Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар брыгітак (Гродна)

(Пасля перасылкі з Гродзенскі кляштар брыгітак)

Касцё́л Дабраве́шчання Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так[1], або Касцё́л Звестава́ння Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так[2] — помнік архітэктуры ранняга барока (так званага любельскага тыпу рэнесанснага касцёла[3]) з элементамі готыкі і рэнесансу[4], пабудаваны ў 1634—1642 гадах на вуліцы Язерскай[5] (пазней вул. Скідзельская, Купецкая, Брыгіцкая), забудова якой на той час была драўлянай[6].

Каталіцкі храм
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар брыгітак
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі
53°40′37,68″ пн. ш. 23°50′09,84″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Канфесія Каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Ордэнская прыналежнасць брыгіткі
Архітэктурны стыль барока
Архітэктар Бенедэта Молі[d]
Заснавальнік Крыштаф Весялоўскі
Дата заснавання 1634
Будаўніцтва 16341642 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000017шыфр 412Г000017
Стан дзеючы касцёл, кляштар на рэканструкцыі
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ансамбль з'яўляецца адной з дамінант горада. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна па адрасе вуліца Карла Маркса, 27. Ансамбль былога кляштара брыгітак уключае касцёл, жылы корпус, драўляны лямус і каменную агароджу з брамай. Ансамбль з'яўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі.

У архітэктурных дэталях брыгіцкага касцёла і кляштара відаць прыкметнае адхіленне ад класічных барочных форм. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэлей пілястраў карынфскага ордара, у дэкаратыўным аздабленні парталаў і асабліва — у архітэктурных матывах брам, якія толькі аддалена нагадваюць формы заходнееўрапейскай архітэктуры[7]. У іх невядомы беларускі майстар, атрымаўшы пэўную свабоду ад фундатара, праявіў сваё самабытнае выяўленчае дараванне[8].

На думку даследчыкаў, касцёл брыгітак з'яўляецца адным з самых ранніх аўтэнтычных узораў барочнага двухвежавага фасада ў сакральным дойлідстве Беларусі, а спалучэнне ў ім рэнесансных і барочных рыс надае яму асаблівую пераканаўчасць і адметнасць[9].

У двары комплексу захаваўся ўнікальны, самы старажытны ў Беларусі, драўляны будынак — лямус. У архітэктуры і канструкцыях гэтай пабудовы знайшлі сваё адлюстраванне традыцыі беларускага народнага дойлідства[10].

Кляштар — вельмі цікавы помнік архітэктуры, бо захаваўся да нашых дзён амаль без перабудоў.

Св. Брыгіта і ордэн брыгітак правіць

 
Св. Брыгіта. Роспіс алтара ў Södermanland, Швецыя, каля 1480 года.
 
«Мроі Брыгіты». Хрыстос паўстаў з мёртвых, паказвае Свой працяты дзідай бок і натхняе Брыгіту на напісанне яе «Адкравенняў». Каля 1530 г., мініяцюра з кляштара Сіён, Англія.

Назва «брыгіткі» паходзіць ад імені дачкі шведскага князя Біргера Персана — Брыгіты (у шведскай транскрыпцыі Біргіта). Нарадзілася Брыгіта ў 1302 годзе. Ва ўзросце 16 гадоў выйшла замуж за князя Ільфана, ад якога мела 8 дзяцей. Паводле паданняў была набожнай і на працягу жыцця надыктоўвала духоўнікам думкі, якія пасля яе смерці былі складзены ў асобны твор, выдадзены ў 1492 годзе пад назвай «Адкравенне святой Брыгіты».

Твор «Адкравенне святой Брыгіты» можна характарызаваць не толькі як апавяданне пра трансцэндэнтныя (недасягальныя для чалавечага розуму) перажыванні, але і як прыпавесць (або казанне), дзе аўтар угаворвае, ганьбіць, прарочыць. Мроі Брыгіты з'яўляюцца па сутнасці алегорыямі, паэтычнымі фігурамі, уласцівымі жанру Адкравення. Каталіцкая царква хоць і прызнала «Адкравенне» карысным для навучання вернікаў, але не прызнала яго праўдзіва дагматычным[3].

Пасля смерці мужа, у 1334 годзе Брыгіта заснавала ордэн Збавіцеля ў мясцовасці Вадстэн у Паўднёвай Швецыі, які пасля стаў называцца брыгіцкім. У 1349 годзе ордэн быў зацверджаны Папам Рымскім. Паводле статута, які напісала сама Брыгіта, асноўнай мэтай ордэна было пашырэнне культу мук Хрыста і культу Маці Божай. Статут новага ордэна быў не вельмі суровым і набліжаўся да статута св. Аўгусціна. Наадварот, суровым было стаўленне да развітання са светам праз пастаянны напамін пра смерць. Таму перад уваходам на хоры ў касцёлах брыгітак стаялі катафалкі, а абатысы штодзённа вадзілі манашак на мясцовыя могілкі. Само заснаванне ордэна лічылася праявай культу Дзевы Марыі. У статуце было запісана імкненне адпавядаць парнасці чалавека — пажадана было ў кожным горадзе засноўваць парныя кляштары — жаночы і мужчынскі. Але найчасцей кляштары ўзнікалі толькі жаночыя, так было і ў Рэчы Паспалітай[3].

Ордэн распаўсюдзіўся ў Паўночнай Еўропе. Нягледзячы на тое, што некалькі кляштараў брыгітак мелася ў Францыі і Італіі, у асноўным ордэн быў пашыраны ў Швецыі, Англіі і Паўночнай Германіі. На вуліцах гарадоў менавіта гэтых краін можна было ўбачыць манашак у попельных рызах і плашчах, зашпіленых на драўляныя гузікі[3]. Але з перамогай Рэфармацыі ў вышэйзгаданых краінах, маёмасць ордэна была канфіскавана, а кляштары распушчаны. Ордэну быў нанесены моцны ўдар, ад якога ён не аправіўся, таму брыгіцкія кляштары былі рэдкімі і малавядомымі.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала толькі два кляштары брыгітак: у Гродне і ў Бярэсці. Аднак кляштар у Бярэсці быў перанесены ў Луцк і пра яго звестак не захавалася. Такім чынам, адзіны кляштар брыгітак захаваўся ў Гродне[11].

Гісторыя касцёла і кляштара брыгітак правіць

Часы Рэчы Паспалітай правіць

 
Заснавальнік касцёла Крыштаф Весялоўскі.
 
Лічыцца, што на карціне Гілярыя Хаецкага «Святое сямейства», адлюстравана сям'я Весялоўскіх — фундатараў касцёла.
 
Партрэт Грызельды Сапегі, прыёмнай дачкі К. Весялоўскага (1630, невядомы мастак).
Пасля яе смерці К. Весялоўскі не толькі не забраў сабе вялікую маёмасць Грызельды, але і на свае сродкі пабудаваў жаночы кляштар у Гродне.

Заснавальнікамі кляштара брыгітак лічацца надворны маршалак літоўскі Крыштаф Весялоўскі і яго жонка Аляксандра Марыяна з Сабескіх, якія ў 1634 годзе запрасілі ў Гродна ордэн брыгітак і надалі яму некалькі зямельных участкаў у самім горадзе і фальваркі ў Гарадзенскім і Ваўкавыскім паветах[6]. Прычынай надання, пэўна, была смерць прыёмнай дачкі Грызельды. Дзякуючы фундацыі Весялоўскага ў 1636 годзе быў пабудаваны спачатку драўляны, а ў 1642 годзе і мураваны касцёл па праекту італьянскага архітэктара Бенедэта Молі ў стылі ранняга барока[6][12]. Першыя 8 сясцёр-брыгітак на чале з Даротай Фірлей[12] прыбылі ў Гродна з Любліна ў 1634 годзе і пасяліліся спачатку ў драўляным лямусе, пабудаваным у тым жа годзе[6]. Ужо 6 снежня 1636 года адбыўся ўрачысты ўваход васьмі сясцёр-брыгітак у манастыр. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне захоўваецца «Рэестр маёмасці кляштара брыгітак» ад 1636 года, дзе пералічаны званы, літургічныя ўборы, палатно, посуд, скрыні і зялёная шафа[13]. У студзені 1637 года ў касцёл перавезлі з Вільні прах Грызельды, а ў красавіку тут пахавалі Крыштафа Весялоўскага. Кароль Уладзіслаў Ваза выдаваў кляштару прывілеі ў 1638 і 1643 гадах[14].

У 1646 годзе Іаган Шрэтэр стварыў для касцёла алтарныя карціны: «Дабравешчанне», «Святая Брыгіта», «Святая Ганна», «Беззаганнае зачацце Дзевы Марыі» і інш.[15]

 
«Дабравешчанне», абраз ХVIII стагоддзя.

Храм быў асвечаны 19 кастрычніка 1651 года віленскім біскупам Юрыем Тышкевічам у гонар Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі[12]. Касцёл меў сем алтароў, галоўны быў асвечаны ў гонар Дабравешчання[16], іншыя былі ў гонар святога Аўгусціна, святога Іосіфа, святой Брыгіты, святой Ганны, святога Казіміра, святой Кацярыны Шведскай. Таксама ў касцёле захоўваліся рэліквіі святога Клімента, які лічыўся заступнікам Гродна, сапраўднасць рэліквіі пацвярджалі дакументы Рымскай курыі (1768) і віленскага біскупа (1780)[17].

А. Сабеская адпісала кляштару мястэчка Крамяніца, фальваркі Князева, Мартынаўшчына, Вузлаўцы, Шылавічы, Задвор'е, Рагозніца, выдаткавала грошы на шпіталь. Першай ігуменняй у 1640 годзе была люблінская ваяводавая Ганна Сабеская, родная сястра Аляксандры Весялоўскай[12].

Кляштар моцна пацярпеў падчас шведскай акупацыі Гродна ў час вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, калі манахіні былі вымушаны пакінуць Гродна і тры гады жыць у Гданьску, пакуль кляштар не быў абноўлены[14].

Паводле Статута і практыкі брыгіцкага ордэна, у кляштар прымалі дзяўчат са шляхецкіх і магнацкіх сем'яў, звычайна іх колькасць была каля 20-30 чалавек, а максімальная іх колькасць была 40. Так, у 1745 годзе іх колькасць была 31. Духоўнікамі гродзенскіх брыгітак былі ксяндзы-бернардзінцы. Аднак, у 1752 годзе брыгіткі адмовіліся ад паслуг бернандзінцаў з-за таго, што іх правінцыял Мадэст Унароўскі змяніў духоўніка без згоды манашак. Некаторы час духоўнікамі брыгітак былі дамініканцы, кармеліты, езуіты. З 1759 года брыгіткі зноў вярнуліся да паслуг бернандзінцаў. З канца 18 стагоддзя ў кляштары выхоўвалі дзяўчынак-сірот са шляхецкіх сямей[18].

Галоўнымі храмавымі святамі былі Дабравешчанне, дні памяці святых Кацярыны, Клімента, Аўгусціна, Брыгіты і апостала Пятра.

У 1684 годзе ў Вільні спецыяльна для манашак быў выпушчаны малітоўнік «Breviarium monialum» (спецыяльны дапаможнік з малітвамі і апісаннем ходу богаслужэння). Займаліся манашкі і гаспадарчай працай, выраблялі прадукты на продаж у Гродне і яго наваколлях. Кожны год у Каралявец з маёнткаў кляштара водным шляхам адпраўлялася збожжа, а адтуль везлі соль, жалеза, посуд, духмяныя карані. Таксама кляштар брыгітак быў вядомы вытворчасцю воску[19].

У складзе Расійскай імперыі правіць

 
Касцёл на фота пачатку 20 стагоддзя. Выгляд касцёла не змяніўся за мінулыя 100 гадоў.

Пасля пажару 1827 года на комплексе праводзіліся рамонтныя работы, дабудоўваецца яшчэ адна частка кляштара з боку касцёла, якая замкнула кляштарны будынак і касцёл, утварыўшы прамавугольны ўнутраны падворак[13].

 
План 1830 года. Адлюстрованы ўчасткі ў Гродне, якія належалі кляштару брыгітак

У 1842 годзе расійскія ўлады выдалі загад аб скасаванні кляштара ордэна Святой Брыгіты ў Гродне. Самім сёстрам аднак дазволілі заставацца ў старых мурах да канца іх жыцця. Акрамя таго, ў кляштары пасялілі манашак з зачыненых кляштароў: бенедыкцінак з Нясвіжа, брыгітак з Луцка і дамініканак з Наваградка[12][14].

У 19 стагоддзі царскія ўлады выкарыстоўвалі пабудовы брыгіцкага кляштара (гэтак жа як і езуіцкага) у якасці турмы. Сюды ў 1827 годзе змясцілі па рашэнню суда Карнелію і Ксаверыю Рукевіч, удзельніц руху дзекабрыстаў і сясцёр вядомага філамата і члена таварыства «Ваенныя сябры» Міхала Рукевіча (1794—1841). Згодна з царскім прысудам «сясцёр шляхціца Рукевіча Ксаверыю і Карнелію замест вызначанай ім Яго Высокасцю кары трымаць у кляштары: Ксаверыю — адзін год, а Карнелію — шэсць месяцаў». Сёстры прабылі ў кляштары брыгітак: Ксаверыя — з 22 мая 1827 па 3 чэрвеня 1828, Карнелія — з 22 мая па пачатак снежня 1827 г.[20].

За ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага 1863 года расійскія ўлады налажылі кантрыбуцыю на рымска-каталіцкае духавенства. Гродзенскі брыгіцкі кляштар, як кляштар першай катэгорыі, павінен быў унесці ў казну 553 рублі, што было на той час вялікай сумай[13]. Касцёл і кляштар ледзь уцалелі падчас пажару 1885 года, хаця была пашкоджана пажарам званіца, паплавіліся званы і нават згарэлі знешнія дзверы касцёла. У 1891 у кляштары засталося 5 манашак, а ў 1907 годзе ўсяго 2 састарэлыя сястры (ды яшчэ дзве так званыя «аспіранткі»), для апекі над якімі архібіскуп віленскі Эдуард Роп дамогся ад улад прыняцця кандыдатак. Апошняй з сясцёр-брыгітак была Элеанора Скржэндзеўская[14].

   
Від на касцёл і кляштар брыгітак з паўночна-усходняга боку ў пачатку 20 ст. і ў наш час.

У 1908 годзе кляштар перадалі пад апеку ордэна Святой сям'і з Назарэта і яго генеральнай маці Лаўрэты. Першай абатысай кляштара назарыцянак у Гродне стала маці Паўла. У верасні 1908 года маці Паўла (да гэтага даволі вядомая мастачка Марыя Гажыч, якая прадала свой маёнтак Тапаляны і ўсе атрыманыя грошы аддала на рэканструкцыю касцёла і кляштара брыгітак; пасля смерці пахавана на старых каталіцкіх могілках на вуліцы Антонава)[21] атрымала ад улад пацвярджэнне становішча настаяцельніцы брыгітак. Разам з ёю ў Гродна прыехалі яшчэ дзве сястры, а пазней яшчэ тры[22]. 3 1909 года пробашчам пры кляштары быў Ф. Грынкевіч (1884—1933) — беларускі рэлігійны і культурны дзеяч. У той жа год у касцёле адбываецца першая так званая «чэрвеньская служба».

Найноўшы час правіць

Падчас нямецкай акупацыі сёстры адкрылі першую ў Гродне польскую гімназію, і да пачатку другой Сусветнай вайны ў будынках кляштара знаходзілася школа назарыцянак[12], у якой вучылася 200 дзяцей. У 1935 годзе гарадскія ўлады разглядалі пытанне аб выдзяленні сродкаў на рэстаўрацыю будынка кляштара[21].

Падчас Другой сусветнай вайны сёстры-назарыцянкі былі дэпартаваны ў Старабельск (Варашылаўградская вобласць)[17].

25 сакавіка 1950 года рашэннем гарвыканкама касцёл быў зачынены, а кляштар выкарыстоўваўся спачатку як дзіцячы садок, а пасля як псіхіятрычная бальніца і іншыя медыцынскія ўстановы. У 1961 годзе даследчыца архітэктуры А. Квітніцкая ў падвалах касцёла знайшла архіў кляштара, а мастацтвазнавец А. Аладава — партрэты Крыштафа і Аляксандры Весялоўскіх, Грызельды Вадынскай. Яны былі адрэстаўраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі А. Брындаравым і цяпер выстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску. У 19701980 гадах у касцёле вяліся рэстаўрацыйныя работы, меркавалася выкарыстоўваць касцёл пад канцэртную залу з-за добрай акустыкі памяшкання[12].

У 1990 годзе касцёл перададзены каталіцкаму касцёлу і 2 чэрвеня 1992 асвечаны архібіскупам Т. Кандрусевічам як касцёл Дабравешчання Дзевы Марыі, а пасля пабудовы новага будынка псіхіятрычнай лячэбніцы ў Гродне, будынак кляштара быў таксама перададзены вернікам. Зараз у ім вядуцца рамонтныя работы.

У чэрвені 2016 года скончылася рэканструкцыя часткі кляштара пад Дом міласэрнасці[23] (архітэктар Алег Шымбарэцкі)[24].

Роля комплексу ў забудове Гродна правіць

 
Асноўныя дамінанты горада — Фарны касцёл (зялёны колер), Езуіцкі касцёл (сіні колер) і Брыгіцкі касцёл стаялі амаль на адной лініі, ствараючы лакальную горадабудаўнічую вось. Жоўтым колерам пазначана вуліца Язерская (Маркса).

17 стагоддзе было для Гродна часам інтэнсіўнага будаўніцтва касцёлаў і кляштароў. Акрамя ўжо існаваўшых Фарнага касцёла (не захаваўся), касцёла Св. Духа (не захаваўся) і Бернандзінскага мужчынскага кляштара з касцёлам з'явіліся Бернандзінскі жаночы (не захаваўся), Брыгіцкі, Езуіцкі, Дамініканскі (не захаваўся), Францысканскі, Кармеліцкі (не захаваўся), Баніфатэрскі (не захаваўся) кляштары і касцёлы. Яны сталі апорнымі пунктамі ўсяе планіроўкі горада і мелі вызначальную ролю ў яго архітэктурным абліччы.

Сістэма размяшчэння кляштароў была такой, што яны займалі ўсе важныя стратэгічныя пункты на подступах к цэнтру горада і стаялі на галоўных магістралях. Апроч абарончых задум, будаўнікі кляштароў улічвалі і ансамбль вуліц, плошчаў і горада ў цэлым. Касцёлы размяшчаліся так, што пры руху ў цэнтр горада іх памеры павялічваліся, дзякуючы чаму стваралася паступовае нарошчванне моцы архітэктурнага ўздзеяння[25].

Для пабудовы комплексу касцёла і кляштара брыгітак спатрэбіўся даволі вялікі ўчастак зямлі, патрэбная тэрыторыя знайшлася ў самым канцы вуліцы Язерскай (сучасная К. Маркса), на рагу вуліцы Навікоўскай (сучасная вуліца Маладзёжная). І нягледзячы на тое, што ўчастак быў даволі вялікі і прасторны, знайшліся абставіны, якія вымусілі праекціроўшчыка адступіць ад канонаў будаўніцтва.

 
Малюнак касцёла паводле эскізаў пачатку 19 ст. Від з вуліцы К. Маркса

Замест кананічнага трохнефнага храма невядомы архітэктар паставіў аднанефны касцёл алтаром на ўсход, а бакавым фасадам да вуліцы Язерскай. Галоўны заходні фасад быў выкананы як манументальная трохчастная кампазіцыя, акцэнтаваная па вертыкалі. Пры гэтым касцёл замыкаў перспектыву вуліцы Навікоўскай, якая ў тым месцы рабіла выгіб. Замест двух будынкаў для манахаў і манашак, якія па статуту ордэна павінны прымыкаць к храму з поўдня і поўначы, тут быў арганізаваны адзін развіты двухпавярховы кляштар с замкнутым унутраным дворыкам. Кляштар змяшчаўся толькі з паўднёвага боку касцёла, таму з'явілася магчымасць прысунуць касцёл да вуліцы Язерскай, каб храм лепш успрымаўся ў перспектыве. Аднак ён усё ж не выходзіў на лінію забудовы вуліцы, бо тэрыторыя комплексу была абнесена каменнай сцяной з каменнымі вежамі па вуглах. Высокая сцяна закрывала ніжні ярус касцёла, і пры гэтым выглядала як яго моцны п'едэстал. З-за агароджы к небу цягнуўся рытмічны строй вузкіх аконных праёмаў і тонкіх пілястраў. Высокая і гладкая абарончая сцяна з пластычнымі акцэнтамі надавала касцёлу яшчэ буйнейшы памер[4].

Як і другія архітэктурныя дамінанты, комплекс кляштара брыгітак добра суадносіўся не толькі з прылеглай забудовай, але і з усім горадам. На былой вуліцы Язерскай стаялі два кляштары — Езуіцкі і Брыгіцкі. На плошчы гэты напрамак замыкаўся Фарным касцёлам. Касцёлы былі арыентаваны ўздоўж вуліцы і нібы выцягнуты ў кільватарную лінію ў напрамку да замкаў[26]. Вельмі добра быў выяўлены агульны напрамак кляштара к пачатку вуліцы Язерскай, дзе такі энергічны рух падтрымліваў велічны касцёл езуітаў. Дзве архітэктурныя дамінанты на адной вуліцы фарміравалі горадабудаўнічы комплекс з лакальнай воссю, якая падкрэслівала рух да цэнтра горада[27].

Архітэктура касцёла правіць

 
Касцёл і кляштар брыгітак

Касцёл — помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў паўночнай частцы комплексу. Зрух усяго манастырскага комплексу да паўночна-заходняга вугла ўчастка абумоўлены абарончымі разлікамі (такім чынам ажыццяўляўся кантроль важнага скрыжавання вуліц на подступах да цэнтра), таксама ўлічвалася і ансамблевая забудова вуліцы. У плане комплексу касцёл арганічна злучаны з кляштаром і ўтварае з ім адзінае цэлае[28].

Экстэр'ер правіць

 
План касцёла і кляштара брыгітак
 
Галоўны фасад касцёла

Касцёл уяўляе сабой аднанефавы двухвежавы храм з паўцыркульнай (паўкруглаю) апсідай, накрыты агульным высокім чарапічным дахам. Фасады раздзелены высокімі паўцыркульнымі (паўкруглымі) аконнымі праёмамі і крапаваны ў прасценках карынфскімі пілястрамі, аб'яднаны агульным антаблементам. Асаблівую цікавасць уяўляе сцяна галоўнага фасада, вырашаная па-барочнаму дэкаратыўна-пышна, як тэатральная заслона для кампазіцыі сціплага храма. Яна шырэйшая за неф, бо арганічна ўключае бакавыя вежачкі, размешчаныя па вуглах збудавання[29]. Франтальны фасад храма вырашаны плоскасцю, якая ў складаным рытме крапуецца карынфскімі пілястрамі, трыма ярусамі складана прафіляваных антаблементаў, арачкавымі праёмамі і нішамі для скульптуры. На ўзроўні карніза нефа галоўны фасад падзяляе магутны двух'ярусны антаблемент, ніжні фрыз якога аздоблены раслінным арнаментам у тэхніцы зграфіты (рэнесансны элемент), а верхні фрыз у цэнтры ўпрыгожаны сегментным франтонам з дынамічным скульптурным рэльефам (барочны элемент). Фасад завяршае шчыт з трохвугольным франтонам, які бакавымі вітымі валютамі аб'ядноўваецца з чатырохграннымі ярусамі бакавых веж з партатыўнымі сігнатуркамі. Роўная вышыня веж і франтонаў надае вырашэнню фасада архітэктурную цэласнасць і завершанасць[9]. На асноўным заходнім фасадзе можна вылучыць кампазіцыйныя прыёмы, якія вылучаюць яго сярод іншых гродзенскіх касцёлаў, у першую чаргу Бернандзінскага і Езуіцкага касцёлаў. Так, у адрозненне ад адзначаных касцёлаў, трохвугольнае размяшчэнне ніш атрымала ў брыгіцкім касцёле адваротную пабудову. Аснова трохвугольніка перамясцілася к верху, а вяршыня к нізу. Такім чынам, уся кампазіцыя атрымала большую дынамічнасць і вастрыню[30].

Дэкор фасаднага фрыза выкананы ў тэхніцы зграфіта (раслінны арнамент у спалучэнні з выявамі міфалагічных істот). Ужыванне фантастычных алегорый, гратэску, наданне натуральным формам штучных дэфармацый сведчаць аб значным уплыве маньерызму — вапняковыя парталы брыгіцкага касцёла маюць элементы арнаментаў у форме акантоўкі, фантастычных грыфонаў і раслін. Бадай самай адметнай рысай касцёла з'яўляецца зграфітавы фрыз: на ўсім фасадзе цягнецца арнаменты пояс, утвораны выскрэбваннем верхняй белай тынкоўкі, пад якой знаходзіцца амаль чорная (у вапну дабаўлялі драўнінны вугаль). Такім чынам атрымліваліся даволі яркія і рэльефныя выявы анёлаў, цмокаў, раслін — на чорным іле. Зграфітавы фрыз касцёла быў створаны на завяршальным этапе ўпрыгожвання касцёла (1643—1645). Зграфіта была тыповай рэнесанснай тэхнікай, і з развіццём барока яна была асуджана на забыццё, таму затынкавалі зграфіта і на гродзенскім касцёле. Ужо ў 1980-я гады падчас натуральных даследаванняў архітэктуры былі знойдзены сляды — рэшткі зграфіта. Фрыз цалкам рэстаўравалі[31].

На бакавых фасадах паўцыркульныя (паўкруглыя) вокны[32]. Цэнтральны і бакавы ўваходы ў касцёл абрамлены парталамі. Усе гэтыя элементы добра ўвязаны паміж сабой і складаюць адзінае цэлае[30].

Інтэр'ер правіць

 
Інтэр'ер касцёла
 
Алтарная частка

Унутранае аздабленне брыгіцкага касцёла з аднаго боку простае і стрыманае ў адрозненне ад іншых гродзенскіх касцёлаў, а з другога боку яму ўласціва тонкае хараство[30].

Будынак мае аднанефавую структуру з паўкруглым алтарным завяршэннем, якое ўбудавана ў агульны прамавугольны план. Унутры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем даволі значнага пралёта, з распалубкамі, без папружных арак. Адзіная папружная арка на моцна выступаючых пілонах аддзяляе алтарную частку, перакрытую конхавым скляпеннем з чатырма радыяльнымі распалубкамі. Ва ўваходнай частцы (адпаведна кроку капітальнай сцяны кляштара) вылучаны ніжні неканструкцыйны нартэкс[29].

 
Унутраны выгляд касцёла на фота 1930-х гадоў.

Зала храма перакрыта цыліндрычным скляпеннем, умацаваным папружнымі аркамі і прарэзаным над вокнамі распалубкамі. Паўцыркульная (паўкруглая) апсіда аддзелена ад залы бакавымі пілонамі і перакінутаю паміж імі аркай, мае аднолькавую з нефам вышыню. Над уваходам — узнятая на два гранёныя слупы і трайную аркаду шырокая галерэя хораў, якая злучаецца з кансольным бакавым балконам з вітаю лесвіцай. Архітэктурная пластыка інтэр'ера, як і фасада храма, заснавана на крапоўцы сцен пілястрамі стылізаванага карынфскага ордара. Такім чынам, тут готыка-рэнесансны элемент падаецца ў новай барочнай трактоўцы[29]. Па бакавых нефах і пад хорамі размешчана 14 барэльефных сюжэтна-скульптурных пано на тэму Крыжовага шляху Хрыста. У глыбокай арачнай нішы бакавой сцяны размешчана скульптурная кампазіцыя «Пакутны Хрыстос і Марыя». Цікавай асаблівасцю інтэр'ера брыгіцкага касцёла з'яўляецца тое, што ў ім арган размяшчаецца не на хорах, а на балконе правага боку сцяны. Гэта надавала памяшканню асаблівую ўтульнасць[8].

У касцёле захоўваліся рэліквіі Св. Клімента — заступніка горада[33]. Багаты ўнутраны строй касцёла складаўся з велізарных скульптурных кампазіцый і больш чым 40 абразоў. Алтарныя выявы для яго пісаў вядомы віленскі мастак І. Шрэтэр, а таксама мясцовыя мастакі: Гілярый Хаецкі, Францішак Лякшынскі, Якуб з Тыкоціна. Мастак-дамініканец Гілярый Хаецкі, які жыў у 17 стагоддзі, вядомы сваёй працай «Святое сямейства», на якой, як лічыцца, намалявана сям'я Весялоўскіх — фундатараў касцёла. Зараз твор захоўваецца ў гродзенскім Музеі гісторыі рэлігіі.

Галоўны алтар касцёла — драўляны, як і чатыры бакавых. Амвон выраблены «накшталт тых, што ў віленскай капліцы Св. Казіміра». Арган быў створаны вядомым гданьскім майстрам М. Фрызе. У 1964 годзе ў крыптах касцёла знойдзена вялікая колькасць ікон і выяў, у тым ліку і партрэты заснавальнікаў кляштара, якія пасля рэстаўрацыі ў Эрмітажы ўпрыгожылі экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску[34].

Архітэктура кляштара правіць

Архітэктура самога манастырскага будынка, які находзіцца за сцяной, простая і лаканічная. Двухпавярховы жылы корпус — помнік архітэктуры барока, далучаны да паўночна-заходняй сцяны касцёла. Жылы корпус — двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак з унутраным дворыкам. Яго невялікія скляпеністыя памяшканні традыцыйна аб'яднаны ўнутранымі калідорамі-галерэямі па перыметры замкнёнага прамавугольнага двара. Фасады рытмічна падзяляюцца маленькімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, аб'яднаных шырокім карнізам. На паўночным фасадзе захаваўся партал, аздоблены мастацкай тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. У паўднёва-ўсходнім вуглу кляштарнага комплексу — асобная прыбудова, на першым паверсе якой была трапезная, на другім — бібліятэка[33].

Забудова кляштара даволі добра захавалася да нашых дзён. Цяпер у будынку праводзяцца рэстаўрацыйныя работы.

Драўляны лямус правіць

 
Драўляны лямус.
 
Фасад лямуса.
 
Драўляны лямус.
 
Вальмавы дах лямуса.

У двары кляштара захавалася ўнікальная драўляная двухпавярховая пабудова 17 стагоддзя гаспадарчага прызначэння — лямус. Лямус уяўляе двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім вальмавым дахам (магчыма, першапачаткова дах быў чарапічны). Лямус пабудаваны ў 1630-я гг.[35] з масіўнага бруса без адзінага цвіка, з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку. Усе канструктыўныя элементы звязаны ўсечкамі і драўлянымі клінамі. Галоўны паўночны фасад аформлены двух'яруснай арачнай галерэяй (падсенцамі) з балюстрадай на другім паверсе. Ніжняя плоскасць падкосаў і балак над імі ўтвараюць суцэльныя паўкруглыя праёмы. Усе канструкцыйныя элементы звязаны ўрубкамі і драўлянымі клінамі. Лямус выкарыстоўваўся пад жыллё і гаспадарчыя патрэбы: першы паверх служыў складскім памяшканнем, другі быў жылым. Пазней планіроўка была зменена[36].

Паводле меркавання даследчыка В. І. Кудрашова, двухпавярховы лямус будаваўся спачатку як жылы дом для манашак, але гісторык архітэктуры У. А. Чантурыя лічыць, што ў якасці жылога выкарыстоўваўся толькі другі паверх, першы выкарыстоўвалі як сховішча. Пасля таго, як быў пабудаваны мураваны корпус кляштара, другі паверх лямуса заняла абслуга[6].

Дарэчы, ў Гродне захаваўся яшчэ адзін лямус часоў А. Тызенгаўза (ў адрозненне ад кляштара брыгітак — каменны), які размяшчаецца паміж Тэатрам лялек і гарадскім домам культуры[37].

Лямус з'яўляецца самай старой драўлянай пабудовай на тэрыторыі Беларусі[38].

Агароджа кляштара правіць

 
План комплексу. Блакітным колерам пазначана захаваная агароджа, зялёным — вонкавыя вежы, жоўтым — уваходныя брамы.

Увесь кляштар быў абнесены вялізнымі каменнымі сценамі, унутры быў разбіты сад. У 1950-я гады была разабрана ўся агароджа з паўднёвага боку разам з дзвюма вонкавымі вежамі, брама і частка ўсходняй сцяны[39].

Будынкі кляштара адгароджаны ад вуліц глухімі каменнымі сценамі вышынёй каля пяці метраў, з квадратнымі ў плане вежамі па вуглах. Агароджа ўяўляе сабой глухую цагляную тынкаваную сцяну, па вуглах якой стаялі невялікія шасцігранныя вежы. Сцяну праразалі чатыры брамы, аформленыя ў стылі барока (захаваліся тры з іх). У глухой сцяне, якая ідзе ўздоўж Маладзёжнай вуліцы, на якую выходзяць галоўныя фасады касцёла і кляштара, знаходзяцца дзве брамы, яшчэ адна брама размешчана з боку вуліцы Маркса. Праз невялікія падворкі яны падводзяць да ўваходаў у будынкі. Брамы манастыра — найбольш эфектныя часткі комплексу. Найбольш манументальная з брам размешчана перад цэнтральным уваходам у касцёл і арганічна суадносіцца з ім сваёй ідэнтычнай барочнай архітэктурнай трактоўкай.

На другім баку вуліцы Маркса была званіца касцёла брыгітак. Пабудова існавала да сярэдзіны 50-х гадоў 20 ст., калі была знесена савецкімі ўладамі ў рамках праграмы барацьбы з рэлігіяй. Званіца хутчэй за ўсё была пабудавана ў канцы 18 — пачатку 19 стагоддзя ў класічным стылі і не мела агульных рыс з архітэктурай асноўнага комплексу будынкаў. Дарэчы, падмурак званіцы захаваўся на нашых дзён і знаходзіцца ля дома № 26 па вуліцы Маркса.

Комплекс на старых фота правіць

 
Кляштар на фота

Фатаграфія з'явілася ў Гродне ў пачатку 1870-х гг. Аднак пераважна да 1920-х гг. комплекс кляштара брыгітак на старых фота не сустракаўся, што можна растлумачыць барацьбою з каталіцкай царквой у рэгіёне. Сітуацыя карэнным чынам мяняецца пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. З гэтага часу былы касцёл брыгітак, гэтак жа як і вуліца Купецкая-Брыгіцкая, становяцца папулярнымі аб'ектамі для гродзенскіх фатографаў.

 
Кляштар на фота Я. Булгака

Кампазіцыйным цэнтрам Купецкай вуліцы на старых фота служыў безумоўна касцёл Св. Брыгіты. Ён быў адзіным буйным будынкам і памяшчаўся роўна пасярэдзіне кадра. Для выразных дзяленняў вуліцы па глыбіні выкарыстоўваліся балконы дамоў справа і слупы агароджы злева. Даволі нечакана ў гэтай якасці выступаюць і лёгкія масткі над лапаткамі-кюветамі, што аддзяляюць ходнік (пешаходную дарожку) ад праезнай часткі. Лёгкі прадольны выгіб вуліцы таксама садзейнічаў таму, што брыгіцкі касцёл аказваўся кульмінацыйным цэнтрам выявы.

Калі чалавек праходзіў пару дзясяткаў метраў у бок цэнтра, на грэбені лёгкага ўзвышша і зноў у цэнтры кадра стаяў касцёл Св. Брыгіты. Цяпер яго кампазіцыйна падтрымлівалі дзве гранёныя вежы агароджы, якія абрамлялі адрэзак гладкай кляштарнай агароджы. На другім баку выявы з-за невысокіх пабудовак выступае к восі вуліцы другая архітэктурная вертыкаль — званіца кляштара. У выніку вуліца нібы праціскалася паміж двума акцэнтамі. Цікавая і роля зусім гладкай агароджы кляштара, па кантрасту супрацьпастаўленай пластычнай насычанасці будынкаў другога боку вуліцы.

Вядомы фатограф Ян Булгак зрабіў фота, прайшоўшы яшчэ далей у цэнтр. Галоўным звяном у відавой перспектыве стала званіца брыгіцкага кляштара. Яна як бы перайшла цераз вуліцу, каб стаць больш прыкметнай сярод падзелаў вуліцы па глыбіні[40].

Галерэя фатаграфій 1930-х гадоў правіць

Дзейнасць суполкі. Набажэнствы правіць

  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 12.00, 17.00 (кожную другую нядзелю на англійскай мове) 19.00, (20.00 у летні час)
  • Св. Імша ў будні — 7.30, 19.00 (май, чэрвень, кастрычнік)

Адпуст: 25 сакавіка, 23 ліпеня, першы панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Святога Духа[41].

У мастацкай літаратуры правіць

  У 17-18 стст. магутна раскінула каменныя хвалі франтонаў і мачты сваіх званіц барока. Той, хто не бачыў гродзенскага Фарнага, комплексу манастыра Брыгітак або Францішсканскага касцёла над Нёманам – уяўленне таго ад нашага захаду заўсёды будзе не поўным.
Уладзімір Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі”
 

Зноскі правіць

  1. А. М. Кулагін. Каталіцкія храмы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2000. — С. 45..
  2. Сайт catholic.by
  3. а б в г Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 96. — ISBN 985-11-0147-8..
  4. а б Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 130. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1..
  5. Яна ж Азёрная, у крыніцах даюцца абедзве назвы, але каб пазбегнуць блытаніны тут і далей выкарыстоўваецца назва Язерская.
  6. а б в г д Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  7. Чантурия В.А., Чантурия Ю.В. Памятники и памятные места Беларуси. — Смоленск: Русич, 2007. — С. 231. — 416 с. — ISBN 978-5-8138-0792-3..
  8. а б Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 58. — 127 с..
  9. а б Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 100. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X..
  10. Чантурия В.А. Архитектурные памятники Гродно. — Полымя. — Мн.: БелСЭ, 1983. — С. 11. — 31 с..
  11. А. Марціновіч. Горадна, Горадзен, Гродна. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 44. — 112 с. — ISBN 978-985-02-0921-4..
  12. а б в г д е ё Кляштар на важнай магістралі Архівавана 24 чэрвеня 2012.
  13. а б в Т. Р. Маліноўская, Н. А. Маліноўская-Франке. ГРОДЗЕНСКІ БРЫГІТСКІ КЛЯШТАР І НАЗАРЭТАНКІ (1790-я — 1930-я гг.)..
  14. а б в г Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8..
  15. Лугаваене А. Шрэтэр // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003. С. 466—467.
  16. А. Марціновіч. Горадна, Горадзен, Гродна. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 45. — 112 с. — ISBN 978-985-02-0921-4..
  17. а б Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8..
  18. Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8.
  19. Гардзееў Ю. Рамантык эпохі Асветніцтва: Антон Тызенгаўз. — Мн.: Тэхналогія, 2008. — С. 36. — 67 с. — ISBN 978-985-458-171-2..
  20. Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 167..
  21. а б Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 225. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8..
  22. Дом Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне (са знойдзеных запісаў сястры назарыцянкі)
  23. Фоторепортаж: в монастыре Бригиток в Гродно в 2016 году появится Дом Милосердия Архівавана 16 лютага 2020.
  24. Шимбарецкий Олег Владимирович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Архитекторы Беларуси. / Редакционный совет: И. В. Чекалов (пред.) и др. — Минск: Энциклопедикс, 2014. — 140 с. — ISBN 978-985-7090-29-7. (руск.)
  25. Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 44. — 127 с.
  26. Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 45. — 127 с.
  27. Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 131. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1.
  28. Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 55. — 127 с..
  29. а б в Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X..
  30. а б в Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с..
  31. Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 97. — ISBN 985-11-0147-8..
  32. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил)..
  33. а б Архітэктура Гродна Архівавана 4 сакавіка 2016.
  34. Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 34. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230..
  35. Паводле меркавання польскіх даследчыкаў, лямус, як і большая частка горада, быў знішчаны пажарам у 1753 годзе
  36. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
  37. Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 35. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230..
  38. Монастырю бригиток в Гродне 377 лет(недаступная спасылка)
  39. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 223. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8..
  40. Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 208. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1..
  41. Рымакаталіцкі касцёл на Беларусі

Літаратура правіць

  • Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
  • Горадна, Горадзен, Гродна. А. Марціновіч. Мінск, Мастацкая літаратура, 2008 г. 112 с. ISBN 978-985-02-0921-4

Спасылкі правіць