Здзітава (Бярозаўскі раён)
Здзі́тава[1] (трансліт.: Zdzitava, руск.: Здитово) — вёска ў Беларусі, у Спораўскім сельсавеце Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, паміж Чорным і Спораўскім азёрамі. Размешчана за 35 км на паўднёвы ўсход ад Бярозы, за за 2 км ад чыгуначнай станцыі Белаазёрск.
Вёска
Здзітава
| ||||||||||||||||||||||
Назва, верагодна, паходзіць ад назвы р. Дзітва.
Паходжанне назвы
правіцьВёска Здзітава з’яўляецца самым старажытным паселішчам Бярозаўскага раёна.
На думку Ф. Д. Клімчука, назва вёскі паходзіць, ад слова «зодчы» (будаўнік), у мове ванаў «задзі» — будаваць. Адсюль Здзітаў — «будоўля». У мове ванаў «Зьд» значыць «каменная сцяна».
Мяркуецца, горад быў абнесены каменнай сцяной. Звяртае ўвагу, што вельмі падобная назва была тады ў сучаснага горада Дзятлава (Гродзенская вобласць) — Здзяцел. Прасочваецца сувязь і з назвамі возера Джыдзінне, што за семнаццаць кіламетраў ад Здзітава, і рэчкі Дзітва, што ў Лідскім раёне (Гродзенская вобласць).
С. Амяльчук выказаў меркаванне, што назва вёскі Здзітава паходзіць ад ракі Дзітва. Калі жыхароў вёскі пыталіся адкуль яны, тыя адказвалі — з Дзітвы, адсюль і назва — Здзітава.[2]
Гісторыя
правіцьАдна з самых старажытных вёсак Бярозаўшчыны. Упершыню ўзгадваецца як горад Здзітаў у 1005 годзе ва «Устаўной грамаце аб заснаванні Тураўскай епіскапіі»[3], потым у Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам, калі паселішча было апорным пунктам для войска Данілы Галіцкага ў час яго вайны з Міндоўгам. Паводле археалагічных звестак, горад Здзітаў існаваў у XI—XIII стагоддзях, уваходзіў у спіс 35 гарадоў рускіх зямель, што існавалі на Беларусі да 1300 года. Тут праходзілі Дняпроўска-Нёманскі і Дняпроўска-Бугскі водныя шляхі, «дорога великая Березинская и Здитовская». Месцазнаходжанне горада дакладна вызначана ў 1938 годзе. Выявіў гарадзішча А. Цынкалоўскі, абследавалі М. А. Ткачоў (1970), потым Я. Г. Звяруга.
У 1240-я гады вялікі князь літоўскі Міндоўг авалодаў Здзітавам-на-Ясельдзе. У 1263 годзе Войшалк (сын Міндоўга) выдаў сваю сястру за Шварна Данілавіча і даў у пасаг гарады Здзітаў і Слонім. У выніку ваеных дзеянняў кіеўскіх князёў супраць яцвягаў горад быў разбураны, а жыхары перасяліліся ў іншыя мясцовасці з той жа назвай — Здзітаў. За 7 км ад старажытнага горада на р. Дарагабуж — у сучасную в. Здзітава Спораўскага сельсавета, а таксама за 22 км ад горада — сучасную вёску Здзітаўскага (былога Углянскага) сельсавета.
Вялікае Княства Літоўскае
правіцьЗ пачатку XIV стагоддзя ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1430 годзе мястэчка. Узгадваецца ў «Кнізе судовых спраў літоўскіх» (1520). З другой паловы XV стагоддзя вядомы «Здзітаў Гарадок» («Здзітаў дварэц») каля возера Спораўскае — цэнтр дзяржаўнай воласці Слонімскага павета Троцкага ваяводства. У 1452 годзе значная частка воласці была перададзена пінскаму князю Юрыю Сямёнавічу. Потым Здзітаў падараваны Казімірам, каралём польскім і вялікім князем літоўскім «княгіні Швітрыгайлавай». У 1520 годзе «двор» — адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр воласці і мястэчка, праз якое ішла вялікая дарога з Валыні ў Вільню. З другой паловы XVI стагоддзя ў Слонімскім павеце Новагародскага ваяводства. У 1559 годзе значную частку воласці займала Здзітаўская пушча (4x2 мілі).
У 1561 годзе гаспадарчы двор з мястэчкам, «дворцом „Хрысіца“» і воласцю перададзены ў заклад на 3 гады Васілю Цішкевічу, а з 1562 года — у яго пажыццёвае ўладанне. У 1567 годзе ўпамінаецца царква Успення. У 1590 годзе Здзітаўская воласць з дваром, мястэчкам і фальваркам у закладзе ў слонімскага старосты Льва Сапегі.
У XVII—XVIII стагоддзях Здзітаў — цэнтр староства Сапетаў у Новагародскім ваяводстве. У 1757 годзе смаленскі ваявода Пётр Павел Сапега перадаў староства Адаму Бжастоўскаму.
Пад уладай Расійскай імперыі
правіцьПасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1868 годзе згадваецца як Здзітаў. 19 верасня 1884 года ў Здзітаве пажар знішчыў 30 сялянскіх дамоў з маёмасцю, страты склалі 15 845 руб. У 1886 годзе мястэчка ў Пескаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні, дзейнічалі царква, школа, піцейны дом. Паводле перапісу 1897 года сяло, якое межавала з в. Гарбова і выселкам Качавічы, дзейнічалі прыходская царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У Качавічах працаваў ветраны млын; у в. Гарбова — кузня, тут знаходзіўся будынак Здзітаўскай царквы (пры ім 1 двор, 8 жыхароў). У сядзібе Здзітава, якую арандаваў Афром Готлейб, у 1 доме жылі 6 чалавек.
Найноўшы час
правіцьУ 1905 годзе сяло на мяжы Слонімскага і Кобрынскага паветаў. У 1910 годзе складалася з трох асобных частак — Новай Слабады, сяла і асобнай вуліцы Гарбоўкі. У пачатку XX стагоддзя існавала манаполька (у 1910 яе прыбытак складаў 22 тыс. руб., у 1912 — 12 тыс. руб.).
Аб беднасці жыхароў сяла, якія выязджалі на заробкі ў Амерыку, пад псеўданімамі «Здзітавец», «Стары дзед Міхась» і інш. пісаў у 1910—1914 гадах у «Нашу ніву» мясцовы настаўнік і краязнаўца Міхаіл Рамановіч. Ён у пачатку 1900-х гадоў падрыхтаваў рукапісны «Сборник народных песен крестьян Кобринского и Слонимского уездов Гродненской губернии». Частка запісаў мясцовых народных песень была надрукавана вядомым этнографам-фалькларыстам Еўдакімам Раманавым, які ў 1910 годзе выявіў тут археалагічную стаянку, у сядзібе селяніна Гладкоўскага знайшоў рэшткі старажытнага глінянага посуду.
З 1915 года акупіравана германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і са жніўня 1920 года войскамі Польшчы. У ліпені — жніўні 1920 года на кароткі час была ўстаноўлена савецкая ўлада.
З 1921 года ў складзе Палескага ваяводства Польшчы. У 1924 годзе вёска ў Пескаўскай гміне Косаўскага павета.
З 1939 года ў БССР. З 1940 года цэнтр Здзітаўскага сельсавета. Дзейнічалі школа, ветраны млын, хата-чытальня.
У 1941—1944 гадах акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У час акупацыі ў заходняй частцы вёскі базіраваліся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б. 3 красавіка 1944 года карнікі пачалі наступаць на пазіцыі партызан з некалькіх напрамкаў. Партызаны і 10 тыс. мірных жыхароў, якія знаходзіліся пад іх аховай, апынуліся ў акружэнні, партызанскія брыгады імя Дзяржынскага (камандзір В. М. Манахаў, камісар П. Р. Кавалёў), «Савецкая Беларусь» (камандзір М. У. Бабкоў, камісар П. І. Маслоў), 345-ы атрад (камандзір С. А. Яроцкі) і атрад імя С. М. Будзённага (камандзір К. Е. Мерзлякоў, камісар П. К. Каламійцаў) 7 дзён паспяхова адбівалі атакі карнікаў. Акупанты загубілі 48 жыхароў вёскі, на франтах загінулі 78 воінаў-землякоў. Імем аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі, Героя Савецкага Саюза С. І. Сікорскага, імем М. У. Бабкова, арганізатара партызанскага руху на Брэстчыне і ў Бярозаўскім раёне, камандзіра партызанскай брыгады «Савецкая Беларусь», у вёсцы названы вуліцы.
У 1975 годзе да 30-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі на месцы баёў створаны мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» (скульптар В. Дз. Кліменка, архітэктар В. А. Пак).
Паводле перапісу 1970 года працавалі сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, 2 магазіны. 18 студзеня 1988 года Здзітаўскі сельсавет быў перайменаваны ў Спораўскі (Здзітаўскім стаў называцца былы Углянскі сельсавет).
Інфраструктура
правіцьПрацуюць сярэдняя і пачатковая школы, бібліятэка, Дом культуры, царква.
Здзітаўская сярэдняя школа
правіцьПершыя ўзгадаванні аб Здітаўскай школе адносяцца да 1921 года. Школа размяшчалася ў вясковых хатах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны школа знаходзілася ў зямлянках. Настаўнікамі былі Марыя Васільеўна Шляхценка і Любоў Аляксандраўна Грыцова.
У 1946 годзе пачала дзейнічаць беларускамоўная пачатковая школа ў хаце мясцовага жыхара Мікалая Максімавіча Чарвякоўскага, а праз некаторы час школа перамясцілася ў новы будынак.
У тым жа годзе пачала працаваць пачатковая школа ва ўрочышчы Ямы ў хаце мясцовага жыхара М. І. Сычыка. Першымі настаўнікамі былі Каўганка, Букініч, К. П. Міхнюк.
З 1950 па 1959 гады дырэктарам Горбаўскай школы (у той час яна мела такую назву) быў Уладзімір Васільевіч Савельеў. У 1951 годзе прыехалі настаўнікі Н. І. Малаева, І. Ф. Міхалкоўскі, Г. В. Нядзвецкі, В. С. Нядзвецкая, В. В. Гавенчык, І. С. Вашкевіч, Д. С. Макарэвіч (Вашкевіч). У 1952 годзе адбыўся першы выпуск сямігодкі. У 1954 годзе школа атрымала новы будынак. Школа стала цэнтрам сяла, тут праводзіліся сходы і вечарыны.
У гэты ж час кіраўнік У. В. Савельеў арганізаваў першую ў Бярозаўскім раёне вячэрнюю школу сельскай моладзі. З 1954 па 1957 гады там працаваў філіял сямігадовай школы.
У пачатку 1960-х гадоў нягледзячы на ўзбуйненне школы будынкаў не хапала. Навучанне працягвалася ў хатах. У 1962 годзе школа стала васьмігодкай і працавала ў 3 змены.
Сённяшні двухпавярховы цагляны будынак сярэдняй школы пабудавалі ў 1964 годзе, а таксама ўзвялі інтэрнат для вучняў.[4]
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе:
- 1886 год — 57 двароў, 644 жыхары.
- 1897 год — 131 двор, 754 жыхары, у выселку Качавічы — 25 двароў, 131 жыхар, у в. Гарбова — 45 двароў, 270 жыхароў.
- XX стагоддзе:
- 1905 год — 981 жыхар.
- 1924 год — 189 будынкаў, 960 жыхароў.
- 1940 год — 276 двароў, 1458 жыхароў.
- 1959 год — 127 гаспадарак, 615 жыхароў.
- 1970 год — 565 гаспадарак, 1212 жыхароў.
- 1994 год — 446 двароў, 1,2 тыс. чал.[5]
- 1997 год — 1200 жыхароў.
- XXI стагоддзе:
- 2005 год — 427 двароў, 1047 жыхароў.
Славутасці
правіць- Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» (1975) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Д000141
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1922)
- археалагічныя стаянка Горбаў-1, за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі, на паўднёвым беразе возера Чорнае, датуецца эпохамі неаліту і бронзавага веку (5—2-е тысячагоддзі да н.э.), адносіцца на нёманскай і тшцінецкай культур. Выявіў у 1910 годзе Е. Р. Раманаў, даследаваў у 1964 годзе У. Ф. Ісаенка. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113В000139
- археалагічныя стаянка Горбаў-2 (5—2-е тысячагоддзі да н.э.), за 1 км на поўнач ад вёскі, на левым беразе р. Дарагабуж. Выявіў і даследаваў у 1964 годзе У. Ф. Ісаенка, адносіцца да неаліту. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113В000140
Страчаная спадчына
правіць- Сядзіба
- Царква
Музей «Здзітаўскі фальварак»
правіцьГісторыя стварэння
правіцьПрактычным кампанентам інавацыйнай дзейнасці школы стала рэалізацыя адукацыйных праектаў, накіраваных на паляпшэнне дабрабыту школьнай супольнасці. Распрацаваны вобраз жадаемага будучага, стратэгія «Школа і вёска: разам да ўстойлівага развіцця», створаны эколага-этнаграфічны музей «Здзітаўскі фальварак», «Да ўстойліва Здзітава з дапамогай спорта». Усе праекты рэалізоўваюцца школай у цесным супрацоўніцтве з Праграмай Развіцця ААН, Асацыяцыяй агентстваў мясцовай дэмакратыі ALDA (Францыя), АУ «Новая Еўразія» (г. Мінск), ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», аддзелам адукацыі Бярозаўскага райвыканкама, Спораўскім сельскім выканаўчым камітэтам і іншымі партнёрамі.
У 2009 годзе з мэтай стварэння эколага-этнаграфічнага музея вучнямі і працаўнікамі Здзітаўскай школы сумесна с зацікаўленынмі жыхарамі вёскі, ААТ «Спорава», Спораўскім лясніцтвам і пры фінансавай падтрымцы Праграмы развіцця ААН была праведзена рэканструкцыя старой закінутай хаты. Яна была прадстаўлена школе былой жыхаркай вёскі Смаркалавай Л. М. Пры правядзенні рамонтных работ стараліся максімальна захаваць аўтэнтычнасць.[6] Для напаўнення музея экспанатамі вучні школы сумесна з настаўнікам Аполька Н. В. арганізавалі этнаграфічную экспедыцыю. Мясцовыя жыхары падаравалі ў музей рэчы побыту селяніна Здітава пачатку 20 стагоддзя. Усе экспанаты ў музеі знаходзяцца ў рабочым стане і пры жаданні наведвальнікі могуць паспрабаваць іх у дзеянні.[7]
Мерапрыемствы ў Здзітаўскім фальварку
правіцьНа базе музея вучнямі школы ладзяцца тэматычныя адукацыйныя экскурасіі, святочныя абрады і мерапрыемствы для вучнёўскай моладзі, турыстаў згодна распрацаванаму цыклу традацыйных свят нашых продкаў «Карагод народных свят вёскі Здзітава».
Музей «Здзітаўскі фальварак», зялёны маршрут «Паміж трох азёр» — праекты, якія з’яўляюцца асновай для сацыяльна-эканамічнага адраджэння навакольнай мясцовасці, прапаганды ідэй устойлівага развіцця.
У цяперашні час музей Здзітаўскі фальварак з’яўляецца элементам зялёнага маршруту «Паміж трох азёр» — сумеснага праекта Здзітаўскай СШ, Спораўскага заказніка і Праграмы развіцця ААН. Гэта трохдзённы веласіпедны маршрут працягласцю каля 70 км, які ахоплівае тэрыторыі некалькіх сельскіх саветаў Бярозаўскага раёна. Маршрут арыентаваны як на турыстаў з ліку мясцовых жыхароў сельскага савета, бліжэйшых рэгіёнаў, так і на турыстаў, у тым ліку замежных, якія наведваюць заказнік «Спораўскі» з мэтай вывучэння яго жывёльнага і расліннага свету.
Вядомыя асобы
правіць- Алена Васільеўна Леванцэвіч — кандыдат філалагічных навук, беларускі навуковец-этналінгвіст.
- Мікалай Васільевіч Жуковіч — вядомы настаўнік-філолаг.
- Мікалай Іванавіч Кавалевіч — кандыдат педагагічных навук, Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
- Мікалай Васільевіч Чайчыц — кандыдат тэхнічных навук, прафесар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыялізацыі «Механізацыя і аўтаматызацыя».
- Васіль Андрэевіч Сычык — прафесар, доктар тэхнічных навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі, член Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій.
- Іван Варфаламеевіч Васілеўскі — генерал-маёр авіяцыі.
- Мікалай Міхайлавіч Чарвякоўскі — падпалкоўнік, які за час службы ўзнагароджаны 10 медалямі.
- Іван Іванавіч Сычык — пісаў шмат жывапісных твораў, актыўна ўдзельнічаў у абласных, рэспубліканскіх і замежных выставах.[8]
- Віктар Іванавіч Чайчыц (нар. 1960) — беларускі дзяржаўны дзеяч.
Крыніцы
правіць- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Здзі́таў, м.
- ↑ Здзітава — радзіма мілая. «Здзітаўская сярэдняя школа» Бярозаўскага раёна. «Прапілеі». Мінск 2015. С. 7, 8.
- ↑ Щапов, Я. И. Туровские уставы XIV в. о десятине // Археографический ежегодник за 1964 год / АН СССР, Отд-ние истории, Археографическая комиссия. — М.: Наука, 1965. — 393, [1] с. — С. 271—272.
- ↑ Государственное учреждение образования «Здитовская средняя школа» Берёзовского района(недаступная спасылка), дата доступа: 05.01.2017
- ↑ Шаміль Бекцінееў, Міхаіл Спірыдонаў, Валерый Шаблюк. Здзітава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 438. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Здзітава — радзіма мілая. «Здзітаўская сярэдняя школа» Бярозаўскага раёна. «Прапілеі». Мінск 2015. С. 49
- ↑ Здзітава — радзіма мілая. «Здзітаўская сярэдняя школа» Бярозаўскага раёна. «Прапілеі». Мінск 2015. С. 50
- ↑ Здзітава — радзіма мілая. «Здзітаўская сярэдняя школа» Бярозаўскага раёна. «Прапілеі». Мінск 2015. С. 88—94.
Літаратура
правіць- Здзі́тава // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 48. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 528 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Zdzitów (4) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn (польск.). — Warszawa, 1895. — S. 559.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Здзітава (Бярозаўскі раён)
- Здитово на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Легенды і паданні вёскі Здзітава