Беларускае народнае ткацтва
Беларускае народнае ткацтва — від народнага рамяства, шырока распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі[1].
Гісторыя
правіцьРаннія звесткі пра ткацтва на беларускіх землях
правіцьТкацтва — адно са старадаўніх рамёстваў у Беларусі.
Як хатняе рамяство яно вядома ўжо ў глыбокай старажытнасці — па звестках археолагаў, недзе з III тысячагоддзя да н.э., з часоў позняга неаліту[2]. У раннеславянскіх плямёнаў мілаградскай і зарубінецкай культур (з VII стагоддзя да н.э.) прадзенне і ткацтва мелі ўжо значнае пашырэнне[3]. На тэрыторыі Беларусі вядома па археалагічных знаходках з эпохі зарубінецкай культуры, у XI—XII стагоддзях[4][5]. Сярод знаходак прасліцы, адбіткі тканін на керамічным посудзе, многія з якіх датуюцца другой паловай 1-га тысячагоддзя да нашай эры[6]. Чаўнакі і іншыя дэталі гарызантальных ткацкіх станаў выяўлены пры раскопках у Гродне, Мінску, Полацку, Віцебску ў культурных пластах канца XI — XIII стагоддзяў[6]. Гэтыя знаходкі сведчаць, што ткацкая тэхніка знаходзілася ў X—XII стагоддзях на адносна высокім узроўні. Ужо былі вядомыя ўзорыстае ткацтва, вышыўка шарсцянымі, шаўковымі і залотнымі ніткамі[2].
Узораў старажытных тканін да нашага часу захавалася мала[6]. Кавалак грубага ваўнянага сукна з карычневай пражы, з рысункам «у ёлачку», вытканай на 4 панажы[7], знойдзены ў Гродне[8]. Адсюль жа паходзяць фрагменты арнаментальнай плеценай і ўзорыстатканай стужак[9]. 11 фрагментаў тканін, пераважна дамашняга сукна, у тым ліку з узорам «у ёлачку», знойдзены пры раскопках старажытнага Полацка[10]. Нярэдкія сярод знаходак і прывазныя тканіны, што, вядома, уплывала на развіццё мясцовай вытворчасці. Фрагменты такіх тканін вядомыя з раскопак старажытнага Гродна. У іх ліку — кавалак тасьмы з махрамі, узорыстай тканіны накшталт парчы і іншае[11]. Некаторыя звесткі пра старажытнае ткацтва даюць таксама творы выяўленчага мастацтва, напрыклад, абразы[6].
Ткацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім
правіцьПра некаторыя вырабы мясцовай вытворчасці нагляднае ўяўленне даюць тагачасныя творы выяўленчага мастацтва. Так, кужэльныя наміткі, навалачкі, ручнікі з геаметрычным арнаментам адлюстраваны на абразах XVII стагоддзя «Нараджэнне Маці Божай» з-пад Магілёўва і з-пад Століна[12]. Мяркуючы па адлюстраваннях, выкарыстоўвалі, відаць, браную і закладную тэхнікі ткацтва, розныя вышывальныя швы[13].
У XVI—XVII стагоддзях ткацтва і вышыўка былі ўжо шырока развітымі рамёствамі. У дакументах гэтага перыяду ёсць матэрыялы па ткацтве беларусаў. У апублікаваных матэрыялах Віленскай археаграфічнай камісіі ёсць паведамленні пра тканіны і тканыя вырабы хатняй вытворчасці[1].
Ткацтва ў Беларусі займала значнае месца ў народнай гаспадарцы. У XVI—XVII стагоддзях ткацтва з сялянскага промысла пачынае перарастаць у гарадское рамяство. У некаторых гарадах і мястэчках узнікаюць ткацкія цэхі. У 1605 годзе такі цэх узнік у Слоніме. Яго далейшае існаванне пацвярджаецца граматамі 1609 і 1679 гадоў. У 1652 годзе ткацкі цэх быў арганізаваны ў мястэчку Капылі. Аб ім упамінаецца ў граматах канца XVII — пачатку XVIII стагоддзяў[14].
Паралельна развівалася феадальная эксплуатацыя працы прыгонных ткачоў. У феадальных маёнтках і манастырах ствараюцца ткацкія майстэрні, заснаваныя на працы прыгонных[15]. Буйнымі цэнтрамі ткацтва становяцца Дуброўна, Пагост Загародскі, Клецк і іншыя. Аб’яднаны цэх ткачоў і рамеснікаў іншых спецыяльнасцей быў у Слуцку, у 1652 годзе ткацкі цэх быў арганізаваны ў Капылі, у 1605 годзе — у Слоніме, у 1686 годзе — у Міры, пад 1777 годам згадваецца цэх у Гродне, а мінскі існаваў аж да 1870-х гадоў[16].
Феадалы-прадпрыемцы ў пагоні за кваліфікаванай рабочай сілай дзейнічалі прымусам. Найбольш багатыя выкрадалі прыгонных ткачоў у больш слабых суседзяў або запрыгоньвалі свабодных. У 1568 годзе Андрэй Ціханоўскі, напрыклад, скардзіўся ў Слонімскі земскі суд на Мікалая Сапегу, які напаў на яго маёнтак і выкраў ткачых[17]. Звесткі пра падобныя выпадкі можна знайсці і ў XVIII стагоддзі ў актах літоўскага трыбунала[15].
Прыгонныя ткачы выраблялі тонкія палотны, узорныя тканіны, абрусы, дываны і іншае. Аднак тэхніка ткацтва была даволі трывіяльная. Усё рабілася на простых ручных станках. На іх ткалі грубыя і тонкія палотны, дзяругу і ўзорныя тканіны. Якасць вырабу моцна залежала ад умення і майстэрства самой ткачыхі[15].
Ужо ў Сярэдневякоўі склаліся асноўныя тыпы адзення і іншых тканых вырабаў, былі выпрацаваны віды арнаментыкі, якія дайшлі аж да XX стагоддзя, замацаваліся многія іх назвы. Вось характэрнае апісанне тканых вырабаў аднаго з двароў XVI стагоддзя на Миншчыне[18]:
…Шубка сукна простого, кожушок, мятлик[19], подушки пуховые, перина, колдро мухояровое, коберцы[20] черные простые, кошули — 15, фартухи — 5, полог, простыни, абрусы — 15, серветы — 14, ручники простые — 7…
Беларускае ткацтва ў часы Расійскай імперыі
правіцьПры заняпадзе ільнаткацтва ў еўрапейскіх краінах, дзе тэкстыльная вытворчасць ручнога ткацтва была выцесненая машыннай мануфактурай у XVIII стагоддзі, ткачы-рамеснікі ў пошуках заробкаў мігравалі на еўрапейскі ўсход — у Польшчу і заходнія гарады сучаснай Беларусі[6].
З архіўных крыніц вядома, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя прускія рамеснікі-ткачы перасяляліся ў Гродзенскую губерню і закладвалі тут ткацкія майстэрні. Запрашалі іх і мясцовыя памешчыкі, якія засноўвалі вотчынныя льняныя і суконныя мануфактуры. Імі вырабляўся досыць шырокі асартымент тканін для розных запатрабаванняў, у тым ліку і для вырабу ватных матрацаў, пасцельнай бялізны і іншых спальных рэчыў[6].
У XIX стагоддзі мануфактурная вытворчасць занепадае, і хоць некаторыя ткацкія мануфактуры яшчэ працягвалі сваю дзейнасць, але ад стварэння ўнікальных мастацкіх вырабаў на заказ пераходзяць на выпуск больш таннай масавай прадукцыі, неабходнай у побыце сярэдняй шляхты і мяшчан[21]. Традыцыйнае народнае ткацтва заняпаду не зазнала, паколькі амаль цалкам бытавала ў сферы хатняй вытворчасці, а патрэба ў саматканых вырабах была пастаяннай. У сувязі з нізкай пакупніцкай здольнасцю беларускага сялянства прамысловвыя тканіны не маглі скласці сур’ёзнай канкурэнцыі саматканым. Наадварот, якраз з канца XIX стагоддзя назіраецца ажыўленне народнага ткацтва, узбагачэнне яго новымі ткацкімі тэхнікамі; набываюць пашырэнне новыя віды тканін, прыкметнае месца ў інтэр’еры народнага жылля пачынаюць займаць дэкаратыўныя вырабы, раней для народнага побыту не тыповыя[22].
Сыравіна
правіцьАсноўным матэрыялам для ткацтва з’яўляўся лён, але пры раскопках знойдзены таксама фрагменты тканін, вырабленых з воўны[15].
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў асноўнай сыравінай для вырабу тканін у хатніх умовах у беларусаў былі кудзелістыя расліны і авечая воўна[1]. З кудзелістых раслін найбольш пашыранымі былі лён і каноплі[1][23][24].
Лён
правіцьЗнаходкі археолагаў сведчаць пра бытаванне льнянога адзення ў эпоху жалезнага веку з VII стагоддзя да н.э. Летнія комплексы як жаночага, так і мужчынскага адзення амаль цалкам шыліся з даматканага палатна[25]. У культуры беларусаў лён меў высокі сакральны статус. Ён надзяляўся магічнымі ахоўнымі ўласцівасцямі, таму белае ільняное палатно суправаджала беларуса ад нараджэння да смерці[25].
Сцёблы лёну выдзіраюць з каранямі з зямлі. Пасля гэтага іх замочваюць і апрацоўваюць на трапальных машынах для атрымання валакна. Да распаўсюджвання машын сцёблы лёну здрабнялі і трапалі ручным прыстасаваннем — церніцай . Атрыманае валакно апрацоўваецца часаннем : цяпер на часальных машынах, у былыя часы — з дапамогай часалак. Атрыманую сыравіну называюць кужалем , адходы — кастрой і пакуллем .
Воўна
правіцьАвечая воўна сартавалася па колерах на белую, шэрую і чорную. Мяккасць прадзільнага матэрыялу і адсутнасць неабходнасці змочвання слінай ніткі падчас працы рабіла вытворчасць ваўняной пражы больш лёгкай, чым прадзенне лёну[26].
Найбольш якаснай сыравінай лічылася воўна старых авечак, стрыжаных увосень. Веснавую воўну пралі для выкарыстання на андаракі, за асенняй доўгай воўны рабілі сукно і тканіну на мужчынскія нагавіцы, асеннюю кароткую воўну выкарыстоўвалі для вытворчасці валенак[27]. Воўну сартавалі, мылі, сушылі, скублі, часалі на грабянях ці ваўначосках, пралі. Сукно ткалі на кроснах пераважна ў 4 ніты . Колер сукна залежаў ад колеру воўны. Белае сукно часам фарбавалі. Вытканую шарсцяную тканіну абавязкова валялі[28].
Казіны і трусіны пух выкарыстоўваліся рэдка для невялікіх рэчаў пры наяўнасці ў гаспадарцы коз і трусоў адпаведна[26].
Каноплі
правіцьКаноплі ў якасці крыніцы тэкстыльнага валакна займалі значнае месца ў сялянскай гаспадарцы. Тут варта адрозніваць валокны ад мужчынскіх і жаночых каліў расліны. Летам адразу пасля апладнення жаночых раслін, так званага пылення, збіралі мужчынскія калівы, званыя маніцы, з якіх рабілі канапліну (зрэб’е) — тканіну вельмі падобную на ільняную, але больш порыстую. Канапліна мае лепшыя вода- і паветрапранікальныя якасці, чым ільняная, таму шырока прымянялася для пашыву мужчынскіх сарочак і нагавіц для працы, а таксама ніжняй бялізны. Жаночыя калівы збіралі восенню, пасля паспявання насення. Пасля доўгага вымочвання ў ручаях ці самаробных сажалках побач з імі, са сцёблаў канопель атрымлівалі трасту , якую мялі , трапалі і вычэсвалі , а пасля гэтага пралі. З падобнага валакна атрымлівалі вяроўкі рознага прызначэння, ад аборак для лапцей да гужоў і цяжоў для вупражы. У пасевах суадносіны мужчынскіх і жаночых каліў прыкладна аднолькавыя, але мужчынскія маюць танчэйшае сцябло, таму доля іх ва ўраджаі валакна розная. Маніцы давалі толькі каля траціны ўсяго аб’ёму валокнаў з поля канопель, астатняе прыходзілася на матачныя сцёблы.
Падрыхтоўчыя работы
правіцьПрадзенне
правіцьПрадзенне — працэс вырабу нітак з воўны, кудзелі і іншых валакністых матэрыялаў[1].
Дзяўчаты і жанчыны пралі звычайна з лістапада да сакавіка ва ўсе дні тыдня, акрамя святаў і нядзель[29].
У Беларусі прадзенне было выключна жаночай справай. Зімовымі вечарамі дзяўчаты збіраліся на вячоркі. На паўднёвым усходзе дамаўляліся з адным ці некалькімі гаспадарамі і за пэўную плату хадзілі прасці ў іх хаты на працягу усёй зімы. Навучаць дзяўчатак прадзенню пачыналі недзе з 7-8 гадоў, спачатку з нізкаякаснага валакна, а тады і з кужалю[29].
Асноўнымі прыладамі прадзення былі прасніца (прасліца, потась), верацяно і самапрадка (самапраха, калаўрот, каўрыдак)[29].
Фарбаванне пражы
правіцьФарбаванне пражы і палатна вядомае з глыбокай старажытнасці. У XVIII стагоддзі ў традыцыйным ткацтве карысталіся фарбавальнікамі мясцовага паходжання: настоямі траў, кары, лісця дрэў і балотнай руды[30]. Сярод раслін, што прымяняліся, згадваюцца талакнянка (Arctostaphylos), бяроза (Betula), крушына (Frangula), палын (Artemisia), дзераза (Lycopodium), ажына (Rubus caesius), пырнік (Elytrigia), трыпутнік (Plantago), бузіна (Sambucus), хвошч (Equisetum), ядловец (Juniperus), ягады чаромхі (Prunus padus), таполя (Populus), шчаўе конскае (Rumex confertus), вольха (Alnus), мацярдушка (Origanum) і іншыя[31].
З канца XIX — пачатку XX стагоддзяў даволі шырокае распаўсюджанне атрымалі хімічныя фарбавальнікі, якія да XX стагоддзя цалкам выцеснілі раслінныя[1].
Снаванне
правіцьСнаванне — размяшчэнне пражы такім чынам, каб у час ткання аснова дзялілася на верхні і ніжні рады з утварэннем зева. Падчас снавання вызначалася таксама даўжыня і шырыня будучай тканіны. Вядомы тры спосабы снавання: на сцяне, на раме і на вярчальнай снавалцы[1].
Прылады ткацтва
правіцьДошчачкі
правіцьТкацтва на дошчачках — адзін з самых старых спосабаў вырабу тканага палатна. Дошчачкі гэта невялікія плоскія фігуры з дрэва, на Беларусі найчасцей квадраты памерам 10 на 15 см, з адтулінамі па чатырох вуглах. Такая прылада выкарыстоўвалася для ткацтва паясоў[32][33][34].
На ніту
правіцьТрадыцыйна пояс снуюць на адмысловай дошцы з цвiкaмi, часам з гэтай мэтай выкарыстоўваюць штыкетнік плота. Спосаб снавання паясоў i вырабу прыстасаванняў для ткацтва, якім валодаюць рамесніцы з Валожыншчыны, у некаторых дэталях адрозніваецца ад спосабаў, зафіксаваных у іншых рэгіёнах Міншчыны. Як і іншых раёнах, аснова пры снаванні паясоў падзяляецца з выкарыстаннем чынавых цвікоў, але на Валожыншчыне гэтая аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета з мэтай нацяжэння, а замацоўваецца на тaлii i выцягнутай назе ткачыхі, што дазваляе ткаць там, дзе няма зручнага прадмета для мацавання асновы.
У 2013 годзе традыцыя ткацтва паясоў «на ніту» атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці[35] і была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Бёрда
правіцьБёрда — прыстасаванне для ручнога ткацтва, род грэбня. Вядома са старажытных часоў. Можа быць выкарыстана для стварэння нешырокай тканай паласы. На бёрдзе можна вырабіць пояс, нешырокі ручнік, абрусы і да т. п.
Бёрда ўяўляе сабой плоскую дошчачку, у якой зроблена некалькі дзесяткаў падоўжных шчылін. У кожным «слупку», падзеленым на дзве шчыліны, зроблена адтуліна. Такіх адтулін можа быць — па вертыкалі — ад аднаго да трох, што дазваляе ўскладняць ўзор, працуючы з ніткамі розных колераў.
Пры стварэнні палатна ў бёрда забэрзваюцца ніткі — як у падоўжныя шчыліны, так і ў «слупковыя» адтуліны. Затым бёрда перамяшчаецца уверх-уніз. Ніткі ў падоўжных шчылінах застаюцца на месцы, а ніткі, якія забэрзаны у адтуліны, ссоўваюцца ўверх ці ўніз. За кошт гэтага ствараецца «зеў» — прамежак паміж ніткамі асновы. У гэты «зеў» забэрзваецца нітка ўтка — рукамі ці з дапамогай чаўнака. Такім чынам ствараецца палатно тканіны або пояса.
Кросны
правіцьНа Беларусі асноўны тып кроснаў уключае: ставы — драўляны каркас, на якім збіраюць канструкцыйна важныя вузлы станка; навоі — 2 драўляныя валы, на адзін з якіх навіваюць ніткі асновы, а на другі намотваюць палатно; ніты , або нічальніцы, — надзетыя радамі на 2 паралельныя пруткі (верхні і ніжні) ніцяныя завесы, праз якія працягваюць ніткі асновы (ад колькасці нітоў залежыць узор тканіны); бёрда — прыстасаванне для прыбівання уточнай ніткі, якое складаецца з тонкіх вузкіх пласцінак накшталт грабеньчыка з 2 спінкамі і ўкладваюцца ў набіліцы, панажы, калёсцы, чапёлкі — рычагі і блокі для прывядзення ў рух нітоў. Пры націсканні на панажы, прывязаныя да іх ніты разыходзяцца і ўтвараюць у аснове зеў, праз які пракідваюць чаўнок з навітым на цэўку утком.
Віды ткацтва
правіцьУ традыцыйным беларускім ткацтве разглядаюць аднатоннае ткацтва і розныя варыяцыі ўзорыстага ткацтва. Па спосабе стварэння арнаменту ва ўзорыстым ткацтве адрозніваюць закладное[36], бранае[37], выбарнае[38] і пераборнае[39] ткацтва. Па тэхналагічных асаблівасцях складанасці ўзору і колькасці колераў шляхам выкарыстання рознай колькасці нітоў адрозніваюць ткацтва двухнітовае, чатырохнітовае і гэтак далей[40].
Закладное ткацтва
правіцьЗакладныя тканіны (заклады) ткуцца ў 2 ці 4 ніты без якіх-небудзь дадатковых прыстасаванняў[41]. Закладное ткацтва адно з самых працаёмкіх, бо не выкарыстоўваецца чаўнок , але гэтая ж асаблівасць дае магчымасць свабодна камбінаваць колеры.
Пасляткацкая апрацоўка
правіцьВалянне
правіцьДаматканае сукно дома ці на мануфактурах ласкавалі (аддавалі ў лоск) — надавалі яму гладкую паверхню поўным або частковым валяннем. У хатніх умовах змочаную цёплай вадой тканіну намотвалі на качулку і клалі на печ, або разасланы кавалак тканіны рассцілалі пад гарачы хлеб, каб пад ім яна прэла[42]. Ва ўмовах прадпрыемства апрацоўка рабілася гарачай вадой і валкамі. Ласкаванне павышала вода- і гразенепранікальнасць тканіны, паляпшала яе вонкавы від, надавала бляск.
Рэгіянальныя асаблівасці народнага ткацтва
правіцьВерхнядзвінскае ткацтва
правіцьГродзенскае ткацтва
правіцьГродзенскае ткацтва — народнае мастацкае ўзорыстае ткацтва на Гродзеншчыне. Паводле пісьмовых крыніц вядома з XVII стагоддзя[43].
Капыльскае ткацтва
правіцьРаспаўсюджана ў вёсках Капыльшчыны. Вядомае з XVI стагоддзя[44].
Слуцкае ткацтва
правіцьРаспаўсюджана на тэрыторыі Слуцкага і суседніх Капыльскага, Салігорскага, Любанскага раёнаў Мінскай вобласці. На яго аснове ў XVIII стагоддзі створана Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, дзейнасць якой садзейнічата пашырэнню ў рэгіёне новых ткацкіх тэхнік і прыёмаў[45].
Асноўныя віды вырабаў народнага ткацтва
правіцьПалатно для адзення
правіцьУ беларускім нацыянальным касцюме выкарыстоўваліся толькі натуральныя тканіны, якія вырабляліся ў хатніх умовах з лёну, канопель і воўны[24]. Пры вырабе адзення з ткацкіх тэхнік выкарыстоўваліся бранае, выбарнае, закладное, рамізнае, пераборнае і ўзорнае ткацтва[30]. У многіх выпадках крой быў полікавы, гэта значыць, тканіна не разразалася, а адразу ткалася прастакутнымі палотнішчамі рознага памеру, якія потым злучаліся рознымі тэхнікамі, у тым ліку высокадэкаратыўнымі: простымі швамі, вывязанымі кручком карункамі, рознакаляровымі стужкамі і гэтак далей.
Паясы
правіцьУ народзе былі распаўсюджаны паясы з ільну ці суканай воўны. Звычайна ў кожнай гаспадарцы ткаліся паясы жаночыя і мужчынскія, верхнія і ніжнія. Жаночыя ткаліся на «ніту», а мужчынскія — на звычайным ткацкім стане бранай тэхнікай на 3 — 6 — 8 дошчачках. Часам стан замяняўся калочкамі, забітымі ў сцяну або зямлю, на якія нацягвалася паясная аснова[46].
Карыстаючыся такой няхітрай тэхнікай, беларуская ткачыха рабіла ўзорныя паясы, якія адзначаліся высокай якасцю. «У іншых паясоў узоры настолькі чыстыя і добрыя», — заўважае Нікіфароўскі, — «што цяжка верыцца ў ручную хатнюю вытворчасць паясоў»[47].
Паясы для верхняга адзення ткаліся з суканай воўны розных колераў — чырвоныя, чорныя і іншыя[48].
Даўжыня мужчынскіх тканых паясоў была вельмі значнай — прыблізна адзін сажань (каля 2,20 м). Меркавалася два паясных абхваты і паўаршына на канцы. Шырыня пояса для верхняга адзення даволі ўмоўная — 1—1,5 вяршка[46].
Ручнікі
правіцьВа ўсходніх славян тканыя ручнікі мелі паўсядзённае, абрадавае і дэкаратыўнае прызначэнне. На ўсёй тэрыторыі Беларусі пашыраны серабрыста-белыя, тканыя ў 2—3 ніты ручнікі, а таксама ўзорыстатканыя, так званыя дэкаратыўныя, тканыя ў 4—8 (часам да 12) нітоў ручнікі, якія пашырыліся з узнікненнем пераборнай і закладной тэхнік ткацтва. Ручнікі ткуць на кроснах і аздабляюць усімі традыцыйнымі тэхнікамі. Памеры беларускіх ручнікоў: даўжыня пераважна 1,5—3 м і шырыня 25—30 см.
Посцілкі
правіцьПаўсядзённыя посцілкі ткаліся з ільняной пражы. Святочныя — паўсуконныя або суконныя. Яны вылучаюцца разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў, арнаментыкай, а таксама каляровай гамай. Паводле формы посцілкі былі прамавугольныя (1,5—2,3 м даўжыні, 0,9—1,5 м шырыні) з двух (рэдка аднаго) кавалкаў тканіны з ільняных нітак (або аснова льняная, уток ваўняны). Традыцыйныя посцілкі ткалі ў 3—4 ніты або перабіранай ці шматнітовай тэхнікай ткацтва[49].
Дарожкі
правіцьДарожкі (палавікі) ткалі звычайным спосабом, выкарыстоўваючы ў якасці асновы ніткі з трывалага матэрыялу — канапляныя, льняныя, баваўняныя. Звычайна метад ткацтва палавікоў прапаноўваў двухнітовую тэхніку, але сустракаліся таксама коўрыкі тканыя на трох і чатырох нітках. Для ткацтва палавікоў выкарыстоўваліся спецыяльныя бёрды з больш вялікімі зубамі[49].
Вывучэнне беларускага ткацтва
правіцьДля этнографаў беларускае народнае ткацтва ўяўляе вялікую цікавасць, бо яно цесна звязана з гісторыяй народа і можа служыць каштоўным матэрыялам пры даследаванні этнічных працэсаў мінулага, этнакультурных узаемасувязяў беларусаў з іншымі народамі[1]. Найбольш значны матэрыял па ткацтве Віцебшчыны змяшчаецца ў працы М. Я. Нікіфароўскага «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку»[50]. У архіўных крыніцах ёсць звесткі аб распаўсюджанні і ўзроўні развіцця беларускага ткацтва ў XVII—XVIII стагоддзях[51].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б в г д е ё ж Курилович А. Н. Белорусское народное ткачество. — Мн.: Наука и техника, 1981. — 119 с.
- ↑ а б Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 307.
- ↑ Очерки по археологии Белоруссиии. — Минск, 1970. Ч. 1. — С. 103.
- ↑ Поболь Л. Д. Славянские древности Белоруссии. — Мн., 1971..
- ↑ Воронин Н. Н. Древнее Гродно // Материалы и исследования по археологии древнерусских городов. — М., 1954. — Т. 3.
- ↑ а б в г д е История белорусского ткачества (руск.)
- ↑ Панажы
- ↑ Воронин, Н. Н. Древнее Гродно / Н. Н. Воронін. — М., 1954. — С. 173.
- ↑ Воронин, Н. Н. Древнее Гродно / Н. Н. Воронин. — М., 1954. — С. 38, 173.
- ↑ Штыхов, Г. В. Древний Полоцк, IX—XIII вв. / Г. В. Штыхов. — Минск, 1975. — С. 101.
- ↑ Воронин, Н. Н. Древнее Гродно / Н. Н. Воронин. — М., 1954. — С. 66.
- ↑ Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: (Альбом). — Мінск, 1980. — Іл. 33, 66.
- ↑ Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 308.
- ↑ Россия. Полное географическое описание нашего Отечества : настольная и дорожная книга для русских людей / под ред. В. П. Семенова ; под общ. рук. П. П. Семенова и В. И. Ламанского; [предисл. В. Семенова]. — СПб. : А. Ф. Девриен, 1899—1914. — С 5-го т. : под ред. В. П. Семенова-Тян-Шанского и под общ. рук. П. П. Семенова-Тян-Шанского и В. И. Ламанского. Т. 9 : Верхнее Поднепровье и Белоруссия : [Смоленская, Могилевская, Витебская и Минская губернии] / сост. В. П. Семенов [и др.]. — 1905. — VIII, 619, [1] с., [14] л. ил., карт. : ил. — Библиогр. : с. 575—582. — Указ. геогр. назв., имен личных и предметов, встречающихся в тексте: с. 583—619. С. 527 и последующие.
- ↑ а б в г Якуніна 1960, с. 23.
- ↑ Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 307.
- ↑ «Беларусь», 1947, № 3 (артыкул «Ткацтва на Беларусі»).
- ↑ Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 308.
- ↑ Мятлік
- ↑ Каберац
- ↑ Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 308—309.
- ↑ Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 309—310.
- ↑ Беларускі нацыянальны касцюм Архівавана 6 снежня 2010. (руск.)
- ↑ а б Традыцыйнае адзенне Архівавана 18 лістапада 2011.
- ↑ а б Лён 2009, с. 78.
- ↑ а б Никифоровский, Н. Я. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности // Этнографические данные. Витебск, 1895. С. 149
- ↑ Воўна
- ↑ Буракоўская Н. І. Сукнаро́бства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 260. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- ↑ а б в Лён 2009, с. 8.
- ↑ а б Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989.
- ↑ Лазука 2015, с. 161.
- ↑ Лебедева Н. И. Прядение и ткачество восточных славян в XIX - начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. — М., 1953. — С. 493..
- ↑ Селівончык Вера. Ткацтва на дошчачках. Практычны дапаможнік(Майстроўня).. — Мн.: Медысонт, 2009. — 64 с.
- ↑ ТКАЦТВА НА ДОШЧАЧКАХ. Інструменты і матэрыялы Архівавана 30 сакавіка 2012.
- ↑ Інвентар НКС: Традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне
- ↑ Закладное ткацтва
- ↑ Бранае ткацтва
- ↑ Выбарнае ткацтва
- ↑ Закладная тэхніка ткацтва чырвона-белых рушнікоў
- ↑ Ткацтва
- ↑ Памылка ў зносках: Няслушны тэг
<ref>
; для зносакЭтнБел
няма тэксту - ↑ Народныя скарбы. Дыялекталагічны зборнік (2008). Л. П. Кунцэвіч
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- ↑ а б Н. Я. Никифоровский. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии. Витебск, 1895, стр. 23.
- ↑ Н. Я. Никифоровский. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии. Витебск, 1895, стр. 108.
- ↑ «Этнография», 1926, № 1 — 2, стр. 223
- ↑ а б Посцiлкi, дываны, дарожкi
- ↑ Н. Я. Никифоровский. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности. — Витебск, 1895.
- ↑ Центральный исторический музей БССР, ф. 694, оп. 2, д. 2001, л. 21; д. 3137, лл. 33-35; д. 4975, л. 84; Государственный архив Минской области, ф. 333Ю hg. 1? l/ 30 и др.
Літаратура
правіць- Косціна І. У. Тка́цтва // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 472. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Тка́цтва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 515. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Віннікава М. М., Курыловіч Г. М. Тка́цтва // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 495—497. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.
- Якуніна, Лідзія Іванаўна. Слуцкія паясы = Слуцкие пояса. Малы лексікон / Л. І. Якуніна ; [рэдактары: А. І. Залескі, К. П. Кабашнікаў ; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР]. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 237, [2] с. : іл., каляр. іл.. — 3 000 экз.
- Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..
- Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.
Спасылкі
правіць- Сялянская хата ў малюнках. Кросны Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
Беларускае народнае ткацтва на Вікісховішчы |