Шацк (Пухавіцкі раён)
Шацк[1] (трансліт.: Šack, руск.: Шацк) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Шаць. Адміністрацыйны цэнтр Шацкага сельсавета.
Аграгарадок
Шацк
| ||||||||||||||||||||||||||
Шацк на Вікісховішчы
|
Знаходзіцца за 32 км на паўднёвы захад ад Мар’інай Горкі, за 68 км ад Мінска, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск; каля аўтамабільнай дарогі Пухавічы — Узда — Негарэлае.
СімвалыПравіць
Герб Шацка не мае афіційнага статуса. За аснову ўзяты заняткі старажытных жыхароў вёскі. Пчолкі і лён сімвалізуюць пчалярства, таксама ганчарства і бандарства. Аўтар праекта — Наталля Мікалаеўна Вайцяховіч[2].
НазваПравіць
Тапонім Шацк утварыўся ад ракі Шачы, даўней называнай Шач’яй. Часам ужывалася падвоеная назва Шацк Белы[3].
ГісторыяПравіць
Вялікае Княства ЛітоўскаеПравіць
У першай палове XV стагоддзя належыў Судзівою Валімонтавічу, а пазней яго сыну Станьку[4]. Вялікі князь Аляксандр 10 лістапада 1492 года перадаў Шацк разам з Нясвіжам троцкаму ваяводзе Пятру «Беламу» Мантыгердавічу.
У 1523 годзе — сяло, цэнтр воласці, уласнасць старосты генеральнага жамойцкага Яна Радзівіла.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Шацк увайшоў у склад Менскага павета Менскага ваяводства.
Пазней паселішча перайшло да Кішак і ўрэшце да Радзівілаў. У XVI стагоддзі тут збудавалі кальвінскі збор.
У 1582 годзе Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка прадаў Шацк. Пасля шэрагу ўладальнікаў у 1732 годзе Шацк куплены Гервацыям Аскеркам.
Пад уладай Расійскай імперыіПравіць
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 года) — у Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні.
Паводле звестак тапаграфічнага апісання Мінскай губерні (1800 года) у Шацку быў цагельны і чарапічны заводы І. Аскеркі.
16 лістапада 1863 года ў мястэчку Шацку была адкрыта земская школа. 10 сакавіка 1881 года на базе земскай школы адкрываецца 2-класная народная вучэльня.
У 1879 годзе ад Ігната Аскеркі маёнтак Шацк перайшоў да Гамуліцкіх, потым да Пуцятаў.
Найноўшы часПравіць
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шацк абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад БССР.
У 1919 годзе ў двухпавярховым каменным будынку была адкрыта Шацкая сямігодка. Апроч сямігодкі ў Шацку існавала габрэйская школа. Перад вайной адбылося з’яднанне школ.
У 1924—1927 гадах цэнтр Шацкага раёна Менскай акругі, у 1927—1935 гадах — цэнтр сельсавета Пухавіцкага, у 1935—1938 гадах — Смілавіцкага і Рудзенскага раёнаў, з 1938 года — у Мінскай вобласці. У 1935 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.
У часе Другой сусветнай вайны немцы з’явіліся ў Шацку 30 чэрвеня 1941 года. Адразу бала расстраляная першая група жыхароў. Нямецкія акупанты арганізавалі габрэйскае гета. Самая масавая акцыя па знішчэнні габрэяў праводзілася ў кастрычніку 1941 года. Ахвяры гэтых карных акцый пахаваны ў трох ямах на ўзлеску гаю з правага боку дарогі з Шацка ў бок вёскі Задашчэнне. Тры помнікі ўсталяваны на месцы трох ям. Чацвёрты помнік з крыжам, у падставе якога знаходзіцца зорка Давыда, усталяваны мясцовым жыхаром Міхалам Тарасевічам у 1993 годзе. Надпіс на ім: «Ахвярам фашысцкага генацыду ў 1941—1944 годзе. Удзячныя хрысціяне-суайчыннікі і іх нашчадкі»[5].
Са студзеня 1960 года — ва Уздзенскім, з красавіка 1960 года — ў Пухавіцкім раёне.
24 лістапада 1966 года вёскі Міхалевічы, Стары Шацк і Сярэдзіна зліліся з Шацкам. Міхалевічы ў пачатку XX ст налічвалі 59 двароў, 405 жыхароў, Стары Шацк у пачатку XX стагоддзя — маёнтак, 4 двары, 28 жыхароў, Сярэдзіна ў пачатку XX стагоддзя — 41 двор, 282 жыхары.
- Шацк на старых фотаздымках
НасельніцтваПравіць
ІнфраструктураПравіць
Дзейнічае Шацкая сярэдняя школа. Медычныя паслугі ажыццяўляе Шацкая ўчастковая бальніца, якая была збудавана ў студзені 1953 года. Колькасць абслугоўваных пацыентаў складае 15 чалавек у змену[6].
У Шацку ёсць прыход праваслаўнай царквы Святога прарока Ільі і дом малітвы ЕХБ[7].
ДэмаграфіяПравіць

- 1800 год — 142 жыхары, 29 двароў.
- 1886 год — 184 жыхары, 27 двароў.
- 1897 год — 974 жыхары, 130 двароў; маёнтак Шацк — 63 жыхары; маёнтак Стары Шацк — 22 жыхары, 2 двары.
- 1908 год — 2476 жыхароў, у тым ліку ў мястэчку 2350 жыхароў, 240 двароў; маёнтакі Шацк і Стары Шацк — 126 жыхароў.
- 1917 год — 1259 жыхароў, у тым ліку ў мястэчку 1121 жыхар, 166 двароў; маёнтакі Шацк і Стары Шацк — 138 жыхароў.
- студзень 1939 год — 3120 жыхароў[8].
- 1960 год — 210 жыхароў.
- 1999 год — 819 жыхароў.
- 1 студзеня 2002 год — 732 жыхары, 324 гаспадаркі.
- 2003 год — 773 чал.
- 2009 — 669 жыхароў[9].
- 2012 год — 697 жыхароў, 285 гаспадарак.
СлавутасціПравіць
- Парк пры колішняй сядзібе Аскерак (XIX ст.)
- Курганны могільнік — археалагічны аб’ект.
- Помнікі: землякам, загінулым у гады Другой сусветнай вайны; настаўнікам Шацка, загінулым у гады Другой сусветнай вайны (усталяваны мясцовым жыхаром Міхалам Тарасевічам у 1994 годзе); помнік на месцы яўрэйскага гета.
Страчаная спадчынаПравіць
- Помнік загінулым грамадзянам габрэйскай нацыянальнасці. Быў адкрыты 5 ліпеня 1964 г. на месцы збору габрэяў у цэнтры Шацка. Ініцыятарам яго стварэння быў мясцовы жыхар Левін Абрам Іцковіч. Грошы збіралі габрэі Шацка, Мінска, Пецярбурга, Масквы, карані якіх былі з Шацка. Праз некалькі гадоў гэты помнік прыбралі.
- Царква Святога прарока Ільі (XIX ст.)
- Сінагога
- Сядзіба Аскеркаў (XIX)
Вядомыя асобыПравіць
- Абрахам Мошэ Бернштэйн (1866—1932) — кантар і кампазітар.
- Эдзід Бенцыянавіч Вайнман (1895) — партыйны работнік.
- Наталля Мікалаеўна Вайцяховіч (нар. 1956) — беларускі краязнавец, аўтар кніг «Шацк», «Мае землякі», «Гісторыя побач».
- Таісія Іванаўна Доўнар (нар. 1944) — беларускі юрыст, кандыдат юрыдычных навук, доктар юрыдычных навук, прафесар БДУ.
- Уладзімір Мікалаевіч Кісялёў (нар. 1931) — беларускі краязнавец.
- Наталля Анатольеўна Клімовіч (нар. 1963) — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V і VI скліканняў.
- Іван Сцяпанавіч Лупіновіч (1900—1968) — беларускі вучоны, заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства, доктар сельскагаспадарчых навук.
- Аляксандр Андрэевіч Мікульчык (1882 — пасля 1918) — беларускі паэт, аўтар «Беларускай марсельезы».
- Ганна Піліпаўна Назарава (1921—2000) — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Леў Ізраілевіч Стронгін (1896—1968) — выдавец, першы камісар друку БССР.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ша́цак
- ↑ “Зьявіцца Гаспадар у Шацку — застануся, не — зьеду, як і ўсе…”. // Радыё Свабода, 23 лістапада 2010. (бел.)
- ↑ Szack // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 755.
- ↑ Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
- ↑ Пройти дорогами памяти. // Пухавіцкія навіны, 8 мая 2018. (руск.)
- ↑ Марьиногорская центральная районная больница. О больнице. (руск.)
- ↑ История Пуховичского благочиния. // Белорусская православная церковь. (руск.)
- ↑ Место расстрела евреев местечка Шацк
- ↑ Насельніцтва Мінскай вобласці па выніках перапісу 2009 года.
ЛітаратураПравіць
- Азбукін М. В. Мястэчка Шацак Менскай акругі // Наш край. 1927. № 1 (16). — С. 44-50.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
- Вайцэховіч Н. Шацак: Краязнаўчыя нарысы. — Мінск: Пэйта, 1999. (З серыі «Ведаць свой край Беларусь»). ISBN 985-6024-20-X
- Вайцэховіч Н. Мае землякі. — 2005. ISBN 985-6718-37-6
- Вайцэховіч Н. Гісторыя побач: краязнаўчыя вандроўкі: [пра вёску Шацк Пухавіцкага раёна] / Наталля Вайцэховіч. ― Мінск, 2007. (1Н//41496(039))
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 8, кн. IV. Мінская вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2013. — С.196—197 іл. ISBN 978-985-11-0735-9.
- Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
- Szack // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 755—758.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шацк (Пухавіцкі раён)