Аб’яднанне беларускіх скаўтаў

Аб’яднанне беларускіх скаўтаўскаўцкая самастойная непалітычная добраахвотная арганізацыя дзяцей, моладзі і дарослых без абмежаванняў у паходжанні і нацыянальнасці, полу і веравызнання. Заснавана Устаноўчым Соймам 21 сакавіка 1992 года. Афіцыйна зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі РБ 12 жніўня 1992 г. (пасв. аб рэг. №400). Афіцыйна зліквідавана 25 сакавіка 2005 Вярхоўным судом РБ з ініцыятывы Мінюсту. На момант закрыцця колькасць скаўтаў АБС складала каля 1500 чалавек. Пасля закрыцця АБС працягнула дзейнасць неафіцыйна[1].

Аб'яднанне беларускіх скаўтаў
Год заснавання 21 сакавіка 1992
Ключавыя фігуры Алег Грушэцкі, Вольга Клімановіч, Алесь Лозка, Вадзім Сугойдзь, Кастусь Хадыка, Аркадзь Жукоўскі
Колькасць членаў 1500
Слоган Напагатове!
Вэб-сайт e-mail: belscout@post.com
Дата ліквідацыі 25 сакавіка 2005

АБС (Аб’яднанне беларускіх скаўтаў) з’яўляецца пераемнікам традыцый беларускага скаўтынгу ў краіне і на чужыне (Згуртаванне беларускіх скаўтаў на чужыне).

Мэты, сяброўства, структура, сімволікаПравіць

Мэты, задачы, прынцыпы, мэтад дзейнасціПравіць

Асноўная мэта дзейнасці — дапамога малодшаму пакаленню ў духоўным, інтэлектуальным, грамадзкім і фізычным развіцці, у вырашэнні задач роднай Бацькаўшчыны і ўдзелу ў сусветным маладзёжным руху.

Задачы АБС:

* Спрыянне рэалізацыі праграм сусветнага скаўцкага руху (здароўе, экалогія, грамадска-карысная праца, урокі міру, дамаводства, сацыяльная рэабілітацыя цяжкавыхоўваемых дзяцей, падлеткаў і тых, якія маюць дэфэкты фізычнага і разумовага развіцця і інш.);
* усебаковае развіццё дзяцей і моладзі;
* выхаванне нацыянальна свядомай асобы праз краязнаўства, народную культуру і мастацтва, фальклёр, этнаграфію і інш..

Выхаваўчая праца АБС засноўваецца на прынцыпах скаўтынгу: абавязак перад Богам, адданасць духоўным пачаткам; абавязак перад іншымі, вернасць Бацькаўшчыне ў гармоніі з развіццём свету, узаемаразуменне і супрацоўніцтва з усімі; абавязак у адносінах да сябе, адказнасць за асабістае развіццё, вернасць скаўцкай прысязе і абавязку.

СяброўстваПравіць

Сяброўства ў АБС фіксаванае індывідуальнае і калектыўнае. Скаўты падзяляюцца на ўзроставыя ступені (назвы арганізаваным групам даюцца самімі сябрамі):

* Спаборнікі (таксама ўжываецца ваўчаняты) — 7—11 гадоў;
* малодшыя скаўты — 12—15 гадоў
* скаўты — 16—18 гадоў
Узрост дарослых, якія працуюць са скаўтамі і зьяўляюцца сябрамі АБС, не абмежаваны.

Прыём у сябры адбываецца на зборцы праз адданьне прырачэньня (прысягі):

«На мой гонар прыракаю, што паводле маёй найлепшай волі і старанняў буду верны Богу і Бацькаўшчыне, пільнавацца правоў скаўта, дапамагаць кожнаму чалавеку ва ўсякім часе і штодзённа рабіць добры ўчынак».

Сябрамі АБС могуць быць грамадзяне Рэспублкі Беларусь, а таксама іншаземныя асобы без грамадзянства, якія прытрымліваюцца скаўцкага прырачэння, абавязкаў скаўта і прымаюць удзел у дзейнасці АБС.

Структура. Выбарныя органы АБСПравіць

АБС будуецца па тэрытарыяльным прынцыпе. Структурныя фарміраваньні наступныя:

* кап’ё (першасная арганізацыя) — да 7 сяброў;
* звяз — чатыры кап’і;
* харугва — ня менш за два звязы у адным населеным пункце (ці раёне ў сельскай мясцовасці).

Адпаведна ў структурных фарміраваннях абіраюцца кап’ёвыя, звязовыя, харунжыя, і таксама іх намеснікі — падкап’ёвыя, падзвязовыя, падхарунжыя, а таксама скарбнікі. Ажыццяўляюць дапамогу скаўтам куратары з ліку дарослых — скаўтмайстры і падскаўтмайстры. У спаборнікаў можа быць дасведчаны малодшы скаўт, у малодшых скаўтаўскаўт.

Найвышэйшым кіроўным органам АБС зяўляецца Сойм скаўтаў, які склікаецца раз у тры гады і на які дэлегуецца прадстаўнікі ўсіх харугваў.

Кіроўным органам АБС паміж Соймамі з’яўляецца Рада скаўтаў.

Выканаўча-распараджальны орган — Канцылярыя АБС. Кампэтэнцыю Канцэлярыі вызначае Рада. Кіруе дзейнасцю КанцэлярыіСкаўт-канцлер, у яго адсутнасці — Скаўт-падканцлер.

Тэрмін паўнамоцтваў Скаўт-канцлера, Скаўт-падканцлера, сябраў Рады і Канцэлярыі працягваецца ня больш за шэсць гадоў. Склад Рады і Канцэлярыі абнаўляецца на кожным Сойме ня менш як напалову сяброў.

СімволікаПравіць

Сябры АБС карыстаюцца сімволікай, сугучнай гістарычным традыцыям беларускага народу і сусветнага скаўцакага руху. Эмблема АБС уключае у сябе агальна скаўцкі сімвал — лілею, якая апаясана стужкай колеру беларускага нацыянальнага сцягу; на самой лілее размежчаны латарынгійскі крыж (які прысутнічаў на былым дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь «Пагоня».

Сябры АБС маюць скацкія хусцінкі, значкі, форму.

Кліч (дэвіз) скаўтаў «Напагатове!», адказ «Заўсёды!». У асабліва ўрачыстых момантах выкарыстоўваецца вокліч «Жыве Беларусь!» з адказам «Заўсёды!».

ГісторыяПравіць

У жніўні 1989 Алег Грушэцкі сабраў першы невялікі звяз (атрад), у склад якога ўвайшлі ў асноўным вучні школы №20 ды сябры БВС (Беларускі вучнёўскі саюз)[2][3], якім Грушэцкі на той час кіраваў. Створаны атрад (які складаўся пераважна з хлапцоў і некалькіх дзяўчын) узяў назву «Касінеры» у гонар касінераў Кастуся Каліноўскага. Гэта была першая спроба адраджэння беларускага скаўтынгу[4]. Прымячальна, што выпадкова назва сэнсоўна супала з назвай, якую ўзяла зарганізаванае ў 1945 г. першае скаўцкае фарміраванне «Згуртавання Беларускіх Скаўтаў на Чужыне» — Першы Звяз Беларускіх Скаўтаў імя Кастуся Каліноўскага. Грушэцкі актыўна збіраў ня толькі ўсемажлівую інфармацыю пра скаўтынг (каб рухацца ў правільным напрамку), але і шукаў былых беларускіх скаўтаў, і запісваў іх каштоўныя ўспаміны.

Дзейнічаў пэўны час атрад скаўтаў і пры 23-й беларускамоўнай гімназіі[2].

Праз некаторы час утварыўся яшчэ адзін звяз — з вучняў мінскай школы №64, пад кіраўніцтвам Уладзімера Улаховіча. Атрады Грушэцкага і Улаховіча ў хуткім часе наладзілі добрыя сувязі і ўжо напачатку 1991 г., у студзені, зладзілі сваю першую дабрачынную справу — правялі віншаванне Каляд для хворых дзяцей мінскай 1-й гарадзкой клінічнай бальніцы.

Таксама быў утвораны скаўцкі звяз у Беларускім гуманітарным ліцэе імя Якуба Коласа (пад кіраваннем Вадзіма Сугойдзя). Паступова ўзніклі скаўцкія звязы ў Гродна (кіраўнік Аркадзь Жукоўскі), Маладзечне (кіраўнік Вянглоўскі), Баранавічах.

Напачатку 1991 году Алегам Грушэцкім было надрукавана першая сучаснае беларускае скаўцкае выданне — газета «Скаўт Беларусі». Цікава адзначыць той факт, што газета была надрукавана як выданне Саюзу Скаўтаў Беларусі, бо менавіта пад такой назвай на той час неафіцыйна дзейнічалі беларускія скаўцкія звязы, якія потым былі зарэгістраваны як Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Аб’яднанне беларускіх скаўтаў» (у хуткім часе пад назвай Саюз Скаўтаў Беларусі афіцыйна зарэгістравана арганізацыя, узначальваемая Ігарам Касцевічам, сёння гэта БРСА (Белорусская республиканская скаутская ассоциация).

Франка-беларускі летнікПравіць

З 31 ліпеня 1991, каля в. Падневічы (Мінская вобласць, Валожынскі раён, пад Ракавам), адбыўся франка-беларускі летнік (французы афіцыйна з’яўляліся куратарамі беларускіх скаўтаў). Шматлікавая колькасць скаўтаў размясцілася на беразе звілістай ракі Іслач. Гэта стала першым сучасным агульнабеларускім скаўцкім злётам, бо ў ім прынялі ўдзел ня толькі скаўты, якія потым утварылі «Аб’яднанне беларускіх скаўтаў», але і скаўцкая арганізацыя узначальваемая Ігарам Касцевічам «Союз Скаутов Белоруссии». Такім чынам, на той злёт сабраліся ўсе скаўцкія арганізацыі, якія на той час дзейнічалі на Беларусі. Звяз Уладзімера Улаховіча толькі перад гэтым прыехаў з ЗША, дзе яны ладзілі летнік з амерыканскімі скаўтамі.

У той час адбылася яшчэ адна значная падзея — адразу з гэтага летніка Алег Грушэцкі адправіўся на 17-ы Сусветны скаўцкі Джамбары (скаўцкі злёт), які праходзіў з 8 па 16 жніўня 1991 году ў Паўднёвай Карэі. Гэты быў першы (і на той час адзіны) беларускі скаўт, які прадстаўляў Беларусь на сусветным Джамбары (па запрашэнню Сусветнага скаўцага кіраўніцтва)[5].

Варта заўважыць яшчэ адзін факт. 19—21 жніўня адбыўся жнівеньскі путч[6]. Французы, ведаючы пра ганенні на скаўтаў падчас савецкай улады, шчыра запрасілі да сябе беларускіх скаўтаў, прапанавалі сваю дапамогу. На шчасце, усё абышлося.

У жніўні 1992 году скаўты з Беларускага гуманітарнага ліцэю прыязджалі да французскіх скаўтаў з візытам у адказ па запрашэнні французскага боку. Яны разам рабілі лагер на поўдні Францыі, у Альпах, на схіле гары, каля гораду Жазье. Скаўцкі лагер з намётаў быў разбіты на вышыні трох тысяч метраў над морам. Сярод скаўтаў жыў і каталіцкі святар, які двойчы ладзіў святую імшу для французскіх і беларускіх падлеткаў. Пад канец горнага лагеру скаўты зрабілі пад’ём на высокую гару заходніх Альп — Манблан. Гару скаўты пакарылі з бел-чырвона-белым сцягам [7].

Утварэнне арганізацыі. Першы СоймПравіць

 
Алег Грушэцкі з пасведчаннем Мінюсту аб рэгістрацыі «Аб'яднання беларускіх скаўтаў» у дзень атрымання пасведчання (12.08.1992)

2122 сакавіка 1992 года ў Рэспубліканскім Палацы піянераў і школьнікаў (вул. Кірава, 16) адбыўся Ўстаноўчы Сойм, на якім была ўтворана арганізацыя «Аб’яднанне беларускіх скаўтаў». На Сойме, апроч прадстаўнікоў-скаўтаў АБС з усіх абласцей, прысутнічалі шаноўна запрошаныя кіраўнікі ССБ, дырэктар Бюро САСР для СНД Аляксандар Бондар, прадстаўнік скаўтаў ЗША Джэрын Вільсан, дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі, святары розных канфесій (у прыватнасці — ксёндз Ян Матусевіч[8]), навучэнцы Міжнароднага хрысціанскага цэнтра ў Швейцарыі, былая скаўтка Клецкай гімназіі спадарыня Галіна Дамашэвіч (абрана ганаровым скаўтам), прафесар Адам Мальдзіс[9] і інш..

Вядоўцамі на Сойме выступілі Мікола Гракаў і Алесь Лозка, сцэнар правядзення распрацавала Вольга Харламава. Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Вольга Галубовіч на адкрыцці Сойма зачытала віншаванне ад Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча і ад кіраўніцтва Камітэта па справах моладзі пры Савеце міністраў РБ. З пажаданнямі поспехаў у адраджэнні скаўцкага руху на Беларусі выступілі дэпутаты Лявон Баршчэўскі і Анатоль Лябедзька, і ад Згуртавання Беларускіх Вайскоўцаў Мікалай Станкевіч. Таксама было зачытанае прывітанне ад кіраўнікоў Сусветнай Арганізацыі Скаўцкага Руху Жана Марыльёна і Жака Касіньё.

На Сойме быў абмеркаваны і прыняты Статут Аб'яднання, абраная Рада. Скаўт-канцлерам (кіраўнік) быў абраны Аркадзь Жукоўскі (кіраўнік гродзенскай харугвы). Скаўт-падканцлерам абраны Алесь Лозка. У склад Рады АБС увайшлі: Алег Грушэцкі, Вольга Клімановіч (скаўтка са звязу Уладзімера Улаховіча) і Кастусь Хадыка (скаўт з Беларускага гуманітарнага ліцэю).

12 жніўня 1992 года Міністэрствам юстыцыі РБ арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана як Рэспубліканская грамадзкая арганізацыя «Аб’яднанне беларускіх скаўтаў».

15 лістапада 1992 года адбыўся сход па пытанню стварэння Мінскай харугвы. Харугве было надана імя Вітаўта. Апроч мінскіх скаўтаў прысутнічаў Канцлер АБС сп. Аркадзь Жукоўскі. Сябрамі Рады мінскай харугвы абраны райцы АБС: Алег Грушэцкі, Вольга Клімановіч і Кастусь Хадыка. Абраны Харунжы (кіраўнік харугвы) — Вадзім Сугойдзь (звязовы звязу БГЛ). Таксама абрана пісар — скаўтка Святлана Гурыновіч з БГЛ. Засталося вакантным месца скарбніка.

Летнік «Лясун». Першы трэнінг і іспыты на скатмайстраПравіць

У жніўні 1992 г. адбыўся першы летнік АБС. Лягер насіў назву «Лясун» і яго стаянка з намётаў размяшчалася на ўскрайку тэрыторыі першага беларускамоўнага летніку «Грунвальд» (Дзяржынскі раён Мінская вобласць). Райца Вольга Клімановіч праводзіла скаўцкі трэнінг на з'яднанне калектыву, даверу і адказнасці адзін за аднаго. Трэнінг яна пераняла непасрэдна ў амерыканскіх скаўтаў[2]. Іспыты на скаўмайстра прымаў скаўт-падканцлер Алесь Лозка. У летніку ўдзельнічалі мінская, гродзенская і баранавіцкая харугвы.

Фотагалерэя летніку «Лясун»Правіць

Першы Джамбары АБСПравіць

 
Свяча, з якой Джамбарыйскі агонь прыйшоў на Беларусь
 
Выхаванцы А. Грушэцкага са звязу «Рыцары»

9-15 ліпеня 1993 г. АБС праводзіць свой Джамбары. Знамянальна, што гэтае Джамбары праходзіла каля в. Падневічы, на мейсцы франка-беларускага летніка, стаўшагася ў свой час першым агульнабеларускім злётам. На гэтым Джамбары прысутнічалі таксама скаўты з Амерыкі, якіх запрасіла сябра Рады АБС Вольга Клімановіч [10] . Таксама прысутнічалі і скаўты з Прыднястроўя. На гэты час у склад АБС ужо ўваходзілі скаўцкія звязы і харугвы (некалькі звязаў у адной мясціне, горадзе) ў гарадох і мейсцах: Мінску, Маладзечне, Гродна, Баранавічах, Гомеле, Рагачове, Парэчча. Падзея адкрыцця ды жыцця Джамбары асвятлялася Беларускім тэлебачаннем рэпарцёрам Юліяй Качанавай. На ўрачыстым адкрыцці, пад скаўцкі салют, было запалена вялікае джамбарыйскае вогнішча. Варта заўважыць тое, што гэтае вогнішча, якое ўрачыста запаліў Алег Грушэцкі, было запалена свячою, якую Грушэцкі запаліў ад джабарыйскага агню на 17-м Сусветным Джамбары (1991 г.)[5], у якім ён ганарова браў удзел. Такім чынам Сусветны Джамбарыйскі агонь сімвалічна прыйшоў і на Беларусь.

На той час пад узначальваннем Грушэцкага ўжо быў іншы звяз — «Рыцары»[11].

Першы зімнікПравіць

Напачатку 1993 г. скаўты АБС правялі свой першы зімнік, які адбыўся ў в. Парэчча (Слонімскі раён) дзякуючы скаўтам і кіраўніцтву мясцовай школы. Удзел у зімніку прынялі запрошаныя скаўты з Літвы, з Вільнюса, пад кіраўніцтвам Рымаса Кузьмінскаса. Незадоўга да гэтага, на восеньскіх вакацыях 1992 г., мінскія скаўты разам з атрадам Кузьмінскаса хадзілі ў паход з намётамі Вільнюс — Трокі.

У вёсцы ўдзельнікамі лагеру было праведзена святкаваньне Калядаў. Таксама быў праведзены трэнінг на паразуменне людзей з фізычнымі недахопамі. Гэта заключалася ў тым, што скаўты цэлы дзень хадзілі, хто з завязанай нагой, хто з рукой, хто з вачыма і т. п.. Пры гэтым кожны быў павінен дапамагаць адзін адному. Мэта гэтага трэнінгу — паказаць дзецям, наколькі цяжка такім людзям, і наколькі ім неабходна дапамога і спачуванне. Пад час зімніку скаўты наведалі размешчаны побач Жыровіцкі манастыр.

Фотагалерэя зімніку і паходу Вільнюс — ТракайПравіць

Кэмпінг-цэнтарПравіць

У 2003 г. АБС набыў загарадны дом, у якасці кэмпінг-цэнтру, і арганізоўваў у ім свае рэгіянальныя лагеры.

Другі СоймПравіць

25 лютага 1995 года ў Рэспубліканскім Палацы піянераў і школьнікаў быў праведзены Другі Сойм, які ўнёс некаторыя праўкі ў Статут. Скаўтканцлерам быў абраны Вадзім Сугойдзь (які да гэтага кіраваў Мінскай харугвай), скаўтпадканцлерамі — Алесь Лозка і Алесь Чарняўскі (кіраўнік Маладзечанскай харугвы), старшынёй Рады — Вольга Клімановіч[9].

Часопіс «Скаўцкі веснік»Правіць

У 1996 годзе Аб'яднанне выдала квартальны часопіс «Скаўцкі веснік» №1—2[12]. У ім публікавалася хроніка падзей дзейнасці арганізацыі і навіны сусветнага скаўцкага руху, асвятляліся паседжанні Рады АБС і яе рашэнні, падаваліся скаўція парады як правільна сабе паводзіць у экстремальных сітуацыях, а таксама была забаўляльная старонка. Над выпускам часопіса працавалі В. Сугойдзь (рэдактар і карэктар), В. Кавалькова, В. Градзінар, Н. Кучмель (карэктар), Ю. Іванова, Б. Пакульніцкі, У. Вяроўкін-Шэлюта (вёрстка).

Спыненне афіцыйнай дзейнасці АБСПравіць

25 сакавіка 2005 года Вярхоўны суд Беларусі пад старшынствам А. Забары пастанавіў ліквідаваць «Аб’яднанне беларускіх скаўтаў». Прэтэнзіі Мінюста (які і зарэгістраваў аб’яднанне) да аб’яднання — праблемы з юрыдычным адрасам (размяшчэнне юрыдычнага адрасу ў жылым фондзе), нелегітымнасць Сойму, праведзенага ў 2002 годзе, прызнанага незаконным з-за недастатковай колькасці зарэгістраваных структурных адзінак (толькі Вялейская харугва імя Якуба Ясінскага з’яўлялася юрыдычнай асобай), а таксама адсутнасць юрыдычнага адрасу на пячатцы[13]. На момант закрыцця колькасць скаўтаў АБС налічвала каля 1500 чалавек. Скаўцкія фарміраванні АБС існавалі ў Мінску, Баранавічах, Буйках, Вілейцы, Гомелі, Гродна, Маладзечна, Рагачове, Рубе і інш..

Апошнім Скаўт-канцлерам АБС быў Кастусь Хадыка, які выказаўся, што нягледзячы на закрыццё, скаўты разыходзіцца не будуць[1]. АБС працягнулі сваю дзейнасць ўжо неафіцыйна.

Глядзіце таксамаПравіць

Крыніцы і заўвагіПравіць

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Скаутов в Беларуси больше нет. Камсамольская Праўда (31 сакавіка 2005). Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2014. Праверана 11 кастрычніка 2014.
  2. 2,0 2,1 2,2 Юры Тамковіч Скаўтынг у сэрцы, казкі ў душы. mocny.by (21 лютага 2020). Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2020. Праверана 24 лютага 2020.
  3. Белорусская республиканская скаутская ассоциация (26 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2014. Праверана 11 кастрычніка 2014.
  4. Да гэтага, 6 студзеня 1988, было таксама зарганізавана скаўцкае фарміраванне, пазней перарослае ў БРСА, узначальваную Ігарам Касцевічам, але за выснову быў узяты расійскі скаўтынг
  5. 5,0 5,1 Лозка, 1997, с. 57
  6. Спроба ваеннага перавароту ў Маскве, учыненая кансэрватыўна настроенымі дзеячамі з кіраўніцтва ЦК КПСС і ураду СССР, з мэтай спыніць распад СССР.
  7. Мікалай Адамчык. Скаўты ў Альпах // Часопіс «Бярозка». 1993
  8. Ксёндз Ян Матусевіч шмат дапамог беларускім скаўтам — са сваіх святарскіх паездак па Еўропе прывозіў шмат скаўцкай літаратуры і падручнікаў. Ён быў неафіцыйным душпастарам беларускіх скаўтаў.
  9. 9,0 9,1 Лозка, 1997, с. 46
  10. У свой час звяз Ул. Улаховіча, у які ўваходзіла Вольга Клімановіч, наладзіў з імі добрыя адносіны, яны нават ездзілі да іх у амерыканскі скаўцкі лгер.
  11. Скаўты папярэдняга звязу «Касінеры» ўжо выйшлі са скаўцкага ўзросту. Звяз «Рыцары» быў утвораны ў верасні 1992 г. пераважна з вучняў СШ №140 (12—15 гадоў), а таксама з навучэнцаў нядзельнай школы пры Святадухавым кафедральным саборы
  12. Скаўцкі веснік: часопіс Аб'яднання беларускіх скаўтаў. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 4 красавіка 2020.
  13. Скаўтаў пазбавілі рэгістрацыі // «Наша Ніва» №13, 2005

ЛітаратураПравіць

  • Статут Аб’яднання беларускіх скаўтаў // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: 5 снежня 1992. — В. 4250. — № 99. — С. 2.
  • Алег Грушэцкі Рыцарскі турнір // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: 17 ліпеня 1993. — В. 4310. — № 55. — С. 2.
  • Алег Грушэцкі Як «зубры» сталі скаўтамі // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: 11 жніўня 1993. — В. 4317. — № 62. — С. 4.
  • Алег Грушэцкі Што такое скаўтынг // Першацвет : часопіс. — 1994. — № 3. — С. 59—60.
  • Алесь Лозка Хто такія скаўты? // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: 6 студзеня 1993. — В. 4256. — № 1. — С. 3.
  • Лозка А.Ю. Беларускі скаўтынг. — Мінск: Полымя, 1997. — 188 с. — 2 500 экз. — ISBN 985-07-0213-3.
  • Скаўтызм // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 450—451. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5

СпасылкіПравіць