Свята-Духаў кафедральны сабор і кляштар бернардзінак

Свята-Духаў кафедральны сабор і былы кляштар бернардзінак — культавы комплекс у Мінску. Першапачаткова з першай паловы XVII стагоддзя належаў каталіцкаму ордэну бернардзінак. Комплекс складаўся з мураваных будынкаў касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і 2-павярховага кляштарнага жылога корпуса, 3-павярховага флігеля і драўляных гаспадарчых пабудоў. Усе кляштарныя збудаванні ў 1860-х гадах былі перададзены расійскімі ўладамі праваслаўнай царкве[1]. Сёння ў былым кацёле размяшчаецца галоўны храм беларускага экзархата Рускай Праваслаўнай царквы.

Славутасць
Свята-Духаў кафедральны сабор і кляштар бернардзінак
53°54′18″ пн. ш. 27°33′22″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія БПЦ
Епархія Мінская епархія
Ордэнская прыналежнасць бернардзінцы
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d] і сармацкае барока
Дата заснавання 1642
Будаўніцтва 16331642 гады
Рэліквіі і святыні Мінскі абраз Божай Маці, мошчы княгіні Сафіі Слуцкай
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000080шыфр 712Г000080
Матэрыял цэгла
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Першыя бернардзінкі з’явіліся ў Мінску ў 1630 годзе. Спачатку ў іх не было свайго касцёла і кляштара. Сярод першых менскіх бернардзінак лічылася Людвіна Завішанка — дачка віцебскага кашталяна Мікалая Завішы[2]. Першая фундацыя на кляштар бернардзінак была атрымана 20 верасня 1633 ад троцкага ваяводы Аляксандра Слушкі, дзякуючы намаганням якога ў тым жа годзе быў пабудаваны драўляны касцёл і жылы корпус[3]. Адначасова Слушка падараваў кляштару маёнтак Гатаў з чатырма вёскамі, столькімі ж карчмамі, дзвюма млынамі, гэты маёнтак налічваў больш за 109 валок ворнай зямлі[2].

 
Аляксандр Слушка

У 1642 годзе па ініцыятыве таго ж Слушкі пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла і будынкаў кляштара[2]. Дабудаваць іх перашкодзілі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII ст., і толькі 31 жніўня 1687 г. новы касцёл быў кансекраваны біскупам Мікалаем Слупскім ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі[3].

У галоўным алтары святыні знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, якому нават была прысвечана спецыяльная кніга (гл. ніжэй).

15 красавіка 1697 года маскоўскі стольнік Пётр Талстой занатаваў у сваім дзённіку наступныя радкі, прысвечаныя касцёлу і кляштару бернардзінак:

Той самай даты быў і ў кляштары ў паннаў Бернардзінак…. Дзявіцы Бернардзінкі ходзяць у чорным, на голым целе замест кашуль носяць уласяніцы тоўстыя і падперазаныя вяроўкамі з вузламі, ступаюць заўсёды босымі нагамі ўзімку і ўлетку і на калодках, у касцёл уваходзяць таемнай лесвіцай уладкаванай у сцяне, і стаяць у хорах гледзячы ў касцёл малымі свідравінамі скрозь рашоткі, каб іх людзі не бачылі. Тыя Бернардзінкі пры мне гралі на арганах на хорах і спявалі надзвычай дзівосна. Вячэрні і ранішнія служаць самі без папа, толькі да іх прыходзіць ксёндз каб служыць імшу.

— Путешествие стольника П. А. Толстого [4]

 
Абмеры кляштара, 1869 г.

Пасля пажару 1741 года комплекс кляштара бернардзінак аднавілі і рэканструявалі[2]. Гэтыя працы сконьчыліся ў 1746 годзе[3], а ў 1760-я гады ў касцёле быў пабудаваны новы манументальны мураваны алтар[2].

Кляштар пацярпеў ад вялікага пажару горада ў 1835 годзе, але хутка быў адноўлены[1]. Каля 1842 года ў менскім кляштары бернардзінак знаходзілася 20 законніц, навіцыятка, кандыдатка і дзве тэрцыяркі. У ім выхоўваліся таксама каля 20 дзяўчат, большасць з якіх страціла бацькоў[2].

У 1853 годзе кляштар бернардзінак быў скасаваны расійскімі ўладамі[1]. Законніцы былі вывезены ў Нясвіж[5]. Перад адыходам ім удалося перадаць некаторыя касцельныя прадметы ў суседнія парафіі. Прыгожы арган трапіў у кальвінскі збор у Койданава, а што стала з абразом, невядома[6].

Як праваслаўны храм

правіць

У 1860 годзе былы касцёл быў пераўтвораны ў праваслаўную царкву, якая была асвечана ў імя святых Кірыла і Мяфодзія. Гэтая царква прызначалпся дзеля студэнтаў Мінскай духоўнай семінарыі, якія часова, пасля пераезду са Слуцка, размяшчаліся ў келлях былога бернардзінскага кляштара. Потым семінарыя была пераведзена ў перабудаваныя будынкі шпіталя Таварыства Дабрачыннасці на Траецкай гары[5].

Пасля здушэння паўстання 1863—1864 гадоў у кляштары працавала дзяржаўная следчая камісія, некалькі гадоў знаходзіліся зняволенныя паўстанцы, у тым ліку Каміла Марцінкевіч (дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча)[7].

У 1869 годзе паводле хадайніцтва архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага Аляксандра Дабрыніна з казны былі вылучана сродкі для перабудовы, аднаўлення, рэканструкцыі і добраўпарадкавання манастырскага комплексу. З вылучанай сумы ў 13 тысяч руб. палавіна пайшла на аднаўленне храма і стварэння іканастаса. 4 студзеня 1870 г храм адкрыты і асвячоны ў гонар Сашэсця Святога Духа на апосталаў.

У будынку кляштара размясціўся праваслаўны мужчынскі манастыр, брацію якога склалі манахі, пераведзеныя са старажытнага Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра[5], адначасова з якога былі забраны бібліятэка, рызніца і іншая манастырская маёмасць. У маі 1870 г. Сінод даў прадпісанне называць манастыр Святадухаўскім.

Асвячэнне галоўнага прастола ў гонар сашэсця Святога Духа адбылося 22 кастрычніка 1870 года епіскапам Дабрыніным, правы прыдзел у імя святых Кірыла і Мяфодзія асвячоны 1 лістапада[8]. На горніх месцах змяшчаліся абразы Збавіцеля і Богамаці, прывезеныя са слуцкай царквы святога Стэфана у Трайчанах. Два абразы: «Маці Божая» і «Сабор архангелаў» — быццам бы знойдзеныя ў пачатку 1860-х гадоў пры перабудове царквы, — былі змешчаны ў каменным ківоце левага нефа і над заходнімі дзвярамі. Ад часавага знаходжання ў 1869 годзе Мінскай кафедры на перыяд рэстаўрацыі сабора ў храме засталіся царскія вароты і абразы мясцовага рада: Спас, Маці Божая, архідыяканы Стэфан і Лаўрэнцій, а таксама панікадзіла, падоранае маскоўскімі жыхарамі. Сярод начыння, якое прыбыўла са Слуцка, — чатыры нагрудныя крыжы з мошчамі, посах архімандрыта Міхаіла (Казачынскага) са слановай косці з дароўным надпісам, 36 фунтаў «сярэбранага лому» і шэсць Евангелляў у сярэбраных аправах. Адна з аправаў была знята з рукапіснага Евангелля Юрыя Алелькавіча 1582 года, пакінутага ў Слуцку. Чатыры Евангеллі XVII стагоддзі «дрэнна чыталіся» і таму не падыходзілі для богаслужэння. Перавезены быў таксама архіў Слуцкага манастыра (155 тамоў). Царкве быў падораны звон вагай 52 пуды, а звон у шэсць пудоў застаўся ад кляштара бернардзінак[9].

На пачатак XX стагоддзя было 16 чалавек браціі, у 1905 годзе 10 чалавек: архімандрыт, ігумен, 4 іераманахі, 2 іерадыякана і 2 манахі.

У 1918 годзе манастыр скасаваны, спыніліся набажэнствы і ў храме. Ён быў пераўтвораны ў спартыўную залу[10]. З 1927 года ў будынку храма размяшчаўся Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР, для чаго яго абсталявалі 37 стэлажамі агульнай даўжынёй 2400,55 пагонных метраў. Фонды размясцілі ў архівасховішчах плошчай 315,4 м². У сувязі з памежным становішчам Менска архіў у г. архіў перавезлі ў Магілёў, дзе размясцілі ў былым будынку Сабора Святога Станіслава[11].

Прыкладна з 1929 года ў скляпах трымалі арыштаваных. Крыжы з веж знялі, выявы і іншыя царкоўна-гістарычныя каштоўнасці зніклі[12].

У 1943 годзе пасля асвячэння сабора архіепіскапам Філафеем (Нарко) набажэнствы ў ім адноўлены. Быў створана новы 3-ярусны іканастас. Адначасова з храмам аднавіўся і мужчынскі манастыр, у якім мелася ўсяго 3 чалавекі браціі[12].

Амаль адразу пасля вызвалення Мінска савецкія ўлады зачынілі галоўны праваслаўны храм горада — Петрапаўлаўскі сабор, які дзейнічаў у гады акупацыі, пасля чаго ў 1945 годзе ў манастыр былі перанесены кафедра і цудатворны абраз Маці Божай[12].

У 1947 г. над вежамі сабора былі ўзняты крыжы. У першай палавіне 1950-х гг. праведзены капітальны рамонт інтэр’ера храма, на які затрачана 500 тыс. руб. У 1960-х гадах у паўднёвай частцы сабора створаны прыдзел святы Варвары з часціцай яе мошчаў, прастол у гонар Казанскага абраза Божай Маці, а ў паўночнай частцы паставілі раку з мошчамі праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай; у крыптавай частцы сабора стварылі прыдзел у гонар роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла (сёння ён дзейнічае як хрысцільная царква)[12].

У 1961 года Свята-Духаву храму быў прысвоены статус кафедральнага сабора Мінскай епархіі[13].

Сучаснае аблічча храм атрымаў у час рамонту ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гг. пры настаяцелі Міхаіле Булгакаве. У 1986 годзе ўпершыню пасля паўвекавога маўчання над Мінскам зазванілі званы[12][14]. У часы «перабудовы», у канцы 1980-х гадоў протаіерэем у храме служыў кандыдат багаслоўскіх навук Яўгеній Грушэцкі[15], пры ўдзеле якога ў 1988 годзе адзначалася 1000-годдзе Хрышчэння Русі[15].

25 лістапада 1990 года ў Мінску адбыўся першы за многія дзесяцігоддзі хросны ход — са Свята-Духава кафедральнага сабора ў наноў асвечаную царкву Марыі Магдаліны перанеслі ў адмысловым каўчэжцы часціцу мошчаў роўнаапостальнай Марыі Магдаліны[16]. У 2000 годзе рэканструяваны прыдзел святой Варвары, у ім пастаўлены новы іканастас з абразамі працы П. Жарава[12].

У 1990-я гады будынкі кляштарнага комплексу перафарбавалі ў белы колер, а на франтон былога касцёла змясцілі мазаіку ў неавізантыйскім стылі, што не адпавядае стылістыцы барока. У 2008 годзе 2-павярховы флігель часткова зруйнавалі[17] і рэканструявалі да непазнавальнасці пад адзін з карпусоў Мінскай духоўнай акадэміі.

Пры саборы існуе Праваслаўнае таварыства міласэрнасці Святой праведнай Сафіі Слуцкай.

Комплекс будынкаў былога манастыра бернардзінак у г. Мінску ўзяты пад ахову дзяржавай згодна з пастановай Савета Міністраў БССР ад 18.05.1953 № 625[18].

У адпаведнасці з Законам БССР аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры 1978 года і пастановай Савета Міністраў БССР ад 01.10.1984 № 350 па выніках комплексных навуковых даследаванняў Нацыянальнай акадэміі БССР уключаны ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі (у 8 тамах) як помнік архітэктуры[18].

Пастановай Савета Міністраў БССР ад 18.02.1988 № 32 уключаны ў спіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння БССР[18].

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь 1992 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» рашэннем Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны ад 28.02.2002 № 71 уключаны ў Дзяржаўны cпic гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як гісторыка-культурная каштоўнасць нацыянальнага значэння. Згодна з пастановай Міністэрства культуры ад 10.04.2003 № 11 меў шыфр «1а1Е400803». Пасля прыняцця пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578 — шыфр 712Г0000080[18].

На падставе навукова абгрунтаваных прапаноў БПЦ Рада рашэннем ад 15.12.2021 № 04-01-02/7 падтрымала неабходнасць удакладнення назвы і адрасоў помніка архітэктуры. Пастановай Міністэрства культуры ад 05.01.2022 № 4 назва ГКК выкладзена «Комплекс будынкаў Свята-Духава кафедральнага сабора (былы клаштар бернардзінцаў)»[18].

Архітэктура

правіць
 
План кляштара, зроблены ў 1869 годзе, пры перадачы комплексу ў праваслаўнае ведамства

Паводле візітаў і інвентароў канца XVIII — першай паловы XIX стагоддзя касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваны ў стылі сталага барока, уяўляў трохнефную, пакрытую гонтай, 6-слуповую базіліку з двухвежавым галоўным фасадам і трохграннай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны прамавугольныя ў плане сакрысціі[2][3]. Цэнтральны неф накрыты двухсхільным дахам, бакавыя нефы — аднасхільнымі[1]. Галоўны паўночна-заходні фасад, завершаны высокім фігурным франтонам, карнізнымі цягамі падзелены на 3 ярусы. Вылучаецца трохчасткавы падзел і па вертыкалі, дзве бакавыя часткі — асновы дзвюх трох’ярусных вежаў (вышынёй 34 метра), завершаныя складанымі барочнымі купаламі, дэкараваныя пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, плоскімі паўцыркульнымі нішамі ў ніжніх і лучковымі праёмамі ў верхніх ярусах. Паміж вежамі размешчаны складаны па абрысу шчыт, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады раскрапаваны пілястрамі, карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі лучковымі і арачнымі ваконнымі праёмамі. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, а бакавыя — крыжовымі[1][3][7].

Інтэр’ер

правіць

У інтэр’еры (умяшчальнасць каля 800 чал.) цэнтральны неф, які ў 2 разы шырэйшы за бакавыя, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі.

Інтэр’ер касцёла ў ХVIII ст. быў упрыгожаны 7 стукавымі алтарамі[3] — калоннымі порцікамі з крапаванымі антаблементамі, выкананыя пад блакітны мармур з залачэннем ляпных элементаў, — якія захаваліся да нашага часу.

Галоўны алтар, у якім знаходзіўся абраз Маці Божай з Дзіцяткам, уяўляў сабой 6 калонаў, якія неслі барочны антаблемент з 2 анёламі і 2 вазонамі. Астатнія алтары былі 2-яруснымі. Бакавыя алтары Хрыста Укрыжаванага і святога Францішка Серафіцкага фланкавалі праём прэзбітэрыя. Пры апорах стаялі алтары Святога Антонія і Святой Клары. Бакавыя навы завяршаліся капліцамі з каменнымі алтарамі Найсвяцейшай Тройцы і Міхала Арханёла[3].

 
Абраз Маці Божай Мінскай

Сёння ў праваслаўным саборы твораны 3 прыдзелы: асноўны прастольны — сашэсце Святога Духа, правы — у імя велікамучаніцы Варвары (1953), левы — у гонар Казанскай іконы Маці Божай (1968). Каля паўночнай сцяны ўсталявана рака з мошчамі праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, а ў крыптавай частцы сабора зроблены прыдзел у імя святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, які выкарыстоўваецца як хрысцільная царква. Яе іканастас мае абразы Прасвятой Багародзіцы і Збавіцеля, прападобнага Серафіма Сароўскага.

Апсіду вылучае 4-ярусны драўляны пазалочаны іканастас. Са святынь сабор меў абраз святога Мікіты, епіскапа Наўгародскага, з часткай яго мошчаў, прыжыццёвы партрэт Ціхана Задонскага, 4 пасярэбраныя крыжы-каўчэжцы для мошчаў. На галоўным прастоле знаходзілася старажытнае Евангелле, перапісанае ў 1582 г. слуцкім князем Юрыем Алелькам і ахвяравана ім у Слуцкі Свята-Троіцкі манастыр. Шануецца абраз 2-й палавіны 17 ст. «Крупецкая Маці Божая Адзігітрыя» (знаходзіўся ў Пакроўскай царкве в. Крупцы, якая зараз увайшла ў межы Мінска). У 1945 г. з закрытага Петра-Паўлаўскага сабора ў Свята-Духаўскі храм быў перанесены старажытны цудатворны абраз Мінскай Маці Божай. Абраз 1731 г. «Грамніцы (Стрэчанне)», выяўлены ў 1920-я гг. ва Успенскай царкве в. Басценавічы (Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці), да Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. Маецца абраз сярэдзены 18 ст. «Мікалай з жыціем».

Кляштар

правіць

З паўночна-заходняга фасада да касцёла далучаўся 2-павярховы кляштарны корпус, які замыкаў унутраны двор. Далучаная да апсіды «лінія» выходзіла на Вялікую Бернардзінскую вуліцу дзвюма рызалітамі, якія ўтваралі невялікі курданёр, дзе быў кветнік[3]. Сцены будынка рытмічна падзелены пілястрамі і прамавугольнымі ваконнымі праёмамі. Жылы корпус меў калідорную планіроўку: уздоўж аднабаковага калідора, перакрытага крыжовымі скляпеннямі і арыентаванага на ўнутраны дворык, размяшчаліся келлі, трапезныя, а таксама склады і розныя гаспадарчыя памяшканні[7]. З паўночнага ўсходу ад жылога корпуса знаходзіцца 2-павярховы лямус, з паўднёвага ўсходу — 3-павярховы флігель, накрыты вальмавым дахам[1].

У двары бернардзінскага кляштара пад зямлю вялі два ўваходы, якія зачыняліся масіўнымі жалезнымі дзвярыма. Адзін з іх даволі прасторны, у рост чалавека, быў выкладзены цэглай і вёў у бок ракі Свіслач. Іншы ход ішоў пад зямлёй да касцёла і кляштара баніфратаў[14].

На тэрыторыі комплексу знаходзіўся сад, драўляныя флігель і гаспадарчыя пабудовы[2][3].

Цудатворны абраз Маці Божай

правіць
 
Гравюра, зробленная Лявонціем Тарасевічам з абраза Маці Божай з Дзіцяткам, які захоўвался ў галоўным алтары менскага касцёла бернардзінак

У касцёле Звеставання Дзевы Марыі жаночага кляштара бернардзінак быў цудатворны абраз Маці Божай, аздоблены сярэбранай шатай і каронамі.

Прыарыса кляштару Юдзіцкая паведамляла, што абраз быў прысланы з Рыма ад Папы Урбана VIII Соф’і з Зяновічаў, жонцы Аляксандра Слушкі, тады кашталяна троцкага за тое, што яна паслала Найсвяцейшаму Пастару «містэрн, выраблены ў ахвяру „Apparat ze wszystkim“» (магчыма, нейкае дарагое адзенне)[6].

У доме Слушкаў абраз адразу праславіўся цудамі аздараўлення і дапамогі ў розных хваробах, ласкі дазнала тройчы і сама гаспадыня, пані Мар’яна Абрамавічоўна (1640), а таксама іншыя. Да таго ж менскі канцылярый Сымон Плявіза ў сне бачыў абраз, акружаны святлом, і нібы Маці Божая сказала: «ведай сам і іншым скажы, што хто будзе звяртацца, будзе ўсцешаны». Тады Слушкі аддалі абраз у кляштар, дзе ён дапамагаў многім у хваробах і няшчасных выпадках[6].

Калі Мінск быў заняты маскоўскім войскам, бернардзінкі з абразом выехалі на Жмудзь, дзе Юдзіцкі меў староства ў Ясвойнях. За 12 гадоў, якія паненкі правялі па-за сваім кляштарам, ніхто іх не крануў, не пашкодзіла ім і эпідэмія 1657 года, што яшчэ больш упэўніла сясцёр у цудатворнасці абраза. У хуткім часе пасля вяртання ў Мінск, сёстры апісалі цуды ў кнізе, і Юдзіцкая запрасіла біскупа Слупскага прыслаць кананічную камісію. У 1672 г. віленскі біскуп-суфраган Мікалай Слупскі і правінцыял бернардзінцаў Гіяцынт Буркевіч, вывучыўшы адпаведныя дакументы, прызналі абраз цудатворным[6]. Тады ж у езуіцкай друкарні ў Вільні была надрукавана кніга аб гісторыі і цудах абраза: Historia o cudownym obrazie Najśw. Marii Panny w klasztorze mińskim Panien Zakonnych Św. Franciszka, b.m. 1672 [19]. У кнізе мелася прысвячэнне менскаму кашталяну Аляксандру Юдзіцкаму, які ў нейкіх абставінах, усё пакінуўшы, ад шведаў уратаваў абраз, вывез яго з небяспекі як Эней калісьці сваіх багоў (пісала ў прадмове сястра дабрадзея бернардзінак Францішка, прыарыса кляштару)[6].

Неўзабаве пасля прызнання абраза цудатворным гравёр Лявонцій Тарасевіч наштыхаваў з яго гравюру на медзі, якая дазваляе ўявіць іканаграфію святыні. Марыя стаіць за сталом, на якім ляжыць разгорнутая кніга і раскіданы галінкі ружаў. Дзіцятка Ісус стаіць на гэтым стале, прыхінуўшыся да Маці, якая прытрымлівае Яго праваю рукой, а левай (са скіпетрам) паказвае Дзіцяці на літары, як бы навучаючы. На галовах высокія кароны, вакол — шырокія німбы з шасціканцовымі зорачкамі ўздоўж края. Сюжэт не мае аналагаў у беларускім іканапісу, ён выглядае як трансфармацыя больш вядомага сюжэта «Святая Ганна, якая навучае Марыю»[6].

У культуры

правіць
 
Міхаіл Мацвеевіч Філіповіч. «Мінск. Духаў манастыр», 1922
 
Скульптура «Дойлід»

Касцёл бернардзінак адлюстраваны ў скульптуры «Дойлід» Уладзіміра Жбанава, устаноўленай у 2007 годзе на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ЭнцВКЛ 2005.
  2. а б в г д е ё ж Дзянісаў У.. Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (2012).
  3. а б в г д е ё ж з Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага, — Мн.: ВУП «Выд-ва „Про Хрысто“». — 2003. — 256 с. ISBN 985-6628-37-7.
  4. Толстой П. А. Путешествие стольника П. А. Толстого / Предисл. Д. А. Толстого // Русский архив, 1888. — Кн. 1. — Вып. 2. — С. 161—204; Вып. 3. — С. 321—368; Вып. 4. — С. 505—552; Кн. 2. — Вып. 5. — С. 5-62; Вып. 6. — С. 113—156; Вып. 7. — С. 225—264; Вып. 8. — С. 369—400.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2013. Праверана 1 студзеня 2024.
  5. а б в Церкви и приходы Минска. — Мн.: Свято-Петро-Павловский собор, белорусское Православное Братство Трех Виленских Мучеников, 1996—192 с. ISBN 985-6143-05-5. С. 32.
  6. а б в г д е Аляксандр Ярашэвіч. Абразы Маці Божай XVII—XVII стст. у Мінскіх касцёлах // «Наша вера», 1(4) / 1998.
  7. а б в Т. І. Чарняўская. 19. Кляштар бернардзінак // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.- Мн.: БелСЭ, 1988.-333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8. С.52-53.
  8. Наследышева 2001, с. 36.
  9. Паўлюкевіч 2006, с. 36.
  10. Наследышева 2001, с. 37.
  11. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» (НАРБ). Гістарычная даведка.
  12. а б в г д е Паўлюкевіч 2006, с. 37.
  13. История собора. Минский Свято-Духов кафедральный собор (18 жніўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 15 лютага 2019. Праверана 12 лютага 2019.
  14. а б Шамов 1991, с. 68.
  15. а б Священник, который крестил в советские времена(недаступная спасылка). Крыніца.INFO. Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2019. Праверана 14 сакавіка 2018.
  16. 1990 год. Состоялся первый за многие десятилетия крестный ход — из Свято-Духова кафедрального собора во вновь освященную церковь равноапостольной Марии Магдалины перенесли частицу мощей святой(руск.) // Минский курьер. — 2015. — 25 ноября — № 136. — С. 1. Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2015.
  17. Карней І. Верхні горад зьмяшалі з гразьзю, Радыё Свабода, 12 лютага 2008 г.
  18. а б в г д Сборник информационно-методических материалов по охране историкокультурного наследия Республики Беларусь — / сост. Ходор Г. Н. — Гомель, 2023. — 204 с. ISBN 978-985-7156-81-8
  19. Opisy parafii diecezji wileńskiej z 1784 roku T. 2. Dekanat Mińsk / Maroszek J., Maroszek M. oprac. — 2009. — Białystok.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць