Ракаў
Ра́каў[1] (трансліт.: Rakaŭ) — аграгарадок у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Ракаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад Валожына, за 39 км ад Мінска; за 16 км ад чыгуначнай станцыі Беларусь, каля аўтамабільнай дарогі Мінск — Гродна.
Аграгарадок
Ракаў
| ||||||||||||||||||||||||||||
Ракаў — колішні магдэбургскі[2] горад гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства.
ГісторыяПравіць
Упершыню Ракаў згадваецца ў XIV ст. як вялікакняжацкае ўладанне. У 1465 вялікі князь Казімір перадаў паселішча Кезгайлам, з 1550 — ва ўладанні Завішаў. У другой палове XVI ст. тут заснавалі кальвінскі збор (дзейнічаў да пачатку XVIII ст.). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства.
У 1568 Ракаў атрымаў статус мястэчка. У 1-й палове XVII ст. паселішча перайшло да Сангушкаў, пры якіх зрабілася значным гадлёвым горадам, цэнтрам графства. У гэты час тут працавала вядомая друкарня. У 1686 Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў мястэчку дамініканскі кляштар Св. Духа.
У 1701 кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Праз мястэчка праходзілі два гасцінцы: Мінск — Пяршаі — Валожын — Ашмяны і Ракаў — Вілейка. У 1702 Казімір Сангушка заснаваў тут базыльянскі манастыр. У 1742 адбыўся пажар, які знішчыў кляштар Св. Духа (неўзабаве адбудаваны).
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ракаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Менскага павета. У 1794 за ўдзел у паўстанні расійскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Сангушкаў і перадалі царскаму фельдмаршалу Салтыкову. У 1804 Салтыкоў прадаў Ракаў Здзяхоўскім. У 1824 мясцовыя вернікі збудавалі драўляны касцёл і капліцу, у 1830 — змуравалі прымогілкавую капліцу Св. Ганны. Па задушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1835 расійскія ўлады ліквідавалі кляштар Св. Духа, а касцёл гвалтоўна перарабілі ў царкву Маскоўскага патрыярхата. У 1839 царскія ўлады скасавалі базыльянскі манастыр, царкву перадалі МП, багатую бібліятэку і архіў, што знаходзіліся пры манастыры — разрабавалі, манастырскі шпіталь — зачынілі.
У 1843 у Ракаве пабудаваныя майстэрні сельскагаспадарчых машын (веялкі, малатарні, сячкарні і інш.), якія добра разыходзіліся ў Мінскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбургскім паветах; апроч таго, у мястэчку працавалі 2 млыны, цагельня, піваварня. Мясцовыя майстры выраблялі драўляныя малатарні, арфы і сячкарні для навакольных сельскіх гаспадарак. Паводле М. Улашчыка[3], у 1901 тут вырабілі 80 малатарань. Станам на 1859 у мястэчку было 140 двароў[4].
У канцы XIX — пачатку XX стст. Ракаў знаходзіўся ва ўладанні Мар’яна Здзяхоўскага, прафесара Кракаўскага і Віленскага ўніверсітэтаў. У гэты час у сядзібе Здзяхоўскага збіраліся вядомыя літаратары і музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў «Паўночнымі Афінамі». На 1905 у мястэчку было 740 будынкаў, у 1906 тут збудавалі неагатычны касцёл Найсв. Дзевы Марыі. У пачатку XX ст. існавалі некалькі млыноў, касцёл Св. Духа, капліца Св. Ганны, царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэлеграф, аптэка; набліжэйшы доктар — у Заслаўі. У 1906—1909 дзейнічала правінцыйнае кола Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску, якое займалася падтрымкай польскай адукацыі[5].
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Віленскага ваяводства. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным месцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут адкрываліся рэстарацыі, публічныя дамы.
У 1939 Ракаў увайшоў у БССР, дзе атрымаў статус гарадскога пасёлка. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 да ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1954 года статус Ракава панізілі да вёскі, Ракаў далучаны да Выганіцкага сельсавета, дзе стаў яго цэнтрам, сельсавет перайменаваны ў Ракаўскі[6].
28 лютага 2008 года Ракаву нададзены статус аграгарадка[7].
- Мястэчка на старых фатаздымках
НасельніцтваПравіць
- XIX стагоддзе: 1859 — 1501 чал.; 1897 — 3641 чал., з іх 59,5 % іўдзеяў, 27,9 % каталікоў, 12 % праваслаўных
- XX стагоддзе: 1921 — 3323 чал.
- XXI стагоддзе: 2006 — 2,1 тыс. чал.
ІнфрастуруктураПравіць
У Ракаве працуюць сярэдняя школа, бальніца і пошта.
СМІПравіць
У 2000—2008 гг. выходзіла краязнаўчае выданне «Ракаўскі шлях» пад рэдакцыяй прафесара Вячаслава Рагойшы[8].
ЭканомікаПравіць
Ракаў — вядомы ў Беларусі ганчарны цэнтр (гэтак званая «Ракаўская кераміка»). Апроч таго, у вёсцы працуюць лясніцтва і прамысловы камбінат.
ТурызмПравіць
Ракаў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Свет беларускіх мястэчак», «Дойлідства Налібоцкага края», Ракаў — Тупальшчына — Івянец і інш.[9]
У наваколлі вёскі дом адпачынку НАН Беларусі «Іслач», аздараўленчы комплекс «Світанак», 9 дзіцячых арганізацый адпачынку і аздараўлення.
Запрашае наведвальнікаў музей-галерэя «Янушкевічы». Краязнаўчая экспазіцыя музея прысвячаецца жыццю старасвецкай шляхты і дробнай местачковай буржуазіі, найстарэйшы яе экспанат датуецца XVII стагоддзем.
СлавутасціПравіць
У Ракаве шмат славутасцей, якія ўяўляюць цікавасць для турыстаў[10][11].
- Ледавіковы кангламерат і пясчанік ля шашы Мінск—Валожын
- Касцёл Маці Божай Ружанцовай (1904—1906) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000096
- Гарадзішча перыяду жалезнага веку, позняга сярэднявечча (I—XVII стагоддзi), за 0,3 км на паўднёвы захад ад касцёла, у пойме р. Іслач (левы бераг) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613В000097
- Манастыр базыльян (падмуркі), ля якіх знаходзіцца гаючая крыніца з каплічкай
- Капліца на тэрыторыі былой Крыжаўзвіжанскай царквы ў межах рэшткаў агароджы (1906), на шашы Ракаў — Кучкуны — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000098
- Спаса-Праабражэнская царква з брамай-званіцай (1793, другая палова XIX стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000099
- Капліца Святой Ганны з брамай-званіцай на могілках (1862)
- Ганчарня (XIX ст.)
- Паштовая станцыя (XIX ст.; руіны)
- Этнаграфічны музей Фелікса Янушкевіча.[12]
- Ракаўская крыніца — гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння.
- Брацкая магiла (1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Д000100
- Комплекс старых праваслаўных могілак (ХІХ стагоддзе), на ўсходняй ускраіне вёскі, пры ўездзе з г. Мінска — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Д000101
- Магільны склеп Друцкіх-Любецкіх (1920-я)
- Каталіцкія могілкі
У вёсцы размяшчаецца магіла беларускага кампазітара М. Грушвіцкага, на якой пастаўлены помнік.
Страчаная спадчынаПравіць
- Касцёл (1824)
- Кляштар дамініканцаў (1686)
- Сядзібна-паркавы комплекс Здзяхоўскіх (XIX ст.)
- Сінагога
- Краявіды Ракава
Касцёл Св. Ганны на каталіцкіх могілках
Вядомыя асобыПравіць
- Іда Разенталь (1886—1973) — амерыканская мадэльерка, вынаходніца станіка.
- Марыян Здзяхоўскі
- Вячаслаў Рагойша, літаратуразнавец, перакладчык, аўтар шэрага манаграфій па тэорыі, практыцы і гісторыі беларускай літаратуры
- Уры Гіршавіч Фінкель, беларускі літаратуразнавец
- Язэп Янушкевіч
- Мікалай Мікалаевіч Мяцельскі (нар. 1947) — беларускі матэматык.
- Рыгор Іванавіч Шацько (нар. 1959) — беларускі акцёр. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (1999).
- Вінцэнт Фёдаравіч Бруй (1912-?) — Заслужаны артыст Беларускай ССР.
ЗноскіПравіць
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 312.
- ↑ «Была такая вёска…» // Мікалай Улашчык. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 88.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 379.
- ↑ Шаблон:Крыніцы/Паміж надзеяй і непакоем, 2007 — S. 34-37.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об упразднении городского поселка Раков, Радошковичского района, Молодечненской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Решение Воложинского районного Совета депутатов от 28.02.2008 N 61 «О преобразовании деревни Раков в агрогородок»
- ↑ Пётр Дарашчонак. Ад «Ракаўскіх чытанняў» да «Ракаўскага шляху»: летапіс роднага краю пад рэдакцыяй прафесара Вячаслава Рагойшы // Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання (памяці антраполага Зінаіды Мажэйкі): зборнік навуковых прац [удзельнікаў XI Міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 21—23 красавіка 2017 г.]. — Мінск: БДУКМ, 2017. — С. 180—182.
- ↑ Раков // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- ↑ Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- ↑ Глобус Беларусі. Ракаў
- ↑ В Беларуси можно окунуться в историю… и в озера ледникового периода
ЛітаратураПравіць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8. — С. 278—279.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ракаў