Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне

Но́белеўская прэ́мія па фізіяло́гіі і медыцы́не (шведск.: Nobelpriset i fysiologi eller medicin) — найвышэйшая ўзнагарода за навуковыя дасягненні ў галінах фізіялогіі і медыцыны, якая штогод прысуджаецца шведскім Каралінскім інстытутам у Стакгольме. Адна з пяці Нобелеўскіх прэмій, заснаваных у 1895 годзе паводле запавету шведскага хіміка Альфрэда Нобеля, які памёр у 1896 годзе. Гэтыя прэміі прысуджаюцца за выдатныя заслугі ў галінах хіміі, фізікі, літаратуры, міру і фізіялогіі або медыцыны[1]. У адпаведнасці з запаветам Нобеля прэмія знаходзіцца ў падпарадкаванні Фонду Нобеля і прысуджаецца камісіяй з пяці членаў і выканаўчага сакратара, якія выбіраюцца Каралінскім інстытутам[2][3]. Нягледзячы на тое, што прэмію звчайна называюць «Нобелеўскай прэміяй па медыцыне», у сваім запавеце Нобель падкрэсліваў, што прэмія павінна ўручацца за дасягненні ў «фізіялогіі або медыцыне», у выніку чаго на прыз прэтэндуюць навукоўцы з больш шырокага спектра абласцей[3]. Лаўрэатам першай Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне ў 1901 годзе стаў Эміль Адольф фон Берынг з Германіі. Кожны лаўрэат атрымлівае медаль, дыплом і грашовы прыз, які змяняецца з цягам часу[4]. У 1901 годзе фон Берынг атрымаў 150 782 шведскія кроны, што ў снежні 2008 года было эквівалентна 7 731 004 шведскім кронам. Прэмія ўручаецца на штогадовай цырымоніі 10 снежня, у гадавіну смерці Альфрэда Нобеля[5].

Медаль, які атрымліваюць лаўрэаты Нобелеўскай прэміі. Быў упершыню адчаканены ў 1902 годзе.

За больш чым 100 гадоў існавання прэміі лаўрэаты былі ўзнагароджаны за ўклад у развіццё шырокіх спектраў абласцей, якія адносяцца да фізіялогіі або медыцыны. Больш за 25 лаўрэатаў атрымалі Нобелеўскія прэміі за ўклад у галінах нейрабіялогіі і абмену рэчываў[3]. Лаўрэату Нобелеўскай прэміі 1939 года немцу Герхарду Домагку ўрад не дазволіў атрымаць прэмію. Пазней ён атрымаў медаль і дыплом, але не грошы[6]. З 1901 года Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне не прысуджалася толькі 9 разоў: у 1915, 1916, 1917, 1918, 1921, 1925, 1940, 1941 і 1942 гадах. Станам на 2015 год прэмію атрымлівалі 210 вучоных, з якіх толькі дванаццаць былі жанчынамі: Герці Коры (1947), Разалін Сасмэн Ялаў (1977), Барбара Мак-Клінтак (1983), Рыта Леві-Мантальчыні (1986), Гертруда Элаян (1988), Хрысціяна Нюслайн-Фольхард (1995), Лінда Бак (2004), Франсуаза Барэ-Сінусі (2008), Элізабет Блэкбёрн (2009), Кэрал Грэйдэр (2009), Май-Брыт Мозер (2014) і Ту Юю (2015)[7]. Самым маладым лаўрэатам прэміі на момант атрымання стаў Фрэдэрык Бантынг ва ўзросце 32 гадоў у 1923 годзе, а самым узроставым быў лаўрэат 1966 года Фрэнсіс Пейтан Роўс, якому на момант прысуджэння было 87 гадоў[8].

Спіс лаўрэатаў

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Alfred Nobel – The Man Behind the Nobel Prize. Nobelprize.org. Праверана 7 кастрычніка 2008.
  2. The Nobel Prize Awarders. Nobel Foundation. Праверана 21 лістапада 2008.
  3. а б в Lindsten, Jan and Nils Ringertz. The Nobel Prize in Physiology or Medicine, 1901–2000*. Nobel Foundation (26 чэрвеня 2001). Праверана 21 лістапада 2008.
  4. The Nobel Prize. Nobelprize.org. Праверана 7 кастрычніка 2008.
  5. The Nobel Prize Award Ceremonies. Nobelprize.org. Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2008. Праверана 7 кастрычніка 2008.
  6. Nobel Laureates Facts. Nobelprize.org. Праверана 21 лістапада 2008.
  7. Women Nobel Laureates. Nobel Foundation. Праверана 21 лістапада 2008.
  8. Facts on the Nobel Prize in Physiology or Medicine. Nobelprize.org. Архівавана з першакрыніцы 21 чэрвеня 2013. Праверана 4 сакавіка 2013. (англ.)

Спасылкі

правіць