Зу́ні (саманазва: A:shiwi, ісп.: Zuñi, англ.: Zuni) — індзейскі народ, частка народаў пуэбла, карэнныя насельнікі паўднёвага захаду ЗША. Агульная колькасць у 2020 г. — 9 700 чалавек[1].

Зуні
(A:shiwi)
Агульная колькасць 9700 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова зуні
Рэлігія анімізм, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Паходжанне правіць

Да кантактаў з іспанцамі ў першай палове XVI ст. зуні насялялі даліну аднайменнай ракі, месца надзвычайна выгоднае з пункту гледжання абмену і гандлю паміж рэгіёнамі Месаамерыкі, Вялікіх раўнін і Вялікага Салёнага возера. Яны называлі сябе A:shiwi (літаральна «целы») і размаўлялі на ізаляванай мове. Назва «Zuñi», выкарыстаная іспанцамі, мае невядомае паходжанне. Згодна з паданнямі зуні, іх продкі з’явіліся на свет у багністай мясцовасці далёка на захадзе, мінавалі горы і «паднятую зямлю», перш чым пад началам багоў-блізнятаў дасягнулі Halona:wa idiwan'a (літаральна «пасярэдняй зямлі»)[2][3], як яны самі клічуць сваю радзіму.

У другой палове XX ст. сярод антраполагаў і археолагаў замацавалася гіпотэза, што зуні з’яўляюцца прамымі нашчадкамі стваральнікаў старажытнай культуры магаён. Яна пераважае і ў нашы дні, хаця робяцца спробы разгледзець прысутнасць продкаў зуні на поўдні плато Каларада ўжо ў архаічны перыяд[4]. У 1999 г. амерыканскія даследчыкі Дэвід Грэгары і Дэвід Уілкокс выказалі думку, што мова зуні вылучылася ў самастойную 7000 — 6000 гадоў таму, а значыць, для яе захавання носьбіты павінны былі знаходзіцца ў пэўнай ізаляцыі ў гарах і далучыцца да супольнасці заходніх пуэбла незадоўга да прыходу іспанцаў[5].

Археалагічныя даследаванні рэгіёна выявілі, што на працягу першай паловы 2 тысячагоддзя н. э. адбываліся значныя ваганні колькасці насельніцтва і змены пэўных культурных рыс. Да 1200 г. насельніцтва было рэдкім, але потым пачало хутка расці, прычым вылучыліся 3 асноўныя кластары паселішчаў — паўночны, паўднёва-заходні і паўднёвы. Яны маглі складаць асобныя эканамічныя і палітычныя саюзы. Да 1450 г. заўважна тэндэнцыя да ўзбуйнення населеных пунктаў. Тым не меней, пасля пачатку XIV ст. агульная колькасць насельніцтва зноў знізілася. Пасля 1400 г. у даліне ракі Зуні моцна змянілася апрацоўка керамічных вырабаў, быў разбураны абмен з паўднёвымі раёнамі[4]. Гэта ўскосна сведчыць пра магчымасць узаемных гвалтоўных дзеянняў і міграцыю знешняй групы перасяленцаў.

Гісторыя правіць

 
Пуэбла Зуні ў 1850 г.

У 1539 г. зуні ўпершыню сутыкнуліся с іспанцамі, калі жыхары пуэбла Хавікух забілі Эстэваніка, іспанскага раба мараканскага паходжання, які ўзначальваў перадавы атрад місіянера-францысканца Ф. М. Нізы[6]. У 1540 г. жыхары Хавікуха былі атакаваны экспедыцыяй на чале з Франсіска Васкесам дэ Каранада[7]. Каланізацыя зямель зуні пачалася толькі ў 1629 г. з пабудовы францысканцамі ў Хавікуху хрысціянскай місіі. У 1633 г. жыхары пуэбла забілі 2 місіянераў, аднак праз 2 гады пагадзіліся на пабудову ўжо 2 місій у Хавікуху і Халоне. На першым этапе каланізацыі іспанцы імкнуліся ўздзейнічаць на зуні праз касцёл, таму іх эксплуатацыя абмяжоўвалася павіннасцямі на карысць місій. Дзякуючы іспанцам у зуні з’явіліся новыя культурныя расліны, еўрапейскія тавары, свойская жывёла. Разам з гэтым, місіянеры імкнуліся падарваць давер да традыцыйных лідараў. З прыходам еўрапейцаў сярод індзейцаў пачалі распаўсюджвацца эпідэмічныя захворванні, супраць якіх яны не мелі імунітэту.

Працяглая засуха, што пачалася з 1650-х гг., і напады апачы садзейнічалі незадаволенасці. У 1670 г. у выніку чарговага нападу апачы місія ў Хавікуху перастала дзейнічаць. У 1680 г. падчас паўстання індзейцаў-пуэбла быў забіты місіянер у Халоне. Зуні пакінулі традыцыйныя пуэбла і пабудавалі адзінае паселішча на ўзвышшы. Аднак, калі ў 1692 г. у іх землях з’явіўся іспанскі атрад, яны не сталі аказваць супраціўленне і падпарадкаваліся[8]. На мяжы XVII ст. і XVIII ст. зуні стварылі адзінае паселішча на месцы пуэбла Халона (у нашы дні пуэбла Зуні). У 1705 г. тут аднавілася францысканская місія, быў пабудаваны новы касцёл. Замест традыцыйнай тэакратычнай улады была створана цывільная адміністрацыя, фармальна падпарадкаваная іспанскаму губернатару. Насамрэч зуні былі дастаткова ізаляваны ад каланіяльнага ўплыву, яны не падвяргаліся інтэнсіўнай асіміляцыі, як гэта адбывалася на тэрыторыях на ўсход ад іх месца пражывання.

На працягу XVIII — XIX стст. культура зуні зведала значныя трансфармацыі. Важную ролю ў гаспадарчым жыцці стала адыгрываць жывёлагадоўля. З’явіліся новыя стылі ў народнай архітэктуры і вырабе керамікі. Напады з боку апачы, наваха і каманчы вымушалі ладзіць умацаваныя прыстанкі за межамі пуэбла. Пасля Мексіканскай рэвалюцыі ў 1821 г. францысканцы пакінулі місію, што садзейнічала, з аднаго боку, незадаволенасці ў адносінах да мексіканскіх улад, з другога — адраджэнню традыцыйных рэлігійных культаў. Падчас вайны паміж ЗША і Мексікай зуні падтрымалі амерыканскія войскі[9]. У 1877 г. пуэбла Зуні атрымала статус рэзервацыі, але ў яе склад увайшла меншасць зямель, якімі карысталіся тубыльцы. У 1937 г. рэзервацыя атрымала ўнутраную аўтаномію. У 1970 г. была прынята Канстытуцыя.

Культура правіць

 
Паліхромная кераміка

Вызначальным гаспадарчым заняткам зуні здаўна з’яўлялася ручное земляробства. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай была кукуруза, але таксама вырошчвалі фасолю, гарбузы, перац. У 1540 г. Ф. дэ Каранада адзначаў добрае забеспячэнне харчам[10]. У выніку кантактаў з іспанцамі зуні асвоілі вырошчванне пшаніцы і персікаў. У адрозненне ад усходніх суседзяў, яны не ўзводзілі ірыгацыйных збудаванняў, а карысталіся дажджавымі ападкамі, якія накіроўвалі на палеткі. З XVIII ст. значную ролю ў забеспячэнні адыгрывае жывёлагадоўля. Да XX ст. рамяство не вылучалася ў асобную галіну, мела дадатковы характар. Для традыцыйнай культуры зуні быў характэрны абавязковы падзел працы паміж мужчынамі і жанчынамі[11]. Так, вырошчванне кукурузы з’яўлялася абавязкам мужчын, але захаванне і прыгатаванне — жанчын. Мужчыны будавалі жытло, жанчыны атынкоўвалі яго. Воінамі і святарамі маглі быць толькі мужчыны. Рамяство часцяком лічылася жаночай справай. Менавіта жанчыны выраблялі кераміку, лялькі, тканіны. У наш час высокая камерцыйная вартасць ручнога рамяства прываблівае ў гэты працэс мужчын.

Традыцыйнае паселішча зуні — пуэбла. У нашы дні існуе толькі адно пуэбла Зуні на тэрыторыі штата Нью-Мексіка, якое з’яўляецца цэнтрам рэзервацыі. Аднак да паўстання 1680 г. налічвалася 6 пуэбла. У XVIII ст. поруч са сталымі пакоямі ў пуэбла будавалі часовыя сезонныя паселішчы накшталт вёсак[12] для занятку земляробствам, жывёльнай пашы, арганізацыі рэлігійных рытуалаў падалей ад іспанскага святара. Нарэшце, у XIX ст., калі ўварванні наваха і апачы страцілі актуальнасць, узніклі сталыя фермерскія гаспадаркі на землях, прыдатных для арашэння. У старажытнасці мужчыны зуні апраналі скураныя штаны і кароткія саронгі, што чаплялі пад пахавіннем. З цягам часу скураная вопратка выціскалася тканай. З XIX ст. распаўсюдзілася еўрапейская мода[13].

Асновай сацыяльнага ладу з’яўляецца пашыраная сям'я, на чале якой стаіць жанчына. Адлік сваяцтва вядзецца ў першую чаргу па жаночай лініі, аднак звычайна дзеці ведаюць сваю генеалогію і па мужчынскай. Шлюб у значнай ступені прыватная справа, заключаная без рытуалаў ці цырымоній. Існавалі дашлюбныя заляцанні, падарункі для маці будучай жонкі. Мужчына будаваў для сям’і асобныя пакоі у пуэбла. Але, як пісаў Альфрэд Кробер, права жанчыны на жытло было абсалютным: «Калі мужчына пабудаваў такі дом, але ён і яго жонка сварацца і разлучаюцца, …ён сыходзіць і пакідае будынак ёй і яго пераемніку, не думаючы пра страчанае»[14]. Антраполаг сцвярджаў, што мужчыны-зуні пазбаўлены ўласніцкага стаўлення бацькі да сваіх нашчадкаў. Таму яны не аказваюць ім падтрымку пасля разводу. Дзеці належалі родам сваіх маці. У 1977 г. налічвалася 14 такіх родаў, прычым кожны меў татэмны сімвал[15]. Роды адыгрываюць значную ролю ў цырыманіяльным жыцці. Шлюбы знутры родаў бацькі і маці забаронены.

Да прыходу іспанцаў усе пуэбла з’яўляліся асобнымі палітычнымі адзінкамі на чале са жрацамі. З канца XVII ст. пасля размяшчэння ўсіх зуні ў адным паселішчы была створана цывільная адміністрацыя на чале з губернатарам. Аднак гэту і іншыя цывільныя пасады зноў занялі жрацы. Перадача губернатарскага кія была пераўтворана ў рэлігійную цырымонію. Толькі пасля прыняцця Канстытуцыі 1970 г. была створана племянная рада, а тэрмін губернатарства абмежаваны. У 1984 г. жрацы запатрабавалі вярнуць ім кій і стварылі асобную племянную раду. Канфлікт быў прадухілены толькі дзякуючы ўмяшальніцтву федэральных уладаў ЗША. Да 1965 г. жанчыны не ўдзельнічалі ў выбарах і кіраванні[16].

Народная культура знакаміта прыкладнымі відамі мастацтва. Майстры зуні выразаюць з ракавін, бірузы і яспісу фетышы ў выглядзе жывёл. У мінулым яны з’яўляліся часткай пабытовай магіі. Так, фетыш арла павінен быў хутчэй дастаўляць малітву да багоў, фетышы каня і крумкача — лекаваць, дзікіх жывёл — забяспечваць добрае паляванне[17]. Яшчэ адным спосабам магічнага ўздзеяння на побыт было стварэнне лялек—качына. Гэта, а таксама выраб керамікі, лічылася жаночым заняткам. Падобна да іншых індзейцаў, зуні не карысталіся ганчарным колам, і гліняныя пасудзіны вырабляліся цалкам уручную, потым размалёўваліся. З пачатку XVIII ст. пераважае тып паліхромнай керамікі з выразнымі выявамі. У нашы дні разьба, выраб керамікі і лялек ператварыліся ў важныя камерцыйныя галіны, якія падтрымліваюць эканоміку пуэбла Зуні.

Для вуснай творчасці характэрны шматлікія міфы, легенды, казкі. Вылучаюцца цыкл паданняў пра стварэнне свету і вандроўку продкаў зуні да Halona:wa idiwan'a, сакральная паэзія[18]. Захаваліся рытуальныя танцы і музыка. Асабліва знакаміты танцы на свята ўраджаю.

Мова правіць

Родная мова зуні — ізалят. Лічыцца, што яна вылучылася з палеаіндзейскіх моў некалькі тысяч гадоў таму. У нашы дні выкладаецца ў школе рэзервацыі, шырока выкарыстоўваецца ў побыце поруч з англійскай.

Рэлігія правіць

 
Руіны першага касцёла ў Хавікуху

Нягледзячы на тое, што працэс хрысціянізацыі зуні каталіцкімі манахамі пачаўся ў XVII ст., яны захавалі свае дахрысціянскія вераванні да нашых дзён. У іх аснове вера ў адухоўленасць сусвету, наяўнасць душы ў людзей, жывёл, прадметаў, з’яў. Найбольш шануюцца Сонца, Зямля і Месяц. Сонечнае святло атаясняецца з жыццём[19]. Зуні выконваюць шматлікія рытуалы, звязаныя з земляробчым цыклам, міфамі пра стварэнне свету і вандроўку іх продкаў у сучаснае месца пражывання. Яны ўключаюць спевы-малітвы, пост, абрады прысвячэння і пілігрымкі да святых месцаў[20]. Зуні вераць у фетышы, татэмы і качына. Часам традыцыйная рэлігійная практыка спалучаецца з хрысціянскім уплывам. Так, зуні шануюць драўляную статую Санта-Ніньё, якая для каталікоў значыць малога Ісуса, а для традыцыйных вернікаў — дачку Сонца[21].

Важную ролю ў захаванні старажытных вераванняў адыгралі жрацы. Да кантактаў з іспанцамі яны ўзначальвалі супольнасці пуэбла і нават пасля падпарадкавання іспанскім законам кантралявалі найважнейшыя пасады ў цывільнай адміністрацыі. Святары займаліся лекаваннем, арганізацыяй рытуалаў і сачылі за паводзінамі супляменнікаў. Усяго налічвалася 12 жрэцкіх братэрстваў, але вызначальнае месца належала братэрству лука. Яго члены прысвячалі сябе служэнню Ahayuda, багам-блізнятам, што атаясняліся з вайною[22]. Уздзеянне жрацоў на супольнасць зуні заўважна і ў нашы дні.

Першая каталіцкая місія была адчынена ў пуэбла Хавікух у 1629 г. Каталіцызм заставаўся адзінай хрысціянскай канфесіяй, што аказвала ўплыў на зуні да XIX ст. Пасля далучэння да ЗША пэўная колькасць вернікаў падтрымала пратэстантызм.

Зноскі правіць

Спасылкі правіць