Шацк (Пухавіцкі раён)
Шацк[1] (трансліт.: Šack, руск.: Шацк) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Шаць. Адміністрацыйны цэнтр Шацкага сельсавета.
Аграгарадок
Шацк
| ||||||||||||||||||||||||||
Шацк на Вікісховішчы
|
Месціцца за 32 км на паўднёвы захад ад Мар’інай Горкі, за 68 км ад Мінска, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск; каля аўтамабільнай дарогі Пухавічы — Узда — Негарэлае.
Назва правіць
Назва Шацк (таксама Шацк Белы[2]) пайшла ад ракі Шаць (Шача), якая мае балцкае паходжанне.
У назве Шаць корань Šat- звязаны з літоўскім šatra(s) «дубец, галінка, доўгая тонкая жэрдзь», šatrus «шпаркі, увішны, гарэзлівы», *šatas «гарэза» (> šatija «банда»), šėtoti «бушаваць, ятрыцца».
Значэнне назвы можна перадаць як «Звілістая (рака)». Гідранімічныя аналагі — літоўскія рачныя назвы Šata (Šatė), Šačia, Šat-upis, таксама Šėta, Šatrija[3]. Адпаведнікі на ўсходзе старабалцкай тэрыторыі — балцкія рачныя назвы Шат, Шача (адпаведна, у Тульскай і Разанскай абласцях цяперашняй Расіі, у басейне Волгі).
Паводле іншай версіі, значэнне такіх назваў трэба шукаць у словах кшталту шацунак (украса) і шата (адзенне, плашч)[4].
Гісторыя правіць
Вялікае Княства Літоўскае правіць
У першай палове XV стагоддзя Шацк быў у валоданні Судзівоя Валімонтавіча, а пазней яго сына Станькі[5]. Вялікі князь Аляксандр 10 лістапада 1492 года перадаў Шацк разам з Нясвіжам троцкаму ваяводзе Пятру «Беламу» Мантыгердавічу. У 1523 годзе Шацк упамінаецца як сяло, цэнтр воласці, уласнасць старосты генеральнага жамойцкага Яна Радзівіла.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Шацк увайшоў у склад Менскага павета Менскага ваяводства. У XVI стагоддзі тут збудавалі кальвінскі збор паводле фундацыі віленскага харунжага М. Краштоўскага.
У 1582 годзе Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка прадаў Шацк. Пасля шэрагу ўладальнікаў у 1732 годзе Шацк куплены Гервацыем Аскеркам. 9 траўня 1750 года нададзены статус мястэчка.
Пад уладай Расійскай імперыі правіць
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Шацк стаў цэнтрам воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні.
У 1800 годзе была Ільінская царква, цагляны і чарапічны заводы, карчма, млын, вінакурня, сукнавальня. У 16 лістапада 1863 года адкрыта земская школа. 10 сакавіка 1881 года на базе земскай школы адкрываецца 2-класнае народнае вучылішча. У 1882 годзе закладзены вінакурны завод. У 1886 годзе ёсць народнае вучылішча, царква, валасное праўленне, вадзяны млын, бальніца, 5 крамаў, яўрэйская школа.
У 1879 годзе ад Ігнація Аскеркі маёнтак Шацк перайшоў да Гамуліцкіх, потым да Пуцятаў. З 1888 года адбываліся штотыднёвыя таржкі, штогадовы кірмаш. У 1892 годзе ў школе 66 хлопчыкаў, 10 дзяўчынак. У 1897 годзе ў мястэчку 130 двароў, царква, 2 сінагогі, народнае вучылішча, паштовае аддзяленне, 4 піцейныя дамы, 15 лавак; у маёнтку вінны завод. Побач быў маёнтак Стары Шацк.
Найноўшы час правіць
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1921 годзе адкрыта няпоўная сярэдняя школа, у якой у 1922 годзе было 5 настаўнікаў. З 17 ліпеня 1924 года да 4 жніўня 1927 года цэнтр Шацкага раёна Менскай акругі. З 4 жніўня 1927 года да 6 ліпеня 1935 года ў Пухавіцкім раёне Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), у 1935—1938 гадах у Смілавіцкім і Рудзенскім раёнах, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У 1935 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. Нямецкія войскі зайшлі ў Шацк 30 чэрвеня 1941 года. Адразу была расстраляная першая група жыхароў. Нямецкая адміністрацыя арганізавала яўрэйскае гета. Самая масавая акцыя па знішчэнні яўрэяў праведзена ў кастрычніку 1941 года. Ахвяры гэтых карных акцый пахаваны ў трох ямах на ўзлеску гаю з правага боку дарогі з Шацка ў бок вёскі Задашчэнне[6]. За час акупацыі ў Шацку было забіта больш за 800 чалавек.
З 20 студзеня 1960 года ва Уздзенскім, з красавіка 1960 года ў Пухавіцкім раёне. 24 лістапада 1966 года вёскі Міхалевічы, Стары Шацк і Сярэдзіна далучаны да Шацка. Міхалевічы ў пачатку XX стагоддзя налічвалі 59 двароў, 405 жыхароў, Стары Шацк у пачатку XX стагоддзя — маёнтак, 4 двары, 28 жыхароў, Сярэдзіна ў пачатку XX стагоддзя — 41 двор, 282 жыхары.
- Шацк на старых фотаздымках
-
Палац Аскеркаў, 1927 год
-
Ільінская царква, 1927 год
-
Школа, 1927 год
-
Бровар, 1927 год
-
Рака Шача з боку вёскі Сярэдзіны, 1927 год
-
Вуліца ў Шацку, 1920 год
-
Пажарная вежа, 1928
-
Рынак, 1928
Насельніцтва правіць
Інфраструктура правіць
Дзейнічае Шацкая сярэдняя школа. Ёсць Шацкая ўчастковая бальніца, якая была збудавана ў студзені 1953 года[7].
У Шацку ёсць прыход праваслаўнай царквы Святога прарока Ільі і дом малітвы Евангельскіх хрысціян[8].
Дэмаграфія правіць
- 1800 год — 142 жыхары, 29 двароў
- 1886 год — 184 жыхары, 27 двароў
- 1897 год — 974 жыхары, 130 двароў; маёнтак Шацк — 63 жыхары; маёнтак Стары Шацк — 22 жыхары, 2 двары
- 1908 год — 2476 жыхароў, у тым ліку ў мястэчку 2350 жыхароў, 240 двароў; маёнткі Шацк і Стары Шацк — 126 жыхароў
- 1917 год — 1259 жыхароў, у тым ліку ў мястэчку 1121 жыхар, 166 двароў; маёнткі Шацк і Стары Шацк — 138 жыхароў
- 1939 год — 3120 жыхароў[9]
- 1960 год — 210 жыхароў
- 1999 год — 819 жыхароў
- 2002 год — 732 жыхары, 324 гаспадаркі
- 2003 год — 773 жыхароў
- 2009 год — 669 жыхароў[10]
- 2012 год — 697 жыхароў, 285 гаспадарак
Славутасці правіць
- Парк пры колішняй сядзібе Аскерак (XIX ст.)
- Курганны могільнік (мясцовая назва Французская магіла)
- Помнікі: землякам, загінулым у гады Другой сусветнай вайны; настаўнікам Шацка, загінулым у гады Другой сусветнай вайны (устаноўлены мясцовым жыхаром Міхалам Тарасевічам у 1994 годзе); помнік на месцы яўрэйскага гета
Страчаная спадчына правіць
- Царква Святога прарока Ільі (XIX ст.)
- Сінагога
- Сядзіба Аскеркаў (XIX ст.)
- Помнік загінулым яўрэям. Быў адкрыты 5 ліпеня 1964 года на месцы збору яўрэяў у цэнтры Шацка. Ініцыятарам яго стварэння быў мясцовы жыхар Абрам Іцкавіч Левін. Грошы збіралі яўрэі Шацка і выхадцы з Шацка ў іншых гарадах. Праз некалькі гадоў гэты помнік прыбралі.
Вядомыя асобы правіць
- Абрахам Мошэ Бернштэйн (1866—1932) — кантар і кампазітар.
- Таісія Іванаўна Доўнар (нар. 1944) — беларуская юрыстка, прафесар БДУ.
- Уладзімір Мікалаевіч Кісялёў (1931—2021) — беларускі краязнавец.
- Наталля Анатольеўна Клімовіч (нар. 1963) — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V і VI скліканняў.
- Іван Сцяпанавіч Лупіновіч (1900—1968) — беларускі вучоны, заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства, доктар сельскагаспадарчых навук.
- Аляксандр Андрэевіч Мікульчык (1882 — пасля 1918) — беларускі паэт, аўтар «Беларускай марсельезы».
- Ганна Піліпаўна Назарава (1921—2000) — Герой Сацыялістычнай Працы.
Крыніцы правіць
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ша́цак
- ↑ SgKP 1890, s. 755.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 326—327.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 407—408.
- ↑ Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
- ↑ Пройти дорогами памяти. // Пухавіцкія навіны, 8 мая 2018. (руск.)
- ↑ Марьиногорская центральная районная больница. О больнице. (руск.)
- ↑ История Пуховичского благочиния. // Белорусская православная церковь. (руск.)
- ↑ Место расстрела евреев местечка Шацк
- ↑ Насельніцтва Мінскай вобласці па выніках перапісу 2009 года Архівавана 29 чэрвеня 2015..
Літаратура правіць
- Азбукін М. В. Мястэчка Шацак Менскай акругі // Наш край. 1927. № 1 (16). — С. 44-50.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Вайцэховіч Н. Шацак: Краязнаўчыя нарысы. — Мінск: Пэйта, 1999. (З серыі «Ведаць свой край Беларусь»). ISBN 985-6024-20-X
- Вайцэховіч Н. Мае землякі. — 2005. ISBN 985-6718-37-6
- Вайцэховіч Н. Гісторыя побач: краязнаўчыя вандроўкі: [пра вёску Шацк Пухавіцкага раёна] / Наталля Вайцэховіч. ― Мінск, 2007. (1Н//41496(039))
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 196—197. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
- Szack // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. — S. 755—758.
Спасылкі правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шацк (Пухавіцкі раён)