Культура лінейна-стужкавай керамікі
Культура лінейна-стужкавай керамікі (ад ням.: Linearbandkeramische Kultur) — найстаражытнейшая неалітычная культура Еўропы, носьбіты якой займаліся сельскай гаспадаркай. Ахоплівала перыяд першай паловы 6 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 5 тысячагоддзя да н. э.
Культура лінейна-стужкавай керамікі Неаліт | ||||
---|---|---|---|---|
Геаграфічны рэгіён | Еўропа | |||
Лакалізацыя | Заходняя Еўропа, Цэнтральная Еўропа, Усходняя Еўропа | |||
Датаванне | першая палова 6 тысячагоддзя да н.э. — пачатак 5 тысячагоддзя да н.э. | |||
Тып гаспадаркі | сельская гаспадарка, паляванне, збіральніцтва | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Храналогія
правіцьТрадыцыйная перыядызацыя культуры лінейна-стужкавай керамікі заснавана на вывучэнні керамічных вырабаў. Яна ўключае наступныя фазы развіцця[1]:
- Найстаражытнейшая (5700 г. да н. э. — 5500 г. да н. э.)
- Старажытная (5500 г. да н. э. — 5300 г. да н. э.)
- Малодшая і маладзейшая (5300 г. да н. э. — 4900 г. да н. э.)
Сучасныя даследчыкі распрацоўваюць болей дакладную храналогію на лакальным узроўні з дапамогай радыёвугляроднага датавання.
Распаўсюджанне
правіцьНазва культуры лінейна-стужкавай керамікі ўпершыню была выкарыстана енскім навукоўцам Фрыдрыхам Клопфляйшам у 1883 г.[2] для характарыстыкі аднолькавых неалітычных пасудзін у калекцыі яго ўніверсітэцкага музея. Яны былі арнаментаваны парамі паралельных ліній, размешчаных па спіралі.
У нашы дні геаграфічная прастора культуры ўключае значныя тэрыторыі Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, усход і часткова поўнач Францыі, усход Бельгіі, захад Украіны, паўднёвы захад Славакіі, поўдзень Польшчы. Такім чынам, тэрытарыяльна культура лінейна-стужкавай керамікі — адна з найбуйнейшых археалагічных культур эпохі каменнага веку ў Еўропе. Археолагі лічаць, што яе з’яўленне вызначыла пераход ад ранняга да сярэдняга неаліту.
На раннім этапе кераміка нават з аддаленых рэгіёнаў адрознівалася значным падабенствам. Толькі пазней сфарміраваліся лакальныя асаблівасці. У прыватнасці, вылучаюць наступныя рэгіянальныя культурныя групы[3]:
Найбольш маладыя помнікі культуры лінейна-стужкавай керамікі датуюцца 5000 — 4900 гг. да н. э. Такім чынам, сярэдняя хуткасць яе распаўсюджання была каля 3,5 км — 5 км у год[4].
Паходжанне
правіцьНайбольш раннія стаянкі культуры лінейна-стужкавай керамікі былі выяўлены ў Сярэднедунайскай нізіне. Іх адносяць прыкладна да 5700 г. да н. э.[5] Адсюль культура пачала распаўсюджвацца на ўсход, поўнач і захад. У 1960 г. была прапанавана гіпотэза, згодна з якой яе ўзнікненне было звязана з папярэдняй Старчава-Крышскай культурай[6]. Пазней гэты пункт гледжання быў прыняты большасцю даследчыкаў.
У 1993 г. паміж археолагамі разгарнулася дыскусія аб паходжанні людзей, што былі носьбітамі культуры лінейна-стужкавай керамікі. Высоўваліся 2 асноўныя версіі[7]:
- Носьбіты культуры лінейна-стужкавай керамікі з’яўляліся нашчадкамі папярэдняга мезалітычнага насельніцтва Еўропы, якія прынялі сельскую гаспадарку ў якасці вонкавага запазычвання
- Носьбіты культуры лінейна-стужкавай керамікі паходзяць ад перасяленцаў з Малой Азіі, дзе земляробства і жывёлагадоўля ўзніклі значна раней
На карысць другой версіі было тое, што папярэдняе насельніцтва паляўнічых і збіральнікаў не было шчыльным, на ранніх стаянках культуры лінейна-стужкавай керамікі знойдзены ракавіны міжземнаморскіх малюскаў, іх жыхары карысталіся іншай тэхналогіяй апрацоўкі крэмніевых пласцін. Палеагенетычныя даследаванні, апублікаваныя ў 2009 г. і 2010 г.[8], сведчаць пра тое, што носьбіты культуры лінейна-стужкавай керамікі значна адрозніваліся ад абарыгенаў эпохі мезаліту і мелі падабенства з сучаснымі насельнікамі Блізкага Усходу і Малой Азіі. Відавочна, аднолькавае з імі паходжанне мелі носьбіты культуры кардыяльнай керамікі на поўдні Еўропы.
Матэрыяльная культура
правіцьНосьбіты культуры лінейна-стужкавай керамікі звычайна сяліліся ў далінах буйных рэк, аднак будавалі свае паселішчы каля іх прытокаў. Некаторыя з іх былі дастаткова вялікімі і сталымі. Аднак у даліне Рэйна на захадзе сучаснай Германіі пераважалі дробныя гаспадаркі, што месціліся за некалькі сотняў метраў адна ад іншай. Хаця шчыльнасць насельніцтва значна пераважала папярэднюю, даследаванне ў дунайскай вобласці на поўдні Германіі паказала, што некаторыя ўжо абжытыя мясціны пакідаліся на дзесяцігоддзі[9].
Для культуры лінейна-стужкавай керамікі характэрны доўгія хаціны са слупавой канструкцыяй[10]. У даліне Эльбы даўжыня некаторых з іх перавышала 30 м[11]. Матэрыялам сцен маглі быць драўляныя бярвенні або драўляныя рамы, якія абмазваліся глінай. Слупы трымалі дах і ладзіліся шчыльна як уздоўж сцен, так і знутры будынкаў. Унутраная прастора падзялялася на асобныя камеры. Іх маглі выкарыстоўваць для жылля, захавання прадуктаў і рэчаў, трымання ўзімку свойскай жывёлы. Хаціны былі арыентаваны з усходу на захад. Каля іх рылі яміны, што выкарыстоўваліся для збору смецця[12].
Каменныя прылады працы вырабляліся з крамянёвых адшчэпаў у форме шырокіх доўгіх лёзаў з пляскатымі платформамі. Тыповыя інструменты: канцавыя скрабкі, серпападобныя лёзы, мікралітычныя навершы, свярдзелы, керны для шліхтавання, плоткі[13]. Шырока распаўсюджаны касцяныя прылады з тоўстых костак хатняй жывёлы, рогаў аленяў[14]. Часцяком яны арнаментаваліся і маглі выкарыстоўвацца не толькі ў побыце, але і ў якасці ўпрыгожванняў або падчас набажэнстваў. Косць, вапняк і ракавіны малюскаў ішлі на вытворчасць упрыгожванняў. Керамічныя вырабы ўяўлялі сабою простыя пасудзіны для захоўвання і вытанчаныя аздобленыя гаршкі, функцыі якіх не зусім зразумелы. У ранні перыяд пераважала пляскатае дно, пазней — круглявае.
Галоўнымі заняткамі насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля, хаця паляванне і збіральніцтва таксама адыгрывалі значную ролю[15]. Для забеспячэння ежай вырошчвалі пераважна зёлкавыя (пшаніцу, у меншай ступені — ячмень, быў вядомы авёс) і бабовыя (гарох і сачавіцу). Акрамя таго, на палетках сеялі лён і опіумны мак. Мяркуюць, што пераважала падсечна-агнявая лядная сістэма. Яна хутка вяла да збяднення глебы, а таму патрабавала кожныя некалькі гадоў мяняць надзелы і ў выніку перасяляцца ў іншы раён. Так, неалітычная вёска, знойдзеная археолагамі каля Кёльна, існавала на працягу 370 гадоў цыклічна[16]. У сярэднім, яна была населена 10 гадоў. Потым гэта месца пакідалася на 50 гадоў. У іншых месцах такое цыклічнае існаванне цягнулася ад 600 да 900 гадоў.
Носьбіты культуры лінейна-стужкавай керамікі трымалі авечак, кароў, коз і свінняў. Некаторыя даследчыкі падазраюць, што ад тагачаснай пароды авечак не атрымоўвалі воўну[17]. Тым не меней, яны давалі мяса, малако, косткі для вырабу прылад і гной для ўгнаення. Палявалі сезонна ўвосень або ўзімку, часцей аленяў, дзікоў, казуль, зуброў, баброў, вельмі рэдка коней і мядзведзяў[18].
-
Мадэль жытла
-
Мадэль паселішча
-
Нажы з каменнымі лёзамі
-
Навершы стрэл
Грамадства
правіцьСучаснае мадэляванне гаспадаркі культуры лінейна-стужкавай керамікі дэманструе, што найбольш эфектыўнай формай яе дзейнасці была абшчына, якая складалася з вялікіх пашыраных сем’яў[19]. Сям’я самастойна апрацоўвала палеткі, размяркоўвала іншыя гаспадарчыя працы паміж чальцамі. Аднак сямейная жывёла пасвілася ў агульным статку. Мелася магчымасць абшчыннай узаемадапамогі пры сяўбе або зборы ўраджаю. Ускосным сведчаннем існавання пашыраных сем’яў з’яўляюцца доўгія хаціны. Відавочна, кожная абшчына ўяўляла сабою самастойную палітычную арганізацыю. Аднак яе ўнутраны лад застаецца дыскусійным. Высоўваюцца думкі, што яна магла быць матрыярхальнай або кіравацца амбітнымі мужчынамі[20]. Тое, што пахаванні з багатым інвентаром характэрны толькі для старых памерлых, сведчыць пра болей высокі сацыяльны статус, які набываўся з узростам.
Абшчыны культуры лінейна-стужкавай керамікі былі інтэграваны са сваімі суседзямі і мелі шырокія вонкавыя сувязі. Дзякуючы гэтаму адбываўся абмен на працягу сотняў кіламетраў, у тым ліку жыццёва неабходнымі матэрыяламі накштал крэмнію, а ракавіны малюскаў траплялі ад Чорнага і Эгейскага мораў у Цэнтральную Еўропу. Некаторыя абшчыны набывалі пэўную спецыялізацыю. Так, абшчына ў Лангвайлеры апрацоўвала скуры для абмену, а абшчыны ў Хаспенгау спецыялізаваліся на вытворчасці прадметаў паўсядзённага попыту накшталт керамічных і каменных вырабаў[21]. Абмен закранаў аўтахтонныя плямёны паляўнічых і збіральнікаў, што працягвалі суіснаваць у наваколлі.
У мінулым лічылася, што працэс пашырэння культуры лінейна-стужкавай керамікі быў мірным. Аднак археолагі выявілі ўмацаванні, звычайныя для новых паселішчаў. Яны мелі форму V-падобных роваў з унутранымі частаколамі і траншэямі. Праз некаторы час, калі пагроза звонку абмінала перасяленцаў, іх засыпалі[22]. Падчас даследаванняў шэрагу помнікаў культуры лінейна-стужкавай керамікі былі знойдзены сведчанні масавых забостваў, характэрных для ваенных дзеянняў. Іх ахвяр хавалі неахайна, яны мелі сляды траўмаў і раненняў, забойстваў стрэламі або ўдарам сякеры па галаве[23]. Ахвярамі масавага гвалту часам станавіліся жанчыны і дзеці[24]. Вядомы выпадкі канібалізму. Найлепей вывучаны выпадак у Герксгайме , дзе ахвярамі людажэрства маглі стаць каля 500 чалавек, забітых на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў[25]. Сярод іх былі дзеці ад 5 да 15 гадоў і чалавечыя эмбрыёны ад 34 да 36 тыдняў[26]. Ва ўсходнім рэгіёне распаўсюджання культуры лінейна-стужкавай керамікі каля 2,2 % пахаваных мелі гвалтоўныя траўмы, атрыманныя падчас жыцця. У заходнім рэгіёне — каля 19 % пахаваных[27]. Абедзве лічбы надзвычай высокія, але грамадства заходняй часткі культуры выглядае найбольш жорсткім.
Мала вядома пра рэлігійныя ўяўленні прадстаўнікоў культуры лінейна-стужкавай керамікі. Марыя Гімбутас уключала яе ў арэал іншых неалітычных культур, дзе нібы практыкавалася шанаванне багінь-маці[28]. Меркаванні даследчыцы абапіраліся на знаходкі статуэтак з выявамі жанчын, але яна ігнаравалі іншыя тлумачэнні. У нашы дні рэканструкцыі М. Гімбутас прызнаюцца даволі адвольнымі[29]. Пакуль адзінай надзейнай крыніцай, якая апавядае пра вераванні людзей той пары, з’яўляюцца пахаванні. У межах культуры лінейна-стужкавай керамікі практыкаваліся інгумацыя, крэмацыя і пахаванне толькі пэўнай часткі шкілета. Пахаванні адбываліся на могілках каля вёсак, радзей у паселішчах або ў асаблівых мясцінах — пячорах або агарожах. Яміны для нябожчыкаў мелі авальную форму, мёртвых клалі ў скручаным становішчы, часам цела арыентавалі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Крэміраваныя рэшткі хавалі звонку паселішча, не так глыбока, як інгумаваных[30]. Пахавальны інвентар незвычайна багаты, але найчасцей прадстаўлены ўпрыгожваннямі або элементамі вопраткі: вянкамі, грабянямі, пацеркамі, паясамі, бранзалетамі з ракавін малюскаў, косці, зубоў (у тым ліку чалавечых) і камянёў.
Крыніцы
правіць- ↑ First Farmers of Central Europe — Encyclopedia.com
- ↑ The Oxford Handbook of Neolithic Europe 2015, p. 555.
- ↑ The Linear Pottery culture (Donau-Archäologie)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 лютага 2022. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ First Farmers of Central Europe — Encyclopedia.com
- ↑ Hirst, K. Kris. «Linearbandkeramik Culture — European Farming Innovators.»
- ↑ The Linear Pottery culture (Donau-Archäologie)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 лютага 2022. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ The Linear Pottery culture (Donau-Archäologie)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 лютага 2022. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ Lorkiewicz, W., Płoszaj, T., Jędrychowska-Dańska, K., Żądzińska, E., Strapagiel, D., Haduch, E., Szczepanek, A., Grygiel, R., & Witas, H. W. (2015). Between the Baltic and Danubian Worlds: the genetic affinities of a Middle Neolithic population from central Poland. PloS one, 10(2)
- ↑ Joachim Pechtl Constant change of LBK settlement in the upper Danube region. Quaternary International. Volumes 560—561, 20 September 2020, Pages 240—247
- ↑ Pavlu, Ivan. (2016). Linear Pottery Houses and Their Inhabitants. Open Archaeology. 2. 10.1515/opar-2016-0027
- ↑ Mysterious Circular Structures and a Vanished Culture in the middle of Europe
- ↑ Lamys Hachem, Caroline Hamon. Linear Pottery Culture Household Organisation. An Economic Model. Alasdair Whittle and Penny Bickle. Early farmers, The view from Archaeology and Science, Oxford University Press, pp.159-180, 2014
- ↑ First Farmers of Central Europe — Encyclopedia.com
- ↑ Lamys Hachem, Caroline Hamon. Linear Pottery Culture Household Organisation. An Economic Model. Alasdair Whittle and Penny Bickle. Early farmers, The view from Archaeology and Science, Oxford University Press, pp.159-180, 2014
- ↑ Mehdi Saqalli, Aurélie Salavert, Stéphanie Bréhard, Robin Bendrey, Jean-Denis Vigne, et al. Revisiting and modelling the woodland farming system of the early Neolithic Linear Pottery Culture (LBK), 5600-4900 B.C. Vegetation History and Archaeobotany, Springer Verlag, 2014, 23 (Supplement 1), pp.37-50
- ↑ Гл.: Piggott, S. Ancient Europe — Routledge, 2007
- ↑ Mehdi Saqalli, Aurélie Salavert, Stéphanie Bréhard, Robin Bendrey, Jean-Denis Vigne, et al. Revisiting and modelling the woodland farming system of the early Neolithic Linear Pottery Culture (LBK), 5600-4900 B.C. Vegetation History and Archaeobotany, Springer Verlag, 2014, 23 (Supplement 1), pp.37-50
- ↑ Joachim Pechtl Constant change of LBK settlement in the upper Danube region. Quaternary International. Volumes 560—561, 20 September 2020, Pages 240—247
- ↑ Mehdi Saqalli, Aurélie Salavert, Stéphanie Bréhard, Robin Bendrey, Jean-Denis Vigne, et al. Revisiting and modelling the woodland farming system of the early Neolithic Linear Pottery Culture (LBK), 5600-4900 B.C. Vegetation History and Archaeobotany, Springer Verlag, 2014, 23 (Supplement 1), pp.37-50
- ↑ Andrei, L. Money and Market in the Economy of All Times: Another World History of Money and Pre-Money Based Economies. — Xlibris Corporation, 2011. P. 44
- ↑ First Farmers of Central Europe — Encyclopedia.com
- ↑ First Farmers of Central Europe — Encyclopedia.com
- ↑ Meyer, C., Knipper, C., Nicklisch, N. et al. Early Neolithic executions indicated by clustered cranial trauma in the mass grave of Halberstadt. Nat Commun 9, 2472 (2018)
- ↑ Mass grave reveals organised violence among Europe’s first farmers
- ↑ Evidence unearthed of possible mass cannibalism in Neolithic Europe
- ↑ Bruno Boulestin, Zeeb-Lanz Andrea, Christian Jeunesse, Haack Fabian, Marie Arbogast Rose, et al. Mass cannibalism in the Linear Pottery Culture at Herxheim (Palatinate, Germany). Antiquity, Antiquity Publications/Cambridge University Press, 2009, 83, pp.968-982
- ↑ First Farmers of Central Europe — Encyclopedia.com
- ↑ Гл.: Gimbutas, M. The Civilization of the Goddess: The World of Old Europe — HarperCollins, 1991
- ↑ Eszter Bánffy, Archaeological data on symbolic thinking in the European neolithic Архівавана 20 лютага 2022.
- ↑ The Linear Pottery culture (Donau-Archäologie)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 лютага 2022. Праверана 17 лютага 2022.
Літаратура
правіць- The Oxford Handbook of Neolithic Europe / Ed. by Chris Fowler, Jan Harding, Daniela Hofmann. — Oxford University Press, 2015 ISBN 978-0-19-954584-1
Спасылкі
правіць- History and genetics of the Linear Pottery (LBK) culture
- Interactions between earliest Linearbandkeramik farmers and central European hunter gatherers at the dawn of European Neolithization
- Kultura ceramiki wstęgowej rytej — Archeologia Żywa
- Bandkeramische Kultur — evolution-mensch.de
- Yanik Hahnekamp, A Quantitative Study of the Linear Pottery Culture Cemetery «Aiterhofen-Ödmühle»
- Ларина Ольга Васильевна, Культура линейно-ленточной керамики Пруто-Днестровского региона