Краснабярэжская сядзіба — палацава-паркавы комплекс Козелаў-Паклеўскіх у в. Красны Бераг Жлобінскага раёна. Сядзіба размешчаны на паўночнай ускраіне вёскі, на беразе р. Добасны. Помнік архітэктуры ў стылі эклектыкі і садова-паркавага мастацтва канца XIX стагоддзя[1]. Уваходзіць у лік славутасцей Гомельскай зямлі, аб’яднаных у турыстычны маршрут «Залатое кальцо Гомельшчыны».

Палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы комплекс Козелаў-Паклеўскіх
52°57′54,83″ пн. ш. 29°47′03,97″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Красны Бераг
Архітэктурны стыль эклектыка
Архітэктар Гл. ніжэй
Заснавальнік М. і В. Козел-Паклеўскія
Будаўніцтва 18901893 гады
Будынкі
сядзібны дом • агароджа з брамай • гаспадарчыя пабудовы • парк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 312Г000324шыфр 312Г000324
Сайт zhlobin.museum.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Сядзіба Козелаў-Паклеўскіх у пачатку XX ст.

Сядзібна-паркавы комплекс размешчаны на паўночнай ускраіне вёскі Красны Бераг на правым беразе р. Добасны[2]. У 1528 годзе мясцовы памешчык Аляксей Зяньковіч прадае свае драўляныя будовы іншаму ўладару. Вось з гэтых пісьмовых крыніц дакладна вядомая вёска Красны Бераг, якая ў той час уваходзіла ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля Аляксея Зяньковіча да пачатку XX стагоддзя ўладарамі Краснага Берагу былі Солтаны, Варанецкія, Іосіф Фамін Грыневіч (з 1812 г.), Іван Нікадзімаў Грыневіч (з 1829 г.), Аляксандр Іванавіч Багародскі (з 1867 г.), Міхаіл Сямёнавіч Гатоўскі (з 1877 г.), Марыя Міхайлаўна Гатоўская-Паклеўская-Козел (з 1904 па 1917 гг.).

У 1889 годзе генерал-лейтэнант Міхаіл Сямёнавіч і яго жонка дваранка Марыя-Юзэфа Гатоўская валодалі маёнткам Красны Бераг у Сцяпской воласці ў 847 дзесяцін зямлі. У гэты час па праекце расійскага архітэктара Віктара Шротэра, які скончыў Санкт-Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, затым берлінскую Акадэмію мастацтваў, быў пабудаваны палац (1893 г.). Адначасова з узвядзеннем палацу побач з ім быў разбіты «англійскі парк» пейзажна-рэгулярнага тыпу па праекце знакамітага варшаўскага садавода Францішка Шаніёра, які садова-паркаваму мастацтву вучыўся ў Францыі, а ў Варшаве быў адказны за сад і парк каралеўскага палаца.

Пасля смерці Міхаіла Сямёнавіча Гатоўскага ў 1904 годзе спадчынны маёнтак Красны Бераг Бабруйскага павета быў перапісаны на імя дваран Гатоўскіх, і сядзіба Красны Бераг перайшла да мужа Марыі Гатоўскай, Вікенція Альфонсавіча Паклеўскага-Козел. Перадача ўласнасці была аформлена па даравальнай.

Козелы-Паклеўскія — гэта старадаўні дваранскі род вядомых прадпрымальнікаў, вінагандляроў, горна- і золатапрамыслоўцаў, уладальнікаў азбеставай прамысловасці на Урале і першага параходства на рэках Заходняй Сібіры. У 1905 годзе рэвалюцыйная сітуацыя ў Расіі адгукнулася ў Красным Беразе спробай мясцовых сялян абрабаваць панскі маёнтак, але казакі, якія аператыўна прыбылі з Бабруйскай крэпасці, спробы гэтыя спынілі.

У 1921 годзе палац быў прыстасаваны пад сельскагаспадарчыя курсы. У сувязі з чым быў праведзены бягучы касметычны рамонт: у палацы адрамантаваны мармуровы камін, печы, вокны, дзверы, падлога[2].

Пасля рэвалюцыі 1917 года разрабаваны, пазней тут зрабілі сельскагаспадарчае вучылішча, што зберагло яго ад канчатковага разбурэння.

Падчас Другой сусветнай вайны на базе сядзібы быў арганізаваны нямецкі шпіталь. Пасля заканчэння вайны ў палацы размясціўся сельскагаспадарчы тэхнікум.

Рэстаўрацыйныя працы пачаліся яшчэ ў 1996 годзе[3]. У 2007 годзе ЦРГКЛіТ распрацаваў праект рэстаўрацыі сядзібы (навуковы кіраўнік А. Кропатаў, галоўны архітэктар праекта А. Сухоцкі, галоўны архітэктар праекта па інтэр’ерах А. Малахоўскі, архітэктары У. Зайчанка, Т. Панамарова, І. Емяльянава, А. Шырчанка)[4]. У 2015 годзе рэстаўрацыя сядзібнага дома была скончана[3].

Архітэктар

правіць
 
Уласны асабняк архітэктара В. Шрэтэра[ru] на набярэжнай ракі Мойка ў Санкт-Пецярбургу 1897—1899 гадоў пабудовы

У розных мастацтвазнаўчых крыніцах існуе няўзгодненасць наконт асобы архітэктара, што стварыў праект палаца. Так, А. М. Кулагін і В. Р. Анціпаў у даведніку «Архітэктура Беларусі» называюць толькі прозвішча Шрэтэр[1], А. Т. Федарук у выданні «Садово-парковое искусство Белоруссии» называе архітэктарам К. Шрэтэра[5], той жа А. М. Кулагін у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры» таксама называе К. Шрэтэра[6]. Б. А. Лазука ў сваёй «Гісторыі сусветнага мастацтва» называе архітэктарам Я. К. Шрэтэра[7]. Р. Афтаназы прыводзіць імя Яўгена Шрэтэра[uk][8] са спасылкай на працу А. Урбанскага «Memento kresowe[pl]»[9], які пры гэтым у сваім выданні імя не называе, кажучы «акадэмік Шрэтэр»[10]. Паколькі ў гэтыя ж гады актыўнай творчай дзейнасцю займаўся яшчэ адзін акадэмік архітэктуры з такім прозвішчам — Віктар Шрэтэр[ru], то ў Сеціве знаходзіцца шмат матэрыялаў, якія называюць аўтарам менавіта яго[11][12][13][14][15].

Пры гэтым версія пра Яўгена Шрэтэра[uk] падаецца памылковай прынамсі з таго, што на момант будаўніцтва палацу яму было 14-17 гадоў, а версія пра Віктара Шрэтэра[ru] ўскосна пацверджваецца яшчэ і падабенствам будынкаў, створаных па яго праектам, на знешні выгляд палаца ў Красным Беразе.

Архітэктура

правіць

Сядзібны дом

правіць
 
Палац падчас рэканструкцыі

Палацава-паркавы комплекс Козелаў-Паклеўскіх уключае сядзібны дом, флігель, гаспадарчыя пабудовы, мураваную агароджу з брамай, парк. Галоўным архітэктурным элементам комплексу і цэнтрам яго кампазіцыі з’яўляецца палац, які ўяўляе сабой Г-падобны ў плане асіметрычны двухпавярховы мураваны будынак, узведзены ў стылі гістарызму[uk] з выкарыстаннем элементаў готыкі, рэнесансу, ампіру і мадэрну[2].

Фасады палаца і яго дах вызначаюцца складанай канфігурацыяй, якая спалучае аб’ёмы асноўнага корпуса з рызалітамі, эркерамі і аб’ёмам бальнай залы. Асабліва вылучаюцца на асноўным фасадзе двух-, трох- і чатырохгранныя руставаныя эркеры з контрфорсамі і шатровымі гранёнымі завяршэннямі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе манументальнай тэрасы на масіўных пілонах са стрэльчатымі арачнымі праёмамі паміж імі[2].

Вадазлівы[ru] аформлены ў выглядзе хімер. Гарызантальнае чляненне на 2 ярусы вызначана прафіляванай цягай з арнаментамі і карнізам з сухарыкамі па перыметры будынка. На фасадзе розныя па велічыні аконныя праёмы з плоскаснымі і руставанымі ліштвамі[1].

Маляўнічасць архітэктурнага сілуэта спалучаецца з іх каларыстычным рашэннем, пабудаваным на кантрасце чырвонай цэглы, белых атынкаваных дэталей і шэрых ацынкаваных дахаў з каванымі металічнымі элементамі. Масіўнасць будынка падкрэслівае буйны руст і каменна-блочная муроўка[2].

Інтэр’ер

правіць

Сядзіба Козелаў-Паклеўскіх — свайго роду даведнік па гісторыі архітэктурных стыляў у інтэр’еры. Тут выкарыстаны элементы больш за дзесяці стыляў — гатычнага і раманскага, ракако, маньерызму, барока[ru], класіцызму і іншых. Варта адзначыць, што сядзіба Козелаў-Паклеўскіх — гэта адзіная беларуская сядзіба, у афармленні якой выкарыстоўваўся рэдкі арабскі стыль — альгамбра.

Арганізацыя ўнутранай прасторы палаца спалучае анфіладную і калідорную планіроўку. У афармленні інтэр’ераў парадных памяшканняў выкарыстаны каміны, разная сталярка, багатая ляпніна на столі і сценах, драўляныя і металічныя дэкаратыўныя элементы розных стыляў[2]. Сярод пакояў палаца вылучаюцца яго раманская, гатычная, рэнесансная, кітайская, ракайльная і арабская залы. Апошняя была абсталявана арыгінальнай экзатычнай мэбляй, інкруставанай перламутрам і слановай косцю з Дамаска, а таксама персідскімі дыванамі[ru]. Бальная зала была вырашана ў стылі Людовіка XVI. Будуар меў насценныя люстры ў разных рамах, мастацкае афармленне салонаў выканана А. Бараўскім[3].

Акрамя стылёвай мэблі палацавыя інтэр’еры значна ўзбагачалі вырабы з бронзы (фірма Лапенскіх), венецыянскі крышталь, англійскі фаянс, французскі фарфор і найбагацейшая галерэя партрэтаў, сярод якой карціны С. Бакаловіча[ru], Г. Сямірадскага[ru], копіі Караваджа, Айвазоўскага, Кандраценкі[ru], Лампі[ru][3].

Гаспадарчыя пабудовы

правіць
 
Флігель
 
Былы бровар

Комплекс гаспадарчых пабудоў прадстаўлены вынесенымі за межы рэпрэзентатыўнай часткі сядзібы будынкам былога вінзавода, стайнямі, складскім памяшканнем, у афармленні якіх выкарыстаны розныя архітэктурныя элементы[2].

Аднапавярховы цагляны флігель асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, які размешаны недалёка ад палаца, мае падобнае з палацам архітэктурнае рашэнне[2].

 
Парк

Парк мае пейзажна-рэгулярную планіроўку. Закладзены па праекце Ф. Шаніёра[pl] ў XIX стагоддзі на месцы былога рэгулярнага парку, ад якога захаваўся баскет, перароблены ў ландшафтную паляну.

Парк адрозніваецца кампактнасцю. З двух бакоў абмежаваны высокай сцяной, якая захавалася з XIX стагоддзя, з трэцяй — ракой.

Асноўная сетка дарожак і акружны прагулачны маршрут дзеляць яго на некалькі зон: пладовы сад і фазанавая ферма, пейзажны ландшафт, курціны вакол сядзібнага дома і па беразе ракі і г. д[2]. У парку былі адкрыты газоны, сажалкі[3].

У парке растуць піхта (Abies), елка чырвоная (Picea rubens), ліпа буйналістая (Tilia platyphyllos), Acer velutinum, граб (Carpinus), лістоўніца (Larix) і іншыя рэдкія для Беларусі прадстаўнікі флоры. Цэнтральная паляна мае дыяметр каля 40 метраў.

У парку знаходзіцца савіны камень-валун з двума трохвугольнымі адтулінамі. Згодна з традыцыяй, юнакі і дзяўчаты загадваюць каля яго жаданні.

Агароджа

правіць
 
Мураваная агароджа
 
Брама

Уся тэрыторыя сядзібы плошчай 11 га абнесена мураванай агароджай. Галоўны ўезд аформлены брамай, зробленай у стылі неаготыкі, якая мае форму спічастай аркі. У яе дэкоры выкарыстана аркатура і васьмігранныя бакавыя вежы[2].

Статус

правіць

Парк занесены ў пералік помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, а сядзіба ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Зноскі

  1. а б в Архітэктура Беларусі 1993.
  2. а б в г д е ё ж з і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  3. а б в г д Кулагін 2000.
  4. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг: Рэстаўрацыя з прыстасаваннем помніка архітэктуры XIX ст. № 9 (208) 2009 г. // Архитектура и строительство
  5. Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9. (руск.)
  6. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Гомельская вобласць. — 383 с., іл.
  7. Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 354. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  8. Aftanazy Roman. «Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej». Wrocław, Ossolineum, 1991-97. (польск.)
  9. Urbański, Antoni. Memento kresowe. Warszawa, 1929, s. 97-99
  10. Urbański, Antoni. Memento kresowe. Warszawa, 1929, s. 98
  11. Красный дворец Красного Берега (руск.)
  12. Усадьба Гатовского в деревне Красный Берег Архівавана 5 жніўня 2020. (руск.)
  13. Секреты усадьбы в Красном Береге Архівавана 26 лістапада 2020. (руск.)
  14. В Красном Береге завершается реставрация столетней усадьбы (руск.)
  15. Усадебный дом в Красном Береге Гомельской области планируется открыть для туристов в 2009 года(недаступная спасылка) (руск.)

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць