Адкрыць галоўнае меню

Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова

Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова (МЭТЗ імя В. І. Казлова) — прадпрыемства ў Мінску, размешчанае па адрасе вул. Уральская, 4. На 2011 г. з'яўляўся адным з найбольшых вытворцаў сілавых трансфарматараў у Еўропе[3].

Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова
Тып Адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне жнівень 1956
Размяшчэнне Мінск, вул. Уральская, д. 4
Галіна Прамысловасць
Прадукцыя Аўтазараднік, дызельны генератар, токаабмежавальны рэактар(англ.) бел., трансфарматар, электрабагравальнік, электрападстанцыя
Абарот 1356,080 млрд рублёў[1] (2015; $84,574 млн)[2]
Аперацыйны прыбытак 26,853 млрд руб ($1,675 млн)
Чысты прыбытак 14,520 млрд руб ($0,906 млн)
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Даччыныя кампаніі «Вітаўтаматыка» (Віцебск), «Лідскі завод электравырабаў» (Гродзенская вобласць), «Ратон» (Гомель), «Спецаўтаматыка» (Брэст)
Сайт metz.by

Вырабляе (2016) сілавыя масленыя і сухія трансфарматары; камплектныя трансфарматарныя падстанцыі(бел.) бел. (КТП); антырэзанансныя, рухавіковыя, сеткавыя і токаабмежавальныя рэактары(англ.) бел.; устаноўкі катоднай абароны; дызельныя электрастанцыі; аўтазараднікі акумулятараў; пусказарадныя прылады і стартавыя дроты для аўтамабіляў; зварачныя паўаўтаматы; канвектарныя(англ.) бел. электраабагравальнікі.

ГісторыяПравіць

Будаўніцтва завода пачалося ў 1953 годзе. У 1956 годзе завод выпусціў першую прадукцыю. З 1956 года называўся Мінскі дзяржаўны саюзны электратэхнічны завод. У 1957-1965 гадах пабудаваны галоўны і дапаможныя карпусы. У 1960 г. пачалі серыйны выраб трансфарматараў уласнай канструкцыі з алюмініевай абмоткай замест абмоткі даражэйшым медным дротам. У 1980 г. прыступілі да вырабу герметычных гафраваных трансфарматараў, якія абыходзіліся без замены масла цягам усяго тэрміна службы. Замест масларасшыральнікаў ціск пры нагрэве масла ў іх кампенсаваўся гофрамі бака. Гафраваны бак сталі запаўняць пад вакуумам маслам(бел. (тар.)) бел., якое папярэдне дэгазавалі для выкарыстання без замены цягам усяго тэрміна службы. Выраб гафраваных бакаў наладзілі на абсталяванні, набытым у французскага прадпрыемства «Альстом»(бел.) бел. (Сент-Уэн, дэпартамент Сен-Сен-Дэні, рэгіён Іль-дэ-Франс). У 1990 г. асвоілі выраб пласцін магнітаправодаў(англ.) бел. з электратэхнічнай сталі на аўтаматызаванай лініі, набытай у нямецкага прадпрыемства «Генрых Георг»(ням.) бел. (Кройцталь, Арнсбергская акруга, зямля Паўночны Рэйн — Вестфалія). Размяшчэнне такіх магнітаправодаў у трансфарматары дазволіла істотна скараціць страты электраэнергіі падчас працы пры халастым ходзе. Затым сумесна з нямецкім прадпрыемствам «Сіменс»(бел.) бел. (Мюнхен, зямля Баварыя) наладзілі вытворчасць сухіх трансфарматараў[3].

На 1999 г. Мінскі электратэхнічны завод вырабляў: сілавыя масленыя трансфарматары (да 1000 кілавольт-ампер); маламагутныя сухія трансфарматары (0,063-2,5 кілавольт-ампер); электрападстанцыі для электрастанцый, нафтаздабыўной прамысловасці і цеплаапрацоўкі бетону і грунту; прылады катоднай абароны магістральных трубаправодаў і падземных металічных збудаванняў;побытавыя зараднікі і пусказарадныя прылады; зварачныя трансфарматары; масленыя электраабагравальнікі[4]. У 2000 г. распрацавалі маслены герметычны трансфарматар з сіметравальнай прыладай (ТАГСП), якая дазволіла значна змякчыць скачкі напружання ў электрасетцы пры сілкаванні адчувальных прыбораў (аўтаматыка, камп'ютар, тэлевізар). Затым прыступілі да вырабу камплектных трансфарматарных падстанцыяў (КТП) у маналітнай бетоннай абалонцы. Для гэтай патрэбы завод мае ўласную бетонную вытворчасць у вёсцы Калядзічы (Мінскі раён). Найбольш шырока такія КТП закупаюцца жыллёва-камунальнымі гаспадаркамі. Таксама гэтыя КТП пастаўляліся для спартыўных будынкаў у Сочы (Краснадарскі край, Паўднёвая федэральная акруга, Расія), якія ўзводзіліся да Зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 года. КТП ва ўцепленай абалонцы пазней паставілі для дапаможных будынкаў Беларускай АЭС у Астраўцы (Гродзенская вобласць)[3].

У 2011 г. выраб трансфарматараў склаў каля 80% агульнага аб'ёму вытворчасці. Каля 80% вырабаў збылі ў Расію. Рэнтабельнасць продажаў склала 26,3%. На 2012 г. трансфарматары мелі магутнасць 10—2500 кілавольт-ампер і напругу да 35 кілават. Выпускаліся ў 3- і 1-фазным варыянтах для працы ва ўмовах ад халоднага да трапічнага клімату. Выкарыстоўваліся ў электрасетках напружаннем да 35 кілават, на чыгунцы, у нафтаздабычы і для цеплаапрацоўкі бетону ва ўмовах холаду. Сілавыя трансфарматары вырабляліся пераважна ў масленым, а таксама сухім выкананні. Сярод масленых трансфарматараў пераважалі герметычныя (ТАГ — трансфарматары масленыя герметычныя), якія працуюць без замены масла цягам усяго 30-гадовага тэрміна выкарыстання (гарантыйны тэрмін — 5 гадоў). Таксама выпускаліся: камплектныя трансфарматарныя падстанцыі (КТП) для электрыфікацыі жытла і ў прамысловасці; падстанцыі ўласных патрэб для электрастанцыі, нафта- і газаздабычы, цеплаапрацоўкі бетону і электрыфікацыі чыгункі; станцыі катоднай абароны ад карозіі магістральных трубаправодаў; маламагутныя трансфарматары для станкабудавання і аснашчэння шахт і марскіх суднаў; электразварачныя прылады; рубільнікі; дроселі для вулічнага асвятлення; зараднікі і пусказарадныя прылады для аўтамабіляў[3].

На 2011 г. «Мінскі электратэхнічны завод» меў аздараўленчы дзіцячы лагер і базу адпачынку «Моладзі» (Швабскі сельсавет, Лагойскі раён, Мінская вобласць)[3].

ХолдынгПравіць

КіраўнікіПравіць

Зноскі

  1. Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год (руск.) . Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (23 мая 2016). Праверана 17 кастрычніка 2016.
  2. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 034,24 за долар). Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (18 лістапада 2016). Праверана 17 кастрычніка 2016.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 Энергія развіцця // Звязда : газета. — 5 красавіка 2012. — № 66 (27181). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  4. Мінскі электратэхнічны завод // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 544 с.: іл. ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8.

СпасылкіПравіць