Ла́ндыш майскі[3] (Convallária majalis) — род травяністых кветкавых раслін, распаўсюджаных у рэгіёнах з умераным кліматам Паўночнага паўшар’я. Род, паводле традыцыйных уяўленнях, з’яўляецца манатыпным, адзіны від — Ла́ндыш ма́йскі або Ландыш звычайны[4][5] (Convallária majális); разам з тым, тры падвіды, якія разглядаюцца ў межах гэтага віду, часам вылучаюць у асобныя віды[6].

Ландыш майскі
Convallaria-oliv-r2.jpg
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Convallaria majalis L., 1753

Арэал

выява

Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  42909
NCBI  32189
EOL  1087078
GRIN  t:11280
IPNI  533487-1
TPL  kew-303076

Раней род уключалі ў сямейства Лілейныя (Liliaceae) або вылучалі ў асобнае сямейства Ландышавыя (Convallariaceae); у класіфікацыі APG II (2003) род быў уключаны ў сямейства Ігліцавыя (Ruscaceae). Па стане на 2013 год у большасці міжнародных баз дадзеных род Ландыш (Convallaria) уваходзіць у склад сямейства Спаржавыя (Asparagaceae)[6][7].

НазваПравіць

Родавую назву даў Карл Ліней па-лацінску — Lilium convallium, што азначае лілея далін. Англійская назва — Lily of the Valley (або Lily-of-the-Valley) — калька з лацінскай.

На беларускай мове расліну называюць ландыш майскі, акрамя таго, на Віцебшчыне выкарыстоўваюцца назвы канвалія, краспак, ландыш[8][9], на Гомельшчыне — зязюлька, ландыш[3], на Гродзеншчыне — камвалея лесавая, лянушкі, сабачы язык[10][11], на Магілёўшчыне — воўчы ягады, лантуш, лануш[10][12], на Смаленшчыне — гладыш[10][13], лантуш майскі[14].

Распаўсюджанне і асяроддзе пражыванняПравіць

Арэал роду ахоплівае ўсю Еўропу, Каўказ, Малую Азію, Кітай, а таксама Паўночную Амерыку.

У Расіі — па ўсёй Еўрапейскай частцы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе.

У Беларусі сустракаецца па ўсёй тэрыторыі[5].

Ландыш расце ў лісцяных і хваёвых, а таксама змешаных лясах, па ўзлесках і палянах. Асабліва добра развіваецца ў пойменных дубравах, на багатай нейтральнай глебе пры добрым увільгатненні[5].

На некранутых месцах ўзрастання разрастаецца вельмі шырока, ствараючы значныя курціны. Ценявынослівая расліна.

Батанічнае апісаннеПравіць

Ландыш майскі. Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885
Ягада ландыша буйным планам.

Шматгадовая травяністая расліна з гарызантальным паўзучым карэнішчам і шматлікімі разгалінаванымі каранямі[5].

Падземнае карэнішча паўзучае, не таўсцей за гусінае пяро, нясе паблізу верхавіны некалькі бледных невялікіх нізавых лістоў, напалову схаваныя ў зямлі. За імі ідуць 2 (рэдка 3) вялікія, суцэльныя шырокаланцетныя (або даўгавата-эліптычныя) завостраныя прыкаранёвыя лісты, паміж якімі на верхавіне карэнішча знаходзіцца буйная пупышка. З вугла нізавога ліста выступае кветканоснае сцябло, якое нясе суквецце з 6—20 кветак, звернутых пераважна ў адзін бок.

Карані дробныя, шматлікія.

Кветканоснае сцябло бязлістае альбо нясе лісце толькі пад суквеццем; рэдка — з ніткападобным лісцем.

Кветкі маюць круглява-званочкавы калякветнік белага (радзей бледна-ружовага) колеру, з 6 адагнутымі лопасцямі; 6 тычачак, якія сядзяць на калякветніку, і круглявую завязь, якая сканчаецца кароткім слупком[15]. Доўгія выгнутыя кветаножкі — з плёнчатых прыкветкаў. Квітнее ў маі — чэрвені[5].

Формула кветкі:    [16].

Плод — аранжава-чырвоная шарападобная ягада[5] 6-8 мм у папярочніку, якая змяшчае адну або дзве амаль шарападобныя семачкі. Ягады доўга захоўваюцца на расліне. Плоданашэнне — у чэрвені — пачатку ліпеня.

Размнажаецца як насеннае, так і вегетатыўнае.

Налета верхавінная пупышка працягвае сабой карэнішча і зноў прыносіць два (як выключэнне — тры) вялікіх ліста, але кветканоснае сцябло рэдка з’яўляецца штогод.

ТаксанаміяПравіць

 
Апісанне ландыша (Lilium convallium) з кнігі Лінея Species plantarum, 1753

У большасці міжнародных баз дадзеных род Ландыш (Convallaria) уваходзіць у склад сямейства Спаржавыя (Asparagaceae)[6][7]. Раней род уключалі ў сямейства Лілейныя (Liliaceae) або вылучалі ў асобнае сямейства Ландышавыя (Convallariaceae Horan.); у класіфікацыі APG II (2003) род быў уключаны ў сямейства Ігліцавыя (Ruscaceae)[7].

Традыцыйна род разглядаецца як манатыпны, які складаецца з аднаго віду.

Разнавіднасці, якія часам вылучаюцца ў самастойныя віды, маюць геаграфічную адасобленасць ад намінальнай разнавіднасці, пры гэтым іх марфалагічныя асаблівасці выяўлены слаба[15].

Разнавіднасці

ТаксічнасцьПравіць

Уся расліна ядавітая, у ёй утрымліваецца канвалятаксін(англ.) бел.[5].

КультываваннеПравіць

Ландышы размножваюць пераважна тронкамі. Для гэтага адразаюць верхнюю частку карэнішча і высаджваюць у глініста-пясочную, багатую лісцевым перагноем глебу, на адлегласці 20-25 см адзін ад другога.

Для выганкі яшчэ ўвосень запасаюцца тронкамі, адразаючы верхнія часткі карэнішчаў даўжынёй каля 5 см. Выбіраюць тыя, дзе верхавінная пупышка буйная і круглявая. Такія тронкі высаджваюць у прасторныя гаршчкі, па 10 або 12 у кожны. Уласна, для выганкі будуюцца вельмі нізкія цяпліцы, у якія ставяць гаршчкі з ландышамі. Гаршчкі абкладваюць мохам або закопваюць у пясок амаль цалкам; зверху гаршчкі таксама прыкрываецца мохам.

Тэмпературу ў цяпліцы падчас выганкі неабходна падтрымліваць блізу 30 і нават 35 °C. Праз 3 тыдні расліны пачынаюць квітнець. Мох трэба абавязкова трымаць сырым. Калі расліны паказваюцца з моху, гаршчкі ставяць на святло, але першы час прыцяняюць. Такім чынам можна атрымаць квітнеючыя ландышы нават да Новага года.

Выганкай ландышаў ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя актыўна займаліся ў Германіі, напрыклад, у Берліне, адкуль яны вялікай колькасцю ўвозіліся ў Расію.

Выкарыстанне чалавекамПравіць

Лекавая і дэкаратыўная расліна. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне.

Ландыш даўно культывуюць, атрыманы сарты з больш буйнымі, а таксама махрыстымі кветкамі, з вяночкам ружаватага адцення і іншымі асаблівасцямі.

У медыцынеПравіць

Ландыш майскі — шырокавядомая лекавая расліна, уваходзіць у фармакапеі многіх краін.

Як сыравіна выкарыстоўваюцца трава ландыша (лац.: Herba Convallariae), ліст ландыша (Folium Convallariae), кветкі ландыша (Flores Convallariae). Гэта сабраныя ў перыяд цвіцення надземныя часткі дзікарослых раслін, высушаныя пры тэмпературы 50-60 °C або на паветры ў ценю[19].

Асноўныя дзеючыя рэчывы — кардыятанічныя гліказіды (кардэналіды), вытворныя страфанцідзіну, страфанцідолу. Галоўныя з іх — канвалятаксін, канвалазід, канвалатаксол[5].

З сыравіны вырабляюць кардыятанічныя прэпараты: настойку і «Карглікон».

Апроч кардыятанічных сродкаў, атрымліваюць сумарны флаваноідны прэпарат канвафлавін, які ўжываецца як жаўцягонны сродак пры халецыстытах, халангітах і г. д.

У дэкаратыўным садаводствеПравіць

Ландыш здаўна (з XV стагоддзя) культывуецца для прыгожых духмяных кветак, ёсць некалькі садовых формаў (культывараў):

  • 'Alba Pleno', ці 'Alba Plena' ('Flore Pleno', ці 'Flore Plena') — дае да 12 буйных белых махрыстых кветак
  • 'Albostriata' — характэрны лісцем з крэмава-белымі падоўжнымі палоскамі
  • 'Aureovariegata', ці 'Lineata', ці 'Striata', ці 'Variegata' — з жоўтымі падоўжнымі палоскамі
  • 'Berolinensis' — буйнакветкавы, выкарыстоўваецца для выганкі
  • 'Latifolia' — з шырокім лісцем і ружовымі махрыстымі кветкамі
  • 'Grandiflora' — з буйнымі кветкамі
  • 'Picta' — з пурпурнымі плямамі каля аснавання тычыначных нітак
  • 'Prolificans' — характэрны разгалінаванымі кветаножкі, якія ўтвараюць шчыльныя суквецці
  • 'Rosea' — дае светла-ружовыя кветкі

Выведзеныя і ўводзяцца ў культуру сарты з 22-24 кветкамі ў суквецці ('Fortin’s Giant'), з жоўта-зялёным беражком ліста ('Hardwick Hall'), з белымі ці залацістымі частымі палоскамі па лісту ('Vic Pawlowski’s Gold'), вышынёй да 50 см ('Виктор Иванович'[20]) і іншыя.

Пах ландыша ў парфумерыіПравіць

Нягледзячы на тое, што водар ландыша з’яўляецца адным з шырокавыкарыстаных у парфумернай прамысловасці, атрымліваюць яго выключна сінтэтычным шляхам. Расліна змяшчае недастаткова эфірнага алею, каб яго можна было атрымліваць метадам дыстыляцыі. Шляхам экстракцыі непалярнымі растваральнікамі можна атрымаць ландышавы абсалю, які не знайшоў шырокага прымянення ў парфумерыі. Ён, хоць і прыемнага паху, усё ж прайграе сінтэтычным злучэнням, якія дакладней перадаюць водар кветкі і да таго ж танней[21]. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што пах ландыша «надае ўпэўненасці ў сабе, выклікае творчую актыўнасць, настойлівасць і цвярозасць думкі»[22].

Лісце ландыша майскага ядзецца лічынкамі некаторых лускакрылых, у тым ліку Antitype chi.

АховаПравіць

У прыродных месцах узрастання ландыш інтэнсіўна знішчаецца, асабліва паблізу буйных населеных пунктаў, з-за вытоптвання падчас збору кветак і лекавай сыравіны.

Ландышы ў культурыПравіць

Я іх табе вясной прынёс
З зялёнае лясное далі.
Празрыстыя крупінкі рос,
Яшчэ на лісцях трапяталі.

Анатоль Астрэйка. «Ландышы».[23]

Ландыш таксама вядомы як «слёзы Божай Маці», бо, паводле хрысціянскага падання, слёзы Багародзіцы, вылітыя ёю на Святы Крыж, пераўвасобіліся ў ландыш[24]. Паводле іншага падання, у ландышы пераўвасобіліся кропелькі крыві Святога Георгія ў час яго бітвы з цмокам.

У Англіі, у Сусэксе, ёсць цікавае паданне пра бітву пры Талбіяку(руск.) бел. святога Леанарда (аднаго з паплечнікаў Хлодвіга, які навярнуўся ў хрысціянства) са страшным цмокам Сінам. З пралітай крыві святога Леанарда выраслі ландышы — кветкі беззаганнасці і святасці[24].

Белыя духмяныя званкі
Ландышамі хораша завуцца.
He ўтрымаеш — скоцяцца з рукі,
Аб зямлю малыя разаб’юцца.

Еўдакія Лось. «Ландышы»[25].

У паэтычных творах кветкі ландыша заўсёды асацыююцца з чысцінёй, пяшчотай, вернасцю, любоўю, з самымі ўзнёслымі пачуццямі.

Ландыш быў любімай кветкай Пятра Ільіча Чайкоўскага. Яму ён прысвяціў ​​верш. Пасяліўшыся ў Кліне, кампазітар высадзіў ландышы ў прылеглым да дома парку.

Ландыш любілі многія знакамітыя людзі — матэматык С. Кавалеўская і хімік Д. Мендзялееў, пісьменнік А. Купрын, паэты Л. Украінка, В. Брусаў, У. Сасюра, А. А. Фет і інш. Гарачым прыхільнікам ландышаў быў і французскі пісьменнік Анры Мюржэ, аўтар «Жыцця багемы» і «Лацінскага квартала», які выпраўляўся кожную вясну любавацца імі ў наваколлі Парыжа[24].


Мікалай Капернік — лекар.
Манета Фінляндыі

У многіх старадаўніх кнігах, прысвечаных Мікалаю Каперніку, змешчаны яго партрэт, дзе ён намаляваны з букецікам далікатных ландышаў у руках. Малюнак ландышаў тлумачыцца тым, што сучаснікам Капернік быў больш вядомы не як астраном, а як буйны спецыяліст па праву, матэматыцы і як добры лекар. А ландыш быў тады адным з сімвалам медычнага мастацтва.

Псеўданімамі Ландыш і М. Ландыш карыстаўся беларускі біёлаг і пісьменнік М. М. Ганчарык.

Ландыш выкарыстоўваецца ў некаторых англійскіх перакладах Песні Песняў (Песня 2:1) для іўрыцкага слова shoshana (якое, як правіла, пазначае ружу).

У Францыі штогод у першую нядзелю мая адзначаюць свята ландышаў[24]. У 1967 ландыш стаў нацыянальнай кветкай Фінляндыі.

«Lily of the Valley» — назва песні брытанскай рок-гурта Queen з альбома Sheer Heart Attack.

Ландыш у геральдыцыПравіць

Стылізацыя малюнка ландыша размешчана на палях гербаў гарадоў Вейлара (Германія), Лунера (Нарвегія) і Мелеруда (Швецыя).

Ландыш у філатэлііПравіць

Выява ландыша неаднаразова змяшчалася на паштовых марках Германіі, таксама маркі з ландышамі выпускалі Фарэрскія астравы ў 2000, Малдова ў 1993, Югаславія ў 1963, СССР у 1973 і Латвія — у 2014.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. 3,0 3,1 Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 40. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Варыянты напісання Ландыш майскі або Ландыш звычайны ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. — Т. 9. — Мн., 1999. — С. 123.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 5,5 5,6 5,7 Ландыш майский // Лекарственные растения и их применение. — 5-е, перераб. и. доп.. — Мн.: «Наука и техника», 1974. — С. 86-89. — 592 с. — 120 000 экз.
  6. 6,0 6,1 6,2 Convallaria інфармацыя ў базе дадзеных The Plant List (2010, Version 1).(англ.) 
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 7,4 7,5 Паводле сайта GRIN (гл. спасылку ў картцы расліны).
  8. Антонов А. А. О врачебных растениях, дикорастущих в Витебской губернии и употребляемых населением ее в домашней народной медицине. Витебск, 1888
  9. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  10. 10,0 10,1 10,2 Анненков Н.(руск.) бел. Ботанический словарь, Спб, 1878
  11. З. Верас, Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік, Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра. Вiльня, Субач 2, 1924
  12. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  13. Добровольский В. Н. Смоленский областной словарь. Смоленск, 1914
  14. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  15. 15,0 15,1 Кнорринг, 1935
  16. Ботаника: учебник для студ. образоват. учреждений сред. проф. образования/ [А.С. Родионова и др.]. — М: Издательский центр "Академия", 2006. — С. 260. — 288 с. — ISBN 5-7695-2245-3.
  17. Гл., напрыклад, на сайце ITIS
  18. PLANTS Profile for Convallaria majuscula (American lily-of-the-valley) | USDA PLANTS
  19. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — С. 203—204. — ISBN 5-06-000085-0.
  20. Патэнтаўладальнік — Шумаў Ігар Робертавіч
  21. Poucher, W. A. Perfumes, cosmetics and soaps. — vol. 2. — London : Chapman and Hall Ltd., 1959.
  22. Мельниченко Т. А. Товароведение парфюмерно-косметических товаров" (для средних специальных учебных заведений). — Ростов: Феникс, 2002. — С. 19.
  23. А. Астрэйка. Ландышы
  24. 24,0 24,1 24,2 24,3 Золотницкий М. Ф. Цветы в легендах и преданиях. — М., 1913.
  25. Еўдакія Лось. «Ландышы»

СпасылкіПравіць