Тэрэза Гардзялкоўская

Тэрэза Гардзялкоўская, на нараджэнні Тэрэза Грабніцкая (1854 — 31 мая 1933[1]) — дваранка-каталічка Магілёўскай губерні Расійскай імперыі, мецэнатка беларускамоўнага друку, перакладчыца, выдавец. Паспрыяла фармаванню сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Тэрэза Гардзялкоўская
герб «Налеўка»
герб «Налеўка»
Нараджэнне 1854
(?) Лепельскі павет, (?) Віцебская губерня, Расійская імперыя
Смерць 31 мая 1933(1933-05-31)
Месца пахавання
Род Грабніцкія[d]
Імя пры нараджэнні польск.: Teresa Hrebnicka
Муж Антон Мамерт Гардзялкоўскі[d]
Дзеці 1) Альгерд Гардзялкоўскі (1886—1965); 2) Канстанцін Гардзялкоўскі; 3) Станіслава Гардзялкоўская.
Веравызнанне каталіцызм
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне роду і сям’я

правіць

Тэрэза нарадзілася ў 1854 годзе ў сярэднезаможнай маянтковай дваранскай каталіцкай сям’і старажытнага роду Грабніцкіх (Дактаровіч-Грабніцкіх) герба «Налеўка»[2], якая жыла ў Віцебскай губерні і мела там маёнткі. Грабніцкія адносіліся да карэнных радоў (з XVI ст.) сярэднезаможнай маянтковай шляхты Полацкага і Віцебскага ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага, дзе займалі мясцовыя земскія ўрады[2].

Тэрэза Грабніцкая выйшла замуж за двараніна-каталіка з Сенненскага павета Магілёўскай губерні — Антона Мамертавіча Гардзялкоўскага, прадстаўніка сярэднезаможнага маянтковага каталіцкага шляхецкага роду Гардзялкоўскіх герба «Ляліва», галіны якога ў XIX ст. мелі маёнткі ў Магілёўскай і Мінскай губерні Расійскай імперыі. Раней — у XVIII ст. — Гардзялкоўскія мелі маёнткі ў Новагародскім, Полацкім і Мінскім ваяводствах, а таксама ў Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, дзе таксама займалі мясцовыя земскія ўрады.

Поўнае імя яе мужа Антон-Мамерт Мамертавіч Гардзялкоўскі-Гарканскі (Gordziałkowski-Gorkański), ён быў сынам Мамерта Габрыэлевіча Гардзялкоўскага з Мальвінай Ваньковіч. У Антона-Мамерта быў родны брат Антон-Баляслаў Мамертавіч Гардзялкоўскі — абодва не прымалі ўдзелу ў паўстанні 1863—1864 гадоў у Беларусі, хаця ў інтэрнэт-публікацыях звесткі пра ўдзел у паўстанні Антона-Мамерта і сустракаюцца. Антон Мамертавіч Гардзялкоўскі быў важным членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі — вядома, што ў 1901—1902 гадах ён з’яўляўся членам рады аддзела па лесаводству пры Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркі[3].

Тэрэза з Антонам-Мамертам Гардзялкоўскага мела трох дзяцей: 1) Альгерд Гардзялкоўскі (1886—1965), які ажаніўся са сваячкай — Вандай Гардзялкоўскай; 2) Канстанцін Гардзялкоўскі; 3) Станіслава Гардзялкоўская. Яе сыны Канстанцін Гардзялкоўскі і Альгерд Гардзялкоўскі сталі вядомымі прадпрымальнікамі ў галіне сельскай гаспадаркі і грамадскімі дзеячамі Беларусі — важнымі членамі Магілёўскага таварыства сельскай гаспадаркі, карысталіся аўтарытэтам сярод карэнных каталіцкіх дваран Магілёўскай губерні, належалі да краёўцаў-кансерватараў і былі блізка знаёмы з лідарам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвардам Вайніловічам, які быў сынам Ганны Ваньковіч[4]. Канстанцін Гардзялкоўскі быў паралельна і важным і актыўным членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[5].

Маёнткі

правіць
 
Палац сям’і Гардзялкоўскіх у маёнтку Друцк, фота пачатку XX ст.

Антон-Мамерт Мамертавіч Гардзялкоўскі супольна з братам Антонам-Баляславам Мамертавічам Гардзялкоўскім валодаў значнымі зямельнымі валоданнямі — (па спадчыне ад маці Мальвіны Ваньковіч) маёнткамі Кісялевічы ў Бабруйскім павеце і маёнткамі Валаўск і Карма ў Мазырскім павеце Мінскай губерні, а таксама маёнткамі ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні[6]. Пазней браты падзялілі маёнткі: Антон-Баляслаў Мамертавіч Гардзялкоўскі атрымаў Валаўск (8956 дзесяцін), а Антон-Мамерт Мамертавіч Гардзялкоўскі — Кісялевічы (679 дзесяцін) і Карму (7206 дзесяцін)[7].

У 1876 года муж Тэрэзы Антон-Мамерт Гардзялкоўскі набыў маёнтак Друцк у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні, які перайшоў пазней у валоданне іх сына Альгерда Гардзякоўскага[8]. Альгерд Гардзялкоўскі таксама атрымаў у спадчыну ад бацькоў маёнтак Кісялевічы ў Бабруйскім павеце[6]. У 1912 г. Альгерд Гардзялкоўскі купіў маёнтак Астрагляды (6129 десяцін) у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні, атрымаўшы папярэдне дазвол ад расійскага ўрада, бо быў каталіком, якім забаранялася з 1865 года купляць зямлю ў Заходнім краі[9]. Альгерд Гардзялкоўскі набыў таксама маёнтак Дарагамысль (320 дзесяцін) у Мазырскім павеце[7].

Пасля смерці мужа Тэрэза пражывала ў маёнтку Габрылёва-Папоўка (некалькі вёсак — Габрылёва, Папоўка, Плоскае, Сані, Забайкал, Марцюхова) у Сенненскім павеце Магілёўскай губерні Расійскай імперыі (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці — зараз, галоўным чынам, тэрыторыя ў межах вёскі Сані), якім валодаў яе сын Канстанцін Гардзялкоўскі. Гардзялкоўскія мелі дом у Варшаве, дзе Тэрэза Гардзялкоўская таксама часам жыла[10].

Асветніцкая, мецэнацкая і перакладчыцкая дзейнасць

правіць
 
Якуб Колас, супрацоўнік «Нашай нівы». Фота 1908 г.
 
Казка «Чалавечае вока» ў кнізе «Беларускія казкі» (1912), выдадзенай коштам Тэрэзы Гардзялкоўскай

Тэрэза Гардзялкоўская была асабіста знаёма з польскімі пісьменніцамі Марыяй Канапніцкай і Элізай Ажэшка. У 1906 г. сын Тэрэзы Канстанцін Гардзялкоўскі стаў суарганізатарам Польскага таварыства асветы і дабрачыннасці (Polskie Towarzystwo Oświaty i Dobroczynności) у горадзе Магілёве, галоўнай мэтай якога было супрацьстаянне русіфікацыі «палякаў» (католікаў)[11].

Тэрэза Гардзялкоўская шчыра падтрымлівала рух па пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў шырокай публічнай прасторы — і стала мецэнаткай беларускамоўнага друку і перакладчыцай на беларускую мову. У 1907—1908 гг. Тэрэза жыла за мяжой Расійскай імперыі — у Неапалі (Італія) і Ніцы (Францыя), адкуль пасылала свае артыкулы ў беларускамоўную газету «Наша ніва»[10].

У 1908 годзе па прыездзе з Францыі Тэрэза разам з сынам Канстанцінам Гардзялкоўскім вырашылі арганізаваць у сваім маёнтку і нелегальную беларускамоўную школу для сялянскіх дзяцей — і выбралі для гэтай мэты сваю вёску Сані. Гардзялкоўскі прыехаў у Сані да селяніна Л. Жураўлёва і дамовіўся, каб той пусціў у хату школу. Жураўлёў згадзіўся. Канстанцін Гардзялкоўскі быў таксама падпісчыкам беларускамоўнай газеты «Наша ніва» і, калі ён звярнуўся ў газету з просьбай парэкамендаваць настаўніка для сваёй школы ў Санях (якому быў гатовы плаціць за працу настаўніка «разы ў тры больш, чым дае казна»), яму прапанавалі Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа). Міцкевіч прыехаў і працаваў у школе два з паловай месяцы (студзень-красавік 1908 г.). У тыя часы школу наведвала каля 20 вучняў з навакольных вёсак Габрылёва, Папоўка, Плоскае, Сані, а заняткі вяліся на беларускай мове. Як пазней адначыў Якуб Колас ва ўспамінах, матэрыялу для навучання чытанню было небагата, таму ён выкарыстоўваў вершы і артыкулы, надрукаваныя на старонках «Нашай нівы», а яшчэ чытаў напамяць творы Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна. Дзеці палюбілі свайго настаўніка і з ахвотай хадзілі на заняткі. Вясной 1908 г. вучні школы хадзілі ў валасны цэнтр Абчугу здаваць экзамены за пачатковую школу і ўся група Міцкевіча болей чым паспяхова справілася з кантрольнымі і вуснымі заданнямі. Ад’езд Міцкевіча з вёскі Сані, верагодна, быў звязаны з новым узбуджэннем следства па справе ўдзельнікаў нелегальнага настаўніцкага з’езда (1906) у вёсцы Mікaлаеўшчына. У 1972 годзе ў былой вёсцы паноў Гардзялкоўскіх Плоскае Якубу Коласу быў адкрыты помнік[12]. А імем вядомага беларускага класіка ў савецкія часы называўся нават мясцовы калгас[13].

Пасля ад’езду Міцкевіча Канстанцін Гардзялкоўскі лістом ад 22 верасня 1910 года зноў звярнуўся ў рэдакцыю газеты «Наша ніва» па новага настаўніка: «Паважаямый пане рэдактар! Ізноў буду прасіць помогчы мне ўзяць вучыцеля да маёй школы. Летась надто кепска вышла, што дети не вучыліся беларускаму языку. Калі найдите охотніка, дык прысылайце яго да перваго октября. Варункі мае ведаете — 35 рублёў у месяцъ; науки 6-7 месяцаў (да 1-га мая), харчаванне апроч гэтаго. Як жа Вы живіте, чи троха очухаліся? Дужо жалею, што не могу цяпер паехаць у Полоцк подівоваться на беларускі тэатр[14], особліво, што думаў я просіць іх прыехаць сюды ў Магілёўшчыну. Ну, ужо не буду более Вам докучаць і занімаць час своім пісаніем. Живите здаровы, кланяюся Вам, Ваш К. Гардзялкоўскі. Пяреволочня через Коханово. 22\ІХ 10»[15].

Тэрэза Гардзялкоўская перакладала на беларускую мову творы рускіх і польскіх пісьменнікаў: на ўласныя сродкі ў газеце «Нашай нівы», а пасля асобнымі кніжкамі ў серыях «Нашай хаты», «Нашай нівы» і «Лучынкі» апублікавала свае беларускамоўныя пераклады («Дым» Марыі Канапніцкай, «Архіп і Лёнька» Максіма Горкага, «Дзядзька Голад» і «Разказ Сабалы» Станіслава Віткевіча, «Што б не здарылася — вытрываю» Станіслава Жаромскага). Гардзялкоўская таксама фінансава падтрымлівала выданне кнігі «Апавяданні» Якуба Коласа, «Бярозка» Ядвігіна Ш. i інш. У 1912 годзе выдала за свае грошы зборнік-чытанку для дзяцей «Беларускія казкі» (казкі «Багатыр», «Чалавечае вока», «Ведзьмар», «Сямілетка», «Вада памагла», «Хаўрус», «Куча грошай») у кніжнай серыі «Нашай нівы». Верагодна, адзіным яе аўтарскім творам з’яўляецца апавяданне «Воўк» (1914), дзе галоўны герой — Святы Францішак — у італьянскім горадзе Губіа заступаецца за гараджан і пераконвае ваўка не рэзаць людзей, бо людзі «на вобраз Божы створаны». Дзіцячае апавяданне заклікала любіць бліжняга і не быць воўкам[16].

Захаваўся ліст Тэрэзы Гардзялкоўскай ад 2 студзеня 1912 г. у рэдакцыю газеты «Наша ніва» адносна падпіскі на газету: «2.1.912 г. На новый год шлю зычэння… Прашу Рэдакцыю пасылаць гэтый год „Нашу Ніву“ рускімі літарамі[17] пад адрасам Альгерда Жукоўскага[18]: Магілёўская губ., пошта Довск, маёнтак Весолов, і пад апаскай[19] прашу паслаць зараз два календары свае так-сама рускімі літарамі. Пасылаю два рублі восемдзесят чатыры кап. Ці друкуяце Маліноўскага кніжку?[20] Паклон, Т. Г.»[15]

Карысталася псеўданімамі «Зязюля» і «Т. Г.»[21]. Паводле даследаванняў Ірыны Гапоненкі, паказальным і характэрным з’яўляецца тое, што ва ўсіх тэкстах, перакладзеных з польскай мовы Тэрэзай Гардзялкоўскай (4 выданні), паланізмы ўжываюцца выключна рэдка[22]. Паводле ацэнкі філолагаў, пераклады Гардзялкоўскай вызначаюцца высокай дакладнасцю перадачы сродкамі беларускай мовы адметнасцяў твора — структуры тэксту і яго мастацка-вобразнай тканіны[23]. Аляксандр Уласаў ахарактарызаваў Тэрэзу Гардзялкоўскую як «кабета тыпу Арэшчыхі»[10].

Агульны тыраж усіх беларускамоўных кніг, выдадзеных за грошы Тэрэзы Гардзялкоўскай, склаў 22 400 экземпляраў[12][24].

Пераклады і выданні

правіць
 
Тытульная старонка кнігі «Беларускія казкі» (1912), выдадзенай коштам Тэрэзы Гардзялкоўскай

(з захаваннем тагачаснай арфаграфіі)

  • Конопніцка, М. Дым : з рысункамі / Марыя Конопніцка; перэтлумачыла Зязюля; коштам Т. Г. ; выданьне «Нашае хаты» № 1. — Вільня : Друк. М. Кухты, 1909. — 16 с.
  • Горкій, М. Архіп і Лявонка : апавяданьне / М. Горкій; з расейскай мовы перэклала на беларускую Т. Г. ; коштам Т. Г.; малюнкі Яніслава Валакіты; выданьне «Нашае хаты» № 5. — Вільня : Друк. М. Кухты, 1910. — 22 с. (У канцы тэксту перакладчык: Зязюля)
  • Віткевіч, С. Дзядзька Голад : апаведаньне для дзяцей з рысункамі / С. Віткевіч; перэлажыла Зязюля; коштам Т. Г. ; выданьне «Нашае хаты» № 6. — Вільня : Друк. М. Кухты, 1911. — 14 с.
  • Амфітэатраў, А. В. Хілібертава пакута : [апавяданні] / Амфітэатрава; вольны перэклад В. Л. [ Войцік Людвікі ]; коштам Т. Г. ; выданьне «Нашае нівы». — Вільня : Прамень, 1912. — 32 с.
  • Беларускіе казкі / коштам Т. Г. ; выданьне «Нашае нівы». — Вільня : Прамень, 1912. — 32 с.
  • Як багацеюць чэскіе селяне / па-польску напісаў Маліновскі; перэклала на беларускую мову Зязюля; друкавано коштам Т. Г. ; выданьне «Нашае нівы». — Вильня : Віленская друкарня, 1912. — 45 с.
  • Штоб не здарылося ― вытрываю / Ст. Жэромскага. Расказ Сабалы / С. Віткевіча. Воўк; перэтлумачыла на беларускую мову Зязюля; коштам Т. Г. ; выданьне «Лучынкі» № 1. ― Мінск : Электро-друкарня Н. Нахумова, 1914. ― 16 с.

«Як багацеюць чэшскія сяляне»

правіць
 
Трэцяя старонка кнігі Максіміліяна Маліноўскага «Як багацеюць чэшскія сяляне» (1912). Паліграфічны арнамент старонкі выкананы ў стылі ар-нуво (мадэрн)

Сярод фундаваных Гардзялкоўскай кніг асабліва вылучаецца (на фоне дзіцячай літаратуры) выдадзеная ў 1912 г. кніжка Максіміліяна Маліноўскага «Як багацеюць чэшскія сяляне», якая была практычным дапаможнікам, дзе падрабязна апісвалася, як з дапамогай добраахвотнага стварэння таварыстваў і кааператываў сяляне і гараджане Чэхіі (якая была складовай часткай Аўстра-Венгрыі) павышаюць свой эканамічны дабрабыт і статус, а таксама развіваюць сваю чэшскую культуру ва ўмовах дамінавання нямецкай культуры і капіталу. Падобныя спосабы прапаноўваліся ў кнізе беларускім бедным сялянам і гараджанам. Гэта быў па сутнасці шлях «арганічнай працы», якой ужо ішлі з 1880-х гг. мясцовыя дваране Польшчы, Літвы і Беларусі: з дапамогай салідарнага паляпшэння матэрыяльнага (эканамічнага) становішча і развіцця ўласнай культуры і сістэмы адукацыі супрацьстаяць этнічнай асіміляцыі і эканамічнай дэградацыі, а таксама рыхтавацца да атрымання дзяржаўнай незалежнасці. У эпіграфе кніжкі Маліноўскага так і значылася: «Навукай к свабодзі, дружнай працай к дастаткам ісьці»[25].

Маліноўскі напісаў кніжку па-польску пра досвед чэшскага народа, але кніга звярталася да беларускага народа («Чэхі прынялі хрысьціанскую веру раней за нас, беларусоў»), а Гардзялкоўская яе пераклала на беларускую мову. У кнізе выразна прасочваюцца аналогіі паміж прыгнечаным эканамічным і культурным становішчам чэхаў у Аўстра-Венгерскай імперыі і беларусаў у Расійскай імперыі, а аналагам немцаў і нямецкай культуры былі рускія і руская культура. Рабіўся заклік да вяртання да роднай мовы, якая захавалася толькі ў вясковым асяроддзі: «Над тую пару па гарадох і панскіх дварох не чутно было чэскай гутаркі. Усе навучыліся гаварыць паміж сабой па немецку, і толькі вёсковые людзі не забыліся бацькоўскай мовы ды ў песьнях сваіх успаміналі народных багатыроў <…> Толькі старые чэскіе кнігі расказывалі аб іх, толькі старыкі ў казках-легендах прыпаміналі народу аб даўным, мінулым. Прылучалося, аднак, што і на вёсках людзі чураліся свайго ды ахвотне ў немецкую скуру адзеналіся. І здавалося, што імя чэскае зусім згіне, ды пэўне так і было-бы, каб народ не стварыў сваіх прарокаў. Ратунак прыйшоў ад людзей з гарачым сэрцам, што узрасталі ў вёсцы і свой родны язык любілі». Указвалася, што пасля 1861 г. Чэхія атрымала шырэйшыя правы самакіравання ў імперыі, але ў сойме Чэхіі ўсё роўна большасць была ў немцаў. Па той прычыне «чэхі крапчэй узяліся за ўсялякую працу, каб набрацца сіл, разбагацець і па ўсіх нівах будзіць вольны чэскі дух усімі сваімі сіламі. Ды с такой натугай, так дружна сталі яны працаваць, што цяпер усе народы дзівуюцца таму, што яны здалелі зрабіць, усе павінны браць з чэхоў прыклад»[25].

 
Чэшскі народны тэатр (Národní divadlo) у Празе, закладзены ў 1881 г. графам Янам Гарахам — кіраўніком спецыяльнага таварыства па збору ахвяраванняў на тэатр. Як адзнака самаарганізацыі ў абароне нацыянальных інтарэсаў у глядзельнай зале тэатра быў зроблены надпіс золатам «Народ сам сабе» (Národ sobě). Падобная фатаграфія і гісторыя стварэння тэатра былі размешчаны ў кніжцы «Як багацеюць чэшскія сяляне» (1912)[26]

За прыклад браўся чэшскі досвед самаарганізацыі («супольнай працы» і «самапомачы») у гарадскіх і вясковых грамадскіх таварыствах для «агульнай карысці» і грамадскага прагрэсу, аналагі якіх былі пераняты ў Швейцарыі: гаспадарчыя кааператывы (вырабу малака, памолу мукі, гадоўлі жывёлы, продажу прадукцыі і г.д.), крэдытныя таварыствы («пазычкова-зберэгацельныя касы»), страхавыя касы (у тым ліку з функцыямі пенсійных фондаў), грамадскія чытальні (з дадатковымі функцыямі клуба і форума), адукацыйныя і культурныя ўстановы (школкі, музеі, спортзалы і інш.), храмы, дабрачынныя таварыствы і фонды (у тым ліку для друкавання буквароў і розных гаспадарчых дапаможнікаў, пабудовы тэатраў і г.д.), вясковыя станцыі электрычнага асвятлення, прататыпы прафсаюзных арганізацый з юрыдычнай кансультацыяй і інш.[27] Кніжка Маліноўскага падрабязна і ўсебакова апавядала пра эканамічныя і культурныя поспехі адной асобна ўзятай чэшскай вёскі Саны, у тым ліку, аб выкарыстанні перадавой тэхнікі і тэхналогій[25].

Прапагандысты кааператыўнага руху ў Беларусі намагаліся палепшыць долю сялянства і гарадской беднаты, каб затармазіць працэс разарэння дробных уласнікаў, павысіць эканамічны статус і дапамагаць адзін аднаму — у першую чаргу бяднейшым з боку больш заможных (у тым ліку, у захаванні і набыцці сабе на рынку дадатковай зямлі)[28]. Кааператывы закупалі і прадавалі вялікія партыі прадукцыі, абмінаючы пасрэднікаў. Стварэнне падобных арганізацый было выклікана неразвітасцю банкаўскай сістэмы ў краіне, якая б забяспечвала эканоміку даступнымі крэдытамі для развіцця, і высокімі працэнтамі ў ліхвяроў (якімі пераважна былі яўрэі-шынкары на вёсцы і крамары ў горадзе); слабасцю інфраструктуры і вузкасцю сацыяльных паслуг дзяржаўнай адміністрацыі; саслоўнымі адрозненнямі і дыскрымінацыйным становішчам асобных катэгорый насельніцтва; і г.д.

Кніжка Максіміліяна Маліноўскага дэманстравала эвалюцыйны і мірны шлях дасягнення грамадскага прагрэсу і дабрабыту і стварэння падмурку для нацыянальнай незалежнасці без сацыялістычных эксперыментаў скасавання права прыватнай уласнасці, а наадварот — пашырэння кола прыватных уласнікаў і стымуляцыі прадпрымальніцтва. Кніжка ўказвала і на ролю заможных сельскіх і гарадскіх гаспадароў у арганізацыі кааператыўнага руху, якія павінны з усёй сумленнасцю, адказнасцю і нацыянальным патрыятызмам дапамагчы зрабіць пачатак таварыствам і саюзам, каб падтрымаць сваіх менш заможных братоў[25].

Справа дзяржаўнасці Беларусі

правіць
 
Некаторыя члены Камітэта абароны Крэсаў. Сядзіць першым злева — Альгерд Гардзялкоўскі. Фота 1919 г.

Сын Тэрэзы Канстанцін Гардзялкоўскі 25 сакавіка 1917 г. шчыра вітаў ад імя дваран-католікаў Аршанскага павета пачаты ў Мінску З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім быў створаны мінскі Беларускі нацыянальны камітэт, і выказаўся ў падтрымку палітычнай суб’ектнасці Беларусі[29].

Канстанцін Гардзялкоўскі таксама ўзначаліў створаную 8-12 (21-25) чэрвеня 1917 г. Польскую раду Магілёўскай зямлі, якая спачатку (у перыяд кіравання Часовага Урада Расіі на чале з Аляксандарам Керанскім) будзе выступаць за дзяржаўную незалежанасць Беларусі ад Расіі і самастойнасць, а толькі пасля падзення Часовага Урада Расіі і ва ўмовах пагрозы захопу Беларусі бальшавікамі ў канцы 1918 г. стане выступаць за раўнапраўны федэрацыйны саюз Беларусі і Польшчы[30]. Гардзялкоўскі разам з усім кіраўніцтвам Польскай рады Магілёўскай зямлі негатыўна аднёсся да рашэння Другой Устаўной граматы БНР (9 сакавіка 1918 г.) скасаваць прыватную ўласнасць на зямлю і падтрымліваў намеры Эдварда Вайніловіча і Рамана Скірмунта знайсці кампраміс з сацыялістамі па аграрным пытанні[31]. У часы польска-савецкай вайны (1919—1920) Канстанцін Гардзялкоўскі на чале Польскай рады Магілёўскай зямлі будзе выступаць катэгарычна супраць інкарапарацыі Беларусі ў склад Польшчы ў статусе звычайных польскіх ваяводстваў, а толькі за польска-беларускую федэрацыю, аб якой аб’яўляў Юзаф Пілсудскі. У 1919—1920 гг. Канстанцін Гардзялкоўскі быў членам «Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі».

Другі сын Тэрэзы Альгерд Гардзялкоўскі ў 1919 г. стаў членам Камітэта абароны Крэсаў, які ўзначальваў князь Яўстах Сапега (1881—1963), імкнуўся арганізаваць самаабарону маянткоўцаў літоўска-беларускіх зямель ад бальшавікоў і падтрымаў ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад аднаўляемай Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай федэратыўнай Рэчы Паспалітай, дзе б Беларусь мела статус суб’екта федэрацыі.

Калі па выніках Рыжскага мірнага дагавора (1921) дамы і маёнткі Гардзялкоўскіх на Магілёўшчыне і Міншчыне, як і многіх іншых землеўласнікаў, аказаліся на савецкім баку і былі нацыяналізаваны, Тэрэза Гардзялкоўская і яе сыны былі вымушаны пакінуць савецкую Беларусь і прыняць грамадзянства Польшчы.

Смерць

правіць

Тэрэза Гардзялкоўская памерла 31 мая 1933 г. у Польшчы, пахавана ў Варшаве[32] на Павонзках (cm. Powązkowski, kwatera 288, rząd 5, miejsce 17: Teresa Gordziałkowska inw. 59193[1]).

Вестка пра смерць Тэрэзы Гардзялкоўскай у 1933 годзе дайшла і да Янкі Купалы[15]. Выказваюцца меркаванні, што верш Янкі Купалы «Алеся» (1935) з радкамі «Кукавала зязюля У зялёным лесе» прысвечаны менавіта Тэрэзе Гардзялкоўскай[15].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б Tsikhan Che - Што ж, за гэты вечар высветліў, што Тэрэза... . www.facebook.com. Праверана 24 жніўня 2023.
  2. а б Uruski, S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. — Warszawa : Gebethner i Wolff, 1908. — T.5. — С. 206.
  3. Адрес-календарь сельскохозяйственных обществ (По данным 1902 года)… С. 47.
  4. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 197, 215, 238; Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 219, 220, 248, 340.
  5. Sław. 25-letnia działalność Mińskiego Tow. Rolniczego… С. 4; Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 86.
  6. а б Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwo Mińskie, Mścisławskie, Połockie, Witebskie. — С. 80.
  7. а б Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917… С. 126.
  8. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwo Mińskie, Mścisławskie, Połockie, Witebskie. — С. 287.
  9. Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917… С. 126; Астраглядаўскі Марконі і два ключы да… Архівавана 10 сакавіка 2016.
  10. а б в Усава, Н. М. Янислав Волокита и его иллюстрации к «Архіпу і Лявонку» М. Горького. Проблема авторства Архівавана 26 студзеня 2019.
  11. Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem… С. 38.
  12. а б Пачалося ўсё ў Санях…(недаступная спасылка)
  13. В Толочинском районе погибает уникальный парк Архівавана 4 сакавіка 2016.
  14. Верагодна, маецца на ўвазе тэатр Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага.
  15. а б в г Кукавала Зязюля ў … Талачынскім лесе
  16. Раюк, А. Р. Тэрэза Гардзялкоўская і яе сыны. — 2021. — С. 72—77.
  17. Газета „Наша ніва“ выдавалася ў двух варыянтах — „рускімі літарамі“ (г.зн. кірыліцай) і „польскімі літарамі“ (г.зн. лацініцай).
  18. Альгерд Жукоўскі — сын землеўласніка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, рагачоўскага павятовага маршалка і паўстанца 1863 г. Аляксандра Янавіча Жукоўскага ад яго жонкі Клацільды Янаўны Цеханавецкай.
  19. Апаска — літаральна „павязка, звязка, скрутак“ — г.зн. бандэроль.
  20. Маецца на ўвазе перакладзеная Гардзялкоўскай з польскай мовы на беларускую брашура Максіміліяна Маліноўскага „Як багацеюць чэшскія сяляне“ (1912)
  21. «Т. Г.» — Тэрэза Гардзялкоўская.
  22. Гапоненка, І. А. Лексіка беларускай літаратурнай мовы ХІХ — пачатку ХХ ст… С. 103.
  23. Воінаў, М. Беларускамоўныя пераклады твораў польскай літаратуры Архівавана 5 сакавіка 2016.
  24. Падлік тыражу зрабіў вучоны і пісьменнік Янка Саламевіч. Гл.: Кукавала Зязюля ў … Талачынскім лесе.
  25. а б в г Раюк, А. Р. Чэшскі вопыт адраджэння ў асэнсаванні каталіцкіх дваран-кансерватараў Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст… С. 307—312.
  26. Як багацеюць чэскіе селяне / па-польску напісаў Маліновскі. — Вильня, 1912. — С. 7, 17.
  27. У савецкія часы ўлада прымусова заганяла вяскоўцаў у калгасы, а гараджан на фабрыкі і ў прафсаюзы, пабзаўляючы іх права прыватнай уласнасці на зямлю і прадпрыемствы, а таксама зацікаўленасці ў выніках працы ў гэтых арганізацыях.
  28. Кааператыўны рух на вёсцы ў 1880—1900-ых гг. (у адрозненне ад Беларусі) ужо набыў шырокі размах на ўкраінскіх землях (тысячы створаных кааператываў), галоўнымі арганізатарамі якога былі Васіль Сцяпанавіч Нагорны (1847—1921) у Галічыне (Аўстра-Венгрыя) і Мікола Васілевіч Лявіцкі (1859—1936) у Падняпроўскай Украіне (Расійская імперыя).
  29. Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю. — 2018. — С. 268.
  30. Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego… С. 67, 72, 79.
  31. Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох… С. 42.
  32. Gordziałkowska Teresa

Літаратура

правіць
  • Адрес-календарь сельскохозяйственных обществ (По данным 1902 года) / Департ. земледелия Мин. земледелия и гос. имуществ. — СПб : Тип. М. Меркушева, 1902. — 238 с.
  • Анішчанка, Я. К. Збор твораў : у 6 т. / Я. К. Анішчанка. — Мінск : Хурсік, 2004—2010. — Т. 4: Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім: спісы на рус. мове. — 2008. — 532 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  • Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
  • Гапоненка, І. А. Лексіка беларускай літаратурнай мовы ХІХ — пачатку ХХ ст.: асаблівасці станаўлення і развіцця Архівавана 17 мая 2017. / І. А. Гапоненка. — Мінск : БДУ, 2012. — 307 с.
  • Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917 / Дмитрий Дрозд. — Минск : Медисонт, 2013. — 694 с.
  • Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 368 с.
  • Раюк, А. Р. Тэрэза Гардзялкоўская і яе сыны / А. Р. Раюк // Жизнь и творческое наследие А. С. Дембовецкого : к 180-летию со дня рождения : материалы Междунар. науч.-практ. конф., г. Могилев, 13 марта 2020 г. / сост.: В. В. Шейбак, Е. Н. Изергина, Я. С. Кнурева. — Минск : Бел. навука, 2021. — С. 72—77.
  • Раюк, А. Р. Чэшскі вопыт адраджэння ў асэнсаванні каталіцкіх дваран-кансерватараў Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Архівавана 13 сакавіка 2022. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2019. — Вып. 26. — С. 307—312.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Угрынскі, М. Кукавала Зязюля ў … Талачынскім лесе // Наша слова. — 2014. — № 19 (1170) 7 траўня.
  • Унучак, А. У. «Наша ніва» і беларускі нацыянальны рух (1906—1915 гг.) / А. У. Унучак. — Мінск : Беларуская навука, 2008. — 186 с.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
  • Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Sław. 25-letnia działalność Mińskiego Tow. Rolniczego(недаступная спасылка) / Sław. // Kraj. — 1901. — № 32. — S. 3—6.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Uruski, S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. — Warszawa : Gebethner i Wolff, 1908. — T.5. — 396 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.

Спасылкі

правіць