Чарнагорыя

(Пасля перасылкі з Чарнагорцы (дэмонім))

Чарнагорыя (чарн.: Crna Gora, Црна Гора — ад тапоніма «Чорная гара») — дзяржава на адрыятычным узбярэжжы Балканскага паўвострава ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Чарнагорыя мае сухапутныя межы з Харватыяй на захадзе, Босніяй і Герцагавінай на паўночным захадзе, Сербіяй на паўночным усходзе, Косавам на ўсходзе і Албаніяй на паўднёвым усходзе. На захадзе краіна абмываецца Адрыятычным морам.

Чарнагорыя
Crna Gora
Црна Гора
Герб Чарнагорыі
Сцяг Чарнагорыі Герб Чарнагорыі
Гімн: «Ој, свијетла мајска зоро»
Дата незалежнасці 3 чэрвеня 2006 (ад Сербіі і Чарнагорыі)
Афіцыйная мова Чарнагорская
Сталіца Падгорыца[1]
Найбуйнейшыя гарады Падгорыца, Нікшыч, Плеўля
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Старшыня Улады
Якаў Мілатавіч
Дрытан Абазавіч
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
161-я ў свеце
13.812 км²
1,5
Насельніцтва
• Ацэнка (2018)
• Перапіс (2011)
Шчыльнасць

622.359[2] чал. (163-я)
620.039 чал.
45 чал./км²  (133-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$12,438 млрд
$19.907  (74-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$5,443 млрд
$8.711  (80-ы)
ІРЧП (2017) 0,814[3] (вельмі высокі) (50-ы)
Этнахаронім Чарнагорцы
Валюта Еўра[4]
Інтэрнэт-дамен .me
Код ISO (Alpha-2) ME
Код ISO (Alpha-3) MNE
Код МАК MNE
Тэлефонны код +382
Часавыя паясы +1
  1. Вызначаецца Артыкулам 5 Канстытуцыі
  2. http://www.monstat.org/eng/page.php?id=234&pageid=48
  3. http://www.hdr.undp.org/en/2018-update Архівавана 14 верасня 2018.
  4. Не з’яўляецца членам Еўразоны

Чарнагорыя падзяляецца на тры геаграфічных рэгіёны: адрыятычнае ўзбярэжжа, адносна раўнінная цэнтральная частка, горныя сістэмы Дынарскіх Альпаў на поўначы і ўсходзе. Да прыродных славутасцяў краіны адносяцца Скадарскае возера на мяжы з Албаніяй і самы глыбокі ў Еўропе рачны каньён — каньён ракі Тара ў нацыянальным парку Дурмітар на аднайменным нагор’і. Значныя плошчы краіны занятыя лясамі.

У старажытныя часы тэрыторыя сучаснай Чарнагорыі была заселена ілірыйскімі плямёнамі, у Рымскую эпоху ўваходзіла ў склад правінцый Панонія і Далмацыя. У VII стагоддзі сюды прыйшлі славяне, а ў XI стагоддзі паўстала першае незалежнае (ад Візантыі) княства Дукля. З XV па XVII стагоддзі цягнулася асманскае панаванне, зрэшты, падпарадкаваць краіну цалкам туркі так і не здолелі. У канцы XVII стагоддзя Чарнагорыя стала першай дэ-факта незалежнай славянскай дзяржавай на Балканах. Пасля Першай сусветнай вайны увайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 па 2006 гады (акрамя перыяду фашысцкай акупацыі) была часткай Югаславіі. У 1992—2006 гадах засталася адным з двух складнікаў спачатку Югаславіі, у 2003—2006 гадах — Сербіі і Чарнагорыі (т.зв. «Малая Югаславія»). У 2006 годзе адной з апошніх у свеце атрымала незалежнасць.

Чарнагорыя — адна з самых маладых краін на карце свету. Сёння гэта парламенцкая рэспубліка. Пачынаючы з 1990 года, краінай кіруе Дэмакратычная партыя сацыялістаў Чарнагорыі. Унітарная дзяржава, дзеліцца на 23 муніцыпалітэты. З’яўляецца адным з заснавальнікаў Міжземнаморскага Саюза і членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Савета Еўропы, Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора і Цэнтральнай еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю.

У пачатку XXI стагоддзя насельніцтва Чарнагорыі складае каля 620 тысяч жыхароў. Пераважае славянскае насельніцтва. Для чарнагорцаў характэрны дуалізм нацыянальнай свядомасці: яны і сербы, і чарнагорцы адначасова; а чарнагорская мова лічыцца варыянтам сербскай. Рэлігія ў асноўным праваслаўе. Падгорыца — сталіца і найбуйнейшы горад у краіне, Цэтынэ — былая каралеўская сталіца, гістарычны і культурны цэнтр.

Чарнагорыя класіфікуецца Сусветным банкам як краіна з прыбыткам, вышэйшым за сярэдні. Грашовая адзінка — еўра, пры гэтым Чарнагорыя не з’яўляецца часткай еўразоны. Асноўныя віды эканамічнай дзейнасці: турызм, прамысловасць (металургія, электратэхнічная, харчовая), сельская гаспадарка.

Этымалогія правіць

У большасці заходнееўрапейскіх моў з’яўляецца адаптацыяй венецкага Montenegro. Так венецыянскія маракі называлі гару Лоўчан (1748 м), што добра бачна з мора і калісьці была пакрыта густымі вечназялёнымі лясамі. На ўсю чарнагорскую зямлю назва распаўсюдзілая ў XV стагоддзі, калі дынастыя Чарноевічаў усталавалася ў княстве Зэта. У некаторых мовах (у тым ліку беларускай і рускай) традыцыйна выкарыстоўваецца прамы пераклад словазлучэння «чорная гара».

Геаграфія правіць

Чарнагорыя ляжыць паміж 41° і 44° пн.ш. і 18° і 21° у.д.. Мяжуе з Харватыяй на захадзе, Босніяй і Герцагавінай на паўночным захадзе, Сербіяй на паўночным усходзе, Косавам на ўсходзе і Албаніяй на паўднёвым усходзе. На захадзе на працягу 294 км абмываецца Адрыятычным морам, што ўдаецца ў бераг вялікім ф’ёрдападобным залівам Бока Котарска. У адрозненне ад суседняй з поўначы Харватыі, Чарнагорыі не належыць ніводнага буйнога населенага адрыятычнага вострава.

Прырода правіць

 
Гара Лоўчан (1748 м). Менавіта ёй абавязана краіна сваёй назвай

У плане рэльефу тэрыторыя краіны складаецца з чатырох не падобных паміж сабой зон, еднасць якіх праяўляецца, бадай што, толькі ў выключнай развітасці карставых працэсаў. Прыбярэжная паласа, якая распасціраецца ўздоўж Адрыятычнага мора ад Херцэг-Нові на захадзе да вусця ракі Баяна на ўсходзе, мае шырыню не больш за 10 км. Бераг Чарнагорыі раўнінны і толькі на поўначы ўваход у Котарскі заліў вартуюць вапняковыя горы Лоўчан і Ар’ен. За ўзбярэжжам пачынаецца моцна паедзеная карстам горная града. Трэцяя зона ўключае басейн Скадарскага возера, даліну ракі Зэта, Белапаўліцкую раўніну і Нікшыцкае поле. Поўнач і ўсход краіны — гэта высозныя Дынарскія Альпы з масівамі Дурмітар і Праклецце, таксама моцна закарставаныя; з найвышэйшым пунктам Чарнагорыі — гарой Зла Калата на мяжы з Албаніяй (2534 м, масіў Праклецце). Сукупнасць старажытных ледавіковых і сучасных карставых працэсаў падаравала Чарнагорыі адзін з найбольш расчлененых рэльефаў у Еўропе з перападамі вышынь да 2 км, нездарма каньён ракі Тара (1300 м) лічыцца найглыбейшым у нашай частцы свету. Маюцца паклады баксітаў, медзі, цынку, каменнай солі.

 
Котарская бухта

У паўночнай Чарнагорыі клімат умераны кантынентальны, на Адрыятычным узбярэжжы — міжземнаморскі. У прыморскай вобласці лета звычайна працяглае, цёплае (+23-25 °C) і досыць сухое, зіма — кароткая і прахалодная (+3-7 °C), вільготная. У горных раёнах умерана цёплае лета (+19-25 °C) і адносна халодная зіма (ад +5 да −10 °C), ападкі выпадаюць у асноўным у выглядзе снега. Ападкаў выпадае ад 500 да 1500 мм у год, пераважна ў выглядзе дажджу, у гарах блізу марскога ўзбярэжжа месцамі выпадае звыш 3000 мм. У паўночных абласцях Чарнагорыі снег ляжыць да 5 месяцаў.

 
Каньён ракі Тара мае глыбіню да 1300 метраў

Балканскі водападзел падыходзіць вельмі блізка да Адрыятычнага мора, якому аддаюць даніну толькі імклівыя кароткія рэкі і ручаі. Большая частка Чарнагорыі з рэкамі Лім, Тара і інш. праз раку Дрына належыць да басейна Дуная. У карставых абласцях многія малыя рэкі і нават вялікія — на некаторых участках — цякуць пад зямлёю. На мяжы з Албаніяй размясцілася самае вялікае возера Балкан — Скадарскае возера (плошча 391 км²), што мае карставае паходжанне. Карставы рэльеф азначае наяўнасць яшчэ і вялікай кольскасці загадкавых пячор, некаторыя з якіх маюць глыбіню больш за 1 км.[1]

 
Букавыя лясы ў нацыянальным парку Біяградска-гора

Становішча ў горным рэгіёне з выразным кліматападзелам, выхад да Адрыятычнага мора, вялікае возера — усё гэта стварае ўмовы для сапраўднага свята біяразнастайнасці — у Еўропе Чарнагорыя лідзіруе па колькасці відаў раслін і жывёл на адзінку плошчы. З 526 еўрапейскіх відаў птушак 333 сустракаецца ў Чарнагорыі, адных толькі малюскаў ў водах Адрыятыкі 354 віды. Трэцяя частка Чарнагорыі пакрыта лясамі, у якіх сустракаюцца мядзведзі, алені, куніцы, дзікі. Узбярэжныя лясы з дубу і кіпарысу, што былі сведкамі эпохі антычнасці, зведзены і ў горных раёнах падмененыя маквісам.

Ахова прыроды — адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі Чарнагорыі. Каб захаваць рачныя экасістэмы, у краіне абмежавана будаўніцтва гідраэлектрастанцый. Створана 5 нацыяняльных паркаў: Дурмітар, Біяградска-Гора, Лоўчан, Скадарскі, Праклецце.

Гісторыя правіць

Старажытнасць правіць

 
Руіны антычнай Дуклі

У бронзавым веку на берагах Скадарскага возера жылі ілірыйцы. У VII—VI стагоддзях да н.э. на ардыятычным узбярэжжы былі заснаваны значныя грэчаскія калоніі. У IV ст. да н.э. на чарнагорскую зямлю прыйшлі кельцкія плямёны. У III стагоддзі да н.э. узнікла ілірыйскае каралеўства са сталіцай у Шкодэры (цяпер гэта Албанія). Рымскія легіянеры ўпершыню з’явіліся тут, пераследуючы піратаў, аднак на тым не спыніліся і ў II стагоддзі да н.э. падпарадкавалі Ілірыю. Горны, бедны на карысныя выкапні край не надта цікавіў заваёўнікаў, таму мясцовыя жыхары пазбеглі раманізацыі. Лінія падзелу Рымскай імперыі на усходнюю і заходнюю часткі (395) пралегла акурат на захад ад Скадарскага возера, забяспечыўшы Чарнагорыі неспакойную будучыню на цывілізацыйным разломе. У перыяды слабой Візантыйскай імперыі чарнагорскія землі неаднойчы цярпелі ад уварванняў качэўнікаў: готаў у V стагоддзі, авараў у VI стагоддзі.

Славянскія княствы правіць

 
Княства Дукля ў перыяд найвышэйшай магутнасці (каля 1090 г.)

У VI стагоддзі на адрыятычныя берагі прыйшлі славяне і ўжо ў наступным сталі дамінуючай этнічнай групай. У IX стагоддзі на тэрыторыі Чарнагорыі было тры славянскіх княствы: Дукля ў паўднёвай частцы, Травунія на захадзе і Рашка на поўначы. У 1042 годзе архонт Стэфан Воіслаў узначаліў паўстанне, якое прывяло да незалежнасці Дуклі ад Візантыі і ўсталявання дынастыі Ваіслаўлевічаў. Дукля дасягнула свайго росківту пры сыне Воіслава Міхайле (1046—1081) і яго ўнуку Канстанціне Бодзіне (1081—1101). У XII стагоддзі Дукля была ўключана ў склад Рашкі ў якасці правінцыі пад назвай Зэта. У канцы XIV стагоддзя паўднёвая частка Чарнагорыі (Зэта) патрапіла ад уладу высакароднай сям’і Балшычаў, а пазней Чарноевічаў, і, пачынаючы з XV стаггоддзя, усё часцей згадвалася як «Црна Гора» («Чорная гара»).

Новы час правіць

 
Бітва ў Вучым Доле, 18 ліпеня 1876 г. Бліскучая перамога чарнагорцаў над туркамі прадвызначыла вынік усёй вайны 1876—1878 гг.

З 1496 па 1878 гады вялікія часткі краіны (у асноўным гэта горны рэгіён Брда) неаднаразова траплялі пад уладу Асманскай імперыі. Некаторыя тэрыторыі некаторы час знаходзіліся пад кантролем Венецыі, Першай Французскай імперыі, Аўстрыйскай імперыі і Аўстра-Венгрыі. Аднак Чарнагорыя ніколі не губляла самастойнасці цалкам. Краіна ўяўляла сабой унікальную для Балкан форму аўтаноміі ад Стамбула, якой з 1515 года кіравалі мітрапаліты-ўладыкі. У 1697 годзе Чарнагорыя атрымала фаткычную незалежнасць, прызнаную еўрапейскімі дзяржавамі толькі праз два стагоддзі — пасля чарнагорска-турэцкай вайны 1876—1878 гадоў на Берлінскім кангрэсе 1878 года. У 1852 годзе мітрапаліт-уладыка Даніла Петравіч з дынастыя Петравічаў-Негашаў стаў князем, а Чарнагорыя — свецкай дзяржавай. У 1910 годзе княства змяніла статус на каралеўства. Да XX стагоддзя незалежная Чарнагорыя павялічылася ў памерах у некалькі разоў, паступова далучыўшы да сваёй тэрыторыі часткі Старой Герцагавіны, Метохіі і Рашкі. Улада дынастыі Петравічаў-Негашаў пратрывала да 1918 года. Ваяўнічая маленькая дзяржава паўдзельнічала ў Першай Балканскай вайне і вельмі пакрыўдзілася, калі Шкодэр, узяцце якога каштавала чарнагорскаму войску 10 000 жыццяў, быў аддадены наваўтворанай Албаніі. У Першай сусветнай вайне Чарнагорыя рашуча выступіла на баку Антанты і чарнагорскія жаўнеры поплеч з сербскімі біліся супраць аўстра-венгерскіх армій, ды пацярпелі паразу. У 1916—1918 гадах аўстрыйцы акупавалі краіну, а кароль Нікола I апынуўся выгнаннікам у Бардо.

Югаславія правіць

З 1918 года краіна стала часткай Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, якое ў 1929 годзе пераўтварылася ў Югаславію. У адміністрацйным плане з 1922 па 1929 гады Чарнагорыя, да якой былі далучаны горад Будва і вобласць Котарскага заліва, была ядром Цэцінскай вобласці; у 1929—1941 гадах краіна была часткай Зэцкай банавіны, што гэтаксама мела сталіцу ў Цэтынэ і акрамя чарнагорскіх уключала ў свой склад памежныя землі сучасных Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі.

 
Трафейны югаслаўскі крэйсер «Далмацыя» ў Котарскай бухце, 1941

У 1941 годзе разам з усёй Югаславіяй была акупавана фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі, ды аддадзена італьянцам, якія стварылі тут марыянетачную манархію. У ліпені 1941 года пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі югаслаўскія патрыёты ўзнялі паўстанне, у ходзе якога большая частка Чарнагорыі была вызвалена, а найбуйнейшыя гарады — узятыя ў аблогу. У жніўні паўстанне было задушана сіламі 67тысячнай італьянскай арміі, пераведзенай з Албаніі. У далейшым камуністычна настроеныя сілы працягнулі партызанскую барацьбу, манархісты (чэтнікі) ж пачалі супрацоўнічаць з акупацыйным рэжымам і змагацца супраць партызан. Самым драматычным эпізодам партызанскай вайны ў Югаславіі стала бітва на Нератве (люты-сакавік 1943 года), калі партызанскія сілы здолелі выйсці з акружэння ды разграміць чэтнікаў. Пасля капітуляцыі Італіі ў верасні 1943 года партызаны хутка ўзялі пад кантроль усю Чарнагорыю, аднак краіну неўзабаве рэакупавалі нацысцкія войскі. Канчаткова Чарнагорыя была вызвалена партызанамі ў снежні 1944 года.

У 1945 годзе Чарнагорыя стала адной з шасці рэспублік у складзе Сацыялістычнай Федэратыўный Рэспублікі Югаславіі, самай маленькай па плошчы і колькасці насельніцтва. Адміністрацыйным цэнтрам замест гістарычнай сталіцы Цэтыне быў абраны горад Падгорыца, які ў 1946—1992 гадах насіў назву Цітаград — у гонар Іосіпа Броза Ціта. За сацыялістычным часам разбураная вайной інфраструктура была адноўлена, раслі гарады, развівалася прамысловасць; быў адкрыты Чарнагорскі ўніверсітэт. Канстытуцыя 1974 года пашырыла аўтаномію краіны ў складзе Югаславіі.

 
Малая Югаславія (1992—2006)

У 1992 годзе, калі Югаславія распалася, Чарнагорыя — як моўна і рэлігійна найбольш блізкая краіна — згодна з рашэннем рэферэндума (праўда, байкатаванага мусульманскімі, каталіцкімі меншасцямі і пранезалежніцкімі сіламі) засталася ў канфедэратыўным саюзе з Сербіяй пад старой назвай (неафіцыйна «Малая Югаславія»). Чарнагорскія войскі падчас Баснійскай і Харвацкай войн 1991—1995 гадоў дапамагалі сербскай арміі штурмаваць Дуброўнік, пасля некаторыя кіраўнікі, напрыклад генерал Паўле Стругар, былі асуджаны за бамбаванне горада[2]. Чарнагорыю закранулі натаўскія бамбардзіроўкі 1999 года, але, у адрозненні ад Сербіі, не вельмі балюча. Пачынаючы з 1996 года Падгорыца ўсё далей аддалялася ад Бялграда палітычна і эканамічна, нават адмовілася ад дынара і перайшла на нямецкую марку, а затым на еўра. У 2003 годзе, паводле Бялградскай згоды, саюзная дзяржава атрымала назву Сербія і Чарнагорыя, а Чарнагорыя — большую аўтаномію і права правесці рэферэндум аб незалежнасці праз тры гады.

Незалежнасць правіць

У «планавым» дзяржаўным рэферэндуме 21 мая 2006 года ўдзельнічала 86 % насельніцтва краіны; 55,5 % выказаліся за незалежнасць, што ўсяго на 2300 галасоў перавысіла парог у 55 %, усталяваны Еўрапейскім саюзам[3]. 3 чэрвеня 2006 года Чарнагорыя абвясціла пра незалежнасць, якая была прызнана Сербіяй, Еўрапейскім саюзам, усімі пастаяннымі членамі Савета Бяспекі ААН. Чарнагорыя вядзе перамовы аб уступленні ў Еўрапейскі саюз, з 2010 года з’яўляючыся кандыдатам на ўваходжанне, прыблізны тэрмін пачатку сяброўства — 2025 год. У 2017 годзе фармальна стала членам НАТА.

У 2015 годзе незалежная журналісцкая арганізацыя OCCRP назвала шматгадовага палітычнага лідара Чарнагорыі Міла Дуканавіча «Чалавекам года ў свеце арганізаванай злачыннасці і карупцыі»[4]. 16 лютага 2019 года прайшлі акцыі пратэсту супраць Джуканавіча (на той час прэзідэнта), яго партыі і ўрада, на тле ўсё тых жа карупцыйных абвінавачванняў, у якіх прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.

Дзяржаўны лад і палітыка правіць

 
Блакітны палац, Цэтынэ. З 2010 года — рэзідэнцыя прэзідэнта

Згодна з Канстытуцыяй 2007 года, Чаргнагорыя — прававая, дэмакратычная, экалагічная, сацыяльна справядлівая дзяржава, заснаваная на вяршэнстве закону[5]. Зрэшты, міжнародныя арганізацыі падвяргаюць дэмакратычнасць краіны сумневу: паводле індэкса дэмакратыі Чарнагорыя — гэта пераходны рэжым, або 81-е месца ў свеце, на адной прыступцы з Бенінам[6].

 
Міла Джуканавіч (фота 2010 года)

Дзяржаўны лад Чарнагорыі — гэта парламенцкая рэспубліка. Скупшчына Чарнагорыі (Skupština Crne Gore) — аднапалатны парламент — прымае законы, ратыфікуе дагаворы, прызначае прэм’ер-міністра, міністраў, суддзяў усіх судоў, зацвярджае бюджэт краіны. Адзін дэпутат прадстаўляе 6000 выбаршчыкаў, таму колькасць парламенцкіх крэслаў, у адпаведнасці з дэмаграфіяй, змяняецца ад выбараў да выбараў: у парламенце 2016—2020 гадоў дэпутатаў 81, у 2012—2016 гадах іх было 74. Увесь постсацыялістычны час рэй у чарнагорскай палітыцы вядзе Дэмакратычная партыя сацыялістаў Чарнагорыі.

Уся паўната выканаўчай улады належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якія прадстаўляюць выканаўчаую ўладу і разам з парламентам ажыццяўляюць заканатворчасць. Намінальным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца прэзідэнт, што абіраецца прамым галасаваннем на пяцігадовы тэрмін. Прэзідэнт мае даволі шырокі спектр функцый: прадстаўляе краіну на міжнароднай арэне, падпісвае законы, прызначае парламенцкія выбары, прапануе парламенту кандыдатуру прэм’ер-міністра. У 2018 годзе прэзідэнтам Чарнагорыі стаў Міла Джуканавіч, які ўжо займаў гэтую пасаду ў 1998—2002 гадах, а ў 1991—1998 гадах быў прэм’ер-міністрам.

Знешняя палітыка правіць

Пасле абвяшчэння незалежнасці 3 чэрвеня 2006 года суверэнная Чарнагорыя распачала будаўніцтва самастойнай знешняй палітыкі. Чарнагорыя — адна з рэдкіх балканскіх краін, што падтрымлівае добрыя адносіны з усімі суседзямі без вынятку. Стратэгічнай мэтай Чарнагорыі з’яўляецца членства ў ЕС. Другім прыярытэтам было сяброўства ў НАТА, безумоўна, больш проста ажыццявімае: Чарнагорыя стала 29-м членам альянса 5 чэрвеня 2017 года[7]. На думку Чарнагорыі, членства ў НАТА забяспечыць палітычную стабільнасць і скароціць шлях да запаветнага ЕС.

Беларуска-чарнагорскія адносіны правіць

Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 8 жніўня 2006 года. Пасол Чарнагорыі ў Маскве (на 2019 год гэта Раміз Башыч) па сумяшчальніцтве з’яўляецца паслом у Беларусі[8]. У студзені 2019 года сяброўства Мінска і Падгорыцы актывізавалася: у Маскве з Башычам сустрэўся пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка — дыпламаты абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва дзвюх краін; а ў Падгорыцы адбыліся кансультацыі паміж дэлегацыямі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства замежных спраў Чарнагорыі. Штогадовы гандлёвы абарот паміж Чарнагорыяй і Беларуссю складае каля паўмільёна долараў, прычым на экспарт Беларусі прыходзіцца ажно 95 % агульнага аб’ёму[9].

Адміністрацыйны падзел правіць

Чарнагорыя ўключае ў сябе 23 абшчыны (муніцыпалітэты), уключаючы дзве гарадскіх — Падгорыцу і Цэтынэ. Абшчына Падгорыца падзелена на дзве аўтаномныя часткі. З 2011 года ў Чарнагорыі афіцыйна выдзяляюцца тры рэгіёны: Паўночны, Цэнтральны і Прыморскі, якія адпавядаюць ментальнаму ўспрыняццю краіны яе жыхарамі і выкарыстоўваюцца статыстыкай і медыя.

Абшчына Плошча, км² Насельніцтва Карта
1[ап 1] Андрыевіца 283 5,071  
2 Бар 598 42,048
3 Біела-Поле 924 46,051
4 Будва 122 19,218
5 Бэранэ 544 28,305
6 Гусінье 486 13,108
7 Данілаўград 501 18,472
8 Жабляк 445 3,569
9 Калашын 897 8,380
10 Котар 335 22,601
11 Мойкавац 367 8,622
12 Нікшыч 2065 72,443
13 Падгорыца 1399 185,937
14 Петніца 173 5,665
15 Плаў 486 13,108
16 Плеўля 1346 30,786
17 Плужыне 854 3,246
18 Рожае 432 22,964
19 Улцынь 255 19,921
20 Херцэг-Нові 235 30,864
21 Ціват 46 14,031
22 Цэтынэ 899 16,657
23 Шаўнік 553 2,070
  1. Нумары абшчын адпавядаюць нумарам дадзеных перыферый на карце справа.

Насельніцтва правіць

 
Полава-ўзроставая піраміда адлюстроўвае нізкую нараджальнасць у ХХІ ст і рэзкую перавагу мужчынскага насельніцтва ў маладым працаздольным узросце

Перапісы 2003 і 2011 гадоў зарэгістравалі практычна адную і тую ж колькасць насельніцтва — 620 тыс. чалавек. Бягучыя ацэнкі канца 2010-х гадоў даюць прыблізна тую самую лічбу. Для Чарнагорыі характэрна невялікая перавага нараджальнасці над смяротнасцю (11,9 і 10,4 на 1000 адпаведна) і адмоўны міграцыйны баланс, што сумарна забяспечвае ледзь заўважную адмоўную міграцыйную дынаміку. Як і паўсюль у Еўропе, насельніцтва Чарнагорыі старэе. Сярэдняму чарнагорцу сёння (2019) 39 гадоў.[10]

Нацыянальны і моўны склад правіць

 
Складаная мазаіка этнічнай геаграфіі Чарнагорыі (паводле перапісу 2011) уражвае

Нацыянальны склад насельніцтва паводле вынікаў перапісу 2011:

¹ — чарнагорцы і сербы, якія вызнаюць іслам

Менш за 1 %: харваты — 0,97 %, сербы-чарнагорцы — 0,34 %, югаславы — 0,19 %.

Нягледзячы на тое, што фармальна Чаргагорыю можна назваць шматнацыянальнай дзяржавай; чарнагорцы, сербы, баснійцы, славяне-мусульмане, харваты, югаславы размаўляюць на розных дыялектах адной і той жа мовы і вызнаюць розныя рэлігія. Не дзіва, што для жыхароў такой краіны характэрна падвоенасць (а часам і патроенасць) нацыянальнай свядомасці, а суадносіны сербаў і чарнагорцаў змяняюцца ад перапісу да перапісу, уважаючы на палітычную сітуацыю і ідэалагічныя трэнды. Жыхары краіны, што нарадзіліся пасля распаду вялікай Югаславіі, пры самавызначэнні аддаюць перавагу чарнагорскай мове і ідэнтычнасці.

Афіцыйная мова ў Чарнагорыі — чарнагорская. Родныя мовы (паводле таго ж перапісу):

Чарнагорская, сербская, харвацкая і басннійская мовы — унармаваныя, узаемазразумелыя варыянты сербскахарвацкай мовы.

Рэлігійны склад правіць

 
Астрог, умураваны ў скалу манастыр — самая папулярная паміж паломнікаў праваслаўная святыня

Становішча Чарнагорыі на цывілізацыйным разломе абумовіла суіснаванне тут усходняй і заходняй галін хрысціянства, а яшчэ і ісламу. Доўгі вопыт мірнага жыцця поплеч не дазволіў рэлігійнай напружанасці вылілацца ў гвалт нават падчас Баснійскай вайны (1991—1995). Канфесійны склад насельніцтва (перапіс 2011):

Чарнагорская праваслаўная царква адносіцца да ліку не прызнаных Сусветным саборам праваслаўных цэркваў. Дзякуючы значнай мусульманскай меншасці, іслам у 2012 годзе быў прызнаны афіцыйнай рэлігіяй, што абавязвае шпіталі, воніскія часці і т. п. мець халяльнае меню; дае жыхарам краіны магчымасць атрымаць пятніцу выходным, жанчынам — насіць хусткі ў грамадскіх установах і інш.

Размяшчэнне і рассяленне правіць

У Чарнагорыі досыць невысокая па еўрапейскіх мерках шчыльнасць насельніцтва. Найбольшая гушчыня характэрна для паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнаў краіны, слаба заселеныя горныя ўсходнія раёны. У гарадах жыве каля 2/3 насельніцтва краіны. Чацвёртая частка чарнагорцаў пражывае ў сталічнай агламерацыі.

Эканоміка правіць

 
Нацыянальны банк Чарнагорыі ў Падгорыцы

Эканоміка Чарнагорыі практычна завяршыла пераход на рынкавыя рэйкі. Значная частка ВУП (77 % у 2016 годзе) ствараецца ў сферы паслуг, перадусім, у галіне турызму[12]. ВУП на душу насельніцтва паводле ППЗ Чарнагорыі, някепска развітай па балканскіх мерках, у 2017 складаў усяго 47 % ад сярэдняга па ЕС[13]. Чарнагорыя ў аднабаковым парадку выкарыстоўвае еўра ў якасці грашовай адзінкі. Цэнтральны банк Чарнагорыі не ўваходзіць у агульнаеўрапейскую сістэму, таму не можа эмітаваць еўра, і ў абароце толькі тыя банкноты, што паступаюць з-за мяжы (у тым ліку з турыстамі). Эканоміка Чарнагорыі моцна залежыць ад прамых замежных інвестыцый (інвестыцыйнай прывабнасці краіны спрыяе наяўнасць кваліфікаванай і адносна таннай рабочай сілы), таму ўразлівая да знешніх штуршкоў. Да слабых бакоў эканомікі таксама адносяцца высокі ўзровень карупцыі, бедная сыравінная база, эміграцыя маладога працаздольнага насельніцтва.

 
Гавань горада Бар — цэнтра суднабудавання і найбуйнейшага порта Чарнагорыі

У прамысловасці ствараецца 16 % ВУП. Здабываюцца руды металаў. Энергетыка на дзве траціны гідраўлічная, 23 % прыпадае на ЦЭС і 10 % — на альтэрнатыўныя крыніцы; новыя ГЭС не будуюцца праз экалагічныя прыярытэты дзяржавы. Развіта апрацоўчая прамысловасць, геаграфія якой склалася за сацыялістычным часам, у тым ліку металургія (чорная з цэнтрам у Нікшычы і каляровая — выплаўка алюмінію — у Падгорыцы); машынабудаванне (электратэхнічна вытворчасць у Цэтыне, суднабудаванне і суднарамонт у Б’еле і Бары); тэкстыльная ў Біела-Полі; дрэваапрацоўка, перапрацоўка тытуню.

Сельская гаспадарка складае 7,5 % ВУП. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі з’яўляюцца збожжавыя, бульба, тытунь, вінаград, цытрусавыя, масліны і інжыр.

 
Выспа Свеці-Стэфан з пяцізоркавым гатэлем — адзін з самых знакамітых курортаў Будванскай Рыўеры

Значную ролю ў эканоміцы краіны адыгрывае турызм. Штогод Чарнагорыю наведвае каля 1,5 млн чалавек (на сярэдзіну 2010-х).[14] Вельмі папулярныя міжнародныя курорты ў гарадах Херцэг-Нові, Будва, Бечычы, Петравац, а таксама гістарычныя і прыродныя славутасці — горад Котар на беразе Котарскага заліва, былая сталіца Цэтынэ, Скадарскае возера, гара Лоўчэн, высакагорны кляштар Астрог, каньён ракі Тара (самы вялікі ў Еўропе: яго глыбіня дасягае 1300 м), нацыянальны парк Дурмітар і яго горналыжны курорт Жабляк (1465 метраў над узроўнем мора, гэта самы высакагорны горад на Балканах).

 
Сучасны электрацягнік на вакзале ў Нікшычы, 2013 год

Праз Чарнагорыю ідуць еўрапейскія магістралі E65 і E80. Аўтамабільныя дарогі, нягледзячы на значную гушчыню сеткі, не адпавядаюць еўрапейскім стандартам. Міжгароднія аўтобусныя перавозкі з-за састарэласці транспарту і гарыстага рэльефу краіны часта здзяйсняюцца не па раскладзе. Гарадскі транспарт у Чарнагорыі развіты слаба. Чыгуначны транспарт развіты яшчэ горш, але можна адзначыць пазітыўныя зрухі. Акрамя міжнароднай чыгункі Бялград — Бар, маецца ўнутраная Нікшыч — Падгорыца, якая ў першыя постсацыялістычныя дзесяцігоддзі выкарыстоўвалася толькі для перавозкі грузаў, але была мадэрнізавана і электрыфікавана, і з 2012 перавозіць таксама пасажыраў. Чыгунка Падгорыца — Шкодэр, што звязвае Чарнагорыю з Албаніяй, не працуе. У краіне функцыянуюць два міжнародныя аэрапорты. Аэрапорт Падгорыца арыентаваны ў асноўным на рэгулярныя рэйсы, а Ціват — на чартарныя. Нацыянальны авіяперавозчык Чарнагорыі — Montenegro Airlines — ажыццяўляе рэйсы ў гарады Еўропы. Знешні гандаль у значнай ступені абслугоўваецца марскім транспартам. Бар — галоўны порт Чарнагорыі, — разлічаны на 5 млн тон грузаабароту, пасля распадаў Югаславіі (Вялікай, 1992 год і Малой, 2006 год) недазагружаны.

У знешнім гандлі экспарт паслуг (турызм, транспартныя і ІТ-паслугі) пераважае над экспартам тавараў (суадносіны 75 на 25 %). Асноўнымі артыкуламі таварнага экспарту з’яўляюцца баксіты, цынкавыя і свінцовыя руды, гліназём, віно. Імпартуюцца прадукты харчавання, медыкаменты, нафтапрадукты, аўтамабілі і электроніка. Асноўны гандлёвы партнёр — Сербія (30 % імпарту і 12 % экспарту), за ёй ідуць Італія, Кітай, Боснія і Герцагавіна.[15] Штогадовы гандлёвы абарот паміж Чарнагорыяй і Беларуссю складае каля паўмільёна даляраў.

Культура правіць

Узброеныя сілы правіць

Заўвагі правіць

  1. https://www.suchy-zleb.cz/en/2012/08/01/first-kilometer-deep-cave-explored-by-czech-team/
  2. https://www.croatiatraveller.com/southern_dalmatia/Dubrovnik/bombing.html
  3. http://news.bbc.co.uk/2/hi/europe/5007364.stm
  4. https://www.occrp.org/en/poy/2015/
  5. https://web.archive.org/web/20100326020047/http://www.skupstina.me/cms/site_data/ustav/Ustav%20Crne%20Gore.pdf
  6. http://www.eiu.com/home.aspx
  7. https://www.wsj.com/articles/montenegro-to-join-nato-on-june-5-1495704211
  8. https://www.belta.by/special/politics/view/belarus-i-chernogorija-namereny-aktivizirovat-sotrudnichestvo-333089-2019/
  9. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=144&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2017
  10. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/mj.html Архівавана 16 кастрычніка 2020.
  11. MONTENEGRO: Provinces and Major Cities. http://citypopulation.de/.
  12. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/mj.html Архівавана 16 кастрычніка 2020.
  13. https://ec.europa.eu/eurostat/tgm/graph.do?tab=graph&plugin=1&pcode=tec00114&language=en&toolbox=data
  14. https://www.telegraph.co.uk/travel/destinations/europe/albania/articles/tirana-albania-what-to-see-and-do-on-a-weekend-break/
  15. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=144&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2017

Спасылкі правіць