Авіяспецыялісты былых савецкіх рэспублік у Афрыцы

Ацэнкі колькасці авіяспецыялістаў былых савецкіх рэспублік на заробках у Афрыцы.

  • Федэральная авіяцыйная служба Расіі
    як мінімум 10 000 чалавек з усіх рэспублік (1990-я)
  • Асацыяцыя лётнага складу Расіі
    400 чалавек з усіх рэспублік (1992—2001 гг.)
     Расія: 500 альбо больш чалавек (2011 г.)
  • Прафсаюз лётнага складу Расіі
     Расія: 200 чалавек (2011 г.)
  • Украінскія дадзеныя
     Украіна: 700 чалавек (2007 г.)
  • Газета «Наша версия»
    больш за 2 000 чалавек з усіх рэспублік (2011 г.)

Авіяспецыялісты былых савецкіх рэспублік, якія сталі ахвярамі розных інцыдэнтаў на заробках у Афрыцы.

  • Паводле інфармацыі Асацыяцыі лётнага складу Расіі за 1992—2001 гг.
    прынамсі 200 палонных і загінуўшых з усіх рэспублік

У 1990-я і 2000-я гады ў краіны Афрыкі з былых савецкіх рэспублік адбыўся наплыў авіяспецыялістаў, што было выклікана цяжкім эканамічным становішчам пасля распаду СССР. Іх дзейнасць часцей за ўсё ажыццяўлялася па кантрактах з прыватнымі кампаніямі. Пілоты і тэхнікі працавалі як у грамадзянскай, так і ў ваеннай авіяцыі. Многія загінулі ў авіякатастрофах, узброеных канфліктах ці ж зусім прапалі без вестак.

Вонкавыя медыяфайлы
Выявы
Малдаўскі лётчык і ангольскія дзеці. Другая палова 1990-х.
Абломкі беларускага Іл-76 у Магадзіша. 2007 год.
Відэафайлы
Дакументальны фільм 2007 года «Digital Congi» аб крушэнні расійскага Ан-32 у Кіншасе ў 1996 годзе.

Перадгісторыя

правіць

У пачатку 90-х значная частка высокакваліфікаваных спецыялістаў ваенна-абароннага комплексу і авіятараў былога СССР апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Абвальнае скарачэнне перавозак выкінула з грамадзянскай авіяцыі тысячы лётчыкаў і тэхнікаў. У аэрапортах засталіся тысячы непатрэбных самалётаў і верталётаў[1]. Пазней да ўсяго гэтага дадалося яшчэ і скарачэнне старога парку савецкіх лятальных апаратаў з заменай на заходнія ўзоры. Кіраўніцтва, не жадаючы марнавацца на перанавучанне сталых спецыялістаў, больш ахвотна набірала маладых, якія ўжо ўмелі эксплуатаваць замежную авіятэхніку[2].

Беспрацоўныя спецыялісты падаліся ў прыватныя кампаніі, якія ўзніклі на базе дзяржаўных гаспадарстваў. Некаторыя сыходзілі ў замежныя прадпрыемствы. Так, напрыклад, у пачатку 90-х гадоў у Маскве з’явілася некалькі пунктаў найму пілотаў. Адным з самых папулярных месцаў была гасцініца «Космас». Тут эмісары замежных авіякампаній прапаноўвалі авіятарам работу, часцей за ўсё за мяжой. Вярбоўшчыкі абяцалі задатак да $1 тыс. наяўнымі і зарплату ад $ 1, 5 тыс. у месяц[1]. Былі расцэнкі і ў тры тысячы. Для параўнання, у Расіі і СНД па тых часах авіяспецыялісты атрымлівалі па 50—100 долараў[3].

І айчынныя, і замежныя кампаніі актыўна працавалі ў краінах Афрыканскага кантынента, дзе транспартная інфраструктура была недастаткова развіта ў сілу эканамічнай адсталасці, складанай і нестабільнай ваенна-палітычнай абстаноўкі[3].

Дзейнасць

правіць

Па словах прэзідэнта асацыяцыі лётнага складу Расіі Анатоля Кочура, у 1990-я за мяжу з’ехалі каля 7 тыс. лётчыкаў і тэхнікаў былога СССР, з якіх 400 — у Афрыку[1]. Федэральная авіяцыйная служба Расіі заяўляла пра мінімум дзесяць тысяч пілотаў, штурманаў, бортінжынераў, спецыялістаў наземнага абслугоўвання па ўсім кантыненце[4]. У 2007 годзе ва Украіне заявілі аб парадку 700 сваіх суайчыннікаў, што працуюць як авіяспецыялісты ў Афрыцы. На 2011 год прафсаюз лётнага складу Расіі меў звесткі аб 300 пілотах, а асацыяцыя лётнага складу — 500 і больш сваіх авіятараў на «чорным кантынгенце». У газеце «Наша версия» агульная колькасць авіятараў з усёй постсавецкай прасторы ацэньвалася ў больш за дзве тысячы чалавек[5].

У Анголе (па даных пасольства РФ на сярэдзіну 90-х і пачатак нулявых) дзейнічалі больш за 20 экіпажаў расійскіх, украінскіх, малдаўскіх і беларускіх лётчыкаў[3].

У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, паводле інфармацыі выдання «Новая газета», на 2007 год па кантрактах з прыватнымі авіякампаніямі працавалі самастойна парадку двухсот пілотаў з краін СНД, плюс некалькі кангалезскіх авіякампаній (такіх як Malila Airlift, Service Air, Africa One і іншыя) эксплуатавалі самалёты «Ан» з расійскімі экіпажамі. У суседняй Рэспубліцы Конга лётчыкі з Расіі таксама ляталі па ўсёй краіне, уключаючы малыя прымежныя паселішчы. У іх меліся дзве асноўныя базы — у сталіцы Бразавіле і ў горадзе Пуэнт-Нуар. Яшчэ 40 расійскіх пілотаў некаторы час жылі ў будынку гандлёвага прадстаўніцтва РФ у сталіцы Анголы Луандзе, адкуль ляталі ў тым ліку і ў суседнюю Намібію. У ёй быў пункт базавання ў горадзе Андангва, а ў аэрапорце партовага горада Уолвіш-Бей працавалі лётчыкі з Екацярынбургу, што займаліся рамонтам савецкіх самалётаў з Анголы[6].

Расійскія і ўкраінскія лётчыкі ў 2000-х наладзілі авіязносіны паміж Джыбуці, Самалі і Эфіопія. Іх можна было сустрэць у гарадах Бусасо, Дырэ-Дауа, Бахр-Дар і Адыс-Абеба[6].

Таксама прысутнасць авіяспецыялістаў з былых савецкіх рэспублік заўважана ў Ліберыі, Малі, Чадзе, Сьера-Леоне, Лівіі, Кот-д’Івуары, Эрытрэі, Марока, ПАР, Мазамбіку, Гвінеі, Экватарыяльнай Гвінеі, Судане, Кеніі і Угандзе[6].

У Афрыцы былыя савецкія лётчыкі перавозілі тавары народнага спажывання, паліва, матэрыялы для будаўніцтва, а таксама зброю[7]. Працавалі яны і на афіцыйныя органы і дэпартаменты афрыканскіх дзяржаў, займаючыся перавозкамі ў іх інтарэсах[6]. Распаўсюджанымі былі таксама пасажырскія рэйсы, якія часта суправаджаліся рознымі парушэннямі, у прыватнасці, перагрузам. Лётчыкі імкнуліся пасадзіць як мага больш чалавек, каб атрымаць вялікую выручку, але часам гэта прыводзіла да авіякатастрофаў[3]

Сярод лётчыкаў вылучыліся тры асноўныя катэгорыі: кантрактнікі па лініі нафтавых і алмазаздабыўных вытворчых карпарацый, работнікі ААН і іншых міжнародных арганізацый па дамове, а таксама адзіночкі[8].

У пачатку 2000-х аператыўнікі ўпраўлення «Т» (контрразведніцкае забеспячэнне транспарту) Дэпартамента эканамічнай бяспекі расійскай ФСБ канстатавалі[4]:

  Выкарыстанне расійскіх самалётаў за мяжой, асабліва ў афрыканскіх краінах, прыводзіць да сур’ёзнай палітычнай і эканамічнай шкоды для Расіі... Трэба глядзець праўдзе ў вочы: расійскія самалёты перавозяць у Афрыцы і зброю, і боепрыпасы, і наркотыкі.  

Авіякатастрофы

правіць
  Ангола
  • 11 жніўня 1998: у аэрапорце Саурыма ў выніку няўдалага прызямлення разбіўся транспартны самалёт Ан-12 авіякампаніі Allada. Экіпаж складаўся з расійскіх грамадзян. Адзін чалавек загінуў, сем атрымалі раненні[1].
  • 2 лютага 1998: у сталіцы разбіўся ліберыйскі Ан-12 з расійскім экіпажам, які перавозіў харчаванне па кантракце з фірмай Savana Air. Самалёт упаў на жылы квартал Луанды. Чацвёра расійскіх лётчыкаў і сямёра ангольцаў на борце загінулі. Яшчэ 12 чалавек загінулі пад руінамі дамоў[1].
  • 16 мая 2003: пры ўзлёце ў аэрапорце горада Менонгэ з-за няспраўнасці ў адным з рухавікоў разбіўся Ан-12 з расійскім экіпажам. Загінулі чатыры лётчыкі[6].
  ДР Конга
  • 8 студзеня 1996: расійскі грузавы самалёт Ан-32Б авіякампаніі «Маскоўскія паветраныя лініі (Moscow Airways)» здзяйсняў унутраны рэйс па маршруце КіншасаКахемба, але пры разбегу па УПП аэрапорта Кіншасы не змог падняцца ў паветра, выкаціўся за яе межы і ўрэзаўся ў рынак, які быў размешчаны зусім побач з УПП (фактычна ў цэнтры горада). У катастрофе загінула 237 чалавек. 5 з 6 членаў экіпажа выжылі, але больш за год правялі ў заірскай турме (гл. Катастрофа Ан-32 у Кіншасе).
  • Жнівень 2001: у джунглях з-за адмовы рухавіка разбіўся самалёт Ан-28, які належаў кампаніі Agefreco Air. На месцы катастрофы, у 25 км ад аэрапорта горада Букаву, байцы з атрадаў паўстанцаў і мясцовыя жыхары знайшлі целы дваіх пілотаў і трохгадовага кангалезскага дзіцяці. Яшчэ сем чалавек, якія знаходзіліся ў самалёце, атрымалі раненні. Як заявіў ўладальнік самалёта Патрыс Башэнгезі, яго пілатавалі грамадзянін Расіі і грамадзянін Казахстана[1].
  • 8 мая 2003: парадку 250 чалавек выдзьмула за борт з салона транспартнага самалёта Іл-76, які кіраваўся украінскім экіпажам і выконваў рэйс з Кіншасы на вышыні некалькіх тысяч метраў. Гэта адбылося з-за раптоўнага самаадвольнага адкрыцця грузавога люка, размешчанага ў хваставой частцы паветранага судна. На борце ў гэты час знаходзіліся рота аховы прэзідэнта Жазефа Кабілы, якую перавозілі для ўдзелу ў парадзе, а таксама вялікая група спецназаўцаў паліцыі з сем’ямі[6].
  • 29 лістапада 2003: пасля няўдалай спробы ўзлёту, падчас заходу на другі разбег, з-за разрыву шыны за межы ўзлётна-пасадачнай паласы на рынкавую плошчу ў Баэндэ нечакана вылецеў самалёт Ан-26. У выніку загінулі ўсе 6 членаў экіпажа, уключаючы расійскіх пілотаў, 14 з 18 пасажыраў, а таксама 13 чалавек на зямлі[6].
  • 30 сакавіка 2005: беларускі авіятар загінуў падчас крушэння грузавога самалёта[9].
  • 5 мая 2005: у раёне Кісангані страціў радыёсувязь, зачапіў пры развароце прапелерамі дрэвы і страціў кантроль над кіраваннем самалёт Ан-24 авіякампаніі Kisangani Airlift, пілатуемы расійскімі лётчыкамі. Экіпаж і шэсць пасажыраў загінулі[6].
  • 25 мая 2005: праз паўгадзіны пасля ўзлёту страціў кантакт з дыспетчарскай вежай і ўпаў на дно цясніны самалёт Ан-12 кампаніі, якая належала расіяніну з Лівіі. Пяць членаў экіпажа, набранага з расіян і аднаго беларуса[9], і ўсе 22 пасажыры загінулі. Паветранае судна выконвала заказы Міністэрства абароны рэспублікі[6].
  • 5 верасня 2005: пры заходзе на пасадку ў раёне аэрапорта Ісіра зачапіў дрэвы, загарэўся і разваліўся на часткі самалёт Ан-26. Экіпаж з чатырох чалавек, які ўключаў траіх расіян, а таксама ўсе сем пасажыраў загінулі[6].
  • 7 ліпеня 2006: у раёне аэрапорта горада Гома на восьмай хвіліне ўзлёту ў выніку адмовы рухавіка і развароту на аварыйную пасадку ўрэзаўся ў гару транспартны самалёт Ан-12. Загінулі двое афрыканскіх пасажыраў і трое лётчыкаў з Расіі[6].
  • 3 жніўня 2006: пры набліжэнні да аэрапорта ў горадзе Букаву ўрэзаўся ў гару, зваліўся ў лес і згарэў самалёт Ан-28 адной з кангалезскіх авіякампаній. Усе члены расійска-кіргізска-ўкраінскага экіпажа і дзевяць пасажыраў-афрыканцаў загінулі[6].
  • Снежань 2006: пацярпеў крушэнне Су-25 ВПС ДРК, пілот якога, найміт з Беларусі, загінуў[10].
  • Чэрвень 2007: упаў Су-25 ВПС ДРК, на якім загінуў украінскі найміт[10].
  • 4 кастрычніка 2007: крушэнне Ан-26 пад Кіншасай. 52 (21 у самалёце і 31 на зямлі) загінуўшых і 29 (1 у самалёце і 28 на зямлі) параненых. Сярод ахвяраў — трое грамадзян Расіі (гл. Катастрофа Ан-26 пад Кіншасай).
  • 27 лютага 2017: блізу горада Рутшуру правінцыі Паўночнае Ківу пацярпелі крушэнні два баявыя верталёты Мі-24 ВПС ДРК. Экіпаж першага складаўся з грузін. На другім былі беларусы. Разам з імі ляцелі яшчэ трое кангалезскімі вайскоўцаў. Загінулых няма. (гл. Катастрофа двух Мі-24 у Рутшуру (2017))
  • 20 снежня 2018: разбіўся Ан-26, які выконваў рэйс Кіншаса—Чыкапа—Кіншаса. У складзе экіпажа былі чатыры лётчыка з РФ і двое кангалезцаў. Усе яны загінулі[11].
  Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка
  • 10 лютага 1999: у Кейптаўне пацярпеў катастрофу верталёт Мі-8 мясцовай авіякампаніі. Даставіўшы халадзільнае абсталяванне на дах гасцініцы Cape Sun International, верталёт пры ўзлёце зачапіў лопасцю суседні будынак, пасля чаго паваліўся на зямлю з 50-метровай вышыні. Загінулі ўсе члены экіпажа, у тым ліку расійскі бортмеханік[1].
  Рэспубліка Конга
  • 16 ліпеня 2012: у 150 кіламетрах на поўнач ад Бразавіля беларус і расіянін загінулі пры крушэнні верталёта Мі-2[12].
  Самалі
  Судан
  • 27 чэрвеня 2008: паблізу горада Малакаль разбіўся самалёт Ан-12, які выконваў рэйс ХартумДжуба. У катастрофе загінулі сем чалавек, з якіх чацвёра былі грамадзянамі Украіны, адзін армянін, астатнія — суданцы. Аднаму члену экіпажа, грамадзяніну Судана, удалося выжыць[13].
  • 30 чэрвеня 2008: у Хартуме пацярпеў крушэнне Іл-76. Загінулі трое грамадзян Расіі і адзін Беларусі[2][13].
  Сьера-Леонэ
  • 3 ліпеня 2007: у момант прызямлення выбухнуў і загарэўся ў паветры верталёт Мі-8 афрыканскай авіякампаніі Paramount Airlines, які перавозіў 19 заўзятараў футбольнай каманды Тога. Загінулі ўсе пасажыры і два пілота – грамадзяне Расіі і Малдовы. Камандзіру экіпажа, таксама расіянін, удалося выратавацца[6].
  Танзанія
  • 23 сакавіка 2005: разбіўся Іл-76 малдаўскай кампаніі. Загінулі сямёра беларусаў і яшчэ адзін ураджэнец былога СССР[2][14].
  Уганда
  • 8 студзеня 2005 года: транспартны самалёт Ан-12, які ляцеў у сталіцу Кіншасу з грузам фасолі і аўтамабілямі на борце ўпаў у лесе з-за адмовы рухавіка, перагружанасці і зрушэння цэнтра цяжару. Загінуўшы экіпаж складаўся з шасцярых расіянаў[6].
  Чад
  • 23 красавіка 2006: пры заходзе на пасадку ў горад Нджамена (Чад) самалёт Ан-74 з-за нечакана ўзніклых тэхнічных праблем пераляцеў праз аэрапорт і паваліўся ў адкрытым полі на тэрыторыі суседняй дзяржавы Камерун. Загінуў увесь экіпаж з шасці ўкраінцаў. Згодна з кантрактам, самалёт служыў для перавозкі высокапастаўленых чыноўнікаў краіны і некамерцыйных грузаў[6].
  Экватарыяльная Гвінея
  • 16 ліпеня 2005: пасля ўзлёту з аэрапорта Малабо знік з экранаў радараў, загарэўся і ўпаў у джунглі самалёт Ан-24. Загінулі члены экіпажа-выхадцы з СНД, а таксама ўсе 54 пасажыры[6].

Арышты і палоны

правіць
  • Май 1997: падчас чарговага армейскага бунту ў Сьера-Леонэ ў закладнікі трапілі чатыры верталётчыкі: тры беларуса і расіянін[15][16].
  • Лістапад 1997: дыпламаты РФ вызвалілі з палону 11 расійскіх лётчыкаў, якія працавалі ў Конга па кантракце з бельгійскай фірмай, якая займалася перавозкамі харчавання. Яны былі абвінавачаны ў транспарціроўцы зброі для ўрада дзяржавы падчас грамадзянскай вайны.
  • Ліпень 2003: у Судане на ваенным аэрадроме Эль-Фашэр арыштаваны верталёт Мі-26 з трынаццаццю расіянамі. Верталёт быў акружаны ўзброенымі аўтаматчыкамі, а затым лётчыкаў на працягу некалькіх дзён аж да вызвалення па лініі МЗС РФ трымалі пад дамашнім арыштам. Іх абвінавачвалі ў няправільным афармленні транзітных дакументаў і магчымых кантактах з мясцовай паўстанцкай групоўкай[6].
  • Лістапад 2004: на фоне інцыдэнту ў Буаке ў Таго і Кот-д’Івуары былі затрыманыя восем украінцаў, трое расіян і дванаццаць беларусаў. Усе яны мелі розны статус: члены экіпажа транспартніка, тэхнікі і ваенныя спецыялісты. (гл. Французска-івуарскі канфлікт)
  • Май 2011: амерыканскія спецслужбы затрымалі расіяніна Канстанціна Ярашэнка. Яго абвінавацілі ў наркатрафіку.
  • 27 лютага 2017: пасля крушэння верталёта Мі-24 у ДР Конга ў палон да баевікоў М23 трапіў грузін. Праз некалькі месяцаў ён загінуў. (гл. Катастрофа двух Мі-24 у Рутшуру (2017))

Інцыдэнты ў Анголе

правіць

У 1990-я самым небяспечным рэгіёнам сярод авіятараў постсавецкай прасторы лічылася Ангола. Асноўную пагрозу ўяўляла складаная ваенна-палітычная абстаноўка ў краіне. Зацяжны канфлікт з апазіцыйнай ўзброенай групоўкай УНІТА, якая кантралявала ў тыя гады траціну тэрыторыі дзяржавы, рабілі палёты ў некаторых правінцыях небяспечнымі. Паўстанцы ў імкненні дэстабілізаваць сітуацыю і паўплываць на кіруючы рэжым збівалі грамадзянскія самалёты. Выжыўшых пілотаў альбо расстрэльвалі, альбо бралі ў закладнікі з мэтай абмяняць на сваіх палонных баевікоў або дамагчыся іншых саступак з боку ўладаў[3].

Толькі за чатыры месяцы 1999 года ў Анголе было збіта 8 самалётаў з расійскімі экіпажамі. З іх выжылі толькі пяць чалавек, якія былі вызваленыя праз месяцы ў выніку доўгіх перамоваў з апазіцыяй, у тым ліку пры садзейнічанні міжнародных арганізацый. Усяго ў 90-я гады ў Анголе загінула і прапала без вестак 17 экіпажаў. Сярод зніклых — малдаўскі Ан-72 (на борце было шэсць авіятараў), зніклы ў снежні 1997, і Ан-26Б авіякампаніі «Пермскія маторы», пілатуемы расійскім экіпажам, які страцілі ў 1998-м. Агульная колькасць зніклых машын і экіпажаў дасягае васьмі[3].

Узброеныя канфлікты

правіць

Многія былыя лётчыкі ваеннай авіяцыі, нанятыя па індывідуальных кантрактах альбо пад заступніцтвам сваіх уладаў, прынялі ўдзел у баявых дзеяннях. У асобных выпадках гэта былі ваенныя спецыялісты з дзеючых Узброеных Сіл, накіраваныя па дзяржаўнай лініі.

  • Першая кангалезская вайна/Другая кангалезская вайна/Ітурыйскі канфлікт/Канфлікт у Ківу: Лётчыкі базіраваліся на аэрадромах Гома і Букаву. Баявыя вылеты ажыццяўляліся на чатырох Су-25, закупленых у Грузіі па кантракце 1999 года Тбіліскага авіяцыйнага завода, у тым ліку два самалёты пабудовы 1991 года (завадскія нумары 25508110578 і 25508110579, бартавыя нумары ВПС ДРК FG-500 і FG-501) і два самалёты новай пабудовы 1999 года (завадскія нумары 25508110580 і 25508110581, бартавыя нумары ВПС ДРК FG-502 і FG-503). Дастаўка машын з Тбілісі ў ДРК была ажыццёўлена ў канцы 1999—пачатку 2000 года, пасля чаго дадзеныя чатыры штурмавікі склалі аснову баявога патэнцыялу ВПС краіны. На іх ляталі беларусы і ўкраінцы[10].
  • Эфіопа-эрытрэйскі канфлікт: Эфіопію падтрымалі ваенныя спецыялісты, накіраваныя ад Расіі, а Эрытрэю — ад Украіны. Пры гэтым па абодва бакі служылі і найміты з СНД. Асноўная маса замежнікаў была пры авіяцыі і СПА[17][18][19][20]. (гл. Група расійскіх ваенных спецыялістаў у Эфіопіі і Удзел украінцаў у эфіопа-эрытрэйскай вайне)
  • Першая Івуарыйская вайна: пры ўрадавых войсках на аэрадроме Ямусукра дзейнічала група лётчыкаў і тэхнікаў з Беларусі (іх статус да канца не ясны), якія дапамагалі афрыканскім авіятарам у засваенні Су-25, пастаўленых таксама беларусамі. Сярод лётчыкаў быў адстаўны палкоўнік ВПС РБ Юрый Сушкін, які атрымае шырокую вядомасць за інцыдэнт у Буаке, дзе ён у экіпажы з Анжам Гнандуетам памылкова атакуе базу французскіх войскаў, пераблытаўшы іх з баевікамі «Новых сіл». (гл. Беларускія найміты ў Кот-д’Івуары)
  • Грамадзянская вайна ў Лівіі (2011): У пачатку баявых дзеянняў у заходніх СМІ з’явілася інфармацыя, што ў падаўленні вулічных беспарадкаў удзельнічаюць беларускія, а таксама сербскія, украінскія і румынскія найміты. Замежныя байцы пілатавалі баявую авіяцыю, абстрэльваючы апазіцыю, а таксама праводзілі патруляванне і зачыстку вуліц на аўтамабілях[21]. Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін выказаў здагадку, што сярод беларускіх авіятараў маглі быць адстаўныя вайскоўцы, бо афіцыйна дзяржава імкнецца не адпраўляць дзейныя вайсковыя кадры ў «гарачыя кропкі»[22]. (гл. Беларусы ў лівійскім канфлікце)

Зноскі

  1. а б в г д е ё Авторский коллектив: Леонид Заварский, Кирилл Дранцов, Елена Миклашевская, Андрей Смирнов, Гульчачак Ханнанова, Роман Голубев. Воздушные наемники // Коммерсантъ Деньги : журнал. — № 35(339). — 5 сентября 2001
  2. а б в Почему белорусские летчики работают и гибнут в Африке? (Фото)
  3. а б в г д е Павел Мунтян. Таинственные исчезновения, рабство, богатство, страх и риск: Как молдавские пилоты работают в Африке // Комсомольская правда, 24 января 2021.
  4. а б Владимир Воронов, Павел Мороз. Слуги смерти: Русские наёмники в Африке // Собеседник : газета. — 28 мая 2001.
  5. Руслан Горевой. На африканцев работают до тысячи российских пилотов // Наша версия : газета. — 12 апреля 2011.
  6. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Дарья Пыльнова, Дмитрий Шкрылев. Сотни «пилотов удачи» // Новая газета : газета. — №26 (36). — 12 июля 2007.
  7. «Не ходите, парни, в Африку летать». Невероятная судьба лётчика Месилова
  8. Дарья Пыльнова, Дмитрий Шкрылев. Наши гастарбайтеры в Африке // Новая газета : газета. — 12 июля 2007.
  9. а б [1]
  10. а б в Ремонт и модернизация штурмовиков Су-25 ДРК в Барановичах
  11. Наталия Николаева. РОССИЙСКИЙ ЭКИПАЖ АН-26 ПОГИБ В АФРИКЕ // Лидер ньюс, 21 декабря 2018.
  12. Белорус и россиянин погибли в Конго // СБ. Беларусь сегодня, 19 июля 2012
  13. а б В Судане при взлете из аэропорта Хартума разбился транспортный Ил-76, экипаж погиб
  14. 23 марта погибли экипажи Игоря Вашкевича и Константина Знака
  15. Ольга Томашевская. Возвращение из африканского плена Архівавана 13 верасня 2019. // "Белорусская деловая газета", 6 августа 1998 года
  16. Сяргей Расолька. Афрыканская эпапея беларускіх верталётчыкаў // Звязда : газета. — 28 жніўня 2017.
  17. Русские наёмники — от Африки до Сирии
  18. Командировка в Африку
  19. Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004 .
  20. Война Эфиопии и Эритреи: первая российско-украинская Архівавана 26 кастрычніка 2020.
  21. СМИ: в расправе над ливийскими повстанцами, возможно, участвуют наемники из Белоруссии. Архівавана з першакрыніцы 2 лістапада 2020. Праверана 4 мая 2021.
  22. Эксперт: В Ливии могут воевать белорусские летчики, штабисты и снайперы

Літаратура

правіць