмакратычнага сацыялізму; неабходна ў 1990 распрацаваць новы дагавор аб саюзе рэспублік як суверэнных дзяржаў; неабходна стварыць умовы для фарміравання і развіцця разнастайных і раўнапраўных форм уласнасці, іх інтэграцыі і свабоднага суперніцтва; альтэрнатывай адміністрацыйна-каманднай сістэме кіравання народнай гаспадаркай з’яўляецца рыначная эканоміка; стварэнне прававой дзяржавы; КПСС рашуча адмаўляецца ад палітычнага і ідэалагічнага манапалізму, ад падмены органаў дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання; Кампартыя становіцца палітычнай арганізацыяй і будзе адстойваць права на палітычнае лідарства ў свабодным спаборніцтве з іншымі грамадска-палітычнымі сіламі; у кадравай рабоце партыя адмаўляецца ад наменклатурнага падыходу. На з’ездзе член ЦК КПСС Б. Ельцын і народны дэпутат СССР А. Сабчак заявілі аб выхадзе з КПСС. З’езд прызнаў за кампартыямі саюзных рэспублік самастойнасць.

9.10.1990 пленум ЦК КПСС разгледзеў пытанне аб становішчы ў краіне і задачах партыі ў сувязі з пераводам эканомікі на рыначныя адносіны. У 1990 сталі масавымі парушэнні Статута КПСС пярвічнымі палітычнымі арганізацыямі. 25.7.1991 пленум ЦК КПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. У жніўні 1991 Прэзідэнт РСФСР Б. Ельцын выдаў Указ «Аб спыненні дзейнасці арганізацыйных структур палітычных партый і масавых грамадскіх рухаў у дзяржаўных органах, установах і арганізацыях РСФСР».

Пасля няўдалага выступлення 19—21 жніўня 1991 г. Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы Прэзідэнт Расіі 23 жніўня прыпыніў дзейнасць Кампартыі РСФСР. 6 лістапада 1991 г. Прэзідэнт РСФСР Б. Ельцын і Генеральны сакратар ЦК КПСС М. Гарбачоў выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне.

Колькасць членаў

правіць

Перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй у РСДРП(б) знаходзілася прыкладна 350 тысяч чалавек. З тых часоў колькасць членаў КПСС змянялася наступным чынам:

  • 1927 год — 786 288 чалавек;
  • 1937 год — 1 453 828 чалавек;
  • 1941 год — 2 490 479 чалавек;
  • 1945 год — 3 965 530 чалавек;
  • 1950 год — 5 510 787 чалавек;
  • 1955 год — 6 610 238 чалавек;
  • 1960 год — 8 017 249 чалавек;
  • 1965 год — 10 811 443 чалавека;
  • 1970 год — 13 395 253 чалавека;
  • 1972 год — 14 109 432 чалавека;
  • 1973 год — 14 330 525 чалавек.

Да 1991 года ў партыі знаходзілася не менш 20 мільёнаў членаў.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Известия ЦК КПССМ.: 1990. — вып. 4.
  2. Известия ЦК КПССМ.: 1991. — вып. 6.
  3. Бажэнаў 1995

Літаратура

правіць
  • Бажэнаў У. Камуністычная партыя Савецкага Саюза // ЭГБ у 6 т. Т. 4. Мн., 1997.
  • История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;
  • История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т. Т. 1-5. М., 1964—82;
  • Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;
  • Авторханов А. Происхождение партократии. ЦК и Сталин. Франкфурт-на-Майне, 1983;
  • История Коммунистической партии Советского Союза. 7 изд. М., 1985;
  • Коммунистическая оппозиция в СССР, 1923—1927: Из архива Льва Троцкого. Т. 1-4. [Бостон], 1988;
  • Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
  • Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1989;
  • Макаренко В. Бюрократия и сталинизм. Ростов н/Д, 1989;
  • Троцкий Л. К истории русской революции. М., 1990;
  • Вселенский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;
  • История политических партий России. М., 1994;
  • Божанов В. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.
  • Андреев Герман. Не близнецы, но - братья // Новый мир. — 1994. — № 4. — С. 185—189. — ISSN 0130-7673. (руск.)