Крывічы (Мядзельскі раён)
Крывічы́[2] (трансліт.: Kryvičy, руск.: Кривичи) — гарадскі пасёлак у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Сэрвач. Уваходзіць у склад Крывіцкага сельсавета. Размешчаны за 39 км ад Мядзела, 139 км ад Мінска, 3 км ад чыгуначнай станцыі Крывічы на лініі Маладзечна — Полацк. Насельніцтва 1 219 чал. (2017)[3].
Гарадскі пасёлак
Крывічы
| ||||||||||||||||||||||||||
ГісторыяПравіць
Селішча на месцы Крывічаў існавала з XII ст., верагодна, як калонія крывічоў сярод літоўцаў.
Вялікае Княства ЛітоўскаеПравіць
Першы пісьмовы ўпамін пра Крывічы як шляхецкую ўласнасць змяшчаецца ў актах Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1493 годам.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Крывічы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Каля 1640 года ў Крывічах збудавалі царкву Святой Тройцы. У 1659 годзе ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай царкву разрабавалі маскоўскія войскі. У 1684 годзе з згоды караля і вялікага князя Яна Сабескага маёнтак перайшоў да нашчадкаў роду Кішкаў на задавальненне крэдытораў у сувязі з смерцю Януша Кішкі — апошняга з роду. Пазней часткі маёнтку належалі Укольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. Гэта быў першы выпадак эксдывізіі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
У 1770 годзе ўладальнік Крывічоў Андрэй Укольскі — цівун і падкаморы троцкі — дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў уклад кляштару на землі ў наваколлі. 23 снежня 1776 года ў адпаведнасці з прывілеем караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Крывічы атрымалі статус мястэчка. У 1777 годзе тут збудавалі мураваны касцёл.
Пад уладай Расійскай імперыіПравіць
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай ў 1793 годзе Крывічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце Віленскай губерні. Па здушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) расійскія ўлады ў 1832 годзе гвалтоўна ліквідавалі кляштар трынітарыяў. На 1860 год у мястэчку было 55 двароў.
У сярэдзіне XIX ст. Крывічы знаходзіліся ў валоданні Швыкоўскіх, маёнтак налічваў 37 двароў і 642 дзесяціны зямлі. На 1866 год, паводле звестак Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх, у мястэчку было 40 дамоў. У 1884 годзе ў Крывічах заснавалі вінакурню. На 1886 год у мястэчку існавалі валасная ўправа, царква, капліца, касцёл, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя двары, карчма, школа, народнае вучылішча (у 1896/1897 навучальным годзе навучалася 46 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі); двойчы на год праводзіліся кірмашы (на Сёмуху і 6 жніўня).
На 1904 год існавалі мястэчка Крывічы і аднайменны маёнтак, уладанне Госкай, працявала лячэбніца. У Першую сусветную вайну ў мястэчку размяшчаліся армейскія склады для групы расійскіх войскаў пад камандаю генерала Балуева, якая ўдзельнічала ў Нарачанскай аперацыі 1916 годзе. У лютым 1918 года Крывічы занялі войскі кайзераўскай Германіі.
Найноўшы часПравіць
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крывічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасці з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[4].
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Крывічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (92 двары), фальварак (2 двары), асада (2 двары) і станцыя. У мястэчку дзейнічаў касцёл, працавалі ўправа гміны, паліцэйскі пастарунак, 4 млыны, бальніца, пошта і аптэка; штосераду праводзіліся таргі. У чэрвені 1923 годзе група партызанаў у складзе 29 чалавек учыніла ўзброены налёт на паліцэйскі гарнізон. 18 мая 1924 года аддзел у складзе каля 40 чалавек пад камандаю Ваўпшасава раграміў памяшканне пастарунка.
У 1939 годзе Крывічы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 студзеня 1940 годзе сталі цэнтрам раёна і сельсавета Вілейскай (з 20 верасня 1944 годзе — Маладзечанскай) вобласці. У Другую сусветную вайну 28 красавіка 1942 года нацысты спалілі 470 жыхароў мястэчка, яшчэ 130 расстралялі 13 верасня 1942 года. Агулам за гады акупацыі войскамі Германіі ў Крывічах і раёне загінулі 2189 чалавек. У снежні 1948 годзе савецкая ўлада стварыла ў Крывічах калгас імя Жданава. У кастрычніку 1948 года ў мястэчку збудавалі электрастанцыю. 28 чэрвеня 1958 года Крывічы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу і сталі цэнтрам Крывіцкага гарадскога пасялковага савета. З 20 студзеня 1960 годзе Крывічы знаходзяцца ў складзе Мінскай вобласці, з 25 снежня 1962 годзе — у Мядзельскім раёне. На 1 студзеня 1997 года ў Крывічах было 612 двароў.
НасельніцтваПравіць

- XIX стагоддзе: 1860 — 485 чал.; 1866 — 200 чал.[5]; 1883 — 625 чал.; 1897 — 519 чал.
- XX стагоддзе: 1904 — 711 чал. у мястэчку Крывічах і 30 чал. у маёнтку Крывічах; 1921 — 623 чал. у мястэчку Крывічах, 13 чал. у фальварку Крывічах, 19 чал. у асадзе Крывічах і 151 чал. на станцыі Крывічах; 1997 — 1 932 чал.
- XXI стагоддзе: 2009 — 1 298 чал.[6]; 2015 — 1 208 чал.[7]; 2016 — 1 232 чал.[8]; 2017 — 1 219 чал.[3]
ЭканомікаПравіць
Працуюць лясніцтва, прадпрыемствы харчовай прамысловасці, філіял Мядзельскага камбіната кааператыўных прадпрыемстваў (хлебазавод), завод вырабаў з металу, участак электрасеткі, вытворчы ўчастак Нарачанскага масласырзаводу, участак жылкамгасу, філіял Нарачанскага вытворчага аб’яднання водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, жывёлагадоўчая ферма.
ІнфраструктураПравіць
На 1997 год у Крывічах існавалі дом побыту, сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат, дзіцячы садок, дом культуры, 2 бібліятэкі, музычная школа, бальніца, аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі, аптэка, паліклініка, пошта, банк, гандлёвы цэнтр, 5 крамаў, 2 прыватныя крамы.
СлавутасціПравіць
- Троіцкая царква (ХІХ стагоддзе) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000435
- Комплекс былога кляштара трынітарыяў: касцёл Андрэя, кляштарны корпус (1776), вул. 17 Верасня — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000436
- Брацкая магiла савецкіх воінаў і партызан (1943—1944), вул. 17 Верасня — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Д000437
- Сядзіба Швыйкоўскіх (XVIII—XIX)
- Будынак школы (1935)
- Дом дырэктара (1935)
- Яўрэйскія могілкі
- Польскія вайсковыя моглікі
- Капліца на могілках на паўднёвай ускраіне пасёлка
- Капліца на могілках
- Капліца-надмагілле на могілках на паўднёвай ускраіне пасёлка
Вядомыя асобыПравіць
З Крывічоў паходзіць род Кішкаў, апошні з якіх — Януш Кішка, ваявода полацкі і гетман Вялікага Княства Літоўскага, жанаты з Хрысцінай Друцкай-Сакалінскай, памёр у Крывічах у 1653 годзе бяздзетным.
- Аляксандр Ходзька (1804—1891) — паэт, фалькларыст, усходазнавец
- Міхал Ходзька (1808—1879) — паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч
- Язэп Ходзька (1800—1881) — геадэзіст і тапограф
- Ян Ходзька (1777—1851) — грамадскі дзеяч, пісьменнік, тэатразнавец
- Язэп Ігнатавіч Васілевіч (1870—1934) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, педагог, археолаг, гісторык, публіцыст.
- Мечыслаў Зянонавіч Шаховіч (1933—2008) — беларускі паэт. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
- Сяргей Апанасавіч Максіменка (нар. 1954) — беларускi фiзiк.
- Андрэй Скурко — журналіст, рэдактар газеты «Наша Ніва», палітычны зняволены.
- Вольга Гронская — беларуская паэтка, перакладчыца.
ЗноскіПравіць
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ 3,0 3,1 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 806.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
ЛітаратураПравіць
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1998. ISBN 985-11-0107-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крывічы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Крывічы на OpenStreetMap
- Крывічы (Мядзельскі раён) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Крывічы (Мядзельскі раён) на сайце Radzima.org
- Крывічы // Інфармацыйна-гістарычны партал Мядзельскага раёна
- Крывічы — мястэчка майстроў Архівавана 15 кастрычніка 2014. // «Рэгіянальная газета»