Сяргеевічы (Пухавіцкі раён)

аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі

Сярге́евічы[1] (трансліт.: Siarhiejevičy, руск.: Сергеевичи) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 43 км на захад ад Мар’інай Горкі, 58 кіламетраў ад Мінска, 18 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Рудзенск. На паўднёвым беразе Сяргееўскага возера (альт. Муха), на аўтадарозе Р69 Смалявічы — Шацк.

Аграгарадок
Сяргеевічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 394 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовы індэкс
222825
Аўтамабільны код
5
Сяргеевічы на карце Беларусі ±
Сяргеевічы (Пухавіцкі раён) (Беларусь)
Сяргеевічы (Пухавіцкі раён)
Сяргеевічы (Пухавіцкі раён) (Мінская вобласць)
Сяргеевічы (Пухавіцкі раён)

Назва ўтвораная ад імя ці прозвішча з асновай Сяргей[2].

Гісторыя

правіць

Вёска адносіцца да ліку старажытных паселішчаў.

Вялікае Княства Літоўскае

правіць
 
Януш Збаражскі, першы вядомы ўладальнік Сяргеевічаў. Фрагмент карціны Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам[d]» (1872)

У пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя, калі была ўласнасцю Збаражскіх, да якіх, як мяркуецца, перайшла ў спадчыну ад князёў Заслаўскіх. Уваходзіла ў склад Менскага павета Вялікага Княства Літоўскага[2]. У 1596 годзе Сяргеевічы былі ўласнасцю Януша Мікалаевіча Збаражскага, ваяводы брацлаўскага, які памёр у 1608 годзе[3].

Дакладна невядома, якім чынам у пачатку XVII стагоддзя Сяргеевічы сталі ўласнасцю Радзівілаў, Януша Радзівіла і ягонай жонкі Соф’і з Алелькавічаў. Дакументам ад 14 сакавіка 1606 года, засведчаным у трыбунале віленскім, Януш і Сафія Радзівілы аддаюць у заклад Сяргеевічы разам з Кавалевічамі і з даменам Хатляны, Свянтохне Акунёўне Бальцаровай Раецкай, войскай троцкай, у суме 4000 кап грывень літоўскіх, заклад з часам быў выплачаны. У радзівілаўскім інвентары землі згадваюцца як «бакштанскія» (г. зв. «Бакштанскае графства»). Пазней спадчыннікамі сталі Якуб і Ганна Прошыцы, якія ў 1617 годзе прадалі Сяргеевічы і суседнія вёскі Янушу Быхаўцу. Януш Быхавец быў забіты ў маёнтку Таўкачэвічы ў часе наезду суседам Андрэем Вінкам з Шацка ў 1620 годзе, фальварак быў разбураны. Нашчадкі аддалі маёнтак у заклад, уладальнікі пастаянна мяняліся[3].

У канцы XVII стагоддзя ўласнасць Заранкаў-Гарбоўскіх герба «Корчак», цэнтрам уладанняў былі Дудзічы. Казімір Заранак, сын Браніслава, падчашы ваўкавыскі, з жонкай Лахоўскай меў дзвюх дачок: Елізабету і Аляксандру, для якіх у 1748 годзе набыў дадатковыя землі вакол уладанняў. Падзяліў іх на 2 часткі: дамен Хатляны ўзяла Елізабета, у шлюбе Завіша; Аляксандра, якая не была ў шлюбе, атрымала Дудзічы з прылеглымі вёскамі, у тым ліку Сяргеевічы. Каля 1760 года Казімір Заранак памёр, Дудзічамі і ваколіцамі валодала асабіста Аляксандра. 27 верасня 1767 года Аляксандра пабралася шлюбам з Юзафам Прозарам старостам жмудскім, пазней ваяводам віцебскім. Яны мелі дзвюх дачок: Барбару і Ружу. Аляксандра Прозарава памерла ў Дудзічах у 1768 годзе, дочкамі да паўналецця апекаваўся Юзаф Прозар, пазней перадаўшы апеку ксяндзу Букатаму, канцыляру віленскай кафедры. У 1785 годзе Барбара і Ружа выйшлі замуж, а пазней падзялілі маёмасць. Сяргеевічы з навакольнымі вёскамі атрымала Барбара, якая пабралася шлюбам з Францішкам Букатым[d], падкаморыем надворным і шамбелянам, пазнейшым паслом Рэчы Паспалітай ў Вялікабрытаніі. Праз тое, што Францішак Букаты быў паслом у Лондане, ён не мог даглядаць свае ўладанні на Літве, таму даверыў гэта прэлату Антонію Букатаму. У 1790 годзе сяргеевіцкую пушчу набыў купец Затман[4].

Пад уладай Расійскай імперыі

правіць
Сяло і двор Сяргеевічы з ваколіцамі на плане генеральнага межавання Мінскай губерні 1800 г.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, у складзе Ігуменскага павета Мінскай губерні.

Францішак Букаты памёр у 1797 годзе, а Барбара Букатова з Прозараў другі раз пабралася шлюбам з Ксаверыем Ліпскім герба «Грабе», кашталянам лянчыцкім. У 1800 годзе вёска Сяргеевічы, 2 млыны, Георгіеўская царква. Ксаверый Ліпскі ў часе кампаніі 1812 года на кароткі час стаў мэрам Мінска за ўладай Напалеона, пасля паражэння французскай арміі пад Барысавам Ліпскі злажыў урад і атрымаў амністыю[5].

У 1828 годзе Сяргеевічы адабраныя на карысць крэдытораў, а ў 1833 годзе іх набыў за 14000 рублёў Тадэвуш Завіша. У 1844 годзе тут пабудавана з дрэва на сродкі прыхаджан і Завішаў новая прыхадская праваслаўная Георгіеўская царква. Ян Завіша, сын Тадэвуша ў 1859 годзе саступіў Сяргеевічы Касперу, аднаму з сыноў Ліпскага, за тыя ж 14000 рублёў, якія патраціў Тадэвуш Завіша. Пасля смерці Каспера ў 1862 годзе Сяргеевічы перайшлі Ельскім, кроўным памерлага. Ельскія ў 1865 годзе перадалі іх ксяндзу Аўгусціну Ліпскаму, які ў 1868 годзе прадаў Сяргеевічы Пятру Папову[5].

Пасля 1861 года сяло Цітвянскай воласці Ігуменскага павета. У 1884 годзе адкрытая царкоўна-прыходская школа. У 1886 годзе распаўсюджаныя промыслы: прадзільны, ткацкі, шавецкі, кравецкі, выраб вапны. У 1897 годзе сяло, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, карчма, царква[6].

Найноўшы час

правіць
 
Карта ваколіц Шацка 1927 года, на якой пазначана вёска Сяргеевічы

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай воласць абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ). З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Яшчэ ў 1918 годзе была адкрытая школа, у 1922 годзе у школе 1-й ступені было 70 вучняў[6]. З 20 жніўня 1921 года вёска, а з 20 жніўня 1924 года цэнтр Сяргеевіцкага сельсавета, Шацкага раёна Менскай акругі. З 26 ліпеня 1930 года ў Пухавіцкім раёне, з 12 лютага 1935 года ў Рудзенскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.

 
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 года акупаваная войскамі нацысцкай Германіі. У раёне вёскі дзейнічала антыфашысцкае падполле, савецкая партызанская брыгада «Беларусь». У 1944 годзе немцы спалілі вёску, забілі 42 жыхароў[6]. Пасля вайны вёска адноўленая.

З 20 студзеня 1960 года ў Пухавіцкім раёне. Да 29 чэрвеня 2006 года Сяргеевічы былі цэнтрам Сяргеевіцкага сельсавета[7]. З 2006 года па 28 мая 2013 года ў складзе Праўдзінскага пассавета[8].

Насельніцтва

правіць
  • 1800 — 22 двары, 171 жыхар
  • 1886 — 28 двароў, 262 жыхары
  • 1897:
    • сяло — 78 двароў, 440 жыхароў
    • маёнтак — 12 жыхароў
  • 1908:
    • сяло — 97 двароў, 571 жыхар
    • маёнтак — 4 жыхары
  • 1917:
    • сяло — 115 двароў, 667 жыхароў
    • маёнтак — 45 жыхароў
  • 1940—140 двароў, 560 жыхароў
  • 1999—506 жыхароў
  • 2002—197 двароў, 482 жыхары[9]
  • 2010—417 жыхароў
  • 2012—163 гаспадаркі, 422 жыхары
  • 2019—394 жыхары[10]

Інфраструктура

правіць
  • Лясніцтва
  • Шацкая паляўнічая гаспадарка
  • База адпачынку «Фаварыт-гранд»
  • Сярэдняя школа
  • Дом культуры
  • Бібліятэка
  • Аддзяленне сувязі
  • Фельчарска-акушэрскі пункт

Спіс вуліц

правіць
 
Жылы дом
  • Азёрная вуліца
  • Азёрны завулак
  • Новая вуліца
  • Партызанская вуліца
  • Савецкая вуліца
  • Савецкі завулак
  • Садовая вуліца
  • Садовы завулак
  • Саўгасная вуліца
  • Усходняя вуліца
  • Усходні завулак[11]

Славутасці

правіць
 
Свята-Раства-Багародзіцкая царква

Страчаная спадчына

правіць
  • Царква Святога Георгія (1841)

Вядомыя асобы

правіць
  • Іван Юркевіч (1902—1991) — беларускі вучоны-геабатанік.
  • Мікалай Юркевіч (1928—2017) — беларускі юрыст, сацыёлаг.
  • Васіль Сюльжын (нар. 1946) — беларускі спартсмен (вольная барацьба), трэнер, заслужаны майстар спорту СССР.
  • Лідзія Навічыхіна (нар. Юркевіч; 1934—2020) — беларускі травазнавец-лекар, спецыялістка па тэхнічным чарчэнні. Аўтар кніг пра лекавыя расліны, па фітатэрапіі і раслінаводстве, а таксама даведачных і вучэбных дапаможнікаў па чарчэнні. Кандыдат тэхнічных навук.

Крыніцы

правіць
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пухавіцкага раёна / Укл. А. А. Прановіч. — Мн., 2003.— 749 с.: іл. С. 723
  3. а б Jelski A. 1889, с. 588.
  4. Jelski A. 1889, с. 589.
  5. а б Jelski A. 1889, с. 590.
  6. а б в Сяргеевічы // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 186-187. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  7. Решение Минского областного Совета депутатов от 29 июня 2006 г. № 222 «Об упразднении Горелецкого, Краснооктябрьского, Селецкого, Сергеевичского сельсоветов и изменении границ Новоселковского, Пуховичского, Ветеревичского сельсоветов и Правдинского поссовета Пуховичского района» (руск.)
  8. «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
  9. БелЭн 2002.
  10. Belarus. pop-stat.mashke.org. Праверана 19 лютага 2024.
  11. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса. Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.(недаступная спасылка)

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць