ФК Белшына
«Белшына» — беларускі футбольны клуб з горада Бабруйска, заснаваны ў 1976 годзе. У цяперашні час выступае ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі. У 1993—2023 гадах гуляў у Вышэйшай лізе (акрамя 2005, 2007—2009, 2017—2019 і 2021 гадоў). Хатнія матчы праводзіць на стадыёне «Спартак».
Белшына | ||||
---|---|---|---|---|
Поўная назва | КСУП «Бабруйскі футбольны клуб „Белшына“» | |||
Заснаваны | 1976 | |||
Горад | Бабруйск, Беларусь | |||
Стадыён |
«Спартак» Умяшчальнасць: 3 709 |
|||
Ген. дырэктар | Віталь Былінін | |||
Галоўны трэнер | Міхаіл Марціновіч | |||
Чэмпіянат | Першая ліга | |||
2023 | ▼ 15 месца ў Вышэйшай лізе | |||
Сайт | Афіцыйны сайт | |||
|
Гісторыя
правіцьБССР
правіцьПершыя афіцыйныя спаборніцтвы па футболе ў Бабруйску былі праведзены ў 1920 годзе. У 1920—1930-я гады рэгулярна праводзіліся першынствы горада, а таксама таварыскія матчы з камандамі іншых гарадоў. Бабруйскія футбалісты трывала траплялі ў створаную ў 1928 годзе зборную БССР. З 1920-х гадоў зборная Бабруйска пачынае ўдзельнічаць у чэмпіянаце БССР.
Футбольнае жыццё было перарвана Вялікай Айчыннай вайной, пасля яе заканчэння Бабруйск быў прадстаўлены на рэспубліканскай арэне камандай «Спартак», якая ў 1958 годзе стала чэмпіёнам БССР. Пазней Бабруйск быў прадстаўлены камандамі ДА (1960), «Старт» (1962), «Дзяржынец» (1963—1964), «Бярэзіна» (1965, 1976), «Мэбельшчык» (1966, 1967), якія не мелі значных поспехаў. Чарговы ўздым бабруйскага футбола звязаны з камандай «Будаўнік», якая ў 1972 і 1973 гадах станавілася чэмпіёнам БССР. У «Будаўніку» пачынаў сваю кар’еру Аляксандр Пракапенка.
У 1976 годзе Беларускі шынны камбінат стаў заснавальнікам каманды «Шыннік», якая неўзабаве стала выступаць у чэмпіянаце БССР, мела поспехі: у 1978 і 1987 гадах стала чэмпіёнам рэспублікі, у 1979 годзе — уладальнікам Кубка БССР.
У 1989 годзе адбыўся скандал — матч апошняга тура супраць мінскага СКІФа насамрэч не быў згуляны, а арганізатары паведамілі пра нібыта праведзеную сустрэчу з выніковым лікам 1:1. За гэты падлог «Шыннік» быў адхілены ад удзелу ў чэмпіянаце БССР. Сезон 1990 каманда правяла ў чэмпіянаце Магілёўскай вобласці.
1992—2006
правіцьУ 1992 годзе, пасля заснавання чэмпіянату незалежнай Беларусі, «Шыннік» трапіў у Другую лігу (Д2), а праз два гады выйшаў у элітны дывізіён. У гэты час у Бабруйску існавала іншая каманда «Фандак», якая ў 1995 годзе змяніла назву на «Бабруйск», а па заканчэнні сезона спыніла існаванне. Пасля гэтага «Шыннік» застаўся адзінай бабруйскай камандай і змяніў назву на «Белшына».
У другой палове 1990-х гадоў «Белшына» была адным з лідараў беларускага футбола. Тройчы (у 1997, 1999 і 2001 гадах) каманда заваёўвала Кубак Беларусі, станавілася сярэбраным і бронзавым прызёрам, а ў 2001 годзе стала чэмпіёнам Беларусі. Сярод лідараў каманды тых часоў былі браты Эдуард і Ігар Градабоевы, Андрэй Хлебасолаў, Уладзімір Путраш, Дзмітрый Балашоў, Ігар Шусцікаў, Андрэй Хрыпач, Аляксандр Сяднёў, Валерый Шанталосаў.
З 2003 года вынікі клуба сталі пагаршацца. Па выніках сезона 2004 «Белшына» заняла апошняе месца і выбыла ў Першую лігу. На наступны год яна перамагла ў другім дывізіёне і вярнулася ў Вышэйшую лігу, але толькі на адзін год.
2007—2015
правіцьУ 2007—2009 гадах «Белшына» зноў гуляла ў Першай лізе. Вярнуцца ў элітны дывізіён атрымалася толькі з трэцяй спробы, калі ў 2009 годзе каманду ўзначаліў малады спецыяліст Аляксандр Сяднёў. У Вышэйшай лізе каманда здолела замацавацца ў сярэдзіне табліцы, рабіла стаўку пераважна на маладых ігракоў, які не прабіліся ў іншых клубах, а таксама на ўкраінскіх футбалістаў. Так, у сезоне 2011 сярод найлепшых бамбардзіраў былі ігракі «Белшыны» Ягор Зубовіч, Дзмітрый Коўб і Максім Лісавы, якія пазней перайшлі ў больш статусныя клубы.
У канцы 2011 года Аляксандр Сяднёў прыняў прапанову ўзначаліць мінскае «Дынама», замест яго галоўным трэнерам стаў Сяргей Яромка. У ліпені 2012 года Сяднёў быў звольнены з «Дынама» і неўзабаве зноў узначаліў «Белшыну». У сезоне 2013 бабруйская каманда ішла ў сярэдзіне табліцы, аднак на момант падзелу каманд на дзве шасцёркі апынулася ў ніжняй палове і страціла шанцы на высокія месцы, у сваёй шасцёрцы атрымлівала перамогу за перамогай і ўпэўнена заняла 7-е месца, на што не паўплывала нават зняцце 6 ачкоў за невыкананне рашэнняў АБФФ.
Сезон 2014 каманда правяла няўдала, хутка апынулася ў ніжняй палове і скончыла сезон на 10-м месцы з 12. У 2015 годзе «Белшына» таксама лічылася аўтсайдарам, але ў выніку паспяхова ішла па дыстанцыі і нават прэтэндавала на прызавыя месцы, у выніку скончыла сезон на чацвёртым радку, што пры пэўных раскладах давала права на ўдзел у Лізе Еўропы. Па заканчэнні сезона галоўны трэнер Аляксандр Сяднёў абвясціў аб тым, што пакідае клуб.
З 2016 года
правіцьУ студзені 2016 года новым галоўным трэнерам быў прызначаны памочнік Сяднёва Віталь Паўлаў, які заявіў пра тое што каманда захавае большасць складу. Аднак літаральна праз тыдзень стала вядома аб тым, што да клуба праяўляюць цікавасць расійскія інвестары з кампаніі «СТМ-Спортменеджмент», якія паставілі задачу скласці канкурэнцыю лідарам беларускага футбола. Замест Паўлава трэнерам стаў расіянін Уладзімір Яжураў, амаль цалкам быў абноўлены склад, былі запрошаны вопытныя беларускія ігракі, а таксама маладыя расійскія, шэраг аргенцінскіх і іншых замежных футбалістаў. Аднак вынікі ў каманды пайшлі не найлепшым чынам. У чвэрцьфінале Кубка Беларусі «Белшына» саступіла наваполацкаму «Нафтану», а ў чэмпіянаце ішла ў сярэдзіне табліцы. У маі па выніках фіналу Кубка Беларусі апошняе месца ў Лізе Еўропы атрымала жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», пакінуўшы бабруйскі клуб па-за еўракубкамі. Яшчэ ў красавіку каманду па сямейных абставінах пакінуў Яжураў, кіраваць трэніровачным працэсам застаўся яго памочнік Вячаслаў Герашчанка, а ў чэрвені футбалісты пачалі пакідаць клуб. У ліпені 2016 года супрацоўніцтва з расійскімі інвестарамі, якія так і не здолелі дасягнуць паразумення з мясцовымі кіраўнікамі, было спынена, амаль усе прывезеныя футбалісты пакінулі Бабруйск (многія з іх далучыліся да новага інвестарскага праекта — брэсцкага «Дынама»). Галоўным трэнерам зноў стаў Віталь Паўлаў, які хутка збіраў каманду з ігракоў Першай лігі і тых, хто не меў практыкі і іншых клубах. З новым складам «Белшына» стала выступаць яшчэ горш і апусцілася ў ніз табліцы, па выніках сезона заняла перадапошняе месца і выбыла ў Першую лігу.
У канцы 2016 года Паўлаў перайшоў на працу ў «Слуцк», а «Белшыну» ўзначаліў Уладзімір Гольмак. Аднак ён ужо ў чэрвені 2017 года пакінуў каманду, выконваць абавязкі галоўнага трэнера да канца сезона застаўся яго памочнік Эдуард Градабоеў. Каманда праваліла сезон у Першай лізе, заняўшы толькі пятае месца.
У 2018 годзе галоўным трэнерам стаў Георгій Кандрацьеў. «Белшына» доўгі час змагалася за выхад у Вышэйшую лігу з мазырскай «Славіяй» і мінскім «Энергетыкам-БДУ», аднак у выніку саступіла ім. У кастрычніку Кандрацьеў быў адпраўлены ў адстаўку, каманду зноў узначаліў Градабоеў, аднак ён выправіць сітуацыю не здолеў і «Белшына» фінішавала трэцяй.
У студзені 2019 года галоўным трэнерам стаў Юрый Пунтус, які здолеў сабраць баяздольны склад. «Белшына» хутка апынулася сярод лідараў і змагалася за першы радок са «Смалявічамі». У верасні 2019 года Пунтус прыняў прапанову ўзначаліць жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», пасля чаго на чале «Белшыны» зноў стаў Эдуард Градабоеў, які завяршыў справу і вывеў бабруйчан у Вышэйшую лігу.
У 2020 годзе «Белшына» пераважна захавала першалігавы склад, істотна не ўзмацніўшыся, у выніку хутка апынулася сярод аўтсайдараў. У маі 2020 года Эдуард Градабоеў быў адпраўлены на адпачынак, каманду замест яго ўзначаліў памочнік Дзмітрый Мігас. Пазней Градабоеў вярнуўся да кіраўніцтва, але ў чэрвені канчаткова быў адпраўлены ў адстаўку. Дзмітрый Мігас зноў стаў на чале каманды, але не выратаваў яе ад 15-га месца з 16 і вылету ў Першую лігу.
У пачатку 2021 года амаль цалкам абнавіўся склад каманды. У лютым 2021 года новым галоўным трэнерам стаў Віталь Паўлаў, але з-за траўмы на працягу большай часткі сезона 2021 ён не працаваў з камандай, якой кіраваў яго памочнік Альберт Рыбак. Нягледзячы на дрэнны старт, хутка бабруйская каманда далучылася да лідараў. У маі 2021 года ФІФА прыняла рашэнне накласці трансферны бан на клуб, бо «Белшына» дагэтуль не пагасіла запазычанасць перад сваім былым легіянерам часоў расійскіх інвестараў[1]. Забарона на трансферы была знята ў канцы ліпеня[2]. У другой палове сезона бабруйская каманда змагалася за першае месца, але ў выніку скончыла сезон другой і выйшла ў Вышэйшую лігу.
У лютым 2022 года Паўлаў і Рыбак памяняліся пасадамі, і апошні ўзначаліў каманду. «Белшына» здолела захаваць сваіх лідараў і пасля дрэннага старту ў сезоне 2022 стала набіраць ачкі, часам паказваючы неблагую гульню, хоць і не падымалася вышэй сярэдзіны табліцы на працягу ўсяго чэмпіянату. За некалькі тураў да фінішу гарантаваўшы сабе месца ў Вышэйшай лізе на наступны сезон, бабруйская каманда завяршыла турнір на 12-м радку.
11 мая 2023 года па выніках справы па дагаворных матчах клуб быў пакараны: пазбаўлены 10 ачкоў у чэмпіянаце 2023 года і 5 ачкоў у чэмпіянаце 2024 года, атрымаў штраф; дыскваліфікацыі і штрафы атрымалі таксама шматлікія ігракі і прадстаўнікі трэнерскага штаба клуба; таксама быў ануляваны вынік матча 30-га тура 2022 года з салігорскім «Шахцёрам» (1:4), абедзвюм камандам прысуджаны тэхнічныя паражэнні (-:-)[3]. 22 мая 2023 года «Белшына» была пазбаўлена яшчэ 1 ачка ў чэмпіянаце 2023 года[4]. У выніку каманда апынулася ў канцы табліцы, дзе змагалася з іншымі аштрафаванымі клубамі — «Шахцёрам» і «Энергетыкам-БДУ». Няўдалая серыя бабруйчан пад канец турніру адкінула іх на перадапошні радок, а ў выніку сваёй перамогі ў апошнім туры «Энергетык-БДУ» перагнаў «Белшыну», якая скончыла сезон на апошнім месцы і адправілася ў Першую лігу.
Эмблемы
правіць-
да 2020 года
-
з 2021 года
Дасягненні
правіць- Чэмпіён БССР (2): 1978, 1987
- Чэмпіён Беларусі: 2001
- Сярэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі: 1997
- Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі (2): 1996, 1998
- Уладальнік Кубка Беларусі (3): 1997, 1999, 2001
Цяперашні склад
правіцьСтанам на жнівень 2024 года, згодна з афіцыйным сайтам клуба[5].
|
|
Ігракі ў арэндзе
правіць
|
Трэнерскі штаб
правіць- Міхаіл Марціновіч (нар. 1979) — галоўны трэнер
- Дзмітрый Мігас (нар. 1980) — трэнер
- Андрэй Свіркоў (нар. 1972) — трэнер
- Андрэй Хрыпач (нар. 1972) — трэнер
- Артур Рамашоў (нар. 1987) — трэнер брамнікаў
Статыстыка выступленняў
правіцьЧэмпіянат і Кубак Беларусі
правіцьСезон | Ліга | М | Г | В | Н | П | Галы | Ачкі | Кубак | Заўвагі |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1992 | Другая (Д2) | 2 | 16[A] | 11 | 2 | 3 | 24–9 | 24 | 1/16 фіналу | |
1992/93 | Другая (Д2) | 1 | 30 | 21 | 8 | 1 | 69–19 | 50 | 1/16 фіналу | Выхад у Першую лігу |
1993/94 | Першая (Д1) | 7 | 30 | 15 | 1 | 14 | 41–41 | 31 | Чвэрцьфінал | |
1994/95 | Першая (Д1) | 13 | 30 | 7 | 9 | 14 | 31–50 | 23 | Паўфінал | |
1995 | Першая (Д1) | 15 | 15 | 4 | 3 | 8 | 17–29 | 15 | 1/16 фіналу | |
Пераходныя матчы[B] | 2 | 1 | 0 | 1 | 3–2 | |||||
1996 | Першая (Д1) | 3 | 30 | 20 | 3 | 7 | 67–32 | 63 | Пераможца | |
1997 | Першая (Д1) | 2 | 30 | 21 | 3 | 6 | 67–30 | 66 | 1/8 фіналу | |
1998 | Вышэйшая (Д1) | 3 | 28 | 17 | 6 | 5 | 47–17 | 57 | Пераможца | Змена назваў ліг |
1999 | Вышэйшая (Д1) | 8 | 30 | 13 | 6 | 11 | 52–42 | 45 | Паўфінал | |
2000 | Вышэйшая (Д1) | 9 | 30 | 11 | 5 | 14 | 42–38 | 38 | Пераможца | |
2001 | Вышэйшая (Д1) | 1 | 26 | 17 | 4 | 5 | 43–20 | 55 | 1/8 фіналу | |
2002 | Вышэйшая (Д1) | 8 | 26 | 12 | 4 | 10 | 44–38 | 37[C] | Паўфінал | |
2003 | Вышэйшая (Д1) | 10 | 30 | 8 | 8 | 14 | 44–50 | 32 | 1/8 фіналу | |
2004 | Вышэйшая (Д1) | 16 | 30 | 2 | 6 | 22 | 21–62 | 12 | Чвэрцьфінал | Вылет у Першую лігу |
2005 | Першая (Д2) | 1 | 30 | 23 | 4 | 3 | 61–19 | 73 | 1/32 фіналу | Выхад у Вышэйшую лігу |
2006 | Вышэйшая (Д1) | 14 | 26 | 1 | 6 | 19 | 16–46 | 9 | 1/16 фіналу | Вылет у Першую лігу |
2007 | Першая (Д2) | 4 | 26 | 15 | 7 | 4 | 46–26 | 49[C] | 1/16 фіналу | |
2008 | Першая (Д2) | 3 | 26 | 15 | 4 | 7 | 34–21 | 49 | 1/8 фіналу | |
2009 | Першая (Д2) | 1 | 26 | 20 | 4 | 2 | 55–15 | 64 | 1/8 фіналу | Выхад у Вышэйшую лігу |
2010 | Вышэйшая (Д1) | 6 | 33 | 12 | 9 | 12 | 31–42 | 45 | Паўфінал | |
2011 | Вышэйшая (Д1) | 5 | 33 | 12 | 12 | 9 | 41–35 | 48 | 1/16 фіналу | |
2012 | Вышэйшая (Д1) | 7 | 30 | 7 | 9 | 14 | 26–40 | 30 | Чвэрцьфінал | |
2013 | Вышэйшая (Д1) | 7 | 32 | 15 | 8 | 9 | 42–38 | 47[D] | Чвэрцьфінал | |
2014 | Вышэйшая (Д1) | 10 | 32 | 8 | 8 | 16 | 42–56 | 32 | Чвэрцьфінал | |
2015 | Вышэйшая (Д1) | 4 | 26 | 12 | 7 | 7 | 39–19 | 43 | Чвэрцьфінал | |
2016 | Вышэйшая (Д1) | 15 | 30 | 5 | 10 | 15 | 34–45 | 25 | 1/16 фіналу | Вылет у Першую лігу |
2017 | Першая (Д2) | 5 | 30 | 14 | 7 | 9 | 56–30 | 47[E] | 1/16 фіналу | |
2018 | Першая (Д2) | 3 | 28 | 18 | 5 | 5 | 59–23 | 59 | Чвэрцьфінал | |
2019 | Першая (Д2) | 1 | 28 | 21 | 5 | 2 | 74–22 | 68 | 1/16 фіналу | Выхад у Вышэйшую лігу |
2020 | Вышэйшая (Д1) | 15 | 30 | 5 | 6 | 19 | 34–71 | 21 | 1/16 фіналу | Вылет у Першую лігу |
2021 | Першая (Д2) | 2 | 33 | 19 | 6 | 8 | 69–42 | 63 | 1/16 фіналу | Выхад у Вышэйшую лігу |
2022 | Вышэйшая (Д1) | 12 | 30[F] | 6 | 12 | 12 | 36–46 | 30 | Чвэрцьфінал | |
2023 | Вышэйшая (Д1) | 15 | 28 | 3 | 5 | 20 | 21–61 | 3[G] | 1/16 фіналу | Вылет у Першую лігу |
- ↑ Улічваючы дадатковы матч за першае месца супраць «Дынама-2» (паражэнне 0:3).
- ↑ Пераходныя матчы за месца ў Першай лізе супраць пінскага «Камунальніка», другой каманды Другой лігі 1995.
- ↑ а б З каманды зняты 3 ачкі за парушэнне рэгламенту.
- ↑ З каманды зняты 6 ачкоў за парушэнне рэгламенту.
- ↑ З каманды зняты 2 ачкі за за сістэматычнае невыкананне рашэнняў Камітэта па статусу і пераходам ігракоў АБФФ.
- ↑ Вынік матча 30-га тура з салігорскім «Шахцёрам» (1:4) быў ануляваны, абедзвюм камандам прысуджаны тэхнічныя паражэнні (-:-)[3].
- ↑ Рашэннем Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях АБФФ ад 11 мая 2023 года «Белшына» пазбаўлена 10 ачкоў у сувязі са скандалам з дагаварнымі матчамі[3]. Рашэннем Камітэта па клубным ліцэнзаванні АБФФ ад 22 мая 2023 года «Белшына» пазбаўлена яшчэ 1 ачка за парушэнні Рэгламенту АБФФ па ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў[4].
Міжнародныя кубкі
правіцьСезон | Кубак | Раўнд | Клуб | Першыя матчы | Матчы ў адказ | Вынік | ||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1997/1998 | Кубак Кубкаў | Кв. раўнд | Садам (Талін) | 1:1 (Г) | 4:1 (Х) | 5:2 | ||
1 раўнд | Лакаматыў (Масква) | 1:2 (Х) | 0:3 (Г) | 1:5 | ||||
1998/1999 | Кубак УЕФА | 1 к/р | ЦСКА (Сафія) | 0:0 (Г) | 1:3 (Х) | 1:3 | ||
1999/2000 | Кубак УЕФА | Кв. раўнд | Амонія (Нікасія) | 1:5 (Х) | 0:3 (Г) | 1:8 | ||
2001/2002 | Кубак УЕФА | Кв. раўнд | Ружамберак | 1:3 (Г) | 0:0 (Х) | 1:3 | ||
2002/2003 | Ліга чэмпіёнаў | 1 к/р | Портадаўн | 0:0 (Г) | 3:2 (Х) | 3:2 | ||
2 к/р | Макабі (Хайфа) | 0:4 (Г) | 0:1 (Х) | 0:5 |
Неафіцыйныя турніры
правіцьСезон | Кубак | Раўнд | Клуб | Вынік | ||
---|---|---|---|---|---|---|
2002 | Кубак чэмпіёнаў Садружнасці | Група D | Флора (Талін) | 1:3 | ||
Група D | Ніса | 1:2 | ||||
Група D | СКА-ПВО | 1:1 |
Галоўныя трэнеры
правіць- Генадзь Штэйнбук (1976—1988 — ?)
- Алег Волах (1991—1995)
- Яўген Шабуня (1996)
- Алег Волах (1997)
- Ігар Бялоў (1998)
- Алег Волах (1998)
- Людас Румбуціс (1998 — май 1999)
- Іван Савосцікаў (1999)
- Алег Волах (1999—2000)
- Андрэй Хлебасолаў (в.а., ? — чэрвень 2000)
- Валерый Чацверык (чэрвень — жнівень 2000)
- Вячаслаў Акшаеў (жнівень 2000 — жнівень 2002)
- Андрэй Хлебасолаў (жнівень 2002 — студзень 2003)
- Уладзімір Геваркян (студзень — чэрвень 2003)
- Людас Румбуціс (чэрвень — снежань 2003)
- Уладзімір Геваркян (студзень — май 2004)
- Алег Волах (в.а., май 2004)
- Ігар Гасюта (май — верасень 2004)
- Сяргей Бароўскі (верасень — снежань 2004)
- Алег Волах (2005 — май 2006)
- Міхаіл Мархель (май 2006 — студзень 2007)
- Уладзімір Бяляўскі (студзень — верасень 2007)
- Алег Волах (в.а., 2007)
- Эдуард Градабоеў (2008 — студзень 2009)
- Аляксандр Сяднёў (студзень 2009 — снежань 2011)
- Сяргей Яромка (студзень — ліпень 2012)
- Аляксандр Сяднёў (ліпень 2012 — снежань 2015)
- Віталь Паўлаў (студзень 2016)
- Уладзімір Яжураў (студзень — красавік 2016)
- Вячаслаў Герашчанка (в.а. у красавіку — ліпені 2016)
- Віталь Паўлаў (ліпень — снежань 2016)
- Уладзімір Гольмак (студзень — чэрвень 2017)
- Эдуард Градабоеў (в.а. у чэрвені — снежні 2017)
- Георгій Кандрацьеў (студзень — кастрычнік 2018)
- Эдуард Градабоеў (в.а. у кастрычніку 2018 — студзені 2019)
- Юрый Пунтус (студзень — верасень 2019)
- Эдуард Градабоеў (верасень 2019 — чэрвень 2020)
- Дзмітрый Мігас (в.а. у ліпені 2020 — лютым 2021)
- Віталь Паўлаў (люты 2021 — люты 2022)
- Альберт Рыбак (люты 2022 — май 2023)
- Віталь Паўлаў (май — снежань 2024)
- Міхаіл Марціновіч (са студзеня 2024)
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ ФИФА наложила трансферный бан на "Белшину" из-за непогшенной задолженности перед своим бывшим игроком (руск.). football.by (3 чэрвеня 2021). Праверана 6 снежня 2023.
- ↑ Футбольная «Белшина» обыграла ««Крумкачей». Рассказываем, как прошел матч (руск.). bobruisk.ru (2 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2021. Праверана 6 снежня 2023.
- ↑ а б в Официально (руск.). АБФФ (11 мая 2023). Праверана 2 чэрвеня 2023.
- ↑ а б Заседание Комитета по клубному лицензированию АБФФ. Итоги (руск.). АБФФ (22 мая 2023). Праверана 2 чэрвеня 2023.
- ↑ Основной состав (руск.). Афіцыйны сайт «Белшыны». Праверана 9 красавіка 2024.
Спасылкі
правіць- Афіцыйны сайт клуба (руск.)
- Профіль на сайце globalsportsarchive.com (англ.)