Міхаіл Забэйда-Суміцкі
Міхась Забейда-Суміцкі або Міхаіл Забэйда-Суміцкі (14 чэрвеня 1900, в. Несцеравічы, Ваўкавыскі павет — 21 снежня 1981, Прага) — беларускі спявак, педагог.
Міхаіл Забэйда-Суміцкі | |
---|---|
альтэрн.: Міхась Забэйда-Суміцкі | |
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 14 чэрвеня 1900 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 снежня 1981 (81 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | спявак |
Пеўчы голас | тэнар |
Інструменты | вакал |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьДзяцінства і юнацтва
правіцьНарадзіўся ў адной з трох вёсак — Шэйпічы, Падароск або Несцеравічы. Ахрышчаны ў царкве ў Сядзельніках[1].
Двайное прозвішча ўзяў ужо дарослым ад бацькі — Івана (Яна) Андрэевіча Забейды з Несцяровіч, і маці — Аляксандры Феліксаўны Суміцкай з Шэйпіч. Дзяцей у сям’і было сямёра, але выжыў толькі Міхась, брат Уладзімір памёр ад сухотаў у 22 гады. Калі Міхалу было паўтара года, памёр бацька.
З 8—9 гадоў Міхась пачаў наймацца на працу ў маёнтку. Скончыў Зельзінскую аднакласую школу, потым двухкласую царкоўна-прыхадскую вучылішча ў Галоўчыцах, якую скончыў у 1914 годзе.
У тым жа 1914 годзе ён паступае ў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Праз год, калі набліжаўся фронт першай сусветнай вайны, семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск, куды пераехаў таксама Міхась Забейда. Скончыў семінарыю ў 1918 годзе і паехаў працаваць у Сібір, куды эвакуіравалі маці.
Сібір, Манчжурыя
правіцьУ 1918—1920 гадах працаваў настаўнікам у сяле Усць-Калманскае каля Барнаула. Ствараў хоры і драматычныя гурткі.
У 1920 годзе ў выніку грамадзянскае вайны Забейда-Суміцкі апынуўся ў Харбіне, на станцыі Вейшахэ Кітайска-Усходняй чыгункі, потым — у Вейшахэ. У Харбіне пачаў вучыцца музыцы, настаўніцай была Ю. К. Платніцкая, былая супрацоўніца Шаляпіна, добрая артыстка і педагог. У 1929 годзе паспяхова скончыў юрыдычны факультэт Харбінскага расійскага ўніверсітэта. Аднак замест прапанаванага месца ў асістэнтуры стаў салістам Харбінскай оперы. Тым часам у яго ўжо быў досвед спявання ў дзіцячых хорах, самастойнага навучання гры на музычных інструментах (скрыпцы, гітары, мандаліне, балалайцы, губным гармоніку). Дэбютаваў у ролі Ленскага ў оперы «Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага. За тры гады ў Харбінскай оперы спеў 15 партый: Фаўста ў «Фаўсце» Ш. Гуно, Альфрэда ў «Травіяце», Герцага ў «Рыгалета», Уладзіміра ў «Князі Ігары» А. Барадзіна і іншых, — прычым нязменна спяваў на мове арыгіналу. Пры гэтым яшчэ працаваў у школе. Крытыка добра прыняла маладога спевака, ён паверыў у сябе, захацеў удасканаліць свае здольнасці і з’ехаў у Мілан.
Італія
правіцьУ 1932 годзе, атрымаўшы візу, пераехаў у Італію. Вучыўся ў маэстра Фернанда Карпі, які раней канкураваў з Каруза і іншымі славутымі спевакамі. Тут Міхась Забейда-Суміцкі ўпершыню пачуў Ф. Шаляпіна, пазнаёміўся з Леанідам Собінавым. Паспяхова выступаў у Міланскай оперы, спяваў на 16-ці мовах. Канцэртуе ў Міланскай кансерваторыі, гастралюе па Італіі, выконвае тэнаровыя партыі ў операх «Травіята», «Рыгалета», «Севільскі цырульнік» на сцэне «Ла Скала».
Польшча
правіцьУ 1935 годзе Міхал Іванавіч з-за хваробы маці пераяжджае ў Заходнюю Беларусь. Цягам 1935—1936 гадоў М. Забейда-Суміцкі выступае ў беларускіх гарадох (Ружаны, Беласток, Баранавічы, Брэст, Гродна), па ўсёй Польшчы (Варшава, Познань) і далей, шырэй — Літва, Латвія, Чэхаславакія. Яго першы канцэрт з нагоды прыезду на бацькаўшчыну адбыўся ў Ружанах, блізкіх з Шэйпічамі, роднай вёскай спевака.
На 1935—1936 гады заключыў кантракт з пазнаньскім оперным тэатрам. Пашырыў свой рэпертуар новымі операмі: «Выкраданне з Сераля» В. Моцарта, «Юлій Цэзар» Г. Ф. Гендэля, «Барыс Гадуноў» М. П. Мусаргскага і інш. Нягледзячы на высокі ўзровень выступленняў, дырэктар тэатра быў незадавалены з нацыянальнай прычыны, Міхась Забейда-Суміцкі не хацеў называць сябе вялікім польскім спеваком, называўся толькі беларускім. На яго ролі часцей сталі ставіць палякаў. На другі год спявак адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва з тэатрам і пераехаў у Варшаву.
У 1936 годзе прэзентацыі класічнага беларускага рэпертуара адбыліся ў культурнай сталіцы края — Вільні — на запрашэнне Рыгора Раманавіча Шырмы. Тут Забейда-Суміцкі пазнаёміўся з Максімам Танкам. Сумесныя канцэрты М. Забейды і хору Шырмы адбыліся: першы — у рамках вечара беларускай паэзіі і песні 15 сакавіка, другі — на свяце «Дня беларускай культуры» 13 снежня. «Віленскія гастролі» Забейды адбыліся і ў 1937 годзе.
З 1937 года працаваў салістам на Варшаўскім радыё. Займаўся актыўнай канцэртнай дзейнасцю, гастраляваў па гарадах Польшчы (у тым ліку Заходняй Беларусі), Латвіі, Эстоніі. Акрамя класічнага рэпертуара М. Забейда-Суміцкі абавязкова ўключаў у кожнае сваё выступленне народныя песні і вакальныя творы беларускіх кампазітараў. Польскае радыё не хацела прапускаць беларускія песні менавіта як беларускія, яны маглі гучаць толькі пад назвай «палескія», «рэгіянальныя», «людовыя». Цэнзураванне рэпертуара часта не пакідала ніводнай беларускай песні.
Вельмі плённым быў 1938 год, адбыліся шматлікія радыёканцэрты, гастрольныя туры (Баранавічы, Беласток, Брэст, Гродна, Вільня, Ліда, Камянец, Сасноўка). Беларуская частка канцэртаў складалася з рамансаў і песень Манюшкі, Туранкова, Чуркіна, Аладава, Галкоўскага, Грачанінава, Казуры. Радыёвыступы Забейды-Суміцкага трансляваліся ў Парыжы, Празе, Нью-Ёрку, Лондане і іншых гарадах.
Менавіта ў гэты перыяд спеваку ўдалося наладзіць у польскім аддзяленні фірмы «Odeon» запіс грампласцінак з апрацоўкамі беларускіх народных песень[2]:
- Odeon 271378: «Як памёрла матулька» / «Рабіна-рабіначка»,
- Odeon 271379: «Малады дубочак» / «Чаму ж мне не пець»,
- Odeon 271380: «Ой, рана-рана куры запелі» / «Ляціць сарока»,
- Odeon 271381: «Шчука, рыба ў моры» / «Конь бяжыць, зямля дрыжыць»,
- Odeon 271382: «Лявоніха» / «Ой, у лесе, лесе».
Аднак ужо з канца 1938 года яго нацыянальна-асветніцкая дзейнасць усё болей абмяжоўвалася польскімі ўладамі. У снежні быў забаронены канцэрт спевака ў Вільні. Выступленне ўдалося арганізаваць ва ўніверсітэцкай «Зале Снядэцкіх» толькі з дапамогай Беларускага студэнцкага саюза Універсітэту імя Стэфана Баторы ў Вільні, які скарыстаў права «экстэрытарыяльнасці» Віленскага ўніверсітэта. Напярэдадні Другой сусветнай вайны канцэртная дзейнасць Забейды-Суміцкага на тэрыторыі польскай дзяржавы спынілася.
У 1939 годзе планавалася турнэ спевака па Еўропе і Амерыцы, але перашкодзіла Другая сусветная вайна, якая пачалася бамбёжакамі у першую чаргу Варшавы. Падчас бамбардзіравання немцамі Варшавы Міхась Забейда быў кантужаны. Стрыечны брат спевака Язэп Урбановіч з адным з таварышаў прабраўся праз акружэнне і спрабаваў вывесці Забейду-Суміцкага з Варшавы, але той быў настолькі хворы, што не здолеў ісці з імі. У Варшаве Забейда пражыў да мая 1940 года.
Вясной, атрымаўшы запрашэнне ад Народнага тэатра ў Празе, пераехаў туды.
Чэхія
правіцьЗ мая 1940 года і да канца жыцця жыў у Празе. Забейду-Суміцкага запрашаюць на сталую працу ў Нацыянальны тэатр. Першы канцэрт беларускага спевака ў Празе адбыўся 12 кастрычніка 1940 года. Забейда вымушаны быў выступаць падчас акупацыі, не меў іншых сродкаў да жыцця, пазней таксама выкладаў спеў у музычнай акадэміі.
Рэпертуар М. Забейды-Суміцкага тым часам складалі творы сусветна вядомых кампазітараў (Моцарта, Бетховена, Чайкоўскага), чэшскіх (Дворжака, Сметаны), суайчыннікаў (Мікалая Аладава, Канстанціна Галкоўскага), а таксама беларускі і ўкраінскі фальклор.
Улады Германіі пасля пачатку вайны з СССР прапанавалі Забейдзе як беларусу ўзначаліць беларускія радыёперадачы з Берліну на савецкую тэрыторыю, але ён адмовіўся.
Ездзіў па акупіраваных немцамі гарадах, выступаў з песнямі. У 1942 годзе прыязджаў у Беларусь, выступаў у Мінску, Гродне, Ваўкавыску, Баранавічах, Беластоку, Дзвінску. У 1944 годзе адбыўся яго апошні падчас вайны канцэрт у Вільні ў Гарадскім тэатры.
Пасля вяртання ў Прагу быў выкліканы ў гестапа па даносе як на бальшавіцкага агента. Здароўе Забейды значна пагоршылася, быў зняволены ў Печкавым палацы — «гняздзе гестапа», Панкрацкай турме, урэшце апынуўся ў Бенешаве. Абвінавачваўся, што спяваў рускія і беларускія творы. Вызвалены ў 1945 годзе з прыходам Чырвонай арміі. НКДБ пачаў следства па сувязях з нацыстамі, абвінавачанні былі афіцыйна скасаваны ў 1950 годзе.
Пасля вайны застаецца жыць у Чэхаславакіі, выступае з канцэртамі, запісваецца ў студыях, займаецца выкладчыцкай дзейнасцю.
Апошнія гады жыцця
правіцьТолькі адзін раз, падчас хрушчоўскай адлігі ў 1963 годзе, яго запрасілі ў Савецкую Беларусь. Білеты на канцэрты Забейды практычна не прадаваліся ў касах, куратары з савецкіх спецслужб запаўнялі залы салдатамі тэрміновай службы. Аднак адбыліся канцэрты ў Мінску, Гродна, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Баранавічах, Віцебску, Магілеве, Гомелі.
У кастрычніку 1965 года Забейда ездзіў на Беласточчыну па запрашэнні Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы з канцэртамі у беларускім асяроддзі. Спявак прыехаў са сваім акампаніятарам чэхам Здэнкам Кожынам. У канцэртнай залі Варшаўскай філармоніі са спецыялістамі «Польскіх награнь» і акампанементам славутай лодзінскай капэлы мандаліністаў пад кіраўніцтвам Эдуарда Цюкшы запісвалі грампласцінку беларускіх народных песень у выкананні Забэйды па заказе ГП БГКТ.
Цяжка і доўга хварэў. У Празе яго наведвалі Максім Танк, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, А. Гарадзіцкі, Сяргей Грахоўскі. Забейда ліставаўся з Янкам Брылём, Уладзімірам Караткевічам, Нілам Гілевічам. Увесь час марыў пра Беларусь, хацеў дажыць век на радзіме, але гэта не здзейснілася.
Памёр у Празе 21 снежня 1981 года. Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках побач Пятра Крэчэўскага і Васіля Захаркі — прэзідэнтаў Беларускай Народнай Рэспублікі. На магіле помнік з надпісам на чэшскай і беларускай мовах.
Багаты архіў разам з бібліятэкай тастаментаў пакінуў Беларусі. Цяпер некалькі тысяч дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю Забэйды, захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Вялікая калекцыя грампластынак і магнітафонных запісаў з песнямі, рамансамі, арыямі ў выкананні Забэйды-Суміцкага на беларускай, рускай, чэшскай, украінскай, польскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай, фінскай і англійскай мовах захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіву кінафотафонадакументаў (БДАКФФД)[3].
Дыскаграфія
правіць- 1968 ― «Běloruské písně a romance» («Supraphon», Чэхаславакія)
Памяць
правіцьУ гонар Забэйды-Суміцкага названа вуліца ў Маладзечне[4], дзе ён скончыў настаўніцкую семінарыю.
Зноскі
- ↑ Тэнар беларускага народу. Узгадваем Міхася Забэйду-Суміцкага, які адраджаў Беларусь песняю (недаступная спасылка). naviny.belsat.eu. Праверана 14 верасня 2023.
- ↑ «Голас студэнта», Вільня, 25 чэрвеня 1937 г. (стар. 7).
- ↑ Алена Паляшчук. «…Ніколі не разлучуся з беларускай песняй» // Звязда. — 15 чэрвеня 2005. — № 109, 25441.
- ↑ «Рэгіянальная газета», 4 лютага 2000 г., № 5 (250), стар. 5
Літаратура
правіць- Сачанка Б. Спяцца сны аб Беларусі…: Літ.-крытыч. арт., інтэрв’ю. — Мн.: Маст. літ., 1990. — 332 с. ISBN 5-340-00002-6.
- Календарыюм // «Czasopis» № 12/2006
- Шырма Рыгор. З песьняй па сьвеце. Міхал Забэйда-Суміцкі // Калосьсе. 1937. № 2(11). С. 117-119. // на pawet.net