Шчара
Шча́ра (афіц. транс.: Ščara) — рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях Беларусі, левы прыток р. Нёман. Даўжыня 325 км. Вадазбор 6990 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 ‰. Агульнае падзенне ракі 77,7 м.
Шчара | |
Выток | Навагрудскае ўзвышша |
Вусце | Нёман |
Даўжыня | 325 км |
Расход вады | 31 м³/с |
Вадазбор | 9990 км² |
АгульнаеПравіць
Пачынаецца на Навагрудскім узвышшы з возера Калдычава, упадае ў раку Нёман за 2 км на паўднёвы усход ад в. Дашкаўцы Мастоўскага раёна. Суднаходная ад аграгарадку Быцень (за 155 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. Праз Выганашчанскае возера злучана Агінскім каналам з ракой Ясельдай (басейн Прыпяці).
Веснавое разводдзе пачынаецца ў пачатку сакавіка і доўжыцца ў сярэднім 65—80 сутак; ускладняецца нераўнамернасцю снегараставання і выпадзеннем дажджоў. Сярэдняе перавышэнне найвышэйшага ўзроўню над летне-асенняй межанню 1,8 м. Замярзае ў канцы снежня (найбольшая таўшчыня лёду 40—65 см), крыгалом у сярэдзіне сакавіка.
Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Шчара падзяляецца на 2 участкі. Ад вытоку да ўпадзення р. Грыўда даліна трапецападобная (шырыня 1,5 км), са стромкімі схіламі вышынёй 15—20 м, пойма нізкая, забалочаная і куп′істая, перасечана асушальнымі каналамі. Шырыня разліву ад 200 м да 3 км. Ад вусця Агінскага канала пойма парэзана сеткай каналаў, па якіх (і па Агінскім канале) у веснавое разводдзе адбываецца пераліў вады з Шчары ў воз. Выганашчанскае.
Рэчышча звілістае, акрамя каналізаваных участкаў у вытоку і перад упадзеннем Грыўды; яго шырыня 15—30 м, месцамі да 60 м. Берагі нізкія, пераважна тарфяністыя. На ўчастку ад упадзення р. Грыўда да вусця даліна трапецападобная, яе шырыня 3—5 км. Схілы стромкія, вышынёй 10—20 м, месцамі 35—40, у ніжнім цячэнні спадзістыя. Пойма забалочаная, яе шырыня ў пачатку ўчастка 1,5 — 2,5 км, у сярэдняй частцы 0,5—0,8 км, у ніжняй 50—300 м.
Асноўныя прытокіПравіць
Правыя: Ліпнянка, Мышанка, Лахазва, Іса, Воленка, Бярэзніца, Пад'яварка, Артычанка, Смалянка, Трыцаўка. Левыя: Ведзьма, Грыўда, Луконіца, Сіпа, Бабачка, Свідроўка.
На рацэПравіць
Гарады: Слонім. Вадасховішчы: Даманаўскае (у сутоках з р. Грыўда), Чамялынскае. ГЭС: Мініцкая ГЭС. Зоны адпачыну: Шчара (на поўдзень ад г. Ляхавічы).
ЛітаратураПравіць
- Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.