Філалагічны факультэт БДУ
Філалагічны факультэт БДУ — структурнае падраздзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, галоўны факультэт краіны па падрыхтоўцы філолагаў.
- Глыбокія веды ў галіне літаратуры, мовазнаўства і культуры, тэорыі і практыкі перакладаў, камп’ютарных моўных тэхналогій, лінгвістычнай крыміналістыкі і інш;
- Найбуйнейшы цэнтр падрыхтоўкі русістаў для замежных студэнтаў;
- Рэспубліканскія цэнтры славістыкі і кітайскай філалогіі;
- Навуковыя семінары па актуальных праблемах сучаснага мовазнаўства, літаратуразнаўства, лінгвадыдактыкі;
- Навучальныя лабараторыі, камп’ютарныя, лінгафонныя і спецыялізаваныя кабінеты для інавацыйнага навучання будучых філолагаў;
- Перападрыхтоўка па спецыяльнасці «Руская мова як замежная» з атрыманнем дыплома дзяржаўнага ўзору;
- Магістратура для беларускіх і замежных грамадзян па літаратуразнаўстве і мовазнаўстве; аспірантура і дактарантура па розных профілях мовазнаўства і літаратуразнаўства;
- Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі, вядомыя крытыкі, гісторыкі і тэарэтыкі літаратуры з’яўляюцца выпускнікамі філалагічнага факультэта;
- Аматарскія тэатры, дыскусійныя клубы, літаратурныя аб’яднанні, фальклорныя калектывы і кінаклубы; вечары жывой музыкі, балі, турзлёты і нават ўласная прэс-служба.
Філалагічны факультэт | |
---|---|
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт | |
Англійская назва | Faculty of philology |
Заснаваны | 1939 |
Дэкан | Роўда Іван Сямёнавіч |
Месцазнаходжанне | Беларусь, Мінск, вул. К. Маркса, 31 |
philology.bsu.by |
Гісторыя
правіцьПадрыхтоўка філолагаў вядзецца ў БДУ[1] з 1921 г. — ад першых дзён заснавання ўніверсітэта. Аднак да 1939 г. асобнага філалагічнага факультэта не існавала. Да 1931 г. спецыялістаў па мове і літаратуры рыхтавалі на этнолага-лінгвістычным аддзяленні (пазней перайменавана ў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне) педагагічнага факультэта.
З 1931 г. падрыхтоўка філолагаў у БДУ на восем гадоў была спынена. У 1939 г. роля ўніверсітэта ў навукова-педагагічным жыцці краіны была перагледжана. Адраджэнне філалагічнай адукацыі адбывалася на якасным новым узроўні: у газеце «Савецкая Беларусь»[2] ад 21 ліпеня 1939 г. было апублікавана паведамленне аб стварэнні самастойнага філалагічнага факультэта[3] з двума аддзяленнямі: беларускай мовы і літаратуры, а таксама рускай мовы і літаратуры. Дэканам філалагічнага факультэта быў прызначаны вядомы вучоны-лінгвіст прафесар Ц. П. Ломцеў, які адначасова з’яўляўся першым загадчыкам кафедры рускай мовы і літаратуры.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць універсітэта часова прыпынілася. Толькі 15 мая 1943 г. Савет Народных Камісараў СССР прыняў пастанову аб аднаўленні работы ўніверсітэта на станцыі Сходня Хімкінскага раёна Маскоўскай вобласці.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў БДУ вярнуўся ў Мінск. Два наступныя дзесяцігоддзі адзначаліся колькасным і якасным развіццём факультэта: адкрываліся новыя аддзяленні, рэарганізоўваліся кафедры. У канцы 1940-х гг. на факультэце былі два аддзяленні: 1) логікі, псіхалогіі і рускай мовы[4]; 2) журналістыкі (факультэт журналістыкі[5] быў створаны ў БДУ ў 1944 г., а з 1946 па 1967 г. ён функцыянаваў як аддзяленне філалагічнага факультэта).
У 1951 г. пасля чарговай рэарганізацыі ў склад факультэта ўваходзілі чатыры аддзяленні: 1) беларускай мовы і літаратуры; 2) рускай мовы і літаратуры; 3) журналістыкі; 4) логікі і псіхалогіі. З 1957 года размяшчаўся доме № 1 БДУ[6].
У чэрвені 1967 г. аддзяленне журналістыкі было рэарганізавана ў самастойны факультэт і на філалагічным факультэце засталіся два аддзяленні: 1) беларускай мовы і літаратуры; 2) рускай мовы і літаратуры.
Філалагічны факультэт быў самым вялікім ва ўніверсітэце. Так, у 1968/69 нав. г. тут навучаліся 2652 студэнты. Гэта колькасць заставалася амаль нязменнай на працягу наступных сарака гадоў. У канцы 1960-х і ў 1970-я гг. пачынаюць інтэнсіўна развівацца сувязі факультэта з універсітэтамі іншых савецкіх рэспублік, актывізуецца міжнародная дзейнасць.
З 1985 г. на факультэце адбываюцца структурныя змены. Для ўдасканалення навукова-даследчай работы былі створаны дзве навукова-даследчыя лабараторыі (НДЛ): 12 лістапада 1985 г. распачала сваю дзейнасць НДЛ беларускага фальклору і дыялекталогіі[7] (навуковы кіраўнік прафесар А. А. Лойка, якога пазней змяніў вядомы збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай культуры В. Дз. Ліцьвінка); 1 красавіка 1987 г. — НДЛ тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі[8] (загадчык прафесар У. А. Карпаў).
24 чэрвеня 1988 г. ад кафедры рускай мовы адгалінаваліся дзве новыя: рускай мовы як замежнай і методыкі выкладання беларускай і рускай мовы і літаратуры. Загадчыкам першай быў абраны доктар філалагічных навук, прафесар У. В. Макараў, а другой — доктар педагагічных навук, прафесар Л. А. Мурына.
Новая старонка ў гісторыі факультэта пачынаецца з 1991 г. На першым этапе адбылася даволі істотная рэарганізацыя структуры факультэта:
- на пачатку 1993/94 нав. г. была ўтворана кафедра славістыкі, кафедра беларускай літаратуры падзелена на кафедры тэорыі і гісторыі літаратуры і беларускай літаратуры ХХ ст.;
- у 1993 г. адбыўся падзел кафедры беларускай мовы на кафедры сучаснай беларускай мовы і гісторыі беларускай мовы;
- на пачатку 1994/95 нав. г. кафедра гісторыі і тэорыі літаратуры падзелена на кафедры тэорыі літаратуры і гісторыі беларускай літаратуры;
- на пачатку 1995/96 нав. г. створана кафедра класічнай філалогіі.
У 1992 годзе факультэт пераехаў у будынак былой Мінскай партыйнай школы па вуліцы Карла Маркса.
У 1993 г. на факультэце пачалася падрыхтоўка славістаў. На дадзены момант прадстаўлены наступныя напрамкі: паланістыка, украіністыка, балгарыстыка, багемістыка,славакістыка і сербістыка.
У 1994 г. упершыню ва ўніверсітэце быў праведзены набор студэнтаў дзённай формы навучання на спецыяльнасць «Класічныя мовы і літаратуры», у 1995 г. — «Беларуская і нямецкая мовы», «Беларуская і французская мовы», «Беларуская і англійская мовы». Аддзяленні беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры пачалі сумесную падрыхтоўку па спецыяльнасці «Беларуская і руская мовы і літаратуры».
У 1996 г. дэканам факультэта стала доктар педагагічных навук, прафесар Л. А. Мурына. Пад яе кіраўніцтвам факультэт працягваў актыўна развівацца. Былі створаны новыя і відазмененыя існуючыя спецыяльнасці.
Улічваючы актывізацыю рознабаковых адносін паміж Беларуссю і Кітаем, з 2001 г. на філалагічным факультэце пачалася падрыхтоўка кітаістаў.
У 2002 г. дэканам факультэта быў абраны доктар філалагічных навук, прафесар І. С. Роўда, які кіруе факультэтам і сёння. У гэтыя гады істотна актывізавалася міжнародная дзейнасць, пачалося матэрыяльна-тэхнічнае пераабсталяванне факультэта. Умацаваліся сувязі з пасольствамі тых дзяржаў, мовы якіх вывучаюцца на факультэце. Пры матэрыяльнай падтрымцы гэтых краін быў адкрыты цэлы шэраг спецыялізаваных кабінетаў: польскай філалогіі (2003); аўдыёвізуальных сродкаў (2003); кітайскай філалогіі (2003); беларускай філалогіі (2004); украінскай філалогіі (2004); італьянскай філалогіі (2005); рускай філалогіі (2007); нямецкай філалогіі (2009); чэшскай філалогіі (2011); славацкай філалогіі (2011); сербскай філалогіі (2014).
З 2006 г. на факультэце функцыянуюць кабінет-музей беларускай народнай культуры[9] і Цэнтр турэцкай культуры[10].
З улікам патрэб вучэбнага працэсу лабараторыя беларускага фальклору была рэарганізавана з навуковай у вучэбна-навуковую, створаны Цэнтр інфармацыйных тэхналогій.
За апошнія гады тэхнічная база факультэта значна абнавілася: створаны камп’ютарныя класы, лекцыйныя аўдыторыі абсталяваны мультымедыйнымі праектарамі.
Навукоўцы-філолагі
правіцьПадрыхтоўка спецыялістаў-філолагаў ва ўніверсітэце пачалася з першага года яго заснавання на этнолага-лінгвістычным аддзяленні факультэта грамадскіх навук БДУ. Пасля працягвалася на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта. На ім працавалі такія вядомыя навукоўцы-філолагі, як акадэмік АН БССР І. І. Замоцін, прафесары Я. І. Барычэўскі, А. М. Вазнясенскі, М. М. Піятуховіч, П. А. Бузук. З восені 1923 года лекцыі па беларускай мове і методыцы яе выкладання пачаў чытаць выдатны педагог, класік беларускай літаратуры Якуб Колас.
Годам нараджэння самастойнага філалагічнага факультэта стаў 1939 год. Першым дэканам быў прызначаны выдатны навуковец-лінгвіст прафесар Цімафей Пятровіч Ломцеў. Працяглы час дэканам факультэта з’яўляўся доктар філалагічных навук, прафесар Міхась Рыгоравіч Ларчанка (1943—1945, 1955—1963).
У кастрычніку 1968 студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, звярнуліся ў ЦК КПБ з лістом на імя П. М. Машэрава (ліст падпісала некалькі соцень чалавек), дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове. У выніку арганізатары падпісання ліста атрымалі ярлыкі «буржуазных нацыяналістаў».
Асновай філалагічнага факультэта да сярэдзіны 1990-х гадоў былі два аддзяленні беларускай мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры (з восені 1947 па восень 1967 года ў склад факультэта ўваходзіла яшчэ і аддзяленне журналістыкі[5]). У свой час студэнтамі факультэта, а некаторыя пазней і выкладчыкамі, былі народныя пісьменнікі Беларусі Кандрат Крапіва, Іван Мележ, Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Рыгор Барадулін, акадэмік АН Беларусі Аляксандр Падлужны, член-карэспандэнты АН Беларусі Аляксандр Булыка, Міхась Мушынскі і іншыя.
На філалагічным факультэце навучаецца больш за дзве тысячы студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў з Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа. Навучальны працэс забяспечваюць 17 кафедраў, вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору, лабараторыя тэхнічных сродкаў навучання, 10 спецыялізаваных кабінетаў. Акрамя таго, на базе факультэта функцыянуе цэнтр філалагічнай падрыхтоўкі, які арганізуе заняткі па беларускай, рускай і замежнай мовах, літаратурах, а таксама праводзіць набор на курсы па вывучэнні замежных моў для студэнтаў універсітэта. На факультэце працуе больш за 30 прафесараў, дактароў навук і звыш 120 дацэнтаў, кандыдатаў навук.
За гады вучобы ва ўніверсітэце студэнты-філолагі атрымліваюць глыбокія веды па гісторыі нацыянальнай і сусветнай літаратуры, культуры, вывучаюць працэсы гістарычнага развіцця моў, даследуюць іх сучасны стан, а таксама спасцігаюць сакрэты літаратурна-мастацкай дзейнасці, метадаў аўтаматычнай апрацоўкі тэкстаў, тэорыі і практыкі перакладу, камп’ютарных тэхналогій выкладання мовы. Студэнты славянскай, рамана-германскай, усходняй філалогіі праходзяць моўную практыку ў краінах вывучаемай мовы: Польшчы, Чэхіі, Германіі, Кітаія інш. Для студэнтаў і магістрантаў арганізавана каля 80 навуковых спецсемінараў па актуальных праблемах сучаснага літаратуразнаўства і лінгвістыкі, створаны ўмовы для свабоднага карыстання ў навучальных мэтах рэсурсамі Internet — абсталяваны 3 камп’ютарныя класы на факультэце і 3 міжфакультэцкія медыятэкі. Па жаданні студэнты вывучаюць дадаткова адну са славянскіх ці заходнееўрапейскіх моў на вячэрніх курсах[12], пасля заканчэння якіх атрымліваюць адпаведнае пасведчанне. Акрамя таго, студэнтам прадстаўляецца магчымасць паралельнага навучання на любым факультэце БДУ для атрымання другой спецыяльнасці.
Пасля 3, 4 курсаў, а таксама выпускнікі любога факультэта (спецыяльнасці) ВНУ Рэспублікі Беларусь могуць дадаткова прайсці перападрыхтоўку па спецыяльнасці «Руская мова як замежная» з атрыманнем дыплома дзяржаўнага ўзору.
Міжнароднае супрацоўніцтва
правіцьФакультэт мае дагаворы аб супрацоўніцтве 22 замежнымі ўніверсітэтамі[13]. На факультэце вядзецца падрыхтоўка каля 200 спецыялістаў з замежных краін[14]. Ёсць магчымасць праходжання моўнай практыкі ў краінах вывучаемай мовы.
Супрацоўнікі факультэта з’яўляюцца членамі міжнародных таварыстваў і асацыяцый[15], прымаюць удзел у міжнародных практах[16].
Газета «Слова»
правіцьГазета «Слова» была створана па ініцыятыве Прэс-службы філалагічнага факультэта БДУ як газета для студэнтаў і пра студэнтаў. Першы выпуск газеты быў прысвечаны 94-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое адзначалася 30 кастрычніка 2015 года.
На старонках газеты можна пазнаёміцца з творчасцю маладых паэтаў і празаікаў філфака, тут расказваецца пра студэнцкае жыццё і цікавыя падзеі, творчасць і дасягненні, таленты і знакамітыя імёны, размешчана шмат фотаздымкаў з мерапрыемстваў.
Часопіс «Філалогія»
правіць«Часопіс Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Філалогія» заснаваны Беларускім дзяржаўным універсітэтам у 1969 годзе. Часопіс арыентаваны на прафесараў, выкладчыкаў, навуковых супрацоўнікаў, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, якія працуюць у галіне лінгвістыкі, літаратуразнаўства, методыкі выкладання моў і літаратур. Перыядычнасць — 3 разы на год (люты, чэрвень, красавік). Публікацыя бясплатная. Рабочыя мовы — беларуская, руская, англійская. Усе навуковыя артыкулы праходзяць падвойнае сляпое рэцэнзаванне.
Да 2017 года выходзіў пад назвай «Веснік БДУ. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка». На працягу ўсіх гадоў выданне захоўвае пазіцыі вядучага ў Рэспубліцы Беларусь акадэмічнага часопіса па фундаментальных тэарэтычных і прыкладных праблемах лінгвістыкі і літаратуразнаўства. Публікуе арыгінальныя навуковыя артыкулы, агляды ў галіне мовазнаўства, літаратуразнаўства, методыкі выкладання моў і літаратур; хранікальныя матэрыялы, рэцэнзіі на манаграфіі, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, а таксама юбілейныя артыкулы. Матэрыялы выдання прысвечаны актуальным праблемам тэорыі літаратуры, беларускай літаратуры, рускай літаратуры, замежнай літаратуры, славянскіх літаратур, класічнай філалогіі, беларускай і іншых славянскіх моў, германскіх, раманскіх, усходніх моў, тэарэтычнага мовазнаўства, прыкладной лінгвістыкі, рыторыкі і методыкі выкладання моў і літаратур, а таксама сумежных дысцыплін.
Галоўны рэдактар часопіса — Сяргей Мікалаевіч Запрудскі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Часопіс ўключаны ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь, рэкамендаваных Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў, публікацыі часопіса індэксуюцца ў базах даных Расійскага індэкса навуковага цытавання (РІНЦ).
Структура
правіцьКафедры
правіць- Англійскага мовазнаўства;
- Гісторыі беларускай мовы;
- Беларускай літаратуры і культуры;
- Гісторыі беларускай літаратуры;
- Замежнай літаратуры;
- Класічнай філалогіі;
- Нямецкага мовазнаўства;
- Прыкладной лінгвістыкі;
- Раманскага мовазнаўства;
- Рускай літаратуры;
- Рускай мовы;
- Рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры;
- Славянскіх літаратур;
- Сучаснай беларускай мовы;
- Тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства;
- Тэорыі літаратуры;
- Кітайскай філалогіі.
Спецыялізацыі
правіць- Беларуская філалогія;
- Руская філалогія;
- Класічная філалогія;
- Славянская філалогія (польская, балгарская, чэшская, сербская, украінская);
- Рамана-германская філалогія (англійская, нямецкая, французская, італьянская);
- Усходняя філалогія (кітайская).
Дэканы
правіць- Цімафей Пятровіч Ломцеў (1939—1941);
- Міхась Рыгоравіч Ларчанка (1943—1945);
- Міхаіл Іванавіч Жыркевіч (1945—1947);
- Лука Васільевіч Шашкоў (1947—1951);
- Марыя Андрэеўна Жыдовіч (1951—1952);
- Юрый Аляксандравіч Васільеў (1952—1955);
- Міхась Рыгоравіч Ларчанка (1955—1963);
- Рыгор Васільевіч Булацкі (1963—1967);
- Аляксей Арсенцьевіч Волк (1967—1990);
- Алег Антонавіч Лойка (1991—1996);
- Ларыса Аляксандраўна Мурына[17] (1996—2002);
- Іван Сямёнавіч Роўда (2002—2018);
- Сяргей Аляксандравіч Важнік (з 2018 года).
Выпускнікі
правіць- Аксана Аляксееўна Данільчык — беларуская паэтэса, перакладчыца, літаратуразнаўца;
- Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч — беларускі літаратуразнавец, крытык;
- Алесь Адамовіч — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч;
- Славамір Адамовіч — беларускі паэт, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам»;
- Сцяпан Аляксандравіч — беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, крытык, краязнаўца;
- Алена Анісім — беларуская мовазнаўца і палітычная дзяячка;
- Алесь Бадак — беларускі пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, крытык;
- Аляксандр Булыка — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН Беларусі;
- Генадзь Бураўкін — беларускі паэт, перакладчык, дзяржаўны і грамадскі дзеяч;
- Анатоль Бутэвіч — беларускі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык;
- Вінцук Вячорка — філолаг, выкладчык, журналіст, палітвязень Беларусі;
- Ніл Гілевіч — беларускі паэт, перакладчык, празаік, драматург, літаратуразнавец, фалькларыст і грамадскі дзеяч;
- Сцяпан Грабчыкаў — беларускі і савецкі мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук;
- Генрых Далідовіч — беларускі пісьменнік;
- Таццяна Дасаева — беларускі літаратуразнавец, крытык;
- Уладзімір Дамашэвіч — беларускі празаік, нарысіст;
- Аркадзь Жураўскі — беларускі мовазнавец;
- Сяргей Законнікаў — беларускі паэт, публіцыст, журналіст, грамадскі дзеяч;
- Васіль Зуёнак — беларускі паэт;
- Вольга Іпатава — беларуская пісьменніца, перакладчыца, грамадскі дзеяч;
- Іна У. Каліта — беларуская і чэшская лінгвістка, славістка;
- Генадзь Кляўко — беларускі паэт, перакладчык, дзіцячы празаік, журналіст;
- Арсень Ліс — беларускі фалькларыст, літаратуразнавец, літаратар;
- Хрысціна Лялько — беларуская пісьменніца, перакладчыца і журналістка;
- Марыя Мартысевіч — беларуская перакладчыца, паэтэса, эсэістка, літаратуразнавец;
- Іван Навуменка — беларускі пісьменнік і літаратуразнавец;
- Зміцер Падбярэзскі — беларускі музычны журналіст і крытык, пісьменнік і тэлевядучы;
- Алесь Пашкевіч — беларускі паэт, празаік, літаратуразнаўца, публіцыст;
- Мікалай Прыгодзіч — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ;
- Іван Роўда — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, дэкан філалагічнага факультэта БДУ;
- Алена Рудэнка — беларускі філолаг, мовазнаўца, выкладчык рускай мовы і літаратуры;
- Мікалай Рудкоўскі — беларускі драматург, сцэнарыст, рэжысёр, радыёвядучы;
- Васіль Сахарчук — беларускі паэт, перакладчык;
- Давід Сімановіч — беларускі паэт, перакладчык;
- Людміла Сінькова — літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар;
- Франц Сіўко — беларускі пісьменнік;
- Васіль Старычонак — савецкі і беларускі філолаг;
- Галіна Тварановіч — беларускі літаратуразнавец, паэтэса;
- Мікола Трус — літаратуразнавец, славіст, перакладчык, публіцыст, спецыяліст музейнай справы;
- Андрэй Хадановіч — беларускі паэт, перакладчык, філолаг;
- Кім Хадзееў — філосаф, культуролаг, пісьменнік;
- Іван Чарота — перакладчык, літаратуразнавец, літаратурны крытык, славіст, гісторык культуры, грамадскі дзеяч, выкладчык універсітэта.
- Іван Штэйнер — беларускі літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар.
Крыніцы
правіць- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2019. Праверана 6 жніўня 2019.
- ↑ https://www.sb.by/
- ↑ http://philology.bsu.by/by/
- ↑ https://lektsii.net/3-19166.html
- ↑ а б Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 жніўня 2011. Праверана 6 жніўня 2019.
- ↑ Тамковіч Ю. В. Спроба рэканструкцыі карты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1921-1941 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. — 2021. — № 10 (267), кастрычнік. — С. 18-27.
- ↑ http://philology.bsu.by/ru/kafedry/2013-10-17-16-10-16
- ↑ http://philology.bsu.by/ru/kafedry/prykladnoj-lngvstyk
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2019. Праверана 6 жніўня 2019.
- ↑ http://earchives.bsu.by/handle/link/3340(недаступная спасылка)
- ↑ http://www.school7.goroo-orsha.by/index.php/filfak-bgu-zhdet-vas.html Архівавана 6 жніўня 2019.
- ↑ http://philology.bsu.by/by/facultyinfo/vuchjebny-cjentr-flalagchnaj-padryhtouk
- ↑ Перечень договоров о научном сотрудничестве с зарубежными организациями
- ↑ Падрыхтоўка спецыялістаў з замежных краін
- ↑ Участие в международных организациях вузов
- ↑ Международный научно-исследовательский проект «Русский язык за пределами России»
- ↑ http://elib.bsu.by/bitstream/123456789/13970/1/103.pdf(недаступная спасылка)