Нага́йцы (саманазва: ногайлар) — цюркскі народ. Насяляе рэгіёны Паўночнага Каўказа і Паўночнага Прычарнаморра. Агульная колькасць (2014 г.) - каля 114 тыс. чал.[1]

Нагайцы
(ногайлар)
Фота пач. XX ст.
Агульная колькасць 114 тыс. (2014 г.)
Рэгіёны пражывання  Расія — 102 тыс.

 Румынія — 11 тыс.
 Украіна — 0,4 тыс.
 Казахстан — 0,4 тыс.
 Узбекістан — 0,2 тыс.

Мова нагайская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы казахі, каракалпакі, крымскія татары

Гісторыя правіць

Продкамі нагайцаў былі розныя цюркскія і мангольскія групы — вусуні, уйгуры, кыпчакі, булгары, керэіты, дурмены і інш.[2], якія качавалі ў познім сярэднявеччы паміж Волгай і Уралам[3]. Назва нагайцаў паходзіць ад так званай "краіны Нагая" — паўднёвых стэпавых раёнаў Усходняй Еўропы, падначаленых залатаардынскім ханам Нагаем (XIII ст.)

У XV ст. са складу Залатой Арды вылучылася асобная Нагайская Арда. У сярэдзіне XVI ст. яна была саслаблена ў выніку сутычак з казахамі і эпідэмій, што вымусіла насельніцтва пакідаць міжрэчча Волгі і Урала і сяліцца ў стэпах на поўнач ад Каўказа. У 1557 г. Нагайская Арда апынулася ў залежнасці ад Івана Грознага. Гэта выклікала раскол сярод правадыроў. Частка нагайцаў адкачавала ў стэпы Паўночнага Прычарнамор'я. У 1634 г. дзяржава нагайцаў на рацэ Урал была канчаткова разгромлена калмыкамі. Рэшткі нагайцаў пакінулі гэтыя мясціны і адкачавалі на Паўночны Каўказ.

8 красавіка 1783 г. Кацярына II ліквідавала самастойнасць нагайскіх аб'яднанняў. Быў падрыхтаваны ўказ аб гвалтоўным перасяленні іх за Урал. У адказ нагайскія правадыры паднялі паўстанне, задушанае Аляксандрам Суворавым. У выніку рэпрэсій загінула каля 500 тысяч чалавек, у тым ліку ўсе буйныя правадыры, каля 1 мільёна нагайцаў перасялілася ў Асманскую імперыю[4]. Канчатковае падначаленне нагайскіх родаў Расіяй адбылося толькі ў пачатку XIX ст. Спробы расійскай адміністрацыі ў 1808 г. гвалтоўна прымусіць нагайцаў да аселасці выклікалі новы зыход 3000 чалавек у Асманскую імперыю[5]. У канцы Каўказскай вайны ў 1860 - 1862 гг. адбыўся трэці зыход нагайцаў з Расійскай імперыі (каля 50 тысяч чалавек). Разам з гэтым, царскія ўлады прыцягвалі нагайцаў для ваеннай службы. Нагайцы ўдзельнічалі ў складзе расійскіх войск у вайне 1812 г., Крымскай вайне, I Сусветнай вайне. Нагайцы ахоўвалі расійскага імператара.

Ужо ў XIX ст. нагайцы паступова пераходзілі да аселага ладу жыцця. Аднак галоўныя змены ў іх культуры і эканамічным жыцці адбыліся ўжо ў савецкі час, асабліва пад ціскам калектывізацыі. У 1928 г. у складзе Дагестана быў створаны Нагайскі раён. Нагайскія нацыянальныя раёны ў канцы 1920-ых — пачатку 1930-ых гг. таксама існавалі ў складзе Украіны. Хаця ў гады сталінскіх рэпрэсій не прымалася асобнага рашэння аб дэпартацыі нагайцаў як цэлага народа, яго прадстаўнікі прымусова высяляліся з карэнных месцаў пражывання ў Крыме, некаторых раёнаў Каўказа.

У 1957 г. Нагайскі стэп быў адміністрацыйна падзелены паміж Стаўрапольскім краем, Дагестанам і ЧІАССР[6]. У 2007 г. быў створаны асобны Нагайскі раён у складзе Кабардзіна-Балкарыі. У 2011 г. сход нагайцаў Расіі запатрабаваў самавызначэння нагайскага народа ў межах адзінай нацыянальнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі[7].

Нашчадкі нагайцаў, што перасяліліся ў Асманскую імперыю, у нашы дні жывуць пераважна на тэрыторыі Турцыі і Румыніі. У выніку асіміляцыі многія з іх далучыліся да блізкіх па мове, культуры і рэлігіі татар і туркаў.

Рассяленне правіць

У нашы дні большасць нагайцаў жыве ў наступных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі (згодна перапісу 2010 г.)[8]:

У Румыніі нагайцы жывуць пераважна ва ўсходніх раёнах краіны[9]. У астатніх краінах шчыльна заселеных тэрыторый не маюць.

У 2009 г. у Беларусі жыло 8 нагайцаў[10].

Культура правіць

Нагайцы здаўна займаліся качавой і адгоннай жывёлагадоўляй. Трымалі авечак, коз, кароў, вярблюдаў і канёў. Згадванні пра земляробства сустракаюцца з XIV ст.[11] Шырока практыкаваліся паляванне і рыбалоўства. Распаўсюджаныя рамёствы — вытворчасць тканін і лямцу, вопраткі і дываноў, апрацоўка скуры[12]. Важную ролю для развіцця гаспадаркі меў гандаль. У міжваенны перыяд у сувязі з калектывізацыяй большасць нагайцаў перайшла да аселага ладу жыцця, стала займацца стойлавай жывёлагадоўляй і земляробствам[13]. Сучасная гаспадарка нагайцаў Карачаева-Чаркесіі мае большую прапорцыю земляробства, чым гаспадарка жыхароў Нагайскага стэпу. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры — пшаніца, кукуруза, авёс, сланечнік, гародніна.

Качавыя нагайцы жылі ў мабільных будах-кібітках, што падзяляліся на вялікія разборныя тэрмэ і малыя неразборныя атаў. Кібіткі ладзілі з драўляных клецяў, якія прымацоўваліся адна да іншай скуранымі рамнямі, а потым крыліся лямцам. Уверсе застаўлялі адтуліну для дыму. У цэнтры кібіткі размяшчалі агмень, у глыбіні — спальнае месца. У вялікіх кібітках мелася адгароджанае месца для нованароджаных жывёл. Звычайна качавое паселішча кыыг складала 40 — 60 кібітак. На адным месцы яно знаходзілася прыкладна мясяц, пасля чаго перакачоўвала ў іншы раён, таму ў кібітках захоўвалі рэчы, пераважна прыдатныя для хуткага транспартавання. У XIX ст. у сувязі з пераходам да аселасці з’явіліся сталыя паселішчы з правільнай планоўкай і хатамі з сырой цэглы.

У XIX — пачатку XX стст. у нагайцаў існавалі прыкладна аднолькавыя тыпы вопраткі, што тлумачыцца кліматычнымі ўмовамі, агульнымы гістарычнымі традыцыямі і гандлёвымі сувязямі. Часцей за ўсё карысталіся хатнімі ваўнянымі тканінамі. Праз гандлёвае прадстаўніцтва ў Бухары або праз расійскія землі куплялі індыйскія і сярэднеазіяцкія баваўняныя і шаўковыя тканіны. Мужчыны насілі тунікападобную кашулю і шырокія штаны, зацягнутыя на поясе тасьмой і абшытыя ўнізе скурай. Зверху апраналі архалук, бурку, узімку — футра з мехам знутры, улетку — халат. Жаночая вопратка была больш разнастайнай, але таксама ўключала кашулю і штаны, шматлікія віды футраў, шапак, хустак і інш.[14][15]

Традыцыйная кухня ўключае разнастайныя стравы з мяса, малака і некаторых іншых прадуктаў (мука, крупы, гародніна)[16]. Распаўсюджаны супы, поліўкі, мучныя вырабы, у тым ліку хінкал (прэснае цеста, зваранае ў булёне). Найбольш распаўсюджаны напой — чай шай, у які часцяком дадаюць малако, вяршкі, масла, таксама п’юць кумыс, айран, малочную гарэлку аракы, буза — алкагольны напой з проса.

Сярод нагайцаў пераважаюць малыя нуклеарные сем’і, хаця ў XIX ст. сярод нагайцаў-земляробаў і часткова жывёлагадоўцаў існавалі і вялікія пашыраныя сем’і. У XV — XVIII стст. сфарміравалася дастаткова складаная сістэма племянных і сацыяльных адносінаў. Пасля заняпаду адзінай дзяржавы нагайцы падзяляліся на шэраг аб’яднанняў — Кубанскую Арду, Едысанскую Арду, Едышкульскую Арду, Джэмбайлукаўскую Арду, Буджакскую Арду[17]. Яны ў той ці іншай ступені да канца XVIII ст. залежалі ад Расійскай імперыі і Крымскага ханства. Орды ў сваю чаргу падзяляліся на больш дробныя рода-племянныя групоўкі. Так, сярод ўсходнекаўказскіх нагайцаў існаваў падзел на чатыры племені, кожнае племя — на чатыры аксакальства, акасакальствы — на асобныя аулы. На чале племені стала пяць выбраных старшынь[18]. Грамадства не мела сацыяльнай роўнасці. Вылучаліся прывілігіраваныя роды, якія займаліся кіраваннем. На чале кожнай арды стаяў пажыццёва выбраны вайскавод — хан. Ён мог мець тытул султана, калі знаходзіўся ў сваяцкай сувязі з крымскімі ханамі, і князя-бія. Тытул бія даваўся звонку — крымскімі ханамі або расійскімі ўладамі. Часам рэчаісная ўлада належала намесніку хана — сераскеру. Хана выбіралі з ліку мурз. Мурзы складалі найбольш шматлікую высакародную групу. Лічылася, што ўсе мурзы паходзяць ад манголаў-стваральнікаў Залатой Арды. Да пачатку XIX ст. вылучыліся дробныя феадалы уздзень або кайбыш, што набывалі прывілегіі ад ханаў у выніку войн. У XIX ст. міграцыя значнай часткі нагайцаў у Асманскую Порту, аселасць і ваенная кар’ера ў расійскай арміі прывяла да пэўных змен, калі тытул бія даваўся служылым мурзам і не забяспечваўся абавязковай уладай. Большасць нагайцаў складалі асабіста свабодныя абшчыннікі аслан бійкэ, але меліся залежныя ад феадалаў ёлы кул. Акрамя таго, некаторыя сем’і валодалі рабамі ёлсыз кул, што папаўняліся з ліку ваеннапалонных.

Нагайцы маюць багаты фальклор, прадстаўлены эпічнымі і лірычнымі казаннямі, легендамі, афарызмамі, прыпеўкамі, святочнымі песнямі.

Мова правіць

Нагайская мова — цюркская. У нашы дні падзяляецца на 3 буйныя дыялекты. Да 1928 г. запісы вяліся арабскай графікай. У 1928 - 1938 гг. карысталіся лацінкай. З канца 1930-х гг. пісьмо на аснове кірыліцы. На нагайскай мове ў Расіі выдаюць 2 газеты.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў-нагайцаў — мусульмане-суніты. Захоўваюцца некаторыя святочныя абрады і замовы, якія, як мяркуюць, могуць мець старажытнае паганскае паходжанне.

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

  1. Nogai
  2. Ибрагимов М.-Р., Ногайцы. // Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. - М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. C. 256
  3. Происхождение ногайцев Архівавана 4 сакавіка 2016.
  4. 1 октября 1783 году произошел геноцид ногайского народа по приказу Суворова Архівавана 5 сакавіка 2016.
  5. Степь, где ногайские татары кочуют(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2014. Праверана 26 лютага 2015.
  6. А.А. Ткаченко, История депортации народов России
  7. Ногайцы требуют автономию
  8. Национальный состав населения по субъектам Российской Федерации Архівавана 1 мая 2020.
  9. Nogai, Nogay in Romania
  10. Белстат
  11. Хозяйство Архівавана 4 сакавіка 2016.
  12. Ибрагимов М.-Р. Ногайцы. // Народы и религии мира. Энциклопедия. — М., 2000, с. 384—385.
  13. Современное хозяйство ногайцев. Быт и семейные отношения Архівавана 13 сакавіка 2016.
  14. Мисиду Султанова, Традиционная одежда ногайцев в XIX-начале XX века Архівавана 4 сакавіка 2016.
  15. Керейтов, P. X.. Ногайцы. Особенности этнической истории и бытовой культуры
  16. Приоритеты ногайской пищи
  17. Ялбулганов А., Ногайцы Северного Кавказа в XVIII-первой половине XIX в. (проблемы социально-экономического строя): автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата наук. — М.: РОССИЙСКАЯ АКАДЕМИЯ НАУК, ИНСТИТУТ РОССИЙСКОЙ ИСТОРИИ, 1995
  18. Ногайцы: характеристика, хозяйство до революции Архівавана 14 ліпеня 2014.