Гісторыя Пухавіцкага раёна

Пухавіцкі раён (афіц. транс.: Puchavicki rajon) — адміністрацыйная адзінка Мінскай вобласці. З 29 ліпеня 1925 года раённы цэнтр — Мар’іна Горка. З 17 чэрвеня 1924 гада да 29 ліпеня 1925 год цэнтрам раёна была вёска — Пухавічы.

Старажытная гісторыя правіць

 
Гарадзішча з сямейным пахаваннем Ельскіх

Першы чалавек на тэрыторыі Пухавіцкага раёна з’явіўся ў 10-м тыс. да н.э. Рэшткі селішчаў чалавека каменнага веку выяўлены каля в. Сяргеевічы і Падгацце. Каменныя шліфаваныя сякеры і адломкі керамікі бронзавага веку (2-е тыс. да н.э. — 7 в. да н.э.) знойдзены каля в. Бужа, Дрычын, Лядцо, Паддуб’е, Церабель, Уборкі. Гарадзішчы і паселішчы жалезнага стагоддзя (7 в. да н.э. — 9 в. н.э.) выяўлены блізу в. Блужзкi Бор, Балачанка, Бор, Вялікае Поле, Дудзічы, Жораўка, Кавалевічы, Лешнiца, Мацеевічы, Міжрэчча, Паддуб’е, Светлы Бор, Церабуты. У 8—9 стст. рассяленне ўсходнеславянскага племені дрыгавічоў на тэрыторыі раёна.

Полацкае княства правіць

З 12 ст. да сярэдзiны 14 ст. сучасная Пухаўшчына спачатку уваходзiла ў Полацкае княства, у 13 ст. ў складзе Менскага і Свіслацкага ўдзела.

Паўднёвая частка сучаснага Пухавіцкага раёна ўваходзіла ў склад Свіслацкага княства. Свіслач — цэнтр княства і воласці ў 12-17 ст. — цяпер вёска ў Асіповіцкім раёне, там, дзе рака Свіслач упадае ў Бярэзіну. Лінія падзелу праходзіла па вёсках Суцін — Арэшкавічы — Балоча. Свіслацкае княства ўвайшло ў ВКЛ у 1350-ыя гады, пасля смерці апошняга свіслацкага князя Сямёна, бо ў яго не было нашчадкаў.

 
Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей. Археалагічныя аб’екты Пухавіцкага раёна‎.

Паўночная частка сучаснага Пухавіцкага раёна адносілася да Менскага княства, якое аддзялілася ў 12 ст. ад Полацкай зямлі. Абставіны і дакладны час уваходжання Менскага княства ў ВКЛ не вызначаны. Гэты працэс адбываўся ў другой палове 13 — першай чвэрці 14 ст.

Вялікае Княства Літоўскае правіць

 
Касцёл езуітаў у Блоні. Малюнак 19 ст. (з кнігі А. Кулагіна «Каталіцкія храмы на Беларусі»).

З 1350 г. па 1569 г. сучасная Пухаўшчына ўваходзiла у склад Вялікага Княства Літоўскага, а з 1569 г. па 1793 г. — у Рэч Паспалітую. Знаходзілася ў складзе Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Большая частка тэрыторыі спачатку ўвайшла ў склад воласці Бакшты, а паўднёва-усходняя — у склад Свіслацкай воласці ВКЛ. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 г. гэтыя землі ўвайшлі ў склад Віленскага ваяводства — Менскага павета і Свіслацкай воласці. Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гг. тэрыторыя сучаснага Пухавіцкага раёна ўвайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства ВКЛ.

У 1492 г. упершыню ў дакументах упамінаецца паселішча Шацк.

У 15 — 16 стст. адбылося расяленне татар у Бакштанскай воласці (на ўскрайку сённяшніх Смілавіч). На той час пасяленні Блужа, Дукора, Пухавічы, Цітва і Шацк ужо былі пазначаны на геаграфічных картах Усходняй Еўропы.

У сярэдзіне 16 ст. Пухавіччына ўвайшла ў склад Менскага і Свіслацкага павета Менскага ваяводства.

У 1708 г. у час Паўночнай вайны шведскія войскі караля Карла XII знаходзіліся ў Дукоры.

У 1748 г. у в. Блонь быў пабудаваны драўляны касцёл і езуіцкі кляштар.

У складзе Расійскай імперыі правіць

 
Сядзіба Ашторпаў. Н. Орда, 1876

У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Пухавіччына адышла да Расійскай імперыі.

У 1795 г. Пухавіччына увайшла ў склад Ігуменскага павета Мінскай губерні.

У 1812 г. землі Пухавіччыны спусташоны ў час вайны Расіі з Напалеонам.

У 1826 г. у Блоні пабудавана Свята-Троіцкая царква.

У 1863 г. бой паўстанцкага атрада С.Ляскоўскага з царскімі войскамі каля в. Суцін.

У 1873 г. праз тэрыторыю Пухавіччыны пралягла Лібава-Роменская чыгунка.

У 1876 г. у мястэчку Мар’іна Горка пабудаваны сядзібна-паркавы комплекс і адкрыта ніжэйшае сельскагаспадарчае вучылішча.

У 1879 г. у Мар’інай Горцы пабудаваны праваслаўны храм Успення маці Божай.

З 1899 г. па 1908 г. у вёсцы Блонь дзейнічала сялянская арганізацыя.

Найноўшы час правіць

 
Пухавічы у 1918 г.
 
Вучылішча, да 1918
 
Вёска Церабель. Абеліск землякам, загінулым у Другой сусветнай вайне

У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года Пухавіччына была пад акупацыяй войскаў кайзераўскай Германіі.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя Пухавіччыны абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі тэрыторыя Пухавіччыны увайшла ў склад БССР. Да 17.07.1924 у складзе Ігуменскага (з 1923 г. Чэрвенскага павета) Мінскай губерні.

Са жніўня 1919 да 9 ліпеня 1920 тэрыторыя Пухавіччыны знаходзілася пад польскай уладай. Дзейнічаў дукорскі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам А. А. Блажко і М. І. Рудовіча.

У 1921 г. на базе Мар’інагорскай земляробчай школы адкрыты сельгастэхнікум.

17 ліпеня 1924 г. быў заснаваны Пухавіцкі раён з цэнтрам у мястэчку Пухавічы. 20 жніўня 1924 г. раён быў падзелены на 12 сельсаветаў: Блонскі, Блужскі, Балачанскі, Дрычынскі, Кнорынскі, Навасёлкаўскі, Пудзецкаслабодскі, Сінчанскі, Слабадскі, Суцінскі, Талькаўскі. 18 снежня 1925 г. быў утвораны Пухавіцкі сельсавет, а Слабадскі ліквідаваны.

З 1924 па 1930 год у складзе Мінскай акругі.

29 ліпеня 1925 г. адбыўся 1-ы раённы з’езд Саветаў, які прыняў рашэнне перанесці раённы цэнтр у Мар’іну Горку. Першым сакратаром райкома партыі тады працаваў Башко, старшынёй райвыканкома — Маркоўскі, сакратаром райкома камсамола — Садоўскі.

У жніўні 1927 г. далучаны Гарэлецкі, Сяргеевіцкі, Цітвянскі, Шацкі сельсаветы ліквідаванага Шацкага раёна, а 18 студзеня 1931 г. у раён увайшлі яшчэ Дудзіцкі, Азярычынскі, Вузлянскі сельсаветы лікві­даванага Самахвалавіцкага раёна.

З 1930 года па 1938 год у прамым падначаленні БССР. З 20 лютага 1938 года ў складзе Мінскай вобласці.

У 1932 годзе пасяўная плошча ў раёне складала 72 тысячы 423 гектары[1].

У 1935 г. (люты-ліпень) утвораны Рудзенскі раён з адміністрацым цэнтрам у Рудзенску.

У 1938 г. пасёлку Мар’іна Горка нададзены статус гарадскога пасёлка. Зноў утвораны Рудзенскі раён (існаваў да 1960 г.).

З 1940 г. па май 1941 г. у Мар’інай Горцы знаходзілася ваенна-пяхотнае вучылішча.

У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 г. да пачатка ліпеня 1944 г. акупіравана нямецкімі войскамі. Пухавіччыну вызвалялі войскі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў у ходзе праведзенай на другім этапе аперацыі «Баграціён», якая праходзіла з 29 чэрвеня да 4 ліпеня 1944 г.

27 чэрвеня 1944 г. танкавы корпус генерала Бахарава і гвардзейскі корпус генерала М. Ф. Панова акружылі 40-тысячную групоўку праціўнікаў у раёне Бабруйска. Баі ішлі два дні і былі ўпартымі і жорсткімі. Бабруйск быў вызвалены 29 чэрвеня. Генерал М. Ф. Паноў атрымаў новую задачу — наступаць уздоўж шашы Бабруйск — Мінск на Пухавічы.

Ужо некалькі дзён у гэтым напрамку вялі разведку байцы гвардзейскага матацыклетнага батальёна. Па яго слядах ішла гвардзейская танкавая брыгада палкоўніка Б. В. Шульгіна з палком знішчальнай артылерыі, самаходна-артылерыйскім палком і сапёрным батальёнам.

Воінам гвардзейскага сапёрнага батальёна палкоўніка Гудымы ўдалося непрыкметна для ворага падрыхтаваць пераправу цераз раку Таль і ўдарыць па варожых пазіцыях. Тут асабліва вызначыўся танкавы батальён капітана К. І. Навумава, які нанёс ўдар з тылу. Капітану Навумаву за баі па зямлі Пухавіччыны было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза

3-ці матастралковы батальён капітана І. Р. Кабякова, зламаўшы супраціўленне праціўніка, пераследаваў яго і 3 ліпеня ўступіў у Мар’іну Горку.

У цэлым, па афіцыйных падліках, Пухавіцкі раён (у сённяшніх межах) страціў у другой сусветнай вайне — 11 238 чал., дзе 5895 чал. мірнага насельніцтва, 4141 чал. загінула на франтах, 1192 чал. — у партызанскіх атрадах.

22 ліпеня 1955 г. Мар’іна Горка атрымала статус горада.

17 снежня 1956 года ў склад раёна са скасаванага Грэскага раёна ў склад Пухавіцкага перададзены Селецкі сельсавет[2].

У 1960 годзе да Пухавіцкага раёна была далучана частка расфарміраванага Уздзенскага і ўвесь скасаваны Рудзенскі, у выніку чаго плошча Пухавіцкага раёна склала 2512 км², а насельніцтва — 100,8 тыс. чалавек. У 1966 годзе ў выніку другога этапу адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы, ізноў створанаму Уздзенскаму раёну была вернута яго частка з плошчы Пухавіцкага раёна.

У лютым 1974 г. адкрыты раённы краязнаўчы музей у в. Дукора (у 1993 г. пераведзены ў в. Блонь).

4 ліпеня 2002 г. зацверджаны герб і сцяг Мар’інай Горкі і Пухавіцкага раёна.

Музеі правіць

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. http://www.gorka.by/?p=51440
  2. http://lawsby.narod.ru/razdel4/num1/4d1535.html Архівавана 12 ліпеня 2012. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 1956 г. «Пра скасаванне некаторых раёнаў Рэспублікі Беларусь»

Літаратура правіць

  • Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9