Адкрыць галоўнае меню

Віцебск — старажытны беларускі магдэбургскі горад. Колішняя сталіца княства і цэнтр Віцебскага павета.

СтаражытнасцьПравіць

Дата першага пісьмовага ўспаміну пра Віцебск няпэўная. У далетапісныя часы на тэрыторыі Віцебска і ва ўсім рэгіёне жылі балты. Паводле падання з Віцебскага летапісу (XVIII ст.) горад у 974 годзе заклала княгіня кіеўская Вольга, аднак вядома, што яна памерла яшчэ ў 969 годзе. З гэтай прычыны на сённяшні дзень паміж гісторыкамі вядзецца спрэчка: як імаверную дату заснавання называюць 947 год (паводле «Аповесці мінулых часоў» у 947 годзе Вольга наведвала міжрэчча Дзвіны і Дняпра і ўтварыла тут пагосты для збору даніны, у тым ліку на рэчках Мста і Луга, магчыма тады з]явіўся пагост і на Віцьбе — Віцебск), а таксама 914 год[1].

Чарцёж горада Віцебcка, 1664

У ХХIIІ стст. Віцебск займаў важнае месца на «шляху з варагаў у грэкі». У 1021 годзе князь кіеўскі Яраслаў Уладзіміравіч перадаў горад разам з Усвятамі князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу пры складанні міру.

Пасля смерці князя полацкага Усяслава Чарадзея (1101) Віцебск зрабіўся сталіцай удзельнага княства. Першым князем віцебскім быў Святаслаў Усяславіч, пазней горадам і княствам валодалі яго нашчадкі Васількавічы. У 1167 годзе князь менскі Валадар Глебавіч узяў Віцебск у аблогу, а ў 1196 годзе каля горада адбылася бітва аб'яднаных сіл полацкіх і чарнігаўскіх князёў са смаленскімі князямі. Полацкія князі перамаглі і вярнулі сабе Віцебскае княства. З 1318 года тут княжыў Яраслаў Васільевіч, які аддаў сваю адзіную дачку Марыю замуж за князя крэўскага Альгерда.

Вялікае Княства ЛітоўскаеПравіць

Пасля смерці князя Яраслава (1320) Віцебск паводле спадчыны перайшоў да вялікага князя Альгерда і такім чынам далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1341 годзе тутэйшыя жыхары на чале з Альгердам дапамаглі Пскову супраць крыжакоў[2]. З 1345 года горад знаходзіўся ва ўладанні Андрэя Альгердавіча.

Герб Віцебскага ваяводства

Паводле гістарычных крыніц, у 1351 годзе ў Віцебску завяршылася будаўніцтва княжацкага палаца і муравана-драўляных Верхняга і Ніжняга замкаў, даўжыня сценаў якіх складала 1,75 км[2]. У кан. XІV ст. горад апынуўся ў цэнтры міжусобнай барацьбы паміж сынамі і суродзічамі Альгерда за права валодання гэтым важным стратэгічным пунктам. Верхні і Ніжні замкі неаднаразова супрацьстаялі шматлікім і працяглым аблогам. 15 ліпеня 1410 віцебская харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдскай бітве.

У XVXVІ стст. Віцебск зрабіўся буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. Станам на 1441 год ён уваходзіў у шэрагі 15 найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле ўстаўной граматы вялікага князя Казіміра (1444) Віцебск атрымаў абмежаванае самакіраванне, таксама грамата фактычна зафіксавала аўтаномію Віцебскай зямлі[3]. Далей у XVІ ст. горад атрымаў шэраг прывілеяў, якія гарантавалі недатыкальнасць зямельных уладанняў феадалаў і мяшчан, правы бязмытнага гандлю і вольнага выезду ў межах дзяржавы[3].

У 1508 годзе на базе Віцебскага намесніцтва ўтварылася ваяводства[4]. 17 сакавіка 1597 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў гораду Магдэбургскае права і герб[5]: «у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч». Вытрымка з адпаведнага вялікакняжацкага прывілея:

" Герб надаем месту нашему Витебскому в блакитном полю образ святого Спаса Збавителя нашего, а при том зараз трохи нижей меч голый червоный, што ся мает розуметь кровавый. "

У 2-й пал. XVІ — пач. XVII стст. у Віцебску ўтварылася супольнасць кальвіністаў, у якую ўваходзілі заможныя гараджане і члены магістрату. Адначасна ў горадзе распачалі сваю дзейнасць праваслаўныя брацтвы, якія спрыялі захаванню беларускай мовы і культуры.

З пачатку XVІ ст. Віцебск неаднаразова (у 1502, 1516, 1519, 1534 і 1536 гадах) цярпеў ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы, войскі якой спусташалі ваколіцы горада, забівалі і бралі ў палон яго жыхароў[6]. У Інфлянцкую вайну маскоўскія захопнікі двойчы бралі Віцебск у аблогу (у 1562 і 1568 гадах), знішчаючы яго пасады і ваколіцы[6].

У 1602 годзе вяртаючыся дадому з вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй горад абрабавалі запарожскія казакі[6]:

" Того ж року запорозкие козаки у Швецыи были, да ничого не помогли, толко великую шкоду господарю вчинили, бо место славное, место богатое Витебск звоевали, мещан побили, панны поплюгавили, скарбы побрали.
Баркулабаўскі летапіс
"

На гэтай жа вайне віцебская мяшчанская харугва колькасцю 500 чалавек пад камандай Марка Лыткі авалодала ў 1605 замкам Феліна, за што пана Лытку ўвялі ў шляхецтва і надалі прозвішча Фелінскі[6].

12 лістапада 1623 года выбухнуў бунт супраць архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. Неўзабаве паўстанне здушылі каралеўскія войскі, а горад страціў Магдэбургскага права. Самкіраванне вярнулі толькі ў 1644 годзе разам з правам бязмытнага гандлю.

У сяр. XVII ст. Віцебск быў буйным адміністрацыйным, рамесным і гандлёвым цэнтрам, у якім налічвалася больш за тысячу дамоў, насельніцтва складала каля 10 тыс. жыхароў. Тут развіваліся метала- і дрэваапрацоўка, гарбарнае, ганчарнае, васкабойнае рамёствы, а таксама мёдаварэнне.

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (16541667) Віцебскі замак пасля амаль 3-месячнай аблогі 2 снежня захапіла 20-тысячнае войска маскоўскіх ваявод і ўкраінскіх казакоў. У баях загінула большасць гараджан, значная частка шляхты і яўрэяў трапіла ў палон. Акупанты прымусова вывезлі ў Маскву шмат віцебскіх рамеснікаў[6]. Толькі ў 1667 годзе Віцебск, згодна з умовамі перамір'я, вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. Паводле тагачаснага інвентару ў горадзе было тры замкі — горны (верхні), дзе знаходзіўся палац ваяводы, дольны (ніжні) і ўзгорскі. Замкі атачалі муры з 20 вялікімі і 3 малымі вежамі. Неўзабаве ў Віцебску адкрыўся езуіцкі калегіум (1682).

У Вялікую Паўночную вайну (17001721) 28 верасня 1708 года па загадзе Пятра I[7] горад спалілі расійскія войскі[8]. Згарэлі замкі, ратуша, крамы, усе пасады, 12 цэркваў і 4 касцёлы. 3 гэтага часу пачаўся заняпад эканомікі горада[6].

Пасля аднаўлення ў 2-й пал. XVIIІ ст. Віцебск сваёй велічынёй зрабіўся другім (пасля Магілёва) горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1764 годзе яго ўраўнавалі ў правах са сталіцай — Вільняй[9], тут распачалося будаўніцтва новай мураванай ратушы (завяршылася ў 1775 годзе).

У складзе Расійскай імперыіПравіць

Новы гарадскі герб, 1781

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі1796 годзе цэнтр Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерні). Расійскія ўлады зацвердзілі новы герб горада з «Пагоняй» на бел-чырвона-белым полі (1781). У 1803 годзе на загад з Санкт-Пецярбургу ўсе гарадскія прывілеі накіравалі ў Сенат для рэвізіі, з тых часоў іх месцазнаходжанне невядомае[9]. У 1777 годзе ў Віцебску пачало працаваць першае прамысловае прадпрыемства — гарбарня, у 1797 годзе — губернская друкарня. У 1804 годзе адкрылася гімназія.

У вайну 1812 года з 16 ліпеня да 26 кастрычніка Віцебск займалі французскія войскі. Станам на 1825 год тут працавалі 10 прадпрыемстваў, 135 крамаў, 8 корчмаў, 150 шынкоў, 6 навучальных устаноў, горад упрыгожвалі 24 храмаў розных канфесій. У 1826 годзе ўтварылася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, з 1845 года распачаў сваю дзейнасць гарадскі тэатр.

У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1863 група гімназістаў і канцылярскіх урадаўцаў спрабавала пакінуць Віцебск і далучыцца да паўстанцкіх атрадаў, але іх затрымалі ўлады. Расійскія ўлады абвясцілі ў горадзе ваеннае становішча[9].

У 1866 годзе праь Віцебск прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыгуначныя лініі злучылі горада з Масквой, Брэстам, Санкт-Пецярбургам і Кіевам. З 1874 года пачало сваю дзейнасць Віцебскае навуковае таварыства ўрачоў. У 18811882 гадах тутэйшы фатограф Юркоўскі першым у свеце разлічыў і сканструяваў імгненны фатаграфічны затвор, апісанне якога апублікаваў у часопісе «Фатограф».

На 1891 год у Віцебску налічвалася 22 навучальныя ўстановы, 5 бібліятэк, чытальня. У 1893 годзе тут адкрыўся царкоўна-археалагічны музей, заснаваны з ініцыятывы Е. Раманава і А. Сапунова. Паводле звестак за 1895 год у Віцебску налічвалася 650 мураваных і 7200 драўляных будынкаў, 2 тэатры, 3 друкарні, 8 кнігарань, 4 бібліятэкі і каля 80 прамысловых прадпрыемстваў. У 1897 годзе Бельгійскае акцыянернае таварыства збудавала электрастанцыю, а ў 1898 годзе — першую на Беларусі трамвайную лінію з электрычнай цягай. Апроч таго, у цэнтры горада праклалі водаправод.

XX стагоддзеПравіць

У 1905 г. ў Віцебску адкрыўся першы кінатэатр «Рэкорд». 13(26) — 18(31) студзеня 1905 г. адбылася палітычная стачка, як пратэст супраць расстрэлу царскімі войскамі мірнай дэманстрацыі пецярбургскіх рабочых 9(22) студзень 1905 г. У стачцы щдзельничала да 1200 чал. 17(30) студзеня ў раёне Пяскаваціка рабочыя і прыказчыкі двойчы збіраліся (па 150 чал.) з мэтай правядзення дэманстрацый, але былі разагнаныя паліцыяй[10]. З 1910 г. распачаў сваю дзейнасць першы на Беларусі настаўніцкі інстытут.

1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І з'езду КП(б) Беларусі Віцебск увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 г. Віцебск вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна (з 1938 г. — цэнтр вобласці). У 1926 г. ў горадзе адкрыўся Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр.

У 1920-я гады ў Віцебску сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «Віцебскай школы абстракцыянізму» (Ю. Пэн, М. Шагал, К. Малевіч). Мастацкая школа-майстэрня Ю. Пэна пачала сваю дзейнасць яшчэ ў 1898 г.

Цягам некалькіх дзесяцігоддзяў Віцебск пераўтварыўся ў буйны прамысловы і культурны цэнтр. Станам на 1938 г. тут было 209 прадпрыемстваў, 3 ВНУ, 42 агульнаадукацыйныя школы, 40 бібліятэк, 11 медыцынскіх устаноў, 3 кінатэатры.

У Другую сусветную вайну з 11 ліпеня 1941 да 26 ліпеня 1944 Віцебск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Пасля заняцця, горад апынуўся тэрытарыяльна і адміністрацыйна ў стратэгічна важнай для нямецкага камандаваня зоне — вобласці аховы тыла групы армій «Цэнтр». Таму адразу ўсе адміністрацыйна-кіраўнічыя функцыі ўскладаліся на нямецкае ваеннае камандаванне. У 1943 г. у прыфрантавой паласе ў Лёзненскім раёне былі створаны савецкія гарадскія органы ўлады. Імі распрацоўваліся першапачатковыя меры па аднаўленні прамысловасці, чыгуначнага транспарту, сувязі, камунальнай гаспадаркі, уліку і размеркаванні рабочай сілы, гандлю і грамадскага харчавання.

26 чэрвеня 1944 г. Віцебск быў вызвалены. Усе прадпрыемствы горада, чыгуначны вузел, аб'екты камунальнай гаспадаркі, бальніцы, музеі, школы, магазіны і жыллёвы фонд ляжалі ў руінах. Яшчэ ў 1943 у прыфрантавой паласе ў Лёзненскім раёне былі створаны гарадскія органы ўлады. Імі распрацоўваліся першапачатковыя меры па аднаўленні прамысловасці, чыгуначнага транспарту, сувязі, камунальнай гаспадаркі, уліку і размеркаванні рабочай сілы, гандлю і грамадскага харчавання.

8 снежня 1943 г. бюро Віцебскага гаркома партыі прыняло пастанову «Аб неадкладных першапачатковых мерапрыемствах па ўзнаўленню горада Віцебска», у якой рэкамендавалася дырэктарам прадпрыемстваў пасля вызвалення горада

" ...арганізаваць улік і ахову будынкаў, маёмасці прадпрыемстваў, падрыхтоўку рабочай сілы, прыступіць да ўзнаўлення і рэканструкці прамысловых і жыллёвых будынкаў. У першую чаргу аднавіць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў (цагельныя, чарапічеыя, фанерныя і лесапільныя заводы); харчовыя прадпрыемствы (хлебазаводы, млыны) "

.

Праз 3 дні пасля вызвалення ў горадзе працавалі 2 хлебапякарні, 2 лазні, 3 магазіны, 2 сталовыя, адкрыта бальніца, парыкмахерская, пачаліся работы па аднаўленні вадаправода. За першы пасляваенны год ў горадзе былі створаны 800 аднаўленчых брыгад па 15—20 чал. Кожны працаздольны жыхар Віцебска адпрацоўваў на аднаўленчых работах не менш 24 гадзіны, і павінен быў нарыхтаваць не менш 2 м3 дроў. 13 снежня 1944 г. Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў рашэнне «Аб выніках першага масавага выхаду працоўных на работу па аднаўленню г. Віцебска», згодна з якім першы масавы выхад працоўных на гэтыя работы адбыўся ў нядзелю 10 снежня 1944 г. У работах удзельнічалі 12.058 чал. З 6 гадзін работы было разабрана, ачышчана і ўкладзена ў штабелі 44 тыс. штук цэглы, сабрана 64 т металічнага лому, ачышчана 990 м2 будаўнічых пляцовак, вынесена 22 м3 рознага смецця з пляцовак, закладзена цэглай 275 м2 аконных праёмаў, укладзена 294 м3 бутаванага каменю.

Гл.таксамаПравіць

Зноскі

  1. Шишанов В. 974, 947 или 914? // «Витебский проспект» № 45, 10 ноября 2005. С. 3.
  2. 2,0 2,1 Лявон Калядзінскі. Міхась Ткачоў. Віцебск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 448.
  3. 3,0 3,1 Лявон Калядзінскі. Міхась Ткачоў. Віцебск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 449.
  4. Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 34—39.
  5. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 126.
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 6,5 Лявон Калядзінскі. Міхась Ткачоў. Віцебск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 450.
  7. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебска: у 2-х кн. Кн. 1-я. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 74.
  8. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 132.
  9. 9,0 9,1 9,2 Віцебск // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
  10. Витебск: Энциклопедический справочник / Л. М. Агеева и др.; Белорусская Советская Энциклопедия; [Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др.]. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 406, [1] с., [14] л. ил. — С. 390. — ISBN 5-85700-004-1.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць