Літоўская духоўная семінарыя

праваслаўная семінарыя ў Вільні

Літоўская духоўная семінарыя (літ.: Lietuvos kunigu seminarija, таксама Віленская духоўная праваслаўная семінарыя, літ.: Vilniaus kunigu seminarija) — першапачаткова ўніяцкая, потым праваслаўная навучальная ўстанова, што існавала ў 18281944 і 19461947 гадах.

Літоўская духоўная семінарыя
Царква Святой Тройцы і базыльянскі манастыр
Год заснавання 1828
Канфесія Уніяцтва, Праваслаўе
Царква Грэка-каталіцкая царква, Руская праваслаўная царква
Размяшчэнне Жыровіцы, Вільня

Гісторыя

правіць

У складзе Расійскай імперыі

правіць

Уніяцкі перыяд

правіць
 
Жыровіцкі манастыр у ХІХ ст.

Заснавана ў 1828 годзе ў Жыровіцах, як грэка-каталіцкая, пад час рэарганізацыі ўніяцкай царквы, па ініцыятыве члена ўніяцкага дэпартамента Санкт-Пецярбургскай Рымска-каталіцкай калегіі Іосіфа Сямашкі.

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у створаных заходніх губернях Расійскай імперыі 70 % насельніцтва належала да ўніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы, 15 % былі каталікамі, 7 % — іудэямі і толькі 6 % — праваслаўнымі. Указам Мікалая І ад 22 красавіка 1828 г. была зацверджана незалежная ад рыма-каталіцкай царквы Грэка-уніяцкая калегія і замест чатырох уніяцкіх епархій былі створаныя дзве: Літоўская і Беларуская з кансісторыямі адпаведна ў Жыровіцах і Полацку. Для падрыхтоўкі ўніяцкіх святароў, гатовых падтрымаць збліжэнне і з’яднанне з Расійскай праваслаўнай царквой  (руск.), наканавана было стварыць адпаведныя адукацыйныя ўстановы пры епархіяльных кіраўніцтвах.

«въ Жировицкомъ греко-унитскомъ монастырѣ — мѣстопребываніи Брестскаго епископа, быть каѳедральному собору, консисторіи, семинаріи и низжему духовному училищу, а въ Полоцкѣ, сверхъ существующей тамъ унитской семинаріи, учредить духовную академію.»[1]

У той жа год, 28 жніўня Грэка-уніяцкая калегія выдала ўказ на імя старшыні кансісторыі протаіерэя Антонія Тупальскага[2] з прадпісаннем — адкрыць у Жыровіцах семінарыю 1 кастрычніка, але да прызначанага часу прыбылі не ўсе выхаванцы.

20 кастрычніка (7 кастрычніка па ст. ст.) 1828 г. у Жыровіцкім манастыры, замест ўніяцкай павятовай вучэльні[3], адбыўся ўрачысты акт адкрыцця грэка-каталіцкай Літоўскай[4] духоўнай семінарыі. Першы набор студэнтаў складаўся з 84 навучэнцаў. Рэктарам быў прызначаны член уніяцкай калегіі, былы выкладчык Полацкай семінарыі, выпускнік Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце, протаіерэй Антоній Зубко. Перад ад’ездам на пасаду яму была дадзена інструкцыя з указаннем асаблівую ўвагу надаваць вывучэнню прадметаў на рускай мове і аднаўленню чысціні ўсходняга абраду[5].

Першапачаткова выхаванне навучэнцаў Літоўскай духоўнай семінарыі праходзіла па правілах каталіцкіх духоўных школ. Вучні, якія паступілі ў семінарыю, павінны былі вывучаць Святое Пісьмо, дагматычнае і маральнае багаслоўе, пастырскае багаслоўе і царкоўнае красамоўства, царкоўную гісторыю, царкоўныя абрады і спеў, фізіку, матэматыку, мовы (рускую, нямецкую, французскую, славянскую, грэцкую, лацінскую, габрэйскую), польскую літаратуру. Пры гэтым, юнакі на той час зусім не ведалі рускай мовы, таму выкладанне праходзіла на польскай або лацінскай мовах; на рускай мове спрабавалі вывучаць толькі ўсеагульную і рускую гісторыю[6].

 

Грэка-уніяцкая калегія ўказам ад 18 кастрычніка (па ст.ст.) 1828 года звярнула сур’ёзную ўвагу семінарскага праўлення на абавязковае ўвядзенне да пачатку 1829 года выкладання прадметаў на рускай мове. З гэтай мэтай з Санкт-Пецярбурга былі выпісаныя адпаведныя падручнікі, пасля чаго самі выкладчыкі ўзяліся за вывучэнне рускай мовы. У 1830 годзе ў семінарыі займаліся ўжо 180 выхаванцаў, з якіх 80 былі «на фундушевомъ содержаніи».

Падчас паўстання ў 1831 годзе, заняткі ў семінарыі былі прыпыненыя, а ў семінарскім корпусе месціліся царскія салдаты. Са сканчэннем баявых дзеяў і эпідэміі халеры, якая лютавала ў той год, Літоўская духоўная семінарыя аднавіла сваю працу. З гэтага часу паступова сталі ўводзіцца новыя прадметы ў курс выкладання: біблейская гісторыя, метафізіка, антрапалогія, трыганаметрыя, экзэгетыка, біблейская археалогія і гісторыя ўніі. Склад выкладчыкаў папоўніўся новымі асобамі: магістр багаслоўя Тамаш Малішэўскі (пасля Філарэт, епіскап Ніжагародскі  (руск.)), доктар багаслоўя Плакід Янкоўскі, вядомы ў польскай і рускай літаратуры пісьменнік і лінгвіст, які дасканала ведаў 9 моў і магістр багаслоўя Ігнацій Жалязоўскі, (пасля епіскап Брэсцкі  (руск.)). 4 верасня 1834 года ўпершыню ў Літоўскай семінарыі на рускай мове прагучала пропаведзь, якую прамовіў інспектар Іпаліт Гамаліцкі, а 29 снежня ў саборы на рускай мове прапаведаваў студэнт Брэнн[5]. Гэты факт вельмі задаволіў губернатара Гродзенскай губерні М. М. Мураўёва, пад час наведвання Літоўскай семінарыі[7]. Паступова рускамоўе стала дамінуючай у навучальным працэсе. Выкладанне некаторых багаслоўскіх дысцыплін яшчэ нейкі час вялося на латыні з тым, каб семінарысты вышэйшага (багаслоўскага) аддзялення былі падрыхтаваныя весці дыспуты з рымска-каталіцкімі святарамі на мове лацінскага багаслоўя[8].

З 1834 г. Калегія забараніла дзецям уніяцкіх святароў вучыцца ў іншых (свецкіх) вучэльнях, акрамя духоўных, таму ў 1838 годзе ў семінарыі налічвалася больш за 200 навучэнцаў[9]. Калі адбыўся 8-мы перапіс насельніцтва ў 1835 г., у Літоўскай семінарыі налічваліся выхаванцы з розных уніяцкіх епархій: Літоўскай 159 чалавек, Мінскай 59, Валынскай 28, Падольскай 3, па аднаму з Кіеўскай і Магілёўскай.

Для аднаўлення чысціні ўсходняга набажэнства ва Уніяцкай Царкве пачалі ўводзіць богаслужбовыя кнігі маскоўскага друку. Грэка-каталіцкія святары епархіі па чарзе выклікаліся ў Літоўскую семінарыю для навучання праваслаўнаму абраду. У перыяд з пачатку 1835 да канца 1837 гадоў у ёй тэрмінам на два ці тры тыдні пабыў 431 святар. Пасля навучання і праверкі ведаў духавенства давала падпіску пра гатоўнасць служыць па маскоўскаму служэбніку[5]. Для пакарання святароў, якія адмовіліся прыняць новыя маскоўскія кнігі, Іосіф Сямашка прапанаваў вікарнаму епіскапу Антонію Зубко пазбаўляць казённага ўтрымання дзяцей гэтых святароў — выхаванцаў семінарый і духоўных вучэльняў[10].

З цягам часу Літоўская семінарыя з вучэльнямі пры ёй былі ператвораны і даведзены да такой ступені падабенства з праваслаўнымі духоўнымі навучальнымі ўстановамі, што пад канец 1835 і пачатку 1836 года было прызнана магчымым падначаліць іх нароўні з праваслаўнымі Камісіі духоўных вучылішч. Гэта мера была першым крокам з боку Літоўскай духоўнай семінарыі да ўз’яднання ўніятаў з Праваслаўем[5].

У 1830-ых гг. пры семінарыі было створана гадавое вучылішча для дзячкоў. У 1837 годзе семінарыя перажыла страшную тыфавую  (руск.) эпідэмію. Нягледзячы на медычную дапамогу і догляд хворых з боку выкладчыкаў семінарыі, памёрла некалькі чалавек.

Праваслаўны перыяд

правіць
 
Віленская Свята-Траецкая царква ў 1870 г.

У 1839 годзе, на Полацкім царкоўным саборы была абвешчана аб ліквідацыі ўніяцкай царквы ў межах Расійскай імперыі. Уніяцкія епархіі былі скасаваны; маёмасць перайшла ў падпарадкаванне Расійскай праваслаўнай царквы  (руск.). У тым жа годзе была ўтворана праваслаўная Літоўская епархія  (руск.), якую ўзначаліў ужо архіепіскап Іосіф Сямашка. Літоўская духоўная семінарыя стала праваслаўнай навучальнай установай. Праз шэсць гадоў разам з кіраўніцтвам епархіі семінарыя была пераведзеная ў Вільню, «въ самое сердце литовскаго латинства»[11]. На момант ліквідацыі ўніі жыхароў праваслаўнага веравызнання ў губерні налічвалася каля 1 тысячы[8]. У Вільні не было аніводнай праваслаўнай прыходскай царквы, дзейнічаў толькі Свята-Духаў манастырскі храм, у 1838 г. была асвячона прыпісная да яго могілкавая царква ў імя прп. Еўфрасінні Полацкай  (руск.). У 1840 г. будынак каталіцкага касцёла Святога Казіміра быў звернуты ў праваслаўную царкву, асвячоную ў імя Святога Мікалая Цудатворцы[8].

У такіх умовах 8 верасня 1845 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Літоўскай семінарыі ў Віленскім Свята-Траецкім манастыры. З той нагоды Іосіф Сямашка пісаў:

«Слава Богу! не поверите, Ваше Сиятельство, как я счастлив сегодня, у меня не обошлось без слез, и я этого не стыжусь. Если бы мне пришлось завтра умереть — с радостью сказал бы я: ныне отпущаеши раба Твоего. Владыко, церковь Православная стала в Вильне твердою и очень твердою ногою»[12].

Як епархія, так і кансісторыя, і семінарыя павінны былі, па хадайніцтве Іосіфа Сямашкі, утрымаць свае ранейшыя назвы «Літоўскіх» без змены на «Віленскіх»,

«въ виду того практическаго неудобства, что въ Вильне уже существовали подъ названіемъ Виленских, католическія — семинарія, консисторія и епархія, а также потому, что это старое названіе напоминало, какъ о старыхъ, весьма светлыхъ страницахъ православія въ Литовской стране, такъ о недавнемъ перерожденіи уніатовъ Литовской епархіи въ православныхъ»[13].

Семінарыі вызначылі частку жылых і дапаможных манастырскіх будынкаў і двор, у распараджэнне яе была перададзена вялікая бібліятэка манастыра. Спехам былі зробленыя ўнутраныя перабудовы і ў такім выглядзе семінарыя заставалася да 1866 г. Пасаду рэктара семінарыі прызналі мэтазгодным злучыць са званнем настаяцеля-архімандрыта Свята-Траецкага манастыра.

Навучальны працэс быў арганізаваны на аснове Статута духоўных семінарый 1840 года і па прыкладу семінарый Санкт-Пецярбургскай і Кіеўскай Навучальных акруг. Кіроўным органам Літоўскай семінарыі было Праўленне ў складзе рэктара, інспектара і эканома. Знешні кантроль за вучэбным працэсам ажыццяўляўся Санкт-Пецярбургскай Духоўнай акадэміяй. У праграму навучання былі дададзеныя медыцына, сельская гаспадарка, прыродазнаўчыя навукі, вучэнне пра рускі раскол і іншыя дапаможныя веды. Поўны курс семінарыі быў шасцігадовым і складаўся з трох двухгадовых аддзяленняў.

На ніжэйшым аддзяленні выкладаліся наступныя прадметы — у першы год: 1) катэхізічнае вучэнне; 2) пачаткі рыторыкі; 3) старажытная ўсеагульная гісторыя; 4) пачаткі алгебры і геаметрыі; 5) грэцкая мова; 6) лацінская мова. У другі год: 1) чытанне Майсеевых і гістарычных кніг Старога запавету; 2) кіраўніцтва да спазнання і ўжытку набажэнскіх кніг; 3) рыторыку і кароткае паняцце пра паэзію; 4) сярэднявечную і новую ўсеагульную гісторыю; 5) геаметрыю і пасхалію; 6) грэцкую і лацінскую мовы.

У сярэднім аддзяленні — у першы год: 1) чытанне навучальных кніг Старога запавету; 2) царкоўна-біблейская гісторыя; 3) логіка; 4) расійская грамадзянская гісторыя; 5) фізіка і прыродазнаўчая гісторыя; 6) чытанне грэцкіх пісьменнікаў з перакладам і філалагічным разборам; 7) чытанне лацінскіх пісьменнікаў з перакладам і філалагічным разборам. У другі год: 1) чытанне прароцкіх кніг; 2) святая герменеўтыка; 3) царкоўна-біблейская гісторыя; 4) прыродазнаўчая гісторыя і сельская гаспадарка; 5) працяг логікі і псіхалогіі; 6) чытанне грэцкіх пісьменнікаў з перакладам і філалагічным разборам.

У вышэйшым аддзяленні — у першы год: 1) чытанне Святога Пісьма Новага Запавету з тлумачэннем; 2) дагматычнае багаслоўе; 3) вучэнне пра веравызнанні, ерасі і расколы, у дачыненні да мясцовых і сучасных патрэб; 4) гамілетыка; 5) агульная гісторыя хрысціянскай царквы; 6) вучэнне пра царкоўныя старажытнасці і абрадаслоўе; 7) патрыстыка ці навука пра святых айцоў; 8) чытанне святых айцоў грэцкіх і лацінскіх, з разборам філалагічным, гамілетычным і багаслоўскім; 9) пачатковыя падставы медыцыны і агульнанародны лячэбнік; 10) сельская гаспадарка. У другі год: 1) чытанне некаторых частак Святога Пісьма, з дэталёвым вытлумачэннем; 2) багаслоўе маральнае; 3) вучэнне пра пасады прасвітараў прыходскіх; 4) гамілетыка, падставы царкоўных законаў і кананічнае права; 5) гісторыя расійскай царквы; 6) чытанне святых айцоў грэцкіх і 7) працяг медыцыны.

Акрамя багаслоўскіх дысцыплін вывучаліся і свецкія прадметы: заалогія, мінералогія, батаніка, асновы геалогіі, геаметрыя. Апроч гэтых агульнаабавязковых прадметаў вучні семінарыі займаліся па абедні і мовамі: габрэйскай, французскай і нямецкай. У навучальным працэсе Літоўскай духоўнай семінарыі мовы і матэматыка стаялі трохі ў цені; імі займаліся большасць вучняў толькі дзеля пераводу ў вышэйшыя класы; затое сельская гаспадарка, медыцына, багаслоўскія і царкоўна-гістарычныя навукі вывучаліся з вялікім поспехам. Вялікая ўвага надавалася практычным заняткам. Семінарысты наведвалі Віленскі музей старажытнасцяў. Падчас летніх шпацыраў выхаванцы збіралі камяні і расліны, якія сустракаліся ў наваколлі Вільні. Камяні вызначаліся па родах, а расліны засушваліся. На семінарскай зямлі сеялі розныя сарты хлеба; у гародзе разводзілі гародніну; у садзе, што належаў Траецкаму манастыру завялі пітомнік дрэваў, якія перасаджвалі і прышчаплялі; у семінарскім двары ўладкоўвалі кветнік і прыглядалі за кветкамі. Прысутнічалі ў семінарскім шпіталі пры аглядзе хворых, дзе вучыліся рабіць перавязкі. Па ўказанні доктара, складалі простыя лекі, папаўняючы невялікую семінарскую аптэчку. Пры вывучэнні геаметрыі ўпор таксама рабіўся на практычную геаметрыю: вучні з выкладчыкамі выходзілі за Вільню, мералі некаторыя месцы ў наваколлі горада, здымалі з іх планы і вылічалі пляцы іх паверхні[14]

 
Віленскі Свята-Траецкі манастыр каля 1900 года

Асноўную частку навучэнцаў складалі дзеці з сем’яў духоўных асоб, якія змяшчаліся за казённы кошт. Было таксама 15 казённых вакансій для дзяцей з бедных свецкіх сем’яў. За свой рахунак вучылася прыкладна дзесяць працэнтаў ад агульнага ліку семінарыстаў. З 1853 года ўсталявалі квоту ў 50 чалавек для ліку навучэнцаў вышэйшага (багаслоўскага) аддзялення. Па сканчэнню семінарыі і выніках вучобы выпускнікам вызначаўся разрад — ад 1-га (вышэйшага) да 3-га (ніжэйшага) разраду[15]. Яны паступалі ў Духоўныя акадэміі ці вызначаліся настаўнікамі і нагляднікамі епархіяльных Духоўных вучылішч. Лепшыя выпускнікі Семінарыі для працягу навучання накіроўваліся ў Санкт-Пецярбургскую і Маскоўскую Духоўныя Акадэміі[5]. Колькасць навучэнцаў семінарыі ў перыяд з 1839 па 1915 год штогод у сярэднім складала 170—195 чалавек.

У 1864 г., з нагоды 25-годдзя «возсоединенія западно-русских уніатовъ съ восточной церковью» М. М. Мураўёв «ассигновалъ из контрибуціонныхъ суммъ[16]» 60.000 рублёў на капітальную перабудову Літоўскай семінарыі. І ў 18651866 гг. у семінарскіх будынках адбыўся выразны рамонт. Сталовая і бібліятэчная залы, памяшканні выхаванцаў значна пашыраны, уладкаваны асобна агульныя спальні і класы. Вучні тым часам жылі ў Андрэеўскай вучэльні. У 1866 годзе былі выдалены з праграмы медыцына, сельская гаспадарка і прыродазнаўчая гісторыя, а дададзена педагогіка (як прадмет патрэбны для будучых пастыраў і настаўнікаў народа); заснавана пры семінарыі нядзельная школа.

Указам Свяшчэннага Сінода ад 27 мая 1867 года згодна новага Статута духоўныя семінарыі ставіліся ў непасрэднае вядзенне епархіяльных архірэяў. У 1872 годзе ў семінарскім навучанні адбыліся значныя змены: замест трох двухгадовых аддзяленняў былі ўведзены 6 класаў па аднаму году навучання. Былі дададзеныя новыя прадметы: асноўнае багаслоўе, філасофія, касмаграфія і трыганаметрыя. Палепшылася ўтрыманне, вучэбны матэрыял, гімнастычныя снарады і мэбля, пабудаваны шпіталь у семінарскім садзе, перабудавана лазня. Сапраўднай скарбніцай па ўсіх абласцях ведаў была фундаментальная бібліятэка духоўнай семінарыі (у 1885 годзе ў ёй налічвалася 12500 тамоў, сярод якіх былі рэдкія выданні XV—XVII ст.[8]). У 1873 г. адкрыўся клас іканапісу.

З пачаткам Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе Літоўская духоўная семінарыя была эвакуявана ў Разань і да 1917 года месцілася ў памяшканнях Гаўрылаўскага прытулку.

У складзе Польскай Рэспублікі

правіць

У 1919 годзе семінарыя вяртаецца ў Вільню і восенню аднаўляюцца заняткі. У выніку Польска-савецкай вайны 1919—1921 гг. Вільня апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, а з 1922 г. у складзе Польскай Рэспублікі. На пачатку 1920-х гг. высілкамі беларускай інтэлігенцыі і са згоды царкоўнай іерархіі ў семінарыі былі ўведзены новыя прадметы — беларуская мова, гісторыя і геаграфія Беларусі. Сярод выкладчыкаў семінарыі, якія найбольш спрычыніліся да беларусізацыі, быў яе новы рэктар Вячаслаў Багдановіч, выпускнік Кіеўскай духоўнай акадэміі  (руск.), які дагэтуль займаў пасаду інспектара семінарыі[17]. Беларуская актыўнасць у ёй падтрымлівалася дзякуючы такім выкладчыкам, як Вінцэнт Грышкевіч, Янка Станкевіч і іншыя. А першым выкладчыкам беларускай мовы семінарыі быў класік літаратуры Максім Гарэцкі [18]. У 1923 годзе з 292 слухачоў семінарыі 221 заявілі сябе беларусамі, 63 рускімі, 7 украінцамі і 1 польскім грамадзянінам. У той жа час, 210 чалавек паведамілі, што дома размаўляюць на рускай мове, 63 па-беларуску, па аднаму назвалі роднай украінскую і польскую мовы, а 11 навучэнцаў назвалі сумесь з двух або трох моў[19].

 
Царква Святой Тройцы ў 1927 годзе

Ва ўмовах абвяшчэння аўтакефаліі Польскай праваслаўнай царквы у 1924 г. пачалася рэарганізацыя сістэмы навучання ў Віленскай духоўнай семінарыі. У першую чаргу змены датычылі пераходу ад пераважна рускай мовы навучання да польскай, але за беларусамі яшчэ заставалася права выкладання каля паловы прадметаў па-беларуску. У 1927 г. у рамках агульнадзяржаўнай школьнай рэформы Духоўныя семінарыі ў Вільні і Крамянцы былі пераўтвораны на ўзор дзяржаўных 9-гадовых гімназій з правамі сярэдняй навучальнай установы. Напалову скарацілася колькасць гадзін на багаслоўскія дысцыпліны, абавязковым прадметам стала польская мова, гісторыя і геаграфія Польшчы, а беларускамоўныя прадметы былі фактычна забаронены[20]. Па адзнакам навучэнца той пары Яўстаха Баслыка: гэта ўжо была не Праваслаўная Духоўная семінарыя. Яна толькі намінальна насіла гэтую назву. Яна стала ў 1929—1930 гг. філіялам польскай класічнай гімназіі з польскай мовай выкладання і толькі з некаторай праваслаўнай праслойкай: царкоўны спеў, царкоўны статут, наведанне набажэнстваў і да т. п[21].

У 1932 годзе Інстытут Нацыянальнасцяў  (польск.) ацаніў узровень выкладання ў семінарыі як нізкі, прагрэс паланізацыі (нягледзячы на тое, што многія заняткі праводзіліся на польскай мове) як нязначны з-за таго, што захоўваецца прэстыж рускай мовы[22]. У 19351936 навучальных гадах, паводле планаў дзяржаўных органаў і Польскай царквы, абодва бакі пагадзіліся ліквідаваць Віленскую і Крамянецкую духоўныя семінарыі і замяніць іх на адзін багаслоўскі ліцэй у Варшаве. Аднак гэты працэс не спраўдзіўся ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны[19].

У час Другой сусветнай вайны

правіць
 
Вільня ў 1939 годзе

У 1939 г. частка Віленскага края была перададзена Літве (у тым ліку і Вільня), а ў 1940 г. створаная Літоўская ССР ўвайшла ў склад СССР. Літоўская (Віленская) духоўная семінарыя спыніла сваё існаванне. У час нямецка-фашысцкай акупацыі працамі экзарха мітрапаліта Сергія  (руск.) у Вільні былі арганізаваныя пастырска-багаслоўскія курсы для падрыхтоўкі праваслаўных святароў як для Прыбалтыкі, так і для прыходаў, што адчыняліся ў «вызваленых ад бальшавікоў» раёнах Ленінградскай вобласці. Вясной 1944 года адбыўся першы выпуск навучэнцаў і ў тым жа годзе, пасля ўзнаўлення ў Літве савецкай улады, курсы былі зачыненыя.

У складзе СССР

правіць

У 1946 году семінарыю аднавілі, прыняўшы на першы курс 25 чалавек (з іх пяць вольных слухачоў). Але місіянерскія планы, у прыватнасці, правядзенне набажэнстваў на літоўскай мове, не ажыццявіліся, а семінарыю пад ціскам мясцовых уладаў у жніўні 1947 года закрылі, перавёўшы групу віленскіх другакурснікаў ў Жыровіцкі манастыр.

Гл. таксама

правіць

Рэктары

правіць

Інспектары

правіць

Вядомыя выпускнікі

правіць

Зноскі

правіць
  1. Котович 1878, с. 24.
  2. Протопросвитер Антоний Тупальский (руск.) // Pawet.net
  3. Летопись Свято-Успенского Жировичского монастыря (руск.) // Свято-Успенский Жировичский ставропигиальный мужской монастырь
  4. ЖИРОВИЧИ: ПАМЯТНИКИ И ПАМЯТНЫЕ МЕСТА, СВЯЗАННЫЕ С ИМЕНЕМ МИТРОПОЛИТА ИОСИФА (СЕМАШКО) (руск.) // Свято-Успенский Жировичский ставропигиальный мужской монастырь
  5. а б в г д Носко М. М. Литовская Духовная Семинария и её роль в воссоединении униатов с Православной Церковью Архівавана 8 студзеня 2021. // Ступени. 2001. — № 1 (2) (руск.)
  6. Котович 1878, с. 35.
  7. Котович 1878, с. 53.
  8. а б в г ВИЛЕНСКАЯ И ЛИТОВСКАЯ ЕПАРХИЯ // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2004. — Т. VIII. — С. 465-475. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-014-5.
  9. Котович 1878, с. 54.
  10. Жизнь Іосифа Семашки, митрополита Литовскаго и Виленскаго и возсоединеніе западно-русскихъ уніатовъ с православною церковію въ 1839 г. : Съ 3-мя портретами высокопреосященнаго Іосифа / Сочиненіе Г. Я. Кипріановича. — Вильна : Типографія И. Блюмовича, 1893. — XVIII, 448 с., 3 л. портр. (руск.) стар.95
  11. Жизнь Іосифа Семашки, митрополита Литовскаго и Виленскаго и возсоединеніе западно-русскихъ уніатовъ с православною церковію въ 1839 г. : Съ 3-мя портретами высокопреосященнаго Іосифа / Сочиненіе Г. Я. Кипріановича. — Вильна : Типографія И. Блюмовича, 1893. — XVIII, 448 с., 3 л. портр. (руск.) стар.191
  12. Жизнь и труды высокопреосвященного Иосифа (Семашко), митрополита Виленского и Антовского (руск.) // Афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай царквы
  13. Жизнь Іосифа Семашки, митрополита Литовскаго и Виленскаго и возсоединеніе западно-русскихъ уніатовъ с православною церковію въ 1839 г. : Съ 3-мя портретами высокопреосященнаго Іосифа / Сочиненіе Г.Я. Кипріановича. - Вильна : Типографія И. Блюмовича, 1893. - XVIII, 448 с., 3 л. портр. (руск.) стар.193
  14. а б Ильин А. Черевачицкие Котовичи – священники, деятели культуры и просто люди. Глава V. Виленский кафедральный протоиерей Иоанн Котович // Гістарычная брама. — 2016. — № 1 (26).
  15. Выпускники Литовской духовной семинарии (руск.)
  16. Жизнь Іосифа Семашки, митрополита Литовскаго и Виленскаго и возсоединеніе западно-русскихъ уніатовъ с православною церковію въ 1839 г. : Съ 3-мя портретами высокопреосященнаго Іосифа / Сочиненіе Г. Я. Кипріановича. — Вильна : Типографія И. Блюмовича, 1893. — XVIII, 448 с., 3 л. портр. (руск.) стар.327
  17. Асветніцкакя дзейнасць беларускай інтэлігенцыі ў Вільні 1920—1930-я гг. // Прыход Свята-Петрапаўлаўскага сабора г. Мінска
  18. Віленская праваслаўная духоўная семінарыя і беларуская мова // Мова нанова Гародня
  19. а б Pawluczuk U. A.: Życie monastyczne w II Rzeczypospolitej. Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2007, ISBN 978-83-7431-127-4 (польск.)
  20. Кулажанка Л. З вопыту асветніцкага служэння Праваслаўнай царквы (Заходняя Беларусь у 1920—1930 гг.) // Праваслаўе. — 1999. — № 8. — С. 38—57
  21. а б в г АНТОЛОГИЯ СЕМИНАРСКОЙ ЖИЗНИ. ИЗ ВОСПОМИНАНИЙ ОТЦА ЕВСТАФИЯ БАСЛЫКА. ЧАСТЬ 1 (1922—1924) (руск.) // ПРАВОСЛАВИЕ.RU
  22. M. Papierzyńska-Turek, Między tradycją a rzeczywistością. Państwo wobec prawosławia 1918—1939, Państwowy Instytut Wydawniczy, Warszawa 1989, s. 283—285 (польск.)
  23. Виленский кафедральный протоиерей Ипполит Гомолицкий (руск.) // Прыход Свята-Петрапаўлаўскага сабора г. Мінска
  24. Жизнь Іосифа Семашки, митрополита Литовскаго и Виленскаго и возсоединеніе западно-русскихъ уніатовъ с православною церковію въ 1839 г. : Съ 3-мя портретами высокопреосященнаго Іосифа / Сочиненіе Г. Я. Кипріановича. — Вильна : Типографія И. Блюмовича, 1893. — XVIII, 448 с., 3 л. портр. (руск.) стар.287
  25. Свяшчэннамучанік Іаан (Помер), епіскап Слуцкі, архіепіскап Рыжскі і Латвійскі // Прыход Свята-Петрапаўлаўскага сабора г. Мінска
  26. ТУЧЕМСКИЙ НИКОЛАЙ МИХАЙЛОВИЧ (руск.) // ДРЕВО открытая православная энциклопедия
  27. Жизнь Іосифа Семашки, митрополита Литовскаго и Виленскаго и возсоединеніе западно-русскихъ уніатовъ с православною церковію въ 1839 г. : Съ 3-мя портретами высокопреосященнаго Іосифа / Сочиненіе Г. Я. Кипріановича. — Вильна : Типографія И. Блюмовича, 1893. — XVIII, 448 с., 3 л. портр. (руск.) стар.361
  28. СВЯЩЕННОМУЧЕНИК МАТФЕЙ КРИЦУК, ПРОТОИЕРЕЙ Архівавана 12 лістапада 2018. (руск.) // Слуцкая епархия Минской митрополии Белорусской Православной Церкви Московского Патриархата
  29. Дикарев А., диакон Наблюдатели Русской Православной Церкви на II Ватиканском соборе: предыстория Архівавана 21 красавіка 2020. // Церковь и время. — 2013. — № 1 (62). — С. 107—137

Спасылкі

правіць

Літаратура

правіць