Чэмпіянат свету па футболе

спаборніцтвы міжнародных асацыяцый па футболе, у якіх удзельнічае дарослая мужчынская нацыянальная зборная

Чэмпіянат свету па футболе — міжнароднае спаборніцтва па футболе, у якім удзельнічаюць нацыянальныя зборныя каманды. Праводзіцца пад эгідай ФІФА раз у 4 гады.

Футбол
Футбол
Чэмпіянат свету па футболе


FIFA World Cup

Трафей чэмпіянату свету.
 
Арганізацыя: ФІФА
Заснаваны: 1930
Рэгіён: міжнародны
Кол-ць каманд: 204 (кваліфікацыя)
32 (асноўная стадыя)
Дзеючыя чэмпіёны: Аргенціна Аргенціна (3-і тытул)
Найбольш тытулаваная: Бразілія Бразілія (5 тытулаў)
Бягучы турнір
2022

Чэмпіянат свету па футболе з’яўляецца найпрэстыжнейшым футбольным турнірам у свеце, а таксама найпапулярнейшай спартыўнай падзеяй у свеце[1]. Сукупная аўдыторыя ўсіх матчаў чэмпіянату свету па футболе 2006 года ацэньвалася ў 26,29 мільярда чалавек, пры гэтым фінальны матч глядзелі 715,1 мільёна чалавек, што складае дзявятую частку ўсяго насельніцтва планеты[2].

Станам на 2018 год былі праведзены 22 фінальныя турніры, у якіх прынялі ўдзел 80 нацыянальных каманд. Трафей заваявалі восем нацыянальных каманд. Бразілія выйграла пяць разоў, і гэта адзіная каманда, якая гуляла ва ўсіх турнірах[3]. Іншымі пераможцамі чэмпіянату свету з’яўляюцца Германія і Італія, кожная з якіх заваявала па чатыры тытулы; Аргенціна з трыма тытуламі; Францыя і першы пераможца Уругвай з двума тытуламі кожны; і Англія і Іспанія, па адным тытуле кожная.

Апошні турнір 2022 года прымаў Катар, а наступны чэмпіянат у 2026 годзе будуць сумесна прымаць Канада, ЗША і Мексіка, што дасць Мексіцы гонар стаць першай краінай, якая прыняла гульні трох чэмпіянатаў свету[4].

Акрамя мужчынскага, разыгрываецца таксама чэмпіянат свету па футболе сярод жанчын. Усяго на цяперашні час адбыліся 8 чэмпіянатаў, апошні чэмпіянат свету 2019 прайшоў у Францыі.

Гісторыя

правіць

Ідэя арганізацыі турніру наймацнейшых футбольных каманд свету з’явілася ў пачатку XX стагоддзя. На заснавальным кангрэсе ФІФА (21 мая 1904 года) было пастаноўлена запісаць у статут, што ФІФА валодае «эксклюзіўным правам арганізацыі міжнародных турніраў».

Аднак спроба правесці чэмпіянат з удзелам 15 еўрапейскіх краін не ўдалася, бо не знайшлося ахвотных удзельнічаць. Пазней статус чэмпіянату свету меркавалася прысвоіць футбольнаму турніру Алімпійскіх гульняў 1916 у Берліне, якія не адбыліся з-за вайны. Нарэшце, на кангрэсе ФІФА ў Амстэрдаме (29 мая 1928 года) было пастаноўлена правесці першы сусветны прафесійны футбольны турнір у 1930 годзе, ва Уругваі. Гэты турнір і стаў I чэмпіянатам свету па футболе.

Першыя тры турніры называліся «Чэмпіянат свету — Кубак свету». На кангрэсе ФІФА ў Люксембургу (1946) было пастаноўлена называць турнір «Чэмпіянат свету — Кубак Жуля Рымэ», такім чынам было ўшанавана імя тагачаснага прэзідэнта ФІФА, аднаго з галоўных стваральнікаў турніру. На кангрэсе ФІФА ў Афінах (1971) турнір атрымаў сваю сучасную назву «Чэмпіянат свету — Кубак свету ФІФА».

На чэмпіянатах 1930—1978 да ўдзелу ў фінальнай стадыі турніру дапускаліся 16 каманд. У турнірах 1982, 1986, 1990 і 1994 удзельнічалі па 24 каманды. З 1998 у фінальных частках удзельнічаюць 32 каманды.

Першыя міжнародныя спаборніцтвы

правіць

Чэмпіянат свету — не самае першае футбольнае спаборніцтва ў сусветнай футбольнай гісторыі. Аматарскі футбол стаў часткай праграмы Алімпійскіх гульняў з 1908 года.

У 1909 годзе ў Турыне сэр Томас Ліптан арганізаваў турнір, які пазней звалі «Самы першы чэмпіянат свету». Італьянцы, немцы і швейцарцы даслалі на гэты турнір найбольш прафесійныя клубы, аднак Англійская федэрацыя футбола ў адказ на прапанову зрабіць тое ж самае адказала адмовай. Разумеючы, што без удзелу родапачынальнікаў футбола брытанцаў турнір не можа лічыцца сур’ёзным, Ліптан запрасіў для ўдзелу ў турніры аматарскі футбольны клуб з паўночнага ўсходу Англіі пад назвай «Уэст Окленд» (West Auckland FC). Вялікую частку гэтай каманды складалі працоўныя вугальных шахтаў, аднак «Уэст Окленд» выйграў турнір з удзелам прафесіяналаў з кантынента. У 1911 годзе англічане вярнуліся ў Італію абараняць тытул, заваяваны дзвюма гадамі раней, і ізноў выйгралі турнір, перамогшы ў фінале «Ювентус» з разгромным лікам 6:1.

Футбольны турнір на Алімпійскіх гульнях, на якіх маглі ўдзельнічаць футбалісты розных краін, быў адзіным афіцыйным спаборніцтвам. У 1924 і 1928 гадах абодва разы выйграла каманда Уругвая. Шырокае развіццё прафесійнага спорту і імклівае нарастанне разрыву паміж узроўнем гульні «профі» і аматараў прымусіла ФІФА прыступіць да арганізацыі чэмпіянату свету.

На кангрэсе ФІФА 1926 года Анры Дэланэ заявіў: «Сёння ўжо немагчыма трымаць футбол за сценамі Алімпійскіх гульняў». Тады ж выканкам ФІФА ўтварыў камісію і даручыў ёй вывучыць магчымасць арганізацыі Кубка свету. Канчатковае рашэнне аб сусветным чэмпіянаце прыняў кангрэс ФІФА ў Амстэрдаме 29 мая 1928 года. «За» выказалася 25 дэлегатаў, 5 — «супраць».

Першы чэмпіянат

правіць

Дзякуючы перамогам на двух папярэдніх чэмпіянатах Алімпійскіх гульнях Уругвай стаў месцам правядзення першага афіцыйнага чэмпіянату свету пад эгідай ФІФА[5]. Спачатку прэтэндэнтаў на правядзенне першага чэмпіянату свету было пяць — Італія, Іспанія, Швецыя, Нідэрланды і Уругвай. У выніку, большасць прагаласавала за Уругвай. Федэрацыя Уругвая дала цвёрдае абяцанне выканаць усе фінансавыя ўмовы ФІФА.

 
«Сентэнарыа» — першы стадыён, на якім праходзіў фінал чэмпіянату свету

Аднак выбар Уругвая згуляў з арганізатарамі злы жарт: вандраванне ў Уругвай з Еўропы атрымлівалася доўгім і дарагім, і ўсяго за 2 месяцы да пачатку турніру ні адна еўрапейская федэрацыя не планавала пасылаць сваю каманду на чэмпіянат. У выніку, грандыёзнымі высілкамі атрымалася схіліць да ўдзелу ў турніры 4 еўрапейскія каманды: зборныя Францыі, Бельгіі, Румыніі і Югаславіі. У агульнай колькасці, у турніры прыняло ўдзел усяго 13 камандаў — сем з Паўднёвай Амерыкі, 4 з Еўропы і 2 з Паўночнай Амерыкі. Гэты самы маленькі лік удзельнікаў чэмпіянату свету ў яго гісторыі (гэтулькі жа было ў фінальным турніры чэмпіянату свету 1950 года), і адзіны раз у гісторыі розыгрышаў, калі не паўстала неабходнасці ў адборачным турніры.

13 камандаў былі падзеленыя на чатыры групы. Пераможцы груп выходзілі ў паўфінал. Новы стадыён «Сентэнарыа» быў пушчаны ў эксплуатацыю толькі на шосты дзень турніру. Да гэтага на матчах збіралася часам па 800—1000 гледачоў.

Першыя матчы ў гісторыі чэмпіянатаў свету былі адначасова выйграныя Францыяй і ЗША, якія перамаглі Мексіку з лікам 4:1 і Бельгію 3:0 адпаведна. Першы гол у гісторыі чэмпіянатаў свету быў забіты французам Люсьенам Ларанам, першы хет-трык зрабіў Берт Патэна з зборнай ЗША ў матчы супраць Парагвая (ЗША атрымалі перамогу з лікам 3:0).

У фінале турніру, як і вынікала чакаць (паколькі самыя моцныя еўрапейскія зборныя ў турніры не ўдзельнічалі), сустрэліся дзве паўднёваамерыканскія каманды — у прысутнасці 93 тысяч гледачоў на стадыёне «Сентэнарыа» ў Мантэвідэа зборная Уругвая стала першым чэмпіёнам свету, абгуляўшы Аргенціны з лікам 4:2[6].

Алімпійскія гульні 1932 года праводзіліся ў Лос-Анджэлесе, ЗША, дзе папулярнасць амерыканскага футбола значна пераўзыходзіла (і дагэтуль пераўзыходзіць) еўрапейскі, вядомы ў Паўночнай Амерыцы пад назвай сокер. Адсутнасць цікавасці да еўрапейскага футбола з боку амерыканцаў, а таксама рознагалоссі паміж МАК і ФІФА ў пытаннях азначэння статусу гульцоў-прафесіяналаў, прывялі да таго, што футбол быў выключаны з праграмы Алімпійскіх гульняў 1932 года.

Развіццё

правіць

Галоўнымі праблемамі, з якімі сутыкаліся арганізатары пры правядзенні першых чэмпіянатаў свету, былі высокі кошт праезду да месца правядзення фінальнага турніру для каманд з іншых кантынентаў, і вайна: чэмпіянаты свету 1942 і 1946 гадоў былі адмененыя з-за Другой сусветнай вайны.

Родапачынальнікі футбола з Брытанскіх астравоў ігнаравалі першыя 3 чэмпіянаты свету. Упершыню брытанцы прынялі ўдзел у чэмпіянаце свету толькі ў 1950 годзе, пасля дасягнення дамовы з ФІФА аб сваім адмысловым статусе.

У фінальных турнірах чэмпіянатаў з 1934 па 1978 гады прымалі ўдзел 16 камандаў (акрамя рэдкіх выпадкаў, калі нейкія каманды адмаўляліся ад удзелу ў турніры ўжо пасля заканчэння кваліфікацыі). Большасць удзельнікаў пападала ў фінал з Еўропы і Паўднёвай Амерыкі, з невялікім дадаткам лепшых камандаў Афрыкі, Азіі і Акіяніі. Звычайна гэтыя каманды станавіліся пастаўшчыкамі ачкоў для еўрапейцаў і паўднёваамерыканцаў, хоць былі і выключэнні — напрыклад, каманда КНДР у 1966 года, якая выйшла ў чвэрцьфінал.

У 1982 годзе склад удзельнікаў фінальнага турніру быў пашыраны да 24 камандаў, а ў 1998 — да 32. Дадатковыя месцы ў асноўным аддаваліся прадстаўнікам Афрыкі, Азіі і Паўночнай Амерыкі. На апошніх турнірах каманды з гэтых рэгіёнаў, якія раней лічыліся нефутбольнымі, сталі выступаць усё больш і больш паспяхова, напрыклад Камерун у 1990 годзе, Паўднёвая Карэя, Сенегал і ЗША на чэмпіянаце ў 2002 годзе. Чэмпіянаты свету сталі сапраўды змаганнем камандаў са ўсяго свету — 197 каманд прымалі ўдзел у адборачных спаборніцтвах да чэмпіянату свету 2006 года, 204 прынялі ўдзел у чэмпіянату свету 2010 і спіс фаварытаў чэмпіянату не абмяжоўваецца больш камандамі толькі з Еўропы і Паўднёвай Амерыкі.

Формула правядзення

правіць

Адборачны турнір

правіць

Адборачныя, або кваліфікацыйныя, спаборніцтвы праводзяцца для таго, каб паменшыць колькасць удзельнікаў і адабраць самых моцных для ўдзелу ў фінальным турніры. Адзіны ЧС, перад якім не праводзілася кваліфікацыйных спаборніцтваў — самы першы чэмпіянат 1930 года.

Адборачныя спаборніцтвы праводзяцца па занальным прынцыпе ў адпаведнасці з рэгіёнамі ФІФА: Афрыка, Азія, Паўднёвая Амерыка, Акіянія, Еўропа і Паўночная Амерыка); арганізацыяй адборачных турніраў займаюцца рэгіянальныя федэрацыі (у Еўропе, напрыклад, УЕФА) у адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі ФІФА. Перад чарговым турнірам ФІФА вызначае лік месцаў у фінальным турніры, якія атрымлівае кожны рэгіён; асноўным крытэрам з’яўляецца «моц» футбола ў рэгіёне, але таксама ўлічваецца той факт, што дадатковыя месцы ў фінале чэмпіянату стымулююць развіццё футбола ў рэгіёне, і, вядома, мае месца лабіяванне сваіх інтарэсаў рэгіянальнымі канфедэрацыямі.

Пачынаючы з 1938 года, краіна-арганізатар турніру аўтаматычна атрымлівае месца ў фінале. Больш таго, да 2002 года пераможца папярэдняга чэмпіянату свету таксама атрымліваў месца ў фінале без папярэдняга адбору. Падчас азначэння рэгламенту ЧС-2006, аднак, гэта правіла было адменена, і чэмпіён свету 2002 года Бразілія ўдзельнічала ў адборачным турніры на агульных падставах.

У нашы дні адборачны турнір стартуе амаль за тры гады да фінальнага і працягваецца больш за два гады. Фармат адборачных спаборніцтваў моцна адрозніваецца паміж рэгіёнамі, а таксама змяняецца ад турніру да турніру. Як правіла, акрамя спаборніцтваў усярэдзіне рэгіёнаў праводзіцца некалькі дадатковых міжкантынентальных стыкавых матчаў, пераможцы якіх выходзяць у фінал. Напрыклад, пераможца адборачнай зоны Акіяніі адстойваў сваё права ўдзелу ў фінальным турніры ЧС-2006 у двух матчах з камандай, якая заняла пятае месца ў турніры краін Паўднёвай Амерыкі.

Фінальны турнір

правіць

Формула, якая выкарыстоўваецца для правядзення чэмпіянатаў свету з ЧС-1998, прадугледжвае 32 удзельнікі фінальнага турніру. Фінальны турнір праходзіць у загадзя абранай краіне на працягу месяца і складаецца з 2 стадый — групавога турніру і гульняў па кубкавай сістэме на выбыванне.

На стадыі групавога турніру каманды дзеляцца на 8 груп па 4 каманды. Склад груп вызначаецца лёсаваннем, падчас якой 8 каманд («сеяныя») становяцца першым нумарам у групе, а астатнія 24 каманды падзяляюцца на 3 кошыкі ў адпаведнасці з геаграфіяй і рэйтынгам зборных-удзельніц. З кожнага кошыка ў кожную групу пападае ў выніку адна каманда, аднак ёсць дадатковыя правілы, якія ўскладняюць працэдуру лёсавання: напрыклад, у адной групе не можа быць больш двух еўрапейскіх камандаў, або больш адной каманды з любога іншага рэгіёна.

У кожнай групе каманды праводзяць аднакругавы турнір з 3 тураў. Матчы апошняга тура, каб выключыць магчымасць змовы, праводзяцца ў адзін дзень у адзін час. За перамогу ў матчы каманда атрымлівае 3 ачкі, за нічыю — адно. З кожнай групы ў другі раўнд выходзяць каманды, якія занялі першыя два месцы — усяго 16 удзельнікаў чэмпіянату.

У другім раўндзе каманды гуляюць матчы на выбыванне — які прайграў сканчае свой удзел у турніры. У выпадку, калі лік пасля 90 хвілін гульні застаецца нічыйным, гуляе дадатковы час і ў выпадку неабходнасці праводзіцца серыя пенальці. У 1/8 фіналу пераможца кожнай з груп першага раўнда гуляе з другой камандай з іншай групы, далей пераможцы выходзяць у 1/4 фіналу, паўфінал і фінал. Пераможцы фіналу становяцца чэмпіёнамі свету. Каманды, якія прайгралі ў паўфіналах, разгульваюць трэцяе месца ў матчы паміж сабой.

Пераможцы

правіць
Год Месца правядзення Пераможца Лік Другое месца
1930   Уругвай Уругвай 4:2 Аргенціна
1934   Італія Італія 2:1
(дадатковы час)
Чэхаславакія
1938   Францыя Італія 4:2 Венгрыя
1950   Бразілія Уругвай фіналу не было Бразілія
1954   Швейцарыя Германія 3:2 Венгрыя
1958   Швецыя Бразілія 5:2 Швецыя
1962   Чылі Бразілія 3:1 Чэхаславакія
1966   Англія Англія 4:2
(дадатковы час)
Германія
1970   Мексіка Бразілія 4:1 Італія
1974   Германія Германія 2:1 Нідэрланды
1978   Аргенціна Аргенціна 3:1 Нідэрланды
1982   Іспанія Італія 3:1 Германія
1986   Мексіка Аргенціна 3:2 Германія
1990   Італія Германія 1:0 Аргенціна
1994   ЗША Бразілія 0:0
3:2 (пенальці)
Італія
1998   Францыя Францыя 3:0 Бразілія
2002   Рэспубліка Карэя
  Японія
Бразілія 2:0 Германія
2006   Германія Італія 1:1
5:3 (пенальці)
Францыя
2010   Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка Іспанія 1:0
(дадатковы час)
Нідэрланды
2014   Бразілія Германія 1:0
(дадатковы час)
Аргенціна
2018   Расія Францыя 4:2 Харватыя
2022   Катар Аргенціна 3:3
4:2 (пенальці)
Францыя
2026   ЗША   Канада   Мексіка
2030   Іспанія   Партугалія   Марока

Зноскі

  1. 2006 FIFA World Cup™ broadcast wider, longer and farther than ever before(недаступная спасылка). fifa.com. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2012. Праверана 7 мая 2022.
  2. The Economics of Football. books.google.by. Праверана 7 мая 2022.
  3. Conheça o Passado para Entender o Futuro. casasdeapostas365.com. Праверана 7 мая 2022.
  4. World Cup 2026: United States, Canada and Mexico Win Bid to Be Host. nytimes.com. Праверана 7 мая 2022.
  5. Уругвай 1930 — Афіцыйны сайт Чэмпіянату свету ФІФА
  6. Вытокі Чэмпіянату свету ФІФА Прэс-рэліз ФІФА.

Спасылкі

правіць