Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, размешчаная ў Мінску па адрасе: вул. К. Маркса, 38. У будынку размяшчаецца Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Будынак | |
Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
53°54′01″ пн. ш. 27°33′52″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | сталінскі неакласіцызм |
Архітэктар | Аляксандр Пятровіч Воінаў і Уладзімір Мікалаевіч Вараксін |
Будаўніцтва | 1939—1947 гады |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя будаўніцтва
правіцьБудынак будаваўся для ЦК КПБ у 1939—1941 гадах, скончаны ў 1947 годзе (арх. Аляксандр Пятровіч Воінаў, У. Вараксін). Адно з найбольш значных збудаванняў беларускай савецкай архітэктуры. Пры будаўніцтве ўпершыню ў рэспубліцы выкарыстаныя зборныя жалезабетонныя пліты для перакрыццяў[1].
У час акупацыі немцы працягнулі будаўніцтва. У будынку меркавалася размясціць Генеральны камісарыят. Планавалася адкрыць будынак 1 мая 1943 года, але ў красавіку ён пацярпеў ад авіябомб, якія скінуў побач з будынкам савецкі бамбардзіроўшчык. У выніку пераезд генкамісарыята ў новы офіс адбыўся толькі ў чэрвені 1943 года. Кабінет гаўляйтара Вільгельма Кубэ знаходзіўся на другім паверсе, яго вокны выходзілі на Аляксандраўскi сквер[2].
У 1976 годзе з паўднёвага захаду да цэнтральнага аб’ёма прыбудавана правае крыло, рашэнне якога паўтарае архітэктуру галоўнага фасада. У 1986 было прыбудавана левае крыло, а ў 1988 годзе быў прыбудаваны аб’ём, які злучыў іх з боку вуліцы Кірава[3] (архітэктар П. Кракалёў)[1].
З 1992 года ў будынку размешчаны Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, потым — рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[1].
Архітэктура
правіцьЗаймае квартал паміж вуліцамі Энгельса і Чырвонаармейскай, галоўным фасадам арыентаваны да вуліцы К. Маркса[1]. Будынак пастаўлены за 40 м ад чырвонай лініі, перад ім разбіты зялёны партэр[3]. Знаходзіцца па восі Кастрычніцкай плошчы, адыгрывае вядучую ролю ў фарміраванні яе архітэктурнага ансамбля[4].
Кампазіцыйна будынак вырашаны як адзіны маналітны аб’ём на масіўным трохметровым цокалі[1][4]. Будынак па ўсім перыметры апрацаваны прафіляванымі лапаткамі і ўвянчаны простым магутным атыкам, што надае яму манументальнасць[1]. Абліцоўка цокаля чырвоным паліраваным гранітам і апрацоўка ўсяго збудавання ў светлых танах узмацняюць уражанне манументальнасці і параднасці[4]. Пазнейшыя прыбудовы з з боку вуліц Энгельса, Чырвонаармейскай і Кірава, паўтараюць кампазіцыю цэнтральнага аб’ёма і надаюць будынку замкнёную кампазіцыю[4].
Вялікая ўвага аддадзена арганізацыі ўнутранай прасторы[4]. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя адпавядае планіровачнай структуры і канструкцыйнай аснове будынку. Планіроўка калідорная[1]. Цэнтральная частка цокальнага паверха занята вестыбюлем з гардэробам. У цокальным паверсе знаходзяцца бібліятэка, АТС, друкарня, сталовая з дапаможнымі памяшканнямі. З вестыбюля 2 бакавыя лесвіцы вядуць на першы паверх; на галоўнай восі размешчаны фае і вынесеная ў прыбудову двухсветлавая зала пасяджэнняў на 350 месцаў[4]. На 5 паверхах уздоўж светлавога калідора знаходзяцца рабочыя кабінеты. Сувязь паміж паверхамі ажыццяўляецца на 2 двухмаршавых лесвіцах і ліфтах, размешчаных у цэнтральнай частцы будынка, а таксама па лесвічна-ліфтавых групах у бакавых крылах[4].
Цікава выкананы інтэр’ер залы пасяджэнняў. Сцены, афарбаваныя пад штучны мармур, вохрыста-карычневага тону, ляпная кесаніраваная столь, драўляныя разныя дзверы, лаканічнасць мастацкіх сродкаў — усё гэта надае памяшканню своеасаблівую мастацкую выразнасць. У афармленні залы нрымаў удзел скульптар А. Бембель. Ён выканаў ляпную кампазіцыю партала сцэны з выявай У. І. Леніна[4]. Інтэр’ер залы таксама быў упрыгожаны габеленам «Ленінізм» (1977 г., мастакі М. Савіцкі, А. Кішчанка)[1].
Ва ўнутранай апрацоўцы памяшканняў выкарыстаны паркет, мармур, тынкоўка з маслянай матавай афарбоўкай. Памяшканні пятага паверха маюць ляпную столь[4].
Перад будынкам стаялі помнікі Карлу Марксу і Уладзіміру Леніну (1980 г., скульптар Заір Азгур, архітэктары Ю. Грыгор’еў і Ю. Казакоў)[1]. У пачатку 1990-х гадоў пасля распаду СССР бюсты вывез ва ўласную майстэрню Заір Азгур[5].
Герб Беларусі на будынку выкананы ў 1996 годзе скульптарам У. Папсуевым[6].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г д е ё ж з А. А. Воінаў. Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі будынак // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ ГАЎЛЯЙТЭР КУБЭ ЖЫЎ У БУДУЧЫМ МУЗЕI ВАВ I ПРАЦАВАЎ У ГМАХУ АДМІНІСТРАЦЫІ ПРЭЗІДЭНТА(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2022. Праверана 23 лютага 2020.
- ↑ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10). ст. 559
- ↑ а б в г д е ё ж з С. Ф. Самбук. 211. Будынак ЦК КПБ // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- ↑ В подвалы ЦК КПБ после путча «сослали» 47 портретов Ленина кисти Михаила Савицкого. 21 августа 2018 11:51
- ↑ Л. Ф. Салавей. Мінскае мастацкае прадпрыемства «Скульптурны камбінат» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
Літаратура
правіць- Воінаў А. А. Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі будынак // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Самбук С. Ф. 211. Будынак ЦК КПБ // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 559. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- Мінскія рэзідэнцыі Лукашэнкі. Спадарожнікавыя здымкі
- Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на сайце «Архіварта»