Карная аперацыя «Bamberg»

«Бамберг» (ням. Bamberg) — карная аперацыя нямецкіх акупацыйных улад супраць савецкіх партызанскіх атрадаў, што ўваходзілі ў г. зв «гарнізон Паўлоўскага», і грамадзянскага насельніцтва ў час Вялікай Айчыннай вайны. Праходзіла 20 сакавіка — 4 красавіка 1942 года ў Акцябрскім, Глускім, Любанскім, Капаткевіцкім, Бабруйскім раёнах Беларусі.

Перадумовы правіць

Партызанская барацьба супраць нямецкіх акупацыйных улад пачалася ў Акцябрскім раёне амаль адразу пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ужо да канца верасня 1941 года многія населеныя пункты раёна былі вызваленыя ад акупантаў. У выніку гэтага восенню 1941 года пачала фарміравацца Акцябрская партызанская зона з цэнтрам у Рудабелцы, а да канца года раён быў цалкам ачышчаны ад немцаў і іх пасобнікаў.

Зімой 1941—1942 гадоў партызаны Акцябрскай зоны і наваколля сталі праводзіць буйныя аперацыі супраць ворага: у студзені 1942 года быў знішчаны нямецкі гарнізон у райцэнтры Капаткевічы, у лютым быў вызвалены другі райцэнтр — Азарычы. У студзені гэтага ж года было створана Палескае партызанскае аб'яднанне ці г. зв. «гарнізон Паўлоўскага», што дазволіла партызанам у значнай ступені павысіць сваю баяздольнасць за кошт лепшай каардынацыі і канцэнтрацыі сіл і праводзіць больш маштабныя аперацыі. Так, у выніку працяглага і маштабнага рэйда партызанскіх атрадаў «гарнізона Паўлоўскага» ў пачатку 1942 года ад немцаў амаль цалкам былі ачышчаныя Акцябрскі, Капаткевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Жыткавіцкі раёны Палескай вобласці.

Усё гэта, вядома, не магло не непакоіць нямецкае камандаванне, якое вырашыла шляхам правядзення буйной карнай аперацыі ліквідаваць партызан і партызанскую зону, а таксама папоўніць прыпасы. Асноўнай жа мэтай як гэтай, так і больш маштабнай аперацыі «Мюнхен», якая праводзілася ў раёне Ельні, была абарона камунікацый, па якіх адбывалася снабжэнне нямецкіх войскаў, што змагаліся на цэнтральным участку Ўсходняга фронта.

Аперацыя «Бамберг» стала пілотным праектам наступальнай «антыпартызанскай барацьбы», якая з гэтага часу пачала шырока выкарыстоўвацца нямецкімі войскамі для падаўлення супраціўлення на акупіраванай тэрыторыі. Адметнымі рысамі як гэтай, так і наступных такіх аперацый былі поўнае блакіраванне тэрыторыі правядзення аперацыі буйнымі як армейскімі, так і паліцэйскімі сіламі, паступовае сцягванне кальца акружэння, «зачыстка» тэрыторыі ў ходзе прасоўвання да цэнтра блакіраванай зоны, і затым паўторная зачыстка пры прасоўванні ад цэнтра зоны да яе межаў.

Падрыхтоўка аперацыі правіць

Падрыхтоўка аперацыі пачалася з 26 лютага 1942 года ў генеральнай акрузе «Жытомір» дзеяннямі славацкага пехотнага палка разам з падначаленым яму 325-м нямецкім паліцэйскім батальёнам у раёне Мазыр-Жыткавічы, у ходзе якіх, магчыма, загінула больш за 1000 чалавек. З поўначы правядзенне аперацыі было даручана не 203-й ахоўнай дывізіі, адказнай за вобласць, а 707-й пяхотнай дывізіі, якая была перададзена спецыяльна з гэтай мэтай са складу генеральнай акругі Беларусь. Аператыўны план 203-й дывізіі складаўся з наступных пунктаў («задач»):

  1. знішчэнне асноўных партызанскіх «банд»,
  2. ўціхамірванне тэрыторыі,
  3. збор збожжа і быдла.

Нагледзячы на гэты падзел, які да таго ж прадугледжваў паветраныя бамбардзіроўкі чатырох вёсак, і рэкамендацыі праводзіць адрозненні паміж вінаватымі і невінаватымі, з патрабаваннем растрэлу толькі сапраўды вінаватых і чужародных для гэтай тэрыторыі элементаў, 707-я дывізія з самага пачатку планіравала не шырокае наступленне, г. зн. супраць партызан у лясных раёнах, што тлумачылася немагчымасцю прасоўвання з-за снега і ільда і пачаткам перыяду веснавога бездарожжа, а прасоўванне ўздоўж дарог і дзеянні галоўным чынам супраць вёсак у зоне аперацыі, у якіх партызаны за прайшоўшы час зарэкамендавалі сябе. Камандуючы аперацыяй фон Бехтальсхайм распарадзіўся, каб дзеянні супраць яўрэяў і «чужародных элементаў», якія паспяхова праводзіліся ў Беларусі, асабліва ў асеннія месяцы 1941 года, былі ўзятыя за прыклад. Адпаведныя бязлітасныя інструкцыі ў адносінах да мужчын, жанчын і дзяцей былі распаўсюджаныя на тэрыторыю новай аперацыі.

Усяго для правядзення аперацыі былі выдзеленыя 3 пяхотныя і 1 артылерыйскі палкі, 2 асобныя паліцэйскія батальёны, кавалерыйскі эскадрон і авіяэскадрылля 51-й бамбардзіровачнай авіяэскадры «Эдэльвейс».

Правядзенне аперацыі правіць

20 сакавіка карнікі выйшлі на зыходныя пазіцыі і пачалі суцэльнае блакіраванне Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны, з 28 сакавіка пачалі сцягваць кальцо акружэння, а 31 сакавіка пачалі канцэнтраванае наступленне-прачэсванне ў напрамку Рудабелка-Карпілаўка. З боку Глуска на паўднёвы ўсход праз Зубарэвічы ў напрамку Воземлі рухаўся 420-ы ландверны батальён, які ў вёсках Растаў, Ратміраў і на чыгуначнай станцыі Ратміравічы расстраляў і павесіў 68 жыхароў. З паўднёвага захаду, на паўночны захад ад вёсак Савічы — Колкі — Лучыцы — Кашэвічы (Капаткевіцкі раён) 102-і славацкі полк пры падтрымцы 315-га паліцэйскага батальёна, пераадольваючы супраціўленне невялікіх атрадаў партызан (баі за 2 км на поўнач ад вёскі Бубнаўка, на паўднёвы ўсход ад вёскі Парэчча, у раёне Карпілаўкі), асядлаў дарогу Кашэвічы — Глуск і чыгуначны ўчастак Кашэвічы — Рабкор; у ходзе наступлення ім было знішчана 1350 чалавек толькі ў вёсцы Хвойня. З Любані з захаду на ўсход праз Ямінск, Сялец, Загалле (Любанскі раён) і Забалацце ў напрамку Карпілаўкі рухаўся 747-ы полк 707-й дывізіі, узмоцнены 102-м кавалерыйскім эскадронам. У першы ж дзень гітлераўцы расстралялі і павесілі каля 300 чалавек, у тым ліку жанчын, дзяцей і чырвонаармейцаў, якія не выйшлі з акружэння. З боку Парыч і вёскі Палессе (Парыцкі раён) у заходнім напрамку вёў прачэсванне і карныя аперацыі 727-ы пяхотны полк, які прайшоў праз вёскі Раманішчы, Заазершчына да Воземлі (у тым ліку праз некалькі вёсак Парыцкага раёна) і расстраляў больш за 730 грамадзян.

Усяго ў ходзе аперацыі пацярпела каля 80 вёсак, значная частка з якіх была цалкам спаленая, у тым ліку разам з жыхарамі. Пераважная большасць загінуўшых былі мясцовыя сяляне і яўрэі. Адметнай рысай аперацыі была амаль поўная адсутнасць супраціўлення, так, у ходзе асноўнай фазы аперацыі страты карнікаў склалі толькі 7 загінуўшых і 8 параненых. Партызаны, колькасць якіх у гэтым раёне ацэньвалася ў 1200—2000 чалавек, пакінулі зону аперацыі, пераважна не ўступаючы ў сутыкненне з праціўнікам.

Вынікі правіць

У цэлым аперацыя, улічваючы, што яе асноўная мэта — ліквідацыя партызан і партызанскай зоны — не была дасягнутая, пацярпела поўны крах. Ўжо праз некалькі тыдняў пасля сканчэння аперацыі ў партызанскай зоне аднавілі дзейнасць савецкія органы ўлады, а ў маі 1942 года тут была сфарміравана 123-я партызанская брыгада. Тым не менш доўгатэрміновыя вынікі тэрору, што праводзіўся ў час аперацыі, да гэтага часу яўна бачныя на дэмаграфічнай карце тэрыторыі.

Вынікі тэрору ў час аперацыі па асобных населеных пунктах правіць

Акцябрскі раён (прыводзяцца дадзеныя паводле сучаснага адміністрацыйнага падзелу) правіць

  • Альбінск (66 двароў, 300 жыхароў; тут і далей у дужках прыводзіцца даваенная колькасць двароў і жыхароў) — амаль цалкам спаленая (61 двор), знішчана 137 чалавек;
  • Андрэеўка (27 двароў) — спалена 4 двары, знішчана 14 чалавек;
  • Беркаў (24 двары) — спалена 5 двароў, знішчана 25 чалавек;
  • Бубнаўка — спалена 2 двары, знішчана 33 чалавекі;
  • Буда (38 двароў) — цалкам спаленая, знішчана 19 чалавек;
  • Булкаў (21 двор, 115 жыхароў) — знішчана 88 чалавек;
  • Вежын (30 двароў, 110 жыхароў; знаходзілася за 4 км на поўдзень ад вёскі Гаць) — цалкам спаленая, знішчана 70 чалавек; пасля вайны не адрадзілася, увекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь;
  • Воземля (130 двароў, 425 жыхароў) — спалена 114 двароў, знішчаны 61 чалавек;
  • Воспін (63 двары, 324 жыхары) — спалена 12 двароў, знішчана 30 чалавек;
  • Гадуні (74 двары, 296 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 48 чалавек;
  • Гарохавішчы (120 двароў, 480 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 130 чалавек;
  • Гаць (48 двароў) — спалена 9 двароў, знішчана 9 чалавек;
  • Дзербін (75 двароў, 405 жыхароў) — спалена 47 двароў, знішчана 283 чалавекі;
  • Жукавічы (42 двары, 150 жыхароў) — спалена 15 двароў, знішчана 15 чалавек;
  • Заазершчына (21 двор, 95 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчаны 21 чалавек;
  • Заазер'е (70 двароў) — спалены 1 двор, знішчана 19 чалавек;
  • Забалацце (242 двары, 1200 жыхароў) — спалена 142 двары, знішчана 192 чалавекі;
  • Залессе — спалена 9 двароў, знішчаны 21 чалавек;
  • Зарыжжа (68 двароў, 289 жыхароў) — спалена 38 двароў, знішчана 63 чалавекі;
  • Зацішша (52 двары, 220 жыхароў) — спалена 17 двароў, знішчана 64 чалавекі;
  • Зуб-Буда (40 двароў, 96 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 16 чалавек;
  • Іванішчавічы (85 двароў) — цалкам спаленая, знішчана 83 чалавекі;
  • Істопкі (25 двароў, 110 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 17 чалавек;
  • Кавалі (134 двары, 615 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 720 чалавек (у тым ліку з суседніх вёсак);
  • Карма (49 двароў, 203 жыхары) — цалкам спаленая, знішчана 57 чалавек;
  • Карпілаўка — амаль цалкам спаленая, знішчана больш за 600 чалавек (у тым ліку 2 красавіка — 700 жыхароў Карпілаўкі, Рудабелкі і іншых вёсак, 3 красавіка — 486 жыхароў Карпілаўкі);
  • Курын (138 двароў, 700 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 506 чалавек;
  • Ламавічы (160 двароў) — спалена 42 двары, знішчана 157 чалавек;
  • Лаўстыкі (115 двароў, 496 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана больш за 800 чалавек (у тым ліку з суседніх вёсак);
  • Лескі — спалена 6 двароў, знішчана 42 чалавекі;
  • Любань (148 двароў, 582 жыхары) — спалена 5 двароў, знішчана 85 чалавек;
  • Ляскавічы (133 двары, 904 жыхары) — спалена 52 двары, знішчаны 171 чалавек;
  • Майсееўка (140 двароў, 517 жыхароў) — спалена 32 двары, знішчана 23 чалавекі;
  • Малын (27 двароў, 137 жыхароў) — спалена 12 двароў, знішчана 50 чалавек;
  • Мёдухаў (45 двароў, 174 жыхары) — цалкам спаленая, знішчана 39 чалавек;
  • Мікуль-Гарадок (75 двароў, 302 жыхары) — цалкам спаленая, знішчана 67 чалавек;
  • Мошны (50 двароў, 240 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 7 чалавек;
  • Мушычы (113 двароў, 370 жыхароў) — амаль цалкам спаленая (105 двароў), знішчана 35 чалавек;
  • Ніўнае (29 двароў, 60 жыхароў) — знішчана 10 чалавек;
  • Новая Дуброва — спалена 2 двары, знішчана 17 чалавек;
  • Новікі (30 двароў) — амаль цалкам спаленая (29 двароў), знішчана 55 чалавек;
  • Новыя Завалёны (19 двароў, 98 жыхароў) — спалена 2 двары, знішчана 6 чалавек;
  • Нястанавічы (82 двары, 309 жыхароў) — цалкам спаленая;
  • Падветка (26 двароў, 97 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 23 чалавекі;
  • Параслішча (70 двароў, 283 жыхары) — цалкам спаленая, знішчаны 21 чалавек;
  • Парэчча (176 двароў, 810 жыхароў) — спалена 13 двароў, знішчана 169 чалавек;
  • Перакалле (27 двароў, 115 жыхароў; знаходзілася за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Залессе) — цалкам спаленая, знішчана 76 чалавек; пасля вайны не адрадзілася, увекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь;
  • Подгаць (38 двароў, 142 жыхары) — цалкам спаленая, знішчана 28 чалавек;
  • Пратасы (126 двароў, 470 жыхароў) — спалена 105 двароў, знішчана 64 чалавекі;
  • Пружынішчы (123 двары, 450 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 111 чалавек;
  • Рабкор (20 двароў, 103 жыхары) — цалкам спалены, знішчана 64 чалавекі;
  • Радкоў (149 двароў, 750 жыхароў) — амаль цалкам спаленая (146 двароў), знішчана 120 чалавек;
  • Ражаноў — спалена 17 двароў, знішчаны 31 чалавек;
  • Раманішчы (83 двары, 330 жыхароў) — спалена 30 двароў, знішчаны 21 чалавек;
  • Рассвет (95 двароў, 410 жыхароў) — спалена 5 двароў, знішчана 27 чалавек;
  • Растаў (33 двары, 166 жыхароў) — спалена 9 двароў, знішчана 47 чалавек;
  • Ратміравічы (76 двароў, 250 жыхароў) — амаль цалкам спаленая (64 двары), знішчана 17 чалавек;
  • Ратміраў (20 двароў, 84 жыхары) — цалкам спалены, знішчана 4 чалавекі;
  • Рог (43 двары, 160 жыхароў) — спалена 25 двароў, знішчана 42 чалавекі;
  • Рудабелка — амаль цалкам спаленая, знішчана больш за 700 чалавек (каля 700 жыхароў Рудабелкі, Карпілаўкі і іншых вёсак расстраляна каля цяперашняй СШ № 1 гарадскога пасёлка Акцябрскі, 643 жыхары розных вёсак спаленыя жыўцом у памяшканні клуба спіртзавода);
  • Рудня (75 двароў, 361 жыхар) — цалкам спаленая, знішчана каля 800 чалавек (у тым ліку 341 жыхар Рудні); пасля вайны не адрадзілася, увекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь;
  • Рэпін (47 двароў, 168 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 17 чалавек;
  • Сапейкаў (86 двароў, 340 жыхароў) — спалена 16 двароў, знішчана 15 чалавек;
  • Сасноўка (55 двароў, 245 жыхароў) — цалкам спаленая, знішчана 9 чалавек;
  • Селішча (29 двароў, 107 жыхароў; знаходзілася за 1 км на поўдзень ад вёскі Курын) — цалкам спаленая, знішчана 95 чалавек; пасля вайны не адрадзілася, увекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь;
  • Слабодка (80 двароў, 350 жыхароў) — спалена 6 двароў, знішчана 34 чалавекі;
  • Смалоўка (39 двароў, 174 жыхары) — спалена 6 двароў, знішчана 4 чалавекі;
  • Смуга (30 двароў, 205 жыхароў; знаходзілася за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Курын) — цалкам спаленая, знішчана 175 чалавек; пасля вайны не адрадзілася, увекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь;
  • Смыковічы (56 двароў, 164 жыхары) — амаль цалкам спаленая (54 двары), знішчана 58 чалавек;
  • Старая Дуброва (85 двароў, 350 жыхароў) — спалена 24 двары, знішчана 100 чалавек;
  • Старыя Завалёны (17 двароў, 78 жыхароў) — спалена 11 двароў, знішчана 25 чалавек;
  • Харомцы (226 двароў, 1035 жыхароў) — спалена 111 двароў, знішчана 233 чалавекі;
  • Чарняўка (21 двор, 81 жыхар) — цалкам спаленая, знішчана 27 чалавек;
  • Чорныя Брады (80 двароў, 330 жыхароў) — спалена 56 двароў, знішчана 28 чалавек;
  • Чырвоная Слабада (228 двароў, 812 жыхароў) — спалена 10 двароў, знішчана 14 чалавек;
  • Шкава (180 двароў) — спалена 36 двароў, знішчана 69 чалавек;
  • Юркі (34 двары, 131 жыхар) — цалкам спаленая, знішчана 37 чалавек.

Бабруйскі раён правіць

Глускі раён правіць

Любанскі раён правіць

Петрыкаўскі раён правіць

Літаратура правіць

  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945. Энцаклапедыя. — Мн., 1990. — С. 56—57.
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — 632с.: іл. — 4000 экз. — ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Акцябрскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1997. — 478 с. ISBN 985-6302-03-X
  • Christian Gerlach. Kalkulierte Morde : die deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944 (ням.). — Hamburg : Hamburger Ed., 1999, старонкі з 884 (частковы пераклад на англійскую мову тут).