Адкрыць галоўнае меню

Жыве Беларусь! — патрыятычны заклік-дэвіз, скіраваны на абуджэнне нацыянальна-грамадзянскіх пачуццяў, кансалідацыю народу Беларусі ў абарону свабоды, незалежнасці сваёй краіны, роднай мовы, усёй нацыянальнай культуры[1].

ГісторыяПравіць

Бярэ вытокі ад паўстанцкага руху 1863—1864, дзейнасці яго кіраўніка К. Каліноўскага, нелегальнага паролю віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі: «Люблю Беларусь. — Так узаемна»[1]. Канчатковую ідэйна-мастацкую лапідарную завершанасць набывае ў вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь» (19051907), вар’іруецца і замацоўваецца ў паэтычных і публіцыстычных творах многіх іншых пісьменнікаў-нашаніўцаў, ідэолагаў нацыянальнага руху[1]. У 1912 годзе апублікаваны верш Хведара Чарнышэвіча «Жыве Беларусь!».

У рэдакцыйнай нататцы «Нашай Нівы» (1911, № 9—10) зазначалася:

  Расце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць свае нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песнях народных песняроў грымне, што «жыве Беларусь!»  
 
Паштоўка «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка. Гербы Беларускіх ваяводзтваў» 1918—1920

Гэты ж заклік-дэвіз у мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь!» — прагучаў на Усебеларускім з'ездзе 1917, атрымаў пашырэнне ў грамадска-палітычным жыцці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у БССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[1][2].

Менавіта «Жыве Беларусь!» упершыню загучала як палітычны нацыянальны заклік у 1918 (выступленне А. Баліцкага ў Кіеўскім універсітэце, што А. Баліцкаму ставіў у віну С. Вальфсон — «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі», 1931, С. 45), кліч ужываўся на сходах студэнтаў у 1920-х у Празе, пазней на грамадскіх сходах у Парыжы, Вільні[3].

Сустракаецца ў адной з вайсковых песень віцебскіх партызанаў:

 

 «На прускага ката
За вёску і хату!» -
Кліч помсты народнай заве.
Ідуць у атаку лясныя салдаты,
Грукочуць гранаты,
Грымяць аўтаматы:
— Жыве Беларусь!
Жыве![4][5]

 

Па Другой Сусветнай вайне зрабіўся прыкметным, неад'емным элементам палітычнага і духоўнага жыцця беларускай эміграцыі. Пад назвай «Жыве Беларусь» выходзілі часопісы, а пазней так зваўся перыёдык Беларускага вызваленчага руху (19571962, АнгліяЗША), бюлетэнь БЦР (19761986, ГерманіяЗША). Спрыяла пашырэнню клічу «Жыве Беларусь!» у Заходняй Еўропе дзейнасць тэатральнае беларускае трупы з такой жа назвай. Гэтая трупа ездзіла па Германіі ў 19441948 і сотні разоў выступала як для беларусаў, гэтак і для небеларусаў. Кліч «Жыве Беларусь!» зрабіўся стандартным для беларускіх скаўтаў пры абавязковым характары афіцыйнага скаўцкага клічу «Напагатове!». Арганізацыі моладзі, студэнцкія і грамадскія суполкі выдалі дзясяткі жэтонаў, плакатаў, паштовак з надпісамі «Жыве Беларусь». Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі аздобіла летнія саколкі з надпісам «Жыве Беларусь»[3].

На Беларусі аднаўленне, грамадская легітымнасць гэтага выразу абумовілася развіццём руху Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне», іншых грамадскіх арганізацый[1].

Пад дэвізам «Жыве Беларусь!» выходзіць «Народная газета» — афіцыйнае друкаванае выданне парламента Беларусі.

Цікавыя фактыПравіць

  • У некаторых афіцыйных пратаколах Рэспублікі Беларусь заклік «Жыве Беларусь» фігуруе пад азначэннем «антыдзяржаўны лозунг»[6].

Гл. таксамаПравіць

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Аляксей Каўка. Жыве Беларусь! // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 377.
  2. Виктор Корбут. Жыве Беларусь! // «Советская Белоруссия» № 126 (22781), 11 ліпеня 2007.
  3. 3,0 3,1 Вітаўт Кіпель. Жыве Беларусь! // «Наша Ніва» № 8 (270), 22 лютага 2002.
  4. Сяржук Доўгушаў: Песьня гучыць, і яе не спыніць, яна — як сьцяг
  5. [1]
  6. Турэмны дзённік Артура Раманчука — пляменніка былога кандыдата ў прэзідэнты. Гарадзеншчына. Радыё «Свабода». — ...выкрыкваў антыдзяржаўныя лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Сыходзь!». Праверана 28 снежня 2010.