Эфіопія

краіна ва Усходняй Афрыцы
(Пасля перасылкі з Абісінія)

Эфіопія, Федэраты́ўная Дэмакраты́чная Рэспу́бліка Эфіопія (ФДРЭ) — дзяржава на ўсходзе Афрыкі ў раёне Афрыканскага Рогу. Мяжуе на поўначы з Эрытрэяй, на ўсходзе з Джыбуці і Самалі, на поўдні з Кеніяй, на захадзе з Суданам і Паўднёвым Суданам. Выхаду да мора не мае. Афіцыйная мова — амхарская. Сталіца — горад Адыс-Абеба. Нацыянальнае свята — Дзень устанаўлення міру і дэмакратыі (28 мая).

Эфіопія
የኢትዮጵያ ፌዴራላዊ ዲሞክራሲያዊ ሪፐብሊክ (амх.)
Federaalawaa Dimokraatawaa Repabliikii Itoophiyaa (арома)
Герб Эфіопіі
Сцяг Эфіопіі Герб Эфіопіі
Гімн: «(Наперад, мілая маці Эфіопія)»
Афіцыйная мова амхарская
Сталіца Адыс-Абеба
Найбуйнейшыя гарады Дырэ-Дауа, Харэр, Гондэр, Назрэт, Мэкэле
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм’ер-міністр
Тае Ацке-Селасіе
Абій Ахмед Алі
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
27-я ў свеце
1 104 300 км²
0,7
Насельніцтва
• Ацэнка (2012)
Шчыльнасць

91 195 675[1] чал. (14-я)
77 чал./км²
ІРЧП  0.414 (нізкі) (171-ы)
Валюта Эфіопскі быр
Інтэрнэт-дамен .et
Код ISO (Alpha-2) ET
Код ISO (Alpha-3) ETH
Код МАК ETH
Тэлефонны код +251
Часавыя паясы +3

Назва на гэезі Ītyōṗṗyā (Эфіопія) паходзіць ад старажытнагрэчаскага Αἰθιοπία або старажытнагрэчаскага Αἰθίοψ Эфіоп, што азначае «чалавек з абпаленым/загарэлым (на сонцы) тварам»[3]. У некаторых Аксумскіх надпісах IV стагоддзя ўжо ўжываецца тэрмін «Эфіопія».

У еўрапейскай культуры Эфіопія была доўгі час вядомая пераважна як Абісінія. Гэтая назва семіцкага паходжання бярэ пачатак ад аравійскага эпіграфічнага «ḤBŚT» (хабашат) і азначала не-аксумскіх падданых аксумскага цара; пазней (у тым ліку на арабскай) пераважна называлася семіцкае насельніцтва Эфіопіі (амхарцы, тыгрэ, тыгрынья), якое гістарычна займала вядучыя пазіцыі ў эліце краіны. У наш час назвы, роднасныя словы «Абісінія», прымяняюцца ў Эфіопіі ў турэцкай (турэцк.: Habeşistan) і арабскай (Al-Ḥabashah, Аль-Хабаш) мовах. Да нядаўняга часу падобнае найменне — «Хабаш» — ужывалася і ў іўрыце. У еўрапейскай культуры тэрмін «Абісінія» пасля 1945 года пачаў выходзіць з ужывання.

Дзяржаўны лад

правіць

Эфіопія — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Надзелены прадстаўніцкімі функцыямі. Заканадаўчая ўлада належыць ніжняй палаце парламента (Федэральнага сходу; выбіраецца на 5 гадоў), — Савету народных дэпутатаў (548 дэпутатаў, выбраны на шматпартыйных выбарах). Верхняя палата — Савет федэрацыі (155 дэпутатаў, выбраны мясцовымі органамі ўлады). Парламент выбірае прэм’ер-міністра і зацвярджае склад урада.

Прырода

правіць
 
Нацыянальны парк Сымен

Большую частку тэрыторыі Эфіопіі займае Эфіопскае нагор’е (гара Рас-Дашэн у гарах Сымен, вышыня 4623 м — найвышэйшы пункт краіны), на паўднёвым усходзе — Эфіопска-Самалійскае плато, якое аддзелена ад нагор’я Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай. Характэрна павышаная сейсмічнасць. Карысныя выкапні: каменная і калійная соль, плаціна, тантал, золата, медзь, азбест, сера, марганавыя руды, нафта і прыродны газ. Клімат на поўначы трапічны пустынны і паўпустынны, на астатняй частцы субэкватарыяльны, гарачы і сезонна вільготны. Для Эфіопскага нагор’я характэрна вышынная кліматычная пояснасць; сярэднямесячныя тэмпературы 15-26 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 150—600 мм на раўнінах да 1500—1800 мм у гарах. Дажджы выпадаюць з ліпеня па верасень. Упадзіна Афар — адно з самых гарачых месц на Зямлі. Частыя засухі. Рачная сетка густая на Эфіопскім нагор’і (Блакітны Ніл з прытокамі, Ома), рэдкая на засушлівых плато (Вебі-Шэбелі). Шмат азёр; найбольшае — Тана (плошча больш 3000 км²). Пераважаюць чырвона-бурыя і чырвоныя глебы, у гарах — горна-лясныя і горна-лугавыя. Каля трэці тэрыторыі занята хмызняковымі пустынямі і паўпустынямі, на ўсходзе — апустыненныя саванны, на паўднёвым захадзе ў далінах рэк і ў гарах на вышыні 1700—1800 м дажджавыя трапічныя лясы з дзікарослымі кафейнымі дрэвамі. На заходніх і паўднёва-заходніх схілах нагор’я — вышынная пояснасць ландшафтаў. Жывёльны свет багаты і разнастайны: антылопы, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, малпы. Нацыянальныя паркі: Аваш, Сымен, Ома, Фасіл Гебі ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва

правіць
 
Гандляркі ў горадзе Асоса

У складзе насельніцтва каля 80 этнічных груп. Асноўнае насельніцтва — арома (40 %), амхара і тыгрэ (32 %). Жывуць таксама сідама (9 %), шанкела (6 %), самалі (6 %), афар (4 %). Пашыраны семіта-хаміцкія мовы. У гарадах жывуць армяне, арабы, грэкі, індыйцы, пакістанцы. Сярод вернікаў мусульман 45-50 %, хрысціян-монафізітаў 35-40 %, прыхільнікаў мясцовых традыцыйных вераванняў 12 %. Найбольш шчыльна населены цэнтральныя і ўсходнія раёны Эфіопскага нагор’я. Гарадскога насельніцтва 17 %. Найбуйнешыя гарады: Адыс-Абеба, Дырэ-Дауа, Харэр, Гондэр, Назрэт, Мэкэле. У сельскай гаспадарцы занята 80 % эканамічна актыўнага насельніцтва, у прамысловасці і будаўніцтве — 8 %, у сферы паслуг — 12 %.

Гісторыя

правіць
 
Тэадрос II

На тэрыторыі Эфіопіі знойдзены рэшткі старажытных продкаў чалавека. Найбольш старажытным насельніцтвам краіны былі кушыты — продкі сучасных народаў агаў, арома, самалі і іншых. З сярэдзіны 1-га тысячагоддзя да н.э. пачалося перасяленне з Паўднёвай Аравіі на поўнач Эфіопіі плямён семітаў, ад назвы аднаго з якіх пайшла першапачатковая назва краіны — Хабаш, больш вядомая еўрапейцам у скажонай форме Абісінія. Нашчадкі гэтых плямён у пачатку 1-га тысячагоддзя н.э. стварылі Аксумскае царства, якое займала паўночную частку Эфіопіі і тэрыторыю сучаснай Эрытрэі. У 5 стагоддзі дзяржаўнай рэлігіяй Аксумскага царства (а надалей і яго пераемніцы — Эфіопскай дзяржавы) стала хрысціянства монафізіцкага кірунку. З пачатку арабскіх заваяванняў у 7 стагоддзі Аксумскае царства заняпала і распалася. Яго прыбярэжныя раёны былі захоплены арабамі, цэнтр эфіопскай дзяржаўнасці перамясціўся ва ўнутраную частку Эфіопскага нагор’я. На ўзбярэжжы Чырвонага мора і ва ўнутраных раёнах узніклі мусульманскія султанаты Адал, Іфат, Хадзья.

Да канца 13 стагоддзя хрысціянскія вобласці Эфіопіі былі аб’яднаны правіцелямі зямлі Шоа — прадстаўнікамі Саламонавай дынастыі (прэтэндавалі на паходжанне ад цара Саламона і царыцы Саўскай). Утварылася Эфіопская дзяржава ў форме імперыі, якую аслабляла непадпарадкаванне цэнтральнай уладзе мясцовых правіцеляў; спробы ўзмацніць яе пры імператару Зары Якобе (1434—1468) мелі толькі часовы поспех. Цяжкія наступствы мелі частыя войны з мусульманскімі султанатамі; у пачатку 16 стагоддзя ўзнікла пагроза з боку Турцыі. якая ўмацавалася на тэрыторыі сучаснай Эрытрэі. У 1530-я гады войскі султаната Адал захапілі большую частку Эфіопскай дзяржавы, але з дапамогай партугальцаў былі выгнаны. З сярэдзіны 17 стагоддзя пасля шэрагу міжусобных войнаў, у тым ліку выкліканых спробамі пашырэння ў Эфіопіі каталіцтва, адбылася некаторая стабілізацыя дзяржавы, але да канца 18 стагоддзя яна зноў распалася на самастойныя правінцыі пры захаванні ў імператараў намінальнай улады. У сярэдзіне 19 стагоддзя Каса з вобласці Тыгрэ і абвясціў сябе імператарам Тэадросам II (1855—1868), але загінуў у вайне з англічанамі.

 
Хайле Селасіе I

Канчаткова аб’яднанне Эфіопіі завершана імператарам Менелікам II (1889—1913). Ён выйграў Італа-эфіопскую вайну (1895-96), падавіў сепаратызм, правёў грашовую рэформу, распачаў будаўніцтва тэлеграфных ліній і чыгункі. У пачатку 20 стагоддзя Эфіопія разам з Ліберыяй заставаліся адзінымі незалежнамі дзяржавамі Афрыкі. У выніку барацьбы за ўладу пасля смерці Менеліка II у 1916 годзе фактычным правіцелем (рэгентам) Эфіопіі стаў Тафары Маконен, які ў 1930 годзе абвясціў сябе імператарам пад імем Хайле Селасіе I (1930—1974). У 1931 годзе прынята першая канстытуцыя Эфіопіі, якая пацвердзіла абсалютную ўладу імператара. У выніку італа-эфіопскай вайны (1935-36) урад Мусаліні абвясціў Эфіопію часткай калоніі «Італьянская Усходняя Афрыка». У 1940—1941 гадах Эфіопія вызвалена брытанскімі войскамі і эфіопскімі партызанамі. З 1945 года Эфіопія — член ААН. У 1952 годзе да яе далучана былая італьянская калонія Эрытрэя. Нягледзячы на рост эканомікі ў 1950-1960-я гады захаванне манархіі выклікала незаадаволенасць у грамадстве. 12 верасня 1974 года Хайле Селасіе I скінуты, у сакавіку 1975 года манархія скасавана. Да ўлады прыйшлі рэвалюцыйна настроеныя ваенныя на чале з Менгісту Хайле Марыямам. Быў абвешчаны курс на пабудову сацыялізму, у 1984 года створана кіруючая Працыя працоўных Эфіопіі. У 1977—1978 гады самалійскія войскі спрабавалі захапіць эфіопскую правінцыю Агадэн, але націск быў адбіты. Актывізавалася барацьба за стварэнне незалежнай дзяржавы Эрытрэя. У 1980-я гады ўрадавыя войскі Эфіопіі пацярпелі ў Эрытрэі шэраг паражэнняў. Пры падтрымцы эрытрэйцаў створаны шэраг сепаратысцкіх рухаў ва ўнутраных раёнах Эфіопіі: Народны фронт вызвалення Тыгрэ, Фронт вызвалення Арома, якія аб’ядналіся ў Эфіопскі народны рэвалюцыйна-дэмакратычны фронт (ЭНДРФ). Пазіцыі сацыялістычнага ўрада былі падарваны эканамічнай разрухай і сістэматычнымі неўраджаямі, якія сталі прычынай смерці ад голаду больш як 1 млн.чалавек. У 1991 годзе ў выніку шматгадовай узброенай барацьбы сацыялістаў змяніў цяперашні ўрад, створаны Эфіопскім народным рэвалюцыйна-дэмакратычным фронтам (ЭНДРФ). У тым жа годзе адбылося фактычнае аддзяленне ад Эфіопіі правінцыі Эрытрэя, якая стала ў 1993 годзе незалежнай дзяржавай. Падзенне рэжыму Хайле Марыяма адначасова азначала страту народам амхара пануючага становішча ў краіне, якім ён карыстаўся шмат стагоддзяў. Старшынёй Пераходнага ўрада і кіраўніком дзяржавы стаў старшыня ЭНДРФ Мелес Зенаўі. У снежні 1994 года прынята новая канстытуцыя Эфіопія, якая замацавала федэратыўнае (замест ранейшага ўнітарнага) уладкаванне дзяржавы.

Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18 мая 1994 года. З 2002 года Эфіопія — член Афрыканскага саюза.

Эканоміка

правіць
 
Збор кавы

Эфіопія — аграрная краіна, адна з найбяднейшых у свеце. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка дае 45 % ВУП і больш 80 % экспарту (пераважна экспарт кавы). ВУП у 2000 годзе склаў 39,2 млрд долараў, даход на чалавека ў год (2005) — 120 долараў ЗША. 80 % насельніцтва жыве менш чым на 2 долары ў дзень[4]. Мае запасы золата і плаціны[5][6]. Выкарыстоўваецца 30,7 млн.га., у тым ліку пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,5 млн.га. Земляробства — галоўная галіна сельскай гаспадаркі. Зямлю апрацоўваюць плужным і матычным спосабам; ураджайнасць нізкая, існуе дэфіцыт харчовых прадуктаў. Прыродным і сацыяльным бедствам з’яўляюцца засухі. Каля паловы ворных зямель пад збожжавымі культурамі. Вырошчваюць (млн.тон, 1999) кукурузу (2,8), тэф (2), пшаніцу (1,2), сорга (1,3), ячмень (1). Пашыраны бабовыя (гарох, фасоля, сачавіца, боб), алейныя (нут, кунжут, клешчавіна), цукровы трыснёг, бавоўнік, тытунь. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, малапрадукцыйная, на ўсходзе і паўднёвым усходзе качавая і паўкачавая, у цэнтральнай частцы — адгонная-пашавая. Пагалоўе (млн.галоў, 1999) буйныя рагатыя жывёлы — 35,1, авечак — 22, коз — 16,9, аслоў — 5,2, коней — 2,7, вярблюдаў — 1,1, птушак — 56. Пчалярства. Рыбалоўства (10,4 тысяч тон, 1999). Лесанарыхтоўкі.

На долю прамысловасці прыпадае каля 10 % ВУП. Старэйшая галіна — харчасмакавая (мясаперапрацоўчая, мукамольная, цукровая, алейная, кававая, вытворчасць напояў, цыгарэт). У лёгкай прамысловасці развіта тэкстыльная (Адыс-Абеба, Дырэ-Дауа, Бахр-Дар) і гарбарна-абутковая (Адыс-Абеба, Моджа) галіны. Дрэваапрацоўчая прамысловасць (вытворчасць фанеры, мэблі, піламатэрыялаў) сканцэнтравана ў Адыс-Абебе і яе наваколлях. Ёсць машынабудаванне (пераважна зборачныя) і металаапрацоўчыя прадпрыемствы ў Адыс-Абебе і Назрэце. Здабыча золата, плаціны, марганцавай руды, калійнай солі, кварцавга пяску. Вытворчасць электраэнергіі 1,36 млрд кВт/г (1998), пераважна на ГЭС (89 %). Большая частка насельніцтва не мае доступу да электраэнергіі. Саматужныя промыслы (вышыўка, ткацтва, пляценне, апрацоўка скуры, металу, драўніны). Асноўны від транспарту — аўтамабільны. Даўжыня аўтадарог 28,5 тыс.км, у тым ліку з цвёрдым пакрыццём 4,3 тыс.км. Даўжыня чыгункі 681 км (чыгуначная лінія Адыс-Абеба — порт Джыбуці). Эфіопія мае доступ да партоў Эрытрэі (Асэб і Масаўа). Суднаходства па возеры Тана. Міжнародныя аэрапорты Адыс-Абебе і Бахр-Дары.

Камунікацыі

правіць

У 1930 годзе ў краіне была пабудавана першая радыёстанцыя. У 1933 годзе Эфіопія далучылася да Міжнароднага саюзу электрасувязі. У 1935 годзе з дапамогай італьянскай кампаніі «Ансалда» ў Акакі было завершана будаўніцтва сучаснай радыёстанцыі. У 1960 годзе станцыя сувязі з’явілася ў Асэбе (цяпер ў Эрытрэі) для тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі з суднамі на рэйдзе. Да 1988 года краіна мела тэлефонную сувязь з 16 дзяржавамі, прамой тэлеграфнай сувяззю з 14 дзяржавамі і тэлексаў з 9 дзяржавамі, налічвалася больш за 370 тэлефонна-тэлеграфных станцый з 4 тысячамі чалавек сервіснага персаналу, пры гэтым тэлефонная сетка толькі горада Адыс-Абебы 35 тысяч абанентаў[7].

  • Колькасць стацыянарных тэлефонаў: 909 тыс. (у 2008 годзе)
  • Мабільныя тэлефоны: 3,17 млн (у 2008 годзе)
  • Радыёпрыёмнікі: 11,75 млн (у 1997 годзе)
  • Тэлевізары: 320 тыс. (у 1997 годзе)
  • Карыстальнікі Інтэрнэту: 360 тыс. (у 2008 годзе)

Транспартная сетка

правіць
  • Дарогі: 36469 км (з іх 6 980 км асфальтаваныя) (у 2004 годзе)
  • Чыгунка: 681 км (вузкая каляіна, звязвае Адыс-Абебу з Джыбуці)
  • Аэрадромы: 63 (з іх 17 з цвёрдым пакрыццём) (у 2009 годзе)

Культура

правіць

Літаратура Эфіопіі

правіць

Раннія ўзоры пісьменства (надпісы-прысвячэнні на сабейскай мове) датуюцца першымі стагоддзямі нашай эры. Уласна літаратура зарадзілася ў час росквіту Аксумскага царства (4—7 ст. н.э.) і развівалася на старажытна-эфіопскай мове — гёзэ (гыыз). Зберагліся тэксты пра дзеянні цара Эзана.

Да канца 18 стагоддзя аснову літаратуры складалі жыціі святых, гістарычныя хронікі і паэзія; развівалася перакладная літаратура, пераважна з арабскай мовы. Сярод арыгінальных твораў гэтага перыяду — «Слава цароў» (14 ст.) і «Багацце цароў» (18 ст.), вядомасць набылі хронікі цароў Амдэ-Цыёна (14 ст.), Зар-Якаба І (15 ст.), Лебнэ Дынгэля (16 ст.). У паэзіі вылучаўся жанр канэ для царкоўных спеваў.

З канца 19 стагоддзя літаратура Эфіопіі пачала развівацца на амхарскай мове.

Заснавальнікам сучаснай літаратуры Эфіопіі лічыцца Афэворк Гебрэ Іесус (гістарычная аповесць «Гісторыя, народжаная сэцам», 1908).

У пачатку 20 стагоддзя эфіопскія пісьменнікі адышлі ад канонаў сярэдневяковай кніжнасці, літаратура набыла свецкі характар. Найбольш значны пісьменнік 19201930-х гадоў — Хіруй Вольдэ Селасіе. Пасля італа-эфіопскай вайны 1935—1941 гадоў развіццё нацыянальнай літаратуры звязана з дзейнасцю пісьменнікаў-асветнікаў Кэбэдэ Мікаэля, Мэконына Эндалькачаў, Гырмачаў Тэкле Хаўар’ята і інш. У 19501960-я гг. з рэалістычнымі творамі выступілі празаікі Тадэсэ Лібэн, Бырхану Зэрыхун, Абэ Губэні, паэты і драматургі Мэнгысту Лема, Цэгае Гэбрэ Мэдхын. У 19701990-я гг. плённа працавалі Асэфа Гэбрэ Мар’ям Тэсэма, Аяльнэх Мулату, Бырхану Зэрыхун, Цэгае Гэбрэ Мэдхын і іныя.

 
Гезахегнэ Абера — алімпійскі чэмпіён 2000

Эфіопія мае адных з лепшых бегуноў на сярэднія і доўгія дыстанцыі. Асноўнымі апанентамі Эфіопіі ў гэтым відзе спорту застаюцца толькі Кенія і Марока. Станам на 2008 год тры эфіопскія спартсмены дамінуюць у гэтым відзе спорту:

  • Хайле Гебрэселасіе — чэмпіён свету і алімпійскі чэмпіён, які ўсталяваў больш за 20 сусветных рэкордаў;
  • Кененіса Бекеле — чэмпіён свету і алімпійскі чэмпіён, які ўсталяваў рэкорд на адлегласці 5000 і 10000 м.
  • Тырунеш Дыбаба — алімпійская чэмпіёнка на дыстанцыях 5000 і 10000 м.

У 2006 годзе Эфіопія ўпершыню ўдзельнічала ў зімовых Алімпійскіх гульнях у Турыне.

У футболе ў 1960-я гады зборная краіны была моцнай камандай і выйграла Кубак Афрыкі. Зараз Эфіопія ўжо не такая моцная ў футболе. Аднак сярод футбалістаў-выхадцаў з Эфіопіі вядомы Тэадор Гебрэ Селасіе, які мае грамадзянства Чэхіі і які выступае за яе нацыянальную зборную. Таксама ён з’яўляецца гульцом брэменскага «Вердэра».

 
Страва кітфа

Кухня Эфіопіі шмат у чым падобная да кухань суседніх з ёй краін — Самалі і Эрытрэі. Галоўнай асаблівасцю эфіопскай кухні з’яўляецца адсутнасць сталовых прыбораў і талерак: іх замяняе інжыра — традыцыйная тэфавая аладка. Іншая яркая асаблівасць — наяўнасць вялікай колькасці спецый.

Мае багатыя кававыя традыцыі, распрацаваны рытуалы — ад абсмажвання кававага зерня да пітва кавы.

Шмат у эфіопскай кухні вегетарыянскіх страў, што абумоўлена хрысціянскімі і мусульманскімі традыцыямі. У цэлым эфіопская кухня адрозніваецца вялікай разнастайнасцю смакаў і водараў, што ствараецца дзякуючы спалучэнню спецый і гародніны.

Адукацыя

правіць
 
Галоўны ўваход у Адыс-Абебскі ўніверсітэт

Доўгі час у эфіопскай адукацыі дамінавала Эфіопская праваслаўная царква, пакуль у пачатку XX стагоддзя не быў прыняты закон аб свецкай адукацыі. Тым не менш доўгі час добрая адукацыя была даступная толькі эліце грамадства і прадстаўнікам народа амхара. Апошні час урад спрабуе ахапіць як мага больш насельніцтва ўсіх этнічных груп Эфіопіі адукацыйным працэсам. Тым не менш, у асобных рэгіёнах краіны адбываецца ўціск карэнных моў, з чым урад актыўна змагаецца. У цэлым працэс адукацыі ў Эфіопіі ўключае ў сябе навучанне на працягу 6 гадоў у пачатковай школе, 4 года ў малодшых класах сярэдняй школы і 2 года ў старэйшых класах.

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. CIA - The World Factbook Архівавана 15 снежня 2018.
  2. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2020f/africa
  3. Henry George Liddell, Robert Scott, A Greek-English Lexicon (s. v.); Αιθιοπηες Іліада 1.423, properly, Burnt-face, i.e. Ethiopian, negro
  4. Earth Trends: GDP per capita Архівавана 4 мая 2012.
  5. Transparency International (Выд.): Report on the Transparency International Global Corruption Barometer 2005. Berlin 2005.
  6. Freedom House (Выд.): Freedom in the World 2006. Washington D.C. 2006.
  7. Современная Эфиопия (справочник). — М.: Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1988. — С. 203. — 311 с. — 8 500 экз.

Літаратура

правіць