Міхал Казімір Радзівіл
Міхал Казімір Радзівіл (26 кастрычніка 1635, Нясвіж — 14 лістапада 1680, Балоння) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага[5]. Стольнік (1652—1653), крайчы (1653—1656) і падчашы вялікі літоўскі (1656—1661), кашталян (1661—1666) і ваявода віленскі (1666—1668), падканцлер вялікі літоўскі і гетман польны літоўскі (з 1668)[6].
Міхал Казімір Радзівіл — шчыры каталік, вядомы рэлігійным фундатарствам і бегласцю ў навуках, асабліва ў алхіміі. Падчас шведскіх войнаў адважна бараніў край ад уварванняў, разам з Міхалам Вішнявецкім належаў да арыстакратычнай апазіцыі, удзельнічаў у Хацінскай бітве (1673). Князь Свяшчэннай Рымскай імперыі на Нясвіжы і Алыцы, VI ардынат нясвіжскі, IV ардынат алыцкі, III пан на Белай.
Валодаў Крожамі ў Жамойці, Белай і Славатычамі ў Берасцейскім павеце, Шыдлоўцам у Каралеўстве Польскім і інш. Быў старостам упіцкім, перамышльскім, члухаўскім, камянецкім, хойніцкім, лідскім, цельшыцкім, рабштынскім, хацінскім, гомельскім, осцкім, крычаўскім, прапойскім, гульбінскім, нежынскім і інш.
Біяграфія
правіцьЗ нясвіжскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Аляксандра Людвіка, маршалка вялікага літоўскага, і Тэклі Ганны з Валовічаў. Ягоным хросным бацькам быў кароль і вялікі князь Ян Казімір. Па смерці маці выхоўваўся ў Кобрына пад апекай бабулі Альжбеты з Гаслаўскіх-Валовічаў.
Першую адукацыю атрымаў у Нясвіжы, куды пераехаў па смерці бабулі. Удзел у грамадскім жыцці распачаў з элекцыйнага сойму ў Варшаве (1648), калі аддаў свой голас за неўзабаве абранага караля і вялікага князя Яна Казіміра. Разам з бацькам прысутнічаў на каранацыі. Па атрыманні свайго першага значнага ўраду — стольніка вялікага літоўскага — разам з бацькам здзейсніў падарожжа ў Еўропу, у выніку якога доўга заставаўся ў Балонні, дзе навучаўся ва ўніверсітэце.
Абіраўся паслом на соймы 1648, 1659, 1661 гадоў, быў маршалкам Галоўнага Трыбунала ў 1664 годзе.
Па смерці бацькі (1654) стаў нясвіжскім ардынатам, займаўся ўмацаваннем Нясвіжа і замку. У 1655 годзе разам з мясцовым насельніцтвам бараніў Нясвіж ад маскоўскага войска. Неўзабаве па паразе ў бітве пад Філіпавым, ледзь выратаваўся ад шведскага палону. Нягледзячы на вялікія страты, адгукнуўся на просьбу Яна Казіміра і выставіў у літоўскае войска за свой кошт 600 драгунаў і 1200 пяхоты, аднак па загаду караля гэтыя ваенныя фарміраванні ўвайшлі ў войска Каралеўства Польскага[7]. У сакавіку 1658 года на вяселлі Яна Замойскага і Марыі Казіміры дэ Акрыён, пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай, тагачаснай маладой удавой Кацярынай з роду Сабескіх, з якой пабраўся шлюбам 7 ліпеня таго ж года ў Львове.
Увесь наступны 1659 год правёў у бітвах за вызваленне захопленых маскоўскімі войскамі тэрыторый у вайну 1654—1667 гадоў. Пад канец таго ж года паспяшаўся ў Нясвіж, каб умацаваць горада і замак, папоўніць яго зброяй, правіянтам і людзьмі. Умацаваны Нясвіжскі замак вытрымаў у 1660 годзе паўторную аблогу маскоўскіх войскаў.
Па ваенных спусташэннях дамогся ад караля Рэчы Паспалітай вызвалення Нясвіжа на чатыры гады ад падаткаў, салдацкіх пастояў і каралеўскіх мытаў. 20 студзеня 1673 года выдаў «Універсал», у якім заахвочваў насельніцтва дзяржавы сяліцца ў Нясвіжы, гарантуючы свабоды паводле Магдэбургскага права, у дадатак робячы значныя ахвяраванні касцёлам і кляштарам, што надала істотную дапамогу аднаўленню культурнай сталіцы Радзівілаў.
У час міжкаралеўя 1673—1774 гадоў імя М. К. Радзівіла называлася сярод кандыдатаў на прастол, але ён падтрымаў абранне Яна Сабескага і стаў яго блізкім паплечнікам. Удзельнічаў у антытурэцкіх кампаніях 1674—1775 гадоў і 1677 года ва Украіне.
У 1679[6] годзе накіраваўся да імператара Леапольда выказаць ад імя караля і вялікага князя суседскую прыязнасць, а таксама да папы Інакентыя XI, каб засведчыць яму каралеўскую пакору[7]. Памёр на зваротным шляху ў Балонні.
У шлюбе з Кацярынай Сабескай (сястра Яна Сабескага) меў дачку Тэклю Адэлаіду і сыноў Мікалая Францішка, Багуслава Крыштафа, Яна, Людвіка, Юрыя Юзафа, Караля Станіслава.
Галерэя
правіцьЗноскі
- ↑ Internetowy Polski Słownik Biograficzny Праверана 22 жніўня 2021.
- ↑ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 / пад рэд. J. Wolff — Kraków: 1885. — С. 156, 165.
- ↑ а б Radziwiłłowie herbu Trąby — Warszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
- ↑ Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu — Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 341. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
- ↑ ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ а б Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 60.
- ↑ а б Шышыгіна-Патоцкая К. Я. Нясвіж і Радзівілы. — Мн.: Беларусь, 2007.
Літаратура
правіць- Пазднякоў В. Радзівіл Міхал Казімір // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 496. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Шышыгіна-Патоцкая К. Я. Нясвіж і Радзівілы. — Мн.: Беларусь, 2007. — 240 с.: іл. ISBN 978-985-01-0740-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Міхал Казімір Радзівіл