Адміністрацыйны падзел Вялікага Княства Літоўскага

Адміністрацы́йны падзе́л ВКЛ — комплекс палітычных захадаў, якія вызначалі палітыка-адміністрацыйнае размеркаванне тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага яго ўладамі падчас усяго існавання дзяржавы між XIII і XVIII стст.

Гісторыя правіць

Палітыка ўнутранага падзелу ВКЛ у адміністрацыйных мэтах азначылася ў першыя гады існавання дзяржавы ў XIII ст., на перыяд чаго прыпадаюць першыя крыніцы пра існаванне ў дзяржаве такіх адміністрацыйных тэрыторый як княства і воласць[1].

Утварэнне правіць

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура ВКЛ змянялася з пачаткам пашырэння яго тэрыторыі пры першых князёх літоўскіх. Так, ужо ў часы княжання Войшалка былі аб'яднаныя Навагародская, Пінская, Полацкая і Віцебская землі, захопленыя Нальшчаны і Дзяволтва. У 1307 годзе пры Віценю было далучана Полацкае княства, з 1320-х па 1330-я гады (Гедзімін) ВКЛ атрымала кантроль над Віцебскай, Турава-Пінскай, Брэсцкай землямі, а таксама Менскім княствам. Ужо пры Гедзіміне яго сыны атрымалі кантроль над рознымі часткамі дзяржавы: так, у спадчыну Манівіду засталіся Кернаў і Слонім, Карыяту — часткі Панямоння ўключна з Навагрудкам, Альгерду — Крэва і рэгіён Беразіны, Кейстуту — амаль увесь захад сучаснае Беларусі (Трокі, Брэсцкая, Гродзенская землі), Нарымонту — Пінская зямля; рэгіён Вільні, якая на той час ужо атрымала статус сталіцы, атрымаў Яўнут[2].

Пасля прыходу на велікакняжацкі пасад Альгерда ў ВКЛ фактычна аформіўся падзел на дзве часткі, калі заходняй часткай ВКЛ стаў кіраваць адзін з братоў Альгерда, Кейстут. З іншага боку, пры панаванні Альгерда ў складзе ВКЛ апынуліся беларускае Падняпроўе, Бранскае княства, крыху пазней — Мазырская і Брагінская воласці, а таксама землі сучаснай Украіны: Падолле, Валынь і Чарнігава-Северская зямля, яшчэ трохі пазней былі далучаны Смаленскае княства і Жамойць[2]. У гэтыя перыяды існавання ВКЛ у краіне збольшага захоўвалася сістэма падзелу на ўнутраныя княжацкія ўладанні.

Змены ў структуры правіць

Пры Вітаўце з канца XIV — пачатку XV стст. княжацкія пасады былі скасаваны ў Віцебску, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку, Кіеве, Падоллі, Валыні, замест чаго былі ўведзены пасады намеснікаў. Як мяркуецца, гэтыя мерапрыемствы былі ажыццёўлены з мэтай цэнтралізацыі ўлады, аднак у цэлым сістэма мясцовага кіравання захавала сваю традыцыйнасць[1]. У гэты час намеснікі таксама былі прызначаны Ягайлам у Вільні і некаторых іншых гарадох. У 1398 годзе паводле Салінскага дагавора ВКЛ страціла Жамойць на карысць Тэўтонскага ордэна, праз шэсць год у склад ВКЛ было канчаткова далучанае Смаленскае княства. Між тым, праз год пасля паразы Тэўтонскага Ордэна (Грунвальдская бітва) Жамойць перайшла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта, што было пацверджана Мельнскім мірам у 1422 годзе, калі крыжакі саступілі рэгіён ВКЛ па смерці Вітаўта[2]. У 1427 годзе Вітаўтам былі падначалены Цвярское, Разанскай княствы і г.зв. Вярхоўскія княствы. У 1413 годзе Гарадзельскай уніяй быў уведзены інстытут ваяводаў, якія атрымалі рэгіянальную ўладу ў першых новаўтвораных ваяводствах — Віленскім і Троцкім[1]. Віленскаму ваяводзе сталі падпарадкоўвацца Наваградак, а таксама некалькі княстваў — Слуцкае, Клецкае і Мсціслаўскае. У Троцкае ваяводства, у сваю чаргу, уваходзілі практычна ўсе заходнія і цэнтральныя часткі сучаснае Беларусі[2].

Гэты інстытут захоўваўся да самога канца існавання ВКЛ пад канец XVIII ст.

У 1471 годзе Кіеўскае княства набыло статус ваяводства. У часы кіравання Казіміра IV адбыўся прэцэдэнт спробы ўсталявання мясцовага княства, калі мсціслаўскі князь Юрый Лугвенавіч паспрабаваў стварыць уласнае княства, спрабуючы далучыць да Мсціслава Віцебск і Полацк[2]. Пры наступным князі ВКЛ, Аляксандру, распачалася серыя з некалькіх войнаў з Маскоўскай дзяржавай, пры якіх ВКЛ паслядоўна страціла спачатку Вяземскае княства і некалькі з Вярхоўскіх княстваў (14921494 гг.), рэгіёны Чарнігава, Старадуба, Гомеля; Бельскае, Таропецкае і, часткова, Мсціслаўскае княства, а ў 1514 годзе пры яго браце Жыгімонце I, быў страчаны Смаленск. Тым не менш, у 1535 годзе ў склад ВКЛ былі вернуты такія гарады як Гомель і Любеч[2]. У гэтым жа стагоддзі пачаўся працэс утварэння новых ваяводстваў, якія ствараліся шляхам пераўтварэння ўдзельнага княства (або зямлі) у ваяводства альбо дзякуючы вылучэнню пэўнай тэрыторыі з тэрыторыі іншага ваяводства. Першым спосабам у 1504 і 1508 былі ўтвораны Полацкае і Смаленскае ваяводствы адпаведна, другім — Новагародскае (1507, з Віленскага) і Падляшскае (1513, з Троцкага)[3].

Рэформа Жыгімонта Аўгуста правіць

З 1548 года трон атрымлівае Жыгімонт Аўгуст, падчас кіравання якога ў 15651566 гадах уводзіліся сістэмы павятовых соймікаў і судоў, у выніку чаго адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура наблізілася да досведу суседняй Польшчы, а ў практыку краіны ўводзіліся межы паветаў. Павет уяўляў сабой адміністрацыйную тэрыторыю, якая структурна ўваходзіла ў склад ваяводства. Былі ўтвораныя новыя ваяводствы — Берасцейскае, Мсціслаўскае, Менскае, Валынскае і Брацлаўскае. Быў упарадкаваны падзел ваяводстваў на паветы: у выніку рэформы ў складзе Віленскага ваяводства былі зацверджаны Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі і Лідскі паветы; у складзе Троцкага — Гарадзенскі, Ковенскі, Троцкі і Упіцкі; Новагародскага — Ваўкавыскі, Новагародскі, Слонімскі; Падляшскага — Бельскі, Дарагічынскі, Мельніцкі; Кіеўскага — Кіеўскі і Мазырскі; Віцебскага — Аршанскі і Віцебскі; Берасцейскага — Берасцейскі і Пінскі; Менскага — Менскі і Рэчыцкі, Валынскага — Крамянецкі, Луцкі, Уладзімірскі; Брацлаўскага — Брацлаўскі, Вінніцкі і Звянігарадскі. Асобна вылучаліся Полацкае і Мсціслаўскае ваяводствы, што не мелі паветаў у сваім складзе, а таксама Новагародскае, якое апрача паветаў захавала ў якасці асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Слуцкае княства. Такім чынам, тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага стала размеркаванай паміж 13 адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі першага ўзроўню і 30 адзінкамі другога[3].

Люблінская унія правіць

Па зацвярджэнні Люблінскай уніі і ўтварэнні федэрацыі між ВКЛ і Польшчай эліты апошняй дамагліся ўваходжання ў склад Кароны Падляшша і ваяводстваў на тэрыторыі сучаснай Украіны. У выніку гэтага ВКЛ страціла Падляшскае, Валынскае, Кіеўскае і Брацлаўскае ваяводствы, колькасць літоўскіх ваяводстваў скарацілася да дзевяці, адпаведных паветаў — да 22. Адначасова з гэтым Кіеўскае ваяводства перайшло ў склад Польшчы ў няпоўным складзе з прычыны пераходу Мазырскага павета ў склад Менскага ваяводства[3]. Разам з гэтым паводле палажэнняў уніі ўтварыўся польска-літоўскі кандамініумІнфлянты, які займаў некаторыя тэрыторыі сучасных Эстоніі і Латвіі. Падчас складання Уніі і на пазнейшых вальных соймах статус рэгіёна аспрэчваўся прадстаўнікамі ВКЛ, якія жадалі бачыць Інфлянты як частку ВКЛ[4]. Статус тэрыторыі аспрэчваўся на вальных соймах 1582 і 1585 гадоў, але нарэшце ў 1589 годзе статус тэрыторыі як сумеснага ўладання (кандамініуму) між Літвой і Польшчай быў пацверджаны.

У адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры ВКЛ захоўваліся пасады ваяводаў ваяводстваў, якія дэ-факта страчваліся дзяржавай. Так, у перыяд страты княствам Смаленшчыны між 1514 і 1611 гадамі фармальна існавала Смаленскае ваяводства. Пазней ваяводства было падзеленае на два паветы — Смаленскі і Старадубскі, соймікі якіх працягвалі працу нават пасля канчатковага пераходу рэгіёна ў склад Расіі ў 1654 годзе[3].

У 1793 годзе, пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай статус ваяводства быў нададзены Гродзенскаму і Браслаўскаму паветам. У гэты ж год ліквідаваны Менскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Полацкае і Смаленскае ваяводствы, тэрыторыі якіх поўнасцю або ў вялікай меры перайшлі ў склад Расіі праз Першы падзел Рэчы Паспалітай. Астатнія ваяводствы былі скасаваны па Трэцім падзеле краіны[3].

Сімволіка правіць

Ваяводства ВКЛ як правіла мела ўласны герб і харугву (штандар)[3]. Звычайна на штандары і гербе размяшчалася выява Пагоні, якая мела статус афіцыйнай сімволікі дзяржавы, аднак з гэта заканамернасці існавалі пэўныя выключэнні.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б в М. К. Чупрыс. Адміністрацыйны падзел на тэрыторыі Беларусі ў XVI ст.
  2. а б в г д е Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  3. а б в г д е Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0..
  4. Падалінскі Уладзімір. Праблема статусу Інфлянтаў у дачыненнях палітычных элітаў ВКЛ і Польшчы (1582-1586 гг.) // ARCHE. — 2012.(недаступная спасылка)