Удзельнік:Чаховіч Уладзіслаў/Архітэктура Мінска

Першаасновай Мінска быў дзядзінец XI ст., размешчаны не на ўзвышшы, а ў нізіне, у месцы ўпадзення р. Няміга ў р. Свіслач. У замках такога тыпу выкарыстоўваліся абарончыя ўласцівасці балоцістай, затапляльнай мясцовасці. У першапачатковы перыяд на фарміраванне планіровачнай структуры горада вялікі ўплыў зрабіла пераважная трасіроўка міжгарадскіх гандлёвых шляхоў з захаду і паўднёвага захаду (Гродна, Брэст) на паўночны ўсход (Віцебск, Смаленск). Цэнтрам Мінска стаў замак і размешчаная паблізу гандлёвая плошча трохвугольнай канфігурацыі — Ніжні рынак. Уздоўж Нямігі, па Нямігскім пасадзе праз плошчу і далей, на левым беразе Свіслачы па Траецкай гары праходзіла галоўная, найбольш старажытная вуліца. Пасля, у XVI ст., у выніку буйнамаштабных горадабудаўнічых мерапрыемстваў на суседнім узгорку быў створаны новы грамадскі цэнтр, рэгулярна спланаваная ва ўласцівых эпосе Адраджэння традыцыях прамавугольная плошча Верхні, альбо Высокі рынак.

У XVII-XVIII стст. умацаванні горада ўключалі замак і паўкальцо земляных валоў і равоў з паўднёвага, найбольш слабага боку. Горад, кампактны ў плане, па характары вулічнай сеткі адносіўся да двухцэнтравага, радыяльна-паўкальцавога з прамавугольнымі элементамі тыпу. Цэнтрамі сыходжання вуліц радыяльнай накіраванасці былі замак з Ніжнім рынкам, а таксама Верхні рынак; у раёне апошняга планіровачная структура набліжалася да прамавугольнай.

Ансамбль Верхняга рынку правіць

Ансамбль забудовы Верхняга рынку (пазней — Саборная плошча), які фарміраваўся на працягу XVI — пачатку XX ст., — выдатны помнік горадабудаўніцтва. На малой тэрыторыі канцэнтравалася вялікая колькасць дамінант, што абумовіла насычанасць архітэктурнай кампазіцыі. У прасторавай структуры ансамбля спалучаліся ўласцівасці сярэднявечнай і рэнесансна-барочнай горадабудаўнічых культур. Нерэгулярная планіроўка яго паўночна-ўсходняга ўчастка натуральна склалася ў познім Сярэднявеччы. Асноўная ж частка ансамбля характарызавалася размяшчэннем будынкаў у артаганальнай сістэме ўзаемазвязаных планіровачных восяў, што тыпова для Новага часу. Пры гэтым вышынная кампазіцыя забудовы вызначалася шматвежавым сілуэтам з рознымі па характары вертыкалямі, маляўнічай рознавышыннасцю аб’ёмаў. У канцы XVIII — 1-й палове XIX ст. у стылёвым вырашэнні культавых будынкаў пераважала барока; іх аблічча дапаўнялася асобнымі дамінантамі ў формах рэнесансу, як, напрыклад, царква Святога Духа, і класіцызму (ратуша).


У параўнанні з большасцю гарадоў усходняй Беларусі, напрыклад Віцебскам, рэканструкцыя і развіццё Мінска ў перыяд рэгулярнай класіцыстычнай перапланіроўкі вызначалася вялікай ступенню пераемнасці былой структуры. У межах горада канца XVIII ст. захаваліся агульны характар гістарычнай планіроўкі і абрысы многіх вуліц. За яго межамі ў 1-й палове XIX ст. значная тэрыторыя атрымала новую прамавугольную планіровачную сістэму.

У XIX ст. разбураны ці перабудаваны асобныя выдатныя архітэктурныя збудаванні. У многім гэты працэс быў абумоўлены ўнутрыпалітычнай сітуацыяй, якая настала пасля разгрому паўстання 1830—1831 гг. У 1850-я гг. ахвярай стала ратуша, у якой у 1-й палове XIX ст. апрача адміністрацыйных устаноў — суда, магістрата, гаўптвахты, архіва — размяшчаліся музычная школа і гарадскі тэатр. Фармальнай прычынай для зносу служыла тое, што ратуша, «…займаючы сабой частку галоўнай плошчы, абмяжоўвае яе і закрывае краявід саборнай царквы і новаўзводзімых дзяржаўных устаноў…». Аднак, паводле ўспамінаў відавочцаў, будынак ратушы быў знішчаны з-за таго, што «…ён сваім існаваннем напамінаў жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра магдэбургскае права…». На рашэнні аб зносе ратушы стаяла ўласнаручная рэзалюцыя Мікалая I.

У 1795 г. уніяцкая царква Святога Духа была пераўтворана ў праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор, а будынкі базыльянскіх манастыроў заняты духоўнай кансісторыяй і губернскай гімназіяй. Двойчы, у сярэдзіне і ў канцы XIX ст., былая царква Святога Духа, самабытны помнік рэнесансу з элементамі готыкі, перабудоўвалася ў псеўдарускім стылі, што з’яўлялася тыповым для гэтага перыяду праяўленнем архітэктурнага рэтраспектывізму. У сярэдзіне XIX ст. у формах позняга класіцызму адбылася рэканструкцыя корпуса былога мужчынскага базыльянскага манастыра. Таксама ў 1850-я гг. грунтоўна перабудаваны архітэктурны комплекс езуіцкага калегіума; вежа-званіца набыла функцыю пажарнай каланчы, а будынак езуіцкай школы, які з канца XVIII ст. выкарыстоўваўся як дом губернатара, страціў першапачатковы дэкор.

У 2-й палове XIX — пачатку XX ст. на тэрыторыі горада феадальнай эпохі і, галоўным чынам, за яго межамі інтэнсіўна складвалася капітальная грамадская і жылая забудова. Разнастайная па сваіх функцыянальных тыпах і мастацкіх асаблівасцях, яна фарміравала цэнтральную частку Мінска. Акрамя таго, у сувязі з тэрытарыяльным ростам горада ў перыяд бурнага развіцця капіталістычных адносін узніклі таксама і перыферыйныя жылыя і прамысловыя раёны, у тым ліку прадмесці з драўлянай сядзібнай забудовай.

Яшчэ ў 1920-1930-я гг. цэнтр Мінска ўяўляў сабой цэласнае і буйнамаштабнае гісторыка-горадабудаўнічае ўтварэнне, якое сінтэзавала ў сабе культурную спадчыну розных эпох, хоць і тады знішчаліся каштоўныя грамадскія будынкі. Напрыклад, пры ўзвядзенні ў 1939-1941 гг. будынка ЦК КПБ зруйнаваны дом краязнаўца, збіральніка беларускіх старажытнасцей М. Гаўсмана. Выкананы ў 1857 г. па праекце К. Хршчановіча манументальны будынак вылучаўся рамантычным архітэктурным абліччам з выкарыстаннем разнастайных форм готыкі, рэнесансу і класіцызму. У 1898—1899 гг. тут дзейнічала Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў.

Пасляваенны перыяд правіць

У кастрычніку 1944 г. распрацаваны «Эскіз планіроўкі Мінска» (арх. А. Шчусеў, У. Сямёнаў, А. Мардвінаў, М. Колі, Б. Рубаненка, І. Лангбард, Н. Трахтэнберг), які стаў асновай генплану аднаўлення і развіцця Мінска. (1946; інстытут «Белдзяржпраект»; арх. М. Андросаў, Н. Трахтэнберг, інжынеры К. Іванаў, Р. Абразцова, В. Талмачоў пры кансультацыі прафесараў У. Сямёнава, Н. Палякова). У 195152 гг. генплан Мінска быў скарэкціраваны, удакладнены і паглыблены вырашэнні па найбольш складаных праблемах рэканструкцыі і далейшага развіцця гораду. Адметнай рысай пасляваеннага будаўніцтва з’явілася шырокае развіццё архітэктурніх ансамбляў, цэласнай забудовы вуліц, плошчаў, кварталаў. У гэты час быў створаны адзін з лепшых ансамбляў сталіцы — ансамбль Ленінскага праспекта (сучасны пр. Незалежнасці) з плошчамі Леніна (сучасная Незалежнасці), Цэнтральнай (сучасная Кастрычніцкая), Перамогі, Якуба Коласа і зялёнымі масівамі ўздоўж р. Свіслач. Галоўная вуліца горада забудоўвалася шматпавярховымі жылымі дамамі і грамадскімі будынкамі (адміністрацыйны будынак на рагу вул. Камсамольскай і Ленінскага праспекта, гасцініца «Мінск», галоўны паштамт, гарадскі універмаг, будынак Беларускага рэспубліканскага банку, Палац культуры прафсаюзаў, цырк, стадыён «Дынама»). У 1950-я гады ствараецца ансамбль Круглай плошчы, кампазіцыйным цэнтрам якой стаў манумент Перамогі. З сярэдзіны 1950-х гадоў разгарнулася будаўніцтва індустрыяльнымі метадамі з выкарыстаннем тыпавых праектаў. Былі ўзведзеныя кварталы на вул. Арлоўскай і мікрараён на вул. Валгаградскай, кварталы на вуліцах Апанскага, В. Харужай і М. Горкага[1].

У 1965 г. зацверджаны другі пасляваенны генплан Мінска (арх. Л. Гафо, Я. Заслаўскі, А. Наканечны, І. Люблінскі, Н. Кудзінаў, Н. Трахтэнберг), вызначаныя і ўдакладнены зоны жыллёвага і прамысловага будаўніцтва і, у першую чаргу, такія буйныя жылыя раёны, як Чыжоўка, Усход, Зялёны Луг, Серабранка. У 1974 г. быў складзены праект дэталёвай планіроўкі цэнтральнага раёна Мінска (арх. Я. Дзятлаў, Ю. Градаў, Л. Левін, Я. Заслаўскі, Г. Горына, У. Кароль і іншыя), эскіз забудовы водна-зялёнага дыяметра. Ствараюцца ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў на асноўных радыяльных напрамках: па вуліцах Няміга, М. Горкага, Я. Коласа, Прытыцкага, праспектах Машэрава, Партызанскім. У 1960—70-я гады ўзведзеныя Палац спорту, Палац культуры і спорту чыгуначнікаў, кінатэатры «Піянер» (арх. Г. Заборскі), «Кастрычнік», галоўны корпус БДУ (арх. М. Бакланаў, А. Духан), Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат імя 50-годдзя Камсамола Беларусі, Інстытут тэхнічнай кібернетыкі АН БССР (арх. Ю. Грыгор'еў, А. Беразоўскі) і галоўны корпус Інстытута народнай гаспадаркі (арх. А. Ткачук), Палац мастацтваў (арх. С. Мусінскі, Н. Краўкова), гатэль «Турыст» (арх. Л. Пагарэлаў), комплекс жылых дамоў і прадпрыемстваў культурна-побытавага абслугоўвання на вул. Талбухіна і інш. Пабудаваны прамысловыя аб’екты, якія ўзбагацілі архітэктурнае аблічча горада — будынкі гадзіннікавага завода, завода халадзільнікаў і іншыя. Арыгінальнае архітэктурна-мастацкае вырашэнне маюць пабудаваныя ў 1970—80-я гады адміністрацыйна-грамадскія будынкі на пр-це Машэрава (цяпер пр. Пераможцаў), карпусы медыцынскага інстытута на пр-це Газеты «Правда» (арх. Э. Гальдштэйн, Ю. Бічан), галоўны корпус архітэктурнага і будаўнічага факультэтаў БПІ (арх. I. Есьман, В. Анікін), крыты рынак «Камароўскі», аўтавакзал «Усходні», кінатэатр «Масква», будынак бібліятэкі № 11, Палац піянераў і школьнікаў (цяпер Палац дзяцей і моладзі) і інш. У 1984 г. здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі метрапалітэна. Выразным сілуэтам вызначаецца архітэктурна-скульптурны комплекс «Мінск — горад-герой». Водна-зялёны дыяметр дапаўняюць маляўнічыя дэкаратыўныя вадаёмы, каналы, набярэжныя, каскады Сляпянскай воднай сістэмы. За стварэнне архітэктурна-ландшафтных комплексаў усходніх раёнаў горада аўтарскаму калектыву інстытута «Мінскпраект» (арх. М. Жлабо, Б. Юрцін, В. Шыльнікоўская, Л. Жлабо, Д. Герашчанка, Л. Белякова, інжынер А. Самончык) прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР 1989 г[1].

Гістарычны цэнтр правіць

У пасляваенныя дзесяцігоддзі архітэктурнай творчасці на шкале каштоўнасцей культурная спадчына апынулася на апошнім месцы. Прычына таго — недаацэнка горадабудаўнічага значэння помнікаў дойлідства наогул і адмаўленне спадчыны капіталістычнага перыяду ў прыватнасці. Ідэйная арыентацыя на стварэнне манументальнага і буйнамаштабнага новага асяроддзя сацыялістычнага горада пры нігілізме якасцей існаваўшых планіроўкі і забудовы сфарміравала грамадскую ідэалогію, якая праявілася ў негатыўным стаўленні да культавага дойлідства і масавай гістарычнай забудовы[2].

Як і ў любым іншым горадзе, знос каштоўных будынкаў у многім абумовіўся адвольнымі, малаабгрунтаванымі адносінамі да агульнадзяржаўнага здабытку, адсутнасцю ў гэтых выпадках прыватнай уласнасці на гарадскую нерухомую маёмасць. З вялікай колькасці культавых будынкаў, што існавалі ў XVIII — пачатку XX ст., да нашага часу захаваліся толькі адзінкі. Трэба адзначыць, што перадумовы разбурэння цэласнасці гістарычнага цэнтра Мінска ў 1950-1960-я гг. былі закладзены на стадыі генеральнага плана. Пад праезнай часткай Паркавай магістралі (сучасны праспект Пераможцаў) апынуўся амаль увесь Мінскі замак — помнік археалогіі XI—XVIII стст. Знесены шэраг гістарычных будынкаў. Пад знос трапіў вялікі комплекс гістарычнай забудовы вуліц Няміга і Ракаўская. Пры гэтым была знішчана планіровачная структура сярэдневяковага паходжання, нязначна змененая ў перыяд класіцызму, у тым ліку планіроўка і забудова трохвугольнай плошчы Ніжняга рынку[2].

На вул. Дз. Беднага, якая яшчэ ў 1930-я гг. мела шчыльную капітальную, старажытную ў сваёй аснове забудову, да нядаўняга часу захоўваўся апошні будынак, знесены ў час будаўніцтва станцыі метро[2].

У зоне перасячэння планіровачных дыяметраў само сэрца горада было амаль цалкам ператворана ў транспартную развязку ў некалькіх узроўнях, як наземных, так і падземных, у сувязі з чым грунтоўна знішчана архітэктурная спадчына на паверхні зямлі і археалагічная — у культурным пласце[2].

  1. а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  2. а б в г Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.