Касцёл Святога Казіміра (Расна)
Касцё́л Свято́га Казімі́ра — мураваны каталіцкі храм у цэнтры аграгарадка Расны Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці, адзін з яскравых прыкладаў класіцызма XIX стагоддзя на тэрыторыі Беларусі[1], помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Казіміра | |
---|---|
![]() | |
54°00′42″ пн. ш. 31°11′41″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Расна |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія |
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія Мсціслаўскі дэканат |
Благачынне | Мсціслаўскі дэканат[d] |
Ордэнская прыналежнасць | Ордэн езуітаў |
Тып будынка | базіліка |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Заснавальнік | Лявон Парчэўскі |
Першае згадванне | 1744 г. |
Будаўніцтва | 1812—1819 гады |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | зруйнаваны |
![]() |
Гісторыя
правіцьРасненская каталіцкая супольнасць упершыню згадваецца ў 1744 годзе, на той час яна адносілася да Аршанскага дэканата Віленскай дыяцэзіі. У 1747 годзе ў мястэчку засноўваецца езуіцкая місія (дзейнічала да 1773 года), якая падпарадкоўвалася Мсціслаўскаму калегіуму. У год заснавання місіі ўладальнік Расны, рагачоўскі староста граф Міхаіл Пацей перадаў езуітам 10 чвэрцяў ячменю, 4 – грэчкі, 3 – пшаніцы, 1 – аўса, 5 – канапель і гароху, 1 дзіка і 1 бочку солі. Праз чатыры гады пры падтрымцы Пацеяў на грошы прыхаджан быў узведзены драўляны касцёл Святога Казьмы, перададзены езуітам пад апеку. У выніку ўвахода паселішча ў склад Расійскай імперыі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у верасні 1775 года храм быў зацверджаны парафіяльным[2].
Драўляны будынак першага касцёла згарэў падчас пажару 1804 года. Праз восем гадоў на яго месцы пачалося ўзвядзенне новага мураванага храма, якое вялося за кошт ахвяраванняў айцоў-езуітаў і Лявона Парчэўскага. Набажэнствы ў гэты перыяд адбываліся ў часовым памяшканні. У 1818 годзе будаўніцтва было амаль скончана, а ў наступным годзе завершаны касцёл асвяцілі ў гонар Святога Казіміра. Да 1868 года храм працягваў існаваць як парафіяльны, а пасля скасавання прыхода стаў філіяльным[3].
У 1843 годзе касцёл быў пашкоджаны бурай, у выніку чаго апынуўся зламаным дах будынка. У 1853 годзе ў храме непрацяглы час праводзіліся буйныя рэстаўрацыйныя працы. Па звестках 1849 года, касцёл адносіўся да Чавускага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі. Станам на 1886 год, у парафіі налічвалася 971 вернікаў, дзейнічала капліца ў Забалоцці[4]. Юзафат Жыскар у працы «Nasze kościoły» звяртаў ўвагу, што парафія невялікая, служыў толькі адзін ксёндз, а прыхаджанамі з’яўляліся, у асноўным, дробная шляхта і землеўладальнікі, беларусаў-вернікаў было толькі некалькі чалавек. Сам будынак пры гэтым знаходзіўся ў добрым стане і не патрабаваў рамонту[2]. Каля храма была пастаўлена драўляная званіца з 5 званамі, размяшчаліся цвінтар даўжынёй 14 і шырынёй 13 сажаняў, драўляная плябанія, свіран, лядоўня, стайня, пуня, вазоўня і іншыя пабудовы[5].
У 1923 годзе касцёл Святога Казіміра ўжо значыцца ў спісе парафій без адказнага святара, а ў 1930-я гады сам храм быў зачынены і пераўтвораны спачатку ў клуб, пасля — у склад. Падчас Другой сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў ад абстрэлу і больш не аднаўляўся. На цяперашні момант у Расне існуе адроджаная каталіцкая парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Казіміра, дзейнічае часовая капліца. У 2007 годзе будынак былога касцёла быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей[5].
Архітэктура
правіцьПомнік архітэктуры класіцызму з шырокім выкарыстаннем ордарных элементаў. Уяўляе сабой трохнефавую базіліку з прамавугольнай у плане апсідай і дзвюма сакрысціямі. Будынак накрыты двухсхільным дахам, першапачаткова драўляным, пасля — бляшаным (не захаваўся). Галоўны фасад вылучаны чатырохкалонным дарычным порцікам, завершаным трохвугольным франтонам з развітым антаблементам (з трыгліфамі і метопамі). Па баках порціка знаходзіліся невялікія конхавыя нішы з трохвугольнымі сандрыкамі. Бакавыя фасады таксама падкрэслены рызалітамі з чатырохкалоннымі порцікамі і паўцыркульнымі нішамі. 18 аконных і дзвярных прамавугольных праёмаў аздоблены сандрыкамі. У алтарнай частцы знаходзілася адзінае паўкруглае акно. Бабінец быў падзелены дзвюма драўлянымі перагародкамі. На галоўным франтоне раней знаходзіўся драўляны крыж. Існавалі тры ганкі, да кожнага з якіх вялі па тры прыступкі[1][6].
Унутраная прастора падзелена дзвюма шэрагамі з шаснаццаці калон дарычнага ордэру на тры нефы, злучаныя цыліндрычнымі скляпеннямі. Падлога драўляная, з хваёвых дошак. Паводле інфармацыі з «Ведамасцяў аб касцёлах за 1831 год», у інтэр’еры вылучаліся чатыры алтары, а таксама арган. Галоўны алтар змяшчаў абраз Святога Казіміра ў поўны рост, зверху знаходзіўся другі абраз Сэрца Збаўцы. Пад абразом Св. Казіміра вісеў герб ахвярадаўцаў Ельяшэвічаў. Другі алтар, па правым баку, з Укрыжаваным Ісусам Хрыстом, утрымліваў у падножжы 3 абразы: Святога Апостала Пятра, Святой Марыі Магдалены і Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Трэці алтар, па левым баку, меў абраз Божай Маці ў срэбранай рызе і абраз-копію Божай Маці Чанстахоўскай. Зверху месцаваўся абраз Бога Саваофа са Збаўцам, які ўскладае карону на галаву Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У чацвёртым алтары, па левым баку, былі выяўлены Збаўца і абраз Святога Антонія[5].
- Касцёл на старых здымках
-
Касцёл у 1913 годзе
-
Галоўны фасад касцёла, 1939 год
-
Выгляд касцёла ў 1950-я гады
-
Адзін з бакавых фасадаў, 1950-я гады
Зноскі
правіць- ↑ а б Славутасці Дрыбінскага раёна (руск.)(недаступная спасылка). Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт (30 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2019. Праверана 05.07.2019.
- ↑ а б Żyskar 1913, с. 99.
- ↑ І. А. Берднікава. Раснаўскі касцёл Казіміра // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5., с. 414
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze (польск.). — Warszawa, 1888., с.529
- ↑ а б в Касцёл св. Казіміра ў в. Расна (Дрыбінскі раён) . Магілёўскі і Бабруйскі дэканаты Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі (6 мая 2014). Праверана 05.07.2019.
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл., с.205
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze (польск.). — Warszawa, 1888.
- Żyskar F. J. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 1: Archidjecezja mohylowska. Z. 6: Dekanat klimowicko-mścisławski. Dekanat czerykowo-czausowski.. — Warszawa — Petersburg, 1913.