Янка Маўр
Янка Маўр, сапр.: Іван Міхайлавіч Фёдараў (28 красавіка (10 мая) 1883, Лібава, Курляндская губерня — 3 жніўня 1971, Мінск) — беларускі пісьменнік, аўтар апавяданняў, аповесцяў і раманаў для дзяцей і моладзі.
Янка Маўр | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Іван Міхайлавіч Фёдараў |
Дата нараджэння | 28 красавіка (10 мая) 1883 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 жніўня 1971 (88 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Фёдар Іванавіч Фёдараў, Арсеній Іванавіч Фёдараў[d] і Наталля Іванаўна Фёдарава[d] |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, пісьменнік, эсперантыст, дзіцячы пісьменнік |
Кірунак | сацыялістычны рэалізм |
Жанр | дзіцячая літаратура |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры[1], заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці[2]. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, перакладаў[3]. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934). Член ВКП(б) з 1950 года. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1968). Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968)[1].
Біяграфія
правіцьРаннія гады
правіцьНарадзіўся 28 красавіка (10 мая) 1883 ў Лібаве ў сям’і выхадца з Беларусі (які ў гэтым горадзе апынуўся ў пошуках працы[4]). Яго бацька быў адстаўным салдатам, паходзіў з беззямельных беларускіх сялян[3], працаваў сталяром. Да ваеннай службы ён насіў прозвішча Ільін, а прозвішча Фёдараў з’явілася ў выніку памылкі армейскага пісара, які запісаў Міхаіла Фёдаравіча — Міхаілам Фёдаравым[5]. Іван быў ахрышчаны 1 (13) мая ў мясцовым Свята-Троіцкім саборы[6]. Бацька рана памёр, і маленькі Іван разам з маці, Наталляй Іванаўнай, пераехаў на яе радзіму — у вёску Лебянішкі (былой Ковенскай губерні). Яны жылі ў беднасці, і толькі дзякуючы намаганням маці, якая ў што бы то ні стала марыла даць адукацыю сыну, у 1895 годзе ён скончыў пачатковую школу, а ў 1899 — Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля вучылішча ён паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. У канцы 1902 яго выключылі з апошняга, выпускнога класа — за вальнадумства і «за сумневы ў рэлігіі». Тым не менш, у 1903 годзе ён усё ж атрымаў пасведчанне настаўніка пачатковай школы, здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс[5].
Педагагічная дзейнасць
правіцьПасля навучання ў настаўніцкай семінарыі Фёдараў пачаў працаваць у школе пад Панявежам у мястэчку Наўямесціс , а потым яго перавялі ў вёску Бытча на Барысаўшчыне.
У 1906 годзе ён прыняў удзел у нелегальным педагагічным з’ездзе, які адбыўся на Мікалаеўшчыне. У гэтым жа з’ездзе прыняў удзел і будучы класік беларускай літаратуры Якуб Колас. У «Працоўным спісе», які захаваўся ў архіве пісьменніка, адзначаны вынік гэтай падзеі для яго ўдзельніка: «1906. VIII. Звольнены са службы і аддадзены пад суд…»[5]. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі.
У 1909 годзе ўступіў у царкоўны шлюб. Пераехаў у в. Турэц. Толькі ў 1911 І. Фёдараў уладкаваўся выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Мінскую прыватную гандлёвую школу.
Судовае разбіральніцтва па справе аб настаўніцкім з’ездзе доўжылася амаль два гады. Фёдарава адхілілі ад педагагічнай дзейнасці і ўзялі пад нагляд паліцыі. Толькі праз 5 гадоў, у 1911 годзе, яму ўдалося ўладкавацца выкладчыкам у прыватную гандлёвую школу ў Мінску. З восені 1917 года ён уладкаваўся настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў мінскую чыгуначную гімназію. Пасля рэвалюцыі ён стаў настаўнікам 25-й чыгуначнай школы імя А. Р. Чарвякова.
У 1920-я таксама працаваў у Наркамаце асветы Беларусі і ў рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы[7].
Працу настаўніка Фёдараў пакінуў толькі ў 1930 годзе, калі перайшоў на працу ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва (дзе прапрацаваў да 1936 года)[8].
З 1930 на творчай працы. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Вайна і пасляваенныя гады
правіцьПадчас вайны пісьменнік вымушана апынуўся далёка ад роднай зямлі — спачатку ў Новасібірску, затым у Алма-Аце. Гэты час ён перанёс як цяжкае выпрабаванне, нават як «псіхічную траўму», пра што ён прызнаўся ў лісце да Хвядоса Шынклера 2 лютага 1942 г. У 1943 Маўр пераехаў у Маскву, дзе, моцна захварэўшы, трапіў у бальніцу. У родны Мінск ён вярнуўся толькі пасля вызвалення яго ад фашысцкіх захопнікаў.
Янка Маўр памёр 3 жніўня 1971 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках[9].
Творчая дзейнасць
правіцьПроза
правіцьДэбютаваў у 1923 у як фельетаніст ў газеце «Советская Белоруссия» і ленінградскім часопісе «Бегемот ». У 1925 годзе ў часопісе «Беларускі піянер» надрукаваў першую навукова-фантастычную аповесць на беларускай мове «Чалавек ідзе»[1][10], якая паклала пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай літаратуры[11]. Аповесць надрукаваў пад псеўданімам «Янка Маўр». «Янка» — гэта беларускі аналаг імя «Іван». Як паказвала даследчыца творчасці Янкі Маўра беларуская літаратуразнаўца Эсфір Гурэвіч, пісьменнік, захаваўшы сваё сапраўднае імя ў першай частцы псеўданіма, недвухсэнсоўна паказваў на тое, што ён — сын беларускай зямлі. Значэнне псеўданіма «Маўр» шырока адкрыецца ў яго наступных аповесцях: «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1927), у якіх ён паказаў сябе як абаронца правоў каланіяльных і залежных народаў, са спагадай ставіўся да карэнных народаў Паўночна-Заходняй Афрыкі, і праявіў сябе як інтэрнацыяналіст[12].
Сваю першую аповесць «Чалавек ідзе» Фёдараў напісаў ва ўзросце 44 гадоў, будучы выкладчыкам 25-й мінскай чыгуначнай школы. Пасля чытацкага поспеху твора пісьменнік працягнуў працаваць у жанры дзіцячай прыгодніцкай і навукова-пазнавальнай літаратуры[8]
Янка Маўр пісаў пераважна для юных чытачоў. У творах «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1928) аўтар пастараўся абвергнуць уяўленне аб тубыльцах як аб крыважэрных людаедах, пазбаўленых элементарных чалавечых пачуццяў, людзях другога гатунку.
Аповесць «Чалавек ідзе» акрэсліла тую тэндэнцыю спалучэння пазнавальнасці і прыгодніцтва, якую Маўр развіў потым у наступных сваіх аповесцях і ў рамане «Амок» (1929) — пра паўстанні 1926 года на востраве Ява.
У 1930-х гадах пісьменнік ад «экзатычнага» іншаземнага матэрыялу, звярнуўся да родных мясцін, да жыццёвай рэальнасці, у якой дзейнічаюць юныя героі. Рушылі ўслед аповесць «Палескія рабінзоны» (1930), якая расказвала пра прыгоды двух падлеткаў у глухім Палессі, утапічная «Аповесць будучых дзён» (1932) пра камуністычную будучыню СССР, «ТВТ» (1934), у якой з гумарам распавядаецца пра звычайныя справы школьнікаў. Гэтыя творы карысталіся поспехам у юных чытачоў.
У аповесці «Палескія рабінзоны» аўтар выкарыстаў рабінзанаду, падказаную сусветна вядомым «Рабінзонам Круза» Даніэля Дэфо. Маўр, адкінуўшы псеўдарамантыку, захапленне экзотыкай далёкіх заморскіх краін, звярнуўся да свайго роднага краю і яго пазнання. Ён паказаў, што і пад беларускім небам, у далёкіх і блізкіх кутках роднага краю ёсць свая рамантыка і свая прыгажосць, кожны раз новая і нечаканая.
Эвалюцыя жанру прыгодніцкай аповесці прасочваецца і ў аповесці «ТВТ» (1934), якая атрымала першую прэмію на ўсебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі, пасля чаго ёю зацікавіўся Максім Горкі[13]. Па просьбе Горкага Янка Маўр перавёў аповесць на рускую мову і адаслаў яму. Гэта было напярэдадні I з’езду пісьменнікаў СССР[14]. Мастацкая навізна гэтай аповесці заключалася ў тым, што так званая тэма працоўнага выхавання загучала натуральна дзякуючы жывому духу гульні, па законах якой і створана таямнічае і загадкавае «Таварыства ваяўнічых тэхнікаў». Праз гульню хлопцы ўключаліся ў жыццё з яго паўсядзённымі клопатамі і дробнымі бытавымі праблемамі. Хлопцы ўласнымі сіламі выпраўляюць усе няспраўнасці, наводзяць парадак і практычна абжываюць гэты свет.
На працягу 1946—1948 гадоў Янка Маўр сумесна з Пятром Рунцом займаўся зборам і рэдагаваннем успамінаў беларускіх дзяцей аб вайне для кнігі «Ніколі не забудзем», якая выйшла ў 1948 годзе з прадмовай Якуба Коласа. Выдадзеная кніга атрымала высокую ацэнку не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі[15].
Пасля вайны Янка Маўр апублікаваў цыкл апавяданняў аб трагічных выпрабаваннях, якія давялося выпрабаваць дзецям у ваенныя гады («Шчасце», «Дзве праўды», «Максімка»).
У 1946 годзе Маўр напісаў апавяданне «Завошта?», у аснову якога лёг рэальны трагічны факт — гібель жонкі і сына пісьменніка М. Лынькова[16].
У 1948 годзе ён напісаў аўтабіяграфічную аповесць «Шлях з цемры». У 1954 году выйшла яго навукова-фантастычная аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага», якая стала трэцяй яго кнігай, напісанай у жанры сацыяльнай утопіі (першая — фантастычная казка «Падарожжа па зорках» (1927) з цыкла «Піянерскія казкі», а потым — «Аповесць будучых дзён» (1932)).
Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў «Чалавек ідзе» (1927), «У краіне райскай птушкі» (1928, 1983), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930, аповесць экранізавана ў 1935), «Слёзы Тубі» (1930), «Аповесць будучых дзён» (1932), «ТВТ» (1934), «Вакол свету» (1947), «Шлях з цемры» (1948), «Апавяданні» (1951), «Аповесці і апавяданні» (выбранае, 1954), «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (часопіс «Маладосць», 1954—1955), «Аповесці і апавяданні» (1969), апавядання «Цётка Эмілія» (1954), байкі «Пекла» (1929), рамана «Амок» (1930).
Некаторыя творы
правіцьЧалавек ідзе
правіцьУ аповесці аўтар звярнуўся да жыцця першабытнага чалавека на той стадыі яго развіцця, калі той толькі станавіўся на ногі, яшчэ нічога не ўмеючы, і ўсё, чаго ён дасягаў, — паляванне з прыладамі, атрыманне агню, выкарыстанне каменя ў якасці інструмента — было для яго ўпершыню. Усё ўпершыню — гэты знойдзены аўтарам мастацкі ход адпавядае бачанню і ўспрыманню дзіцяці, яго прадчуванню першаадкрыцця, чакання ім чагосьці новага і незвычайнага. Асновай сюжэту стаў працэс развіцця чалавека, пакутлівы і драматычны, напоўнены барацьбой за сваё жыццё, шлях працяглага і паступовага назапашвання практычнага і духоўнага вопыту. Гэта быў замах пачаткоўца пісьменніка на новы для ўсёй нацыянальнай літаратуры жанр, згодна з ўласным аўтарскім азначэнні — навукова-фантастычнай аповесці, якая ўяўляла сабой спалучэнне навукі і фантазіі[8].
У краіне райскай птушкі
правіцьУ аповесці «У краіне райскай птушкі» дзеянне адбываецца на Новай Гвінеі, на тых астравах Ціхага акіяна, на якіх пабываў падарожнік Міклуха-Маклай, даследчык мясцовых жыхароў — папуасаў. Аповесць пабудавана на сацыяльным канфлікце, на прамалёўцы двух варагуючых сіл — прыгнечаных і гаспадароў-каланізатараў. У аповесці «У краіне райскай птушкі» вызначыліся асноўныя асаблівасці мастацкай манеры Я. Маўра — прыгодніка, які здолеў увабраць у сябе энергію, характар і традыцыі заходняй прыгодніцкай класікі.
Сын вады
правіцьАповесць «Сын вады», самая паэтычная ў гэтым цыкле, згодна з прызнаннем самога аўтара, была найбольш яму дарагая. Сюжэтная лінія галоўнага героя, юнага вогнезямельца Манга, у ёй пабудавана на распаўсюджанай у прыгодніцкай літаратуры схеме: выратаванне белага чалавека ад дзікіх тубыльцаў. Дарэчы, менавіта гэта і не ўспрыняў тагачасны рэцэнзент аповесці на старонках часопіса «Полымя», палічыўшы гэтую гісторыю неапраўданай данінай «нізкаякаснаму прыгодніцтву»[17].
Амок
правіцьДа напісання рамана аўтара падштурхнулі прачытаныя ім мемуары рускага консула на Яве Мадэста Бакуніна . Для сваёй аповесці Янка Маўр збіраў матэрыялы, вывучаў дакументальную літаратуру па свежых слядах падзей. Многія найбольш важныя матэрыялы (часопісы, газеты, фатаграфіі, выкарыстаныя потым як ілюстрацыі) ён атрымліваў непасрэдна з Явы і з Нідэрландаў праз настаўнікаў-эсперантыстаў, з якімі ён вёў перапіску як стары эсперантыст. У прадмове да рамана пісьменнік адзначыў, што «Амок» больш дакументальны «нават у дробязях», чым можа здацца на першы погляд. У рамане «Амок» прыкметнае месца займае пазнавальны матэрыял аб прыродных асаблівасцях вострава, падрабязнасцях побыту, асновах народа.
Палескія рабінзоны
правіцьАповесць трымаецца пераважна на дыялогах-спрэчках паміж героямі-студэнтамі, якія пад уражаннем ад кніг аб далёкіх краінах, перш за ўсё ад кніг Жуля Верна, Майн Рыда і Ф. Купера, адпраўляюцца ў час вясновага разліву ў падарожжа па Палессі. Галоўнай ідэяй рабінзанады стала перамога чалавека над стыхіяй. Гэтую стыхію пісьменнік асэнсоўвае ў духу класічнай рускай і беларускай літаратурных традыцый. Прырода для герояў аповесці — не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае багацце. Самым яркім перажываннем для герояў стала забойства зубра кантрабандыстамі, якое яны ўспрынялі з сапраўдным болем і хваляваннем, «як забойства чалавека». Сцэна забойства зубра, паказаная праз стаўленне да гэтага галоўных герояў — Мірона і Віктара, стала ключавой ў разуменні аўтарскіх адносін да праблемы «чалавек і прырода». Мараль аповесці заключаецца ў тым, што прырода — гэта ўвасабленне спакою і ўраўнаважанасці, якія не стасуюцца са злом і чалавечай жорсткасцю, а тыя, хто парушаюць натуральнае жыццё прыроды, сеюць варожасць і нянавісць паміж людзьмі. Варта адзначыць, што аповесць была напісана ў той час, калі актыўна асвойваліся прыродныя багацці Беларусі і калі пераўтварэнні прыроды ўспрымаліся як нешта безумоўна грандыёзнае і карыснае, сведчанне стваральнай сілы чалавека, а трагедыя шкоды, якая наносіцца ёй, яшчэ не ўсведамлялася[18].
Шчасце
правіцьПсіхалагічная мініяцюра «Шчасце» (1945) заснавана на эмацыйным напружанні, на ўнутраным канфлікце. У аповядзе няма знешніх падзей, сюжэт вызначаецца псіхалагічным сутыкненнем свету дзяцінства і свету дарослых на фоне ціхамірнай прыроды. Але ў гэтым невялікім апавяданні адбываюцца поўныя драматызму змены душэўнага стану герояў, унутраны рух іх настрояў і перажыванняў. Псіхалагічная праблема, закранутая аўтарам у аповедзе, паказвае, як узаемадзейнічаюць свет дарослых і свет дзяцінства, якія адносіны існуюць паміж імі, што ўяўляе цікавасць як для дарослай, так і для дзіцячай літаратуры[16].
Максімка
правіцьУ апавяданні «Максімка» (1946) пісьменнік адлюстраваў душу хлапчука, сіраты-дзетдомаўца, у моманты вышэйшага драматычнага напружання, калі ён убачыў у салдаце, які вяртаецца з вайны, свайго бацьку, але раптам усвядоміў сваю горкую памылку. Аўтару ўдалося перадаць душэўны стан маленькага героя.
Фантамабіль прафесара Цылякоўскага
правіцьУ аснову сюжэту пакладзена фантастычная ідэя тэхнічнага толку — аб магчымасці выкарыстання энергіі чалавечай думкі: на энергіі дзіцячай фантазіі, якая нашмат большая, чым фантазія дарослых, унукі прафесара Цылякоўскага Святазар і Святлана адпраўляюцца ў далёкае падарожжа — спачатку ў Амерыку, а потым на Месяц і на Марс. У аповесці сумешчанае рэальнае і фантастычнае, у ёй прасочваецца апора на традыцыі папярэднікаў, такіх як К. Э. Цыялкоўскі (як аўтар астранамічных аповесцяў), А. М. Талстой, У. А. Обручаў, а таксама класікі сусветнай фантастыкі — Жуль Верн, Г. Уэлс; у аповесці ёсць прамыя спасылкі на гэтых аўтараў. Янка Маўр выступіў як празорлівец і прадказальнік (услед за Цыялкоўскім) эры касмічных палётаў. Але яго цікавіла больш не столькі навуковая ідэя, колькі маральна-этычны бок, праблема чалавечых узаемаадносін, будучых кантактаў пры сустрэчы з іншымі цывілізацыямі[19].
Драматургія і пераклады
правіцьАўтар п’есы «Памылка» (апублікавана і пастаўлена ў 1940), аднаактовак «Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946).
Пераклаў на беларускую мову твор юкагірскага пісьменніка Тэкі Адулока «Жыццё Імтэургіна старэйшага» (1935), асобныя творы Г. Х. Андэрсена, Дз. Маміна-Сібірака, М. Прышвіна, А. Чэхава («Дзетвара» і «Выбраныя творы», 1954), Р. Кіплінга, М. Твэна («Прыгоды Тома Сойера», 1939 і «Прынц і жабрак», 1940), Ж. Верна («80 000 кіламетраў пад вадой», 1937), В. Гюго, А. Гайдара, В. Шклоўскага, А. Конанава[20].
Пераклады твораў Я. Маўра на іншыя мовы
правіцьТворы Янкі Маўра пераведзены на рускую, украінскую, армянскую, таджыкскую, літоўскую, польскую і чэшскую[11][20], нямецкую і румынскую мовы. Асобныя яго творы выдадзены ў Амерыцы, Англіі, Кітаі і іншых краінах[21].
Захапленні пісьменніка
правіцьЯнка Маўр быў вядомым эсперантыстам[22]. Эсперанта ён пачаў вывучаць яшчэ ў 1904 годзе. У 1926 годзе ён вёў перадачу для эсперантыстаў на беларускім радыё[23].
Свайму зяцю Міхасю Міцкевічу[24] ён чытаў «Яўгена Анегіна» на эсперанта. Ведучы перапіску з эсперантыстамі свету і атрымліваючы ад іх наўпрост рэдкую інфармацыю, ён напісаў кнігу «Амок»[25].
Янка Маўр сабраў вялікую хатнюю бібліятэку, якая была адной з лепшых у даваенныя гады ў Беларусі[26].
Пісьменнік захапляўся спірытызмам[23][25]. У яго хаце збіраліся кампаніі, якія практыкавалі выклік духаў. У Маўра быў філасофскі склад розуму, і ў спірытызме ён бачыў не містыку, а недаследаваную прыродную з’яву, і спрабаваў зразумець яго механізм. У пісьменніка былі два тоўстых сшытка, у якія ён запісваў вынікі спірытычных сеансаў, але ў 1938 годзе ён іх спаліў. Спірытычныя сеансы праводзіў пры дапамозе сподка на стале з алфавітам. Вядомы выпадак, калі ён зладзіў нейкаму партыйнаму работніку міні-сеанс спірытызму, падчас якога прымусіў рухацца аловак. На думку Міхася Міцкевіча, Янка Маўр валодаў незвычайнымі здольнасцямі[25].
Любіў Янка Маўр і язду на веласіпедзе і добра іграў на скрыпцы[22].
На сваёй дачы пад Мінскам, у Ждановічах, Янка Маўр пабудаваў будан-кабінет з лазы. На мастках над Свіслаччу ён паставіў імправізаваны пісьмовы стол, так, што можна было складаць кнігі пра далёкія краіны, звесіўшы ногі ў ваду і уяўляючы сябе на беразе акіяна[3].
Янка Маўр і Якуб Колас
правіцьЯнка Маўр знаходзіўся ў сяброўскіх адносінах з класікам беларускай літаратуры Якубам Коласам. Яны абодва вучыліся ў настаўніцкіх семінарыях (дзе таксама атрымалі і музычную адукацыю). Абодва ўдзельнічалі і ў настаўніцкім з’ездзе (на якім яны і пазнаёміліся) у 1906 годзе, пасля якога Якуб Колас быў пасаджаны ў Пішчалаўскі замак, а Янка Маўр (тады яшчэ Іван Фёдараў) аддадзены пад нагляд паліцыі і, акрамя гэтага, пазбаўлены права выкладаць у школе.
У гады вайны падчас эвакуацыі сям’і Янкі Маўра ў Алма-Ату Маўр вёў сяброўскую перапіску з Якубам Коласам, які, таксама пакінуўшы Беларусь, пражываў у тыя гады ў Ташкенце. У лістах адзін да аднаго яны жадалі хутчэй вярнуцца ў родную Беларусь:
…Ці ўбачым мы нашы беларускія баравічкі пад елкай? Ці застануцца яны пасля паганых немцаў?…[27] |
Пасля вызвалення Беларусі Маўр вярнуўся ў Мінск. Аднак і пасля вайны перапіска пісьменнікаў не абарвалася, яны перапісваліся і ў 1950-я гады[27]. У далейшым Янка Маўр стаў правобразам настаўніка Івана Тадорыка ў трылогіі Коласа «На ростанях» (1955). Пазней яны парадніліся: дачка Янкі Маўра, Наталля, выйшла замуж за сына Якуба Коласа — Міхася. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа захоўваецца скрыпка, на якой іграў Янка Маўр. Якуб Колас таксама любіў граць на гэтым інструменце. Дачка Янкі Маўра, Наталля, часта музіцыравала на пару з бацькам: ён — на скрыпцы, а яна — на фартэпіяна[22].
Ацэнка і значэнне творчасці
правіцьЯнка Маўр па праву з’яўляецца «бацькам» беларускай дзіцячай літаратуры[28][29].
Яго ўклад у беларускую дзіцячую літаратуру каштоўны тым, што ён як першаадкрывальнік і першапраходца вызначыў далейшае яе кірунак і развіццё, стаў стваральнікам новых для яе жанравых формаў — прыгодніцкага і навукова-фантастычнага, з прычыны чаго яму ўдалося пашырыць часавыя і прасторавыя межы беларускай дзіцячай літаратуры. Яго наватарскія пошукі трымаліся на цесных узаемаадносінах з літаратурнымі традыцыямі — нацыянальнай, рускай, заходняй. Ён умела выкарыстаў мастацкія прыёмы такіх класікаў прыгодніцкай літаратуры, як Жуль Верн, Майн Рыд, Фенімор Купер. У яго творчасці мелася нямала рэмінісцэнцый з твораў Даніэля Дэфо, Аляксандра Дзюма, Гюстава Эмара , Луі Жаколіа , Луі Бусенара, Генры Хагарда[28].
Напісаная ім у 1927 году лірычная аповесць «Сын вады» была найбольш дарагая самому аўтару. Аповесць не адрознівалася рэзкасцю і варожасцю сацыяльнага супрацьстаяння. У ёй галоўны канфлікт паміж героямі раскрываецца не ў адкрытым сутыкненні розных сацыяльных сіл, як у яго папярэдняй аповесці «У краіне райскай птушкі», а пераважна ў маральным плане. Янка Маўр пастараўся ў ёй зацвердзіць менавіта каштоўнасць агульначалавечых узаемаадносін незалежна ад сацыяльных перашкод. І менавіта за тое, што аповесць не адлюстравала сацыяльнай барацьбы тубыльцаў супраць каланізатараў, афіцыйная крытыка 1930-х гадоў папракала аўтара за невыразную класавую пазіцыю, апалітычнасць і «сацыяльную прытупленасць»[30].
Пісьменніка абвінавацілі ў тым, што ён не надзяліў паўдзікага жыхара Вогненнай Зямлі высокай рэвалюцыйнай свядомасцю, спелым класавым пачуццём, і што ўзаемаадносіны герояў раскрываюцца «не ў плане барацьбы класаў, а толькі ў плане барацьбы чалавека з прыродай за сваё існаванне»[31].
У той час занятая пошукамі ідэалагічных «зрываў» афіцыйная крытыка і не заўважыла, што Маўр зрабіў сур’ёзны крок наперад у авалоданні сакрэтамі прыгодніцкага жанру і што яго аповесць выгадна адрозніваецца кампазіцыйнай цэласнасцю, якая ствараецца канцэнтрацыяй падзей вакол двух галоўных герояў, што спалучэнне прыгодніцтва і пазнавальнасці мела у ёй нашмат больш арганічны характар. Тым не менш, амаль адразу пасля выхаду ў свет «Сына вады» ў часопісе «Працаўнік асветы» (1928, № 13) рэцэнзент, які сціпла падпісаўся «Настаўнік», адзначыў: «У нас з’явіўся сапраўдны аўтар дзіцячай прыгодніцкай кніжкі»[28].
Аўтара «Палескіх рабінзонаў» (1930) папракалі за тое, што прыгоды прыяцеляў не асацыююцца з ідэаламі і жыццём ўсёй рэспублікі — нічога не гаворыцца пра рэканструкцыю і меліярацыю Палесся, што падарожжа герояў аповесці заснавана на непажаданых уплывах М. Рыда, Ж. Верна, Ф. Купера. Неадназначнасць аўтарскай задумы аповесці не была ацэненая тагачаснай крытыкай, якая хацела бачыць у кнізе прамую і выразную сувязь з сучаснасцю, з працэсамі індустрыялізацыі і калектывізацыі, якія адбываліся ў той час у краіне, або з практычнымі школьнымі праблемамі[32][33].
Яго аповесць «ТВТ» (1934), якая атрымала першую прэмію на ўсебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі, на I з’ездзе пісьменнікаў СССР адзначыў рускі пісьменнік Самуіл Маршак ў сваім дакладзе «Аб вялікай літаратуры для маленькіх». Гаворачы аб дасягненнях літаратуры, Маршак сярод іншых адзначыў і «значную школьную аповесць, напісаную ў Беларусі»[14]. У той жа час у рэспубліканскім Міністэрстве адукацыі да аповесці паставіліся з насцярожанасцю, паколькі арганізацыя «Таварыства ваяўнічых тэхнікаў» не з’яўлялася існай. Міністэрскія чыноўнікі разважалі:
Ці ёсць патрэба ў стварэнні нейкіх розных таварыстваў і каманд, калі дзейнасць школьнікаў павінна рэгламентавацца «Правіламі паводзін вучняў»?[34] |
Менавіта гэтыя асцярогі і забароны з боку чыноўнікаў адукацыйных устаноў і прыпынілі рух «ТВТ-уцаў», які ў пасляваенныя гады пачаў было разгортвацца ў многіх гарадах Беларусі і былога Савецкага Саюза — у Брэсце, Пінску, Кобрыне, Калінінградзе, Іванаве, Стаўрапалі, Петразаводску, Элекманары (Алтайскі край). У тыя гады «ТВТ» стала адкрытым выклікам афіцыйнай нарматыўнай педагогіцы. Іх прынцып быў: «Калі не я — то хто?». Маўр лічыў, што ў грамадстве ўсе людзі паступова павінны станавіцца такімі «ТВТ-уцамі», гэта значыць — сапраўднымі гаспадарамі. Але гэтая ідэя апынулася ілюзіяй[35].
Пры напісанні кніг пісьменніку дапамагалі яго багатыя веды па гісторыі і геаграфіі і выкарыстанне ў творчасці мемуараў і кніг успамінаў навукоўцаў і падарожнікаў. Маўра называлі беларускім Міклуха-Маклаем і Жулем Вернам ў адной асобе. Сапраўдныя вандроўнікі часам дзівіліся дакладнасці дэталяў у апісанні той ці іншай краіны ў яго творах. У сваёй творчасці ён абапіраўся на традыцыі творчасці Жуля Верна, Фенімора Купера, Майна Рыда, пры дапамозе чаго стварыў новы, сацыяльны тып прыгодніцкага рамана і прыгодніцкай аповесці. У аповесцях «Палескія рабінзоны» і «ТВТ» ён адлюстраваў савецкую рэчаіснасць, яму ўдалося ярка і праўдападобна апісаць маладых герояў. У 1934 годзе на экраны выйшаў фільм «Палескія рабінзоны», зняты па сцэнары Янкі Маўра. Яго казка «Вандраванне па Зорку», «Аповесць будучых дзён» і аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» заклалі асновы навукова-фантастычнага жанру ў беларускай літаратуры[3].
На думку П. Васючэнкі: «Маўр быў творцам няпростым: ён спрабаваў унікнуць літаратурнага сервілізму, апісваючы краіны, якія ён не бачыў»[36].
Сям’я
правіць- Жонка — Стэфаніда Аляксандраўна.
- Сын — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Фёдар Фёдараў (19.6.1911, вёска Турэц, Мінская губерня — 13.10.1994, Мінск).
- Сын — Арсеній Іванавіч Фёдараў (23.1.1917 — 13.10.2001), кандыдат тэхнічных навук
- Дачка — Аляксандра Іванаўна (Капылова) (1.5.1919 — 03.05.2005)
- Дачка — Наталля Іванаўна (Міцкевіч) (27.7.1924 — 22.02.2012, Мінск) — кандыдат тэхнічных навук (1953); замужам (з 1946 года) за сынам Якуба Коласа, Міхасём Міцкевічам[37].
Узнагароды, ганаровыя званні і прэміі
правіцьЯнка Маўр быў узнагароджаны трыма ордэнамі, а таксама медалямі[1].
- Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968).
- Дзяржаўная прэмія БССР (1972 — пасмяротна) за аповесці «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Палескія рабінзоны», «ТВТ», «Шлях з цемры», раман «Амок».
- Два ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
- Ордэн «Знак Пашаны».
Памяць
правіць- Вуліцы:
- Вуліца, 1-ы і 2-і завулкі Янкі Маўра ў Барысаве.
- Вуліца Янкі Маўра (вуліца Маўра) у Мінску.
- Вуліца Маўра ў Пінску.
- Вуліца Янкі Маўра ў Фаніпалі.
- Мінская абласная дзіцячая бібліятэка імя Янкі Маўра[3].
- Раённая барысаўская школа імя Янкі Маўра.
- З 1993 года ў Беларусі прысуджаецца прэмія імя Янкі Маўра за лепшыя творы для дзяцей[38][39].
- У 2013 годзе РУП «Беларускі відэацэнтр» зняў дакументальны фільм пра жыццё і творчасць пісьменніка «Янка Маўр. Капітан дзіцячых мараў»[40].
Бібліяграфія
правіць- Выбраныя творы, 1952;
- Збор твораў у 2-х т., 1960;
- Збор твораў у 4-х т., 1975—1976.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г Янка Маўр (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
- ↑ Виртуальный проект к 130-летию со дня рождения Янки Мавра(недаступная спасылка). Информационные ресурсы. НББ. Архівавана з першакрыніцы 9 лістапада 2013. Праверана 30 кастрычніка 2013.
- ↑ а б в г д К 130-летию со дня рождения Янки Мавра . БелТА. Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2013. Праверана 30 кастрычніка 2013.
- ↑ Гнилозуб В. Мария Мицкевич: «Мои дедушки — Янка Мавр и Якуб Колас» = Марыя Міцкевіч: «Мае дзядулі – Янка Маўр і Якуб Колас» // Белорусская Нива : газета. — 10 мая 2013. — № 84. Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2013.
- ↑ а б в Гурэвіч Э. С. 1999, с. 748.
- ↑ Ф. Раўбіч. Знойдзеная метрыка нараджэння і хрышчэння Янкі Маўра . Наша Ніва (11 мая 2023). Праверана 11 мая 2023.
- ↑ 1883 . Национальный пресс-центр Республики Беларусь (25 снежня 2013). Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2013.
- ↑ а б в Гурэвіч Э. С. 1999, с. 749.
- ↑ Маўр Янка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 374—375
- ↑ Аповесць пра першабытных людзей; першапачаткова задумвалася як своеасаблівы вучэбны дапаможнік, які распавядае пра дагістарычныя часы.
- ↑ а б Канэ Ю. М. Мавр, Янка // Краткая литературная энциклопедия / Под ред. А. А. Суркова . — М.: Сов. энциклопедия , 1967. — Т. 4. — С. 487.
- ↑ Гурэвіч Э. С. 1999, с. 750.
- ↑ Ліст да А. Тонкеля ад 5 сакавіка 1955 г. // Гос. лит. архив, ф. 290, оп. 1, ед. 3.
- ↑ а б Маршак С. Я.. О большой литературе для маленьких. — М., 1934. — С. 38.
- ↑ Гурэвіч Э. С. 1999, с. 765.
- ↑ а б Гурэвіч Э. С. 1999, с. 764.
- ↑ Гурэвіч Э. С. 1999, с. 752.
- ↑ Гурэвіч Э. С. 1999, с. 758—760.
- ↑ Гурэвіч Э. С. 1999, с. 766.
- ↑ а б Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, класіка беларускай дзіцячай літаратуры . Центр. науч. биб. НАН РБ (25 снежня 2013). Архівавана з першакрыніцы 20 кастрычніка 2013. Праверана 6 снежня 2013.
- ↑ Літаратурны вечар, прысвечаны юбілею Янкі Маўра (недаступная спасылка). НББ (13 мая 2013). Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2014. Праверана 6 снежня 2013.
- ↑ а б в Рублевская Л. И. 125 лет Янке Мавру // Сов. Белоруссия : газета. — 2008-06-07. Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2013.
- ↑ а б Гнилозуб В. В. Марыя Міцкевіч: «Мае дзядулі – Янка Маўр і Якуб Колас» // Белорусская нива : газета. — 2013-05-13. — В. 85. Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2013.
- ↑ Малодшы сын Я. Коласа
- ↑ а б в Рублевская Л. И. О цензуре, спиритизме и любви // Советская Белоруссия : газета. — 2010-07-05. Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2013.
- ↑ Тимошик Л. И. Дед Мавр = Дзед Маўр // Звязда : газета. — 2013-05-18. — В. 27454. — № 89. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
- ↑ а б Макаренко Т.. Маўр-Дзя-Дун — «сватку» Якубу: «Здаецца мне, што гэта Колас» . Ред.-изд. учреждение «Культура и искусство». Министерство культуры РБ. Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2013. Праверана 7 снежня 2013.
- ↑ а б в Гурэвіч Э. С. Художественный космос Янки Мавра = Мастацкі космас Янкі Маўра // Лiтаратурная Беларусь : Газета. — Мн.: СБП, 2013-05-31. — В. 81. — № 5. — С. 1.
- ↑ Гурэвіч Э. С. 1999, с. 747.
- ↑ Селіванава В. Некалькі заўваг пра дзіцячую літаратуру // Полымя. І933. № 5. С. 155.
- ↑ Селіванава В. Дзіцячая літаратура патрабуе сур’ёзнай увагі // Звязда. 1933. № 99.
- ↑ Крытыка-бібліяграфічны бюлетэнь. 1934. № 5. С. 21.
- ↑ Гурэвіч Э. С. 1999, с. 760.
- ↑ Гурэвіч Э. С. 1999, с. 761—762.
- ↑ Гурэвіч Э. С. 1999, с. 763.
- ↑ Пятро Васючэнка. Пятрогліфы і філалагемы // Дзеяслоў 2013 № 9
- ↑ К 130-летию со Дня рождения Янки Купалы и Якуба Коласа(недаступная спасылка). Личность. Белтелерадиокомпания. Архівавана з першакрыніцы 10 ліпеня 2012. Праверана 24 ліпеня 2013.
- ↑ Горевой М.. В Минске открылась выставка к юбилею Янки Мавра(недаступная спасылка). Культура. БелаПАН (13 мая 2008). Архівавана з першакрыніцы 13 сакавіка 2013. Праверана 13 сакавіка 2013.
- ↑ Чараўнік з краіны маленства (недаступная спасылка). Книжные выставки НББ. НББ (16 мая 2013). Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2014. Праверана 23 ліпеня 2013.
- ↑ Неігравыя кінапраекты (недаступная спасылка). Аб выніках адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў. Министерство культуры РБ. Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2013. Праверана 12 кастрычніка 2013.
Літаратура
правіцьКнігі
правіць- Маўр Янка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Маўр Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Янка Маўр. Наш вечны рабінзон: штрыхі да партрэта / уклад. Міцкевіч М.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2018. — 127 с. — (Жыццё знакамітых людзей Беларусі). — ISBN 978-985-02-1861-2.
- Янка Маўр (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
- Барсток М. М. Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр. — Мінск, 1958.
- Грахоўскі С. «Мудрэц з душою хлапчука» //www.grahouski.org/ (Успаміны. Публіцыстыка)
- Гурэвіч Э. С. Янка Маўр // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : У 4 т.. — Минск, 1999. — Т. 2: 1921—1941. — С. 747—770.
- Гурэвіч Э. С. Янка Маўр : Нарыс жыцця і творчасці / Э. С. Гурэвіч. — 2-е выд., дапрац. изд. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 148 с.
- Канэ Ю. М. Мавр, Янка // Кароткая літаратурная энцыклапедыя / Под ред. Суркова А. А.. — М.: Сов. энциклопедия, 1967. — Т. 4. — С. 487.
- Миронов А. Дед Мавр / А. Миронов. — Минск: Мастацкая літаратура, 1979. — 168 с.
- Яфімава М. Б. Цэлы свет — дзецям: Творч. партрэт Я. Маўра — Мн., 1983.
Артыкулы
правіць- Грушэцкі А. Л. Дзяцей ён выхоўваў у любові да кніг. Пра педагога... Янку Маўра // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: Міністэрства адукацыі РБ, 25 чэрвеня 2015. — В. 7680. — № 75. — С. 16.
- Гурэвіч Э. С. Художественный космос Янки Мавра = Мастацкі космас Янкі Маўра // Лiтаратурная Беларусь : газета. — 2013-05-31. — В. 81. — № 5. — С. 1.
- Дроздова З. «Капитану наших первых странствий» — 130! Мой Мавр // Нёман : часопіс. — 2013. — № 5. — С. 208—224. Архівавана з першакрыніцы 24 лістапада 2013.
- Рублевская Л. И. 125 лет Янке Мавру // Советская Белоруссия : газета. — 2008-06-07. Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2013.
- Яфімава М. Б. Дзіцячым пісьменнікам трэба нарадзіцца // Полымя. — 2008. — № 5. — С. 161—164.
- Яфімава М. Б. Добры і мудры настаўнік: творчасць Янкі Маўра // Роднае слова. — 1993. — № 5. — С. 7.
- Яфімава, М. Б. Цэлы свет — дзецям : [аб творчасці, наватраскіх пошукаў Я. Маўра] / М. Б. Яфімава. — Мінск: БДУ, 1983. — С. 136.
Спасылкі
правіцьВонкавыя відэафайлы | |
---|---|
Янка Маўр. Фільм з фонду Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў |
Янка Маўр у Вікікрыніцах | |
Янка Маўр на Вікісховішчы |
- Творы на knihi.com
- Сайт Янки Мавра
- Виртуальный проект к 130-летию рождения Янки Мавра Архівавана 9 лістапада 2013. // Нацыянальная бібліятэка Беларусі
- К 130-летию со дня рождения Янки Мавра // БелТА
- Янка Мавр на сайце «Лабараторыя Фантастыкі»
- Постановление Совета Министров РБ от 1 марта 1972 г. № 54 «Об увековечении памяти писателя Янки Мавра»
- Галерэя Янкі Маўра